Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Янушкевич А.М. и др. Сетевой учебный курс Истор...doc
Скачиваний:
28
Добавлен:
15.11.2019
Размер:
2.89 Mб
Скачать

2. Першыя княствы-дзяржавы на беларускіх землях

а) Полацкае княства

Полацкае княства было першай дзяржавай, якая сфарміравалася на беларускіх землях. Падчас яе ўтварэння вялікая роля належала геаграфічнаму, этнічнаму і сацыяльна-эканамічнаму фактарам.

Да з’яўлення у Прыдзвінні славян-крывічоў тут жылі балцкія плямёны днепрадзвінскай і банцараўскай культур, якія займалі вялікія прасторы Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі. Гэтыя плямёны пакінулі пасля сябе шматлікія гарадзішчы, курганы, тапанімічныя і гідранімічныя назвы.

Ужо ў VI ст. на Беларусь пранікаюць першыя славяне. Найболып актыўна яны рассяляюцца ў VII—VIII стст., займаючы вольныя плошчы, пакінутыя балтамі месцы, а часам і выцясняючы апошніх. Пачаўся працэс сумеснага пражывання розных этнасаў і паступовае іх змешванне — асіміляцыя. Крывічы, якія прыйшлі ў Прыдзвінне і Верхняе Падняпроўе, мелі больш высокі ўзровень сацыяльнай арганізацыі — зародкі дзяржаўнасці. Іх культура стала дамінуючай.

Ужо ў недатаванай частцы летапісу сустракаецца тэрмін "палачане" разам з крывічамі. Гэтым была вылучана тая частка крывічоў (у адрозненне ад пскоўска-ізборскіх і смаленскіх), якія атабарыліся вакол Полацка. Сам Полацк упершыню згадваецца крыніцамі пад 862 г. Да з’яўлення крывічоў тут існавала гарадзішча днепра-дзвінцаў, якія і далі гораду назву ад ракі Палаты. У IX—X стст. ён уяўляў сабой паселішча масавага тыпу. Плошча ўмацаванага дзяцінца складала каля 1 га, навакольнага горада-падграддзя — каля 7,5 га. У горадзе магло жыць на той час да 1 тыс. чалавек.

У другой палове X ст. летапісы згадваюць першага полацкага князя Рагвалода, які прыйшоў з-за мора, "трымаў, валадарыў і княжыў Полацкую зямлю". Вызначэнне, якое далі летапісцы полацкаму князю, сведчыць аб завяршэнні першага этапа ва ўсталяванні полацкага гаспадарства: з’яўленне межаў, зацвярджэнне палітычнай сістэмы, упарадкаванне ўнутраных гаспадарчых адносін. Працэс утварэння першай полацкай дзяржавы Рагвалода супаў з усталяваннем многіх славянскіх еўрапейскіх дзяржаў сярод чэхаў і мараваў, харватаў і славенцаў, палякаў, а таксама першых дзяржаў у Скандынавіі — Даніі, Швецыі, Нарвегіі. На землях Усходняй Еўропы ўсталяваліся тры моцныя дзяржаўныя цэнтры: акрамя крывіцкага Полацка палянскі Кіеў і славянскі Ноўгарад. Апошні быў пад моцным уплывам скандынаваў.

Каля 970—980 гг. да полацкай князёўны Рагнеды — дачкі Рагвалода — пасваталіся два браты: Уладзімір наўгародскі і Яраполк кіеўскі. Рагнеда абрала Яраполка. Абражаны адмоваю Уладзімір робіць напад на Полацк і прымусам бярэ Рагнеду у жонкі. Пасля ён забівае падманам свайго брата і становіцца валадаром Кіева. На перыяд каля 20 гадоў утвараецца "імперыя Рурыкавічаў" з цэнтрам у Кіеве, якая часам атаясамліваецца з Кіеўскай Руссю. Але гэтае штучнае ўтварэнне не мела надзейных ўнутраных мацуючых ніцяў і трымалася на даніне, якую выплачвалі Кіеву астатнія землі.

Пасля спробы забіць Уладзіміра полацкая княжна Рагнеда была выслана на Бацькаўшчыну, дзе для яе быў заснаваны новы горад Ізяслаўль — у гонар сына Ізяслава (сучаснае Заслаўе). У канцы жыцця Рагнеда пастрыглася ў манашкі пад імем Анастасіі. Памерла у 1000 г.

