Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гicторыя Беларускай Лiтаратуры 11-19 стагоддзяу....doc
Скачиваний:
56
Добавлен:
08.08.2019
Размер:
3.9 Mб
Скачать

Мікола Гусоўскі

Праз паэтычную спадчыну Гусоўскага лёс нібы яшчэ раз паспрабаваў падкрэсліць даўнюю ісціну: жыццё мінучае, мастацтва вечнае. Так сталася, што не захаваліся, альбо яшчэ не знойдзены шмат якія дакументы, канкрэтна звязаныя з яго асобаю. Жыццёвыя перыпетыі нібы сышлі ў цень, каб яскравей заззяла праз цемру вякоў творчасць выдатнага паэта, заснавальніка новалацінскай паэзіі ў Вялікім княстве Літоўскім.

Усё, што мы ведаем пра М. Гусоўскага сёння, змяшчаецца ў яго мастацкай спадчыне. Дакладна невядома, дзе і калі ён нарадзіўся і памёр, як і ў якім веку скончыў зямны шлях. На падставе датавання апошніх вядомых вершаў 1533 г. можна лічыць, што яго жыццё абарвалася пасля гэтай даты. У лісце паэта ад 11 лютага 1531 г. да перамышленскага біскупа Яна Карнкоўскага чытаем: «Маё здароўе — у ранейшым стане і не паляпшаецца. Прыкрасць ад гэтага я, як магу, аблягчаю заняткамі: заўсёды нешта чытаю альбо пішу, каб не заставалася без справы галава, калі пазбаўленыя дзейнасці ногі». На нашую думку, з ліста не вынікае, што паэт пакутаваў на параліч ног. Словы мастака можна трактаваць толькі ў тым плане, што нейкі, магчыма, працяглы час ён хварэў і не падымаўся на ногі. Калі вершы 1533 г. былі сапраўды яго апошнімі творамі, то з асцярожнасцю можна дапусціць, што гэтая хвароба магла стацца прычынаю смерці неўзабаве пасля 1533 г.

Першы вядомы твор М. Гусоўскага — «Песня пра зубра» — быў надрукаваны ў Кракаве ў 1523 г. Узровень паэмы не пакідае сумненняў у тым, што яе з'яўленню мусіла папярэднічаць грунтоўная гуманітарная адукацыя і пэўны літаратурны досвед. Характар разважанняў і тон паэтычнага апавядання таксама сведчаць пра сталасць аўтара «Песні». Беручы пад увагу ўсё гэта, умоўна прымаецца годам яго нараджэння 1480 г., хоць сапраўдная дата застаецца невядомаю. Куды з большай пэўнасцю можна вызначыць краіну, у якой ён нарадзіўся. У польскім літаратуразнаўстве, якое адкрыла для сябе Гусоўскага ў XIX ст., панавала перакананне пра польскае паходжанне стваральніка «Песні». Даследчыкі зыходзілі з літаральна зразуметых 119-га і 120-га радкоў паэмы:

In nemus arctoum, quamvis scriptoribus impar Romanis, certe hac arte, Polonus eo.

«У паўночную пушчу, хоць i не роўны ў мастацтве рымскім пісьменнікам, іду я, польскі (паэт)». Але ўжыць такі выраз Гусоўскі мог з розных меркаванняў. Найверагодней, што тут ён хацеў сказаць пра сваю грамадзянскую прыналежнасць да дзяржаўнай супольнасці Польшчы і Вялікага княства Літоўскага — Рэчы Паспалітай, якая паступова ператваралася ў канфедэрацыю пасля Крэўскай уніі, і пра падданства каралю Польшчы і вялікаму князю ВКЛ Жыгімонту I, у складзе дыпламатычнай місіі якога ён знаходзіўся ў Рыме. На гэта магло паўплываць і тое, што Польшча, маючы асобнага каталіцкага мітрапаліта і каранаванага Святым пасадам караля, была больш вядомая галоўнаму адрасату твора — папу Льву X. Магчыма, падобным азначэннем паэт хацеў дакладней акрэсліць краіну, з якой непасрэдна вырушыў у Рым, альбо ў якой прайшоў літаратурную школу. Так, згодна з нядаўна знойдзеным у Варшаве тэстамэнтам С. Гальшанскай, складзеным М. Гусоўскім у 1518 г. у Воўпе пад Ваўкавыскам, ён у той час быў клерыкам Перамышленскай дыяцэзіі. Нарэшце, прыведзеныя радкі семантычна могуць быць звязанымі з радком 85, дзе гаворыцца пра згаданых старажытнымі аўтарамі і роднас ных зубрам тураў, якіх alit in silvis terra Polona suis — «жывіць у сваіх лясах Польская зямля». Пад Кракавам шукаў радзіму паэта адзін з першых даследчыкаў ягонай паэтычнай спадчыны, аўтар шматтомнай «Гісторыі польскай літаратуры» М.Вішнеўскі. Але некаторыя з пазнейшых польскіх даследчыкаў дастаткова абгрунтавана аспрэчвалі гэты погляд. У 20-я гады мінулага стагоддзя львоўскі навуковец Ю. Каленбах, зыходзячы са зместу «Песні пра зубра», прывёў шэраг важкіх аргументаў на карысць беларускага паходжання яе стваральніка. На думку Каленбаха, пра гэта сведчаць наступныя факты: выдатнае веданне лесу, нораву зубра і сакрэтаў палявання на яго; далучанасць да звычаяў і традыцый беларускага народа; вялікая любоў да Літвы-Беларусі і ўслаўленне князя Вітаўта, што было б немагчымым, калі б паэт быў палякам.

Найбольш поўна і пераканаўча абгрунтаваў «беларускасць» Miколы Гусоўскага В. Дарашкевіч, падсумаваўшы ранейшыя даследаванні ў гэтым напрамку. Даследчык лічыў, што сам дух паэмы, яе моцны аўтабіяграфічны пачатак лучыць паэта з Беларуссю. Ён трывала звязаны з жывой народнай традыцыяй, з якой чэрпае прымаўкі накшталт «жывіся глухаром — будзеш мудрацом» альбо гэткія звычаі, як выпрабаванне вадою ведзьмаў, запісаныя на беларускіх землях пазнейшымі этнографамі. 3 зафіксаваных на пісьме варыянтаў прозвішча творцы Hussovianus, Hussoviensis, Ussovius у першых двух прыстаўлена фрыкатыўнае «г», што, паводле меркавання В. Дарашкевіча, «адпавядае фанетычнаму ладу старабеларускай мовы». Форма Ussovius, ужытая ў выданнях апошніх твораў паэта, дала даследчыку падставу зрабіць вывад, што пад канец жыцця пясняр вярнуўся да першапачатковага гучання свайго прозвішча.

Ад сябе дадамо, што тут можа ісці гаворка пра прыстаўное «г», як, напрыклад, у словах «гарэх», «гостры», «гануча». Цікава, што як мясцовая дыялектная асаблівасць гэтая з'ява пашыраная ў заходніх рэгіёнах Беларусі, але сустракалася яна і ў старабеларускай літаратурнай мове часоў Гусоўскага. У літаратурных і дакументальных помніках XV—XVI стст., апрача таго, фіксуюцца выпадкі, калі на пачатку слова перад наступным галосным выпадала «г» спрадвечнае, напрыклад: «оспожа», «осподар». Гэтая флюктуацыя «г» прыстаўнога і магла адбіцца ў формах прозві шча паэта. Калі гэта так, то пытанне пра тое, якая з гэтых формаў была першапачатковаю, можа быць знятае.

Важным фактам з'яўляецца таксама сведчанне Гусоўскага пра чытанне ім кірылічнай літаратуры ў пошуках звестак пра зубра. Яшчэ дакладней акрэслівае рэгіён свайго паходжання аўтар «Песнi», калі апавядае пра тое, як бацька вучыў яго паляўнічаму мастацтву і як ён, гонячыся за зверам, пераплываў Дняпро. Нарэшце, недвухсэнсоўна «зазямляе» патрыятызм Гусоўскага ў межах Літвы-Беларусі яго непадробнае захапленне Вітаўтам. Услаўляючы гэтага князя, стваральнік «Песні» мог абапірацца на яшчэ жывую традыцыю. Вітаўт памёр у 1430 г., а Гусоўскі нарадзіўся прыкладна ў 1475—1480 гг. I таму ў дзяцінстве цалкам мог чуць аповеды пра слыннага князя з вуснаў бачыўшых яго на свае вочы старых, народжаных каля 1410 г. Гэта пацвярджаюць і радкі паэмы, дзе апісваецца, як Вітаўту жыўцом дастаўлялі злоўленых зуброў: «...клалі звера да ног князя. Прызнаюся, я лічыў, што такога не можа быць, калі б верыць не змушалі старыя, якія памя-талі гэта».

Мяркуем, што яшчэ адно ўскоснае ўказанне на радзіму Гусоўскага схаванае ў прысвячэнні паэмы, дзе паэт успамінае, што па просьбе папы Эразм Вітэлій прасіў прыслаць чучала зубра ў віленскага ваяводы Міколы Радзівіла. Відавочна, што гэты падарунак Льву X, да якога паэт далучаў сваю паэму, павінен быў паходзіць з тэрыторыі, адміністрацыйна падначаленай Радзівілу, — з земляў Княства. Усе прыведзеныя аргументы даюць сур'ёзныя падставы гаварыць пра беларускае паходжанне паэта.

3-за адсутнасці дакументаў цяжка скласці нейкае большменш пэўнае ўяўленне пра сям'ю Гусоўскага. Невядома, наколькі шматлікай яна была, ці меў паэт братоў і сясцёр, хто была яго маці. Радкі «Песні пра зубра» схематычна вымалёўваюць толькі вобраз бацькі Гусоўскага, які прадстаўлены дасведчаным і мудрым паляўнічым: «Бацька вучыў мяне высочваць сховы звяроў, ідучы асцярожна, нячутным крокам; пазнаваць ненадзейныя вятры, каб звер носам альбо вухам не заўважыў засады». Змест паэмы і прысвячэння да яе дазваляюць прыблізна акрэсліць сацыяльны статус бацькоў творцы. Улічваючы тагачасныя грамадскія рэаліі, цяжка ўявіць, каб да вяршыняў еўрапейскай адукаванасці мог падняцца выхадзец з сялянства. В. Дарашкевіч звярнуў увагу таксама на адзін нюанс у паэме. Прыгадваючы свае ўцёкі ад зубра, Гусоўскі пэўным чынам дыстанцуецца ад плебсу: «Ён (зубр) часцяком наганяў на мяне такі ганебны страх, што непрыязны просты народ пляваў, (гледзячы) на мае ўцёкі». Улічваючы гэтае дыстанцыянаванне і спасылаючыся на гербоўнік К. Нясецкага, які не адносіў Гусоўскага да шляхты, даследчык выказаў меркаванне пра прыналежнасць бацькі паэта да стану баяраў — прамежкавага між шляхтаю і сялянствам.

Гэта можа быць цалкам верагодным, але не выключае і шляхецкае паходжанне паэта. Складанасць геральдычнай ідэнтыфікацыі ў дадзеным выпадку можа быць выкліканая няпэўнасцю пісьмовай формы назвы населенага пункта, дзе ён нарадзіўся і ад якога атрымаў прозвішча, альбо іншымі прычынамі. Мае пэўную цікавасць думка У. Калесніка пра тое, што бацька паэта мог служыць у паляўнічай дружыне вялікага князя ў якасці лаўца ці нават лоўчага. Разам з бацькам Гусоўскі меў магчымасць у пошуках звера для князя вандраваць па ўсёй Беларусі.

