Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі.rtf
Скачиваний:
15
Добавлен:
23.11.2019
Размер:
2.12 Mб
Скачать

Лекцыя 1..Еўрапейская цывілізацыя і культура:

Тэарэтычныя аспекты праблемы.

2 Нам даволі часта прыходзіцца сустракаць тэрмін еўрапейская культура. Што ён уласна азначае? Што ўваходзіць у паняцце еўрапейская культура? Нам падаюцца дастаткова зразумелымі такія паняцці, як французская культура, нямецкая, расійская. А ці можна весці гутарку пра еўрапейскую культуру? Ці можа ў гэты тэрмін укладаецца толькі акрэсленне геаграфічнай прыналежнасці? Што значыць быць чалавекам еўрапейскай культуры? Ці належыць беларуская культура да еўрапейскай не толькі ў геаграфічным сэнсе, але яшчэ паводле нейкіх сутнасных элементаў? Тут мы сутыкаемся з цэлым шэрагам вельмі складаных тэарытычных пытанняў і навуковых праблем, якія дагэтуль застаюцца дыскусійнымі ў беларускай і замежнай гуманістыцы. Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні неабходна звярнуцца да даўняй гісторыі, прасачыць працэсы развіцця беларускай культуры ва ўзаемасувязі з агульнаеўрапейскімі і сусветнымі культурнымі працэсамі.

1 Напачатку патрэбна вызначыцца з самім паняццем культура. Гэта не зусім простая задача, як можа паказацца на першы погляд. Хоць мы вельмі часта ўжываем тэрмін культура ў сваім штодзённым жыцці, часта не можам даць яму дакладнага вызначэння. У гуманістыцы існуе ўжо некалькі сотняў дэфініцый гэтага тэрміну. Па сутнасці, кожны навуковец, які даследуе розныя праблемы культуры, спрабуе стварыць уласнае вызначэнне. Не будзем паглыбляцца ў дэталі, а скарыстаем адно з найбольш шырокіх і адначасова простых вызначэнняў: Культура – гэта сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў, створаных чалавецтвам у яго гісторыі. Большасць даследчыкаў разумее культуру як больш шырокую з’яву, чым опера, паэзія, жывапіс, балет і іншыя набыткі мастацтва. Вельмі плённым з’яўляецца, на нашу думку, бачанне культуры як традыцыйных спосабаў мыслення, паводзінаў і ўзаемадзеянняў людзей. У гэтым сэнсе культура ёсць вынік навучання, г.зн. мадэлявання паводзін чалавека ў канкрэтных абставінах і асяроддзі .

2 Тэарэтычным падмуркам для нашых далейшых разважанняў можа паслужыць тэорыя цывілізацый, якой прытрымліваліся ў той ці іншай ступені такія вядомыя мысліцелі як Арнольд Тойнбі, Фернан Брадэль, Піцірым Сарокін, Самуэль Ханцінгтон і інш. На іх думку, гісторыя чалавецтва – гэта гісторыя цывілізацый. Тут нам неабходна падрабязней спыніцца на разглядзе тэрміну цывілізацыя. Гэты тэрмін мае лацінскае паходжанне. Сivilis у часы антычнасці азначаў грамадзянскае, дзяржаўнае. У падобным значэнні ён часам выкарыстоўваецца і ў беларускай мове: цывільнае права, цывільны чалавек у адрозненні да вайскоўца. Напачатку тэрмін цывілізацыя выкарыстоўваўся ў супрацьпастаўленні цывілізацыя – варварства. У гэтым значэнні ён вельмі часта ўжываецца і зараз. Славуты нямецкі філосаф Освальд Шпенглер у сваёй працы Закат Еўропы ўжываў слова цывілізацыя для акрэслення перыяду заняпаду пэўнай культуры. Матэрыяльная цывілізацыя супрацьпастаўлялася ім духоўным вартасцям культуры. Названыя ж вышэй навукоўцы ўжывалі тэрмін цывілізацыя ў множным ліку, разумеючы пад цывілізацыяй пэўную культурную тоеснасць. Гісторыю чалавецтва яны разглядалі як паўставанне, суперніцтва і заняпад розных цывілізацый. А.Тойнбі налічваў аж 23 цывілізацыі. Іншыя даследчыкі знаходзяць толькі сем асноўных цывілізацый.

