Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

21 6. Развіццё адукацыі еўрапейскага тыпу на беларускіх землях у 15- пачатку 17 ст.

У 16 ст. у Рэчы Паспалітай, на думку даследчыкаў, пісьменнымі былі толькі 12 % насельніцтва, а сярод шляхты пісьменных налічвалася звыш 30 %. На той час у Англіі, напрыклад, звыш 50 % насельніцтва былі пісьменнымі. Але ў большасці краін Еўропы пісьменнасць пашыралася толькі на шляхцту і гарадскія вярхі. У 14-15 ст. найбольшыя намаганні ў справе развіцця школьніцтва ў ВКЛ прыкладаў каталіцкі касцёл. У 1397 г. у Вільні была адчынена катэдральная школа. Адам Якубавіч з Котры пасля яе заканчэння паехаў вучыцца ў Кракаўскі універсітэт. Магчыма, што гэта першы ўраджэнец Беларусі, які атрымаў вышэйшую адукацыю. У 1530 г. пры касцёле св. Казіміра ў Вільні дзейнічала школа, у якой выкладаў іспанец Пётр Роізум. У 1526 г. Віленскі каталіцкі сінод прыняў пастанову пра развіццё пачатковага школьніцтва пры касцёлах. У рэальнасці атрымаць адукацыю і навучыцца чытаць і пісаць на лаціне маглі пераважна прадстаўнікі прывілеяванага шляхецкага саслоўя, а таксама багатыя гараджане. Менавіта яны мелі магчымасць паехаць вучыцца за мяжу. Наймагутнейшы магнат ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны паслаў у 1563 г. свайго сына Мікалая Хрыстафора у Нямеччыну і заклікаў яго: "з дапамогай боскай добрым прамоўцам і добрым лацінскім пісьменнікам рыхтуйся дамоў вярнуцца, каб з навукі быў здатны да службы тым дзяржаўным панам, да якіх… жадаю цябе накіраваць“. Паводле дадзеных Е.Ахманьскага ў Кракаве да 1540 г. вучыліся ўжо каля 200 “літвінаў“. Гэта складала прыкладна 3 % ад усіх студэнтаў. Па іншых дадзеных за 16 ст. у Кракаве атрымалі адукацыю 217 "літвінаў", з іх каля 10 % атрымалі ступень магістра. Сярод выхадцаў з Беларусі, якія вучыліся ў Кракаве, быў і Ф.Скарына Ён у 1504 г. паступіў у гэты славуты універсітэт у зімовы семестр разам з 120 іншымі асобамі. Як было запісана ва універсітэцкай матрыкулярнай кнізе: "Францыск, сын Лукі з Полацка, узнос 2 грошы, Георгі, сын Якава з Ваўкавыска, 2 гр., Венцлаў са Слуцка, 4 гр., Мікалай, сын Андрэя з Ашмян, 7 гр." Праз два гады Скарына атрымаў тут ступень бакалаўра мастацтваў. Шмат выхадцаў з ВКЛ навучалася ў Крулявецкім (Кёнігсбергскім) універсітэце. За 1544-1600 гг. тут пабывала 185 "літвінаў", што складала каля 3 % ад усіх студэнтаў. Выхадцы з ВКЛ навучаліся ў Падуі, Ляйпцыгу, Празе, Цюбінгене, Вітэмбергу, Базэлі і інш. гарадах Еўропы. Толькі ў славутым Падуанскім універсітэце з 1592 па 1599 навучалася 25 выхадцаў з ВКЛ. У гэтым універсітэце ўвосень 1512 г. Ф.Скарына атрымаў ступень доктара медыцыны.

У 16 ст. адбываюцца істотныя змены ў развіцці адукацыі на беларускіх землях. Вялікім штуршком для гэтага сталі актыўная дзейнасць пратэстантаў у галіне асветы. Пры кожным кальвінскім зборы абавязкова павінна была паўстаць школа. Галоўнай кальвінскай школай стала пяцікласнае вучылішча ў Вільні. На яго аснове Мікалай Радзівіл Руды імкнуўся ў 1567 г. утварыць кальвінскі універсітэт, але каталіцкае духавенства зрабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб вялікі князь не даў на гэта свой дазвол. З 1558 па 1560 гг. у Віленскай кальвінскай школе выкладаў Катэхізіс Сымон Будны.

