Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гicторыя Беларускай Лiтаратуры 11-19 стагоддзяу....doc
Скачиваний:
56
Добавлен:
08.08.2019
Размер:
3.9 Mб
Скачать

Гальяш Пельгрымоўскі

Прыкметнай постаццю ў рэнесансавым гуртку паэтаў, што склаўся ў 80-х гадах XVI ст. пры двары Радзівілаў біржайскай лініі, быў Гальяш Пельгрымоўскі.

Біяграфічных звестак пра пісьменніка захавалася няшмат. Нарадзіўся ён у Вялікім княстве Літоўскім (магчыма, у Ашмянскім павеце). Паходзіў са шляхецкага роду герба Навіна, вызнаваў кальвінізм. Напэўна, атрымаў добрую адукацыю, што дазволіла яму працаваць у каралеўскай канцылярыі, а пазней заняць пасаду пісара Княства. Г. Пельгрымоўскі браў актыўны ўдзел у Лівонскай вайне: у «Апісанні маскоўскага паходу князя Крыштофа Радзівіла» Ф. Градоўскага і ў «Дзесяцігадовай аповесці ваенных спраў князя Крыштофа Радзівіла» А. Рымшы ён згадваецца як

ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ БАРОКА

КАНЕЦ XVI- ПЕРШАЯ

ПАЛОВА XVIII-ст.

На рубяжы эпох

Эпоха новай гісторыі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе пачалася ў другой палове XVII ст. Для Рэчы Паспалітай, канфедэратыўнай дзяржавы Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага, яна пазначана абвастрэннем сацыяльна-палітычных, саслоўных, нацыянальных і рэлігійных супярэчнасцяў. У Беларусі, Літве і Украіне сутыкнуліся дзве палярныя тэндэнцыі: з аднаго боку — паланізацыя і яе наступствы — прэтэнзіі Польшчы на ператварэнне Беларусі і Літвы ў свае ўсходнія правінцыі, а канфедэрацыю — у нацыянальную польскую дзяржаву. У сваю чаргу Маскоўская дзяржава прэтэндавала на ўтварэнне «агульнарускага» царства з далучэннем да яго ўсіх рэгіёнаў сярэднявечнай Русі, у тым ліку Беларусі і Украіны. Беларусі, Літве і Украіне ў такіх умовах пагражала паступовая страта іх традыцыйнай дзяржавы, мовы і культуры. Яе грамадска актыўныя саслоўі — магнаты, шляхта і гарадское насельніцтва — аказалі палітычнае і духоўна-культурнае процідзеянне гэтай экспансіі, шукалі новых саюзнікаў на Усходзе, Захадзе і Поўначы, у тым ліку ў Швецыі.

Гэтыя міждзяржаўныя, рэлігійныя (паміж праваслаўем, каталіцтвам і уніяцтвам) і моўна-культурныя супярэчнасці ў другой палове XVII ст. прывялі да катастрафічных ваенна-палітычных канфліктаў, ад якіх найбольш пацярпела Беларусь — ядро Вялікага княства Літоўскага. У 14-гадовай вайне Рэчы Паспалітай з Маскоўскім царствам і Польшчы са Швецыяй (1654—1667) насельніцтва Беларусі скарацілася на 55% у параўнанні з даваенным часам, гарады і мястэчкі амаль поўнасцю былі зруйнаваныя. Для Беларусі гэта была дэмаграфічная катастрофа: на два з паловай стагоддзі беларусы аказаліся этнічнай меншасцю сярод насельніцтва сваіх гарадоў, заселеных больш пасіянарнымі этнасамі. Праз 33 гады пасля гэтага беларускага Апакаліпсіса краіна стала арэнай Паўночнай вайны (1700—1721) кааліцыі Польшчы, Расіі, Даніі і Саксоніі са Швецыяй за так званыя Інфлянты (сучасную Латвію і Эстонію), у выніку якой Беларусь яшчэ раз была разбурана і разрабавана, а Рэч Паспалітая моцна аслаблена. За гады новай катастрофы насельніцтва Беларусі зменшылася з 2,2 мільёна да 1,5 мільёна чалавек. Спатрэбілася цэлае паўстагоддзе, каб аднавіць эканоміку і культуру дзяржавы.

