Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

4. Мастацтва Беларусі другой паловы 19 ст. У еўрапейскім кантэксце

На мяжы 19-20 ст. новыя адкрыцці ў галіне дакладных навук (найперш адкрыццё хвалевай прыроды атама ў фізіцы) падарвалі аптымістычную веру ў магчымасці навуковага пазнання, разбурылі створаную яшчэ Н’ютонам механістычную карціну свету. Менавіта ў гэты перыяд вельмі ўзмацняюцца ірацыяналістычныя настроі ў філасофіі, літаратуры і мастацтве. Аўстрыйскі даследчык З.Фрэйд раскладае на часткі псіхіку чалавека, вынаходзіць ірацыянальнае па сваёй сутнасці падсвядомае. Як трапна адзначыў адзін з даследчыкаў, Н’ютон выдаляе Бога з Сусвету, Дарвін – з жывой прыроды, а Фрэйд – з душы чалавека. Аднак трэба адзначыць, што працэсы секулярызацыі найперш датычылі адукаванай меншасці насельніцтва Еўропы, а сярод шырокіх народных масаў рэлігійныя вераванні захоўвалі сваю сілу і нават часта назіралася іх узмацненне, якое праяўлялася ў з’яўленні новых рэлігійных рухаў. Царкоўныя структуры таксама моцна змяніліся пад уплывамі новых часоў. Гэта асабліва датычыла каталіцкага касцёлу, які імкнуўся спалучыць свае рэлігійныя дактрыны з новымі патрабаваннямі эпохі

Вышэйакрэслены светапоглядны крызіс канца 19 – пачатку 20 ст., важкай прычынай для якога паслужылі новыя навуковыя адкрыцці, выразна праявіўся ў літаратуры і мастацтве. Яго адметнасцю стала нарастанне настрояў ірацыяналізму і індывідуалізму. У літаратуры зараджаецца сімвалізм, які асабліва моцна праявіўся ў Францыі, Нямеччыне і Расіі. Але напэўна ў найбольшай ступені новыя з’явы назіраюцца ў выяўленчым мастацтве.

Самай яркай з’явай у развіцці жывапіснага мастацтва 19 ст. стаў імпрэсіянізм, прыхільнікі якога (Монэ, Манэ, Дэга, Рэнуар, Пісарро) імкнуліся не капіраваць рэчаіснасць, а нанова тварыць яе ў адпаведнасці з уласным бачаннем свету. Імпрэсіяністы былі перакананыя, што тэмай і сюжэтам карціны можа быць непасрэднае ўражанне ад ўбачанага, яны лічылі, што жывапіс павінен адлюстроўваць той момант, калі чалавек глядзіць на свет так жа неперадузята, як маленькае дзіця. Менавіта ў гэтым моманце раскрываецца праўда жыцця і прыроды, якую нельга спасцігнуць розумам. Творчасць імпрэсіяністаў, якую большасць сучаснікаў спачатку не ўспрымала, стала сапраўднай рэвалюцыяй у мастацтве. Неўзабаве ў французскім жывапісе фармуецца плынь постімпрэсіянізму – Сезан, Ван Гог, Гаген, Сёра. Постімпрэсіяністы праяўлялі асаблівую зацікаўленасць да сімволікі ў мастацтве, стылізацыі, арганізацыі прасторы.

