Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гicторыя Беларускай Лiтаратуры 11-19 стагоддзяу....doc
Скачиваний:
56
Добавлен:
08.08.2019
Размер:
3.9 Mб
Скачать

Грыгорый Цамблак

Выдатнай з'явай у беларускай літаратуры і культуры пачатку XV ст. была дзейнасць мітрапаліта Вялікага княства Літоўскага Грыгорыя Цамблака (1364—1419), багатая літаратурная спадчына якога належыць многім славянскім народам. Па словах аўтара Ніканаўскага летапісу, Грыгорый Цамблак быў «книжен зело, изучен книжней мудрости всяцей из детства и много писания, сотворив, остави». Сапраўды, пяру пісьменніка належыць звыш сарака твораў розных жанраў (жыціі, пахвальныя і палемічныя словы, духоўныя вершы). Яго светапогляд сфарміраваўся ў атмасферы складанага грамадска-палітычнага і рэлігійнага жыцця паўднёвых і ўсходніх славян позняга Сярэднявечча. Талент прапа

Паводле сваёй ідэйнай накіраванасці, тэматыцы і жанрава-стылістычных асаблівасцяў творы пісьменніка адзначаны перадрэнесансавымі тэндэнцыямі. Царкоўна-палітычная дзейнасць і літаратурная творчасць мітрапаліта Вялікага княства Літоўскага спрыяла станаўленню ідэі славянскага адзінства, садзейнічала ўмацаванню патрыятычнай думкі беларускай народнасці.

Летапісы

У цеснай сувязі з агульным працэсам станаўлення на беларускіх землях літаратуры і яе жанраў адбывалася і зараджэнне вельмі папулярнага ў даўнія часы летапіснага жанру. Заснаванне ўласнага летапісання ў тым ці іншым феадальным цэнтры (княстве) лічылася вельмі важнай палітычнай справай і адбывалася, як правіла, ва ўмовах росту гістарычнай свядомасці яго вядучых грамадскіх колаў, усведамлення імі важнасці гастарычных падзей, удзельнікамі ці сведкамі якіх яны былі, разумення каштоўнасці сваёй гісторыі. Гэта было абумоўлена таксама агульным узроўнем культурна-гістарычнага развіцця, значнасцю эканамічнай і ваенна-палітычнай ролі, якую адыгрываў дадзены горад ці княства ў сваім рэгіёне.

Як вышэй адзначалася, найбольш важкія падставы для заснавання свайго летапісання мелі на беларускіх землях у эпоху ранняга Сярэднявечча Полацк, а ў эпоху позняга — Смаленск. На жаль, Полацкі і Смаленскі летапісы як асобныя творы даўняга пісьменства не дайшлі да нашага часу, таму гаварыць нешта пэўнае пра іх змест, характар, літаратурныя асаблівасці няма мажлівасці.

Іншая, больш спрыяльная сітуацыя склалася ў эпоху палітычнага аб'яднання беларускіх і літоўскіх земляў у Вялікім княстве Літоўскім. Літоўскія князі, аб'яднаўшы пад сваёю ўладаю гэтыя феадальна раздробленыя землі, выканалі вялікую гістарычную місію па іх палітычнай цэнтралізацыі, чаго не здолелі ажыццявіць полацка-менскія Усяславічы. Надзвычай важная роля гэтай дзяржавы ў гісторыі беларускага і літоўскага народаў і ўсёй Усходняй Еўропы спрыяла ўсведамленню тагачасным грамадствам вялікай значнасці гісторыі сваёй краіны, велічнасці спраў і ўчынкаў яе герояў, памяць пра якія неабходна захаваць для будучыні. Менавіта ў перыяд найбольшай палітычнай магутнасці і міжнароднага аўтарытэту Вялікага княства Літоўскага і ўзнікла агульнадзяржаўнае беларуска-літоўскае летапісанне.

Яго зараджэнне апрача агульных культурна-гістарычных абставін стымулявалі таксама літаратурныя традыцыі даўняга ўсход неславянскага летапісання і мясцовага дзелавога пісьменства. Старажытнарускія летапісы, асабліва «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі, якія распаўсюджваліся ў розных гістарычных зборніках, былі даволі вядомыя на беларускіх землях і дабратворна ўплывалі на першых беларуска-літоўскіх летапісцаў, паслужылі літаратурным узорам і каштоўнай гістарычнай крыніцай для складальнікаў агульнадзяржаўных летапісных збораў.

Неацэннае значэнне для аўтараў гістарычных запісаў у летапісах меў багаты вопыт складальнікаў розных актаў, грамат, лістоў, дагавораў і іншых твораў справаводства, моўна-стылёвыя традыцыі дакументальна-дзелавога пісьменства. У ім старабеларуская мова ўпершыню стала выступаць як асобная распрацаваная моўная сістэма, якая ў сваім развіцці была цесна звязана з надзённымі патрэбамі часу, з жывой народнай гаворкай.

Менавіта сістэмна-тыпалагічнае, генетычнае і моўна-стылёвае падабенства летапісных тэкстаў да твораў дзелавога, дакументальна-службовага пісьменства дае падставы бачыць у апошнім адзін з асноўных вытокаў жанру летапісаў у Беларусі, якія вяліся пры велікакняскіх і гарадскіх канцылярыях, пры дварах буйных свецкіх і духоўных іерархаў вопытнымі кніжнікамі, добра дасведчанымі ў тонкасцях дзелавога пісьма. Мабыць, гэтым і тлумачыцца наяўнасць значнай колькасці агульных стылёвых формул, устойлівых стэрэатыпных словазлучэнняў і моўных штампаў, якія выявілі даследчыкі ў беларускіх граматах і летапісах XIV— XVI стст. Пераканаўчым сведчаннем таго, што нашы продкі ставіліся да гэтых відаў пісьменства як да з'яў аднаго парадку, тыпалагічна блізкіх паводле свайго характару, з'яўляецца таксама факт уключэння ў летапісныя зводы розных дакументаў і матэрыялаў, якія, аднак, не здаюцца ў складзе гэтых помнікаў нейкім чужародным элементам.

Захоўваючы цесную, генетычную сувязь з дзелавым пісьменствам, летапіс, аднак, не толькі гістарычны дакумент, але адначасова і помнік літаратуры. У гэтым жанры своеасабліва спалучаюцца якасці дзелавога дакумента і ўласна літаратурнага твора, вузкаслужбовая, пратакольная рэгістрацыя канкрэтных гістарычных фактаў і падзей з іх эмацыянальна-вобразным, мастацкім апісаннем, а месцамі нават і фальклорна-паэтычным адлюстраваннем гісторыі. Усё гэта дае падставы разглядаць летапіс у пэўным сэнсе як з'яву пераходную ад дзелавога пісьменства да ўласна літаратуры, ад гістарычна-дакументальнай прозы да гістарычна-мастацкай белетрыстыкі.

Менавіта такім сінкрэтычным творам і ёсць напісаны на старабеларускай мове «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», які быў завершаны каля 1430 г. Ён складае адну з галоўных і арыгінальных частак першага агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапіснага зводу і з'яўляецца адным з найбольш ранніх і значных помнікаў уласна беларускай гістарычнай прозы. У яго аснове — дакументальна-гістарычная аповесць пра Кейстута, што ўзнікла дзесьці ў канцы XIV ст. у асяроддзі, блізкім да князя Вітаўта. Яна захавалася і ў перакладзе на лацінскую мову, што быў зроблены ў другой палове XV ст., верагодна, для польскага храніста Яна Длугаша, які выкарыстаў гэты твор у сваёй «Гісторыі Польшчы» пры апісанні падзей у Вялікім княстве Літоўскім XIV ст.

Сам пачатак «Летапісу» дае вельмі добрае ўяўленне аб асаблівасцях апавядальнай манеры яго аўтара, аб характары зместу, стылю і мовы гэтага твора: «У великого князя Кгедимина литовского 7 сынов было: старший Монтивид, потом Нарамонт, потом Олкгирд, потом Евнутий, потом Кестутий, потом Кориат, семый Люборт. Монтивиду отец дал Карачев да Слоним, а Нарамонту Пинеск, Олкгирду, королеву отцу, Крево, да к тому князь витебский сынов не дръжал, принял ко дочце в Витебск (в зяти); Евнутя осадил в Вильни на великом княженьи, а Кестутю дал Трокы, а Корьяту Новгородок, а Люборта принял волынский князь (к дочце во Володимер и в Луческ) и въ всю землю Волынскую. Олкгирд, королев отец, а великого князя Витовта отец Кестутий были у великой милости и в ласце. Князь великий Евнутий в большинстве буда не полюбился има, и змовилися межи собою братя, князь великый Олкгирд и князь великий Кестутий, как бы им его оттоле высадити, а которому бы промежу их сести. И смовивши между собою и рок учинили, которого бы дня к Вильни пригнати и засести город под братом, великым князем Евнутьем. Князь великый Олкгирд с Витебска не поспел к тому року к Вильни, а князь великый Кестутей пригнал к городу к Вильни и въгнал в город. И князь великый Евнутий выскочил и убежал в горы и в дол и тамо озябе в ноги. И емше его привели к брату его, к князю великому Кестутю».

Найперш кідаецца ў вочы чыста свецкі характар твора, прастата, яснасць, лагічнасць і змястоўнасць выкладу, пазбаўленага царкоўна-рэлігійнай, нават у мове, афарбоўкі і шматслоўнасці. Апавяданне вядзецца па-дзелавому энергічна, дынамічна і мэтанакіравана з амаль дакументальнай дакладнасцю, з добрым веданнем гісторыі роднага краю і шмат якіх дэталяў мінулых падзей, што сталі асноўнай тэмай гаворкі. Аднак аўтар не спыняецца на дэталях (бадай, адзіная тут дэталь, што Яўнут «озябе в ноги»), не кідаецца ў розныя разважанні, а вельмі сцісла і бегла знаёміць чытача з асноўным зместам папярэдніх падзей і хутчэй спяшаецца наперад, да тых падзей, якія маюць для яго найбольшую цікавасць і з'яўляюцца своеасаблівым эпіцэнтрам яго гаворкі.

«Летапіс вялікіх князёў літоўскіх» складзены не як традыцыйны паліморфны, падзелены на пагадовыя артыкулы летапіс, у якім фіксуецца і коратка апісваецца ўсё вартае ўвагі сярэднявечнага гісторыка, а як асобны, цэльны, пабудаваны з пэўнай ідэйна-мастацкай задумай твор, у якім ёсць цэнтральны фокус, вакол якога групуюцца ўсе падзеі, і галоўны герой.

Хоць аповед пачынаецца ад Гедыміна, аднак гісторыя яго князявання, як і не менш багатая на значныя падзеі эпоха Альгерда, фактычна абыдзены ў гэтым творы. У «Летапісе» коратка апісаны толькі адзін эпізод таго гістарычнага перыяду: як апошні пры дапамозе свайго брата Кейстута стаў вялікім князем у Вільні. Характэрна, што Кейстут, захапіўшы сваімі сіламі сталіцу Княства і паланіўшы вялікага князя Яўнута, велікадушна аддаў найвышэйшую ўладу ў дзяржаве князю Альгерду як свайму старэйшаму брату. Менавіта Кейстут, падкрэслівае аўтар, «посади его на великом княжении у Вильни». Браты да самай смерці, зазначаецца ў творы, жылі «у любви и великой милости» і фактычна разам кіравалі Вялікім княствам Літоўскім і Рускім.

Мікрасюжэт пра гісторыю ўзвышэння ўдзельнага крэўскага і віцебскага князя Альгерда да ўладара магутнай дзяржавы з'яўляецца ў «Летапісе» своеасаблівым уступам, толькі ўводзінамі да галоўных падзей, але яшчэ не завязкай дзеяння. Асноўны канф-лікт у аповесці пра Кейстута, якая складае ядро «Летапіса» і ў якой ёсць напружаны і займальны сюжэт, кульмінацыя і развязка, пачынаецца пасля смерці Альгерда, калі вялікім князем у Вільні паводле волі свайго бацькі стаў Ягайла Альгердавіч.

Не хочучы дзяліць уладу ў дзяржаве са сваім дзядзькам, ён увайшоў у змову супраць апошняга з нямецкімі крыжакамі. Гэта неўзабаве стала вядома князю Кейстуту, які першым адважыўся на рашучыя дзеянні. Адчуўшы, што на яго «лихо мыслять», ён апярэдзіў вераломнага пляменніка: «Князь пак великы Кейстутей собрався (со всею) своею моцию и вженеть во город во Виль ню, иметь князя великого Ягайла и со братиею и с матерью, и грамоты найдеть, што з немцы записался».

Адбылася рэзкая змена сітуацыі: змова канчаткова выкрыта супернік палонены, галоўны герой завалодаў сталіцай дзяржавы і велікакняскім пасадам. Аднак дзеянне на гэтым не канчаецца Сюжэт неўзабаве робіць новы інтрыгуючы паварот. Выкарыстаўшы часовую адсутнасць Кейстута ў Вільні, Ягайла, перад гэтым велікадушна адпушчаны апошнім у Віцебск на бацькоўскі надзел, падманным чынам завалодаў сталіцай Княства. Стары Кейстут са сваім сынам Вітаўтам, які таксама марыў пра велікакняскі пасад, вымушаны быў пачынаць усё спачатку, зноў збіраць сілы для працягу барацьбы з неўтаймоўным, хітрым і бязлітасным супернікам.

I вось надышоў вырашальны момант. Войскі непрымірымых супернікаў збліжаюцца ля Трокаў для смяротнай схваткі. 3 аднага боку — Кейстут з Вітаўтам, з другога — Ягайла з крыжацкай дапамогай. Здаецца, зацятая спрэчка, нарэшце, будзе вырашана ў адкрытым баі. Развіццё сюжэта дасягае найвышэйшага напружання, сваёй кульмінацыі. Аднак неспадзявана Ягайла прапануе мірна, без кровапраліцця ўладзіць спрэчку і запрашае супернікаў да сябе на перамовы.

