Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гicторыя Беларускай Лiтаратуры 11-19 стагоддзяу....doc
Скачиваний:
56
Добавлен:
08.08.2019
Размер:
3.9 Mб
Скачать

Хронікі

XVI стагоддзе было надзвычай важным, этапным перыядам у гісторыі беларускага народа, у развіцці ўсёй беларускай культуры і літаратуры. Новыя сацыяльна-палітычныя і культурна-гістарычныя зрухі ў жыцці беларускага грамадства таго часу, зараджэнне новага светапогляду, гуманістычных, рэфармацыйных і нацыянальна-вызваленчых ідэй, выхад на гістарычную арэну новых грамадскіх і творчых сіл (шляхты і гараджан), прыкметнае паслабленне пазіцый артадаксальнай хрысціянскай царквы ў грамадстве, манаполіі духавенства на асвету і кніжную адукаванасць, узнікненне кнігадрукавання і іншыя фактары, з'явы

i тэндэнцыі выклікалі адпаведныя змены ў эстэтычных уяўленнях і культурных запатрабаваннях людзей, у спосабах і прынцыпах літаратурнага адлюстравання рэчаіснасці, у ідэйнай накіраванасці, змесце, форме і стылі твораў, у характары развіцця і вобліку ўсёй літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі. Адбывалася далейшая секулярызацыя і дэмакратызацыя літаратуры (для шырокага чытача была выдадзена Святая Біблія, на беларускую мову былі перакладзены рыцарскія раманы і свецкія гістарычныя аповесці), да актыўнай культурнай дзейнасці і літаратурнай творчасці далучаліся прадстаўнікі дэмакратычных слаёў насельніцтва, узмацніўся асобасны, індывідуальны пачатак, узніклі новыя літаратурныя віды і жанры (кніжная паэзія, мемуарыстыка, драматургія), развіццё літаратуры ў цэлым набыло больш інтэнсіўны характар.

Важныя якасныя змены адбываліся ў гэты перыяд і ў беларускім летапісанні, адным з вядучых жанраў свецкай літаратуры. У сувязі з новымі грамадска-палітычнымі тэндэнцыямі, выкліканымі гістарычнымі абставінамі таго часу (паслабленнем магутнасці і міжнароднай ролі Вялікага княства Літоўскага ў Еўропе, узмацненнем націску маскоўскіх цароў і польскіх феадалаў на ўсходнеславянскія землі, прыкметным ростам нацыянальнагістарычнай самасвядомасці беларускага і літоўскага народаў і інш.), істотна мяняецца ідэйная накіраванасць беларуска-літоўскай гістарыяграфіі, гістарычныя канцэпцыі летапісаў. Прынцыповае значэнне для тагачасных храністаў Беларусі і Літвы меў той відавочны факт, што ў XVI ст. ваенна-палітычная ініцыятыва на ўсходнеславянскай прасторы перайшла да Расійскай, дзяржавы, і ўладары Вялікага княства Літоўскага вымушаны былі адмовіцца ад далейшай рэалізацыі так званай агульнарускай праграмы, ад імкнення ўзначаліць палітычнае аб'яднанне ўсёй Русі і думаць у першую чаргу пра захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці і дзяржаўнага суверэнітэту сваёй краіны. Агульнадзяржаўныя летапісы губляюць агульнарускі характар і становяцца больш выразна беларуска-літоўскімі па змесце, у іх узмацняюцца ідэі дзяржаўнага і нацыянальнага патрыятызму.

Першы летапісны звод, гэтак званы Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., арыгінальную частку якога складаў «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», яшчэ бытаваў і ў XVI ст., перапісваўся, чытаўся (спісы Супрасльскі, Акадэмічны), аднак не мог ужо цалкам задаволіць тагачасных чытачоў. Спачатку гэты летапіс быў значна скарочаны і адрэдагаваны, галоўным чынам за кошт агульнарускай часткі, прысвечанай гісторыі Кіеўскай і Маскоўскай Русі, у выніку чаго ўзнікла яго новая, трэцяя, рэдакцыя (Слуцкі спіс). Пасля на аснове розных вусных і пісьмовых крыніц, у тым ліку і арыгінальнай часта Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. («Летапісу», «Пахвалы Вітаўту» і іншых твораў), была зроблена спроба стварыць новую, больш поўную гісторыю Вялікага княства Літоўскага.

У першай палове XVI ст. быў укладзены другі беларуска-літоўскі летапісны звод — «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», які пачынаецца легендарнай гісторыяй Літвы, а завяршаецца «Летапісам вялікіх князёў літоўскіх» і пагадовымі гістарычнымі запісамі аб падзеях канца XIV — першай паловы XVI ст. Ён захаваўся ў шматлікіх спісах і рэдакцыях (Красінскага, Патрыяршы, Румянцаўскі, Пазнанскі і інш.), што сведчыць аб яго вялікай папулярнасці ў XVI — XVII стст. Гэтая Хроніка паслужыла найважнейшай крыніцай трэцяга і апошняга агульнадзяржаўнага летапіснага зводу, створанага ў Вялікім княстве Літоўскім, найбольш выдатнага помніка беларуска-літоўскага летапісання — «Хронікі Быхаўца», этапнай з'явы ў развіцці беларускай гістарычнай белетрыстыкі даўняй пары.

Пра гэты шмат у чым загадкавы твор існуе багатая навуковакрытычная літаратура. «Хроніку Быхаўца» ўпершыню адкрыў і апублікаваў Т. Нарбут, правінцыйны гісторык-рамантык, працы якога вылучаюцца невысокім, нават на той час, навуковым узроўнем, неглыбокім і некрытычным падыходам да гістарычных крыніц. Гэтая акалічнасць, а таксама той факт, што сам рукапіс Хронікі пасля загадкава загінуў, паслужыла некаторым вучоным падставай усумніцца ў яе аўтэнтычнасці і абвінаваціць гісторыка ў фальсіфікацыі. Аднак пераважная большасць даследчыкаў, абапіраючыся на ўважлівыя назіранні над складам, зместам, ідэйнай накіраванасцю, стылем і мовай «Хронікі Быхаўца», прыйшла да ўпэўненага пераканання, што яна — гістарычна сапраўдны, арыгінальны помнік беларуска-літоўскай гістарыяграфіі XVI ст.

У даследаванні «Хронікі Быхаўца» ёсць нямала складаных праблем і нявырашаных пытанняў, хоць яе вывучэнне ў другой палове XX ст. значна пасунулася наперад дзякуючы намаганням польскіх, літоўскіх, рускіх і беларускіх даследчыкаў. Не да кан ца высветлена, напрыклад, вельмі заблытаная гісторыя паходжання гэтага летапіснага зводу. (Яго грунтоўнае даследаванне ў дадзеным выпадку не ўваходзіць у нашу задачу, таму мы тут толькі коратка падсумуем нашыя і іншых вучоных назіранні.)

Хоць «Хроніка Быхаўца» знешне ўяўляе сабою цэльную гістарычную аповесць, створаную адным пісьменнікам-храністам, на самай справе яна — летапісны звод, складзены з некалькіх частак, якія ўзніклі ў розных месцах і ў розны час і, такім чынам, належыць некалькім аўтарам. Паводле свайго паходжання яе тэкст у агульных абрысах дзеліцца на тры асноўныя часткі: легендарную гісторыю Літвы ад Палемона да Гедыміна, гісторыю Вялікага княства Літоўскага ад сярэдзіны XIV да сярэдзіны XV ст. і арыгінальную частку, прысвечаную апісанню падзей пераважна XV — пачатку XVI ст.

Адзіны вядомы спіс Хронікі, які належаў у першай палове XIX ст. пану з-пад Ваўкавыска А. Быхаўцу (адсюль і назва!) і выдадзены Т. Нарбутам, быў дэфектны, таму ў пачатку і ў канцы тэкст не захаваўся. Пачатак твора даволі лёгка і дакладна аднаўляецца паводле Хронікі М. Стрыйкоўскага, які карыстаўся некалькімі летапіснымі спісамі, а вось рэканструяваць яго канец няма такой магчымасці: тэкст абрываецца на апісанні падзей 1506 г. (апавяданне пра бітву з татарамі пад Клецкам).

Першая частка гэтага летапіснага зводу — легендарная гісторыя Літвы ад Палемона да Гедыміна — не належыць пяру аўтара «Хронікі Быхаўца», а цалкам запазычана ім з папярэдняга, другога беларуска-літоўскага летапіснага зводу, дзе называецца «Хронікай Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Гэты твор узнік у асяроддзі літоўскіх патрыётаў і напісаны з мэтай гістарычна абгрунтаваць больш даўняе і высакароднае, чым беларуска-ўкраінскай і польскай шляхты, паходжанне (ад рымскіх патрыцыяў) літоўскіх князёў і паноў, паказаць іх вядучую ролю ў стварэнні Вялікага княства Літоўскага і гэтым самым сцвердзіць іх права на паноўнае становішча ў дзяржаве.