Высокія мастацкія якасці «Песні пра зубра», выдатная лацінская мова твора сведчаць не толькі пра прыродны талент яе аўтара, але і пра грунтоўную гуманітарную адукацыю, якую ён атрымаў да прыезду ў Рым. Застаецца загадкаю, дзе здабываў ён веды ў дарымскі перыяд свайго жыцця. Але можна з пэўнасцю меркаваць, што Гусоўскі «ішоў у людзі» звычайным для таго часу шляхам, якім праходзілі многія яго сучаснікі. Пачатковую адукацыю ён мог здабыць альбо індывідуальным парадкам ад якоганебудзь «дарэктара», альбо ў нейкай парафіяльнай школе. Больш верагодна, што будучы паэт навучаўся пры адной з каталіцкіх парафіяў, якіх на той час у Беларусі было нямала. У парафіяльных школах, якія лічыліся «меншымі», дзеці вучыліся чытаць і пісаць, авалодвалі элементамі матэматыкі і пачаткамі лацінскай мовы. Вывучэнне «азоў» лаціны грунтавалася ў той час на граматыцы Даната і на чытанні дыстыхаў Катона. Да гэтага далучалася царкоўна-рэлігійнае выхаванне, якое прадугледжвала завучванне галоўных малітваў, засваенне катэхізму і навыкаў касцельнага спеву.

Найбольш верагодна, што пасля пачатковай парафіяльнай школы Гусоўскі працягваў навучанне ў Віленскай кафедральнай школе. Такія школы ўтвараліся пры біскупскіх кафедрах і лічыліся навучальнымі ўстановамі вышэйшага ўзроўню. Як і ва універсітэтах, у іх выкладаліся прадметы цыклаў trivium (граматыка, рыторыка, дыялектыка) і quadrivium (арыфметыка, геаметрыя, астралогія і музыка). Моваю выкладання на гэтай ступені была ўжо лацінская, хоць яшчэ і выкарыстоўваўся пераклад на родную. Студэнты больш грунтоўна вывучалі лацінскую граматыку, авалодвалі метрыкай, засвойвалі рыторыку і паэтыку, чыталі ў арыгінале многіх лацінскіх аўтараў, у тым ліку і такіх паэтаў, як Вергілій і Гарацый. Вывучэнне рыторыкі і паэтыкі спалучалася з найпрасцейшымі літаратурнымі практыкаваннямі: напісаннем прамоваў, лістоў, вершаў у зададзеным жанры і на акрэсленую тэму. Хутчэй за ўсё, яшчэ падчас вывучэння рыторыкі і паэтыкі Гусоўскі пачаў пісаць свае першыя вершы.

Працягваць навучанне паэт мог і ў Кракаўскім універсітэце, які на той час быў у зеніце свайго росквіту. У Кракаўскай Alma mater вучылася шмат студэнтаў з Беларусі, выкладалі вядомыя прафесары. Курс навук уключаў і літаратурныя дысцыпліны, студэнты вывучалі творчасць многіх рымскіх пісьменнікаў і паэтаў, чыталі вядомых хрысціянскіх і свецкіх аўтараў Сярэднявечча, самі спрабавалі сябе ў літаратуры. Гусоўскага, напэўна, звязвалі з Кракавам нейкія невядомыя нам абставіны. Схіляе да такой высновы факт уключэння ў кнігу Гусоўскага «Новая дзівосная перамога над туркамі», выдадзеную ў 1524 г., вершаванага чатырохрадкоўя Мацея Пірсэра, былога выхаванца Кракаўскага універсітэта. Відаць, невыпадкова аўтар «Песні пра зубра» абраў Кракаў месцам свайго прытулку пасля вяртання з Рыму. Магчыма, тут ён спадзяваўся на дапамогу старых універсітэцкіх сяброў.

У 1978 г. польскі даследчык Г. Барыч на падставе выяўленых ім у Балонскім універсітэце дакументаў, дзе фігураваў выкладчык рыторыкі 1519—1520 гг. нейкі Polonus Lithuanus Nicolaus Albinus, выказаў меркаванне пра тоеснасць гэтай асобы з Міколам Гусоўскім. Зыходзячы з таго, што да чытання курсу рыторыкі пасля адмысловага выпрабавання дапускаліся маладыя людзі ва ўзросце не больш за 25 год, Г. Барыч указваў на неабходнасць пераносу даты нараджэння Гусоўскага на пазнейшы час - канец XV ст. Як вынікае са знойдзеных папераў, памянёны Мікалай Альбін у 1520 г. хадайнічаў перад радаю Балонскага універсітэта пра абарону доктарскай ступені «бясплатна і з любові да Пана Бога». Развіваючы гіпотэзу Г. Барыча, беларускі літаратуразнавец Я. Парэцкі ў сваёй манаграфіі «Николай Гусовский» (1984) дапусціў, што прозвішча Альбін (Albinus) штучнае і ўяўляе з сябе лацінізаваную форму адпаведнага беларускага, утворанага ад назвы населенага пункта ці гідроніма тыпу «Белае», «Белая» ды інш. На думку Я. Парэцкага, паэт мог спачатку карыстацца формаю, вытворнаю ад тапоніма ці гідроніма, а затым вырашыў назваць сябе інакш. У сувязі з гэтым беларускі навуковец звяртае ўвагу на назвы вёсак з асновамі Уш-, Туш-, Ушч-, Гушч-, Ус-, якія размяшчаюцца паблізу азёраў ці рэчак з найменнямі, што пачына юцца на Бел-. У прыватнасці, ён указвае на воз. Белае на Гаро-дзеншчыне, недалёка ад якога стаіць вёска Гушчыцы, а таксама на рэзідэнцыю князёў Радзівілаў Alba Ducalis у в. Бялай, у ва-коліцах якой размяшчаліся вёскі Гушча, Гусінкі ды інш.

Я. Парэцкі заўважыў яшчэ адну дэталь. Плоцкі біскуп Эразм Вітэлій, мецэнат і апякун Гусоўскага, збіраўся заснаваць у Пул-туску (Польшча) асяродак гуманістыкі, куцы запрасіў вучоных з Італіі ды іншых заходнееўрапейскіх краінаў. Сярод іх быў Кар­ла Антоніа, які прыбыў з Балонні ў 1504 г. і паступіў на службу да біскупа, дзе імкліва пачаў уздымацца па сацыяльнай лесвіцы, праз нейкі час стаўшы канонікам, а затым, у 1515 г., сябрам Плоцкай капітулы, атрымаўшы шляхецкую годнасць. Гусоўскі ў сваім вершаваным пасланні да Карла Антоніа, напісаным каля 1533 г., называе яго сваім старым і верным сябрам. На падставе гэтага Я. Парэцкі лічыць, што Гусоўскі пасябраваў з італьянскім гуманістам, бываючы ў свайго мецэната Эразма Вітэлія ў Пул-туску ці Кракаве. Антоніа і мог дапамагчы юнаку патрапіць у Ба-лонскі універсітэт. Верагодна, што менавіта адтуль аўтар «Песні пра зубра» ў 1520 г. накіраваўся ў Рым, далучыўшыся да пасоль­ства Вітэлія, якое рухалася ў той час праз Балонню.

На жаль, гэтая цікавая і смелая спроба праліць святло на да-рымскі перыяд жыцця паэта застаецца толькі гіпотэзай, заснава-най на дапушчэнні, што ён і балонскі дактарант Мікалай Альбін — гэта адна і тая ж асоба. Але ў творах Гусоўскага, з якіх чэрпаюцца звесткі пра ягонае жыццё, няма ніякага намёку на тое, што ён некалі мог выступаць пад іншым прозвішчам. Не выяўлены і да-кументы, якія асвятлялі б яго біяграфію і сведчылі б пра нейкія сувязі з Італіяй да прыбыцця ў Рым. Наадварот, Гусоўскі ў пер-шых радках сваёй паэмы падкрэслівае, што «Нядаўна я прыбыў у Італію, якую дагэтуль ніколі не бачыў...»: Nuper ad Italiam nullo mihi tempore visam venimus... Сумніўным выглядае таксама імкнен-не перанесці на больш позні час (прыкладна на 20 гадоў) дату нараджэння стваральніка «Песні». Са зместу твора вымалёўваец-ца асоба чалавека бывалага, са сталымі перакананнямі і ўмерка-ваным эмацыянальным жыццём, цвярозым розумам. Калі дапус-ціць, што Гусоўскі сапраўды нарадзіўся на мяжы XV і XVI стст., то верагоднасць таго, што ён мог яшчэ сутыкацца з цалкам жы-вой памяццю пра Вітаўта, значна зніжаецца. А ў паэме народная традыцыя вітаўтавых часоў жыве магутна і паўнакроўна.

Рымскі перыяд жыцця і творчасці нашага знакамітага земля­ка бадай самы вядомы з усіх этапаў яго біяграфіі. Узнавіць па­дзейную канву гэтага часу можна на падставе творчага даробку паэта, а таксама абапіраючыся на задакументаваныя біяграфічныя звесткі пра яго мецэната і апекуна Эразма Вітэлія. I паводле свайго паходжання, і па духу Эразм Цёлак, альбо ў лацінізаванай форме Вітэлій (Vitellius), быў яскравым прадстаўніком Рэнесансу. Нарадзіўшыся ў беднай мяшчанскай сям'і, ён, дзякуючы сваёй працы і прадпрымальнасці, змог выбіцца з беднасці і падняцца на самую высокую ступень у тагачасным грамадстве. Атрымаўшы годнасць магістра пасля Ягелонскага універсітэта ў Кракаве, Цёлак з 1494 г. знаходзіўся ў Вялікім княстве Літоўскім і займаў пасаду сакратара велікакняскай канцылярыі, а з 1499 г. — пробашча і каноніка Віленскай капітулы. Выдатныя здольнасці здабылі яму любоў і падтрымку вялікага князя Аляксандра. У 1502 г. Эразм Вітэлій атрымаў шляхецтва, а ў 1503 г. быў прызначаны плоцкім біскупам. Цудоўны прамоўца і дасведчаны палітык, Эразм Вітэлій неаднаразова выконваў складаныя дыпламатычныя даручэнні ад імя Вялікага княства і Кароны. Ён узначальваў пасольскія місіі ў Ватыкан у 1501, 1505 і 1518-1522 гг.

М. Гусоўскі мог пазнаёміцца з Цёлкам у 90-я гады XV ст. У той час Эразм Вітэлій шмат падарожнічаў па Беларусі і мог наведаць і тыя мясціны, адкуль паходзіў будучы паэт. Ва ўсякім разе, Эразм Цёлак адыграў важную ролю ў жыцці паэта, пра што ён, не называючы імені свайго мецэната, кажа на пачатку «Песні пра зубра»:

Ne tamen unius monitus, cui maxima quaeque Debeo, posthabeam...

«Аднак, каб не пакінуць без увагі пажаданні таго, каму я найбольш абавязаны...» (вершы 25—26).

Невядома дакладна, калі Гусоўскі апынуўся ў Рыме: ці ён прыбыў туды разам з пасольствам, ці далучыўся да яго пазней. Напрыклад, польскі гісторык В. Пацеха даводзіў, што ён прыехаў у Рым толькі ў 1521 г. Калі гэта так, то паэт мог быць выкліканы туды Эразмам Цёлкам. Магчыма, з гэтым можна было б неяк суаднесці факт адсутнасці імя Гусоўскага ў спісах пасольства, які патрабуе свайго тлумачэння. Але думаецца, што Гусоўскі прыбыў у Рым раней 1521 г. і прабыў там не адзін год, прынамсі да восені 1522 г., калі памёр яго мецэнат. Асноўнаю мэтаю пасольскай місіі, узначаленай Эразмам Цёлкам, было стварэнне шырокай кааліцыі еўрапейскіх дзяржаваў супраць Турцыі і Крымскага ханства, якія пагражалі бяспецы ўсёй Еўропы.