Развіццё дзеяння часова запавольваецца, але напружанне не змяншаецца, а набывае іншы характар. Пачынаецца складаная дыпламатычная барацьба, своеасаблівае выпрабаванне герояў» Перш чым даць згоду на прапанову праціўніка і паехаць у яга лагер на перамовы, Вітаўт неаднаразова бярэ клятву ў Ягайлы і яго брата Скіргайлы, што яму і яго бацьку будзе гарантавана бяспека. Нарэшце, «надеяся на тыи правды», г. зн. на словы клятвы і прысягу суперніка, Кейстут і Вітаўт едуць у лагер Ягайлы, а адтуль у Вільню.

Чытач спачувае галоўным героям, суперажывае разам з імі ў момант найвышэйшага напружання дзеяння і адчувае блізкасць развязкі. I яна неўзабаве надыходзіць: «Как к Вильни поехали, — апавядае летапісец, — князя великого Кестутия, дядю своего, оковав, ко Креву послали и всадили во вежю... И тамо во Креве пятой нощи князя великого Кестутия удавили коморники князя великого Ягайловы».

.... Своеасаблівым эпілогам аповесці пра Кейстута з'яўляецца гісторыя выратавання князя Вітаўта з палону, якая, як і гісторыя смерці яго бацькі, храналагічна адносіцца да 1382 г.: пераапрануўшыся ў жаночае ўбранне, гэты князь абмануў варту і ноччу ўцёк з Крэўскага замка.

Такім чынам, пасля вельмі напружанай, з інтрыгуючымі перыпетыямі ў развіцці дзеяння кульмінацыі раптоўна наступае развязка. Сюжэт аповесці пра Кейстута завяршаецца трагічным фіналам, аднак у самым яе канцы гучыць аптымістычная нота. Адзін з галоўных герояў загінуў, але вострая праблема падзелу ўлады ў дзяржаве не вырашана, пытанне застаецца адкрытым. Адмоўны герой перамог, але перамога Ягайлы не канчатковая, бо другі яго супернік, яго стрыечны брат Вітаўт, застаўся жывым. Адчуваецца, што барацьба неўзабаве разгарыцца з новай сілай. Настойлівы, ваяўнічы і ўладалюбівы князь Вітаўт ніколі не пагодзіцца выконваць другарадную ролю ў Вялікім княстве Літоўскім. Мара-запавет яго бацькі Кейстута здабыць велікакняскі пасад у Вільні стане для яго рухаючай сілай усёй дзейнасці, вяршыняй яго жаданняў і імкненняў, галоўнай мэтай яго жыцця. I ён зробіць усё, каб дасягнуць яе. Менавіта дзейнасць Вітаўта па рэалізацыі гэтай праграмы-максімум і складае асноўны змест працягу «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх», у якім гэты князь становіцца галоўным героем. Недарма і аповесць пра Кейстута створана як публіцыстычны дакумент, у якім абвінавачваецца Ягайла і гістарычна абгрунтоўваецца правамернасць велікакняскіх дамаганняў Вітаўта.

Завяршаючы гаворку пра першапачатковую частку «Летапісу», трэба яшчэ адзначыць важную ролю ў ёй дыялогаў, простай мовы. Яны надаюць праўдзівасць і жывасць апавяданню і з'яўляюцца адным з важных элементаў развіцця сюжэта, сродкам белетрызацыі гістарычна-дакументальнай прозы. Апрача таго, простая мова, вельмі натуральная, арганічная, даволі ўмела выкарыстоўваецца ў «Летапісу» дзеля больш выразнага, нагляднага і праўдзівага апісання падзей, а таксама для вытлумачэння матываў паводзін герояў і іх характарыстыкі, што сведчыць аб спелым літаратурным майстэрстве аўтара гэтага твора.

Аповесць пра Кейстута — цэласны, з паслядоўна праведзенай канцэпцыяй, умела пабудаваны твор, спалучае ў сабе асаблівасці службовага дакумента свайго часу і цікавага помніка апавядальнай прозы. Яго белетрыстычнасць мае рэальна-гістарычную аснову, грунтуецца на сапраўных фактах рэчаіснасці. Інтрыгуючая займальнасць яго сюжэта тлумачыцца ў першую чаргу незвычайнасцю, навелістычным характарам самой фабулы тых гістарычных падзей, якія ў ім апісаны. Аднак дзякуючы апавядальнаму майстэрству невядомага, аддаленага ад нас больш чым паўтысячагадовым прамежкам часу пісьменніка, які не толькі змог захаваць жыццёвую займальнасць фабулы, але і ўзмацніць яе, узнік твор, які служыць сёння для нас і змястоўнай крыніцай пазнання нашага далёкага мінулага і адначасова захапляе такой натуральнай, амаль першабытнай белетрыстычнасцю.

Другая частка «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх» мае некалькі іншы, менш цэласны характар, хоць і пададзена як арганічны працяг аповесці пра Кейстута. Яна ўкладзена як цыкл асобных, але таксама недатаваных гістарычных апавяданняў, прысвечаных розным важным падзеям грамадска-палітычнага жыцця Вялікага княства Літоўскага канца XIV ст.: сцісламу апісанню гісторыі атрымання літоўскім князем Ягайлам польскай кароны праз шлюб з каралеўнай Ядвігай, паходу князёў Вітаўта і Скіргайлы супраць Святаслава Смаленскага, які ўчыніў ва Усходняй Беларусі жорсткае «хрестианское кровопролитие», выдачы замуж за маскоўскага князя Васіля Дзмітрыевіча Соф'і Вітаўтавай, паходам Вітаўта на ўдзельных беларускіх і ўкраінскіх князёў, смерці ў Кіеве князя Скіргайлы Альгердавіча і інш. Аўтар паступова сканцэнтроўвае ўсю сваю ўвагу на асобе князя Вітаўта, які становіцца галоўным героем апавядання. Яго настойлівая барацьба за сталіцу дзяржавы Вільню, за права быць паўнаўладным гаспадаром ва ўсім Княстве і актыўная цэнтралізатарская дзейнасць у першыя гады яго вялікага княжання складаюць асноўны змест заключных старонак «Летапісу». Такім чынам аповесць пра Кейстута пераходзіць у аповесць пра Вітаўта, а ўвесь твор перарастае ў кароткі нарыс палітычнай гісторыі літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх земляў, якая падаецца як гісторыя іх аб'яднання ў адной дзяржаве — Вялікім княстве Літоўскім.

Гэты нарыс у самым канцы дапоўнены невялікай аповесцю пра Падолле, створанай з тых жа агульнадзяржаўных пазіцый з мэтаю ідэалагічна абгрунтаваць аб'яднаўчую палітыку вялікіх літоўскіх князёў на Русі. Аўтар расказвае пра лёс гэтай украінскай зямлі ў другой палове XIV — пачатку XV ст., пра чатырох літоўска-беларускіх князёў, якія прыбылі на Падолле, каб асвойваць і ўмацоўваць гэтую зямлю, абараняць яе ад татараў. 3 прыходам Вітаўта да ўлады (у 1392) Падолле было канчаткова далучана да Вялікага княства Літоўскага. Прычым гэты князь, падкрэслівае храніст, Падольскую зямлю «добыл литовскими силами, а никто ему ни с которых сторон не помогал». Пасля смерці Вітаўта (у 1430) Заходняе Падолле было захоплена польскімі феадаламі, пра што аўтар гаворыць з непрытоеным абурэннем.

Гарачае імкненне гістарычна абгрунтаваць правы Вялікага княства Літоўскага на Падолле і асудзіць экспансіянісцкую палітыку Польшчы ў адносінах да гэтай тэрыторыі — вось што кіра вала пяром летапісца. Аповесць узнікла ў асяроддзі патрыятычна настроеных літоўска-беларускіх феадалаў, блізкіх да велікакняскай улады, якія тады цвёрда стаялі на варце інтарэсаў сваёй дзяржавы і зацята абаранялі яе тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт перад наступам польскіх паноў. Хутчэй за ўсё яна была створана ў пачатку 30-х гадоў XV ст. у перыяд вельмі напружаных адносін паміж Польшчаю і Вялікім княствам Літоўскім.

Такім чынам, «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх» неаднародны паводле свайго складу, зместу і тэндэнцый твор. Ён складаўся ў тры этапы рознымі аўтарамі, што і надало яму ідэйна-тэматычную шматпланавасць і жанравую своеасаблівасць.

У параўнанні з аповесцямі пра Кейстута і Падольскую зямлю другая частка «Летапісу» вылучаецца большай фрагментарнасцю і бегласцю выкладу, меншай дакладнасцю і дэталёвасцю ў апісанні гістарычных падзей, прыкметнай іх рэлігійнай афарбоўкай. Яны асветлены з пункту погляду вельмі адкрытага і наіўнага царкоўна-хрысціянскага правідэнцыялізму: літоўскія князі выступаюць у паход, «надеяся на Бога и на христианскую силу»; палкі сыходзяцца на бітву — так «Бог сотвори»; князі Вітаўт і Скіргайла перамагаюць Святаслава Смаленскага, бо ім «Бог поможе»; Скіргайла бярэ ўкраінскія гарады Чаркасы і Звянігарад «Божию помощию и великого князя Витовта повелением» і г. д. Большай архаічнасцю і кніжнасцю характарызуецца і мова працягу «Летапісу», месцамі перасыпаная цытатамі з Бібліі: «в нюже меру человек мерить, (тако же) отмерится ему, а что посееть, то и пожнеть»; «обратися болезнь его на главу его и на верх его неправда его снидеть, и пакы: ров изры и ископав, и впадеся в яму, юже сотвори» і інш.

Па той увазе, якая аддадзена ў другой частцы «Летапісу» Смаленску, можна даволі ўпэўнена сцвярджаць, што ён прадаўжаўся ў гэтым горадзе. Аўтарам працягу быў нехта з духавенства, які атрымаў заданне дапоўніць аповесць пра Кейстута апісаннем княжання Вітаўта і стварыць такім чынам кароткі нарыс гісторыі, летапіс Вялікага княства Літоўскага за перыяд іх палітычнай дзейнасці.

Што гэтая праца вьгконвалася сапраўды ў Смаленску, сведчаць як асобныя гістарычныя рэаліі зместу, так і характар апісання апошняга этапу адносна самастойнага існавання Смаленскага княства, ацэнкі дзеянняў літоўскіх і смаленскіх князёў. Зразумела, што прагрэсіўны працэс палітычнай кансалідацыі ўсходнеславянскіх земляў, утварэнне больш буйных і магутных дзяржаў на месцы дробных удзельных княстваў прыводзіў у выніку да пазбаўлення незалежнасці асобных гарадоў і земляў, абмежавання, а то і поўнай страты былой вольніцы мясцовых князёў і феадалаў. Вось чаму смаленскі летапісец, які зыходзіў з мясцовых інтарэсаў, успрымаў акт далучэння Смаленска да Вялікага княства Літоўскага як гістарычную несправядлівасць і рэзка асуджаў дзеянні Вітаўта. Аўтар жа «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх», які стаяў на агульнадзяржаўных пазіцыях, цалкам ухваляў і апраўдваў аб'яднаўчую палітыку апошняга, бачыў у акце ліквідацыі рэшткаў феадальнай раздробленасці Русі няўмольны і гістарычна закамерны працэс. Таму спробы ўдзельных смаленскіх князёў і мясцовых феадалаў адстаяць палітычную самастойнасць, суверэнітэт свайго княства падаюцца ў «Летапісу» як непаслушэнства вярхоўнай уладзе, як шкодны сепаратызм.

Зразумела, што не так хутка маглі згаснуць у Смаленску традыцыі самастойнага палітычнага жыцця, імкненні калі не цалкам вызваліцца з-пад улады Вільні, то прынамсі аслабіць гэтую залежнасць. Ужо ў 1401 г. «во граде во Смоленьску бысть мятежь и крамола: ови хотяху Витовта, а друзии отчича, князя Юрья». Нават у 1440 г., г. зн. праз 36 гадоў пасля ўключэння Смаленскай зямлі ў склад Вялікага княства Літоўскага, смаляне ўзнялі паўстанне супраць вярхоўнай улады гэтай дзяржавы.

Ва ўмовах такой незадаволенасці смалян залежным становішчам сваёй зямлі і адкрытага асуджэння вялікадзяржаўнай палітыкі Вільні перад летапісцам, які працаваў у Смаленску над складаннем першага вопыту гісторыі Літвы і Беларусі, адначасова не магла не стаяць яшчэ задача супрацьпаставіць гэтым сепаратысцкім настроям іншы погляд і адпаведным чынам фарміраваць грамадскую думку. Патрэбна было ідэалагічна апраўдаць дзеянні Вітаўта ў адносінах да Смаленска і мясцовых князёў, абгрунтаваць гістарычную правамернасць і неабходнасць яго далучэння да Вялікага княства Літоўскага. Вось чаму такое вялікае значэнне надаў аўтар «Летапісу» апісанню і вытлумачэнню прычын паходу літоўскіх князёў на чале са Скіргайлам і Вітаўтам супраць Святаслава Смаленскага. Гэты князь, з абурэннем расказвае летапісец, беспадстаўна ўчыніў ва Усходняй Беларусі, каля Оршы і Мсціслаўля, крывавую расправу над мірным насельніцтвам. Ён «на миру много зла сотвориша хрестянем, не человеческы и ни хрестянскы мучиша хрестян... якоже ни Антиох сирскый, ни Ульян законопреступник тех (мук) не сотвори над хрестяны». Таму літоўскія князі выступілі супраць Святаслава Смаленскага, «поменуша слова Божие», каб па заслугах адпомсціць яму, пака раць злачынцу: «Мы, рекоша, никоего зла ему не сотворихом, а он, с нами в докончании будя, переступив крестное целование и докончание, нашю землю воюеть и кров хрестяньскую проливаеть, мы же идем на него, надеяся на Бога и на хрестянекую силу».