Вельмі вялікую ўвагу адукацыі надавалі арыяне. Яны заснавалі свае школы ў Іўі, Клецку, Нясвіжы, Койданаве, Любчы, Лоску, Наваградку. Сярод арыянскіх школ самай вядомай была школа ў Іўі, дзе выкладаў вядомы настаўнік Ян Ліцыні Намыслоўскі. Ён выдаў дапаможнік для вывучэння Арыстоцеля (1586), а таксама зборнік выказванняў маралізатарскага характару –“Сентэнцыі, якімі трэба кіравацца ў жыцці" (1589). Гэтыя сентэнцыі былі надрукаваны на чатырох мовах – лацінскай, польскай, нямецкай і французскай. Такім чынам “Сентэнцыі…“ Яна Намыслоўскага можна лічыць першым беларускім падручнікам для вывучэння замежных моваў.

Экспансія пратэстантаў і каталікоў выклікала ажыўленне грамадскай і культурнай дзейнасці сярод праваслаўнага грамадства ВКЛ. Унікальнай з’яўвай ва ўсім праваслаўным свеце стала ўтварэнне пры храмах брацтваў вернікаў. Братчыкі бралі пад кантроль дзейнасць духавенства, дэмакратычным шляхам вырашалі праблемы ўласнага рэлігійнага і культурнага жыцця. Першае брацтва паўстала ў Львове ў Галічыне, а ў ВКЛ – у Вільні ў 1584 г. Неўзабаве ўтварыліся брацтвы ў Берасці і Гародні, Мінску, Магілёве, Віцебску, Пінску, Слуцку, Шклове і інш. гарадах. У некаторых гарадах існавала адразу некалькі брацтваў пры розных храмах. Кожнае брацтва абавязвалася ўтрымліваць школу, для чаго братчыкі наймалі настаўніка – дыдаскала. Брацкія школы перанялі еўрапейскую сістэму сямі свабодных навук, дзеці там вывучалі апроч царкоўнаславянскай і старабеларускай таксама лацінскую і польскую мовы. У Віленскай брацкай школе выкладаў Кірыл Лукарыс, які вучыўся ў свой час у Падуанскім універсітэце ў Італіі.

У канцы 16 ст. лідэрства ў галіне школьнай адукацыі паступова пераймаюць езуіты. Першую ў ВКЛ сваю навучальную ўстанову – калегію – яны заснавалі ў 1570 г. у Вільні. У 1579 г. гэтая калегія была пераўтворана ў першую ў ВКЛ вышэйшую навучальную ўстанову – Віленскую акадэмію, якая мела багаслоўскі і філасофскі факультэты. Першым рэктарам акадэміі стаў Пётр Скарга. Мікалай Радзівіл Сіротка ахвяраваў ёй кнігадрукарню, якая хутка выйшла на першае месца ў краіне па колькасці выдаваемых кніг. На тэрыторыі сучаснай Беларусі езуіцкія школы неўзабаве ўзніклі ў Полацку, Оршы, Нясвіжы. Самым моцным бокам езуітаў стала выдатная арганізацыя, бліскучая падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў, выкарыстанне найноўшых метадаў навучання. Гэтым яны выгадна адрозніваліся ад слаба зарганізаванай праваслаўнай грамадскасці і падзеленых на групоўкі пратэстантаў.

Такім чынам, у 16 ст. на беларускіх землях паўстала сетка навучальных устаноў, арганізаваных па ўзорах тагачаснага еўрапейскага школьніцтва. Асаблівасцю Беларусі быў незвычайны для Заходняй Еўропы плюралізм у школьнай адукацыі, калі назіралася канкурэнцыя школ рознай канфесійнай прыналежнасці, але канкурэнцыя мірная, якая не толькі не выключала, але і заахвочвала навучанне іншаверцаў.