Эстэтыка і паэтыка барока ўзнікла ў перыяд позняга Рэнесансу (канец XVI — пачатак XVII ст.), пазней шматгранна выявілася якраз у драматычны перыяд айчыннай гісторыі — у XVII — пачатку XVIII ст. На культуру барока як стыль эпохі моцна паўплывалі пазамастацкія фактары — трагічныя падзеі жорсткай вайны між дзяржавамі Цэнтральна-Усходняй і Паўночнай Еўропы і не ў меншай ступені — этнанацыянальныя, канфесійныя, сацыяльныя і ментальныя супярэчнасці паміж народамі Рэчы Паспалітай — праваслаўнымі і каталікамі заходняга і ўсходняга (уніяцкага) абрадаў, урэшце — паміж шляхтай, магнацкім саслоўем, з аднаго боку, сялянствам і гарадской беднатой, з другога боку.

Вытокі барокавай плыні сягаюць у познерэнесансавую палемічную літаратуру. С. Будны, В. Цяпінскі, А. Волан былі асветнікамі і пісьменнікамі палемічнага пафасу ў адрозненне ад свайго папярэдніка Ф. Скарыны, які арыентаваўся на сацыяльную гармонію і духоўнае адзінства народа. Адукаванымі і дасціпнымі палемістамі былі абаронцы праваслаўя Лявонцій Карповіч, Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, ідэолагі Брэсцкай уніі Іпацій Пацей і Іосіф Вельямін-Руцкі, пісьменнікі і асветнікі. ранняга барока М.-К. Сарбеўскі і Сімяон Полацкі. У спецыфічна мастацкім сэнсе палемічнымі былі барокавая архітэктура, выяўленчае і тэатральнае мастацтва адносна папярэдняй рэнесансавай культуры, арыентаванай на меру і гармонію, на эстэты-ку прыгожага, узнёслага, гераічнага.

Літаратура, іншыя віды мастацтва ў стылі барока выкарысталі здабыткі Рэнесансу — яго шырокі выхад у свецкую культуру і навуку, развіццё кнігадрукавання, еўрапейскую асвету. Гэтыя. агульныя вытокі рэнесансавай і барочнай мастацкай творчасцi абумовілі для Беларусі канца XVI—XVII ст. стылістычныя плыні ў літаратуры, архітэктуры, тэатральным і выяўленчым мастацтвах, у якіх сумяшчаліся прыкметы гэтых эстэтычна неаднародных тыпаў творчасці. У адрозненне ад рэнесансавай мастацкай культуры, якая арыентавалася на антычную гармонію і меру, эстэтыку прыгожага і ўзнёслага, паэтыка і мастацкая практыка барока арыентаваліся на трагічнае, камічнае, вытанчанасць, дасціпнасць. У еўрапейскай літаратуры гэтыя дамінанты эстэтыкі барока ярка выявіліся ў познерэнесансавых пісьменнікаў У. Шэкспіра і С.-М. Сервантэса.

Барока як новы стыль эпохі адрозніваўся ад рэнесансавага тыпу культуры сваімі светапогляднымі і навуковымі арыенцірамі. Антычнае і ранняе рэнесансавае мастацтва фарміравалася пад уздзеяннем піфагарыйскай матэматыкі простых і рацыянальных лічбаў і такой жа наглядна-пластычнай, рэчыўнай геаметрыі Эўкліда. Гэтая матэматыка не ведала алгебры, тэорыі бясконцасці і так званых ірацыянальных лічбаў. У галіне філасофіі такой «натуральнай» матэматыцы адпавядала абгрунтаваная Арыстоцелем фармальная логіка, якая грунтуецца на трох узаемадапаўняльных законах: саматоеснасці аб'ектаў і падзей, несупярэчлівасці быцця і мыслення, законе выключэння трэцяга суджэння паміж сцвярджэннем і адмаўленнем аднаго і таго ж аб'екта.