Арганічным працягам легендарнай гісторыі, якая канчаецца паэтычным апавяданнем пра заснаванне Гедымінам Вільні, служаць у «Хроніцы Быхаўца» «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх» і іншыя творы і запісы па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, што ўваходзяць у Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. Гэты літаратурны матэрыял быў уключаны ў новы летапісны звод без іс-тотных перапрацовак тэксту, але са значнымі дапаўненнямі.

У заключнай частцы гэтай Хронікі змешчаны цалкам арыгінальныя гістарычныя апавяданні і запісы, якія не сустракаюцца ў іншых летапісных зводах і якія арганічна дапаўняюць запазычаны з папярэдніх летапісаў і хронік матэрыял, ствараючы новы летапісны помнік. Гэтыя звесткі датычаць пераважна палітычнай гісторыі Літвы і Беларусі XV — пачатку XVI ст., а таксама гісторыі асобных княскіх і магнацкіх родаў, найбольш князёў Слуцкіх і паноў Гаштольдаў. Выразна свецкі змест і стыль арыгінальнай часткі «Хронікі Быхаўца», антыпольскія тэндэнцыі і агульнадзяржаўны патрыятызм аўтара (ці аўтараў) сведчаць пра тое, што яна ўзнікла ў асяроддзі патрыятычна настроенай часткі беларуска-літоўскай шляхты.

Вучоныя і да сёння вядуць спрэчкі аб тым, як, дзе і калі быў складзены трэці летапісны звод. Выказваюцца самыя розныя меркаванні, будуюцца цікавыя версіі, гіпотэзы, бо сам тэкст дае для гэтага вельмі багаты матэрыял. Бясспрэчныя гістарычныя рэаліі і дэталі зместу ўказваюць, што адна частка хронікі пісалася ў Слуцку пры двары мясцовых князёў, а другая стваралася ў асяроддзі, блізкім да літоўскіх паноў Гаштольдаў.

Уважлівыя назіранні над тэкстам помніка пераконваюць нас у тым, што ўзнікненне «Хронікі Быхаўца» сапраўды звязана з паўднёвай Беларуссю, а дакладней, са Случчынай. Па-першае, у гэтым творы вельмі дэталёва апісаны некаторыя гістарычныя падзеі канца XV — пачатку XVI ст., што адбываліся ў Слуцку і яго ваколіцах, і пададзены дакументальна дакладныя, але эмацыянальна афарбаваныя звесткі пра асобных слуцкіх князёў Алелькавічаў. Па-другое, непасрэднай крыніцай гэтага летапіснага зводу быў, як паказваюць агульныя памылкі тэксту, спіс Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г., ідэнтычны Слуцкаму. Патрэцяе, кірыліцкі пратограф спіса Быхаўца (тэкст апошняга перапісаны лацінкай), несумненна, узнік у паўднёвай Беларусі. Пра гэта пераканаўча сведчаць палескія дыялектныя асаблівасці ў яго мове. Вельмі характэрна, напрыклад, змешванне храністам альбо перапісчыкам гукаў «е» і «і» на месцы старажытнарускага «h»: лето — лито, месяца — мисяца, собе — соби, веру — виру, свет — свит, всех — всих, мне — мни, детей — дитей, Олгерд — Олгирд, благоверны — благовирны і інш. Уключэнне ж у гэты беларускалітоўскі звод апрача звестак пра беларускіх князёў Алелькавічаў (Слуцкіх) матэрыялаў, што датычыліся літоўскіх арыстакратаў Гаштольдаў (Гаштоўтаў), хутчэй за ўсё тлумачыцца тым, што гэ тыя два магутныя феадальныя роды былі ў даволі блізкіх, сваяцкіх сувязях.

Найбольш верагодна, што спачатку на нейкім этапе, магчыма, яшчэ ў канцы XV ст., той Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. трэцяй рэдакцыі, які быў у Слуцку, арыгінальная частка якога адкрывалася «Летапісам вялікіх князёў літоўскіх», а завяршылася звесткамі па гісторыі Вялікага княства Літоўскага канца XIV — першай паловы XV ст., стаў прадаўжацца новымі пагадовымі запісамі, у тым ліку і мясцовага характару. Гэты ўрыўкавы летапісны нарыс неўзабаве перарос у разгорнутую хроніку гістарычных падзей XV — пачатку XVI ст., якімі была так багата гісторыя Літоўска-Беларускай дзяржавы таго перыяду і значнасць і важнасць якіх добра разумелі слуцкія Алелькавічы, іх непасрэдныя ўдзельнікі. Што большая частка арыгінальных пагадовых запісаў і гістарычных апавяданняў «Хронікі Быхаўца» належыць праваслаўнаму русіну, сведчыць таксама выкарыстанне гэтым храністам традыцыйнага летазлічэння «ад стварэння свету». Пазней, хутчэй за ўсё ў 30-я гады XVI ст., калі яшчэ жыў самы магутны з Гаштольдаў Альбрэхт (памёр у 1539), гэты летапіс быў аб'яднаны з «Хронікай Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», дадаткова дапоўнены матэрыяламі з гісторыі гэтай дзяржавы і роду Гаштольдаў, выпіскамі з Галіцка-Валынскага летапісу, дапрацаваны, склаўшы такім чынам трэці, самы поўны агульнадзяржаўны беларуска-літоўскі летапісны звод.

Паводле сваёй структуры «Хроніка Быхаўца» ўяўляе своеасаблівы звод гістарычных аповесцяў і апавяданняў, чым істотна адрозніваецца ад традыцыйных старажытнарускіх летапісаў, што складаюцца пераважна з асобных пагадовых запісаў. Толькі пад канец Хроніка некалькі нагадвае звычайны летапіс: тэкст падзелены на датаваныя артыкулы («В лето от початку света... а от Божыяго нароженя...») і выклад гістарычных падзей набывае летапісную форму.

У цэлым жа «Хроніка Быхаўца» даволі цэльны твор, што дасягаецца не толькі адзінствам агульнай тэмы (гісторыя Вялікага княства Літоўскага), але і звязным характарам выкладу, умельствам беларускіх храністаў захоўваць сувязь паміж асобнымі часткамі тэксту, рознымі элементамі апавядання. Формы і спосабы гэтай сувязі самыя разнастайныя. Апрача традыцыйных, летапісных («того ж лета», «той же зимы», «мы же на прежереченое возвратимся», «мы же возвратимся воспак») тут ужываюцца так сама розныя выразы і спалучэнні слоў, якія дапамагаюць чытачу не адрывацца ад тэмы папярэдняй гаворкі, трымаць з ёю пастаянную сувязь і злучаюць усё апавяданне і ўсе падзеі ў суцэльны паслядоўны храналагічна-прасторавы ланцуг: «и в тые лета», «и в тот час», «и тогды», «в тое время», «и затым», «потом же», «и коли», «а потом», «и на другое лето», «и по малому часу», «и от того часу», «князь же» «он же», «и пришедши», «по смерти же», «и будучи ему», «и пануючы ему» і інш.

Паводле асаблівасцяў звязанага апавядання, формаў сувязі розных частак тэксту і нават характару пабудовы сказаў «Хроніка Быхаўца» прыкметна збліжаецца з Галіцка-Валынскім летапісам, які фактычна з'явіўся першым на ўсходнеславянскіх землях гістарыяграфічным творам, у якім рашуча была пераадолена летапісная форма апісання падзей. Дарэчы, ён не толькі карыстаўся заслужанай папулярнасцю ў Беларусі ў XV—XVI стст., але і паслужыў непасрэднай крыніцай трэцяга беларуска-літоўскага летапіснага зводу, пра які тут вядзецца гаворка.

Глыбокая тыпалагічная сувязь гэтых хронік назіраецца і на структурным узроўні. I ў «Хроніцы Быхаўца», і ў Галіцка-Валынскім летапісе асноўнай адзінкай тэксту з'яўляецца не пагадовы артыкул, а асобны сюжэт, апавяданне пра падзею ці героя. Усё гэта разам узятае надае дакументальнаму апавяданню большую цэльнасць і літаратурнасць і набліжае яго да твораў гістарычнай белетрыстыкі.

«Хроніка Быхаўца» адкрываецца аповесцю пра паходжанне літоўскіх князёў і паноў, легендарнай гісторыяй утварэння Вялікага княства Літоўскага. Як мы ўжо ведаем, у Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г. гісторыя гэтай дзяржавы храналагічна не сягае глыбей часоў князя Гедыміна. Менавіта ад Гедыміна пачынае апавяданне пра мінулае сваёй краіны аўтар «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх». Гэтаму твору ў першым беларуска-літоўскім летапісным зводзе папярэднічае гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі.

