Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

24 3. Беларускае барока ў еўрапейскім кантэксце.

У еўрапейскім мастацтве 17 ст. найбольш адметнай з’явай стаў барочны стыль, які на працягу двух стагоддзяў пануе ў большасці каталіцкіх краін кантыненту (за выключэннем Францыі). Тэрмін barocco азначаў вычварны, дзіўны. Так часта называлі жамчужыны незвычайнай формы, а таксама адзін з відаў сілагізмаў у фармальнай логіцы. Галоўнай рысай барока можна лічыць павышаную экспрэсію мастацкіх сродкаў, драматызм, патэтыку, экзальтацыю. Мастацкія прынцыпы барока – дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, колераў, святлоценяў, матэрыялаў і фактур, імкненне да стварэння ілюзіі неабмежаванай прасторы, крывалінейнасць абрысаў. Барока зарадзілася ў Італіі, а свайго росквіту дасягнула ў Рыме сярэдзіны 17 ст. Гэты стыль разглядаўся каталіцкім касцёлам як галоўная мастацкая зброя Контррэфармацыі. Касцёл не мог спаборнічаць з пратэстантамі ў моцы веры, асктетызме і рацыянальнай аргументацыі. Але ён імкнуўся прыцягнуць масу вернікаў на свой бок прыгажосцю храмаў і хараством багаслужэння, супрацьстаўляючы іх суровай прастаце пратэстанцкіх збораў. І ў гэтым кірунку каталіцкі касцёл дасягнуў істотных поспехаў, здолеўшы ў некаторых краінах Еўропы адолець сваіх супернікаў.

Барочная архітэктура з’явілася ў Беларусі даволі хутка пасля афармлення асноўных яе стылявых рысаў у мастацтве Італіі. У 1587-1593 г. у Нясвіжы быў збудаваны касцёл езуітаў – першы на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай помнік архітэктуры барока. Яго архітэктарам быў італьянец Ян Марыя Бернардоні, якога езуіты прыслалі ў Беларусі па просьбе Радзівіла Сіроткі. Прататыпам для нясвіжскага касцёла, як і для многіх іншых езуіцкіх касцёлаў, паслужыў галоўны храма гэтага манаскага ордэну у Рымі – касцёл Іль-Джэза, толькі памеры беларускага збудавання былі трошкі зменшаныя. Варта адзначыць той момант, што гэты храма стаў першым на беларускіх землях, пабудаваным паводле праектнага чарцяжу. Бернандоні навучыў прафесіі дойліда беларуса Яна Франкевіча, які пабудаваў пазней барочны касцёл св.Казіміра ў Вільні.

На пачатку 17 ст. барока ўжо выразна дамінуе ў культавым дойлідстве Беларусі. Гэты стыль ў мастацтве Беларусі прайшоў тры перыяды свайго развіцця: ранняе барока (канец 16 – першая палова 17 ст.); сталае (другая палова 17 – 30-я гады 18 ст.) і позняе (30-80-я гады 18 ст.).

У першай палове 17 ст. на беларускіх землях пераважна ўзводзілі храмы з аднанефавай аднавежавай структурай. Адначасова пашырыўся новы тып культавай пабудовы – трохнефавай базілікі з бязвежавым галоўным фасадам, насычаным ордэрнымі элементамі (касцёл бернардзінцаў у Гародні). Але вызначальным момантам у выпрацоўцы характэрнага для беларускага барока тыпу з’явілася фармаванне двухвежавых фасадаў (касцёл брыгітак у Гародні (1642-1651). У адрозненне ад абарончых храмаў беларускай готыкі ў барочнай архітэктуры вежы страцілі сваё функцыянальнае прызначэнне і сталі важнымі кампазіцыйнымі элементамі. Барочная двухвежавасць вынікала з імкнення ўзмацніць эмацыйнае ўздеянне галоўнага фасада. Галоўны двухвежавы фасад трактакаваўся як куліса для ўсёй кампазіцыі збудавання, завяршаў агульную дынаміку архітэктурных мас. Узорамі падобнага тыпу храмаў можна назваць касцёл аўгусцінцаў у Міхалішках і фарны касцёл у Наваградку. Вонкавае аблічча гэтых храмаў мае суровы, амаль сярэднявечны выгляд.

