Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

4. Культурнае жыццё ў бсср у другой палове 20 ст.

Культурнае жыццё савецкай Беларусі ў пасляваенныя гады вызначаецца шэрагам супярэчлівых з’яваў. З аднаго боку ў цяжкіх умовах пасляваеннага аднаўлення назіралася бурнае развіццё ў многіх сферах культурнага жыцця. Імкліва ўзрастала колькасць ВНУ, школ, культурна-асветных устаноў. Павышаўся ўзровень матэрыяльнага жыцця насельніцтва. Вялікая колькасць жыхароў Беларусі, асабліва сярод моладзі, шчыра верыла ў хуткую пабудову камуністычнага грамадства і не шкадавала сілаў дзеля гэтага будаўніцтва. Аднак нечалавечная таталітарная сістэма накладала свой жахлівы адбітак на культурнае жыццё, калечыла лёсы многіх дзеячоў культуры. Да 1953 г. не спыняўся махавік рэпрэсіяў, зацягваючы людзей у страшэнны вір Гулагу. Так, паўторна мусілі прайсці гэты шлях беларускія пісьменнікі Ст.Шушкевіч, С.Грахоўскі, А.Пальчэўскі, Б.Мікуліч.У літаратуры дамінаваў культ Сталіна, які знайшоў увасабленне ў сумна вядомым вершаваным віншаванні жывому богу ад беларускага народу. Вельмі адмоўнай праявай таталітарызму стаў наступ на рэлігію, які меў катастрафічныя наступсты для маральнага здароўя нацыі.

У сярэдзіне 1950-х гадоў адбываюцца істотныя змены ў жыцці савецкага грамадства, звязаныя з ХХ з’ездам КПСС і асуджэннем культу асобы Сталіна. Адбываецца масавае вяртанне вязняў, якія здолелі выжыць у Гулагу. Многія з рэпрэсаваных дзеячоў культуры былі пасмяротна рэабілітаваныя, што мела важнае значэнне для іх творчай спадчыны. Людзі мастацтва цяпер атрымалі больш шырокія рамкі для рэалізацыі сваіх творчых ідэй, хаця гэтыя рамкі па-ранейшаму вызначаліся партыйнай уладай.

У канцы 1950-х – 1960-я гады ў беларускую літаратуру прыходзіць новае пакаленне, якое часта называюць “шасцідзесятнікамі“. Менавіта ў 60-я гады раскрываецца шматгранны талент Уладзіміра Караткевіча (1930-1984). Ён пачынаў з паэтычных зборнікаў, але вядомасць атрымаў дзякуючы сваім творам у жанры гістарычнай прозы: “Каласы пад сярпом тваім“ (1968), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні“ (1972), “Чорны замак Альшанскі“ (1983). Менавіта на творах Караткевіча выхоўвалася любоў да роднай гісторыі ў цэлага пакалення беларускай моладзі, якая не магла знайсці праўды пра мінулае сваёй бацькаўшчыны ў абскубаных афіцыёзных падручніках па гісторыі БССР.

У 1960 г. з’яўляецца першая аповесць Васіля Быкава “Жураўліны крык“. Чалавек у жудасных умовах вайны – вось галоўная праблема, якая прыцягвала пісьменніка. У аповесці “Мёртвым не баліць“ (1965) ён паказвае жахлівую праўду, якую на той час паказваць было нельга. За “непраўдзівасць“ і “аднабаковасць“ пісьменніка жорстка крытыкавалі на розных узроўнях. Аднак час пасля “адлігі“ усё ж быў не такі жорскі, як пры Сталіне. Быкаў атрымаў магчымасць працаваць і друкавацца надалей, і беларуская літаратура ўзбагацілася цэлым шэрагам выдатных твораў, прысвечаных па-ранейшаму ваеннай тэматыцы. Менавіта з імёнам В.Быкава і У. Караткевіча і асыцыявалася у свядомасці адукаваных людзей у савецкі час беларуская культура за межамі нашай рэспублікі. Хаця можна назваць яшчэ нямала вельмі яркіх беларускіх пісьменнікаў, і ў першую чаргу Івана Мележа.

