Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

2. Культурнае жыццё ў бсср у часы беларусізацыі (1920-я гады)

Надзвычай цікавым перыядам у гісторыі беларускай культуры з’яўляюцца 1920-я гады. Гэты перыяд часта атаясамляецца з тэрмінам беларусізацыя, якім акрэсліваўся вельмі важны напрамак урадавай палітыкі ў БССР у галіне культуры. Б-ыя была накіравана на ўзвышэнне статусу беларускай мовы і нацыянальнай культуры ў жыцці рэспублікі. Падобныя працэсы адбываліся тады і ў іншых рэспубліках СССР, але галоўнай падставай Б-ыі ўсё ж можна лічыць нацыянальнае адраджэнне пачатку 20 ст., ідэі якога захапілі шырокія колы беларускай інтэлігенцыі. Афіцыйна пачаткам Б-цыі лічыцца 1924 г., хаця праявы яе адчуваліся ў палітыцы ўрада БССР ужо з 1920 г.

Галоўным кірункам беларусізацыі стаў перавод на беларускую мову сістэмы адукацыі і дзяржаўнага кіравання. Напрыклад, у 1922 г. каля 20 % пачатковых школ працавалі на беларускай мове. У1925/26 навучальным годзе ўжо каля 80 % пачатковых школ перайшло на беларускую мову навучання, а таксама каля 40 % сямігодак ( у 1924/25 гг. – усяго 1,6 %). У праграму навучання ўсіх школ на тэрыторыі БССР абавязкова ўводзіліся беларуская мова, гісторыя і геаграфія. Беларусізацыя датычыла таксама прафесійных вучылішчаў і тэхнікумаў ( у 1925 г. ужо каля 60 % гэтых устаноў было пераведзена на беларускую мову). Значна складаней выглядала справа з вышэйшай школай. Трэба прызнаць, што ў 1920-я гады назіралася даволі бурнае развіццё вышэйшай адукацыі ў БССР. Так, у 1921 г. быў утвораны БДУ, які стаў галоўнай навучальнай установай рэспублікі. Неўзабаве паўстала яшчэ некалькі ВНУ. Выкладчыцкі корпус фармаваўся з навуковых кадраў, выхаваных у царскія часы. Пры агульнай высокай навуковай культуры, яго прадстаўнікі слаба валодалі ў большасці сваёй беларускай мовай, а некаторыя ставіліся да яе проста недабразычліва. Так, у БДУ сярод выкладчыкаў-беларусаў толькі 29 % прызналі, што дастаткова добра валодаюць беларускай мовай. Усяго ж выкладчыкі-беларусы складалі 25 % выкладчыцкага корпусу ў двух ВНУ Мінска – БДУ і БСГА (сельска-гаспадарчая акадэмія), у той час як студэнты-беларусы – 45 %. У 1925/26 г. толькі 14 % лекцыйных гадзін у БДУ выкладалася на беларускай мове. Але, нягледзячы на ўсе праблемы, справа беларусізацыі памалу пасоўвалася наперад. Асабліва папулярнай была беларуская мова і культура сярод навучэнцаў мінскага педагагічнага тэхнікума.

У рэчышчы палітыкі беларусізацыі былі пераведзены на беларускую мову выдавецкая справа і друк БССР. Так, у 1921 г. у рэспубліцы была выдадзена 141 кніга на расійскай мове і 22 на беларускай. У 1925/26 г. убачылі свет 107 беларускіх кніг і 7 расійскіх. У 1927 г. у БССР выходзілі 10 газет на беларускай мове, 3 – на ідзіш, 3 – на расійскай мове, 2 – на польскай мове, 1 – на літоўскай. З 16 рэспубліканскіх часопісаў на беларускай мове выходзілі 10, у тым ліку і орган ЦК КПБ(б) “Бальшавік Беларусі“.

У 1920-я гады назіраецца бурнае развіццё навукі ў БССР. У 1922 г. быў створаны Інстытут Беларускай Культуры, які стаў галоўнай навучальнай установай рэспублікі. У 1929 г. на яго аснове паўстала Акадэмія Навук БССР. Асабліва актыўна развівалася беларусазнаўства. Вельмі шмат было зроблена ў кірунку вывучэння і ўнармавання беларускай мовы. Спецыяльна створаная тэрміналагічная камісія (1921) падрыхтавала 24 тамы беларускай тэрміналогіі. Быў выдадзены расійска-беларускі слоўнік М.Байкова і С.Некрашэвіча, які налічваў 60 тыс. слоў. У лістападзе 1926 г. у Мінску была праведзена канферэнцыя па праблемах беларускага правапісу, для ўдзелу у якой сабралася 69 навукоўцаў з розных краін. У тым жа 1926 г. у Мінску прайшлі з’езды археолагаў і краязнаўцаў. Можна адзначыць высокі ўзровень гістарычнай навукі. Першым рэктарам БДУ быў бліскучы гісторык Уладзімір Пічэта. Вывучэннем гісторыі Беларусі ў тыя гады займаліся такія выдатныя даследчыкі, як Мітрафан Доўнар-Запольскі, Аляксандр Цвікевіч, Усевалад Ігнатоўскі, Дзмітры Даўгяла. Гісторыю мастацтва Беларусі даследаваў Мікола Шчакаціхін. Савецкая ўлада аднак імкнулася кантраляваць адну з самых “ідэалагічных” навук. У 1926 г. было забаронена выданне “Гісторыі Беларусі“ Доўнара-Запольскага. Гэтая кніга дайшла да чытача ўжо толькі пасля “гарбачоўскай” перабудовы. Апроч гуманітарных навук актыўна развіваліся і прыродазнаўчыя. Асабліва бурна адбывалася геаграфічнае вывучэнне Беларусі такімі даследчыкамі як Смоліч, Гарэцкі, Грамыка, Азбукін. Навуковыя працы друкаваліся ў спецыяльных выданнях – “Запісы Інстытута Беларускай Культуры“, “Працы БДУ“, “ Наш край“ і інш.