Бітва пад Мсціславам закончылася поўнай перамогай літоўскіх князёў. Загінуў і сам правадыр смаленскіх палкоў князь Святаслаў Іванавіч. Прычым у адрозненне ад апошняга пераможцы, апавядае беларускі летапісец, павялі сябе даволі гуманна, па-рыцарску высакародна: палоненага цяжка параненага смаленскага князя Юрыя Святаславіча ўзяўся лячыць сам князь Скіргайла, а падлячыўшы аддаў яму бацькаў велікакняскі пасад у Смаленску. Апавядаючы ніжэй пра загадкавую смерць князя Скіргайлы ў Кіеве, аўтар называе яго «чюдным, добрым». Для гэтага летапісца князі Вітаўт і Скіргайла — выразна станоўчыя героі.

Асобныя дэталі зместу запісу пра смерць Скіргайлы, у прыватнасці сцверджанне, што аўтар быў тады яшчэ малады, сведчаць пра даволі значную аддаленасць у часе (не менш 30 гадоў) тых падзей ад моманту іх пісьмовага занатоўвання ў творы. Гэта дае падставы датаваць другую частку «Летапісу», аповесць пра Вітаўта, канцом 20-х гадоў XV ст.

Такім чынам, кожную са складовых частак «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх» выклікалі да жыцця пэўныя ідэалагічныя задачы моманту, глыбокі адбітак якіх і нясе на сабе гэты помнік, што прыдало яму выразна дакументальна-публіцыстычны характар. Нягледзячы на такую разнастайнасць свайго складу, зместу, ідэйных тэндэнцый і нават стылю, у творы ёсць нешта агульнае, што аб'ядноўвае яго аповесці і апавяданні ў адно цэлае. Гэта — агульнадзяржаўны патрыятызм яго аўтараў, новы падыход да гістарычных падзей, якія асветлены з пункту погляду велікакняскай улады, што змагалася за палітычнае адзінства, незалежнасць і магутнасць сваёй краіны. Сцверджанне гістарычнай заканамернасці палітычнага аб'яднання літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх земляў у адной дзяржаве, Вялікім княстве Літоўскім, і звязанае з гэтым апраўданне аб'яднаўчай дзейнасці літоўскіх князёў на Русі як гістарычна важнай і неабходнай — цэнтральная ідэя «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх».

Важная асаблівасць гэтага твора, што збліжае яго з Галіцка-Валынскім летапісам, — нетрадыцыйнасць яго жанравай будовы. Асноўнай структурнай адзінкай «Летапісу вялікіх князёў лі-тоўскіх» з'яўляецца не пагадовы артыкул, а асобны сюжэт. Гэта дае магчымасць беларускаму летапісцу весці гістарычнае апавя данне па законах белетрыстыкі, больш напружана і мэтанакіравана, з выкарыстаннем завязкі, кульмінацыі і развязкі. Ён ужо не пасіўна следуе за матэрыялам, за падзеямі і фактамі, а праводзіць іх пэўны адбор, адпаведны ідэйна-мастацкай задуме, гістарычнай канцэпцыі твора.

Карацей кажучы, у «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх» адчуваецца значны літаратурны вопыт яго аўтараў, які даў ім магчымасць, апісваючы рэальныя падзеі, стварыць цікавае і займальнае апавяданне, якое мае выразныя прыкметы дабротнай гістарычна-дакументальнай белетрыстыкі. У гэтым творы перададзены напружаны дынамізм часу. У ім, як у люстры, адбілася эпоха еўрапейскага Сярэднявечча, калі ўсё было ў руху, барацьбе, калі няспынна кіпелі страсці і звінелі мячы, калі ў зацятым змаганні ўсталёўвалася новая палітычная карта Усходняй Еўропы, умацоўваліся новыя дзяржавы, на гістарычную арэну выходзілі цэлыя народы, фарміраваліся новыя грамадскія адносіны.

Хоць гэты твор напісаны ў лагеры прыхільнікаў цэнтралізатарскай палітыкі князя Вітаўта і з новых ідэйных пазіцый, аднак яму ўсё ж нестае належнай шырыні ахопу падзей, сістэматычнасці выкладу, шырокай гістарычнай канцэпцыі. Калі падыходзіць да яго як да зусім асобнага твора, як да першай спробы стварыць кароткі нарыс гісторыі Вялікага княства Літоўскага, то прыйдзецца прызнаць гэтую спробу не зусім удалаю. I сапраўды, вельмі кідаецца ў вочы фрагментарнасць і незавершанасць першай беларуска-літоўскай хронікі. Хоць апавяданне пачынаецца ад Гедыміна, аднак гісторыя княжання яго і яго сына Альгерда, якія заклалі асновы магутнасці Вялікага княства Літоўскага і Рускага, зусім не адлюстравана ў «Летапісу». Апісанне ж паўвекавой эпохі гістарычнай дзейнасці вялікага князя Вітаўта фактычна абрываецца ў гэтым творы на звестцы пра яго сустрэчу ў Смаленску са сваім зяцем, маскоўскім князем Васілём Дзмітрыевічам, якая адбылася ў 1396 г.

3 усяго гэтага напрошваецца вывад, што «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх» будзе больш правільна і глыбока прачытаны, калі яго разглядаць не як цалкам абасоблены і самастойны твор, а як неадлучную частку больш вялікага цэлага, а менавіта ў кантэксце ўсяго першага агульнадзяржаўнага летапіснага зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. Тады і яго фрагментарнасць не здасца нам такім сур'ёзным недахопам, бо аказваецца, што пра шмат якія падзеі, што датычацца непасрэдна гісторыі Вялікага княства Літоўскага і пра якія няма звестак у «Летапісу», можна прачытаць у агульнарускай частцы гэтага зводу.

У гэтым летапісным зборы розных гістарычна-літаратурных твораў «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх» разам з аповесцю пра Падолле складае меншую частку яго тэксту. Асноўнае ж месца займае старажытнарускі летапіс, які ў Супрасльскім спісе называецца: «Избрание летописания изложено въкратце» (Выбранае з летапісаў у кароткім выкладзе). Звесткі па гісторыі даўняй Русі ў канцы дапоўнены рознымі беларуска-літоўскімі матэрыяламі і пагадовымі запісамі да 1446 г. уключна.

Гісторыя Вялікага княства Літоўскага пададзена ў Беларускалітоўскім летапісу 1446 г. на шырокім агульнарускім фоне, ад «начала земли Рустей». Праўда, палітычная гісторыя Русі за IX— XIII стст. выкладзена ў нашым летапісным зборы вельмі сцісла, месцамі нават эскізна, з вялікімі пропускамі, бо яго складальнікі і не мелі на мэце даць яе поўны нарыс. Яны свядома скарачалі і апрацоўвалі тэкст, каб запазычаная з рускіх летапісаў частка ў іх зборы сваімі памерамі значна не перавышала, а паводле сваёй накіраванасці рэзка не кантраставала з арыгінальным мясцовым матэрыялам, што мелі для іх асаблівую каштоўнасць. Значна больш шырока і сістэматычна прадстаўлена ў Беларускалітоўскім летапісу 1446 г. гісторыя Маскоўскай Русі XIV — першай паловы XV ст., якая займае каля паловы запазычанага тэксту.

Такім чынам, калі ў «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх» палітычная гісторыя Літвы, Беларусі і Украіны другой паловы XIV ст. пададзена як бы сама па сабе, ізалявана ад гісторыі суседніх краін, некалькі аднабакова і без часавай перспектывы, то ў Беларуска-літоўскім летапісу 1446 г. яна выкладзена ў цеснай сувязі з гісторыяй Маскоўскай Русі і ў пераемнасці з гісторыяй Русі Кіеўскай. Усё гэта з несумненнасцю сведчыць пра тое, што аўтар першага беларуска-літоўскага летапіснага зводу лічыў гісторыю Вялікага княства Літоўскага і Рускага неад'емнай часткаю гісторыі ўсходніх славян, а гэтую дзяржаву — непасрэднай пераемніцай кіеўскай спадчыны. .

Багацце звестак па гісторыі Рускай царквы, стараннае занатоўванне кожнага значнага кроку ў дзейнасці рускіх мітрапалітаў, асабліва ў канцы запазычанай часткі, за 20-я гады XV ст., сам характар падачы матэрыялу, царкоўна-рэлігійны акцэнт пры ацэнцы гістарычнага значэння дзейнасці рускіх князёў, нават мова і стыль не даюць сумнявацца ў тым, што непасрэднай крыніцай першага беларуска-літоўскага летапіснага збору паслужыў маскоўскі мітрапалітаў летапіс. Ён шмат у чым вызначыў змест і паўплываў на ідэйную накіраванасць Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г., прыдаўшы апошняму выразна агульнарускі характар.

Гістарычная канцэпцыя аўтараў першага беларуска-літоўскага летапіснага зводу найбольш выразна і завершана выявілася ў «Пахвале вялікаму князю Вітаўту», адным з найбольш ранніх помнікаў беларускай свецкай панегірычнай прозы даўняй пары, што змешчаны ў смаленскай паводле свайго паходжання частцы нашага летапісу. У гэтым творы скандэнсавана падагульнены паўвекавы шлях дзейнасці вялікага князя Вітаўта і выказана ідэйна-палітычнае крэда складальнікаў першага агульнадзяржаўнага

зводу.

У пахвале Вітаўт паўстае перад чытачом у арэоле сваёй найвышэйшай велічы, славы і магутнасці як вялікі правадыр і мудры ўладар, як князь над князямі і цар над царамі. Кніжнік патрадыцыйнаму распісваецца ў сваёй творчай бездапаможнасці належна раскрыць велічныя справы свайго героя: «...Не мощно исповедати, ни писанию предати дела великого князя. Яко же бы мощно кому испытати высота небесная и глубина морская, тоже бы исповедати мощно силу и храбрость того славного господаря». 3 ім «у велицеи любви живяше», яму «честь велику и дары многи подаваше» вялікія князі рускія і нямецкія, цары татарскія і турэцкія, кароль польскі і сам цэзар рымскі, ён жа імператар Германіі і кароль Венгрыі. Нават «благоверному же и христолюбивому царю царигородскому, и тому с ним во велицеи любви живущи».

«Тии же велиции господари, — працягвае далей аўтар, — велиции земли, велиции князи, еще же писахом зде, иныи во велицеи любви живущи с ним, а иныи крепко служахуть ему, славному господарю, и честь велику и дары великии, и дани многи приносяхуть ему не токмо по вся лета, но и по вся дни». «Како не почюдимся чести великого господаря, — патэтычна ўсклікае пісьменнік, — еже (есть) которыи земли на востоце или на западе, приходяще поклоняются славному господарю; еже есть царь над всею землею, и той пришед поклонися славному господарю, великому князю Александру, зовемому Витовту».

Асвятляючы ўзнёсла-панегірычным промнем рэальныя факты гісторыі, сплаўляючы ў адно цэлае гістарычна-сапраўднае і літаратурна-мастацкае, пісьменнік стварыў манументальны вобраз ідэальнага князя, станоўчага эпічнага героя. Ён вельмі блізкі да таго Вітаўта, якога намаляваў Мікола Гусоўскі ў сваёй ліраэпічнай паэме «Песня пра зубра».

Раскрываючы высокі міжнародны аўтарытэт Вітаўта, яго сапраўды сусветную славу, аўтар летапіснай пахвалы імкнуўся гэтым самым сцвердзіць веліч і магутнасць, абрунтаваць выдатную гістарычную ролю Вялікага княства Літоўскага і Рускага ў Еўропе, бо князь для пісьменніка з'яўляецца персанальным увасабленнем той дзяржавы, якою ён кіруе. Характэрна, што ў «Пахвале Вітаўту» вельмі пэўна і адназначна сцвярджаецца, што гэты князь не толькі літоўскі, але і рускі, што ён «держащи Великое княжение Литовское и Руское», што «спроста реку вся Руская земля» (выдзелена намі. — Аўт.) знаходзіцца ў яго дзяржаўным уладанні.

Вось тая канчатковая мэта, той ідэал, да якога настойліва і заўзята ўсё жыццё імкнуўся князь Вітаўт — дасягнуць такой незалежнасці і магутнасці, каб зрабіць сваю дзяржаву галоўным цэнтрам палітычнага аб'яднання Русі і сабраць пад сваёй уладаю ўсе ўсходнеславянскія землі. Паказваючы яго як найбольш аўтарытэтнага і магутнага сярод усіх тагачасных князёў Русі, як іх агульнапрызнанага лідэра, аўтар «Пахвалы Вітаўту» гэтым самым сцвярджаў вядучую ролю Вялікага князя Літоўскага і Рускага ў барацьбе за палітычнае аб'яднанне ўсходніх славян.

У гэтым творы невядомы пісьменнік вельмі ясна і дакладна раскрыў сутнасць агульнарускай праграмы Вітаўта, выказаў самыя запаветныя думы і знешнепалітычныя імкненні перадавых грамадскіх сіл сваёй краіны. Як гарачы патрыёт і апалагет Вітаўта ён нават гатовы ўжо ўпэўнена паверыць у несумненную рэальнасць гэтых эпахальных планаў. Яму вельмі хацелася бачыць іх цалкам рэалізаванымі. «Пахвала Вітаўту» змяшчае, па сутнасці, асноўны ідэйны сэнс і гістарычную канцэпцыю ўсяго першага беларуска-літоўскага летапіснага зводу, таму ў ёй схаваны ключ для вырашэння і некаторых іншых важных навуковых праблем, у першую чаргу той, што тычыцца яго паходжання.

