Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

5. Антычныя і заходнееўрапейскія ўплывы ў кніжнай культуры Беларусі.

У эпоху Рэнесансу на беларускіх землях назіраецца вялікая зацікаленасць антычнай кніжнасцю. З паасобнымі антычнымі тэкстамі і сюжэтамі адукаваныя людзі Беларусі знаёміліся ўжо ў ранейшыя часы праз “Хроніку Іаана Малалы“, “Ізборнік“ Святаслава, “Хроніку“ Георгія Амартолы, “Элінска-рымскі летапісец“ ХІІІ ст. Аднак больш поўнае адкрыццё антычнай спадчыны адбылося ў часы Рэнесансу. Праўда, трэба прызнаць, што на беларускіх землях не назіралася ў 16 ст. такога шырокамаштабнага звароту да антычнай культуры, як гэта бачым мы ў краінах Заходняй Еўропы, асабліва ў Італіі.

У кірылічных рукапісных зборніках “Пчала“ і “Ізмарагд“ змяшчаліся ўрыўкі з твораў Дэмакрыта, Платона, Арыстоцеля, Эпіктэта, Ксенафонта, Фукідыда, Герадота, Эўрыпіда, Эсхіла, Сафокла, Эпікура, Сакрата і інш. У ВКЛ пашыраліся свецкія перакладныя аповесці “Троя“ і “Александрыя“. Пра гэтыя творы ўзгадваў у сваёй прадмове да “Бібліі“ Францыск Скарына. У адукаваным грамадстве ВКЛ цаніліся мудраслоўі антычнага мысляра Менандра. Асаблівае месца ў тагачаснай кніжнай культуры Беларусі займала спадчына Марка Тулія Цыцэрона. Вялізарнай папулярнасцю карыстаўся яго твор “Пра абавязкі людзей усіх станаў“, які тройчы выдаваўся ў друкарнях ВКЛ на польскай мове. Беняш Будны пераклаў на польскую мову дыялог Цыцэрона “Пра старасць“ і выпусціў яго ў 1603 г. у Віленскай пратэстанцкай друкарні Яна Карчана. Б.Будны таксама выдаў у Вільні пераклад “Кароткіх аповесцяў, якія па-грэцку завуцца Апафегматы“.

У Вільні быў выдадзены ў 1588 г. пераклад рамана грэцкага пісьменніка Геліадора “Гісторыя Эфіопіі“, які затым быў яшчэ перавыдадзены ў 1606 г. У 16 ст. у Беларусі распаўсюдваўся рукапісны зборнік “Тайны Тайных“, які быў створаны ў 8-9 ст. на Блізкім Усходзе паводле старажытных крыніц і паданняў. У гэтым зборніку былі змешчаны апавяданні пра Арыстоцеля і Аляксандра Македонскага. З гістарычнай літаратуры найбольш папулярным творам з’яўлялася “Юдзейская вайна Іосіфа Флавія", рымляніна іўдзейскага паходжання.

Такім чынам, на беларускіх землях выдаваліся і перапісваліся кнігі антычных аўтараў, якія карысталіся вялікім попытам у тагачаснага чытача. Але яшчэ болей такіх кніг, выдадзеных пераважна на лацінскай мове, завозілася ў ВКЛ з-за мяжы. Так, у бібліятэцы віленскага лютэраніна Аўрама Кульвы былі творы Плінія, Арыстоцеля, Лівія, Цыцэрона, Платона, Гамера, Гесіода, Апулея, Пталемея, Сафокла, Эўрыпіда. Пра тое, што адукаваныя людзі таго часу выдатна ведалі антычную спадчыну, сведчыць факт, што кнігі беларускіх аўтараў насычаныя цытатамі грэцкіх і рымскіх пісьменнікаў і філосафаў. Прычым такія цытаты сустракаюцца як у каталіцкіх і пратэстанцкіх аўтараў, так і ў праваслаўных. Гэта сведчыць, што праваслаўнае грамадства Беларусі не цуралася антычнай спадчыны, якая даходзіла да Беларусі пераважна ў лацінскіх і польскіх перакладах.