Вельмі бурна развіваецца ў 1920-я гады літаратурнае жыццё. Актыўна працуюць у гэты час паэты-нашаніўцы Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля. Але ў літаратуру прыходзіць шмат маладых аўтараў, якія вылучаюцца надзвычай радыкальным стаўленнем да паэзіі і мастацтва ўвогуле. Міхась Чарот, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч закладаюць новую плынь, якую акрэслілі словам бурапенная. Гэты тэрмін выдатна адлюстроўваў сутнасць з’явы. Твор М.Чарота “Босыя на вогнішчы“ (1921 г.) прызналі першым па-сапраўднаму пралетарскім творам у беларускай літаратуры. Такая паэзія атрымала афіцыйную падтрымку партыйнай улады, якая бачыла ў літаратуры найперш сродак класавай барацьбы з буржуазіяй. У 1922 г. пачаў выходзіць часопіс “Полымя“. Гэты часопіс павінен быў служыць прапагандзе твораў новай пралетарскай літаратуры. У 1923 г. пачаў выходзіць часопіс “Маладняк“, вакол якога паўстала арганізацыя маладых пісьменнікаў пад такой жа назвай. У хуткім часе гэтая арганізацыя налічвала ўжо каля 500 сяброў і мела філіі ў розных гарадах БССР. Пісьменнікі-нашаніўцы (Купала, Колас і інш.) сустрэліся з вострай крытыкай маладых. Гэтую крытыку падтрымалі і партыйныя органы. Пасля выхаду першага ж нумару быў забаронены часопіс “Адраджэнне“, у якім сярод іншых твораў былі надрукаваны фрагменты “Новай Зямлі“ Я.Коласа. Гэты твор, які стаў пазней гонарам беларускай літаратуры, абвінавачвалі ў “дзікім нацыянальна-інтэлігенцкім патрыятызме і сялянскіх звычаях“. У 1926 г. адбыўся раскол “Маладняка“. Частка выступіўшых з яго літаратараў утварыла арганізацыю “Узвышша“. Гэтыя літаратары не маглі пагадзіцца з “пралеткультаўскім“ прымітывізмам, поўным адмаўленнем літаратурнай спадчыны. “Узвышша“ зграмадзіла наймацнейшых маладых аўтараў – Кузьму Чорнага, Кандрата Крапіву, Язэпа Пушчу, Уладзіміра Дубоўку і інш. У 1927 г. старэйшыя пісьменнікі і частка былых “маладнякоўцаў“ утварылі літаратурнае аб’яднанне “Полымя“. У гэтае аб’яднанне ўвайшлі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот і інш. Але плюралізму літаратурнага жыцця ў БССР паступова прыходзіў канец. У маі 1928 г. ЦК КПБ(б) прыняў пастанову “Аб беларускай мастацкай і літаратурнай крытыцы“. З гэтага часу партыйныя органы пачалі манапольна кіраваць літаратурай, адвольна вызначаць грамадскую актуальнасць ці шкоднасць тых ці іншых твораў. За верш “Пасеклі край наш папалам“ быў высланы ў 1929 г. за межы БССР паэт Алесь Дудар. Былі прызнаны шкоднымі сатырычны твор “Запіскі Самсона Самасуя“ Андрэя Мрыя і паэма “Лісты да сабакі“ Язэпа Пушчы. Узмацнілася крытыка творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Актыўна развіваецца ў БССР у 1920-я гады тэатральнае жыццё. У 1920 г. у Мінску быў урачыста адчынены Беларускі дзяржаўны тэатр. У гэтым тэатры дзейнічалі беларуская, расійская і яўрэйская трупы. Беларуская трупа ставіла “Паўлінку“ і “Раскіданае гняздо“ Я.Купалы, “Машэку“, “Кастуся Каліноўскага“, “Каваля-ваяводу“ Я.Міровіча. Апошні з 1921 па 1931 г. быў мастацкім кіраўніком тэатра. У 1920 г. у Мінску таксама быў заснаваны тэатр пад кіраўніцтвам У.Галубка, які ў 1926 г. быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр. У. Галубок стаў першым народным артыстам БССР. У 1926 г. у Віцебску быў утвораны Другі Беларускі Дзяржаўны Тэатр (БДТ-ІІ). У рэпертуары беларускіх тэатральных калектываў вялікую ролю адыгрывалі беларускамоўныя творы, прысвечаныя праблемам нацыянальнай гісторыі. Але такая сітуацыя не задавальняла савецкую ўладу. Партыйныя органы настойвалі на тым, каб у рэпертуары пераважалі бальшавіцкія творы, такія як “Мяцеж“ Дз.Фурманава, “Разлом“ Лаўранёва і т.п. У 1928 г. па гэтай праблеме адбылася дыскусія ў друку, у выніку якой прыхільнікі самабытнасці беларускага тэатру былі жорстка раскрытыкаваны партыйнымі ўладамі. Афіцыйная палітыка партыі ўсё больш накіроўвалася на выцясненне п’ес, прысвечаных нацыянальнаму жыццю беларускага народа. Былі, напрыклад, забаронены п’есы “Апраметная“ Шашалевіча і “Тутэйшыя“ Купалы.