Зразумела, што такі агульнадзяржаўны звод, у якім гісторыя Вялікага княства Літоўскага была змешчана на другім плане, выкладзена ўрыўкава, фрагментарна і выглядала менш велічна, чым гісторыя старажытнай Русі, не мог ужо задаволіць мясцовых патрыётаў у XVI ст., у перыяд інтэнсіўнага росту нацыянальнай і гістарычнай самасвядомасці народаў. Не шмат новага пра гісторыю гэтай дзяржавы давалі іншыя гістарычныя крыніцы, у тым ліку старажытнарускія летапісы, добра вядомыя ў той час у Беларусі і Літве.

Найбольш багаты ў гэтых адносінах Галіцка-Валынскі летапіс. Аднак яго звесткі пра Літву датычыліся падзей не раней XIII ст. і не надта імпанавалі літоўскім чытачам: літоўскія князі — жорсткія варвары, сварацца, забіваюць адзін аднаго; літоўцы — паганыя дзікуны, якія жывуць у лясах, не ведаюць пісьменства і новай веры. Яны яшчэ нядаўна плацілі даніну рускім, а цяпер робяць разбуральныя напады на сваіх суседзяў, аднак у палітычных адносінах яшчэ слабыя, бо не маюць моцнай дзяржавы. Зусім не адпаведны фон да тых ваенна-палітычных поспехаў, якія дасягнула Вялікае княства Літоўскае пры Альгердзе і Вітаўце, стаўшы адной з найбольш магутных дзяржаў Еўропы, калі ўладары іншых краін і народаў, як сцвярджаў аўтар «Пахвалы Вітаўту», «у велицей любви живущи» з вялікім князем літоўскім, «крепко служахуть ему, славному господарю, и честь велику и дары великии, и дани многи приношаху ему не токмо по вся лета, но и по вся дни».

3 другога боку, у эпоху еўрапейскага Рэнесансу адбываўся ўсеагульны працэс уздыму цікавасці да свайго мінулага, звязаны з гуманістычным адраджэннем не толькі чалавека, але і народаў, з узмацненнем пачуцця не толькі асабовай, але і нацыянальнай годнасці. Усе настойліва шукалі сабе славутых продкаў, незвычайных герояў, шукалі гістарычных аргументаў для абгрунтавання свайго высакароднага паходжання ад рымлян, траянцаў, біблейскіх герояў і г. д. I знаходзілі іх у розных родавых паданнях, гістарычных легендах і тэндэнцыйных канцэпцыях, якія мэтанакіравана апрацоўвалі і дапаўнялі, а пры неабходнасці і самі стваралі і выдавалі за фактычную праўду, а пасля самі пачыналі верыць у свае адвольныя домыслы як гістарычна сапраўдную рэчаіснасць. У Польшчы, напрыклад, у XVI ст. актыўна распаўсюджвалася канцэпцыя пра паходжанне ляхаў ад старажытных сарматаў, якія быццам бы перамаглі нават самога Аляксандра Македонскага; у Венгрыі інтэнсіўна распрацоўвалася і прымалася за аксіёму легенда пра паходжанне венграў ад ваяўнічых гунаў; у Расіі была створана вядомая тэорыя «Масква — трэці Рым», паводле якой дынастыя Рурыкавічаў выводзілася ад рымскага імператара Аўгуста.

Была яшчэ адна вельмі важная акалічнасць, якая падштурхнула стварыць велічную гісторыю Літвы і гістарычна абгрунтаваць высакароднае паходжанне літоўскіх князёў. Яшчэ ў пачатку XV ст., неўзабаве пасля паражэння пад Грунвальдам, Нямецкі ордэн, каб некалькі зменшыць эфект гістарычнай перамогі войск Польшчы і Вялікага княства Літоўскага і ўзяць хоць які-небудзь рэванш, свядома пусціў у ход версію, быццам бы літоўскія князі — не высакароднага паходжання: іх продак — конюх (pferdemarszalk) Гедымін. Гэтую тэндэнцыйную, абразлівую для літоўскіх князёў і арыстакратаў легенду пасля падхапілі польскія храністы і маскоўскія летапісцы і надалі ёй вострую ідэйна-палітычную на-кіраванасць. Яна патрабавала пераканаўчага адказу.

У такой атмасферы і ў такіх умовах легендарная гісторыя Лiтвы ад Палемона да Гедыміна, здаецца, проста не магла не ўзнікнуць, яе з'яўленне было вельмі актуальным і неабходным. Тым больш што сама легенда пра паходжанне літоўцаў з Італіі ўжо бытавала. Яна была вядома яшчэ ў другой палове XV ст. Выдатны польскі гісторык Ян Длугаш (1415—1480) упэўнена сцвярджаў, што «літоўцы і жамойцы з'яўляюцца пакаленнем лацінян і калі не ад саміх рымлян, то прынамсі ад якогасці лацінскага роду паходзяць». Ён спрабаваў нават абгрунтаваць гэтую версію спасылкамі на сугучнасць лацінскай і літоўскай моваў, на знешняе падабенства язычніцкіх звычаяў, абрадаў, багоў у старажытных рымлян і літоўцаў. На яго думку, італьянскія продкі літоўцаў прыбылі на ўсходнія берагі Балтыйскага мора яшчэ да нашай эры. У час грамадзянскай вайны паміж Пампеем і Юліем Цэзарам, апавядае польскі храніст, яны былі на баку першага. I калі Цэзар перамог, яны, баючыся яго помсты, вымушаны былі назаўсёды пакінуць сваю Радзіму і шукаць больш бяспечных земляў. Нават назву той паўночнай краіне, дзе пасяліліся, сваёй новай радзіме, яны далі па імені сваёй прабацькаўшчыны (LTtalia — Літалія — Літуанія), а галоўны горад назвалі Вільняй па імені князя Віллі, пад кіраўніцтвам якога выйшлі з Італіі.

Такім чынам, Ян Длугаш зрабіў першую спробу літаратурна аформіць легенду пра рымскае паходжанне літоўцаў, якая ўжо бытавала ў вусным ужытку, і стварыць на яе аснове гістарычна праўдападобнае апавяданне. Ён надаў легендзе навуковападобную форму, уключыў у сваю працу і гэтым самым садзейнічаў яе распаўсюджванню. Праўда, яго Хроніка не была апублікавана ў XVI ст. і засталася невядомай шырокаму чытачу. Аднак леген ду пра італьянскае паходжанне літоўцаў ад Длугаша пераняў яго суайчыннік Мацей Мяхоўскі, «Гісторыя Польшчы» якога двойчы, у 1519 і 1521 гг., была надрукавана ў Кракаве на лацінскай мове і, несумненна, неўзабаве дайшла і да Вільні.

Легенда, унесеная ў твор гістарыяграфіі, стала, такім чынам, як бы гістарычным фактам, была прызнана за праўду і атрымала права грамадзянства. Засталося толькі разгарнуць сюжэт, насяліць героямі, напоўніць жывым зместам, што і было зроблена аўтарам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», твора, пабудаванага як дакументальная гістарычная аповесць, але з надзвычай шырокім, як ніколі раней у беларуска-літоўскім летапісанні, смелым выкарыстаннем літаратурнага вымыслу. Без яго ніяк нельга было абыйсціся, бо гэта была толькі легенда, якую трэба было напоўніць, так сказаць, плоццю і кроўю. Важна было ўдала пачаць, знайсці праўдападобную завязку, гістарычна матываваць прычыны ўцёкаў з Італіі далёкіх «продкаў» літоўцаў. Увага аўтара легендарнай гісторыі Літвы спынілася на падзеях у Рыме часоў панавання імператара Нерона (I ст. н.э.). Гэты тыран, апавядае храніст, «княжатам и понятом римским, и шляхтам, и всему посполству кривды и втисненя великия чинил, для чого ж... не был нихто певен а ни безпечен не только именей альбо скарбов, але и здоровья своего. А так многие... втекали до розмаитых земель, наследуючи справедливого покоя».

У такіх умовах «одно княже римское именем Полемон, который же цесару Нерону был кровный, забрался з жоною и з детми, и з скарбы своими, и поддаными своими, с которым жо княжетем собралося пятсот шляхты з жонами и з детми и з многими людми. И вземши с собою одного остронома, и пошли в кораблех морем по заходу слонца, хотечи собе знайти на земли месцо слушное, игде бысть мели поселити а мешкати с покоем». Абагнуўшы Заходнюю Еўропу, яны ўвайшлі ў Балтыйскае мора, даплылі да вусця Нёмана, падняліся ўверх па цячэнню і знайшлі «горы высокие, и на оных горах ровнины великие, и дубровы роскошные и розмаитое офитости наполненых розного рожаю зверей... и там ся поселили и почали розмноживатися». Выхадцы з Італіі заклалі ў Прынёманскім краі першыя гарады, заснавалі першыя княствы.