Станаўленне барока як эстэтычнага светапогляду і стылю эпохі адбывалася адначасова з развіццём алгебры як закончанай сістэмы і абгрунтаваннем асноўных раздзелаў вышэйшай матэматыкі Р. Дэкартам, I. Ньютанам і Г. Лейбніцам. Крывая лінія новай матэматычнай геаметрыі і характэрная для яе перспектыва ў бясконцую даль, ірацыянальныя лічбы моцна паўплывалі на паэтыку, эстэтыку і філасофію барока. У стылістычным аспекце гэты ўплыў выявіўся ў архітэктоніцы барокавага выяўленчага мастацтва, архітэктуры вялікіх і малых формаў, у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, у тым ліку ў канфігурацыі музычных інструментаў — аж да нашага часу. Нарэшце, характэрны для рэнесансавай эстэтыкі пантэізм як адзінства космасу і яго творцы — Бога ў сістэме барокавай мастацкай культуры ўступіў месца трансцэндэнтнай філасофіі, паводле якой прырода ёсць толькі твор дасканалага мастака — Бога-дэміурга — стваральніка макракосмасу і чалавека-мікракосмасу. Пластычныя віды мастацтва, асабліва архітэктура, як раней у эпоху Сярэднявечча, набылі сімвалічны сэнс выяўлення трансцэндэнтнага быцця. Такім чынам барокавая мастацкая культура аказалася сінтэзам сярэднявечнай хрысціянскай духоўнасці і рэнесансавага эстэтызму.

Мастацкая культура ў стылі барока шматгранна рэалізавалася ў гістарычным часе: яе першыя выразныя прыкметы выявіліся ў перыяд позняга Рэнесансу, пазней развіваліся ва ўсіх відах і родах мастацтва, а яе фрагменты і стылізацыі захаваліся аж да канца XX ст. Важнае месца ў вербальных формах культуры эпохі барока занялі красамоўства і тэарэтычная рыторыка, якая разам з паэтыкай была асноўнай формай развіцця эстэтычнай думкі ў Беларусі XVII—XVIII стст. Школьныя падручнікі па рыторыцы ўключалі раздзелы па літаратуразнаўству і мастацтвазнаўству, у тым ліку фрагменты па тэорыі тэатральнага, музычнага і харэа графічнага мастацтваў. Мастацкая сістэма барокавай культуры спалучае інтэлектуалізм і эмацыянальную экспрэсію, здзіўляе разнастайнасцю выяўленчых сродкаў, сінтэзам розных жанраў прыгожага пісьменства, драматызмам і патэтыкай, кантрастнасцю рытмаў і святлаценевымі афектамі, крывалінейнымі абрысамі ў архітэктуры і выяўленчым мастацтве.

Паводле культурных традыцый, светапоглядных і канфесійных арыенціраў у Беларусі сфарміраваліся два тыпы барока — заходнееўрапейскае, або каталіцкае, і ўсходнеславянскае, або праваслаўнае. Першы тып узнік пад уплывам рамана-германскай культуры пасля Люблінскай дзяржаўнай (1569) і Брэсцкай царкоўнай (1596) уніі, пашырыўся ў перыяд каталіцкай контррэфармацыі ў XVII ст. Носьбітамі гэтай культуры былі езуіты, іншыя каталіцкія ордэны, якія стварылі сваю сістэму сярэдняй (калегіумы) і вышэйшай (акадэміі) адукацыі.

Першым таленавітым тэарэтыкам, філосафам і паэтам гэтага накірунку быў выкладчык паэтыкі, рыторыкі і антычнай культуры ў Полацкай калегіі (1618—1620, 1626—1627) і Віленскай езуіцкай акадэміі (1628—1635) М.-К. Сарбеўскі. У сваіх полацкіх курсах лекцый «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Лекцыі па паэтыцы» ён заставаўся прыхільнікам рэнесансавай эстэтыкі, развіваў канцэпцыю свабоды літаратурнай творчасці, у раздзеле «Пра вытанчанасць і дасціпнасць» упершыню абгрунтаваў гэтыя паняцці барокавай паэзіі і красамоўства. У курсе лекцый «Багі язычнікаў» аналізаваў характэрную для эстэтыкі барока сімволіку антычнай міфалогіі і культуры. Полацкія курсы лекцый М.-К. Сарбеўскага служылі навучальным дапаможні-кам у каталіцкіх школах Беларусі XVII—XVIII стст.