Важнай з’явай разгляданага перыяду стала нараджэнне беларускага кіно. Ужо ў 1922 г. было створана Упраўленне па справах кінематаграфіі “Кінорэсбел“, якая, аднак, праз год была распушчана. У 1924 г. паўстала новая арганізацыя – Белдзяржкіно. Была таксама створана кінастудыя “Савецкая Беларусь“. Вытворчасць фільмаў у Беларусі пачалася з дакументальнай хронікі, якая павінна была ўслаўляць будаўніцтва новага грамадства. Першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль“ стварыў у 1926 г. рэжысёр Юры Тарыч па сцэнару Міхася Чарота. У фільме распавядалася пра беларускіх партызанаў. Другі фільм Ю.Тарыча “Да заўтра“ (1929 г.) быў прысвечаны жыццю беларусаў у польскай дзяржаве. У 1929 г. рэжысёр У. Гордзін стварыў фільм “Кастусь Каліноўскі“. Такім чынам, першыя беларускія мастацкія фільмы вылучаліся нацыянальным кірункам сваёй тэматыкі.

Цэнтрам выяўленчага мастацтва ў Беларусі напачатку 1920-х гадоў быў Віцебск, дзе працавалі такія выдатныя мастакі, як Марк Шагал, Казімір Малевіч, Мсціслаў Дабужынскі, Юдаль Пэн. Заснавальнік стылю супрэматызм К.Малевіч утварыў аб’яднанне мастакоў “УНОВІС“ (ад рускага слова уновись). Яго сябры лічылі, што паколькі стары свет разбураны, дык мастацтва таксама павінна выпрацаваць новыя формы. Аднак у 1922 г. гэтае аб’яднанне было зачынена. Многія мастакі (у тым ліку М.Шагал і К.Малевіч) пакінулі Віцебск.

У канцы 1920-х гадоў у грамадскім жыцці БССР усё болей пачынаюць выяўляцца рысы надыходзячага таталітарызму, які грунтаваўся на ўсхваленні і абагаўленні асобы Сталіна. Гэтая тэндэнцыя мела агульны характар для ўсіх рэспублік вялізнага Савецкага Саюза. Тэорыя аб абвастрэнні класавай барацьбы па меры пабудовы сацыялізму апраўдвала фізічнае вынішчэнне ўсіх нязгодных з новым курсам. У 1930 г. органы ДПУ “выкрылі“ антысавецкі “Саюз Вызвалення Беларусі“, які складаўся з выдатных дзеячоў беларускай культуры. У выніку сфабрыкаванага судовага працэсу было выслана за межы БССР звыш 80 дзеячоў культуры і навукі. У 1933 г. зноў быў выкрыты міфічны Беларускі Нацыянальны Цэнтр. У выніку новага судовага працэсу было рэпрэсавана каля 160 чалавек. І махавік жорсткіх і бессэнсоўных рэпрэсій з кожным годам набіраў абароты. На працягу 1930-х гадоў быў фактычна знішчаны ўвесь цвет беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і многія з тых, хто самааддана служыў савецкай уладзе. А тыя ж, хто захаваў жыццё, як, напрыклад, Я.Купала і Я.Колас, павінны былі ўслаўляць “вялікага Сталіна“ і адракацца ад сваіх загінуўшых сяброў. У літаратурным жыцці і мастацтве адбываюцца працэсы прымітывізацыі, грубай сацыялагізацыі, катастрафічна падае ўзровень навукі, асабліва гуманітарнай. Усё гэта мела страшэнныя наступствы для развіцця беларускай культуры, у якой толькі пачалі ў 1920-я гады па-сапраўднаму фармавацца многія высокія кірункі. Гэтыя наступствы наклалі адбітак на працэс развіцця беларускай культуры на працягу ўсяго 20-га стагоддзя.