Знешне ўсё выкладзена даволі лагічна і праўдападобна, тым больш што пачатак прывязаны да сапраўдных падзей рымскай гісторыі. Далей Хроніка пераходзіць у своеасаблівы даведнік па легендарнай літоўскай генеалогіі. Як у нейкім калейдаскопе, ня спынна мяняюцца князі: Палемон, Кунас, Гінбут, Скірмант, Мантвіл, Кукавойт, Утэнус, Гiрус, Гiнвіл... Асобныя іх імёны ўтвораны ад геаграфічных назваў Літвы і Беларусі: Кернава — Кернус, Нёман — Неманас, Эйшышкі — Эйкшыс, Гальшаны — Гольша, Трабы — Трабус. Іншыя запазычаны з Галіцка-Валынскага летаnicy: Шварн, Эрдзівіл, Тройдзень, Жывінбут, Доўмант, Раман. 3 апошняга ўзяты таксама некаторыя гістарычныя сюжэты, што датычаць жыццяпісаў літоўскіх князёў Міндоўга, Войшалка і інш., аднак яны адвольна перакручаны да непазнавальнасці.

У цэлым апавяданне ў «Хроніцы Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» вядзецца вельмі бегла, даволі схематычна і трафарэтна. Дакладныя звесткі, запазычаныя з аўтэнтычных крыніц, свядома перароблены і тэндэнцыйна падагнаны пад агульную канцэпцыю. Вельмі паказалъна, напрыклад, як у сэнсе манеры выкладу, так і характару выкарыстання крыніц, апавядаецца пра падзеі, звязаныя з Полацкам:

«И по смерти отца своего (Эрдивила. — Аўт.) князь велики Мингайло, собравши войска свои, и пойде на город Полтеск и на мужы полочане, которые вечом ся справовали, как велики Новгород и Псков. И напервей прышли ко городу их, реченному Городень. И мужы полочане ополчывшыся полки своими и стретили их под Городцом, и велик бой и сечу межы собою вчынили. И поможе Бог великому князю Мингайлу, иж побил всих мужей полочан наголову и город их Городень сожже, и город Полтеск озмет, и остал великим князем полоцким. И будучы ему великим князем полоцким и новгородским, и пановал много лет и умер, и оставил по соби двух сынов своих, одного Скирмунта, а другого Гинвила. И Скирмунт начнет княжыти на Новогороде, а Гинвил на Полоцку. А поймет Гинвил дочку у великого князя тверского Борыса, именем Марыю, для которое ж охрыстился в рускую веру, и дали имя ему Юрый. И тот Юрый пановал немного лет и умре, и по соби зоставил сына своего Борыса на Полоцку. И тот князь Борыс вчинил город на имя свое на реце Березини и назвал его Борыс(ов)ом. И будучы ему русином, был велми набожон, и вчынил церков каменную у Полоцку святое Софии, другую святого Спаса, девиц монастыр уверх реки Полоты от города в полмили, третюю церков-монастыр на Белчыцы, святого Борыса и Глеба».

Тэкст вельмі змястоўны, насычаны імёнамі і падзеямі. Тут выкарыстаны шмат якія сапраўдныя факты з беларускай гісторыі, адчуваюцца рэмінісцэнцыі з вядомых старажытнарускіх пісьмо вых помнікаў. Аднак усё так адвольна перакручана і перароблена, напоўнена домыслам, што апавяданне страціла вартасць гістарычнай крыніцы. Сапраўды, як апавядаецца ў Іпацьеўскім летапісе, аднойчы ў сярэдзіне XII ст. палачане былі разбіты літоўцамі пад Гарадком, аднак апошніх узначальваў не Мінгайла, а Валадар, князь мінскі, якога асадзілі палачане. Барысаў заснаваў полацкі князь Барыс, але не Гінвілавіч, а Усяславіч. Ён жыў у канцы XI — першай трэці XII ст. і таму не мог пабудаваць Сафійскі сабор, які ўзведзены ў сярэдзіне XI ст. пры Усяславе Чарадзею.

Вышэйпрыведзенае апавяданне не вылучаецца і літаратурнымі вартасцямі: сухая інфармацыя, пададзеная бегла і ардынарна. I ў іншых месцах Хронікі, нават там, дзе можна было сапраўды разгарнуцца, напрыклад, у паказе батальных сцэн, яе аўтар не толькі не выявіў мастацкай фантазіі і таленту, але і звычайнага літаратурнага ўмельства. Вось два характэрныя ўрыўкі, прысвечаныя апісанню зусім розных бітваў, першы — літоўскіх і старажытнарускіх войскаў з татарамі на p. Акунёўцы ля Мазыра, другі — літоўскага князя Рынгалта са старажытнарускімі князямі і татарамі ля в. Магільна, што на Нёмане:

«И вдарилися полки межи собою, и вчинили бой лют от поранка аж до вечера, и поможе Бог великому князю Скиргайлу и князем руским, иж царя Курдаса и все войско его наголову поразили... И князь великий Скиргайло, одержавши звитежство и добытку великого, злата и сребра, каменя, жемчугу и шат дорогих набравши, отиде восвояси»;

«И вчинили с ними бой лют, и билися межи собою велми крепко, почанши от поранка аж до самого вечера. И поможе Бог великому князю Рынкгалту, иж князей руских и всю силу их и орду татарскую наголову поразил и сам, звитежство одержавши, з великим веселием и добытком золота, серебра и з великим набытком скарбов возвратившися восвояси».

Гаворачы сённяшняй мовай, гэтыя апісанні пададзены вельмі сцісла і аднастайна, з выкарыстаннем адных і тых жа слоў і выразаў, як бы па гатоваму трафарэту, і таму падобныя, як блізняты. Фактычна гэта не апісанні бітваў, а толькі паведамленні пра іх, бо сюжэт не разгорнуты, няма шырокай карціны, выразнага малюнка, жывых дэталяў, свежых слоў і вобразаў.

Але ўсё ж ці маем мы поўнае права так катэгарычна абвінавачваць аўтара «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» ў творчай бездапаможнасці? Ці ставіў ён наогул перад сабою задачу скласці разгорнутыя займальныя апісанні гэтых і iншых батальных сцэн? Думаецца, што яму важна было ў першую чаргу даць агульныя літаратурныя абрысы ўсёй легенды, без асаблівай дэталізацыі, якая вымагала большых творчых намаганняў, іншага падыходу да матэрыялу.

Апрача таго, шырокае выкарыстанне вымыслу не адпавядала законам летапіснага жанру і супярэчыла творчым прынцыпам летапісцаў, якія заносілі ў аналы гісторыі толькі рэальна-гістарычныя падзеі і факты альбо тыя, у сапраўднасці якіх яны не сумняваліся. Летапісцы якраз былі найбольш моцныя ў дакументальна-дакладнай перадачы гістарычных падзей, у адлюстраванні праўды адзінкавага факта, а не іх вобразна-мастацкай тыпізацыі. У эпоху Сярэднявечча гэта было прывілегіяй і задачай іншых літаратурных жанраў, якія мелі тады асобныя, выразна акрэсленыя сферы адлюстравання і ўжывання. Мастацкім вымыслам як важным творчым сродкам летапісцы яшчэ не ўмелі свабодна і эфектыўна карыстацца. Відаць таму ў летапісах найбольш каштоўныя ў пазнавальна-гістарычным плане і моцныя з літаратурнага боку якраз старонкі, у якіх дэталёва і праўдзіва апісваюцца сапраўдныя гістарычныя падзеі і выпадкі з жыцця герояў.

3 другога боку, ужыванне ўстойлівых моўна-стылявых формул, устаноўка на традыцыйнае, апрабаванае часам, замацаванае вопытам папярэднікаў, як і ў вусна-паэтычнай народнай творчасці, былі выявай пэўнай эстэтычнай канцэпцыі, своеасаблівым літаратурным этыкетам таго часу, а не недахопам сярэднявечнага пісьменніка. «Было б няправільна бачыць у літаратурным этыкеце рускага сярэднявечча, — справядліва зазначае выдатны знаўца паэтыкі старажытнай літаратуры Д. С. Ліхачоў, — толькі сукупнасць шаблонаў і трафарэтаў, якія механічна паўтараюцца, недахоп творчай выдумкі, «закасцяненне» творчасці і змешваць гэты літаратурны этыкет з шаблонамі асобных бяздарных твораў XIX ст.»

«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» цалкам пацвярджае вывад аб большай літаратурнасці, белетрыстычнасці летапісных апавяданняў, пабудаваных на разгорнутым апісанні не вымышленых, а гістарычна сапраўдных падзей. Менавіта яе заключныя старонкі, прысвечаныя асобным яркім момантам з гісторыі княжання Гедыміна, і ўяўляюць найбольшую цікавасць у літаратурным плане. Пра жыццё і дзейнасць гэтага князя яшчэ захоўваліся ў XVI ст. у народнай памяці розныя гістарычныя па данні, бо эпоху Гедыміна ад часу, калі складалася Хроніка, аддзялялі ўсяго два стагоддзі. Да самых паэтычных мясцін гэтага твора належыць апавяданне пра заснаванне князем Гедымінам Вільні:

«И в малых часех поехал после того князь великий Кгидимин в ловы от Троков за четыре мили, и найде гору красну над рекою Вилнею, на которой найде зверя, великого тура, и убьет его на той горе, где ныне зовут Турья гора. И вельми было позно до Троков ехати, и станет на луце на Швинторозе, где перших великих князей жигали, и обначовал. И спящу ему там, сон виде, што на горе, которую звали Кривая, тепер Лысая, стоит волк железный велик(и), и в нем ревет, как бы сто волков выло. И очутився от сна своего и рече ворожбиту своему, именем Лиздейку, который был найден у в орлове гнезде, и был тот Лиздейко у князя Кгидимина ворожбитом на(й)вышшим, потом попом поганским: «Видех дей сон дивный», и споведаему все, што се ему у во сне видело. И тот Лиздейко рече господарю: «Княже великий, волк железный знаменует — город столечный тут будет, а што в нем унутри ревет, то слава его будет слынути на весь свет». И князь великий Кгидимин назавтрее ж, не отеждаючи, послал по люди и заложил город, один на Швинторозе Нижний, а другий на Кривой горе, которую ныне зовут Лысою, и наречет имя тым городом Вильня».