У канцы 19 – напачатку 20 ст. пачынаецца росквіт мадэрнізму ў еўрапейскім мастацтве. Мадэрністы імкнуліся да дакладнага адлюстравання прыроды, але ставілі сваёй задачай таксама выяўленне пачуццяў і настрояў самаго мастака. Вытокі мадэрнізму звычайна прасочваюць з постімпрэсіянізму, а яго сталіцай доўгі час быў Парыж. У жывапісе першым кірункам мадэрнізму стаў фавізм (Ван Гог, Мацісс, Дэрэн). Прыхільнікі гэтай плыні асаблівую ўвагу надавалі колерам, з дапамогай якіх імкнуліся адлюстраваць тыя пачуцці, якія ўзнікаюць у мастака пры сузіранні прыроды. Іншай плынню мадэрнізму стаў экспрэсіянізм, які ставіў мэтай падрэсленае выяўленне псіхалагічнага стану мастака, яго настрою і пачуццяў. Экспрэсіянізм найбольш моцна выявіўся ў нямецкім мастацтве. Напачатку 20 ст. сфармавалася найбольш самабытная плынь мадэрнізму – кубізм. Кубісты (Пікасо, Брак і інш.) лічылі, што мастак не павінен ісці ўслед за бачнай рэальнасцю, а ствараць новую, якая падпарадкоўваецца законам мастацтва. Таму яны раскладалі прадметы на часткі (пераважна ў форме кубаў, шароў, прызмаў і г.д.) адпаведна з іх унутранай пабудовай, а затым складалі іх у іншым парадку. У часе да першай сусветнай вайны пачынае фармавацца таксама адна з самых складаных і супярэчлівых плыняў у мадэрнісцкім мастацтве – абстракцыянізм.

На мяжы 19-20 ст. таксама фармуюцца асновы сучаснай масавай культуры. У аснове развіцця гэтай культуры палягала магчымасць масавага капіявання твораў літаратуры, музыкі і выяўленчага мастацтва. Кірункі развіцця масавай культуры ў вялікай ступені вызначаліся законамі рынку, а яе прадукцыя прызначалася для большасці насельніцтва і адпавядала яго густам і запатрабаванням, хаця адначасова і фармавала іх. Найбольш яркай праявай развіцця масавай культуры стала нараджэнне і імклівае распаўсюджанне кінематографу.

У цэлым жа культура 19 ст. з’яўляецца ў вялікай ступені культурай пераходнага перыяду. Ва ўмовах дынамічных зменаў ва ўсіх сферах жыцця еўрапейскага грамадства гэтага перыяду у творах культуры знайшлі адлюстраванне супярэчнасці эпохі, праблемы і хваробы новага індустрыяльнага капіталістычнага грамадства.

У сярэдзіне 19 ст. у архітэктуры Беларусі пануе эклектыка і стылізатарства. Адміністрацыйныя і камерцыйныя будынкі ў гарадах і мястэчках, установы культуры – звычайна ўзводзіліся “пад рэнесанс“ альбо “пад класіку“. Адным з найбольш пашыраных кірункаў з’яўляўся неакласіцызм. Гэтая плынь атрымала найбольшае пашырэнне на мяжы 19-20 ст. У стылі неакласіцызму будаваліся ў асноўным жылыя і грамадскія пабудовы гарадоў, сядзібы. Для ўзбагачэння пластыкі сцен дойліды ўжывалі такія класічныя элементы, як калоны, паўкалоны, порцікі, пілястры і г.д. Ордэр, як найбольш характэрная рыса класіцызму, часта не выкарыстоўваўся, але агульнае кампазіцыйнае вырашэнне пабудовы было заснавана на класічнай структуры, такіх яе стылевытворчых фактарах, як сіметрыя, франтальная сістэма кампазіцыі і г.д. Прыкладам неакласіцызму ў Гародні можа паслужыць будынак былой жаночай гімназіі (частка галоўнага корпусу сучаснага гродзенскага універсітэта). Яшчэ адзін важны напрамак – неарэнесанс. У гэтым стылі звычайна ўзводзіліся будынкі банкаў і вучэбных устаноў (мужчынская гімназія ў Гомелі).

У сярэдзіне 19 ст. у Беларусі пачынаюць актыўна выкарыстоўваць так званы псеўдарускі кірунак у архітэктуры. Ён у першую чаргу характэны для праваслаўнай культавай архітэктуры. Цэрквы ў псеўдарускім стылі вызначаюцца багаццем дэкору, разнастайнасцю пластычных вырашэнняў фасадаў пабудоў, выкарыстаннем такіх элементаў, як “какошнік“, “закамары“, “купалы-цыбуліны“, “вітыя калонкі“. Зрэдку будаваліся праваслаўныя храмы ў псеўдавізантыйскім стылі.