Змест «Пахвалы Вітаўту», у якой фактычна падводзіцца вынік шматгадовай дзейнасці вялікага князя Вітаўта, паказвае, што яна была хутчэй за ўсё напісана дзесьці пад канец яго княжання, у 20-я гады XV ст. Адна шчаслівая акалічнасць дае магчымасць яшчэ больш дакладна вызначыць час і месца ўзнікнення разглядаемага твора. Захаваўся зборнік твораў Ісака Сірына, перапісаны восенню 1428 г. у Смаленску пры епіскапу Герасіму. У канцы гэтай кнігі змешчаны пахвальны запіс, прысвечаны князю Вітаўту, што месцамі літаральна супадае сваім тэкстам з вядомай нам сёння па летапісах пахвалой гэтаму князю. Менавіта пахвала 1428 г. і паслужыла непасрэднай крыніцай летапіснай, а не наадварот.

3 усяго гэтага вынікае, што летапісная «Пахвала Вітаўту» створана не раней 1429 г. і таксама ў Смаленску, паколькі грунтуецца на прыватным смаленскім запісу, але яшчэ пры жыцці гэтага князя, г. зн. не пазней 1430 г., на што ўказвае ўрачыстаўзнёслы, мажорны тон аповеду. Вядома і асяроддзе, якое ідэалагічна сілкавала і накіроўвала гэтую важную працу, — акружэнне смаленскага епіскапа Герасіма. Менавіта ў асяроддзі гэтага праваслаўнага царкоўнага іерарха, як сведчыць вышэй згаданы запіс 1428 г., была выразна сфармулявана і абгрунтавана сутнасць агульнарускай праграмы Вітаўта, выказаны палітычныя погляды і настроі пануючых свецкіх колаў і вышэйшага духавенства Вялікага княства Літоўскага:

«Тогда бо ему (Вітаўту. — Аўт) много лет сущи держащу Великое княженье Литовское и Руськое и иныя великая княженья, спроста рещи вся Руськая земля; тогда бяху крепко служаху ему велиции князи: великий князь Московски, великий князь Тферски, велики князь Рязаньски, великий Новгород, великий Пьсков и спроста рещи весь руський язык; честь и дары подаваху ему и такоже служаху ему и восточные великии цари татарьскии...»

У летапіснай рэдакцыі запіс 1428 г. быў значна перапрацаваны, дапоўнены новым гістарычным матэрыялам, асобнымі кніжнымі выразамі і вобразнымі параўнаннямі і больш літаратурна завершаны. Дапрацоўка вялася ў двух асноўных напрамках: з аднаго боку, у наданні славе і магутнасці Вітаўта больш высокага міжнароднага, сапраўды ўсееўрапейскага гучання, а з другога, у больш шырокім паказе яго ўплыву ў татарскай Ардзе, ханы якой, паводле сцверджання аўтара, узводзіліся на трон «повелением великого господаря Витовта и служаху ему с великою боязнию».

Гэтым самым дадаткова абгрунтоўваліся вядучая палітычная роля Вітаўта на Русі і яго вялікі міжнародны аўтарытэт, што ў цэлым адпавядала гістарычнай сапраўднасці. Не выпадкова, маскоўскі князь Васіль Дзмітрыевіч у сваёй духоўнай грамаце (запавеце) ад 1423 г. менавіта Вітаўту аддаваў пад апеку свайго малалетняга сына, наследніка трона. Пасля ж смерці ў 1425 г. гэтага маскоўскага князя многія рускія ўдзельныя князі, цверскі, разанскі і іншыя, як васалы прысягалі Вітаўту, называлі яго сваім гаспадаром і абавязваліся яму верна служыць. Знамянальныя падзеі адбываліся ў 1429—1430 гг. у краіне. Менавіта ў тыя гады праводзілася шырокая кампанія па падрыхтоўцы да каранацыі вялікага князя Вітаўта, які быў тады ў зеніце сваёй славы і настойліва дамагаўся кароны, ладзіліся з гэтай нагоды высокія міжнародныя форумы ў Луцку і Вільні, а таксама рыхтавалася перанясенне цэнтра праваслаўнай мітраполіі ўсяе Русі ў Вялікае княства Літоўскае з рэзідэнцыяй мітрапаліта ў Смаленску.

Наданне гэтаму князю каралеўскага тытула і прыняцце яго ў эліту еўрапейскіх манархаў юрыдычна падвышала і статус Вялікага княства Літоўскага як цалкам палітычна незалежнай дзяржавы, што павінна было стаць сапраўды эпахальнай падзеяй у яе гісторыі. Такі надзвычай важны, сапраўды міжнароднага гучання акт патрабаваў належнага ідэалагічнага падмацавання і важкага гістарычнага абгрунтавання і, зразумела, не мог не знайсці адпаведнага водгуку ў тагачасным пісьменстве. Усё гэта, несумненна, і мела вырашальнае значэнне як для ўзнікнення «Пахвалы Вітаўту», так і для заснавання ў Вялікім княстве Літоўскім і Рускім свайго агульнадзяржаўнага летапісання.

Дзяржава павінна была мець сваю пісаную гісторыю. Тэрмінова пачаўся збор мясцовых гістарыяграфічных матэрыялаў, якіх аказалася не шмат, быў створаны першы гістарычны нарыс — «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», прысвечаны пераважна галоў-наму герою таго часу — князю Вітаўту. Аднак гэтага аказалася яўна недастаткова, бо стаялі больш шырокія і адказныя задачы. Вялікае княства было па сваім характары літоўска-славянскай дзяржавай. У склад апошняй уваходзілі многія землі даўняй Русі з яе сталіцай Кіевам, са сваёй багатай гісторыяй. Літоўска-беларускія князі ў аснову сваёй знешнепалітычнай дзейнасці на поўдні і ўсходзе клалі ажыццяўленне так званай агульнарускай праграмы збірання, аб'яднання ў сваёй дзяржаве ўсіх усходнеславянскіх земляў. Таму зразумела, што гісторыя Вялікага княства Літоўскага і Рускага не магла быць пададзена без цеснай сувязі з гісторыяй усёй Русі.

У вялікай бітве за выкананне гэтай праграмы вельмі важнае значэнне мела пазіцыя Рускай праваслаўнай царквы. I тагачасны мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Фоцій, духоўная ўлада якога ў 20-я гады XV ст. распаўсюджвалася на ўсе ўсходнеславянскія землі, не мог не ўлічваць рэальнага стану рэчаў. Ва ўмовах сур'ёзнага аслаблення Вялікага княства Маскоўскага, дзе пасля смерці ў 1425 г. князя Васіля Дзмітрыевіча пачаліся феадальныя міжусобіцы і доўгагадовая смута, ён прызнаў Вітаўта палітычным лідэрам ва Усходняй Славяншчыне і ўскосна спрычыніўся да заснавання ў Вялікім княстве Літоўскім агульнадзяржаўнага летапісання.

Не без згоды і волі Фоція ў Смаленск, найбольш верагодна, у 1429 г. быў перададзены арыгінал ято маскоўскага летапісу і такім чынам ў Вялікае княства Літоўскае фактычна было перанесена агульнарускае мітрапалітава летапісанне. Летапіс Фоція ўяўляў сабою летапісны звод яго папярэдніка Кіпрыяна (1408) з прыцягам за 1409—1427 гг. Аб'яднаны з «Летапісам вялікіх князёў літоўскіх», ён і ўтварыў першы беларуска-літоўскі летапісны звод, у канцы якога была змешчана «Пахвала Вітаўту». Ёсць падставы лічыць гэты звод у пэўнай меры летапісным зводам і мітрапаліта Фоція, тым яго паліхронам, які ўжо цэлае стагоддзе шукаюць даследчыкі.

Гэты першы беларуска-літоўскі, агульнадзяржаўны і агульнарускі летапіс, па ўсім відаць, завяршаўся ў тэрміновым парадку, у 1430 г., бо яго складальнікі нават не паспелі апісаць бадай самую важкую і значную частку гістарычнай дзейнасці вялікага князя Вітаўта — апошнія 30 гадоў яго княжання.

Яго каранацыю, баючыся дэнансацыі ўсіх папярэдніх актаў уніі, у тым ліку Крэўскай 1385 г. і Гарадзельскай 1413 г., capвалі правячыя колы Польшчы. Пасля ж смерці ў 1430 г. князя Вітаўта ў краіне пачалася грамадзянская вайна. Складаныя часы надышлі і для Рускай праваслаўнай царквы. У 1431 г. памёр мітрапаліт Фоцій і на мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі неўзабаве быў пасвечаны смаленскі епіскап Герасім, кандыдатура якога, думаецца, была папярэдне ўзгоднена з яго папярэднікам. Пасля ж гвалтоўнай смерці Герасіма ў 1435 г. (быў спалены князем Свідрыгайлам) агульнарускую мітраполію ненадоўга ўзначаліў грэк Ісідар. Пасля паездкі на Ферара-Фларэнційскі сабор ён схіліўся да уніі з Рымам і быў вымушаны ў 1441 г. назаўсёды пакінуць Русь.

Палітычная нестабільнасць у дзяржаве і амаль поўнае бязладдзе ў 30—40-я гады XV ст. у Царкве выразна адбіліся і на тагачасным беларуска-літоўскім летапісанні. Яно працягвалася ў Смаленску як дзяржаўнае і мітрапалітава, але несістэматычна. У сярэдзіне 30-х гадоў XV ст. была складзена гістарычная аповесць пра падзеі 1430—1436 гг., пачынаючы з апісання каранацыйнага з'езда ў Вільні. Нерэгулярныя запісы вяліся да

1446 г. уключна, склаўшы своеасаблівую Смаленскую хроніку, якая і стала заключнай часткай Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. Умовы, у якіх складаўся першы беларуска-літоўскі летапісны звод, адсутнасць значных мясцовых традыцый рэгулярнага летапісання, уключэнне такога разнароднага матэрыялу істотна адбіліся на яго жанравай структуры, для якой характэрна пэўная кампіляцыйнасць, фрагментарнасць і незавершанасць.

Гэты летапіс узнік у вельмі цікавы, напружаны і адказны момант гісторыі Вялікага княства Літоўскага, калі палітычныя імкненні пануючых колаў гэтай дзяржавы дасягнулі найбольшага размаху і сілы. У гэтым творы фактычна зліліся велікакняскае і мітрапалітава летапісанне, што сведчыць аб адзінстве поглядаў і імкненняў вышэйшых свецкіх і духоўных улад Вялікага княства Літоўскага таго часу. Зараджэнне агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання звязана з дзейнасцю смаленскай епіскапскай, а ў 1432—1435 гг. і мітрапалітавай кафедры, узначальваемай тады Герасімам, якая была ідэалагічнай выразніцай агульнарускай паводле накіраванасці палітыкі вялікага князя Вітаўта.

Пачаўшы з канкрэтнай ідэалагічнай задачы моманту — абгрунтавання права яго на вялікае княжанне (аповесць пра Кейстута), беларуска-літоўскія летапісцы справядліва ўбачылі гістаычную неабходнасць і прагрэсіўнасць аб'яднаўчай дзейнасці велікакняскай улады, накіраванай на пераадоленне феадальнай раздробленасці, і ўзняліся да разумення вялікай гістарычнай важнасці палітычнага аб'яднання ўсіх літоўцаў і ўсходніх славян у адной дзяржаве. Гэта з несумненнасцю сведчыць аб цеснай сувязi беларуска-літоўскага летапісання з часам, з вядучымі грамадска-палітычнымі тэндэнцыямі эпохі і ўказвае на тую важную ідэалагічную ролю, якую выконваў летапісны жанр у жыцці беларуска-літоўскага грамадства даўняга перыяду.

На жаль, першая рэдакцыя Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. цалкам не захавалася. Той летапіс, які сёння чытаецца ў Супрасльскім і яму падобных спісах, уяўляе сабою больш познюю пераробку першапачатковага тэксту, гэта значыць — другую рэдакцыю першага зводу. Найбольшай перапрацоўцы падверглася старажытнаруская частка. Яе пачатак (звесткі да 1309 г.) у другой рэдакцыі быў заменены выбаркай з Наўгародскага IV летапісу, а частка за 1385—1418 гг. — з Сафійскага I летапісу.

Як і складальнікі першай рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г., аўтар яго другой рэдакцыі выкарыстоўваў стара жытнарускія летапісы ў скарочаным і месцамі пераробленым выглядзе. Аднак гэтая перапрацоўка на розных этапах прыкметна адрознівалася паводле свайго характару. Так, смаленскі кніжнік, скарачаючы ў 1430 г. тэкст летапісу Фоція, адначасова здымаў адмоўныя характарыстыкі літоўскім князям, дадзеныя маскоўскім летапісцам. Напрыклад, ён адпаведным чынам перарабіў запісы пра паходы вялікага князя Альгерда на Маскву ў 1368, 1370 і 1372 гг., а ў звестцы пра яго смерць у 1377 г. выкінуў выраз «зловерный, безбожный и нечестивый».