Узнікае пытанне: Што ж такое цывілізацыя? Для вядомага французскага гісторыка Ф.Брадэля яна з’яўляецца "прасторай", "культурным абшарам", "зборам рыс і з’яў культуры". На яго думку: "Цывілізацыя самы старажытны персанаж у гісторыі чалавецтва: эканомікі змянялі адна другую, палітычныя інстытуты разбураліся, грамадствы прыходзілі адно за другім, але цывілізацыя працягвала свой шлях“. С.Ханцінгтон называе Ц. каштоўнасці, нормы, інстытуты і спосабы мыслення, якім чарговыя пакаленні дадзенай супольнасці надаюць падставовае значэнне: "Цывілізацыя і культура адносяцца да стылю жыцця народу, цывілізацыя ёсць культурай у шырокім значэнні гэтага слова". Паводле Валерштайна, Ц. – гэта асаблівы збор, у які ўваходзяць светапогляд, звычаі, структура і культура (як матэрыяльная, так і духоўная), утвараючы пэўны від гістарычнай тоеснасці. Мелько адзначае "Ц. маюць акрэсленую ступень інтэграцыі, іх часткі вызначаюцца праз узаемныя аднясенне да сябе, а таксама цэлага. Калі цывілізацыю складаюць дзяржавы, то яны будуць мець болей узаемных кантактаў чым з дзяржавамі па-за дадзенай цывілізацыі… Будуць дамінаваць акрэсленыя эстэтычныя і філасофскія плыні“.

Такім чынам, усе цытаваныя аўтары падкрэсліваюць культурную прыроду цывілізацыі. Як адзначае Ханцінгтон: "Ц. з’яўляюцца найвялікшымі культурнымі адзінкамі". Ён таксама сцвярджае: "Ц-ыі з’яўляюцца культурнымі арганізмамі а не палітычнымі".

Усе даследчыкі асаблівую ўвагу надаюць рэлігіі, якая з’яўляецца важнейшым культурным элементам цывілізацыі. Ханцінгтон сцвярджае: "Найважнейшую ролю адыгрывае рэлігія (…) Вялікія Ц-ыі. цесна звязаныя з вялікімі рэлігіямі". Доўсан таксама лічыць, што "вялікія рэлігіі з’яўляюцца падмуркамі вялікіх цывілізацый". На думку Ф.Брадэля "У сэрцы кожнай цывілізацыі знаходзяцца рэлігійныя каштоўнасці". Разам з тым Брадэль адзначае "…рэлігійная рэчаіснасць не складае сама па сабе ўсёй культуры, якая ахоплівае таксама дух, стыль жыцця, літаратуру, мастацтва, ідэалогію, самасвядомасць (…) Культура створана з мноства багаццяў, матэрыяльных і духоўных... Культура адначасова з’яўляецца грамадствам, палітыкай, эканамічнай экспансіяй". Брадэлю таксама належыць наступнае вельмі яркае выказванне: "...тэхніка – цела, а не душа цывілізацыі".

Звычайна людзі, асабліва адукаваныя эліты, ўсведамлялі сваю прыналежнасць да пэўнай цывілізацыі. Як зазначыў Ханцінгтон: "Ц. ёсць найвышэйшай ступенню згрупавання людзей і найшырэйшай прасторай культурнай тоеснасці. Уласна цывілізацыі ўтваралі найшырэйшыя рамкі саматоеснасці людзей". Даследчык прыводзіць прыклад пра ўяўную сустрэчу зямляніна з іншапланецянамі, пад час якой прыналежнасць да зямной цывілізацыі стане рамкамі самаатаясамлення жыхара Зямлі. Аднак француз ці немец будуць у Кітаі ці ў экватарыяльнай Афрыцы найперш еўрапейцамі, а ўжо потым французам і немцам.

Калі з’яўляюцца цывілізацыі? Напэўна тады, калі людзі ствараюць надлакальныя сістэмы абмену інфармацыяй і культурнымі каштоўнасцямі, найперш пісьменнасць. Як адзначыў Брадэль: "Цывілізацыя – гэта найдаўжэйшая з усіх гісторый". У старажытнасці гісторыкі знаходзяць месапатамскую, егіпецкую, крыта-мінойскую, іўдзейскую цывілізацыі. Асаблівую ролю ў гісторыі чалавецтва адыграла антычная ці класічная цывілізацыя. Усе вышэйпрыведзеныя цывілізацыі, можа за выключэннем іудзейскай, належаць ужо да мінулай гісторыі.