У будаўніцтве найбольш значных і рэпрэзэнтатыўных культавых збудаванняў усіх хрысціянскіх канфесіяў у разгляданым перыядзе найчасцей ўжываўся тып трохнефавай крыжова-купальнай базілікі (Успенскі сабор у Жыровіцкім манастыры (1613 – 1667), касцёл езуітаў у Гародні (1678 – 1705). Ад першага ў Беларусі нясвіжскага касцёла езуітаў гэтыя храмы адрозніваліся двухвежавым вырашэннем галоўнага фасада.

Адна з галоўных характарыстык беларускага барока – манументальнасць, якая выяўлялася ў павелічэнні маштаба будынка адносна асяроддзя і паміж асобнымі часткамі архітэктурнага арганізму. Помнікі манументальнай культавай архітэкутры Беларусі звычайна размяшчаліся сярод нізкай драўлянай забудовы і ажыўлялі панарамы гародоў і мястэчак. Таму стварэнне маляўнічага сілуэту выразнай аб’ёмна-прасторавай структуры, дэталёвая распрацоўка ўсіх фасадаў з’яўляюцца спецыфічнымі рысамі архітэктуры беларускага барока. Своеасаблівасць сілуэтаў барочных помнікаў дасягалася высокімі падоўжанымі дахамі, нарастаннем дынамікі кампазіцыі да галоўнага фасада, дзе яна знаходзіла выйсце ў вертыкалях вежаў.

Стрыманае, масіўнае, поўнае ўнутранай экспрэсіі беларускае барока ў завяршальнай фазе становіцца дынамічным, лёгкім і свабодным. Для позняга, ці віленскага барока ўласцівыя надзвычайныя маляўнічасць і пластычнасць формаў, стромкасць і лёгкасць, якія надавалі збудаванням вытанчаныя прапорцыі, мудрагелістыя скразныя праёмы, крывалінейныя абрысы вежаў і франтонаў. Станаўленне гэтага стылю звязана з іменем віленскага архітэктара нямецкага паходжання І.К. Глаўбіца, які ў 1840-х гадах вельмі шмат будаваў у Вільні і іншых мясцінах ВкЛ. Узорамі віленскага барока можна назваць Сафійскі сабор у Полацку (1738 – 1750), базыліянскі манастыр у Беразвечы (1763). У гэтым перыяд значна ўзбагачаецца дэкаратыўная пластыка храма. У аздобе інтэр’ераў шырока ўжывалася лепка ў тэхніцы стука – штучнага мармуру з абпаленага гіпсу, вапны і клею з дамешкам прыроднага мармуру. Аздоба інтэр’ераў помнікаў віленскага барока ўзбагачалася маляўнічай пластыкай ляпных алтароў, амбонаў, абрамленнем парталаў. У сярэдзіне 18 ст. яны набывае рысы ракако. Вялікае значэнне мелі манументальныя фрэскавыя размалёўкі, якія стваралі ілюзію незамкнёнай, бязмежнай прасторы. Мастацкай цэласнасцю і багаццем дэкору вызначаюцца касцёлы езуітаў у Гародні і Нясвіжы.

Культавыя збудаванні часта ўзводзілі ў адным ансамблі з манастырамі. На пачатку манастыры агароджвалі масіўнымі сценамі з вежамі (манастыр брыгітак у Гародні). Пазней каталіцкія манастыры пачалі ставіць у адну лінію забудовы з храмам.

Рысы барочнага стылю знайшлі сваё выяўленне і ў свецкай архітэктуры. Асноўнымі прынцыпамі палацавай архітэктуры позняга барока былі паўзамкнёнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і анфіладнасць унутранай планіроўкі (Каралеўскі палац у Гародні, палац у Свяцку).