Актыўна працуючы ў Рыме дзеля рэалізацыі гэтага плана, Вітэлій сутыкнуўся з інтрыгамі сваіх супернікаў у Польшчы — прымаса Я. Ласкага, біскупа А. Крыцкага ды інш. Польскія можнаўладцы не маглі дараваць хуткага ўзвышэння чалавеку нязнатнага роду, асабліва калі кіраўнік пасольства пачаў дамагацца ў Ватыкане кардынальскай шаты без згоды сената і караля. Магчыма, адносіны з польскай духоўнай элітай ускладняліся яшчэ і тым, што ў прамовах, сказаных у Аўсбургу і Ватыкане і выдадзеных у 1519 г. у Рыме, Вітэлій не хаваў сваіх сімпатыяў да Вялікага княства Літоўскага. Водгук яго прамоваў чутны і ў «Песні пра зубра». У сувязі з гэтым выказвалася здагадка пра дачыненне да іх напісання Міколы Гусоўскага, які ў Рыме быў прыбліжаным Цёлка, а магчыма, нават выконваў функцыі ягонага сакратара. Шматзначны тэрмін familiaris, якім называе сябе паэт у прысвячэнні «Песні пра зубра», можна разумець і як «сябра», «блізкі», «дамачадзец», і як «слуга».

Паддаўшыся ціску з боку арыстакратычных колаў Польшчы, у 1521 г. Жыгімонт I, вялікі князь ВКЛ і польскі кароль, адхіліў Эразма Цёлка ад выканання абавязкаў пасла, адмаўляючыся ад ідэі стварэння ваенна-палітычнага аб'яднання еўрапейскіх краінаў супроць Турцыі. Усведамляючы, што такое рашэнне караля касуе вынікі шматгадовых намаганняў па стварэнні блока і ставіць пад удар аўтарытэт і інтарэсы ВКЛ і Кароны, пасольская місія, заручыўшыся падтрымкаю Льва X, на свой одум вырашыла застацца ў Рыме і працягваць дыпламатычную дзейнасць. У гэты складаны для Эразма Вітэлія час Гусоўскі звяртаецца да яго са словамі падтрымкі і суцяшэння ў вершы, які так і называецца — «Суцяшэнне». Слушнасць рашэння кіраўніка місіі, хоць і пасля ягонай смерці, усё ж была прызнаная каралём, які адзначыў, што паслы выконвалі свае абавязкі «сумленна і слаўна».

У 1522 г. Рым і іншыя мясціны Італіі апанавала чума. Згубная пошасць касіла людзей з такой лютасцю, што вуліцы былі заваленыя трупамі. Абраны пасля смерці Льва X у 1521 г. папа Адрыян VI адкладваў свой прыезд у Рым, біскупы і кардыналы пакінулі Вечны горад. I народ, застаўшыся без духоўнай улады, у роспачы ад свайго бяссілля і ў паняверцы звярнуўся да магічных сродкаў. Нейкі грэк Спартанус паводле паганскага рытуалу ўзяўся выбавіць рымлянаў ад заразы, ахвяраваўшы чорнага быка. Хрысціянская набожнасць Гусоўскага была абражаная гэтым учынкам, з нагоды чаго ён напісаў верш «На ахвяраванне чорна га быка ў Рыме». Пачуцці, выкліканыя падзеямі часоў чумы, знайшлі водгук яшчэ ў трох творах Гусоўскага: «Малітва да святой Ганны», «Чутка, якая нечакана ўзнікла ў касцёле сан Ларэнца ін Дамаза» і «Да святога Себасцяна».

Эпідэмія закранула сваім чорным крылом і жыццё самога паэта: 22 верасня 1522 г. памёр яго дабрадзей і мецэнат Эразм Цёлак. Аддаючы даніну памяці гэтаму незвычайнаму чалавеку, Гусоўскі ўшанаваў яго, змясціўшы на надмагіллі нябожчыка ў касцёле Марыя дэль Попала сваю вершаваную эпітафію. Гэтае няшчасце, відаць, і падштурхнула паэта да пераезду ў Кракаў. Застаўшыся пасля смерці Льва X і Вітэлія без усялякай падтрымкі, толькі ў Кракаве ён мог спадзявацца на выхад у свет «Песні пра зубра». Тут можна было скарыстацца былымі сувязямі, каб адшукаць сродкі на друк. Тут было бліжэй да Радзімы. Але выданне кнігі на роднай зямлі было немагчымае, бо ў Вільні толькі пачынаў сваю дзейнасць Францішак Скарына. Усе гэтыя абставіны, хутчэй за ўсё, і змусілі Гусоўскага спыніцца ў Кракаве. Вярнуцца на Радзіму яму, мяркуючы па яго творах, перашкодзілі нястача і хвароба. Тым не менш і ў сталіцы каралеўства паэт не адкладаў пяро. У 1524 г. пабачыла свет паэма Новая дзівосная перамога над туркамі», прысвечаная перамозе над туркамі пад Трамбоўлем. Праз год выйшаў яшчэ адзін значны твор Гусоўскага «Жыццё і дзеі святога Гіяцынта», дзе ён уславіў дзейнасць вядомага святога XIII ст. Гіяцынта, ці Яцка, які нейкі час вёў сваю працу на тэрыторыі Русі-Украіны.

Пасля пераезду ў Польшчу М. Гусоўскі падтрымліваў сяброўскія адносіны з Карла Антоніа з Балонні, якому адрасаваў вершаванае пасланне «Да вялебнага пана Карла Антоніа Балонскага» (1523). Другі паэтычны ліст у гэты ж час ён скіраваў «Да дастойнага пана Яна Карнкоўскага», які стаў апошнім апекуном творцы. Ян Карнкоўскі, які нарадзіўся на Львоўшчыне і быў выхаванцам Калімаха, займаў тады высокую пасаду перамышленскага біскупа. У апошнія гады свайго жыцця паэт нейкі час жыў у Пултуску. Мяркуюць, што дзякуючы свайму новаму дабрадзею пры канцы жыцця Гусоўскі атрымаў у гэтым горадзе нейкую працу ў касцельнай сферы, а магчыма, выконваў нават святарскія функцыі. 3 ліста ад 11 лютага 1531 г., пісанага з Пултуска да Яна Карнкоўскага, вынікае, што і ў гэты час ён не пераставаў пісаць.

Тры апошнія вершы М. Гусоўскага, датаваныя 1523 г., былі ўключаныя ў кнігі, аўтарам якіх ён не з'яўляўся. Адзін з вершаў — гэта паэтычны зварот «Да чытача» на пачатку кнігі Аўрэлія Ліпія «Прамова пра муку Панскую», другі — «Наказ пасты рам клапаціцца пра статак Панскі» ў кнізе «Штодзённыя рубрыкі для Кракаўскай дыяцэзіі на 1534 г.» (надрукавана ў 1533 г.), трэці змешчаны ў кнізе паэзіі Андрэя Крыцкага і мае назву «Пад выяваю ўкрыжаванага Хрыста». Тэматыка апошніх твораў Гусоўскага сведчыць пра нарастанне ў іх хрысціянскіх матываў. Паэт нібы пачынае змяшчацца са свету фізічнага быцця ў неабсяжную прастору духа, каб і застацца там, адышоўшы ад нас гэтак жа таямніча і незаўважна, як і прыйшоў — у неакрэслены час, у невядомым месцы.

Да нашага часу дайшло 14 паэтычных твораў М. Гусоўскага. 11 з іх — гэта параўнальна невялікія (ад 4 да 84 радкоў) вершы, напісаныя рознымі вершаванымі памерамі: пераважна дыстыхам элегійным (9 твораў), а таксама гекзаметрам (1) і малой сапфічнай страфою (1). Тры астатнія — гэта паэмы, якія маюць большы аб'ём (174, 869 і 1072 радкі) і выйшлі асобнымі выданнямі. Памер двух з іх — элегійны дыстых, аднаго — дактылічны гекзаметр.

Найбольш значнае месца ў паэтычным даробку М.Гусоўскага займае твор пад назваю «Саrmen de statura, feritate ас venatione bisontis», якую на беларускую мову можна перакласці прыкладна як «Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго», хоць слова statura можна перадаць па-беларуску i як «постаць», «велічыня», a feritas — як «дзікасць», «зверскасць», «неўтаймаванасць».

У прадмове да «Песні пра зубра» аўтар прыгадвае, што фармальнай падставаю да напісання твора сталася падзея, звязаная з жаданнем папы Льва X даведацца болей пра зубра. Пра незвычайнага паўночнага звера пантыфік мог пачуць ад Эразма Вітэлія — мецэната Гусоўскага альбо непасрэдна ад самога паэта. Вырашана было «прадставіць у Рыме чучала бізона, якога мы называем зубрам, набіўшы сенам яго шкуру». Дзеля гэтага Вітэлій звярнуўся з просьбаю да віленскага ваяводы М. Радзівіла падшукаць «найвялікшую шкуру гэтай жывёлы... а мне, на той час свайму дарадцу, наказаў напісаць нешта пра характар гэтага звера і паляванне на яго, жадаючы паказаць ягоную постаць пантыфіку і рэчамі і словамі».

Гэтае сведчанне надзвычай важнае для разумення не толькі жанравай спецыфікі твора, але і яго агульнай танальнасці і ўсёй сэнсавай скіраванасці тэксту. Фактычна «Песня пра зубра» павінна была выконваць ролю эпіграмы — у яе першасным значэнні: запісанага на магільным помніку галашэння па памерлым. Як вядома, з пахавальнай заплачкі паўстала таксама элегія, якая ў адрозненне ад эпіграмы і пазней захоўвала сумны, тужлівы характар. Абодва гэтыя і некаторыя іншыя жанры развіліся з коліш няга плачу па зніклым (памерлым) татэме. Тэты матыў падзеліцца пазней на мноства іншых, знешне непадобных, але генетычна тоесных.

Антычная эпіграма найбольшага развіцця дасягнула ў творчасці Марцыяла, антычная элегія — у паэзіі Авідзія. Першапачатковы матыў смерці, пахавання ў элегіях Авідзія ўжо выступае і ў трансфармаваным выглядзе — смутку з прычыны растання з Радзімаю. I гэта таксама можна зразумець, беручы пад увагу асаблівасці архаічнага светаўспрымання, калі выхад члена родавага калектыву за мяжу рассялення роду ўспрымаўся як смерць. У антычным грамадстве выгнанне заўсёды прыраўнівалася да смерці. Нярэдка выгнаннем замянялі смяротны вырак. У «Песні пра зубра» жанр эпіграмы-эпітафіі зліваецца з жанрам элегіі. Адбываецца нібы іх вяртанне да першаснага адзінства. Найбольш выразна ў творы Гусоўскага выўляюцца адзнакі менавіта гэтых двух жанравых відаў: эпіграмы-эпітафіі як надмагільнага надпісу пра смерць татэма-героя з услаўленнем яго подзвігаў і элегіі як увасаблення гэткіх жа жалобных настрояў і матываў, галоўны сярод якіх - матыў смутку па пакінутай Радзіме. Гэтым, перш за ўсё, можа тлумачыцца тая акалічнасць, што для паэмы пра паляванне М. Гусоўскі абраў элегійны дыстых, хоць у антычнасці, на якую кіраваліся і Сярэднявечча і эпоха Рэнесансу, паляўнічыя творы пісаліся гекзаметрам. У прыватнасці, «Кінэгэтыка» (Паляванне з сабакамі) Фаліска Грацыя і аднайменная эпічная паэ-ма Марка Намезіяна, ад якіх, на думку польскага даследчыка Е. Крукоўскага, мог адштурхоўвацца беларускі паэт, укладзеныя гекзаметрам. Тым не менш у «Песні пра зубра» адчуваецца і моцны эпічны пачатак: у суадносінах аўтара і апісаных падзеяў, у развітасці сюжэта, у сэнсавай структуры, якая прадстаўляе апісанне подзвігаў памерлага героя.