Калі ж паўстала ці сфармавалалася еўрапейская цывілізацыя? Сам тэрмін Еўропа ўпершыню з’яўляецца аж у 7 ст. да нашай эры. Аднак, на думку многіх даследчыкаў, агульнаеўрапейская культурная прастора з тымі асаблівасцямі, якія захоўваліся і развіваліся на працягу наступных вякоў, фармуецца прыкладна ў 8-9 ст. нашай эры ў выніку сінтэзу культурнай спадчыны магутнай Рымскай імперыі і культурных традыцый варварскіх народаў-заваёўнікаў. Падмуркам еўрапейскай культуры паслужылі культурныя каштоўнасці антычнай і іўдзейскай цывілізацый. З антычнасці Еўропа запазычыла многія ўзоры мастацтва, найлепшыя дасягненні філасофскай думкі, а з іўдзейскай цывілізацыі – монатэістычнае хрысціянства, якое стала найважнейшай адментнасцю Еўропы.

Вельмі важнае і складанае пытанне пра геаграфічныя межы цывілізацый. Яны не з’яўляюцца нязменнымі і статычнымі. Аднак захоўваюць свае ўплывы на працягу вельм значных храналагічных адрэзкаў, часамі вельмі нечакана выяўляючы сябе. Даследчыкі, у прыватнасці Ханцінгтон, ужываюць паняцці лініі цывілізацыйнага разрыву ці разлому. Прывядзём некалькі прыкладаў з гісторыі еўрапейскай цывілізацыі. Першай такой лініяй можна лічыць мяжу па рэкам Рэйн-Дунай, якая супадала з межамі старажытнай Рымскай імперыі і адпаведна антычнай цывілізацыі. Гэтая лінія разрыву нечакана праявіла сябе ў эпоху Рэфармацыі, зноўку падзяліўшы Еўропу паводле рэлігійнай прыкметы. Наступная лінія разрыву ідзе па рацэ Эльбе – якая была ў ІХ ст. мяжой дзяржавы Каралінгаў і славянскага, тады яшчэ паганскага, свету. Гэтая мяжа праявіла сябе ў часе другога запрыгоньвання еўрапейскага сялянства ў 16 ст. А пасля другой сусветнай вайны падзяліла Еўропу на два ідэалагічна і палітычна варожыя лагеры – капіталістычны і сацыялістычны. І, нарэшце, трэцяя лінія ідзе ад Прыбалтыкі праз заходнюю Беларусь і Украіну да Балканаў. Гэтая лінія акрэслівае зону ўплыву заходняга (каталіцкага) хрысціянства. Некаторыя даследчыкі (у прыватнасці Ханцінгтан) лічаць яе мяжою заходнеўрапейскай цывілізацыі. Гэтыя даследчыкі прызнаюць існаванне асобнай усходнееўрапейскай ці праваслаўна-рускай цывілізацыі, якая ўзрасла на культурнай спадчыне Візантыйскай імперыі, а таксама этнічных традыцыях усходніх славян. Іншыя ж даследчыкі не лічаць усходнюю Еўропу асобнай цывілізацыяй і адносяць яе, так жа як і Лацінскую Амерыку, да агульнай еўрапейскай цывілізацыі. Падзяліліся погляды на гэтую праблему таксама сярод беларускіх і расійскіх даследчыкаў і дзеячоў культуры. Дастаткова ўзгадаць дыскусію заходнікаў і славянафілаў у Расіі 19 ст.

Вельмі важнай уяўляецца праблема цывілізацыйных узаемаўплываў. На думку даследчыкаў азначанай праблематыкі, шчыльнасць культурных абменаў унутры кожнай цывілізацый звычайна значна вышэй, чым з прадстаўнікамі іншых цывілізацый. У мінулыя стагоддзі надзвычай істотнай была роля вялікіх сакральных моваў – лаціны, грэцкай, царкоўнаславянскай, арабскай, санскрыту, альбо, напрыклад, сістэмы іерогліфаў у Кітаі. Да агульнацывілізацыйнай культурнай прасторы былі далучаны найперш інтэлектульныя эліты, якія валодалі сакральнымі мовай, але праз іх пасярэдніцтва ў пэўнай ступені і шырокія масы насельніцтва судакраналіся з каштоўнасцямі сваёй цывілізацыі. У гэтых адносінах асаблівую ролю адыгрывала архітэктура і выяўленчае мастацтва (найперш культавага характару), рэлігійныя абраднасць і дыктаваныя рэлігіяй маральныя нормы.