Усходнеславянскае барока развівалася на мясцовых традыцыях сярэднявечнай і рэнесансавай культур, засваення літаратурнамастацкіх і тэарэтычных здабыткаў заходнееўрапейскай культуры і навукі, у тым ліку развітай езуіцкай адукацыі. Прыкметы самабытнага барока ў Беларусі і Украіне выявіліся ў літаратурных творах Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, Афанасія Філіповіча, эмблематычнай і рэлігійнай паэзіі, шматжанравай і шматмоўнай літаратуры Беларусі гэтай эпохі.

У літаратурна-асветніцкай спадчыне уніяцкіх пісьменнікаў Іпація Пацея, Іосіфа Вельяміна-Руцкага, Ясафата Кунцэвіча і інш. праглядваецца спалучэнне паэтыкі заходнееўрапейскага і ўсходнеславянскага барока. Найбольш арганічна і паслядоўна гэты сінтэз усходніх і заходніх традыцый мастацкай культуры, сінтэз дзвюх рэгіянальных плыняў барокавай літаратуры і эстэтыкі раскрыўся ў творчасці Сімяона Полацкага (1629—1680), на двух этапах яго творчасці — беларускім і расійскім. Эстэтычная канцэпцыя гэтага універсальнага пісьменніка-паэта, красамоўцы, філосафа, тэолага грунтуецца на катэгорыях хрысціянскай эстэтыкі ў яе гуманістычнай інтэрпрэтацыі. Сімяон Полацкі абгрунтаваў такую іерархію эстэтычных каштоўнасцяў, паводле якой кожны больш высокі ўзровень быцця змяшчае ў сабе ўсе здабыткі ніжэйшых узроўняў існавання, але звыш гэтага валодае яшчэ якасна вышэйшай ступеню эстэтычнай і этычнай дасканаласці. У яго паэзіі і мастацка-прапаведніцкай творчасці (фундаментальныя зборнікі «слоў» і «казанняў» пад назваю «Абед душэўны» і «Вячэра духоўная») выявіліся асноўныя прыкметы тагачаснай барокавай літаратурнай эстэтыкі і паэтыкі — вучоная энцыклапедычнасць у сэнсе свабоднага валодання культурнымі здабыткамі позняй эліністычнай культуры, біблейскай і хрысціянскай традыцыі, схільнасць да асветніцтва, дыдактыкі, спалучэнне паэзіі з красамоўствам. Характэрныя для барокавай культуры дасціпнасць і вытанчанасць, выкарыстанне антычнай, рэнесансавай і новаеўрапейскай паэтыкі прыкметныя ў зборніках вершаў паэта «Вертаград шматкветны» і «Рыфмалагіён». 3 найбольшай жа паслядоўнасцю яны выявіліся ў аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Яго творчасць моцна паўплывала на развіццё беларускай, рускай і ўкраінскай літаратур другой паловы XVII-XVII1 ст.