Князь Ізяслаў памёр у 1001 г. Ён паклаў пачатак полацкай княжацкай дынастыі. Пераемнікам стаў князь Брачыслаў Ізяславіч (1001 — 1044). Пры ім пачала складвацда другая полацкая дзяржава, росквіт якой прыпаў на сярэдзіну — другую палову XI ст. У часы Брачыслава пашыраюцца межы Полацкай зямлі, умершую чаргу на захад і поўнач. Паўстаюць новыя гарады і сярод іх Брачыслаўль (названы так у гонар князя — сучасны Браслаў) і гарады па сярэднім рэчышчы Дзвіны — Кукейнос, Герсіка (зараз на тэрыторыі Латвіі). Палачане цалкам кантралююць гандлёвы шлях па Дзвіне аж да Варажскага (Балтыйскага) мора, збіраюць даніну з балтыйскіх плямён.

Разам з тым абвастраліся адносіны паміж Полацкам і Ноўгарадам. Гэта было выклікана, верагодна, барацьбой за прыярытэтнае права кантролю над скандынаўска-візантыйскім экспартам-імпартам па шляху "з варагаў у грэкі". Два буйнейшыя адгалінаванні гэтага шляху праходзілі праз Полацк і Ноўгарад. У першай палове XI ст. актыўнасць на гэтым шляху рэзка зменшылася, адпаведна і колькасць тавараў і дабрабыт дзяржаў-саперніц. Да таго ж узніклі тэрытарыяльныя спрэчкі на памежжы, спрэчкі за кантроль над Кіевам. Згодна з крыніцамі, да 1026 г. Брачыслаў полацкі і Яраслаў наўгародскі кіравалі Кіевам праз сваіх намеснікаў. Магчыма, Брачыслаў адзін час быў таксама і князем кіеўскім. Напружанасць адносін паміж суседзямі дапаўнялася традыцыямі звычаёвага права, па якім Ноўгарад быў кроўным ворагам Полацка пасля забойства Рагвалода і зняволення Рагнеды.

У 1021 г. Брачыслаў полацкі нападае на Ноўгарад і захоплівае яго. Тады ж паміж Брачыславам і Яраславам адбылася бітва на р.Судамір. У выніку была заключала мірная дамова паміж князьмі як паміж братамі і Полацкай зямлі вернуты гарады Віцебск і Усвяты. У 1026 г. Яраслаў стаў кіеўскім князем і мірная дамова была парушана. Пасля 1036 г. на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы засталіся толькі два княжацкія радаводы: Яраславічы і Рагвалодавічы. Абодва па жаночай лініі вялі пачатак ад Рагнеды з Полацка.

Пасля смерці Брачыслава на яго месца заступіў сьш Усяслаў, празваны Чарадзеем (каля 1029 — 1101), бо, па паданні, быў народжаны ад чарадзейства. Да 60-х гг. XI ст. уся дзейнасць полацкага князя была скіравана на ўладкаванне сваей дзяржавы. Да Полацкай зямлі у XI ст. належаць Віцебск, Заслаўе, Друцк, Браслаў, Менск, Орша, Лагойск, Лукомль і згаданыя вышэй Кукейнас і Герсіка. Растуць плошчы гарадоў, часам нават адбываецца іх перанос на новыя месцы. Уласна Полацк займае у гэтыя часы больш за 20 га з насельніцтвім 10—15 тыс. чалавек. Тут хутка развіваюцца гандаль і рамяство.

Але з 1065 г. аднаўляецца запятая барацьба з Ноўгарадам і Кіевам. Яна абумоўлена тым, што пасля смерці Яраслава Мудрага ў 1054 г. землі ўласна Кіеўскай Русі былі падзелены паміж усімі яго сынамі (іх было сем), але з цягам часу ўлада апынулася у руках траіх: Ізяслава, Святаслава і Усевалада. Гэтыя браты Яраславічы пачалі прыбіраць да рук землі малодшых князёў — траюрадных пляменнікаў, парушаючы тым самым запавет бацькі. Мелі яны намер захапіць і Полацкую зямлю. У такіх абставінах Полацк выступаў гарантам спадчыннага права і захавання справядлівасці.

У перыяд з 1065 па 1078 г. адбываюцца бітвы паміж Усяславам Чарадзеем і Яраславічамі за Пскоў, Ноўгарад, Менск, Смаленск. У 1067 г., пасля знакамітай бітвы на Нямізе, полацкі князь трапляе у палон і 14 месяцаў сядзіць у кіеўскай турме-порубе разам з двума сынамі. У выніку паўстання кіяўлян 15 верасня 1068 г. ён становіцца вялікім князем кіеўскім, але у хуткім часе вярта-ецца да сябе у Полацк. Пасля гэтага аж да смерці у 1101 г. ён знікае са старонак летапісаў.