Не менш відавочныя ў творы і рысы драмы, асабліва ў кампазіцыйнай арганізацыі: наяўнасць перыпетыі, агона, смерці галоўнага героя. Жанравы сінкрэтызм «Песні пра зубра» набліжае яе да архаічных абрадавых дзействаў на мяжы міфалогіі і літаратуры, калі знікненне-смерць (альбо ахвяраванне) татэма-героя суправаджалася словам, музыкаю, танцам, драматычным дзеяннем. Магчыма, што ў дадзеным выпадку мы маем дачыненне з захаваннем у літаратурнай свядомасці М. Гусоўскага архаічнага народнага светаўспрымання, якое міжвольна адлілося ў тыпала гічна роднасную жанрава-сюжэтную і метрычную форму, трансляваную з антычнасці.

Пры першым поглядзе на «Песню пра зубра» можна вылучыць у ёй тры заўважныя тэматычныя лініі, якія прасякаюць яе змест, падаюцца ў яе поўнай назве і ўплываюць на ўнутраны падзел твора. Ва ўступнай частцы (вершы 1—50) паэт апавядае пра здарэнне, якое паклала пачатак стварэнню паэмы, выказвае пачуцці, звязаныя з зубрам і працаю над творам пра яго, ды фармулюе прынцыпы гэтай працы. Далей (вершы 51-120) уводзіцца адна з вядучых тэматычных лініяў, прапанаваных у назве, — апісанне знешняга выгляду зубра. Працягам гэтай лініі будуць і вершы 145—236, дзе паказваюцца «характар і звычаі звера». Між гэтымі дзвюма акаймляючымі часткамі ўстаўлены фрагмент (вершы 121— 144), дзе апісваецца другі галоўны персанаж твора — паляўнічы з яго лавецкім досведам. Наступны адрэзак тэксту (вершы 237-324) рэпрэзентуе беларускі лес і яго багацці, дзівы, што здараюцца ў паўночным краі. Галоўнае месца ў творы займае частка, прысвечаная паляванню (вершы 325—984), дзе развіваюцца дзве астатнія, пададзеныя ў назве, тэматычныя лініі: feritas — лютасць зубра і ўласна паляванне на яго.

На вершы 988 разам са смерцю зубра тры пазначаныя паэтам тэматычныя ніці абрываюцца, спыняецца дзеянне і час твора. Але змест гэтым не вычэрпваецца, бо атрымлівае працяг іншая тэма, якая выўлялася і ў ранейшым ходзе апавядання ды супастаўлялася з паляваннем, — вайна і нязгоды сярод хрысціянскіх уладароў перад пагрозаю турэцкай навалы (вершы 985—1026). Гэтая ж тэма прысутнічае і ў малітве да Багародзіцы (вершы 1027—1072) — завяршальнай частцы паэмы. Такім чынам, выступаючы за рамкі створанага ў паэме мастацкага свету, тэма вайны і звадаў між хрысціянскімі дзяржавамі тым самым акцэнтуецца і набывае асабліва моцнае гучанне. Як на палотнах сярэднявечных майстроў жывапісу, выхад за рамку ў Гусоўскага — гэта экспансія мастацкага свету ў рэальны, у дадзеным выпадку — гэта канстатацыя няўхільнай рэальнасці вайны, настойлівай неабходнасці яднання ўсіх хрысціянаў Еўропы перад турэцкай пагрозаю. Парадокс у тым, што вынесеныя за рамку канцовыя часткі «Песні пра зубра» адначасна выконваюць і ролю самой рамкі.

Такі ж эфект дасягаецца і на пачатку твора: уступная рамачная частка змяшчае, па сутнасці, але яшчэ ў латэнтным выглядзе яго галоўны змест. Так, апісанне бою быкоў — гэта не што іншае, як рымская копія будучага палявання на зубра, своеасаблівая

мініяцюра ў рымскім выкананні. Названая тут і другая тэма — feritas, што паказваецца праз пачуцці паэта, якія ахопліваюць яго пры ўспаміне пра зубра. У вершах 11—12 апісальным выразам magna ferarum robora (вялікія целы звяроў) паэт прадстаўляе постаць зубра, якога далей праз усю паэму ён будзе называць fera — (дзікі) звер. Параўнанне абедзвюх «рамак» — уступнай і заключнай — дазваляе вылучыць дадатковыя семантычныя акцэнты. Ва ўступе твора тэма вайны не прадстаўленая, тым больш акцэнтуецца яна ў заключэнні. Ва ўступнай частцы вайне адпавядае бой быкоў: паэта дзівіць лютасць і шал быкоў, у канцы твора ён абураецца гэтымі якасцямі ва ўладарах, якія вядуць братазабойчыя войны.

Само змешчанае ў рамкі паэтычнае палатно таксама неаднароднае па сваёй будове. Тэкст паміж уступам і ядром твора — паляваннем — складаецца з частак, якія прымыкаюць адна да адной у лінейнай паслядоўнасці згодна з ходам апісання: спачатку апісваецца зубр, затым паляўнічы, характар і звычкі зубра, лес, дзівы паўночнага краю. Гэтыя экспазіцыйныя часткі прадстаўляюць чытачу галоўных герояў будучага дзеяння і акалічнасці, у якіх яны будуць дзейнічаць.

Такім чынам, першы этап апавядання мае статычны характар. Гэта этап сузірання, калі час яшчэ не пачаў свой бег. Але статыка апісання ў гэтых частках здымаецца дынамізмам уведзеных у тэкст драбнейшых кампазіцыйных элементаў, зменаю пунктаў гледжання, з якіх вядзецца апісанне. Так, апісваючы зубра, апавядальнік то апеЛюе да меркавання паляўнічых, то выказвае думку пра гэтага «звера» сярэднявечных аўтараў, то абапіраецца на айчынныя пісьмовыя помнікі, то звяртаецца да працаў Плінія. Падобная стэрэаскапічнасць апісання сумяшчаецца з эмацыйнай ацэнкаю гэтых поглядаў лірычным героем альбо выказваннем ягоных пачуццяў, думак, успамінаў у сувязі з апісанымі аб'ектамі.

Часам уключэнні ў тканіну твора маюць выгляд не кароткіх рэплік, а цэлых «абразкоў», «твораў у творы», рамкамі якім служыць асноўны тэкст. Нярэдка бывае досыць цяжка ўлавіць пераход ад асноўнага апісання да гэткай «мініяцюры». Даволі часта пра гэта можа сігналізаваць толькі змена плана паказу: набліжэнне пазіцыі апавядальніка да апісанага аб'екта. Такі абразок можа ілюстраваць альбо пацвярджаць нейкую тэзу аўтара, як, напрыклад, апавяданні пра сівога зубра-важака, пра выпрабаванне чараўнікоў вадою, альбо як бы крышталізавацца з самой плыні апавядання (параўн.: «абразкі» з паказам гульняў зубранятаў, гульняў сталых зуброў і іх шлюбных «страсцяў»).

Ядро твора — апавяданне пра паляванне дэманструе іншы прынцып тэкставай арганізацыі. Апавядальнік рухаецца ад перыферыі падзеяў у іх цэнтр, дзеянне канцэнтруецца і нарастае, каб скончыцца сцэнаю двубою чалавека і зубра ды гібеллю апошняга. Спачатку ўвага скіравана на паляванне наогул, затым ракурс звужаецца да палявання на зубра, далей, ад моманту заключэння зубра і чалавека ў загароду, пачынаецца ўласна змаганне двух антаганістаў, а на наступным этапе, калі паводзіны зубра выяўляюць яго знясіленасць, паляванне ўступае ў завяршальную стадыю, якая заканчваецца двубоем і смерцю зубра. У параўнанні з экспазітыўнай галоўная частка вызначаецца дынамізмам, які нарастае з развіццём дзеяння, якое жорстка скіравана і перарываецца ўстаўнымі элементамі: думкамі і пачуццямі, эстэтычнымі разважаннямі лірычнага героя, паказам жахаў вайны, якую самнасам вядуць Вялікае княства і Польшча супроць ворагаў усяго хрысціянскага свету, эпізодамі з жыцця паляўнічых ды інш. Галоўнымі персанажамі некаторых такіх уставак з'яўляюцца айчынныя дзяржаўныя дзеячы, як у «пахвалах» біскупу Эразму Цёлку, вялікаму князю ВКЛ і каралю Польшчы Жыгімонту I, вялікаму князю Вітаўту і ў сцэне небяспечнага палявання караля Аляксандра.

Характар дзеяння ў творы збліжае яго з драмаю, прычым з найбольш архаічным яе відам тыпу старагрэчаскай (напрыклад, эсхілавай). На пачатку дзеянне амаль адсутнічае, затым яно імкліва нарастае і хутка завяршаецца. У аснове яго развіцця ляжыць змаганне-антаганізм паміж двума супрацьлеглымі пачаткамі, якія ўвасабляюцца ў хоры і пратаганісце. Сама барацьба ў драме разгортваецца ў выглядзе дыялогаў-спрэчак (у паэме ім адпавядаюць напады і адступленні, абмен ударамі з абодвух бакоў) і дасягае кульмінацыі ў перыпетыі — павароце дзеяння ў адваротны бок (параўн. у паэме той момант, калі лютасць зубра пераходзіць у знясіленасць, а лаўцы спешваюцца).

У «Песні пра зубра» відавочная «харычнасць» паляўнічага калектыву, калі ніводзін яго член, як, дарэчы, і аўтар, не вылучаецца з грамады і не называецца па імені. Выпадак з Лаўрынам не абвяргае, а толькі падмацоўвае гэтую тэзу, бо небарака гіне менавіта з-за таго, што ідзе на зубра адзін, адарваўшыся ад калектыву. Зубр у творы змагаецца з адзіна-множным паляўнічым хорам. Вітаўт і іншыя ўладары так альбо інакш у паэме звязваюцца з гэтым хорам і маюць шмат рысаў, якія ўласцівыя колішнім ка рыфеям хора. Карыфей вылучаецца і ў кульмінацыйны момант змагання — агоне-двубоі з зубрам, дзе замест камедыйнай стыхамітыі — слоўнай дуэлі адбываецца сапраўдная. Пры гэтым варта адзначыць, што ў Гусоўскага агон таксама часам набывае камічны характар, а слоўная барацьба метафарызуецца ў змаганне языка і мяча.

Два антаганістычныя пачаткі ў творы адліваюцца ў персанажы зубра і лавецкай грамады. Вызначальная, першасная роля зубра падкрэслена самою назваю паэмы. Для азначэння гэтага героя Гусоўскі сінанімічна выкарыстоўвае словы bison (бізон, зубр) і urus (тур) — падвідавыя назвы жывёлаў аднаго віда, альбо акрэслівае яго відавым найменнем bos ці taurus (бык). Але найчасцей зубр выступае ў паэме пад назваю fera (дзікі звер). Калі параўнаць частату ўжывання розных азначэнняў зубра, то выявіцца, што назва bison сустракаецца 8 разоў, urus — 4, bos і taurus — па 2 разы, слова ж fera — 52 разы! Гэта родавае азначэнне лучыць зубра з усім класам дзікіх звяроў і з'яўляецца элементам характарыстыкі, бо падкрэслівае ў героі якасць дзікасці, лютасці (feritas) — тую якасць, якая названа і ў загалоўку твора. Якасна характарызуе зубра і яшчэ адно родавае азначэнне — belua (вялікая, жахлівая, пачварная і няўклюдная жывёліна), ужытае ў творы 6 разоў.