Стасункі паміж цывілізацыямі ў пэўныя часы маглі быць варожымі. Дастакова прыгадаць варожасць паміж хрысціянамі і мусульманамі ў часы Рэканкісты і крыжовых паходаў. Але куды больш важную ролю адыгрываў культурны абмен. Напрыклад, каштоўнасці антычнай філасофіі хрысціянскія мысляры пераймалі якраз у тых жа арабаў і з тэкстаў на арабскай мове. Увогуле, на думку многіх даследчыкаў, для еўрапейскай цывылізацыі было характэрным творчае засвойванне дасягненняў іншых цывілізацый. Гэтую рысу Еўропы лічаць адной з галоўных прычын яе дынамічнага развіцця ў Новай гісторыі і дасягнення эканамічнай і палітычнай дамінацыі на планеце. Несумненна, што адна з галоўных асаблівасцяў сучаснай еўрапейскай цывілізацыі – высокі тэхналагічны ўзровень.

Даследчыкі звычайна таксама адзначаюць індывідуалізм і рацыяналізм галоўнымі асаблівасцямі еўрапейскай цывілізацыі. Прычым адныя лічаць гэта яе найвялікшым дасягненнем, адзначаюць павагу да асобы і свабоды выбару кожнага чалавека. Менавіта Еўропа стварыла палітычную мадэль сучаснай дэмакратыі, якая лічыцца на сённяшні дзень найбольш дасканалай формай дзяржаўнага ўладкавання. Крытыкі ж бачаць у індывідуалізме і рацыяналізме слабасць заходнееўрапейскай цывілізацыі і прычыны яе непазбежнага будучага заняпаду. Адзначаюць яны таксама недахоп духоўнасці, тэхнакратызм, спажывецкае стаўленне да чалавека і прыроды.

Заходнееўрапейская цывілізацыя праіснавала ўжо больш за тысячу гадоў, хаця, як мы ўжо адзначылі, сам тэрмін Еўропа пачаў ужывацца ў старажытнай Грэцыі ўжо ў 7 ст. да н.э. Яе падставовыя рысы сфармаваліся ў Сярэднявеччы. Вялізную ролю адыграла эпоха Адраджэння, а затым Асветніцта. У тыя часы сфармаваліся асноўныя элементы еўрапейскага мыслення, якія далі штуршок развіццю культуры, навукі і тэхнікі, стварылі магчымасці для шырокамаштабнай вайсковай і культурнай экспансіі Еўропы, якая неўзабаве пачала кантраляваць у палітычным і эканамічным сэнсе практычна ўвесь зямны шар.

Калі разумець пад цывілізацыяй культурную прастору, збор рысаў і з’яў культуры, то паўстае пытанне пра яе суадносіны з нацыянальнымі культурамі, якія таксама маюць сваю геаграфічную і камунікацыйную прастору і характэрныя рысы і з’явы. У аснове кожнай цывілізацыі ляжаць рэлігійныя і філасофскія каштоўнасці. Яны вызначаюць асаблівасці светапогляду людзей, кірунак развіцця эстэтычных і этычных нормаў і ўяўленняў. Але іх больш канкрэтнае і змястоўнае напаўненне адбываецца менавіта ў рамках нацыянальных культур, у разнастайнасці і шматабліччы якіх праяўляецца жыццёвая сіла ўсіх развітых цывілізацый сучаснасці.

Адказ на пытанне – Ці належыць Беларусь да агульнаеўрапейскай цывілізацыі, ці да асобнай праваслаўна-усходнеславянскай – залежыць нярэдка ад эстэтычных, філасофскіх і палітычных сімпатый аўтараў, што цікавяцца гэтай праблематыкай. Не выклікае спрэчак адно – на працягу ўсёй сваёй гісторыі Беларусь адчувала вельмі моцныя заходнеееўрапейскія культурныя ўплывы, якія ў істотнай ступені фармавалі яе культурныя асаблівасці.