Далёка за межамі Беларусі ведалі ў савецкія часы і музыкальны калектыў (як у той час гаварылі – вакальна-інструментальны ансамбль) “Песняры“. Яго стварыў у 1969 г. Уладзімір Мулявін (1941). Ансамбль асабліва плённа працаваў у стылі фольк – сучасная апрацоўка народных песен. Яго творчасць была адзначана на многіх міжнародных музычных фестывалях. Можна ўзгадаць такія апрацоўкі, як “Касіў Ясь канюшыну“, “Ой рана на Івана“, “Купалінка“, “Рэчанька“, “А ў полі вярба“. Своеасаблівай візітнай карткай “Песняроў“ сталі таксама песні “Алеся“, “Александрына“, “Жураўлі на Палессе ляцяць“.

Адным з ключавых працэсаў, які вызначаў у вялікай ступені кірунак развіцця беларускай культуры ў другой палове 20 ст., стаў працэс скарачэння сферы выкарыстання беларускай мовы і пераход большасці насельніцтва на расійскую мову. Вялікую ролю тут адыграла масавае перасяленне беларусаў з вёскі ў горад у 60-70-я гады. Паколькі беларускамоўнае гарадское асяроддзе было амаль знішчана ў 1930–я гады, дык беларуская мова ўспрымалася як вясковая, а ўчорашнія калгаснікі імкнуліся як мага хутчэй засвоіць больш прэстыжную ў іх вачах расійскую мову, каб такім чынам падвысіць свой статус. Але працэс выцяснення беларускай мовы распачаўся ўжо адразу пасля вайны. У 1952 г. у Мінску налічвалася ўсяго 9 беларускіх школ з 46 ( у 1945 г. было 14 з 28). А ў чэрвені 1953 г. апошні раз беларуская мова прагучала на пленуме ЦК КПБ(б). Кіраўнік КПСС Мікіта Хрушчоў, пад час свайго візіту ў Мінск, адкрыта прызываў моладзь пераходзіць на рускую мову з мэтай больш хуткай інтэграцыі ў нацыянальную супольнасць новага тыпу – савецкі народ. Такую пазіцыю цалкам падтрымлівала і партыйнае кіраўніцтва ў Мінску. У выніку ў 1985 г. толькі 23 % школ у Беларусі лічыліся беларускамоўнымі. Амаль цалкам была выцеснена беларуская мова з устаноў вышэйшай адукацыі. У 1985 г. з 3431 кнігі, выдадзенай у БССР, толькі 393 былі на беларускай мове. З 212 газет на беларускай мове выходзілі 130, але яны складалі толькі трэць агульнага накладу. У выніку беларуская мова і нацыянальная культура апынуліся на мяжы амаль поўнага знікнення. Сярод еўрапейскіх народаў параўнальныя па маштабам працэсы назіраліся толькі сярод невялікага народу лужыцкіх сербаў у ГДР. Аднак большасцю насельніцтва БССР гэтыя працэсы ўспрымаліся як цалкам нармальныя і нават пажаданыя. Парадаксальнасць сітуацыі заключалася аднак у тым, што найлепшыя творы культуры, якія з’явіліся ў БССР, былі менавіта беларускамоўнымі. У адрозненне ад ірландцаў, якія стварылі магутную літаратуру на ангельскай мове, у разгляданы перыяд так і не паўстала самабытная расійскамоўная культура Беларусі. Гэты факт сведчыў, што беларуская культура, і ў тым ліку беларуская мова, захоўвае ў сабе вельмі магутны творчы патэнцыял, які грунтуецца на багацейшай і цалкам самабытнай культурна-гістарычнай спадчыне.