Ужо з першых радкоў (вершы 16—17) постаць зубра набывае эмацыйную афарбоўку, пераламляючыся праз пачуцці лірычнага героя:

...non sponte bisontem

Scribimus, invisam terribilemque feram.

«...Неахвотна пішам мы пра бізона — ненавіснага і жахлівага звера». Сэнс гэтага выказвання раскрываецца ў наступных радках, дзе паведамляецца, што звер вядомы ў паўночным краі «праліццём чалавечай крыві» і «забойствамі», а на самога аўтара ён «часта наганяў ганебны страх». Пачынаючы з верша 51 уражанне жаху яшчэ больш нагнятаецца знешнім выглядам зубра — «найлюцейшага ў ліцвінскіх лясах звера»: яго «велізарным целам», галавою, між рагоў якой могуць «сесці тры чалавекі», «страшнай, стаячай тырчком барадою», «чырвонымі, поўнымі гневу, вачыма», «жахліваю грываю, якая спадае на грудзі і калені, хаваючы ніз цела». Абапіраючыся на меркаванне паляўнічых, паэт зазначае, што «целам ён мае выгляд кашлатага казла, хоць іншыя члены выяўляюць у ім быка». Цёмны, бура-чорны колер цела як найлепей адпавядае ўсяму знешняму выгляду зубра, канчаткова акрэсліваючы яго як істоту хтанічную.

Характарыстыка зубра дапаўняецца і ўзбагачаецца не толькі на падставе ўласнага досведу лірычнага героя і меркавання паляўнічых, з якімі ён сябе атаясамляе, але і суаднясеннем гэтых пунктаў гледжання з іншымі. Паказваючы незвычайнасць зубра, Гусоўскі адкідае домыслы некаторых сярэднявечных аўтараў, якія надзяляюць жывёліну «разложыстымі рагамі» ці «пачварнаю, вялікай вагі, губою». Апелюе ён і да «раксанскіх кнігаў, мова якіх пазначаецца грэцкімі літарамі», каб канстатаваць, што «такой жывёлы не бачылі нідзе ў свеце, хіба можа перад патопам на поўначы». 3 даверам ставіцца паэт да паведамленняў антычнага натураліста Плінія Старэйшага і, наадварот, крытычна ўспрымае звесткі, пададзеныя сярэднявечным гісторыкам Паўлам Дыяка-нам. Усе гэтыя пастаўленыя побач меркаванні ствараюць аб'ёмны, надзвычай рэльефны вобраз «жыхара лесу», падкрэсліваюць яго веліч і незвычайнасць.

Апісанне знешняга выгляду змяняецца паказам натуры і звычак зубра. Сцвярджаецца, што ён «не шкодзіць чалавеку, калі толькі той сам не зачэпіць яго». Падкрэсліваецца выключная чуйнасць зубра, які заўважае нават нязначны рух ці шум. Асабліва ўзрастае пільнасць «звера», калі ён «асцярожлівы, вядзе з сабой маладняк». Наступны абразок з гульнямі маладых зуброў дадае новыя рысы да характару галоўнага героя. Нястомнасць зубранятаў у гульнях дае падставу для высновы, што гэта «істота вельмі вытрывалая і заўсёды прагне дзейнасці». Невялікая карціна, дзе паказаны гульні дарослых зуброў, выяўляе яшчэ адну якасць: незвычайны спрыт і вёрткасць пры вялікай масе цела. Паказ шлюбных гульняў надае вобразу зубра іншы — лагодны, лірычны каларыт. Эмацыйна афарбаваны і абразок з сівым аднавокім зубрам-важаком, якому прыпісваўся 200-гадовы век. Дамінуе тут настрой плыннасці, няўстойлівасці часу.

Паказаўшы зубранятаў, дарослых зуброў, іх шлюбны час і старасць, паэт тым самым разгарнуў вобраз галоўнага героя ў яго натуральным жыццёвым цыкле. Але ў самым канцы гэтая натуральнасць парушаецца згадкаю пра тое, што стары зубр «быў пазбаўлены вока, выбітага на вайне». Вайна, такім чынам, паўстае тут як з'ява, ламаючая натуральны, прыродны ход жыцця. Слова «вайна», ужытае ў дачыненні да боек між зубрамі, тут не выпадковае, бо яно суадносіцца з наступнымі радкамі, дзе сказана, што войны як «змаганні за сумніўныя правы» «вядуцца і панамі і звярамі ў пушчах». Матыў вайны ўплятаецца ў вобраз зубра і набірае моцы ў карціне змагання між самцамі за першынства ў статку. У апісанне ўводзіцца вайсковая лексіка. Зуб кам», як вецер ён можа выварочваць з коранем дрэвы, «імчыць сляпым віхрам», і «ўсё, узвіхранае, нясе бурлівым прыбоем». Злосць зубра супастаўляецца з агнём: сам ён паказаны як «палаючы ярасцю»; «не можа спыніцца драпежнае полымя» ягонага гневу. Напад зубра — «палымяны і маланкавы», а ў двубоі з лаўцом ён «апякае няшчаснага дыханнем, хоць гэты жар сапраўды мала адрозніваецца ад агню».

Будучы спараджэннем краіны жыцця і смерці — лесу і несучы ў сабе шмат рысаў, якія звязваюць яго з хтанічным (народжаным зямлёю) уладаром гэтай краіны — Цмокам, зубр-бык спалучае ў сабе і тры іншыя касмічныя стыхіі. Але ўсе стыхіі паўстаюць тут ва ўзрушаным стане: паветра — у выглядзе віхра і хмары, вада — як бурлівы марскі прыбой, агонь — як спальваючае полымя і маланка, зямля — гудзе і трасецца. Стыхіі паказаныя тут не ў крэатыўнай, спараджальнай, а ў разбуральнай, знішчальнай фазе. I гэтую знішчальную сілу надае ім злосць зубра. Смертаносная стыхійная ярасць звера нішчыць усё жывое: ад дробных жывёлаў да велізарных мядзведзяў, скіроўваецца на дрэвы і нават на цені ад птушак у небе. Feritas, furor зубра нясуць гібель і самому валадару прыроды — чалавеку. Несучыся як віхор, зубр збірае вакол сябе, «укручвае» ў свой бег не толькі жывёлаў і лаўцоў, але ўсю прыроду, увесь космас. Гэта заўважна і ў змесце, і ў кампазіцыі, дзе ў карціну зубрынага гону ўстаўляюцца эпізоды з жыцця людзей.

Інакш выглядае звер, калі лютасць знясільвае яго і самога набліжае да смерці: «...усе члены змарыла ярасць. Сцякаючы потам, ён часта б'е сябе капытом пад жывот, з усяго цела ападае густая пена, нібы п'яны, ён, блытаючыся, робіць няпэўныя крокі; ...бо, як здаецца, ужо дастаткова ўспрыняў сэрцам ярасці». Гэта — момант перыпетыі, калі дзеянне мяняе сваю сутнасць, павяртае яе ў другі бок. Бык спыняецца, лаўцы спешваюцца, неўтаймаваная актыўнасць звера змяняецца стомленасцю, вычарпанасцю. Гнеў жывёліны губляе сваю стыхійную прыроду. Надыходзіць час бажаволля, утрапёнасці, як знак блізкай смерці, калі злосць зубра абяртаецца на яго самога: «кусаючы, ён вырывае і раздзірае грыву, спаганяе злосць на сваім целе, калі не можа на іншых». Звер і чалавек сыходзяцца для апошняга, смяротнага двубою, у якім памрэ крыніца смерці — звярыная сутнасць і атрымае перамогу чалавечы пачатак. Але зубр не толькі гіне ў гэтым агоне, але і нараджаецца да новага жыцця, адпрэчваючы сваю звярыную іпастась. У творы гэтае пераўвасабленне рэалізу ецца ў выглядзе двайніка зубра, якога лірычны герой пакідае жывым. Новы зубр называецца ўжо не fera — звер, a urus — тур.

Паэма Гусоўскага — гэта твор не толькі пра постаць і лютасць зубра, але і пра паляванне на яго. Твор разгортваецца з паляўнічага апавядання, якое лірычны герой-аўтар распавядае сваім спадарожнікам у сувязі з боем быкоў у Рыме. Ды і сама паэма будуецца як паляванне: лірычны герой «ідзе ў пушчу» і вядзе з сабою чытачоў, трактуючы як ловы і сваю паэтычную творчасць. «Ці ведаеш, чытач, якімі пёрамі я звычайна пішу? У цяжкім калчане на баку нашу я пёры, з яго дастаю і паперу, з яго ляцяць на хуткую пагібель шумлівыя стрэлы. Ты лепей напішаш, а я мацней нацягну лук: і мы можам стацца роўнымі ў розных мастацтвах. Але, недасведчаныя, не кранайце безразважна чужаземныя вершы: бо я нясу на дзіва вострыя стрэлы, якія напоеныя такой моцнай атрутаю, што памірае кожны ўколаты імі нават ад нязначнай раны. Я, звыклы імчацца па гіпербарэйскіх разлогах, ужо зараз збіраюся ўвайсці ў хваёвыя нетры. Які б ні быў зыход, — бо ёсць небяспека заблудзіцца ў лесе, — хай рыкае ў вершы маім жахлівы звер» (вершы 35—48).

Такім чынам, лірычны герой вырушае «на паляванне», якое пачынаецца з высочвання звера, вывучэння яго характару і павадак — менавіта так складзеная экспазіцыйная частка твора. Затым аўтар далучаецца да лаўцоў і мы праз яго ўражанні бярэм удзел у самім паляванні на зубра. Лірычны герой паўстае ў творы як бывалы паляўнічы і не раз спасылаецца на свой лавецкі досвед: «што б ні было, пра гэта будзе казаць мой доўгі досвед і праца палявання, ды суровая пара майго жыцця»; «шмат нягодаў зведаў я на паляваннях у Літве, прызнаюся, што ў гэтым мастацтве я быў зусім не невукам». Шмат месцаў у паэме сведчаць пра тое, што ён не вылучае сябе з паляўнічага калектыву, салідарызуецца з ім. Паэт цудоўна ведае ўсе асаблівасці і таямніцы лавецкай справы. У апавяданні ягоная пазіцыя сумяшчаецца з пазіцыяй лаўцоў, якія гоняць зубра: аўтар перамяшчаецца ў мастацкай прасторы твора разам з імі.

Лірычны герой не толькі мае вялікі досвед палявання, але глыбока пасвечаны ў паляўнічую традыцыю, паданне, адкуль ён чэрпае розныя прымхі як меркаванні пра вялікую карысць мяса глушца і для цела і для розуму, пра тое, што звяры сыходзяць з лесу, калі на іх мала палююць, што зубр пакідае тую мясцовасць, дзе яго спрабуюць перамагчы не ў адкрытым баі. Урэшце, з традыцыі тчэ аўтар і мастацкае палатно ўсёй паэмы. Апісваючы бацькаву навуку палявання, якую прайшоў у дзяцінстве (вершы

121—142), М. Гусоўскі раскрывае сутнасць і асаблівасці традыцыйнага паляўнічага выхавання моладзі ў родным краі і зазначае, што быў роўны ў гэтай навуцы са сваімі равеснікамі: «часта ў гэтай працы я раўняўся са сваімі сябрамі». Тым самым ён падкрэслівае тыповасць свайго выхавання. На сваім прыкладзе паэт паказвае метады і мэты лавецкай навукі, скіраванай на атрыманне перамогі над зверам. Бацька вучыў яго «высочваць сховы звяроў, ідучы асцярожна, нячутным крокам»; улічваць накірунак ветру, «каб носам ці вухам звер не заўважыў засады». Навальваючы на сына цяжкі лавецкі рыштунак, ён змушаў яго «пацець між сцюдзёных снягоў» і гэтым выхоўваў у ім трывушчасць, вынослівасць. Хлопец павінен быў прывыкнуць да брэху сабакаў і гучных стрэлаў, мусіў захоўваць раўнавагу пры выглядзе параненых і забітых жывёлаў. У час пагоні за здабычаю патрэбныя былі і навыкi плыўца: «Давяраючыся каню, я пераплываў глыбокае рэчышча Барысфена, калі звер уцякаў праз воды». Усе гэтыя навыкі неабходныя былі для змагання са зверам.