Тут вельмі ўдалы, таленавіты сінтэз факта і вымыслу, праўды гістарычнай і праўды мастацкай, дакументальна-дакладнага і вусна-паэтычнага адлюстравання падзеі. У творы шмат дакладных гістарычных дэталяў і фактаў: Турья і Лысая горы, што «от Троков за четыре мили», Швінтарог (Святы рог), дзе раней было месца язычніцкага спальвання літоўскіх князёў, Ніжні і Крывы (верхні) гарады, з якіх складалася старажытная Вільня, заснаванне сталіцы Вялікага княства Літоўскага менавіта князем Гедымінам. Выгаднае геаграфічнае палажэнне мясціны (суток рэк Вільні і Віллі, высокія і крутыя ўзгоркі служылі натуральнай перашкодай і палягчалі абарону ад нападу знешніх ворагаў) і было галоўнай прычынай заснавання тут горада, куды была перанесена сталіца маладой дзяржавы. Таму выбар менавіта гэтага месца для новага, галоўнага горада дзяржавы быў далёка не выпадковай, а глыбока прадуманай, добра ўзважанай і заканамернай з'явай.

Гэты сапраўдны гістарычны факт у Хроніцы літаратурна апрацаваны і паэтычна пераасэнсаваны. На яго аснове створана сюжэтнае белетрыстычнае апавяданне, у якім адчувальны пры-годніцкі элемент і ўсё ахутана арэолам незвычайнага: незвычай-нае паляванне ў незвычайным месцы, незвычайны тур, незвы-чайны сон, незвычайны варажбіт (дзіцем знойдзены ў гняздзе арла), незвычайная адгадка сна і незвычайны горад. Здзіўляюць лаканізм і змястоўнасць, жывасць і дынамізм выкладу. Гэтая мі-ніяцюрная навела, несумненна, пабудавана на народным этiч­ным паданні, якое данесла да нас рэха язычніцкіх вераванняў.

Цікава, што да гэтага сюжэта яшчэ два разы звяртаецца аўтар «Хронікі Быхаўца», апісваючы падзеі эпохі князя Вітаўта. Адной-чы ў час асады Вільні князь Вітаўт «дела (гарматы. — Аўт) зако­пал на горе Турьей, на которой князь велики Гедимин тура за­бил». Пазней, у час каранацыйнага з'езда, Вітаўт абдарыў цэзара так званай Свяшчэннай Рымскай імперыі, германскага імпера-тара Сігізмунда «рогом великим турим, того тура, што князь ве­лики Гидымин вбил на горе у Вильни».

У цэлым жа надта відавочная штучнасць, выдуманасць і про-сталінейная тэндэнцыйнасць «Хронікі Вялікага княства Літоў-скага і Жамойцкага», напоўненай рознымі фактычнымі памыл-камі і недарэчнасцямі. Так, у гэтым творы сцвярджаецца, быццам бы даўнія, вядомыя яшчэ з часоў ранняга Сярэднявечча беларус-кія гарады Наваградак і Гродна заснаваны літоўскімі князямі пасля нашэсця Батыя на Русь. Да таго ж часу адносіць аўтар гэ­тай хронікі заснаванне Барысава і будаўніцтва полацкай Сафіі, быццам бы ўчыненае полацкім князем Барысам, сынам міфічна-га літоўскага князя Гінвіла, і інш.

Імкнучыся ўзвысіць уласна Літву, паказаць яе мінулае ў най­больш прывабным святле, літоўскі храніст так ці інакш фальсіфі-каваў гісторыю, хоць некаторыя сапраўдныя гістарычныя факты і падзеі ён ведаў, бо, несумненна, карыстаўся Галіцка-Валынскім летапісам. Таму пададзены ім нарыс паходжання літоўскіх князёў і ранняй гісторыі Вялікага княства Літоўскага не мае нічога агуль-нага з сапраўднасцю і патрабуе строга крытычнага падыходу.

На фоне велічнай, гераічнай Літвы вельмі слабай і бездапа-можнай выглядае ў гэтай Хроніцы Русь, якая паказана як шыро-кае поле для актыўнай дзейнасці ваяўнічых літоўскіх князёў. Пасіўныя і неарганізаваныя ўсходнія славяне не толькі не аказ-ваюць сур'ёзнага супраціўлення літоўцам, але і самі звяртаюцца да апошніх па дапамогу для абароны ад татараў і стварэння дзяр-жаўнай улады.

У Хроніцы праводзіцца ідэя перавагі ўласна Літвы над сла-вянскай Руссю і прынцыпова іншая, чым у Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г., гістарычная канцэпцыя. Храніст бачыў у гісторыі Вялікага княства Літоўскага толькі гісторыю ўласна Літвы, а саму дзяржаву не літоўска-славянскай, а выключна літоўскай паводле свайго нацыянальнага характару. Нават у яго афіцыйнай назве ён слова «Рускае» замяніў на «Жамойцкае» і адназначна сцвярджаў, што «панство Литовскае пачалося звати и множати от Жамойти».

Змест, ідэйная накіраванасць і асобныя дэталі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» даюць пэўныя падставы зрабіць вывад, што яна, найбольш верагодна, узнікла ў 20-я гады XVI ст. у асяроддзі літоўскіх арыстакратаў Гаштольдаў і Гальшанскіх, паходжанне роду якіх у творы выводзіцца непасрэдна ад нашчадкаў рымскай знаці. Падкрэсліваючы старажытнасць і высакароднасць свайго паходжання, свядома ўзвялічваючы ролю літоўскіх князёў у гісторыі Вялікага Літоўска-Рускага княства, літоўскія арыстакраты імкнуліся такім чынам сцвердзіць сваю перавагу над беларуска-ўкраінскімі феадаламі, гістарычна абгрунтаваць сваё паноўнае становішча ў гэтай дзяржаве.

З'яўленне падобных гераізаваных гісторый сваёй краіны — тыповая з'ява эпохі Адраджэння, перыяду актыўнага росту нацыянальна-гістарычнай самасвядомасці народаў. Не цяжка адсюль зразумець і больш высокую мэту тагачасных літоўскіх патрыётаў, асабліва ва ўмовах, калі славянская стыхія пагражала самому гістарычнаму існаванню літоўцаў як самабытнага этнасу, бо да гэтага іх значная частка, асабліва паноўнага стану, была ўжо асімілявана продкамі беларусаў, а роднасныя літоўцам плямёны яцвягаў і прусаў наогул зніклі з гістарычнай арэны. Таму велічная і гераічная гісторыя Літвы, якую стварыў храніст, павінна была выклікаць і ўзмацняць у літоўскіх чытачоў патрыятычныя пачуцці, узнімаць у іх цікавасць да свайго мінулага, да сваіх традыцый і народнай спадчыны, садзейнічаць росту нацыянальнай самасвядомасці. I неўзабаве, у 40-я гады XVI ст., як бы адгукаючыся на гэты патрыятычны заклік храніста, святар М.Мажвідас, клапоцячыся пра духоўную асвету простага народа, пайшоў Скарынавым шляхам — пачаў перакладаць на літоўскую мову рэлігійныя песні, падрыхтаваў і выдаў першую друкаваную кнігу на роднай мове — літоўскі «Катэхізіс» (1547).

«Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая так хораша завяршаецца паэтычным апавяданнем пра заснаванне Вільні, была цалкам уключана ў «Хроніку Быхаўца», заняўшы ў новым беларуска-літоўскім летапісным зводзе месца гісторыі Кіеўскай і Маскоўскай Русі, якою адкрываецца наш першы звод,

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. Храніст зрабіў толькі два значныя дапаўненні ў запазычаны тэкст. Па-першае, пачатак падзей легендарнай гісторыі ён храналагічна перанёс з I у V ст. і ў сувязі з гэтым па-іншаму вытлумачыў прычыны ўцёкаў Палемона і яго суайчыннікаў з Італіі. У «Хроніцы Быхаўца» яны ратуюцца не ад крывавага тэрору Нерона, а ад нашэсця гунаў, якіх вядзе «біч Божы» Атыла. Па-другое, тэкст гэтага летапіснага зводу дапоўнены цікавымі, запазычанымі з Галіцка-Валынскага летапісу апавяданнямі пра князёў Міндоўга і Войшалка, якіх абмінуў папярэдні храніст. Калі апошняя ўстаўка сама сабой зразумелая, то істотныя змены ў пачатку легендарнай гісторыі патрабуюць дадатковага тлумачэння.