Складальнік жа другой рэдакцыі, скарачаючы запазачаны з рускіх летапісаў тэкст, месцамі рабіў храналагічную перагрупоўку пагадовых запісаў, каб размясціць іх паводле вераснёўскага, а не сакавіцкага стылю летазлічэння. Што ж датычыцца звестак па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, то новы рэдактар першага беларуска-літоўскага зводу выпісаў іх з рускіх летапісаў даволі поўна і дакладна, пакінуўшы нават некаторыя крытычныя ацэнкі дзейнасці вялікага князя Вітаўта: ён у 1395 г. «лестию» паланіў смаленскіх князёў, у час паходу ў 1404 г. «много зла сотвориша» Смаленскай зямлі, у 1414 — 1415 гг. «по Божию попущению» задумаў і ажыццявіў абранне асобнага для Вялікага княства Літоўскага мітрапаліта Грыгорыя Цамблака і інш. Зразумела, што такія характарыстыкі гэтаму князю не мог дапусціць у сваім летапісе аўтар панегірычнай «Пахвалы Вітаўту», які, хутчэй за ўсё, і складаў першы беларуска-літоўскі звод, і што другі яго рэдактар працаваў значна пазней.

Вельмі паказальныя і некаторыя іншыя месцы другой рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. Моцна скарачаючы рускія крыніцы, яе аўтар аднак дазволіў сабе раскошу выпісаць з Наўгародскага IV летапісу тры вялікія гістарычныя апавяданні, пад 1237, 1238 і 1240 гг., пра гераічнае змаганне ўсходніх сла­вян з «бязбожнымі, паганымі» татарамі.

Калі магла быць вельмі актуальнаю ў XV ст. для Вялікага княства Літоўскага тэма барацьбы з татарскай навалаю? Як сведчаць гістарычныя крыніцы, у другой чвэрці XV ст. Залатая Арда знаходзілася ў стане глыбокага крызісу і заняпаду, сур'ёзнага аслаблення сваёй ваенна-палітычнай магутнасці і, зразумела, не магла моцна пагражаць усёй Русі. I сапраўды, націск татар на ўсходнеславянскія землі ў гэты перыяд значна аслаб. Аднак к канцу стагоддзя ўсходнія славяне зноў адчулі вялікую небяспеку з боку «паганых». Татары, якія к сярэдзіне XV ст. палітычна кансалідаваліся з рэштак розных ордаў у Крымскую Арду і сталі васаламі Турцыі, сваімі пастаяннымі грабежніцкімі нападамі ператварылі жыццё насельніцтва большай часткі Украіны ў сапраўднае пекла. У 1482 г. яны бязлітасна зруйнавалі і спалілі Кіеў, пасля неаднаразова спусташалі Валынь і Падолле, выразалі альбо бралі ў палон тысячы людзей, а ў 1497 г. забілі ля Мазыра кіеўскага мітрапаліта Макарыя. 3 канца ж XV — пачатку XVI ст. атрады крымскіх татараў драсавалі ўжо і беларускія землі, дасягалі Слуцка, Менска, Наваградка, што маляўніча апісана ў «Хроніцы Быхаўца».

Думаецца, менавіта ў гэты перыяд тэма барацьбы з татарамі стала і ў Беларусі вельмі надзённаю і летапісныя антытатарскія аповесці маглі найбольш зацікавіць грамадскасць. Уключаючы гэтыя творы ў склад свайго летапіснага збору, невядомы беларускі кніжнік канца XV ст. імкнуўся не толькі напомніць аб татарскай небяспецы, але і дапамагчы на гераічных традыцыях продкаў выхаванню ў сваіх чытачоў пачуцця патрыятызму, нянавісці да бязлітасных ворагаў.

Да 1490-х гадоў вядзе і факт храналагічнай перагрупоўкі гістарычных запісаў у асобных пагадовых артыкулах нашага летапіснага зводу. Як вядома, у старажытнай Русі Новы год пачынаўся вясною (1 сакавіка), а ў Візантыі карысталіся вераснёўскім стылем летазлічэння. Гэты стыль з канца XIV ст. стаў пранікаць і на ўсходнеславянскія землі, дзе, аднак, яшчэ ў XV ст. паранейшаму шырока ўжываўся сакавіцкі і ультрасакавіцкі стыль. Толькі з 1492 г. ён у Расіі канчаткова афіцыйна быў заменены на вераснёўскі, і з таго часу карыстацца апошнім стала абавязковым для праваслаўных усходніх славян. Хоць Смаленск, дзе складаўся і перапрацоўваўся Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., у канцы XV ст. быў яшчэ ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а тагачасная беларуска-ўкраінекая праваслаўная царква мела нават асобнага мітрапаліта, рашэнне вышэйшых маскоўскіх свецкіх і царкоўных улад аб канчатковым пераходзе на новы стыль летазлічэння, думаецца, не магло ігнараваць мясцовае смаленскае праваслаўнае духавенства, у асяроддзі якога к канцу XV ст. узмацніліся імкненні да Масквы, стаўшай к гэтаму часу вядучым цэнтрам збірання ўсходнеславянскіх земляў. Таму храналагічная пераробка некаторых гадавых артыкулаў у першым беларуска-літоўскім летапісным зборы са старога сакавіцкага стылю летазлічэння на вераснеускі, зразумела, не магла праводзіцца раней 1492 г.

Пададзеныя вышэй факты, а таксама выкарыстанне тэксту Наўгародскага IV і Сафійскага I летапісаў, якія ўзыходзяць да маскоўскага мітрапалітавага зводу 1448 г., даюць падставы сцвярджаць, што другая рэдакцыя Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. узнікла дзесьці ў самым канцы XV ст. і таксама ў Смаленску. Складальнік гэтай рэдакцыі асабліва. не клапаціўся пра ідэйна-стылёвае адзінства сваёй летапіснай кампіляцыі, змясціў у ёй самы рознахарактарны матэрыял, у тым ліку творы і звесткі, у якіх, напрыклад, з зусім супрацьлеглых пазіцый ацэньваецца гістарычная дзейнасць вялікага князя Вітаўта, накіраваная на ўмацаванне палітычнага адзінства ўсходнеславянскіх і літоўскіх земляў, незалежнасці і магутнасці сваёй дзяржавы. Такое дваістае, у пэўнай меры супярэчлівае стаўленне аўтара пратографа Супрасльскага спісу да ідэйнага зместу гэтага гісторыка-літаратурнага твора, па-першае, паказвае, што к канцу XV ст., калі працаваў кніжнік, шмат у чым ужо страцілі сваю актуальнасць, публіцыстычную вастрыню тыя ідэалагічныя праблемы і палітычныя імкненні, якімі жылі аўтар першай рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. і яго асяроддзе. Такая пазіцыя пераканаўча выяўляе таксама ідэйна-палітычныя ваганні паміж Літвою і Масквою ў канцы XV ст. таго смаленскага асяроддзя (напэўна, мясцовага праваслаўнага духавенства), дзе рабілася перапрацоўка першага беларуска-літоўскага летапіснага збору.

Стварэнне новай рэдакцыі гэтага летапісу, у якім гісторыя Вялікага княства Літоўскага падаецца ў цеснай сувязі з гісторыяй усяе Русі, думаецца, было выклікана асабліва складанымі і напружанымі ваенна-палітычнымі ўзаемаадносінамі гэтай дзяржавы з Вялікім княствам Маскоўскім якраз у канцы XV — пачатку XVI ст. У 1494 г., пасля жорсткіх ваенных сутычак, паміж імі была заключана мірная дамова, адным з вынікаў якой стаў шлюб у 1495 г. вялікага князя літоўскага Аляксандра з дачкою маскоўскага князя Івана III Аленай. Неабходна было не толькі ідэалагічна падмацаваць гэты саюз, падкрэсліць агульнасць і даўнасць гістарычных каранёў і сувязяў паміж суседскімі краінамі і правячымі дынастыямі, але і абгрунтаваць гістарычнае права Вялікага княства Літоўскага і Рускага на тыя беларуска-ўкраінскія землі, якія даўно былі далучаны да гэтай дзяржавы і сталі яе неад'емнай часткай і на якія сталі настойліва прэтэндаваць маскоўскія вялікія князі.

Праўда, у новых гістарычных умовах канца XV — пачатку XVI ст. цікавасць правячых колаў гэтай дзяржавы да гісторыі старажытнай Русі паступова стала слабець і пачало ўсё больш узрастаць разуменне каштоўнасці і значэнне ўласнай гісторыі. Таму неўзабаве была ажыццёўлена яшчэ адна пераробка тэксту першага зводу: на пачатку быў змешчаны «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх» з іншымі матэрыяламі па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, а ў канцы — дадаткова скарочаная кампіляцыя з рускіх летапісаў. Гэтая, трэцяя, рэдакцыя Беларускалітоўскага летапісу 1446 г. дайшла да нашага часу ў адзіным Слуцкім спісе, які датуецца першай чвэрцю XVI ст. і, напэўна, узнік у Слуцку.

Нягледзячы на тое, што тэкст першапачатковай рэдакцыі нашага летапісу пазней у сваёй агульнарускай частцы быў значна перароблены, ён тым не менш захоўвае вялікую каштоўнасць для вывучэння і рускага летапісання позняга Сярэднявечча. Па-першае, частка летапісу Фоція за XIV ст., якая збераглася ў першым беларуска-літоўскім зводзе, як высветлілі даследчыкі, дае магчымасць больш дакладна рэканструяваць асобныя месцы згубленага Траецкага летапісу. Па-другое, у нашым зводзе захавалася заключная частка летапісу Фоція (запісы аб падзеях 1419— 1427 гг.), што адсутнічае ва ўсіх вядомых сёння рускіх летапісах. Карацей кажучы, Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. дапамагае больш правільна вырашыць некаторыя вельмі важныя і складаныя праблемы гісторыі і рускага летапісання таго часу.

Зробленыя вышэй назіранні і пададзеныя факты паказваюць, што цэнтрам летапісання ў Вялікім княстве Літоўскім у XV ст. быў Смаленск. Тут збіраліся, перапісваліся, складаліся і перарабляліся розныя летапісныя зводы і гістарычныя кампіляцыі. У гэтым горадзе ў 1495 г. быў перапісаны так званы летапіс Аўрамкі, звод наўгародскага паходжання, у якім у пагадовай форме сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада Вялікага і Вялікага княства Літоўскага. Напэўна, у Смаленску ўзнік і блізкі да папярэдняга летапісны зборнік, які папаў затым у Супрасль, дзе папоўніўся запісамі пра напады крымскіх татар на Валынь у 90-я гады XV ст. У канцы яго змешчаны цікавы панегірычны твор, прысвечаны бліскучай перамозе літоўска-беларускіх войскаў над расійскімі пад Оршаю ў 1514 г. — «Пахвала гетману Канстанціну Астрожскаму».

Летапіснае апавяданне пра гэтую незвычайную падзею пад пяром шчырага патрыёта Літоўска-Беларускай дзяржавы перарасло ў жывое, эмацыянальнае слова, узнёслую пахвалу пераможцам: «вдатным и храбрым» літоўска-беларускім воям, «великославному и великоумному» палкаводцу Канстанціну Астрожскаму, якога ён параўноўвае з Антыёхам сірыйскім, індыйскім царом Порам і армянскім царом Тыгранам. Не могучы стрымаць радасці і захаплення, невядомы аўтар выкарыстоўвае ўсе свае веды і талент, каб годна ўславіць гераічны подзвіг мужных абаронцаў роднай зямлі. Натхнёныя паэтычныя словы і выразы, розныя літаратурна-вобразныя рэмінісцэнцыі чаргуюцца ў творы з дакладнымі гістарычнымі звесткамі аб падзеях 1514 г., што ў цэлым дае падставы разглядаць яго не толькі як цікавы помнік беларускай літаратуры пачатку XVI ст., але і як каштоўную гістарычную крыніцу.

Як сведчыць агульны характар усяго Супрасльскага зборніка, а таксама змест, стыль і мова яго заключных арыгінальных запісаў, насычаных царкоўнаславянізмамі, архаічнымі формамі і зваротамі, цытатамі з рэлігійных твораў, гэтая летапісная кампіляцыя, што завяршаецца «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму», бытавала ў асяроддзі беларускага праваслаўнага духавенства, перадавая частка якога была тады прасякнута агульнадзяржаўным патрыятызмам.

Амаль кожны летапісны помнік эпохі Сярэднявечча — гэта кампіляцыя, збор разнастайных гістарычных запісаў і твораў, якія выйшлі з-пад пяра многіх кніжнікаў, што працавалі ў розны час і ў розных месцах. Таму цэласнасць гэтых помнікаў адносная, бо ў летапісным зборы практычна нельга было дасягнуць поўнай ідэйна-стылёвай маналітнасці літаратурнага твора, напісанага адным аўтарам. Усходнеславянскія летапісцы XIV— XV стст. ставіліся да летапісных запісаў як да каштоўных гістарычных дакументаў, таму яны рашуча іх не перараблялі. У адносінах да чужога тэксту яны хутчэй былі кампілятарамі, чым пісьменнікамі: скарачалі альбо дапаўнялі яго тэкстам, узятым з іншых крыніц, але вельмі рэдка на падставе вядомых запісаў стваралі зусім новы, арыгінальны твор. Аўтары тагачасных летапісных збораў з'яўляліся менавіта іх складальнікамі, бо яны з ужо гатовых пагадовых запісаў, у пераважнай большасці зробленых іншымі, бы з асобных цаглін і блокаў, перастаўляючы і тасуючы іх адпаведна свайму плану, ідэйнай задуме, складалі новы летапісны збор.

Аднак сярэднявечныя летапісцы не былі бясстраснымі рэгістратарамі гістарычных падзей, а з'яўляліся прадстаўнікамі пэўнага феадальнага цэнтра, асобнага княства ці сацыяльнага асяроддзя, ідэалагічнымі выразнікамі іх грамадска-палітычных інтарэсаў і поглядаў. Таму яны, будучы яшчэ і мясцовымі патрыётамі, вельмі клапаціліся пра тое, каб іх летапісы і летапісныя зборы сваім зместам і ідэйнай накіраванасцю ў цэлым адпавядалі грамадскай думцы і афіцыйных заказчыкаў і шырокага кола

чытачоў.