Пад непасрэдным уплывам антычнай літаратуры ў ВКЛ узнік свой гераічны эпас – паэмы Ф.Градоўскага “Радзівіліяда“ (1588) і А.Рымшы “Дзесяцігадовая аповесць ваенных справаў Крыштафа Радзівіла“ (1585). Антычная спадчына аказвала ўплывы на фармаванне паэтыкі беларускай літаратуры 16 ст., уздзейнічала на станаўленне эстэтычных формаў.

Разглядаючы ўплывы антычнай спадчыны на культурныя працэсы ў ВКЛ ў 16 ст. нельга не зазначыць той факт, што гэтыя ўплывы спалучаліся тут з візантыйска-старабеларускай традыцыяй. Вялікай папулярнасцю карысталіся творы Кірылы Тураўскага, асобныя з якіх перавыдаваліся ў друкарні Віленскага праваслаўнага брацтва. Перапісваліся старабеларускія летапісы. А ў канцы 16— пачатку 17 ст. быў створаны вядомы “Баркулабаўскі летапіс“. Захоўвалася цікавасць да грэка-візантыйскай духоўнай спадчыны. Перапісваліся кнігі славутых багаслоўваў Іаана Златавуснага і Іаана Дамаскіна.

Сярод каталікоў ВКЛ асаблівай папулярнасцю карыстаўся Блажэнны Аўгустын. У 1617 г. Віленская езуіцкая друкарня выпусціла збор яго твораў на польскай мове. Выдаваліся ў Беларусі і славутыя мысляры эпохі Адраджэння. У 1585 г. у Віленскай друкарні Яна Карцана быў выдадзены твор Эразма Ротэрдамскага "Хрысціянскае рыцарства і духоўнае жыццё“.

Пра вялікую зацікаўленасць лацінскай кнігай сведчыла выданне ў 1592 г. у Віленскай езуіцкай друкарні падручніка лацінскай мовы партугальскага філолога Эмануэля Альвараса. Віленскі выдавец Ян Карчан надрукаваў таксама два падручнікі старагрэцкай мовы, напісаныя рэнесансавымі лінгвістамі Мікалаем Кленардам і Якубам Грэтшэрам.

Найбольш яскравай праявай антычных і заходнееўрапейскіх уплываў стала зараджэнне лацінамоўнай літаратуры ў ВКЛ, а асабліва лацінамоўнай паэзіі. Першым паэтычным творам на лацінскай мове стала паэма Яна Вісліцкага “Пруская вайна“ (1516 г.), якая была прысвечана падзеям змагання ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам. Але асаблівую вядомасць атрымала выдатная паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра“ ( напісана ў 1521/22 гг. у Рыме ў гонар папы Льва Х, выдадзена ў Кракаве ў 1523 г.), якая стала класікай беларускай літаратуры. Невядома дакладнае паходжанне М.Гусоўскага, але хутчэй за ўсё ён паходзіў з беларускіх земляў. Аўтар сам гаворыць у сваім творы, што вучыўся чытаць і пісаць спачатку рускаму (старабеларускаму) пісьму. На лацінскай мове таксама стваралі ў часы Адраджэння ў ВКЛ і публіцыстычныя творы. Найбольш яркім прыкладам можа паслужыць твор Міхалона Літвіна “Аб норавах ліцвінаў, татараў і маскалёў“. Такім чынам рэнесансныя ўплывы далі вельмі моцны штуршок развіццю кніжнай культуры на беларускіх землях, далучаючы яе да агульнага абшару еўрапейскай культуры.

Адной з галоўных асаблівасцю кніжнай культуры і грамадскай думкі ВКЛ у часы Рэнесансу даследчыкі звычайна лічаць незвычайныя для тагачаснай Еўропы плюралізм і талерантнасць. На тэрыторыі ВКЛ знаходзілі прытулак дзеячы культуры, якія адчувалі пераслед за свае погляды на радзіме. Сярод іх можна вызначыць выхадцаў з Маскоўскай дзяржавы князя Андрэя Курбскага, рэлігійных мысляроў Феадосія Касога і Арцемія. Усе яны зрабілі свой важны ўнёсак у мясцовае культурнае жыццё.