У гэтай працы ёсць пэўны элемент крытычнага падыходу аўтара «Хронікі Быхаўца» да сваіх крыніц, але не да сутнасці легенды пра рымскае паходжанне літоўцау, а да яе літаратурнага афармлення. Справа ў тым, што, паводле «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», ад часоў Нерона (I ст.) i да часоў Батыя (XIII ст.), г. зн. за дванаццаць стагоддзяў, у Літве паслядоўна змянілася ўсяго тры пакаленні князёў: Палемон — Кунас — Кгінбут — Мантвіл. Гэтую яўную недарэчнасць спрабаваў некалькі выправіць складальнік «Хронікі Быхаўца», аднак недастаткова рашуча, таму вялікая, сапраўды фантастычная храналагічная несуадпаведнасць падзей у першай частцы гэтага летапісу па сутнасці засталася.

Карацей кажучы, два гэтыя дапаўненні, унесеныя ў тэкст першай часткі «Хронікі Быхаўца», глыбока не закранулі самую легендарную гісторыю Літвы і ў цэлым карэнным чынам не змянілі ні змест, ні сюжэт, ні агульны характар большай часткі гэтай аповесці. Аднак той паварот да апісання сапраўдных гістарычных падзей, які намеціўся ў канцы «Хронікі Вялікага княства» Літоўскага і Жамойцкага», даў магчымасць больш натуральна аб'яднаць яе ў новым зводзе з «Летапісам вялікіх князёў літоўскіх» як арганічным працягам, які разам з арыгінальным тэкстам складае аснову «Хронікі Быхаўца», яе найбольшую важкую і каштоўную ва ўсіх адносінах частку.

Надзвычай багатыя і разнастайныя арыгінальныя гістарычныя запісы і апавяданні, што належаць пяру самога аўтара «Хронікі Быхаўца». Годна прадставіць і ўвекавечыць свой бурны час (канец XV — пачатак XVI ст.), а таксама цікава расказаць пра найбольш значныя падзеі мінулага сваёй краіны, памяць пра якія яшчэ жыла сярод людзей, і гэтым самым захаваць іх для нашчадкаў было асноўнай яго задачай як пісьменніка і гістарыёграфа.

Любімай тэмай гэтага ананімнага храніста, які, несумненна, належаў да шляхецкага стану, была ваенна-патрыятычная. Яго глыбока хвалявалі ўспаміны пра найбольш яркія і слаўныя моманты гісторыі сваёй Радзімы, пра гераічныя ўчынкі продкаў. Найлепшыя старонкі свайго твора ён прысвяціў апісанню вялікіх паходаў і бітваў, ратных подзвігаў сваіх суайчыннікаў, іх рыцарскай доблесці і мужнасці. Сваім горача зацікаўленым, жывым і пераканаўчым апавяданнем храніст імкнуўся выклікаць у чытачоў пачуццё гонару за сваё мінулае, абудзіць у іх цікавасць да роднай гісторыі, узмацніць іх патрыятычныя пачуцці. Добра дасведчаны ў найважнейшых грамадска-палітычных падзеях таго часу, у гісторыі сваёй краіны, аўтар «Хронікі Быхаўца» ўзбагаціў яе новымі яркімі старонкамі, упершыню стварыў з пункту гледжання патрыятычна настроенага прадстаўніка пануючага класа, беларуска-літоўскай шляхты, такую шырокую паводле ахопу падзей і храналагічна такую глыбокую яе панараму.

Цікавым і паказальным прыкладам творчай працы беларуска-літоўскіх храністаў XVI ст. з'яўляецца змешчанае ў «Хроніцы Быхаўца» апісанне паходу князя Альгерда на Маскву. Як сведчаць рускія летапісы, гэты князь двойчы, у 1368 і 1370 гг., сапраўды стаяў ля самых сцен маскоўскага крамля. Выкарыстаўшы дакладны гістарычны факт, храніст стварыў арыгінальнае белетрыстычнае апавяданне. Своеасаблівая завязка дзеяння. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч, апавядае ён, парушыўшы ранейшыя мірныя дамовы, прыслаў да Альгерда свайго пасла, праз якога перадаў яму агонь і шаблю, «даючы ему видати, што «буду в земли твоей по красной весне, по тихому лету». Альгерд адказаў не менш дасціпна, але быў больш хуткім і рашучым у сваіх дзеяннях. Ён выняў з крэсіва губку і крэмень, запаліў губку і перадаў паслу, даўшы гэтым зразумець, што ў Вялікім княстве ёсць свой агонь, а маскоўскаму князю перадаў: «Я, дасть Бог, буду в него на Велик день а поцалую его красным яйцом - через шчыт сулицою». Калі раніцою на Вялікдзень Альгерд нечакана з'явіўся на Паклоннай гары, то захоплены знянацку маскоўскі князь яўна быў не гатовы да сустрэчы з няпрошаным госцем і вымушаны быў прасіць міру. «И князь велики Олгерд сожалися, и ласку свою вчынил, и з Москвы его не добывал, и мир с ним взял». А на развітанне Альгерд пад'ехаў на кані да крамлёўскай сцяны, дакрануўся да яе сваім кап'ём і прамовіў: «Княже велики московски! Паметай то, што копие литовское стояло под Москвою».

Храніст не ведаў дакладных дэталяў паходу гэтага літоўскабеларускага князя на Маскву, аднак апісанне характару яго дзе янняў у цэлым адпавядае сапраўднасці. Альгерд быў выдатным палітыкам і палкаводцам і пры неабходнасці дзейнічаў вынаходліва і рашуча. Невыпадкова нават далёкія ад сімпатый да яго маскоўскія летапісцы прызнавалі, што гэты князь «не толма силою, елико умением воеваша». Выкарыстаўшы розныя крыніцы, магчыма, вуснае гістарычнае паданне і «Александрыю» (апісанне своеасаблівага спаборніцтва ў дасціпнасці маскоўскага князя з лiтоўскім вельмі ж нагадвае аналагічнае спаборніцтва цара Дарыя з Аляксандрам Македонскім), а таксама сваю фантазію, храніст здолеў стварыць прасякнутае патрыятычнай ідэяй сюжэтна завершанае і займальнае апавяданне пра адну з яркіх і цікавых старонак гістарычнай мінуўшчыны сваёй краіны.

Храністу важна было не столькі падаць дакументальна дакладнае ў дэталях апісанне падзей гістарычнага мінулага, колькі дасягнуць максімальнай эфектыўнасці і дзейснасці свайго аповеду. Белетрызуючы гістарычнае апавяданне, ён імкнуўся яўна не парушаць логікі развіцця падзей, захаваць яго праўдападобнасць, зрабіць яго і гістарычна і мастацкі праўдзівым, хоць і не заўсёды гэта храністу ўдавалася. Так, у апавяданні пра Грунвальдскую бітву ён так падае падзеі, так апісвае ход бітвы, што яго вывад, быццам бы крыжакі былі разбітыя толькі войскамі Вялікага княства Літоўскага, якія ўзначальваў Вітаўт, «а войска ляцкие ничого им не памагали, только на то смотрели», лагічна вынікае са зместу гэтага апавядання і падаецца зусім праўдападобным, хоць і супярэчыць гістарычнай праўдзе.

Гэтая своеасаблівая антыпольская тэндэнцыя даволі моцна адчуваецца і ў іншых месцах «Хронікі Быхаўца». У творы катэгарычна сцвярджаецца, што шляхта Вялікага княства Літоўскага «старшая и предняя, ниж ляхове». Апісваючы гісторыю падрыхтоўкі да каранацыі Вітаўта, храніст абвінавачвае польскіх паноў у яе зрыве. 3 абурэннем і гневам ён расказвае пра падступную задуму апошніх у часы караля Казіміра (1447—1492) усіх «панов литовских порезать, а княство Литовске до Коруны прывлашчыть» (г. зн. далучыць).

Непрыязнае стаўленне аўтара «Хронікі Быхаўца» да кіруючых колаў тагачаснай Польшчы адлюстроўвае погляды і настроі перадавых, пранікнутых агульнадзяржаўным патрыятызмам грамадскіх станаў Літвы і Беларусі першай паловы XVI ст., якія бачылі ў польскіх феадалах галоўных ворагаў палітычнай незалежнасці сваёй краіны. Побач з гэтым у Хроніцы падкрэсліваюцца выдатныя заслугі і роля прадстаўнікоў буйнай шляхты Вялікага княства Літоўскага ў яго гісторыі. Яны прызнаюцца сапраўднымі ўладарамі гэтай дзяржавы, галоўнай апорай і рашаючай сілай у яе абароне. Як паказалі падзеі другой паловы XVI ст., гэтая ацэнка была некалькі завышанай. Глыбока заклапочаны гістарычным лёсам сваёй Радзімы, храніст стаяў на баку ўсіх патрыятычных сіл краіны, якія імкнуліся адстаяць дзяржаўны суверэнітэт літоўскага і беларускага народаў перад мацнеючым націскам суседніх дзяржаў.