Паколькі апісанне характару і звычак галоўнага пушчанскага звера — зубра падаецца ў паэме адразу пасля радкоў пра паляўнічае ўмельства, такое супастаўленне набывае большую рэльефнасць. Асабліва звяртае на сябе ўвагу тое месца, дзе паказваецца «выхаванне» зубранят, якое суадносіцца з выхаваннем маладых паляўнічых. Зубры ад прыроды dociles — «здольныя да навучання», але ў адрозненне ад юнакоў яны вучацца не labore — «цяжкай працаю, праз пакуты», а «практыкуюць свае пяшчотныя целы ў няспынных гульнях і рэдка дазваляюць сабе адпачынак». Вынослівасць зубра («гэта істота, якая можа шмат вытрываць і прагне дзейнасці») супрацьпастаўляецца трывушчасці паляўнічага. Навыкі, якімі авалодвае лірычны герой, — гэта толькі агульныя абрысы вобраза паляўнічага, які паступова раскрываецца на працягу ўсёй паэмы ва ўзаемадзеянні з вобразам зубра.

Постаць лаўца, выведзеная ў творы, мае тэндэнцыю да ідэалізацыі, як, зрэшты, і само лавецкае жыццё. Кажучы пра карысць такога жыцця, ідэалізуючы яго, Гусоўскі тым самым ідэалізуе і паляўнічага. На думку аўтара, «гэтая праца карысная для розуму і захоўвае сілу цела, якое і ў старасці застаецца моцным, і на доўгія гады падаўжае жыццё людзей». Чалавек, які аддае свой час паляванню, «доўгі час застаецца без сівізны, абвастрае свае пачуцці і робіць іх яснымі». Добры зрок і слых паляўнічых паэт тлумачыць пастаяннай неабходнасцю сачыць за зверам. У своеасаблівым гімне паляванню (вершы 353—368) лірычны герой з не звычайнай сілай і хваляваннем выказвае свае пачуцці, якія абуджае ў ім успамін пра ловы.

Істотныя рысы да вобразу паляўнічага дадаюцца ў галоўнай, падзейнай частцы твора. Апынуўшыся ў загоне разам з зубрам, кожны з лаўцоў атрымлівае сваю ролю, якую павінен выконваць спраўна і дакладна: «...кожнаму даецца для выканання свая справа. I кожны можа ўратаваць альбо страціць сваё жыццё, найменшая памылка мае вялікія наследкі. Суровым указам прадпісваецца, што неабходна рабіць, а да выканання загадаў мужоў абавязвае вызначанае пакаранне. Адно ўратаванне для ўсіх, адна застаецца надзея: каб быў хуткім і здольным да раптоўных паваротаў конь».

Аднолькавая небяспека ўраўнівае ў загоне зубра і паляўнічую грамаду, а таксама робіць роўнымі і ўсіх членаў гэтай грамады: «Высакародныя каралі нарываюцца на небяспеку разам з намі: ніхто не хоча падпарадкоўвацца палахліваму... На жвавым кані яны змешваюцца з палюючымі, і мужныя ўчынкі не шкодзяць велічы». Тут калектыў выступае ў архаічным выглядзе — як адно, сацыяльна недыферэнцыяванае цэлае, якое дзейнічае паводле аднолькавых правілаў. Правадыром, карыфеем у ім стае той, хто вылучаецца асабістымі заслугамі і лідэрскімі якасцямі: адвагаю, сілаю, вынослівасцю.

У змаганні з зубрам вялікае значэнне набывае верхавая падрыхтоўка лаўца, якасці і вывучка яго каня. Гэта дазваляе паляўнічаму на роўных змагацца з раз'юшаным зубрам, то наязджаючы на яго, то хутка ўцякаючы і рэзка збочваючы. Тактыка лаўцоў скіраваная на тое, каб узбудзіць лютасць звера, а затым вычарпаць яе, даць дайсці да мяжы. Дзеля гэтага зубра правакуюць на напад крыкамі, стрэламі, наездамі. Падчас гону лавец павінен быць надзвычай пільным і асцярожным. У лесе яму з усіх бакоў пагражае небяспека: «Перакідае каня гнілое дрэва, якое ляжыць на зямлі, падманваюць шматлікія норы кратоў, слізкія месцы ці лёд, які пакрыла снегам зіма, цяжка ўхінуцца ад нізка навіслай галіны: шмат шляхоў мае неспадзяваная смерць» (вершы 646—650).

«Такое паляванне, часам згубнае для многіх людзей, магло б лічыцца бязглуздым», — заўважае аўтар, калі б не яго «паважны вынаходнік», Вітаўт. Відавочна, што, прымаючы яго за пачынальніка зубрыных ловаў, паэт зноў абапіраецца на паданне. Але хутчэй за ўсё тут мы маем дачыненне з уласцівай для вуснай традыцыі трансфармацыяй: апошні вялікі князь паганскіх часоў быў не пачынальнікам, а хутчэй астатнім захавальнікам звычаю культавага палявання на быка-зубра. Аўтар лічыць таксама, што «гэтымі практыкаваннямі ён рыхтаваў юнакоў да войнаў».

У частцы твора, прысвечанай Вітаўту, зноў перагукаюцца тэмы палявання і вайны. Сам вялікі князь яднае ў сабе рысы ідэальнага ваяра і паляўнічага, гэткія ж якасці ён намагаецца выхаваць і ў моладзі. Навыкі, неабходныя на паляванні, найбольш прыдатныя і на вайне. Таму пры Вітаўце заахвочваліся спаборніцтвы ў стральбе з лука, на якіх стральцы нярэдка дэманстравалі незвычайную трапнасць: «Коннікі імчаліся па колу і зразалі сваімі стрэламі кінутыя ўгору капелюшы. Часта расшматаная стрэламі высока ў паветры шапка, падаючы ўніз, мела на сабе тысячу ранаў, а пралятаючы высока журавель падаў долу з падрэзанымі крыламі і непашкоджаным ніводнай ранаю целам» (вершы 691-696). Ухваляў князь і тых, якія прысвячалі паляванню ўсё сваё жыццё: «Было гонарам праводзіць жыццё ў няспынным паляванні. Наступалі шыхты Марса на палахлівых звяроў...» Вялікая ўвага надавалася вывучцы вершнікаў і коней, дзеля чаго наладжваліся скачкі на вялікія адлегласці, дзе юнакі паказвалі цуды вальтыжыроўкі, у поўным узбраенні пераскокваючы з каня на каня. Такія спаборніцтвы маглі ўскладняцца тым, што яны праводзіліся начной парою альбо частка дыстанцыі пралягала праз рэкі.

Князь даваў лаўцам і больш складаную задачу, выкананне якой было сведчаннем найвышэйшага паляўнічага майстэрства, — злавіць жыўцом зубра і гэтак, «каб на ягоных членах не было ніводнага пашкоджання». Ужо ў часы Гусоўскага такое здавалася невыканальным, але старыя паляўнічыя дакладна пераказалі паэту, як гэта рабілася. Неабходна было заманіць зубра ў загон, які звужаўся клінам, а затым спутаць і даставіць князю. Дзеля гэтага адзін з паляўнічых, распальваючы злосць звера, дзейнічаў як у карыдзе: «...нехта у чырвонай вопратцы і пабліскваючы мечам пахаджвае воддаль, гэтак каб яго пабачыў раз'юшаны звер. Той жа, узрушаны, палаючы ярасцю, хуткім бегам кідаецца на паляўнічага, які ўцякае праз вядомае яму месца». Нагадваюць карыду і гульні, якія праводзіліся са злоўленым зубрам. Цела зубра размячалася як жывая мішэнь, яго выпускалі ў чыстае поле, і вершнікі, гонячыся за ім, намагаліся патрапіць стралою як найдакладней. Той, чыя страла пацэліла больш трапна і глыбей прабіла цела зубра, атрымліваў найбольшую ўзнагароду.

Але найбольш выяўляюцца лавецкія доблесці ў заключнай фазе палявання — двубоі паляўнічых з зубрам. Гэта змаганне на смерць, якое патрабуе ад лаўца мужнасці і рашучасці, напружання ўсіх ягоных здольнасцяў і надзвычайнай пільнасці. Бой з зубрам — гэта адмысловы, сакральны бой, які павінен весціся на роўных. Ён пачынаецца тады, калі лютасць быка вычэрпвае яго сілы, а коннікі могуць спешыцца. Тым самым антаганісты ўраўніваюцца ў сваіх магчымасцях. Вось як паказаны ў паэме момант падрыхтоўкі да дуэлі: «Саскокваюць коннікі і адводзяцца коні. Юнакі, паводле свайго звычаю, апяразаныя толькі мячамі, выходзяць наперад, каб зубр упаў, забіты зброяй усутыч. 3 дзiвоснай адвагай у сэрцы стаюць каля выбраных дрэваў, з любові да славы гатовыя да лютай смерці, з лёгкім звонам пабліскваючы» мечам, кожны па-майстэрску выклікае на сябе дзікага звера» (вершы 840-846).

Паэт падкрэслівае неабходнасць пільнасці і самавалодання ў такой сітуацыі: «патрэбна быць абачлівым і чуйным, для нягеглых гэтае месца зусім не пасуе». Паддаўшыся страху, лавец можа страціць жыццё — ілюстрацыяй да гэтай тэзы аўтара служаць наступныя радкі паэмы (вершы 855—870), дзе спалоханы юнак уратаваўся толькі дзякуючы стрэсенаму з дрэва снегу, які схаваў уцекача ад вачэй зубра. Гэта ж даводзіць і эпізод з Лаўрынам, дзе страх выступае аналагам смерці. Апрача іншых здольнасцяў, неабходных у двубоі з зубрам, лавец павінен валодаць уменнем вызначаць прыдатныя для такога змагання дрэвы - моцныя і ўкаранёныя на трывалай зямлі. Вакол дрэва, якое аддзяляе звера ад чалавека, і разгортваецца кульмінацыйная фаза палявання. У ёй дзеянне дасягае найвышэйшага напружання, антаганізм бакоў акрэсліваецца з найбольшай сілай, a іх характэрныя рысы раскрываюцца асабліва выразна. Усе навыкі лаўца, дэманстраваныя ім на працягу твора, тут сумуюцца і абагульняюцца ў азначэннях sollertia — умеласць, спрактыкаванасць, спрытнасць і ars — майстэрства, мастацтва. Гэтыя якасці, спалучаныя з мужнасцю і розумам, складаюцца ў больш агульную humanitas — чалавечнасць, якая ўвасабляецца ў вобразе паляўнічага і стаіць у апазіцыі да feritas — зверскасці, лютасці зубра.