Як помнікі літаратуры эпохі ранняга феадалізму ўсе гэтыя творы ў цэлым нясуць на сабе яркі адбітак сярэднявечнага светапогляду, дарэалістычных метадаў, спосабаў і сродкаў адлюстравання рэчаіснасці і чалавека, гістарычных уяўленняў і літаратурных густаў таго далёкага часу. Яны, як правіла, ананімныя, але не толькі ў тым сэнсе, што ад нас у большасці выпадкаў схаваны імёны і прозвішчы тагачасных летапісцаў і складальнікаў летапісных збораў, аўтараў і кампілятараў. Сярэднявечная ананімнасць — гэта таксама адсутнасць у творах выразнага выяўлення іх аўтарамі свайго ўласнага індывідуальна-чалавечага «я».

Змест і форма летапісаў дае сённяшняму чытачу вельмі мала матэрыялу пра асобу аўтараў, іх характар, іх асабістыя думкі, імкненні і перажыванні, пра іх індывідуальны літаратурны стыль. Сярэднявечны летапісец быў непасрэдным выразнікам не сябе, не ўласнага «я», а свайго сацыяльнага асяроддзя, пэўнага класа, палітыкі вышэйшых свецкіх ці духоўных улад, інтарэсаў горада, дзяржавы, народа. Ён пісаў не столькі па волі свайго сэрца, колькі па заказу свайго патрона ці калектыву, з якога ён рэзка сябе не вылучаў. Летапісцы эпохі Сярэднявечча працавалі ў той гістарычны час, калі асабістае і грамадскае суіснавала ў чалавеку ў больш арганічнай злітнасці, чым сёння, калі ўсякая творчаць разглядалася як рамяство, якое выяўляла ў першую чаргу агульныя, калектыўныя запатрабаванні, погляды і густы, калі чалавечая асоба яшчэ не стала і цалкам не ўсвядоміла сябе непаўторнай, самацэннай індывідуальнасцю. Вось чаму ў сярэднявечнага кніжніка, як і ў тагачаснага рамесніка, які працаваў на заказ, як і ў складальніка ці выканаўца фальклорных песняў ці казак, так слаба развіты аўтарскі пачатак, пачуццё аўтарскага права ў адносінах да зробленых ім твораў, амаль не выяўляецца індывіду-альная манера творцы.

Сярэднявечны характар старажытнарускіх і беларуска-літоўскіх летапісаў XV ст. выявіўся таксама ў іх несумненна службо ва-дзелавым прызначэнні, захаванні своеасаблівага сінкрэтызму зместу і адлюстравання, іх гістарычным фактаграфізме. I рускія, і беларускія летапісы фіксуюць адзінкавыя факты, паведамляюць пра канкрэтныя гістарычныя падзеі, што на самай справе адбываліся. У летапісных творах жывуць і дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы, што сапраўды жылі ў пэўны час у пэўным населеным пункце. Праўда, у летапісах зрэдку сустракаюцца і псеўдагістарычныя, легендарныя, ці міфічныя, зусім выдуманыя падзеі, факты і героі, аднак яны ўключаны ў гістарычны кантэкст таму, што летапісцы, як правіла, верылі ў іх безумоўную дакладнасць і сапраўднасць.

У летапісах канстатацыя гістарычных фактаў і падзей пераважае над іх апісаннем, тлумачэннем і аналізам, адзінкавае над агульным, дакументальная фактаграфія над мастацкай тыпізацыяй, бо для сярэднявечнага храніста мела сапраўдную каштоўнасць праўда гістарычнага факта, а не мастацкая праўда. Апошняя для яго не праўда, бо сапраўдная праўда, паводле яго ўяўленняў, — гэта тое, што было на самай справе ў жыцці, у гісторыі; тое ж, што толькі магло быць, але не было, — гэта выдуманае, фальшывае, яму нельга верыць, таму яно не мае права быць занесеным у аналы гісторыі. У гэтым адна з характэрных асаблівасцяў так званага сярэднявечнага рэалізму і гістарызму.

Дадзенаму вываду ў цэлым не супярэчыць наяўнасць у сярэднявечных летапісах і хроніках значнай колькасці звестак пра розныя незвычайныя здарэнні і вымышленыя падзеі. Апошнія — вынік не свядомай, наўмыснай фальсіфікацыі летапісцамі гісторыі, a іх легкавернасці і наіўнасці, абмежаванасці светапогляду. Яны верылі ў розныя цуды і прыкметы, верылі ў напісанае, у біблейскія легенды і міфы, верылі ў існаванне звышнатуральных, добрых і злых сіл, якія ўмешваюцца ў жыццё людзей, кіруюць іх учынкамі і паводзінамі і нават прадвызначаюць зыход гістарычных падзей. Такім чынам, калі ў летапісах і хроніках і прысутнічае вымысел, то ён, як правіла, яшчэ, не свядомы, не мае мастацкай накіраванасці.

Тыпова сярэднявечнай з'яўляецца яшчэ адна характэрная ры-са летапісаў — падача гісторыі праз апісанне падзей у іх знешняй сувязі, якая дасягаецца ў асноўным толькі размяшчэннем запісаў пра іх у храналагічнай паслядоўнасці, і паказ чалавека як удзельніка гістарычных падзей без унутранай матывіроўкі прычын яго паводзін. Адсюль асноўны спосаб арганізацыі гістарычнага матэрыялу ў сярэднявечных аналах — пагадовы прынцып выкладу, што надае фрагментарнасць летапіснаму апавяданню.

Увекавечанымі ў летапісах маглі быць не ўсякія падзеі, а толькі гістарычна значныя ці незвычайныя. Гэтак жа сама і іх герояMi, паводле тагачасных уяўленняў, мелі права стаць толькі асобы, што займалі высокае сацыяльнае становішча ў грамадстве альбо якія вельмі вызначыліся сваімі заслугамі перад дзяржавай ці царквою. Вось чаму помнікі раннеславянскай гістарыяграфіі паводле свайго зместу ўяўляюць сабою пераважна палітычныя гісторыі ў дзеях князёў, каралёў, цароў, палкаводцаў, вышэйшых царкоўных іерархаў і іншых выдатных асоб, пададзеныя пад пунктам гледжання мясцовага альбо агульнадзяржаўнага патрыятызму.

Князі — галоўныя героі і старажытнарускіх летапісаў. Яны ўзначальвалі абарону сваіх земляў і ўладанняў ад нападаў звонку, вадзілі ўзброеныя дружыны і атрады на іншыя землі і гарады, супраць удзельных князёў і непакорных суседзяў. Найбольш выдатныя з іх, вялікія князі, сваёй актыўнай гістарычнай дзейнасцю выяўлялі перадавыя, аб'яднаўчыя тэндэнцыі свайго часу, агульнадзяржаўныя і агульнанародныя інтарэсы. Вось таму яны — у цэнтры ўвагі і беларускіх летапісцаў, і храністаў, галоўныя героі летапісных аповесцяў і апавяданняў. Усё, што датычылася іх, паводле ўяўленняў таго часу, мела асаблівую важнасць, было гістарычна значным, аўтарытэтным. Менавіта ў іх справах, лічылася тады, увасоблены асноўны змест і сэнс руху зямной чалавечай гісторыі, бо яны, канцэнтруючы ў сваіх руках усю паўнату і веліч свецкай улады, з'яўляліся адначасова паўнамоцнымі выканаўцамі і праваднікамі на зямлі найвышэйшай волі («няма ўлады, што не ад Бога»).

Заснаванне ў XV ст. у Вялікім княстве Літоўскім дзяржаўнага летапісання, стварэнне першых нарысаў па гісторыі гэтай дзяржавы і ўключэнне яе ва ўсходнееўрапейскі кантэкст мела вельмі важнае значэнне для развіцця грамадскай думкі і гістарычнай самасвядомасці, літаратуры і гістарыяграфіі, для ўмацавання агульнадзяржаўнага патрыятызму ў даўняй Беларусі і Літве. Першыя беларуска-літоўскія летапісы і хронікі, якія ў значнай меры абапіраліся на багатыя традыцыі старажытнарускага летапісання, захоўвалі пераемнасць і стымулявалі творчы працяг летапіснай справы ў наступныя стагоддзі і паслужылі непасрэднай крыніцай для складальнікаў беларуска-літоўскіх хронік XVI ст. У розных спісах і рэдакцыях гэтыя помнікі бытавалі і на тэрыторыі

Расіі і служылі каштоўнай крыніцай для азнаямлення расійскіх чытачоў з цікавай гісторыяй суседняй краіны. Ідэйна-мастацкая і жанравая адметнасць нашых летапісаў і хронік, багацце іх зместу, своеасаблівасць узнікнення і развіцця адлюстроўваюць складаны гістарычны шлях беларускага народа і паказваюць, якое важнае месца займае летапісны жанр у гісторыі даўняй беларускай літаратуры, асабліва ў станаўленні гістарычнай прозы.

Летапісы і хронікі як каштоўныя гістарычна-літаратурныя помнікі даўняга часу, сведкі далёкай мінуўшчыны дапамагаюць нам наблізіць незвычайны, шмат у чым для нас загадкавы, гераічны свет нашых продкаў, свет значных падзей, мужных герояў, багатага духоўна-творчага жыцця, дапамагаюць лепш спазнаць свой народ, яго культурную спадчыну і шматвяковую гісторыю, без чаго нельга пачуваць сябе годным грамадзянінам сваёй краіны.

ЛІТАРАТУРА

АДРАДЖЭННЯ

ЭПОХІ

XVI

ст.

На парозе Новага часу

Эпоха гуманістычнага Адраджэння, альбо Рэнесансу — гэта перыяд росквіту Вялікага княства Літоўскага, Літоўска-Беларускай дзяржавы, дасканалага пісанага права, грамадскага і дзяржаўнага, развіцця старабеларускай мовы, самабытнай культуры, узнікнення кнігадрукарства, станаўлення свецкіх відаў мастацтва. Недарма XVI ст. называюць «залатым векам» у культурнай гісторыі даўняй Беларусі. Беларуская літаратура, іншыя віды мастацкай культуры больш актыўна сталі набліжацца да агульнаеўрапейскіх культурна-гістарычных тыпаў і стыляў, захоўваючы адаптаваныя да роднай мовы і народнай творчасці славяна-візантыйскія традыцыі. Ранейшая, пераважна аднаканфесійная праваслаўная Беларусь, у якой яшчэ не зніклі сляды язычніцтва, пад уплывам рымска-каталіцкай царквы і пратэстанцка-рэфармацыйнага руху паступова станавілася шматканфесійнай краінай.

Культурна-гістарычнае жыццё ва Усходняй Еўропе XVI ст. адбывалася ў вельмі складаных геапалітычных умовах: жорсткіх, знішчальных войнаў, непрымірымай барацьбы дзвюх магутных суседніх дзяржаў — Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскага княства. У цэнтры ваеннага канфлікту стаў гістарычны лёс Беларусі і Украіны, што ўваходзілі ў ВКЛ і на якія прэтэндавала Маскоўская дзяржава, валадары якой лічылі сябе адзінымі спадкаемцамі Кіеўскай Русі.

Пасля распаду Залатой Арды і канчатковага вызвалення Маскоўскай Русі ад татара-мангольскай навалы значна ўзмацніўся націск маскоўскіх князёў на іншыя ўсходнеславянскія землі. Іван III (1462—1505) сілаю далучыў да Маскоўскага княства Яраслаўскае, Растоўскае, Цверскае і Наўгародскае княствы, абвясціў сваю дзяржаву Трэцім Рымам, сябе — вялікім князем усяе Русі і галоўным абаронцам праваслаўя ў Еўропе. У выніку войнаў канца XV — пачатку XVI ст. з Літоўска-Беларускай дзяржавай маскоўскія войскі занялі Бранск, Гомель, Чарнігаў, а ў 1514 г. — Смаленск. Крымскае ханства з былога ворага Масквы стала яе саюзнікам. На працягу канца XV-XVI ст. крымскія татары правялі дзесяткі спусташальных нападаў на ўкраінскія і беларускія землі. Бліскучыя перамогі М. Глінскага над татарамі пад Клецкам у 1506 г. і К.Астрожскага над маскоўскім войскам пад Оршаю ў 1514 г. толькі часова прыпынілі націск на Вялікае княства Літоўскае з усходу і поўдня. Праз паўстагоддзе, пры Іване IV (1533—1584), пачалася новая, яшчэ больш жорсткая і разбуральная вайна — Лівонская (1558—1583).

Лівонская (Інфлянцкая) вайна пачалася ў 1558 г. уварваннем маскоўскіх войскаў у Лівонію (Інфлянты). Непасрэднай мэтай цара быў захоп Усходняй Прыбалтыкі і ўмацаванне рускіх пазіцый на Балтыйскім моры. Але тым самым ваенна-палітычныя і эканамічныя інтарэсы Маскоўскага княства ўступалі ў сутыкненне з ваенна-палітычнымі і эканамічнымі інтарэсамі Вялікага княства Літоўскага. Напалоханы маскоўскай агрэсіяй, магістр Лівонскага Ордэна заключыў у 1559 г. з Жыгімонтам Аўгустам дамову, па якой Ордэн і яго ўладанні пераходзілі пад пратэктарат Вялікага княства Літоўскага. Мілітарныя сілы Княства пачалі сцягвацца ва Усходнюю Прыбалтыку, а войскі Івана Грознага вясной 1562 г. нечакана ўвайшлі ва Усходнюю Беларусь, што надало Лівонскай вайне іншы змест і маштабы. Пасля паспяховых для рускай арміі ваенных дзеянняў 1562—1563 гг. Іван Грозны пачынае выказваць непрыхаваныя прэтэнзіі на Беларусь і Украіну, а ў 1572 г. у лісце да рымска-германскага імператара Максіміліяна II прапануе нават своеасаблівы падзел Рэчы Паспалітай: «Мы аб'яднаем нашыя намаганні, каб Польшча і Літва не ўцяклі больш ад нас».