Арыгінальная частка «Хронікі Быхаўца», як ужо вышэй адзначалася, сваім зместам і характарам істотна адрозніваецца ад «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», падзеі і героі ў якой пераважна выдуманы і апісаны, як правіла, суха, бегла, схематычна. Той факт, што гэтая легендарная гісторыя Вялікага княства Літоўскага была цалкам уключана ў трэці беларуска-літоўскі летапісны звод, дае падставы меркаваць, што яго складальнік у асноўным верыў у яе гістарычную сапраўднасць, хоць месцамі і сумняваўся. Ён быў незадаволены храналагічнай несуадпаведнасцю апісаных у папярэдняй хроніцы падзей, беднасцю гістарычных дэталяў і рэалій і па магчымасці дапаўняў легендарную частку выпісамі з рэальных летапісных крыніц (напрыклад, з Галіцка-Валынскага летапісу).

Аб'яднанне ў «Хроніцы Быхаўца» легендарнай аповесці з «Летапісам вялікіх князёў літоўскіх» і арыгінальнымі гістарычнымі запісамі і апавяданнямі надало ёй выгляд гістарычна-літаратурнай кампіляцыі і пэўную жанравую стракатасць.

Паводле жанравай структуры ў гэтым творы даволі арганічна спалучаны звязнае, прагматычнае і часткова пабудаванае на вымысле апавяданне пра далёкае мінулае Літвы і Беларусі з пагадовым, летапісным і ў сваёй аснове дакументальна дакладным выкладам сапраўдных гістарычных падзей другой паловы XIV — пачатку XVI ст. Арыгінальная частка «Хронікі Быхаўца» характарам апісання гісторыі ў цэлым прыкметна ўжо адрозніваецца ад пагадовых запісаў папярэдняга, Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г., у пераважнай большасці якіх падзеі падрабязна не апісваюцца, а толькі занатоўваюцца. У гэтьтм летапісе гістарычныя аповесці і разгорнутыя апавяданні рэдкая з'ява, традыцыйна тыповае ж — кароткія запісы-паведамленні. Нават у «Летапісе вялікіх князёў літоўскіх» пасля аповесці пра Кейстута апісанне падзей падаецца вельмі сцісла, бегла, агульна, з вялікай адлегласці.

У арыгінальнай жа частцы «Хронікі Быхаўца» дыстанцыя паміж назіральнікам і аб'ектам значна змяншаецца, нярэдка настолькі, што чытач становіцца як бы непасрэдным удзельнікам падзей. Дзякуючы гэтаму пачынаюць больш выразна бачыцца асобныя дэталі, увесь малюнак як бы ажывае, напаўняецца гукамі і галасамі, становіцца больш яркім, шматколерным, рэльефным. Вось, напрыклад, як падаюцца асобныя моманты ходу падзей у апавяданні пра бітву літоўска-беларускіх войск з татарамі пад Клецкам у 1506 г.: «И выехали з Новогородка месяца августа в четверты день в понеделок в вечер, вже перед смерканием, и шли з Новогородка мимо Осташына. И на завтрие, во второк... не доходячы Молева в селе Налипой ночовали, а назавтрие, в середу, месяца августа шестого дня, на преображение Господа нашего Исуса Хрыста, воставше рано и зрадивше гуфы, яко на битву належыт, и пошли просто ко Клецку... И как пришли под Клеческ, к реце Лане, до Красного ставу от полудни, и з горы через реку взрели полки татарские, стоячи поготове на бой... Татарове же займали писара пана Заберезенского Коптя, и отсекшы голову ему, носили на древцы ругаючыся. Видя же князь Михайло з паны и со всим войском смех и наругание их, скоро казал всим полком обема гатьми реку переходити, и затрубившы во трубу и во свирели загравшы пошли за реку».

Такіх фактычных падрабязнасцяў, хранаграфічных і тапаграфічных, такіх гістарычных рэалій, блізкіх да мастацкіх дэталяў, вельмі мала ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г., нават у найбольш моцнай у літаратурных адносінах яго частцы — «Летапісе вялікіх князёў літоўскіх». Апавяданне пра бітву пад Клецкам, несумненна, напісана непасрэдным удзельнікам тых падзей альбо са слоў відовочцы, што дапамагло храністу стварыць своеасаблівы эфект прысутнасці.

Характэрна, што тэндэнцыя да алітаратурвання дзелавых запісаў, імкненне аўтара будаваць на падставе кароткай летапіснай звесткі разгорнутае, белетрызаванае апавяданне яшчэ ярчэй назіраецца ў тых месцах «Хронікі Быхаўца», дзе апісваюцца не сучасныя аўтару падзеі, а больш далёкай мінуўшчыны. Літаральна адзін сказ займае ў папярэднім беларуска-літоўскім летапісе паведамленне пра забойства ў 1440 г. у Троках князя Жыгімонта Кейстутавіча. У «Хроніцы Быхаўца» гэтая падзея падаецца як вострасюжэтная, займальная навела. Дынамічнасць і драматызм апавядання добра падмацоўваюцца сціслым і энергічным выкладам, удала пабудаваным, з прыгодніцкім ухілам сюжэтам і вельмі выразнымі, маляўнічымі дэталямі.

Калі змоўшчыкі — віленскі ваявода Доўгірд, троцкі ваявода Лелюш і князь Аляксандр Чартарыйскі «вмыслили князя Жыги монта о смерть приправити», яны паслалі ў Трокі кіеўляніна Скабейку з атрадам узброеных людзей, схаваных у вазы з сенам, перад якімі і адкрыла варта замкавую браму. Гэта і вырашыла зыход справы: «Был у князя Жыгимонта медведь, в котором вельми ся кохал, и завжды, коли прыхожывал до ложницы, и как лапою дернул, тогды его завжды пушчано. А как князь Чарторыски з Скобейком, прышодшы со всими тыми людми, и дернул рукою по дверем. И князь Жыгимонт мнимал медведь и казал дверы отчынити, и в тот час кинулися до ложницы, и почал князь Чарторыски вымовляти ему вси его злые учынки... И тыи слова вымовившы рекл на остаток: «Што еси был наготовал князем и паном и всим нам пити, тое ты тепер пий один». И кинулся к нему, хотячи его убити. Понежи не было чым, и тот Скобейко ухопил вилы в комине, што огонь поправуют, и тыми вилами вдарыл его в тот час, как божые тело подносил каплан, и кров скочыла з головы на стену, которая ж и до днесь есть на стене в ложницы его на вежы у большом замку Троцком. И в тот час пал на него милосник его на имя Славко, не хотячи видети смерти господара своего, понеже бо вельми был люб великому князю Жыгимонту; а они того Славка взяли и кинули окном з вежы, и он там шыю зламал».

Такіх даволі закончаных і адносна самастойных апавяданняў, пабудаваных на больш-менш дакладным, сюжэтна разгорнутым і белетрызаваным, з жывымі праўдзівымі дэталямі апісанні сапраўдных гістарычных падзей, нямала ў «Хроніцы Быхаўца». I яны прысвечаны не толькі ваенна-патрыятычнай і грамадскапалітычнай тэматыцы, але часам і асабістым, нават інтымным бакам жыцця гістарычных асоб. Так, храніст запісаў цікавае паданне пра гісторыю сватання ў Друцку старога караля Ягайлы да зусім юнай Соф'і Гальшанскай. Сватам тады выступаў сам вялікі князь Вітаўт. Хоць каралю прапаноўвалі спачатку яе старэйшую і больш прыгожую сястру Васілісу, аднак ён прадбачліва і мудра адмовіўся: «Сам то я знаю, иж сестра старшая есть цуднейшая, нижли маетус, а то знаменует, иж девка есть моцная, а я человик стары, не смею оное покуситися». Дзякуючы шлюбу Ягайлы з Соф'яй была заснавана дынастыя Ягелонаў. Уключэнне гэтага апавядання ў агульнадзяржаўны летапісны звод сведчыла пра рост цікавасці тагачасных храністаў і чытачоў да падобнага роду тэматыкі.