У каталіцкім культавым дойлідстве шырокае развіццё атрымаў гатычны напрамак эклектыкі. Гатычны напрамак эклектыкі бярэ свой пачатак яшчэ з канца 18 ст. У эпоху класіцызму гатычныя элементы і формы суіснавалі побач з гатычным стылем, насілі выключна аздабляльны характар і не супярэчылі тэктанічнай структуры класічных пабудоў. Адносна канца 19 ст. і пачатку 20 ст. можна гаварыць пра неаготыку, якая знаходзілася ва ўзаемасувязі са стылем мадэрн, прынцып фарміравання тэктанічнага вобразу якога быў заснаваны на стылізацыі. У неагатычным стылі ў гэты час было збудавана шмат каталіцкіх касцёлаў, але таксама нямала і грамадзянскай архітэктуры, часцей за ўсё сядзібнай.

Спецыфічным кірункам эклектыкі ў 19 ст. стаў так званы “цагляны стыль“. Пабудовы ў гэтым стылі, узведзеныя з чырвонай ці жоўтай цэглы, літаральна запоўнілі гарады і мястэчкі Беларусі. Асабліва многа такіх пабудоў налічвалася ў сядзібных комплексах і прамысловай архітэктуры.

У другой палове 19 ст. даволі значнае пашырэнне ў жывапісным мастацтве Беларусі атрымаў гістарычны кірунак. Гэта было абумоўлена ў вялікай ступені падзеямі паўстання 1863 г., ростам зацікаўленасці ў адукаваным грамадстве да мінулага свайго краю. У 1860-1890-я гады з’яўляюцца такія высокамастацкія творы, як “Пахаванне Гедыміна“ і “Пасля бітвы“ К.Альхімовіча, “Прысяга князя“ Ф.Дмахоўскага, “Віленскія пакутнікі“ І.Трутнева, “Шлюб Зігфрыда“ І.Манюшкі, “Бітва пад Грунвальдам“ Я.Сухадольскага.

Вельмі важную ролю адыгрываў пейзажны жанр. Ад паказу пераважна панскіх сядзібаў і культавых пабудоў мастакі пераходзяць да адлюстравання прыгожых куткоў беларускай прыроды. Найбольш вядомымі мастакамі-пейзажыстамі былі А.Гараўскі, І.Атрыган’еў, І.Хруцкі.

Шмат работ, напісаных у гэты перыяд, належыць да побытавага жанру. На карцінах І.Сілівановіча, А.Гараўскага, Ф.Гарэцкага, В.Сляндзінскага паказваліся моманты з жыцця простых людзей, якое часта абмяжоўвалася штодзённым клопатам пра кавалак хлеба. Не страціў сваіх пазіцый і партрэтны жанр, у якім плённа працавалі такія жывапісцы, як А.Гараўскі, А.Рэмер і інш.

Найбольш папулярным жанрам у жывапісным мастацтве Беларусі напачатку 20 ст. стаў пейзаж. Прычым творы мастакоў часта набываюць даволі выразны сацыяльны змест. Патрэбна адзначыць працы такіх выдатных майстроў, як Ф.Рушчыц, К.Стаброўскі, С.Жукоўскі, В.Бялыніцкі-Біруля.

Побытавы кірунак атрымаў развіццё ў творчасці яўрэйскіх мастакоў Ю.Пэна, Л.Альперовіча, Я.Кругера. У іх працах адлістравана жыццё яўрэйскіх кварталаў беларускіх гарадоў і мястэчкаў.

У цэлым можна канстатаваць, што ўзровень выяўленчага мастацтва на беларускіх землях у разгляданы перыяд заставаўся даволі высокім, а кірунак яго развіцця адпавядаў агульнаеўрапейскім тэндэнцыям. Невыпадкова мастакі, звязаныя з Беларуссю, Марк Шагал і Казімір Малевіч сталі пазней ля вытокаў фармавання новых стылявых кірункаў у еўрапейскім жывапісе.