Тэрыторыя Беларусі стала галоўным плацдармам ваенных дзеянняў, пра што сведчаць месцы важнейшых бітваў і сутычак: Полацк (1563), Орша (1564), Ула (1564), Азярышча (1564), Полацк (1579). Знішчаліся гарады і вёскі, выводзіліся ў палон жыхары, прыходзілі ў заняпад рамёствы, гандаль, сельская гаспадарка. У ваенных дзеяннях з абодвух бакоў пралівалася кроў братніх народаў, а зацяжны і бесперспектыўны характар вайны не даваў надзеі на хуткае заканчэнне кровапраліцця.

Непамерны цяжар вайны падштурхнуў Вялікае княства Літоўскае да больш цеснага саюзу з Польшчай, што ў сукупнасці з шэрагам іншых прычынаў прывяло ўрэшце да ўтварэння, згодна з актам Люблінскай уніі 1569 г., агульнай федэратыўнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на спробы пануючых колаў ВКЛ захаваць суверэнітэт сваёй дзяржавы, што было дадаткова падмацавана артыкуламі Статута 1588 г., гэтая унія ў рэшце рэшт прывяла да яго паслаблення, садзейнічала паступовай паланізацыі беларускай шляхты і значнай часткі гарадской і царкоўна

элiты.

Ваенна-палітычны саюз з Польшчай прыкметна ўзмацніў абараназдольнасць Вялікага княства Літоўскага, людскія і матэрыяльныя рэсурсы якога былі значна падарваныя за ваеннае дзесяцігоддзе і саступалі рэсурсам Маскоўскай дзяржавы. Але толькі пасля таго як каралём польскім і вялікім князем літоўскім стаў у 1576 г. энергічны палітык і таленавіты палкаводзец Стэфан Баторы, у Лівонскай вайне азначыўся пералом на карысць Рэчы Паспалітай. Першы паход Баторыя азнаменаваўся вызваленнем ад царскіх войскаў Полацка (1579), другі — узяццем Вялікіх Лукаў (1580), трэці — аблогаю Пскова (1581).

Лівонская вайна скончылася паражэннем Маскоўскай дзяржавы, знясіленай як знешнімі ваеннымі няўдачамі, так і ўнутранай эканамічнай разрухай — вынікам апрычніны. Як вядома, адной з галоўных прычынаў, якія прымусілі Баторыя згадзіцца зняць пскоўскую аблогу і падпісаць Ям-Запольскае мірнае пагадненне (6 студзеня 1582 г.), было нежаданне беларуска-літоў-скай і польскай шляхты ваяваць па-за межамі Рэчы Паспалітай. Народы дзвюх дзяржаў, стомленыя кровапралітнай дваццацігадовай вайной, прагнулі міру і спакою і, нарэшце, гэтыя мір і спакой атрымалі. Лівонская вайна, перастаўшы быць фактам рэальнага жыцця, зрабілася фактам гісторыі і тэмаю літаратурных твораў. Паэты Беларусі і Літвы, многія з якіх асабіста ўдзельнічалі ў ваеннай кампаніі, бяруцца за пяро, каб захаваць у памяці нашчадкаў вялікую перамогу на рацэ Уле гетманаў Мікалая Радзівіла Рудага і Рыгора Хадкевіча, дзёрзкі і смелы паход Крыштофа Радзівіла Перуна ў глыб маскоўскіх земляў. Ніводная з войнаў, якія вяло Вялікае княства Літоўскае на працягу шматвяковай гісторыі свайго існавання, не выклікала з'яўлення такой колькасці выдатных паэтычных твораў, як Лівонская.

Нягледзячы на паражэнне, экспансія Маскоўскага царства на беларускія і ўкраінскія землі не спынілася. Цяпер яна праводзілася пад сцягам абароны аднаверцаў — праваслаўных вернікаў Рэчы Паспалітай. Пасля заснавання Маскоўскага патрыярхата (1589) руская царква на чале з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі прэтэндавала на кананічную і царкоўна-адміністрацыйную ўладу над праваслаўным насельніцтвам Беларусі і Украіны. У вынiку гэтых прэтэнзій узмацнілася дагматычная і моўна-культурная палярызацыя хрысціянскіх канфесіяў на Беларусі — праваслаўя і каталіцтва. Каб пазбегнуць вонкавых і ўнутраных канфліктаў, якія пагражалі адзінству дзяржавы, у асяроддзі праваслаўных іерархаў узнікла ідэя рэгіянальнай царкоўнай уніі — злучэння праваслаўнай царквы з каталіцкім касцёлам пры захаванні праваслаўнага абраду, роднай мовы і шырэй — культурнай традыцыі беларусаў і ўкраінцаў. На Берасцейскім царкоўным саборы 1596 г. (6—10 кастрычніка) узнікла новая, грэка-каталіцкая, альбо уніяцкая, канфесія. Яна прычынілася да развіцця на Беларусі і Украіне палемічнай літаратуры і ўзмацнення канфрантацыі ў рэлігійным ды палітычным жыцці народа.

Такім чынам, эпоха Рэнесансу не была спакойна-гарманічным перыядам у гісторыі Беларусi Найменне «залатога веку» яна атрымала таму, што беларуская мова і беларуская культурная традыцыя мелі спрыяльныя ўмовы для развіцця і духоўна ядналі грамадства.

Яшчэ ў гады княжання Альгерда (1345—1377) родная мова беларусаў набыла дзяржаўны статус. На ён напісаны найважнейшыя дзяржаўна-прававыя акты, у тым ліку Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг., агульнадзяржаўныя летапісы і хронікі. Нашая мова была галоўным сродкам свецкага і царкоўнага асветніцтва ўсіх хрысціянскіх канфесіяў. Толькі ў канцы XVI—XVII стст. яе часткова пацяснілі польская і лацінская, сярод праваслаўнага насельніцтва — царкоўнаславянская. Тым не менш да канца XVII ст. яе дзяржаўны статус захоўваўся.

Даследчыкі даказалі бясспрэчную далучанасць беларускай эстэтыкі, філасофскай думкі, літаратуры ды іншых відаў мастацтва XVI — першай паловы XVII ст. да еўрапейскага Рэнесансу. Эканамічнай асновай эпохі былі раннекапіталістычнае прадпрымальніцтва, сацыяльна-прававая структура гарадоў і мястэчкаў з магдэбургскім правам (Вільня, Бярэсце, Гародня, Наваградак, Слуцк, Полацк, Менск, Магілёў, Пінск, Віцебск і інш.) альбо падпарадкаваных магнацкім родам, арыентаваным на еўрапейскі лад жыцця і рэнесансавую культуру. Насельніцтва Беларусі складала тады каля 2,5 млн чалавек, з іх 150 тыс. жылі ў гарадах і 250 тыс. — у мястэчках, што складала каля 12% усіх жыхароў краіны. Паводле этнічнага складу гарады і мястэчкі былі нацыянальна аднародныя: у іх пражывала каля 80% беларусаў, яўрэяў сярод меснічаў было ў розных рэгіёнах ад 2 да 8%. Пераважна беларускім заставалася сялянства і шляхецкае саслоўе. Гарадскія купцы і рамеснікі, аб'яднаныя ў цэхі (каля 200 спецыяльнасцяў), разам са шляхтай складалі асяроддзе, з якога выйшлі многія дзеячы культуры, пісьменнікі эпохі Адраджэння. Адкрыццё і пашырэнне кнігадрукавання садзейнічала дэмакратызацыі культу ры і ўсяго грамадскага жыцця, пераадольвалася манаполія царквы і духоўнага саслоўя ў сферах навукі, асветы, літаратуры, нават тэалогіі. Змаганне з антычнай міфалогіяй і заснаванай на ёй антычнай культурай згубіла былую актуальнасць, адбывалася дэміфалагізацыя антычнай спадчыны, яна набывала выключна навуковую і эстэтычную каштоўнасць. Вялікае значэнне мелі еўрапейскія універсітэты, асабліва ў Польшчы, Чэхіі, Італіі, дзе здольныя беларусы, літоўцы, украінцы. атрымлівалі вышэйшую адукацыю. Новыя геаграфічныя адкрыцці канца XV—XVI ст. садзейнічалі пераадоленню сярэднявечнага правінцыялізму, рэгіянальнай абмежаванасці светапогляду. Складваліся ўяўленні пра агульнаеўрапейскую і універсальную культуру.

Дыскусійнымі застаюцца пытанні: наколькі глыбока ўкараніліся рэнесансавыя плыні ў беларускую культурную традыцыю і ў культуру іншых народаў Рэчы Паспалітай? Ці стварылі яны рэнесансавыя стылі эпохі, альбо, можа, засталіся фрагментамi новай культуры ў рамках Сярэднявечча? Сумненні ўзнікаюць пры сінхронным параўнанні сацыяльна-эканамічных і культурных асаблівасцяў розных еўрапейскіх рэгіёнаў. У Беларусі ў XVI ст. узніклі свецкая паэзія і мастацкая проза на роднай мове, а філасофская і грамадска-палітычная думка толькі часткова выдзелілася са свайго сярэднявечнага тэалагічнага ўлоння, бо арыентавалася на Біблію як абсалютны крытэрый доказнасці. Рэдкімі былі класічныя творы ў галіне вядучых жанраў выяўленчага еўрапейскага мастацтва XVI ст. — свецкага жывапісу і скульптуры. Мастацкая культура тагачаснай Беларусі на першы погляд як быццам бы «не дарасла» да высокага Рэнесансу.

За апошняе паўстагоддзе методыка даследавання мастацкай культуры паглыбілася і ўдакладнілася. Сфарміравалася ідэя варыянтнасці рэнесансавай культуры ў розных рэгіёнах, шмаграннасці яе выяўлення ў рамках аднатыпнасці і эстэтычнай цэласнасці. Агульнаеўрапейскі характар гэтай культуры не выключаў яе рэгіянальныя і нацыянальныя варыянты. Занадта просталінейная прывязка Рэнесансу да развіцця капіталізму і буржуазнай свядомасці, характэрная для савецкай навукі, сёння выглядае спрошчанай, нават тэндэнцыйнай. У святле сучаснай метадалогіі сацыякультурная творчаць Вялікага княства Літоўскага, з 1569 г. — Рэчы Паспалітай, у складзе якіх Беларусь займала важнае месца, добра «ўпісвалася» ў культуру эпохі Рэнесансу, хоць і заставалася на яе перыферыі, а не ў эпіцэнтры. Верагодна, гэтым тлумачыцца запозненасць станаўлення рэнесансавай культуры Беларусі: яна пачынаецца тут не ў XV ст., як, напрыклад, у Італіі, а ў пачатку

XVI ст. Да таго ж ва ўмовах адноснай культурнай інтэграцыі Еўропы XVI ст. (тут важную ролю выконвала хрысціянскае «поле цывілізацыі», у тым ліку латынь — агульная мова навукі, асветы, элітарнай літаратуры) творчасць нашых пісьменнікаў, мастакоў, вучоных была адказам не толькі на запатрабаванне ўласнай краіны, бо яна ўваходзіла ў агульнаеўрапейскія літаратурна-мастацкія плыні.

Нягледзячы на сваю цэласнасць і гарманічнасць, рэнесансавая літаратура ў светапоглядным плане неадназначная, бо спалучае рацыяналізм з міфалагізмам, не заўсёды свабодная ад схаластыкі. Філасофскі матэрыялізм, апалогія «здаровага сэнсу», мірна суіснавалі з містыкай, верай у падкопы д'ябла, што праяўлялася ў змаганні з «ведзьмамі», «чарадзеямі» ды іншымі міфічнымі персанажамі, перанесенымі на рэальных людзей, няшчасных ахвяраў гэтай «практычнай міфалогіі».

Гуманісты эпохі Рэнесансу моцна паспрыялі станаўленню нацыянальнай самасвядомасці, павышэнню сацыяльнага статуса роднай мовы да ўзроўню мовы літаратурнай, рэлігійнай і навукова-асветніцкай. Тады ж узнік попыт на інтэлектуальныя каштоўнасці і прафесійнае ўмельства, бо яны гарантавалі высокі грамадскі статус незалежна ад саслоўнай прыналежнасці. Аднак тут рэнесансавы гуманізм заставаўся супярэчлівым: высокі духоўны і прафесійны ўзровень эліты на фоне неадукаванай, сацыяльна і духоўна не свабоднай большасці стымулявалі інтэлектуальны эгаізм. Абмежаванасць рэнесансавых гуманістаў — у няздольнасці перакінуць мост паміж сабою і грамадствам.

Якраз у свабодзе ад такой элітарнасці, у спробе пабудаваць мост паміж асобаю і грамадствам, элітай і народам, законам і свабодай — заслуга беларускай рэнесансавай літаратуры, яе пачынальніка Ф. Скарыны. Беларускі асветнік і першадрукар не цураўся прафесійнай і нацыянальнай годнасці, не забываўся ў прадмовах і пасляслоўях да біблейскіх кніг на сваю доктарскую навуковую ступень, пра слаўнае места Полацкае і Віленскае, называў сябе «выбраным мужам». Але заставаўся дэмакратам, кнігі свае выдаваў «для народа простага, паспалітага». Дэмакратычная, у этычным плане хрысціянская арыентацыя на ўсё паспольства была характэрная іншым пісьменнікам беларускага гуманістычнага Адраджэння.