У гэтым кантэксце яшчэ больш паказальнай з'яўляецца рамантычная гісторыя кахання караля Жыгімонта Аўгуста і Барба ры Радзівіл. Яна змешчана ў поўнай рэдакцыі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» (спіс Пазнанскі) пад 1545— 1548 гг., але не папала ў «Хроніку Быхаўца», бо апошняя была завершана раней. Пасля смерці першай жонкі кароль Жыгімонт, як кажа храніст, «не могучы здержати прырожоное хтивости своей ку белым головам, почал миловати» ўдаву Барбару Радзівіл і таемна па начах наведваць ў яе доме ў Вільні. Прыгажуня Барбара так моцна паланіла маладога караля, што ён, нягледзячы на супрацьдзеянне правячых колаў Вялікага княства Літоўскага і Польшчы, усё ж жаніўся на ёй. «Всим людем и всей земли тое ожененье королевское было вельми не мило... и многие пашквилюсы писали о том, у замку к стенам и к ратуши, и к панским домом к воротом прыбивали, которые многие и до короля бывали прыношоны», — паведамляе храніст. Такая адмоўная рэакцыя на жаніцьбу караля на знатнай і прыгожай, але бясплоднай жанчыне тлумачыцца тым, што ўсе баяліся, каб на гэтым шлюбе не перарвалася дынастыя, што і здарылася на самай справе.

У гэтай фрывольнай гісторыі палкая любоўная страсць паміж мужчынам і жанчынай, якія займалі вельмі высокае становішча ў феадальнай іерархіі, перамагае ўсе нормы саслоўнай маралі, а героі дзеля задавальнення сваіх асабістых пачуццяў грэбуюць грамадскай думкай і свядома ідуць на падрыў уласнай рэпутацыі. Адлюстраванне інтымных бакоў жыцця каранаваных асобаў было новай з'явай у беларускім летапісанні. Яркім сведчаннем сур'ёзных зменаў грамадскай свядомасці і чытацкіх густаў эпохі Адраджэння стала, напрыклад, з'яўленне ў Беларусі ў другой палове XVI ст. перакладаў на беларускую мову папулярных рыцарскіх раманаў пра Трыстана і Баву.

У цэлым «Хроніка Быхаўца» — звод тэматычна звязаных, прасякнутых пэўнай ідэяй, патрыятычна скіраваных гістарычных аповесцяў і апавяданняў. Ha іх прыкладзе добра прыкметны рост апавядальнага майстэрства беларускіх храністаў XVI ст. у параўнанні са сваімі папярэднікамі, летапісцамі XV ст. Захоўваючы яшчэ сувязь са старымі летапіснымі традыцыямі і дзелавым пісьменствам, аўтары «Хронікі Быхаўца» зрабілі значны крок наперад па шляху далейшага алітаратурвання гістарычна-дакументальных запісаў, белетрызацыі гістарычнага апавядання і стварэння высакаякаснай гістарычнай прозы свайго часу.

У XVI ст., у эпоху Адраджэння, у беларуска-літоўскім летапісанні, нягледзячы на карэнныя змены ў гістарычнай канцэпцыі, не адбылося, аднак, прынцыповых зменаў у метадах, прынцыпах і прыёмах апісання гісторыі. Нават самы выдатны і яркі летапіс

ны помнік таго часу «Хроніка Быхаўца» — больш сярэднявечны па сваім агульным характары твор, чым з'ява рэнесансавай гістарыяграфіі ці гістарычна-літаратурнай прозы. Toe ж спалучэнне асобных пагадовых дакументальных запісаў з гістарычнымі апавяданнямі і аповесцямі, тое ж апісанне мінулага Літвы і Беларусі пераважна са знешняга боку. Аднак у гэтым летапісным творы ўжо даволі прыкметны і прыёмы белетрызацыі гісторыі, набліжэнне аб'екта адлюстравання да чытача, спробы асэнсаваць і вытлумачыць ход некаторых гістарычных падзей, унутраныя прычыны тых ці іншых паводзін герояў, што тлумачыцца ўплывам новага, свецка-гуманістычнага светапогляду эпохі Рэнесансу.

«Хроніка Быхаўца» паслужыла адной з галоўных гістарычналітаратурных крыніц польскамоўнай «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582) М. Стрыйкоўскага і такім чынам яе змест стаў вядомы шырокаму колу чытачоў усёй Рэчы Паспалітай, а яе гістарычная канцэпцыя паўплывала на ўсіх наступных храністаў і гісторыкаў аж да Т. Нарбута, якія прысвячалі свае працы апісанню гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Хроніка М. Стрыйкоўскага легла ў аснову і часткова прадвызначыла змест, характар і жанравую форму беларуска-ўкраінскага хранографа XVII ст. «Вялікая хроніка», новага этапу ў станаўленні беларускай гістарычнай белетрыстыкі. Менавіта ў гэтым хранографе, які ўзнік на мяжы літаратуры сярэднявечнай і Новага часу ў выніку аб'яднання летапісных тэкстаў з мастацкімі і гістарычнымі аповесцямі тыпу «Александрыі» і «Троі», яна набыла такія новыя якасці, якія робяць яе ўласна літаратурнай з'явай у сённяшнім разуменні гэтага паняцця.

Гісторыя беларускага летапісання дае вельмі ўдзячны матэрыял для цікавых і важных назіранняў і вывадаў аб узаемаадносінах у летапісных творах гістарычнага факта і вымыслу, аб своеасаблівым сінтэзе ў гэтым жанры гістарычнага дакумента і літаратуры, аб развіцці ў ім белетрыстычнага пачатку і станаўленні гістарычнай прозы. 3 самага пачатку ў летапісе спалучаліся кароткі дзелавы запіс і сюжэтнае гістарычнае апавяданне, сухая дакументальная інфармацыя-паведамленне і разгорнутае белетрыстычнае апісанне мінулага. Гэтыя ў пэўнай меры супрацьлеглыя яго якасці і асаблівасці на раннім этапе даволі арганічна ўжываліся паміж сабою. Аднак з цягам часу ў сувязі з агульным працэсам развіцця літаратуры і ўнутрыжанравай эвалюцыі адбывалася паступовая іх палярызацыя.

У выніку далейшай белетрызацыі гістарычнага апавядання пад уплывам розных фактараў летапіс усё больш эвалюцыяніза ваў у бок хранографа, г. зн. літаратурна-мастацкага адлюстравання мінулага, што ў рэшце рэшт і прывяло да ўзнікнення ўласна мастацкай гістарычнай прозы. Адным з найважнейшых крокаў у гэтым напрамку былі свядомая ўстаноўка на эмацыянальнавобразнае, белетрыстычнае апісанне гісторыі і прызнанне за літаратурным вымыслам права (спачатку неадкрытага, неўсвядомленага) быць паўнапраўным і неабходным творчым сродкам пісьменніка-гістарыёграфа.

Свядомая ж устаноўка храністаў на эмацыянальна-вобразнае, белетрыстычнае апісанне мінулага з выкарыстаннем літаратурнага вымыслу пазбаўляла іх творы важнейшай уласцівасці былых летапісаў — быць праўдзівым, дакументальна дакладным адлюстраваннем рэальных падзей, гістарычным дакументам часу. А паколькі патрэба ў падобнага роду творах захоўвалася, то заняпад у эпоху барока агульнадзяржаўнага летапісання не прывёў да знікнення традыцыйнага летапіснага жанру наогул. У выніку яго эвалюцыі і трансфармацыі ў новых культурна-гістарычных умовах з'явіліся не толькі хранографы, але і мясцовыя летапісы, рэгіянальныя і гарадскія, а таксама звязаныя з імі дзённікі і мемуары.

Аднак гэтыя летапісы, знешне захоўваючы традыцыйную жанравую структуру, пагадовую форму выкладу гісторыі, шмат у чым ужо адышлі ад сваіх папярэднікаў — сярэднявечных летапісаў і хронік. Істотна змяніліся змест, характар адлюстравання мінулага, гістарычныя канцэпцыі летапісных твораў. Летапісцы сталі больш непасрэдна цікавіцца падзеямі мясцовага характару, жыццём і дзейнасцю прадстаўнікоў розных слаёў насельніцтва, побытам простага народа. Апісанні падзей сталі больш разгорнутымі і дэталёвымі, набліжанымі да чытача і асвятляюцца з больш дэмакратычных пазіцый праз асабістае, эмацыянальнасуб'ектыўнае ўспрыняцце аўтараў. Параўнанне «Хронікі Быхаўца»; з Баркулабаўскім летапісам і Магілёўскай хронікай, помнікамі эпохі барока, наглядна паказвае, які шлях прайшло беларускае летапісанне ў сваім развіцці з сярэдзіны XVI да сярэдзіны XVIII ст., і якія істотныя змены ў ім адбыліся за гэты час на апошнім этапе яго існавання.

Узнікненне і развіццё летапісання на беларускіх землях было цесна звязана з гістарычным жыццём краіны і народа, з надзённымі грамадска-палітычнымі праблемамі і тэндэнцыямі часу. Пераважна свецкія паводле свайго характару летапісы і хронікі, адлюстроўваючы гістарычныя падзеі мінулага і дзейнасць выдатных гістарычных асоб у святле хрысціянска-рыцарскіх ідэа лаў, выконвалі важную ідэйна-публіцыстычную ролю ў фарміраванні грамадскай думкі і гістарычнай свядомасці, ва ўмацаванні патрыятызму.