Сярод беларускіх гарадоў багаццем барочнай архітэктуры вылучаецца Гародня. У 17 ст. тут актыўна будуюцца каталіцкія касцёлы і манастыры ў гэтым стылі. Адным з першых быў збудаваны касцёл бернардзінцаў. Драўляны кляштар гэтага манаскага ордэна паўстаў у горадзе дзякуючы фундацыі вялікага князя Аляксандра Ягелончыка яшчэ ў 1494 г. Будаўніцтва мураванага касцёла распачалося ў 1612 г., а быў ён асвечаны пад назвай Адшукання Св. Крыжа ў 1618 г. Касцёл бернардзінцаў – 3-нефавая 6-стаўповая базіліка. У яго абліччы спалучаюцца рысы готыкі (стральчатыя праёмы і ступеньчатыя контрфорсы, нервюры скляпенняў), рэнесансу (у гэтым стылі выкананыя скульптурныя і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы ў алтарнай частцы храму: “Чатыры евангелісты“, “Святое сямейства“, Маленне аб чашы“) і барока (праявілася ў дынамічным вырашэнні галоўнага фасада і крывалінейных абрысах верхняга яруса). У 1788 г. касцельная вежа-званіца была перабудавана ў стылі позняга ці віленскага барока. Два яе верхнія ярусы маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт. У тым жа годзе аздоба інтэр’ера была дапоўнена жывапісам (мастакі А.Грушэцкі і Ф.Міхалкевіч стварылі 12 выяваў апосталаў і столькі ж выяваў дзеячоў ВкЛ), драўлянай разьбой, стукавым арнаментам і скульптурай. Да касцёла прымыкае жылы корпус былога манастыра.

У 1621 г. па фундацыі К.Сапегі быў пабудаваны кляштар бернардзінак. Касцёл кляштара ўяўляў 1-нефавы будынак з паўкруглай апсідай. Галоўны фасад утварала 2-ярусная вежа-званіца, завершаная складаным па малюнку купалам. У 19 ст. будынак быў перададзены праваслаўным. Тут размяшчаўся мужчынскі Барысаглебскі манастыр. Помнік быў разбураны пасля другой сусветнай вайны (цяпер на гэтым месцы размяшчаецца абласны драмтэатр).

У 1634-42 гадах быў пабудаваны па фундацыі Весялоўскіх кляштар брыгітак. Касцёл уяўляе аднанефавы двухвежавы храм, характэрны для ранняга беларускага барока. Галоўны фасад завершаны атыкам, 3-вугольным франтонам і 2-яруснымі дэкаратыўнымі вежамі. Выклікае цікаўнасць аформлены манум.-дэкаратыўным жывапісам у тэхніцы сграфіта фрыз магутнага раскрапаванага антамблемента. Жылы і гаспадарчы корпусы кляштара акружаныя мураванымі сценамі з 6-граннымі вуглавымі вежамі (захаваўся толькі першы ярус адной вежы). Збярогся драўляны лямус 18 ст. Праз вуліцу ад касцёла была збудавана званіца-капэла (разбурана ў 1960-я гады). У 1960-гадах у падмурках касцёла знайшлі рэдкі збор старадаўніх карцін.

У 1635 г. у занёманскай частцы Гародні быў збудаваны па фундацыі Курчаў кляштар францысканцаў, які ўключаў касёл, вежу-званіцу, кляштарны корпус, браму з агароджай. Касцёл – трохнефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай. У 18 ст. касцёл пацярпеў ад пажару і быў адноўлены. Інтэр’ер касцёла вызначаецца багаццем архітэктурнай пластыкі, мастацка-дэкаратыўным афармленнем.

У 1630-я гады па фундацыі Сапегаў быў пабудаваны ў Гародні касцёл дамініканцаў, які ўяўляў мураваны 3-нефавы 1-апсідны храм. Фасад меў 3-ярусную сіметрычную кампазіцыю. У комлпекс кляштара ўваходзіў і будынак вучылішча, у якім пазней размяшчалася губернская гімназія (захаваўся да нашага часу). Касцёл дамініканцаў быў знішчаны ў 1874 г.