Тым часам у канцы XI — пачатку XII ст. адбываюцца знакамітыя з’езды князёў у Любечы, Увецічах, каля Долабскага возера. На з’ездах вырашаецца пытанне аб падзеле зямель Кіеўскай Русі: "Хай кожны трымае вотчыну сваю". Полацкіх князёў на гэтых з’ездах не было. Яшчэ пры жыцці Усяслаў размеркаваў асобныя княствы Полацкай зямлі паміж шасцю сынамі (Давыдам, Барысам, Глебам, Раманам, Расціславам, Святаславам (Юрыем)). Найбольш буйное княства — Полацкае — дасталася Барысу, Менскае — Глебу. Асабліва актыўную палітыку па ўмацаванні свайго княства праводзіў Глеб менскі. Гэта выклікала незадаволенасць Кіева, бо Менскае княства у асноўным размяшчалася на этнічных дрыгавіцкіх землях. Частка ж гэтых зямель падпарадкоўвалася Кіеву. Войны Кіева і Менска скончыліся палонам Глеба і яго смерцю, відавочна, прымусовай, у Кіеве у 1119 г.

У XII — першай палове XIII ст. Полацкая, Тураўская землі і іншыя дзяржаўныя ўтварэнні на Беларусі перажывалі этап феадальнай раздробленасці. Гэта быў заканамерны і прагрэсіўны крок на шляху станаўлення і далейшага развіцця беларускай дзяржаўнасці. Аналагічныя працэсы адбываліся паўсюдна ў Еўропе. У Італіі, Францыі і Нямеччыне у гэты час утвараліся самастойныя каралеўствы, дзе ўлада належала феадальным сеньёрам. Асобна ўзвышаліся гарады-полісы з зародкамі алігархічна-дэмакратычнага кіравання. Сярод славянскіх зямель толькі Балгарыя і Сербія у канцы XII ст. дзякуючы нацыянальна-вызваленчай барацьбе з Візантыяй ішлі да кансалідацыі зямель. Астатнія — Харватыя, Чэхія, Польшча, Венгрыя — распадаліся на асобныя княствы, землі. Усюды паступова ўзмацняўся слой буйных феадалаў. Велікашы ў Харватыі, шляхта ў Чэхіі, можнаўладцы ў Польшчы пачыналі лічыць караля альбо вялікага князя толькі "першым сярод роўных". Самастойнае развіццё зямель і княстваў спрыяла росту гарадоў і ўнутраных рынкаў.

Нягледзячы на раздробленасць Полацкай зямлі, якая часам прыводіла да спрэчак і крывавых боек паміж самімі полацка-менскімі князямі Усяславічамі, на Полацкую зямлю звонку паглядалі як на ранейшую цэласную дзяржаву. Роля і аўтарытэт полацкіх валадароў не давалі спакою паўднёва-рускім князям. У 1129 г. кіеўскі князь Мсціслаў, аб’яднаўшы вялікія сілы, напаў на палачан. У выніку ўвесь радавод — князі Расціслаў, Святаслаў, Васіль, Іван, Давыд, былі схоплены і разам з сем’ямі высланы ў Візантыю. Там яны у якасці военачальнікаў змагаліся на тэрыторыі Малой Азіі з сарацынамі. Жывымі засталіся Васіль ды Іван, якія у 1138—1139 гг. вярнуліся на радзіму.