Барацьба стыхійнага, інстынктыўнага, звярынага пачатку з пачаткам разумным стварае галоўную калізію твора. Але, хоць дзве гэтыя антаганістычныя сілы ў паэме сімвалізуюцца вобразамі зубра і паляўнічага, яны не прывязаныя да іх жорстка. Таму зубр набывае ў Гусоўскага чалавечыя рысы, а чалавек можа дзейнічаць як звер. Барацьба пачаткаў адбываецца не толькі між чалавекам і зубрам, яна ідзе ўнутры чалавечага грамадства, перакідаецца на дачыненні між дзяржавамі, урываецца ў жыццё зубрынага статку, прасякае ўвесь сусвет і драматызуе духоўны свет чалавека. I перамагае ў «Песні пра зубра», як і ў старагрэчаскай драме, не канкрэтны герой, а вечны, разумны прынцып,

гіне ж заганнае, смяротнае. Згодна з законамі архаічнага мыслення, гіне тое, што вядзе да гібелі. Таму ў паэтычнай свядомасці Гусоўскага, асацыяванай з гэтым мысленнем, прыналежнымі да смерці выступаюць такія якасці, як страх, самаўпэўненасць, эгаізм, няўважлівасць і нядбайнасць, безразважнасць, неспрактыкаванасць і невуцтва, адпрэчанасць ад калектыву, парушэнне звычаяў і загадаў старэйшых, невыкананне сваіх функцый. Увасабленнем гэтых заганаў з'яўляецца ў паэме «антыпаляўнічы» -Лаўрын. Супрацьлеглыя якасці акумулююцца ў вобразе князя Вітаўта, які паўстае ідэалам паляўнічага і ваяра, найлепшым важаком патрыярхальнай дзяржавы-абшчыны.

Постаць Вітаўта неабходна разглядаць у суаднясенні з іншымі «ўладнымі» персанажамі паэмы — Жыгімонтам, Аляксандрам, Эразмам Вітэліем. Гусоўскі прынцыпова адмаўляецца ў экспазіцыйнай частцы твора ад увядзення персанажаў антычнай міфалогіі ў тым ліку і таму, што гэта магло б абразіць хрысціянскія пачуцці Вітэлія. Самога епіскапа ён шануе за ягоную веру і набожнасць.

Постаці вялікіх князёў упісваюцца ў галоўную частку «Песні пра зубра», дзе разгортваецца паляванне на зубра. Жыгімонту I, вялікаму князю ВКЛ і польскаму каралю (1506—1548), Гусоўскі прысвячае толькі дзесяць радкоў паэмы (вершы 507—516). Ён спыняецца на фігуры Жыгімонта мімаходзь, тэзісна пазначаючы галоўныя заслугі сюзерэна («мы бачым твае вялікія справы дома і яшчэ большыя — па-за домам», «ты найвялікшы ў лесе, але я больш хацеў бы гаварыць пра цябе на полі бою»), і, паабяцаўшы прысвяціць асобны твор ваенным подзвігам каранаванага героя, узнаўляе перарванае апавяданне.

Папярэднік Жыгімонта вялікі князь ВКЛ і польскі кароль Аляксандр (1492—1506), пры якім Вялікае княства страціла ў вынiку войнаў з Масковіяй шэраг сваіх земляў на ўсходзе, а на поўдні вяло барацьбу з крымскімі татарамі і малдаўскім гаспадаром Стэфанам, увогуле згадваецца толькі адным радком у сувязі з выпадкам на паляванні. Але апісанне абставінаў гэтага выпадку дае красамоўную характарыстыку атачэнню манарха і яму самому. Лірычнага героя абурае тое, што з палявання — небяспечнай і суровай справы было зроблена відовішча, забава для спешчанай каралеўскай світы. Недарэчным падаецца яму і з'яўленне на ловах жанчын, калі імкненне спадабацца каханай можа каштаваць жыцця юнаку. Каб падкрэсліць гэтую недарэчнасць, Гусоўскі ўводзіць тут міфалагічны персанаж — Амура: «3 вяршыні дрэва пускае свае стрэлы Амур. Займайся, як звычайна, сваёю легкадумнай гульнёю — без крыві. Што табе трэба ў лясах, згубны хлапчук?» Апрача таго, да небяспечнага змагання з зубрам аніяк не пасуюць раскоша і бляск прыдворнай грамады. Становячыся на пункт гледжання зубра, аўтар асуджае гэтыя заганныя новаўвядзенні Аляксандра, успрымае іх як парушэнне традыцыі. Заганы каралеўскай світы правакуюць смертаносную ярасць зубра і вядуць да смерці.

Князь Вітаўт, наадварот, паказваецца захавальнікам звычаю і парадку, патрыярхальнай прастаты. Ён — сапраўдны і найлепшы лавец, бо з'яўляецца пачынальнікам цяжкага і небяспечнага палявання на зубра. Ён узначальвае і рэпрэзентуе ўвесь лавецкі калектыў. Князь мае вялікую ваенную ўдачу: «баючыся яго, яму працягваў зламаны лук татарын», «яго масковец рабскім голасам называў панам», «яму ўжо тады слаў вялікія дары моцны турак і амаль гатовы быў падпарадкавацца. Гэтыя тры, якія наганяюць страх на ўвесь свет, тады маўчалі ў прынізлівым жаху» (вершы 679-682).

Услаўляецца Вітаўт і як справядлівы суддзя: «ён гэтак цвёрда і моцна ахоўваў прынцыпы справядлівасці, што ў іх не магло быць аніякіх хітрыкаў». Князь у паэме паказаны набожным чалавекам, захавальнікам і пашыральнікам веры, заснавальнікам храмаў. Як і Эразм Вітэлій, ён «надае вялікую перавагу нябеснаму перад чалавечым». Вобраз Вітаўта захоўвае шматлікія архаічныя рысы. Падобна да рода-племяннога ўладара-мага, князь адначасна выконвае вайсковую, судовую і сакральную функцыі. Ад яго залежыць лад у грамадстве, краіне і прыродзе, ён спрыяе ўдачы. Само апавяданне пра Вітаўта ўяўляе нібы асобны твор, які стаіць вельмі блізка да жанру «пахвалаў», што развіўся з колішніх дружынных «славаў» князю.

Вобраз Вітаўта кампазіцыйна ўпісваецца ў вобраз зубра. Князя і зубра яднае таксама цэлы шэраг сэнсавых адпаведнікаў. Калі зубр — уладар дзікага лесу, то князь — уладар асвоенага свету, грамадства і дзяржавы. Абодва бароняць свае межы, абодва ў сваёй сферы маюць найвышэйшую магутнасць і ўладу, абодвух зводзіць і супрацьпастаўляе паляванне. «Пахвала Вітаўту», уключаная ў твор, укліньваецца ў ход палявання, перапыняе дзеянне і з'яўляецца нібы незалежнаю часткаю. Але сэнсава і структурна яна знітавана з усім зместам паэмы. Постаць вялікага князя, выключаная з мастацкага часу твора, заўсёды прысутнічае ў ім, існуючы ў «паралельным» часе. Яна прасякае вобраз паляўнічага, персаніфікуючы, канкрэтызуючы і ўзвышаючы яго. Яна стаіць за вобразам зубра. У ёй яднаюцца тэмы палявання і вайны. Асаблі вая роля гэтага персанажа ў паэме дазваляе лічыць яго трэцім галоўным героем.

Такім чынам, вобраз Вітаўта яднае ў сабе ўсе архаічныя функцыі княскай улады: кіраўніча-вайсковую, судовую і сакральную. У той жа час князь надзелены і рысамі новага, рэнесансавага ўладара. Яму ўласцівыя дзяржаўная мудрасць, хрысціянская асвечанасць, міласэрнасць і справядлівасць у дачыненні да падданых — тыя адзнакі, якімі характарызавалі еўрапейскага ўладара гуманісты. Вітаўт, як «двайнік» зубра ў чалавечым грамадстве, становіцца ўвасабленнем моцы і велічы дзяржавы, краіны, сімвалам трываласці і неўміручасці народа, узорам ваяра і кіраўніка.

Апрача вялікіх князёў і біскупа, паляўнічых і зубра з Вітаўтам у творы звязаны яшчэ адзін персанаж — Лаўрын. Гэты герой уяўляе з сябе тыпаж блазна — камічнага двайніка-антыпода высакароднага героя. У паэме Лаўрын супрацьпастаўляецца паляўнічым і князю і надзяляецца тымі адмоўнымі рысамі, якія немагчыма ўявіць у сапраўднага паляўнічага ці князя. Як і вымагае ягоная сутнасць, герой гіне блазенскай смерцю ад погляду зубра.

Героі твора дзейнічаюць у своеасаблівых умовах прасторы і часу. Вялікую цікавасць уяўляе арганізацыя мастацкай прасторы твора. Па вертыкалі выразна выяўляецца універсальная апазіцыя «верх» — «ніз». «Верх» пазначаецца прыметнікамі altus, summus, sublimis, caelestis ca значэннямі «высокі», «найвышэйшы», «нябесны». «Ніз» акрэсліваецца азначэннямі humilis, inferior, infimus — «нізкі», «ніжэйшы», «найніжэйшы». Ніжняя каардыната матэрыалізуецца ў зямных і водных аб'ектах тыпу «зямля», «Глеба», «вада», «хваля», «рака», «возера», «крыніца», «снег», «лёд». Прыметнікі са значэннем «высокі» найчасцей матэрыальна прывязваюцца да назоўнікаў «лес», «пушча», «дрэва». Толькі адзін раз, і то ў абстрактным сэнсе, у паэме ўжываецца слова «зоркі». У абстрактным, хрысціянскім сэнсе ўжытыя адзін раз словы «неба» і «пекла». Нябесныя аб'екты фактычна адсутнічаюць у творы: у ім няма ні зорак, ні месяца, ні сонца. Слова nubes (хмара) сустракаецца толькі ў спалучэннях «хмара пылу і снегу» вакол зубра, ці «хмара снегу», стрэсеная з дрэва.

«Небам» мастацкага свету М. Гусоўскага, такім чынам, з'яўляюцца дрэва, лес, хоць адзнакі «нябеснага» мае і зубр. У беларускім фальклоры на дрэве змяшчаюцца нябесныя свяцілы: «Стаіць дуб-старадуб, на тым дубе-старадубе сядзіць птушка-вяртушка...» («сусветнае дрэва», сонца). Але дрэва не толькі прыналежыць «верхнему» свету, яно займае і ніжнюю прастору, а таксама лучыць «верх» і «ніз». Дрэва, лес нібы ахопліваюць, акаймляюць сусвет. У ніжняй частцы мастацкага свету паэмы дамінуе вада. «Водная» стыхія азначаецца ў творы сямю рознымі назоўнікамі, якія агулам сустракаюцца звыш 20 разоў, у той час як два «зямныя» назоўнікі — толькі 9 разоў.

Такім чынам, дамінантамі мастацкай прасторы «Песні пра зубра» з'яўляюцца лес і вада, якія імкнуцца заняць супрацьлеглае становішча на вертыкальнай восі сусвету. Паказальна, што для азначэння вышыні і глыбіні Гусоўскі выкарыстоўвае адзін і той жа прыметнік altus, які мае сэнс і «высокі», і «глыбокі». Дрэва і вада нібы сіметрычна разгортваюцца ўверх і ўніз ад нулявой каардынаты, прадстаўленай зямлёй. Пры першым поглядзе на светабудову, адлюстраваную ў творы, можна адзначыць яе пэўную рэдукаванасць па вертыкалі, прыземленасць. У той жа час кідаецца ў вочы, што прыметнікі са значэннем «высокі» ўжываюцца ў паэме значна часцей (у адносінах 35:5) за прыметнікі з сэнсам «нізкі». Скіраванасць уверх набывае вялікую напружанасць, усё, нібы ў гатычным храме, рвецца з зямлі ўвысь. Семантыка вертыкальных прасторавых каардынатаў у паэме наогул адпавядае стэрэатыпам архаічнага светаўспрымання. «Верх» асацыюецца са сферай боскага, высакароднага, азначае перамогу і жыццё. «Ніз» азначае зямное, смяротнае, семантызуе паразу і гібель.

Тыя ж галоўныя элементы, якія вызначаюць вертыкальную будову свету, дамінуюць і ў яго гарызантальнай арганізацыі. Лес і вада займаюць усю прастору, ахопліваюць гарызантальную разгортку дзеяння паэмы, а ў яе экспазіцыйнай частцы іншыя элементы — палі, лугі, выганы аказваюцца ўключанымі ў лес, па-дзеленымі ці аточанымі водамі.