Сфарміраваная ў першай палове XVI ст. шматмоўная літаратура Беларусі (новалацінская, стараславянская, беларуская і польская) у эпоху барока набыла новыя імпульсы для развіцця ў розных жанрах прыгожага пісьменства — красамоўстве, публіцыстычнай, багаслоўскай і навуковай палеміцы, гістарычнай і бытавой прозе, лірычнай і эпічнай паэзіі, драматургіі, эпісталярным жанры. Характэрная для культурнай прасторы Рэчы Паспалітай вестэрнізацыя культуры выявілася тут у развіцці навуковай і літаратурнай творчасці не толькі на спецыфічнай для Заходняй Еўропы лацінскай, але і на рэгіянальнай польскай мове. На этапе ранняга барока да канца XVII ст. беларуская мова заставалася афіцыйнай мовай у ВКЛ, на ёй вялося справаводства мясцовых і центральных установаў дзяржавы, праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла. 3 сярэдзіны гэтага стагоддзя яна ўжо моцна ўступала польскай і лацінскай мовам у справаводстве, літаратуры, сістэме адукацыі. Тады ж узнікла тэндэнцыя выцяснення роднай мовы беларусаў на маргінальны ўзровень як сродку сумоўя сацыяльных нізоў — вясковага люду і ніжэйшых слаёў гарадскога насельніцтва. Аднак жа дамінаванне польскай, а тым больш лацінскай моваў на ўзроўні адукацыі, прыгожага пісьменства не азначала татальнай паланізацыі адукаванай часткі беларусаў: аналіз літаратурных крыніц, асабліва летапісных жанраў, сведчыць пра адносную ўстойлівасць этнабеларускіх («рускіх» і «ліцвінскіх» паводле тагачасных вызначэнняў) арыентацый аўтараў, якія пісалі на польскай або лацінскай мовах. Да сярэдзіны XIX ст. мова яшчэ не была дамінантным крытэрыем этнанацыянальнай самасвядомасці, што, дарэчы, было характэрным для этна-культурнай сітуацыі большасці еўрапейскіх народаў эпохі барока. Беларуская («руская» і «лацінская») самаідэнтыфікацыя грунтавалася перш за ўсё на сакралізацыі праваслаўнай (з канца XVI ст. таксама грэка-каталіцкай, або уніяцкай) рэлігійнай традыцыі.

Літаратурныя крыніцы эпохі барока адлюстравалі два рэгіянальныя тыпы самасвядомасці — беларускай («рускай»), лакалізаванай пераважна ва ўсходніх правінцыях ВКЛ (рэгіёны сучаснай Магілёўшчыны, усходняй Віцебшчыны, усходняга Палесся) і «літоўскай» («ліцвінскай») у былой Віленскай губерні, сучаснай Гродзеншчыны, Беласточчыны, Міншчыны, заходняга Палесся. Гэтая бінарная, славяна-балцкая этнічная структура беларускага народа адлюстравана ў нашай даўняй літаратуры барокавых плыняў. Яна захавалася ў творчасці пачынальнікаў новай беларускай літаратуры XIX ст., тагачасных даследаваннях беларускіх этнографаў і фалькларыстаў. Беларускае шматмоўнае літаратурнае барока выявіла першы этап станаўлення беларускай нацыі, тады яшчэ не ўсвядомленай як этнакультурная і ментальная цэласнасць.

На стадыі ранняга барока яшчэ захавалася адносная раўнавага ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі: палемічная публіцыстыка свецкага і рэлігійнага характару, творы гістарычных жанраў (летапісы, хронікі), дзённікі і мемуары, школьныя драмы, дзелавая дакументацыя публікаваліся на беларускай, польскай, часткова лацінскай мовах. Падручнікі па граматыцы, паэтыцы, рыторыцы, філасофіі і тэалогіі выдаваліся пераважна на латыні на ўсёй прасторы Рэчы Паспалітай. Але ў польскіх і беларускіх рэгіёнах і тады былі спробы наблізіць школьнае навучанне да тагачаснай беларускай мовы. Маюцца на ўвазе славянскія граматыкі — Л. Зізанія і М. Сматрыцкага.

Тады ж узніклі новыя тыпы гістарычна-мемуарнай прозы, стылістычна набліжанай да прыгожага пісьменства. Класічныя сярэднявечныя летапісы з пагадовымі запісамі гістарычных падзей і кароткімі сентэнцыямі летапісцаў трансфармаваліся ў літаратурна апрацаваныя хронікі і мемуары, лісты службовых асоб.

