Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

Лекцыя 7. Культура Беларусі ў другой палове 19 ст. – пачатку 20 ст.

1. Развіццё адукацыі на беларускіх землях у другой палове 19 ст.: праблема нацыянальна-культурнай асіміляцыі.

На пачатку 1860-х гадоў у Расійскай імперыі пачалося ажыццяўленне ліберальных рэформаў. Сярод іншых была праведзена рэформа адукацыі. У тагачасным друку нават вялася дыскусія пра магчымасць выкарыстання ў пачатковых школах на ўскраінах імперыі роднай мовы вучняў. Частка мясцовых дзеячоў выказвалася за ўвядзенне ў народныя вучылішчы беларускай мовы. Падтрымлівалі гэтую ідэю і некаторыя прадстаўнікі царскай адміністрацыі. На пачатку 1863 г. улады выдалі ў Вільню “Рассказы на белорусском наречии” – першую ў 19 ст. кірылічную кнігу на беларускай мове.

Пасля паўстання 1863 г. у сістэме адукацыі на беларускіх землях адбыліся даволі істотныя змены. Некаторыя сярэднія навучальныя ўстановы былі ўвогуле зачынены (напр. Свіслацкая гімназія), з прычыны распаўсюджання там сярод моладзі рэвалюцыйных ідэй і антырасійскіх настрояў. Цалкам было забаронена ўжыванне польскай мовы ў працэсе навучання, а многія настаўнікі пазбавіліся сваіх пасадаў. На іх месцы прысылалі настаўнікаў з цэнтральных губерняў Расіі. Гэта прывяло да даволі істотнага зніжэння ўзроўня сярэдняй адукацыі. Адначасова з гэтым напачатку 1860-х гадоў пачынае даволі дынамічна развівацца пачатковае школьніцтва сярод вясковага насельніцтва. Царскія ўлады надавалі народным і царкоўна-прыходскім школам, у якіх вучыліся дзеці сялян, важнае ідэалагічнае значэнне. Асноўная ўвага настаўнікаў звярталася на выхаванне вернападданніцкіх настрояў да царскай дынастыі. Для падрыхтоўкі настаўнікаў былі заснаваныя навучальныя ўстановы новага тыпу – настаўніцкія семінарыі – Маладзечанская (1864), Полацкая (1872), Нясвіжская (1875), Свіслацкая (1876). У гэтых установах вучыліся пераважна дзеці сялян. Нягледзячы на манархічна-ахоўніцкі дух навучання многія семінарысты засвойвалі там дэмакратычныя і нават рэвалюцыйныя ідэі. З гэтага асяроддзя выйшлі выдатныя дзеячы беларускай культуры – Адам Багдановіч, Якуб Колас, Кузьма Чорны і інш.

Даволі дынамічнае развіццё эканомікі і капіталістычнага прадпрымальніцтва патрабавала і развіцця сістэмы адукацыі. У другой палове 19 – напачатку 20 ст. павялічваецца колькасць спецыяльных навучальных устаноў – камерцыйных, рамесных, сельскагаспадарчых і г.д. З 1872 г. былі ўтвораны рэальныя вучылішчы – сярэднія ўстановы новага тыпу, у якіх асноўная ўвага звярталася на дакладныя навукі і не вывучаліся класічныя мовы (лаціна і грэка). Праўда, да канца 19 ст. на беларускіх землях налічвалася ўсяго 3 такіх вучылішчы. У цэлым жа ўзровень адукаванасці насельніцтва, асабліва сялянскага, заставаўся на вельмі нізкім узроўні. Адной з галоўных перашкодаў у яго развіцця з’яўлялася адсутнасць беларускай мовы ў школьным выкладанні. Больш таго, дзяржаўныя народныя вучылішчы часта выхоўвалі ў сялянскіх дзяцей адмоўнае, нават здзеклівае стаўленне да роднай мовы, як непрыгожай, мужыцкай. Гэта калечыла псіхалогію сялянскіх масаў, выхоўвала такія рабскія рысы характару, як лакейства, ліслівасць у стасунках з начальствам, гатоўнасць хутка змяняць свае погляды ў залежнасці ад сітуацыі.

Трэба адзначыць, што апроч афіцыйнага школьніцтва шырокае развіццё атрымала нелегальнае. Сяляне каталіцкага веравызнання аддавалі сваіх дзяцей у тайныя школкі, дзе навучанне звычайна адбывалася на польскай мове. Такія школкі падтрымліваліся каталіцкім духавенствам. Але і ў гэтым школах беларуская мова часта трактавалася як простая, не вартая навучання і захавання.

Вельмі добра была развітая сістэма адукацыі сярод яўрэйскага насельніцтва Беларусі, якое пераважала ў гарадах і мястэчках. Практычна ўсе яўрэйскія дзеці навучаліся ў вучылішчах хедэрах у прыватных настаўнікаў меламедаў. Там яны засвойвалі яўрэйскую грамату і пачаткі старажытнаяўрэйскай мовы іўрыту. Найбольш здольныя дзеці працягвалі навучанне ў вучылішчах вышэйшага ўзроўню – Талмуд-Торах, Ешывах і Ешыботах. Улады імкнуліся прыцягнуць яўрэйскіх дзяцей у дзяржаўныя вучылішчы, дзе яны б маглі кантраляваць навучальны працэс. Але, з другога боку, калі здольная яўрэйская моладзь усё болей актыўна пачала паступаць ва універсітэты і іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, дык урад увёў абмежаванне, паводле якога толькі 1/10 частка студэнтаў магла складацца з яўрэяў. Гэтакія праявы дыскрымінацыі штурхалі яўрэйскую моладзь у шэрагі радыкальных рэвалюцыйных арганізацый.

Такім чынам, на працягу другой паловы 19 - пачатку 20 ст. у сістэме адукацыі на беларускіх землях адбыліся істотныя змены. Сацыяльна-эканамічнае развіццё грамадства патрабавала ўдасканалення гэтай сістэмы. Але ігнараванне ўладамі нацыянальных патрэбаў беларускага насельніцтва і нацыянальных меншасцяў, манархічна-ахоўны характар выкладання ў многіх навучальных установах, адсутнасць вышэйшых навучальных устаноў – усё гэта было моцным стрымліваючым фактарам і мела ў пазнейшыя часы вельмі адмоўныя наступствы для беларускага народу.