Калі звярнуць увагу на суадносіны прадметаў у мастацкай прасторы «Песні пра зубра», то можна заўважыць пэўную іх несувымернасць рэчаіснасці. Так, зубр нібы разрастаецца ў памерах і характарызуецца азначэннямі tantus, grandis, ingens — «гэткі вялікі», «велічэзны», «велізарны», а яго якасці пазначаюцца прыметнікамі найвышэйшай ступені. У дзеянні ён яшчэ больш павялічваецца і займае сабою ўсю прастору — «верхнюю» і «ніжнюю»: «Рыканнем яны шырока запаўняюць гулкі эфір, трымцяць глыбокія недры зямлі». Гэтая несувымерная іншым элементам твора веліч зубра адлюстроўваецца ў кампазіцыі: у постаць зубра, у апісанне палявання на яго аказваюцца ўпісанымі ўсе персанажы твора — паляўнічыя, князі і сам лірычны герой, лес і воды, увесь мастацкі свет паэмы. Падкрэслівае першасную, усёабдымную ролю зубра і назва твора.

Важнымі катэгорыямі прасторавай структуры ў паэтыцы лічацца паняцці замкнёнай і разамкнёнай прасторы і мяжы між імі. Замкнёная прастора рэалізуецца ў тэксце ў выглядзе розных прасторавых вобразаў тыпу дома, паселішча, горада, Радзімы і надзяляецца адзнакамі «цёплае», «бяспечнае», «сваё», «роднае». У апазіцыі да яе стаіць разамкнёная «знешняя» прастора, характарызуючыся адзнакамі «халоднае», «небяспечнае», «чужое», «варожае». У чарадзейных казках, напрыклад, прастора выразна падзяляецца на «дом» і «лес». У гэтых адносінах «Песня пра зубра» блізкая да беларускіх казак, у якіх герой ідзе ў лес, каб перамагчы Цмока — хтанічную сілу. Зубр Гусоўскага шмат чым нагадвае Цмока, а паляўнічы — яго антаганіста.

Прасторавы падзел у «Песні пра зубра» — парадаксальны. Чужына становіцца для паэта домам, але гэты дом несапраўдны, часовы, чужы. Радзіма ж асацыюецца з лесам. Лес у творы набывае амбівалентны характар: месца небяспечнага, жорсткага, смертаноснага, а з другога боку — крыніцы багацця, жыцця і здароўя. I ўсё ж чужына і Радзіма — розныя светы, а мяжа між імі — выразная. Рым для паэта — гэта горад, дзе людзі жывуць сваім бяспечным жыццём, не ведаюць пра жахлівыя войны на ўсходзе Еўропы і для якіх бой з быком на арэне — толькі забава. У гэты ж час Радзіма абліваецца крывёю, затуляючы грудзямі хрысціянскі Захад, а народ-паляўнічы ў цяжкай працы і барацьбе штодзённа адваёўвае сабе права на жыццё. Змаганне ж з зубрам у пушчы — гэта небяспечны, смяротны бой. I лірычны герой адважна перасякае мяжу светаў, каб пачаць гэты бой: «Я іду ў паўночную пушчу». Адзіна-множны герой твора — герой разамкнёнай прасторы, і ягоная стыхія — лес.

Цэнтральным пунктам мастацкага свету «Песні пра зубра» з'яўляецца дрэва. Дрэва яднае і падзяляе «верх» і «ніз», арганізуе прастору па гарызанталі, яно можа ўратоўваць і забіваць і ў гэтым сэнсе можа быць «дрэвам жыцця і смерці». Кульмінацыя дзеяння паэмы — двубой антаганістычных пачаткаў разгортваецца ля дрэва: бык і чалавек кружаць ракол яго, атрымліваючы перамогу альбо гібель. У гэтым апошнім змаганні дрэва выступае мяжой між жыццём і смерцю. Характар вобраза дрэва ў паэме збліжае яго з «сусветным дрэвам» — катэгорыяй архаічнага светаразумення.

Структура прасторы ў паэме шчыльна звязаная з мастацкім часам, утвараючы разам яе прасторава-часавы кантынуум. Даволі значны храналагічны абсяг твора: апавяданне пра зубра ахоплівае час ад Плінія Старэйшага і найдаўнейшых звестак самых старажытных кірылічных помнікаў і да даступнай уяўленню паэта будучыні. Постаць зубра яднае і арганізоўвае плынь мастацкага часу. Апавяданне вядзецца з дзвюх галоўных храналагічна і прасторава розных пазіцый: знешняй да апісваемай рэчаіснасці (час напісання паэмы — «час на чужыне») і ўнутранай, калі апавядальнік апісвае падзеі знутры, як блізкі назіральнік альбо ўдзельнік (час дзеяння паэмы — «час на Радзіме»).

Час дзеяння паэмы, хоць і грунтуецца на ўспамінах аўтара, не належыць цалкам да мінулага. Гэта хутчэй праекцыя мінулага ў змадэляваную паэтам сучаснасць, што пацвярджаецца і выкарыстаннем граматычных часавых формаў: і час напісання, і час дзеяння перадаюцца цяперашнім часам дзеясловаў. Акрэсліваюцца нібы дзве паралельныя плыні часу, якія ідуць сінхронна і ў адным накірунку, але ў розных светах. Паляванне на зубра ў родных лясах здзяйсняецца цяпер, але таксама цяпер паэт знаходзіцца ў Рыме і піша твор пра паляванне. «Рымская» часавая пазіцыя ўвасабляе лірычны пачатак «Песні пра зубра»: аўтарлірычны герой успамінае, перажывае, каментуе і ацэньвае. Эпічны і драматычны пачаткі паэмы звязаныя з «часам знаходжання на Радзіме», калі аўтар становіцца на пазіцыі непасрэднага назіральніка ці ўдзельніка. Прынцыповая непераадольнасць мяжы між абодвума паралельнымі часамі не з'яўляецца такой для лірычнага героя, голас якога можа ў любы момант уварвацца ў апавяданне.

Ужыванне ў апавяданні цяперашняга граматычнага часу апрача мастацкай функцыі ажыўлення паказу, безумоўна, мае і іншыя прычыны. Тут мы, магчыма, маем справу з рудыментамі міфа-паэтычнай інтэрпрэтацыі рэчаіснасці. Час міфа для яго захавальніка і апавядальніка не адыходзіць у мінулае, а ўплывае на наяўны стан свету і будучыню. Паляванне на зубра здзяйсняецца «цяпер і заўсёды» ў міфалагічным цыклічным часе, упісваючыся ў цыкл нараджэння, смерці і новага нараджэння пратаганіста. Апрача гэтых двух храналагічна паралельных пунктаў гледжання ў творы выкарыстоўваецца і рэтраспектыўны паказ падзей. Рэтраспекцыя наяўная ў асабістых успамінах аўтара, калі ён прыгадвае здарэнні, якім сам быў сведкам, а таксама ў калектыўнай памяці-ўспаміне грамадства, да якога ён належаў. Трансляванымі калектыўнай свядомасцю паляўнічай грамады трэба лічыць успаміны пра князя Вітаўта і пра здарэнне на ловах пры князі Аляксандры. Такія ўстаўкі мяняюць часавую перспектыву твора, што адбіваецца таксама ў ваганні граматычных часоў. Бег часу ў паэме нераўнамерны. Ён плыве павольна і спакойна ў эк спазіцыйнай частцы твора пры апісанні зубра і асабліва пры панарамным паказе лясных багаццяў Радзімы, калі апавядальнік нібы лунае над краем. Час перапыняецца ці запавольвае хаду пры ўвядзенні ўстаўных эпізодаў і ўспамінаў. Найбольш эфектныя такія прыпынкі тады, калі галоўнае дзеянне дасягае вялікага напружання. Тэмп пачынае нарастаць са з'яўленнем галоўных герояў і дасягае максімуму ў момант кульмінацыі.

Зроблены намі разгляд асаблівасцяў кампазіцыі, дзеяння, вобразнай і прасторава-часавай структуры твора з'яўляецца неабходнай часткай яго літаратуразнаўчай інтэрпрэтацыі. Але не менш важная задача пранікнуць у семантыку «Песні пра зубра». Перш за ўсё неабходна зразумець сэнс і генезіс галоўнага вобраза твора - зубра. Як ужо было паказана, у паэме захаваліся шматлікія рысы архаічнага светаўспрымання, якія выяўляюцца на ўсіх узроўнях яе структуры. Гэтае светаўспрыманне характарызуецца нерасчляняльнасцю, злітнасцю ў свядомасці суб'екта і аб'екта, чалавека і прыроды, часткі і цэлага, прычыны і выніку. Падобная нерасчляняльнасць уяўнага сусвету яскрава выяўляецца ў гэткай асаблівай з'яве першабытнай грамадскай свядомасці, як татэмізм. Асобны род і кожны яго прадстаўнік выводзяць сваё паходжанне і назву ад татэма — жывёлы, расліны альбо, радзей, ад іншага прыроднага аб'екта ці з'явы. У сувязі з гэтым жывёлататэм лічыцца крэўным родзічам кожнага чалавека з гэтага роду. Правадыр-жэрца, увесь род і асобны яго член — гэта ўвасабленне татэма. Але татэм таксама і ўвесь космас альбо ягоная частка. Татэм — гэта адзіна-множная істота, якая ахоплівае род, яго ахоўніка-звера, прыроду, сусвет. Татэм памірае і нараджаецца пры смерці і нараджэнні кожнага прадстаўніка роду. Складаючы ў ахвяру, раздзіраючы і з'ядаючы цела татэма, выпіваючы яго кроў, родавы калектыў праз гэта дае жыццё татэму ў сабе. Тым самым род умярцьвяе і вяртае да жыцця таксама сябе самога, прыроду і сусвет.

У вобразе зубра захоўваюцца рудыменты татэмізму і больш позняга паляўнічага ці гэтак званага «прамысловага» культа. Апошні грунтаваўся на веры ў прынцыповую аднолькавасць чалавека і жывёлы. Жывёла нават магла пераўзыходзіць чалавека сваёй чуйнасцю, розумам і ўсяведаннем, таму яе імкнуліся не называць па імені. Апрача таго, паляўнічы верыў ва ўваскрэсенне звяроў пасля смерці. Паляўнічы культ суправаджаўся пэўнымі ўяўленнямі і абрадамі. Іх рэшткі мы знаходзім у «Песні пра зубра». У ёй паляванне трактуецца не як безразважнае забойства звяроў, а як сродак іх памнажэння. Паляванне ж на зубра ўвогу ле тут паўстае хутчэй як рытуальнае забойства, падобнае да некаторых відаў гішпанскіх гульняў з быком. Звяртае на сябе ўвагу рытуалізаванасць палявання: на зубра нельга выходзіць з агнястрэльнаю зброяю, з ім нельга змагацца падступнымі спосабамі, забіваць яго можна толькі ў адкрытым баі і толькі мечам, прычым коннік павінен спешыцца. У час ловаў зубр называецца табуізаваным іменем «звер», але надзяляецца чалавечымі якасцямі. Пасля смерці адбываецца рэнавацыя зубра ў ягоным двайніку. Характэрна, што ў гэты момант ён нібы скідае сваю звярыную абалонку, захоўваючы чалавечую сутнасць (як у прамысловых культах). Шмат якія прадстаўленыя ў паэме асаблівасці вобразу зубра дазваляюць бачыць у ім колішняга татэма. У ім зліваюцца ў адно цэлае сам канкрэтны звер, ягоны антаганіст — паляўнічы калектыў, увесь народ і яго зверхнік — князь, лес і вада, увесь