У пачатку XII ст. у грамадска-палітычным жыцці Полацкай зямлі пачалі адбывацца вялікія зрухі. Актывізавалася веча — агульны сход гараджан для вырашэння рознабаковых пытанняў. Веча выганяла і запрашала князёў, заключала мірныя дамовы і аб’яўляла войны, рэгулявала адносіны паміж рамеснікамі, заключала гандлёвыя дагаворы. Веча стала таксама і вышэйшай судовай інстанцыяй. Гэта было абумоўлена паглыбленнем і развіццём шматукладнай гаспадаркі у грамадстве. Феадальны уклад паступова перамагаў традыцыйную родаплемянную вытворчасць і рабаўладальніцкую эксплуатацыю. Паступова на першы план выступалі баяры і дружыннікі, якія праз пачатковае права збіраць даніну з дазволу князя падпарад-коўвалі сабе свабодных вытворцаў. Даніна змяняецца феадальнай рэнтай, з’яўляюцца вотчыны і воласці, разбураецца патрыярхальны уклад, у гарадах ствараюцца першыя цэхавыя арганізацыі па узоры "братчын". Паміж "старэйшымі" і "малодшымі" князямі ўсталёуваюцца васалітэтныя (падпарадкаваныя) адносіны. Узрастае актьгўнасць царквы як буйнога землеўладальніка. Але гэты час быў менавіта пераходным да феадалізму, бо захоўваліся і вольныя сяляне-абшчыннікі, і вольныя рамеснікі, і рабы — "халопы", "смерды". Рамяство яшчэ не аддзялілася канчаткова ад сельскай гаспадаркі. Разам з тым інтарэсы новых класаў, якія нараджаліся, і старых княжацка-патрыярхальных інстьггутаў усе часцей прыходзілі ў супярэчнасць.

Час феадальнай раздробленасці на Беларусі быў заканамерным этапам пераходу ад пачатковай дзяржаўнасці Полацкай і Тураўскай зямель да больш высокага ўзроўню кансалідацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

У пачатку XIII ст. над Полацкай зямлёй начала навісаць новая небяспека — на поўначы і захадзе з’явіліся нямецкія рыцары-крыжакі. Пачалася паступовая і настойлівая акупацыя зямель балтаў, якія былі у саюзніцкіх адносінах з палачанамі ці плацілі ім даніну, і ўласных полацкіх зямель. Ордэн мечаносцаў, які з 1237 г. называўся Лівонскім, узяў пад свой кантроль землі латгалаў і ліваў па ніжнім цячэнні Дзвіны, былі захоплены полацкія гарады Кукейнос (1208) і Герсіка (1209), у 1224 г. імі быў заняты эстонскі горад Тарту (Юр’еў). Крыжацкая пагроза прымушала ісці на ваенны саюз Полацка з Ноўгарадам і Полацка з Літвой. Дачка полацка-віцебскага князя Брачыслава — Параскева стала жонкай Аляксандра Яраславіча наўгародскага (Неўскага) у 1239 г. Але пераможныя бітвы з крыжакамі на р.Нява у 1239 г. і Чудскім возеры ў 1242 г. карэнным чынам сітуацыю не змянілі. Полацкая зямля паступова губляла сваю магутнасць і былую веліч. У такіх абставінах палачане і пайшлі на саюз з землямі Верхняга Панямоння, сталіцай якіх быў Наваградак, праз запрашэнне на свае княжанне літоўскіх князёў. У канцы 50 — пачатку 60-х гг. XIII ст. на полацкім княжанні з’яўляецца першы літоўскі князь Таўцівіл. Пачынаецца перыяд існавання Полаччыны ў саюзе з Літвой у новай дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім.

Тым часам у вышку мангольскіх паходаў 40—50-х гг. практычна ўся Усходняя Еўропа была падначалена ім. Тумены хана Бурундая дайшлі да Віслы. Вольнымі заставаліся толькі княствы-дзяржавы на Беларусі і Ноўгарад, ды і то апошні на чале з князем Аляксандрам быў выму­шаны плаціць манголам даніну. Акрамя таго, у 30-я гг. XIII ст. у Прусіі пачаў уладкоўвацца яшчэ адзін крыжацкі ордэн — тэўтонаў, які пад ударамі туркаў-сельджукаў быў вымушаны пакінуць Малую Азію. Пачынаўся новы "наступ на ўсход" праз прусаў, яцьвягаў, ліваў на Навагародскую і Віленскую землі, на маладую дзяржаву — Вялі­кае Княства Літоўскае.

Толькі кааліцыя ўсіх сіл паўночнай часткі Усходняй Еўропы дала магчымасць не без пераменнага поспеху адстаяць незалежнасць не толькі Полацкага і Наўгародскага княстваў, але і ўсіх іншых усходнесла-вянскіх зямель. Гэтыя вольныя астраўкі у моры разрабаваньгх і спаленых манголамі гарадоў і вёсак сталі падмуркамі кансалідацыі і адраджэння славянскіх княстваў. Беларускія землі, не зведаўшыя ўсіх жахаў мангольскага пагрому, адстаяўшыя у цяжкай барацьбе з крыжакамі сваю незалежнасць, пайшлі сваім, толькі ім характэрным шляхам з да новай дзяржаўнасці — Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.