Традыцыйнага летапісца замяніў гісторык і літаратар. Ён карыстаўся разнастайнымі крыніцамі — архіўнымі дакументамі, апытаннямі, асабістымі ўражаннямі, ствараў твор дакументальнамастацкага зместу і стылю, дзе гістарычная храналогія, як рама ў жывапіснай карціне, акцэнтуе ўвагу на драматычных падзеях эпохі, апісвае падзеі і факты ў асабістай інтэрпрэтацыі аўтара. Да гэтага тыпу гістарычна-літаратурных твораў належаць Баркулабаўская хроніка, Віцебскі летапіс, Магілёўская хроніка. Задуманыя як рэгіянальныя гістарычныя хронікі, яны перараслі ў цыклы гістарычных нататкаў, апавяданняў, адлюстравалі станаўленне нацыянальнай самасвядомасці народа. Цікава таксама, што польскамоўная Магілёўская хроніка яскрава выявіла беларускі этнічны менталітэт і арыентацыю на праваслаўную традыцыю. Спецыфічнае рэгіянальнае этна-беларускае бачанне свету і гістарычных падзей у ім адлюстравала мемуарная літаратура канца XVI—XVII ст. («Дыярыуш» А. Філіповіча, «Успаміны» Ф. Еўлашоўскага), у тым ліку лацінскі падарожны дзённік М. К. Радзівіла «Пэрагрьшацыя, або Паломніцтва ў Святую Зямлю».

Своеасаблівая барокавая кантамінацыя лацінскіх, польскіх і беларускіх літаратурных тэкстаў адбылася ў жанры школьнай драмы і камедыі, на сцэне папулярнага ў XVII—XVIII стст. школьнага тэатра, створанага ў Полацку, Віцебску, Гродне, Мінску, Навагрудку, Нясвіжы, Брэсце, Оршы, іншых гарадах і мястэчках. Тут спалучаліся не толькі мовы, але і віды і жанры мастацтва. Па-беларуску звычайна ставіліся камічныя інтэрмедыі ў стылі травесці, на якія паўплывала адпаведная фальклорная традыцыя. Пастаўленая ў Полацку драма «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба» (каля 1690) цікавая яшчэ і тым, што ў ёй выявілася уніяцкая традыцыя-апалогія праваслаўных святых на сцэне езуіцкага тэатра, дзе беларускія інтэрмедыі ўключаны ў асноўны сюжэт спектакля. Ад спектакляў школьнага тэатра бярэ пачатак папулярная паратэатральная культура — тэатралізаваныя свецкія і царкоўныя абрады, працэсіі, карнавалы. Эстэтыка барока арыгінальна выявілася ў драматургіі Сімяона Полацкага. Барочная традыцыя сінтэзу розных відаў мастацтва, літаратурных жанраў і разнамоўных тэкстаў на этапе беларускага культурнанацыянальнага адраджэння развівалася ў драматургіі В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Янкі Купалы.

У выніку адцяснення беларускай мовы на маргінальны ўзровень на этапе барокавай культуры беларуская літаратура была не ў стане ажыццявіць пераход ад даўняй лексічна-граматычнай і стылістычнай структуры да новай літаратуры. Старая ж сінкрэ тычная літаратура ўжо вычарпала свае творчыя магчымасщ і выявілася пераважна ў жанрах вершаванага апавядання, апалагетычнай паэзіі або на процілеглым полюсе — у жанрах травесці, пародыі, саркастычнай іроніі, зрэдку — на шляху выкарыстання камедыйных прыёмаў фальклору. Таленавітымі творамі гэтай плыні былі ананімныя «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча». У кніжнай паэзіі ўзрастала цікавасць да чалавечай асобы, але яна не здолела тады пераадолець традыцыйны рытарызм і ранейшы схематызм, не стварылі развітыя жанры лірыкі і эпасу. Працэсы абнаўлення паэзіі, паэтычна-песеннага засваення жывой народнай гутаркі якраз тады адбываліся ў глыбінях народнай паэтычнай творчасці. Гэтыя крыніцы на этапе нацыянальнага адраджэння (XIX — пачатак XX ст.) жывілі творчасць пачынальнікаў і класікаў нашай літаратуры.