З 1622 г. у Гародні фармуецца комплекс будынкаў езуіцкага кляштара. Будаўніцтва мураванага касцёла распачалося ў 1678 г. (фундатары Самуэль і Канстанцыя Лозы). У 1705 г. касцёл быў асвечаны ў гонар Св.Ксаверыя (пры гэтым прысутнічалі кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ і расійскі імператар Пётр І). У 1707 г. рэзчык з Каралеўца К.Пойкер распрацаваў праекты алтароў, якія былі выкананыя разбяром Я.Шмідтам у 1736-1737 гг. У 1750-52 гг. муляр К.Бурман надбудаваў вежы. Касцёл уяўляе 3-нефавую крыжова-купальную базіліку ( выш. 53,6 м, у плане 30х60 м). Двухвежавы галоўны фасад падзелены паясамі антаблементаў на 3 ярусы, ніжнія з якіх упрыгожаны падвойнымі карынфскімі пілястрамі. У арачных нішах драўляныя выявы апосталаў Пятра і Паўла і св.Ксаверыя (выканаў разбяр Г.Гіс ў 1768 г.) Інтэр’ер касцёла насычаны скульптурай, архітэктурнай пластыкай і фрэскамі. Галоўны алтар (вышыня 21 м) зроблены ў 1736 г. з дрэва ў стылі позняга барока. Падзелены на тры ярусы са скульптурнымі кампазіцыямі. Фрэскавы жывапіс касцёла складаецца з 14 сюжэтных кампазіцый з жыцця св.Ксаверыя. Ад усяго кляштарнага комплексу езуітаў захаваліся таксама аптэка (пач.18 ст.), стары і новы калегіумы, бурса, трапезная, бібліятэка, майстэрні, стайні, вазоўні.

Вельмі арыгінальны будынкам у стылі барока з’яўляўся касцёл босых кармелітаў на вул. Маставой. У адрозненне ад большасці іншых касцёлаў Гародні ён размяшчаўся на высокім месцы, а сярод забудоў прынёманскага падолу. Таму галоўную ўвагу дойліды звярнулі не на манументальнасць архітэктурных формаў, а на вытанчаны дэкор фасаду, у чым касцёл кармелітаў набліжаецца да помнікаў італьянскага гарадскога барока. Гэты храм быў разабраны на мяжы 19-20 ст.

У 1726 г. архітэктар італьянскага паходжання І.Фантана пабудаваў у Гародні царкву Раства Багародзіцы жаночага базыліянскага манастыра. Гэта крыжовакупальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і двума чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі над крыламі трансепта. Да царквы прымыкае комплекс манастырскіх будынкаў.

Элементы барочнага стылю знайшлі выразнае ўвасабленне і ў свецкай архітэктуры Гародні. У 1734-51 гг. у горадзе быў пабудаваны па загаду караля Аўгуста ІІІ каралеўскі палац па праекту К.Ф.Пёпельмана. У будаўніцтве ўдзельнічалі таксама І.Х.Яўх і І.Ф.Кнобель (апошні дабудаваў капліцу-капэлу). Двухпавярховы палац з мансардавым дахам меў П-падобную форму. Маляўнічае вырашэнне палаца дасягалася спалучэннем чырвонай дахоўкі, зялёнага колеру сценаў і белых элементаў архіт. пластыкі і ляпнога дэкору. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны жывапісам і лепкай у стылі ракако. У 1944 г. палац быў моцна разбураны, а адбудаваны ў 1952 г. архітэктарам У.Вараксіным у стылі савецкага класіцызму.

Вялікая колькасць архітэктурных помнікаў з элементамі позняга барока была пабудавана ў Гародні ў 1770-я гады ў часы кіравання горадам Антоніем Тызенгаузам. Да іх ліку можна аднесці палац Тызенгауза, музычную школу ці крывую афіцыну, медычную акадэмію і інш. будынкі. Аўтарам большасці з іх з’яўляўся італьянскі архітэктар Дж.Сака. З гэта часу завяршаецца эпоха барока ў архітэктурным абліччы нашага горада, але помнікі той эпохі, якія захаваліся да нашых дзён, надаюць Гародні асаблівы каларыт і непаўторнасць.