У гістарычным плане рэнесансавая культура Беларусі падзяляецца на два этапы: ранні Рэнесанс (першая палова XVI ст.) і позні Рэнесанс, які прыпадае на другую палову XVI — пачатак XVII ст. На першым этапе рэнесансавая культура грунтавалася на веры ў рэальнасць гармоніі паміж саслоўямі, народамі, хрысціянскімі веравызнаннямі, грамадствам і асобай, чалавекам і дзяржавай. Позні Рэнесанс зазнаў страту гэтых ідэалаў і, як вынік, — ідэалагічную, рэлігійную, літаратурна-публіцыстычную барацьбу розных рэлігійных, этнічных, літаратурных груповак і плыняў за сцверджанне сваіх спецыфічных каштоўнасцяў. У гэтай барацьбе пісьменнікі, тэолагі, грамадскія і палітычныя дзеячы выкарысталі дасягненні рэнесансавай культуры — кнігадрук, розныя жанры літаратуры, мастацтва, логіку, дыялектыку (у антычным значэнні гэтага паняцця як майстэрства спрэчкі), красамоўства, лінгвістыку.

Гэтыя этапы і плыні рэнесансавай літаратуры вылучаюцца паводле ідэйных дамінантаў і веравызнаўчых перакананняў творцаў. Першая плынь характарызуецца хрысціянскім універсалізмам і патрыятызмам. У гэтым кірунку тварылі Ф. Скарына, ягоныя сучаснікі новалацінскія паэты Мікола Гусоўскі і Ян Вісліцкі, ствараўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г., на беларускай мове развівалася хрысціянскае асветніцтва праваслаўнай, каталіцкай і на першым этапе пратэстанцкай арыентацыі (ранняя, беларускамоўная, творчасць С. Буднага). На другім этапе спачатку дамінавалі дзеячы рэфармацыйнага руху. Пазней набірала моц каталіцкая плынь, асабліва пасля адкрыцця езуіцкіх калегіумаў у Вільні (1569), Полацку (1579), Нясвіжы (1584) іншых гарадах і мястэчках.

На ўсіх этапах свайго развіцця рэнесансавая літаратура і мастацкая культура захавалі характэрную для эпохі Адраджэння сінтэтычную структуру — адзінства тэалогіі і сацыялогіі, этычных і эстэтычных каштоўнасцяў, практычнай і тэарэтычнай паэтыкі. Першымі аўтарамі падручнікаў славяна-беларускай мовы, даследчыкамі красамоўства і паэзіі былі багасловы і пісьменнікі Лаўрэнцій Зізаній і Мялецій Сматрыцкі, пазней — новалацінскі паэт, тэолаг і філосаф каталіцкага кірунку М. К. Сарбеўскі. Ёсць падстава гаварыць пра жывучасць раннегуманістычнай (у нашым рэгіёне — Скарынавай) традыцыі, арыентаванай на адзінстве «боскай і людской мудрасці», хрысціянскай духоўнасці і антычнага эстэтызму.

Гэты творча-мастацкі сінтэз рэнесансавай літаратуры выявіўся ў філасофскай і эстэтычнай думцы эпохі гуманістычнага Адраджэння. Якраз тады пачынаўся новы этап хрысціянскай цывілізацыі: на аснове духоўных здабыткаў антычнай, сярэднявечнай і мясцовай народных традыцый узнікалі нацыяналь ныя культуры — літаратурная мова, прыгожае пісьменства, сама-бытнае мастацтва.

Ужо сама аксіялагічная, вартасная арыентацыя рэнесансавага гуманізму, яго імкненне да гарманізацыі прыродна-цялесных, сацыяльных і духоўна-этычных пачаткаў жыцця сведчаць пра складаную структуру гуманістычнай культуры: арганічнае спалучэнне ў ёй здабыткаў антычнай эстэтыкі, якая адкрыла цялесна-пластычную і сацыяльную прыгажосць чалавека, і сярэднявечнай хрысціянскай эстэтыкі з яе культам духоўнай, маральнай прыгажосці. Адпаведна пунктам адліку антычнай эстэтыкі — не толькі тэарэтычнай, але і практычна мастацкай — была краса, заснаваная на меры і гармоніі, залатая сярэдзіна, абазначаная лацінскім тэрмінам aurea mediacritas. Сярэднявечная хрысціянская эстэтыка сімвалічна пазначана вертыкальнай іерархіяй, як бы лесвіцаю ад зямлі да неба. На верхавіне яе прыгожае супадае з узнёслым — дамінантнай катэгорыяй сярэднявечнай мастацкай культуры.

Гуманісты эпохі Рэнесансу здолелі паяднаць хрысціянскую і язычніцкую (антычную і ўласную, этнічную) эстэтыку. Праблема красы ў іх творчасці і тэарэтычных разважаннях зноў заняла важнае месца. Але цяпер гэта было не простае вяртанне да пластычна-скульптурнага ідэалу антычнасці, а яго пераўтварэнне, напаўненне хрысціянскай духоўнасцю. Рэнесансавае паняцце красы напоўнілася этычным сэнсам, а ўзнёслае і трагічнае набылі значэнне дынамічнага самаразвіцця красы, яе драматычнага станаўлення. Бог як пачатак быцця сімвалічна называўся нябесным Мастаком, аўтарам дасканалага твору — Космасу і мікракосмасу — чалавека. Крыніцай дасканаласці зямнога, рукатворнага мастацтва ў гэтай сістэме эстэтычных каштоўнасцяў быў талент творцы, паэта, умельца-рамесніка. Паняцці красы і праўды (пад гэтым паняццем разумелася адзінства ісціны і справядлівасці) збліжаліся з навукай, лагічна даказанай ісцінай. Якраз тады пачыналася класічнае мастацтва, якое стала ўзорам для пазнейшых мастацкіх стыляў і кірункаў і моцна паўплывала на мастацкую культуру XIX—XX стст.

Рэнесансавая філасофія толькі фрагментарна закранула праблемы тэарэтычнай эстэтыкі. Асноўнай формай развіцця эстэтычнай думкі заставаліся паэтыка, рыторыка, мастацтвазнаўства, літаратурная крытыка. Паэзія, шырэй — прыгожае пісьменства, яшчэ не да канца аддзялілася ад красамоўства, а тэорыя паэзіі — ад рыторыкі і логікі. I гэта адбывалася не толькі на перыферыі, але і ў мастацкім эпіцэнтры рэнесансавай культуры, у Італіі.

Узнікае пытанне. Наколькі нашыя пісьменнікі, мастакі, філосафы, царкоўныя дзеячы эпохі гуманістычнага Рэнесансу зацікавіліся антычнай культурнай спадчынай, ці адбывалася яе адраджэнне ў залатую пару Вялікага княства Літоўскага? Зразумела, яны не маглі, як гэта рабілі італьянскія філолагі і гісторыкі, адкрываць антычныя першакрыніцы — літаратурныя, навуковыя і філасофскія рукапісы, творы архітэктуры, выяўленчага мастацтва. Славяна-балцкі рэгіён не ўваходзіў у арэал старажытнай грэка-рымскай цывілізацыі. Уваходжанне антычнай спадчыны ў мясцовую культурную традыцыю адбывалася апасродкавана — праз заходнееўрапейскія, польскія, чэшскія універсітэты, іншыя культурныя цэнтры, а з канца XVI ст. і праз свой Віленскі універсітэт. У гэтых асяродках еўрапейскай культуры выхадцы з Беларусі вывучалі філасофію, паэтыку і рыторыку, іншыя гуманітарныя навукі і вольныя мастацтвы, якія сфарміраваліся на традыцыях антычнай навукі і літаратуры. Эфектыўным каналам уплыву антычнай навукі, літаратуры, мастацкай культуры стала адкрыццё эпохі Рэнесансу — кнігадрукарства, заснаванае ва Усходняй Еўропе Ф.Скарынам.

Другім каналам антычнага ўплыву на беларускае грамадства была перакладная старагрэчаская, рымская і візантыйская літаратуры. Да канца XVII ст. папулярнымі кнігамі заставаліся аповесці «Александрыя» і «Троя», пераклады і апрацоўкі Бенеша Буднага, іншых пісьменнікаў. У другой палове XVI ст. на беларускую мову былі перакладзены рыцарскія раманы пра Трыстана і Баву, што сведчыла аб значным росце культурных запатрабаванняў і чытацкага попыту ў тагачаснай Беларусі. Яшчэ большы ўплыў на культуру старадаўняй Русі, пазней Беларусі, Украіны і Расіі, аказала візантыйскае выяўленчае мастацтва, найбольш іканапіс, бо яно развівалася на традыцыях вытанчанай выяўленчай культуры позняга элінізму. У аснове сакральнага жывапісу (іканапісу, фрэскаў, мазаікаў, кніжна-ілюстрацыйнай мініяцюры) быў візантыйскі стыль, які мадыфікаваўся ў кантэксце рэгіянальна-славянскіх выяўленчых, у тым ліку народных, традыцый, а ў XVI—XVII стст. наблізіўся да рэнесансавай рэалістычнай жывапіснасці.

Урэшце, сведчаннем пранікнення антычнай літаратуры ў культуру Рэчы Паспалітай была новалацінская паэзія, творчасць сучаснікаў Ф. Скарыны Міколы Гусоўскага і Яна Вісліцкага. Гэта была свецкая літаратура, адкрытая да сацыяльна-палітычных, мастацкіх і этычных праблем грамадства, якая засведчыла сваю гуманістычную сутнасць. Яе унікальнасць у Беларусі ў тым, што яна ўзнікла на ранняй стадыі гуманістычнага руху, калі школы тыпу пазнейшых езуіцкіх калегіумаў, дзе вывучалі практычнае і тэарэтычнае прыгожае пісьменства на ўзорах антычнай літаратуры, былі рэдкім выключэннем. На думку даследчыкаў, новалацінская паэзія ў нашым Цэнтральна-Еўрапейскім рэгіёне стала пераемніцай антычнай спадчыны, школай паэтычнага майстэрства для пачынальнікаў свецкай літаратуры ў роднай мове.

У 1516 г., калі Ф. Скарына рыхтаваў да друку ў Празе ілюстраваную Біблію на старабеларускай мове (1517—1519), сын небагатага шляхціча Ян Вісліцкі (каля 1480—1530) апублікаваў у Кракаве новалацінскую паэму «Пруская вайна», прысвечаную перамозе над Тэўтонскім ордэнам ля Грунвальда (1410) аб'яднаных войскаў Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Паэма двойчы перавыдавалася ў Польшчы ў 1887 і 1933 гг. На рускую мову ў скарочаным варыянце яе пераклаў Я. Парэцкі. Поўны пераклад гэтай паэмы на беларускую мову ўпершыню ажыццявіла Ж. Некрашэвіч.

Ян Вісліцкі нарадзіўся, верагодна, на тэрыторыі летапіснай Літвы паміж Клецкам і Пінскам, дзе цячэ рака Вісліца. Іншыя даследчыкі лічаць месцам яго нараджэння Польшчу. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, уваходзіў у літаратурны гурток прафесара Паўла Русіна, атрымаў там вучоныя ступені бакалаўра і магістра свабодных мастацтваў.

У 1510—1512 гг. Ян Вісліцкі чытаў студэнтам курсы па філасофіі Арыстоцеля, матэматыцы Эўкліда, рыторыцы Цыцэрона. Пісаў спачатку хвалебныя эпіграмы сваім сябрам і апекунам, оду ў гонар Канстанціна Астрожскага, які камандаваў войскам у славутай Аршанскай бітве (1514) і перамог малымі сіламі вялікую армію маскоўскага князя Васіля III. Праз год Ян Вісліцкі закончыў паэму «Пруская вайна» (1515).

Паэма складаецца з трох частак, альбо, паводле тагачаснай тэрміналогіі, з трох кніг. Першая частка — паэтычная прэлюдыя, экспазіцыя да гераічнага эпасу, умоўна-малітоўны зварот да алімпійскіх багоў і музы эпічнай паэзіі Каліопы з просьбай удыхнуць у грудзі паэта натхненне для праслаўлення караля і вялікага князя Жыгімонта I, яго слаўнага дзеда Ягайлы, дынастыі Ягелонаў. Паэт называе іх метафарычна «сармацкімі каралямі», умоўна-паэтычна далучаючыся да антычных міфаў пра сармацкае паходжанне славянскіх народаў.

Другая, цэнтральная, частка паэмы анатавана аўтарам так: «Кніга другая пакажа Літвы лясістай прасторы, слаўны народ той, адкуль мужны Ягайла пайшоў». Яна прысвечана гісторыі заваявання крыжакамі прусаў, апісанню агрэсіўнай палітыкі нямецкага Ордэна да сваіх суседзяў, падрыхтоўцы і ходу самой Грунвальдскай бітвы, якая скончылася перамогай аб'яднаных сіл саюзнікаў пад кіраўніцтвам караля Ягайлы і вялікага князя Вітаўта. У якасці гістарычных крыніцаў паэт выкарыстаў «Гісторыю Польшчы» Яна Длугаша, лісты караля Ягайлы, народныя легенды і гістарычныя паданні. Дарэчы, паэма набыла значэнне гістарычнай сведкі: у гэтым творы Ян Вісліцкі, верагодна, упершыню ў мастацкай літаратуры поруч з ліцвінамі згадвае і «беларусаў, славутых мужнасцю ў войнах».

У апісанні войнаў Ян Вісліцкі выкарыстаў вопыт антычнай. паэзіі, імітацыю язычніцкай міфалогіі, ствараючы вобразы-эўфемізмы: збожжа — дары Цэрэры, пачалася вайна — «Марс жорсткі паўстаў». Паэт добра ведаў народную паэтыку, карыстаўся ёю следам за даўнім славянскім песняром, аўтарам «Слова пра паход Ігара»: «Нямизе кровавы брезе не бологом бяхуть посеяни, — посеяны костьми рускых сынов». Ян Вісліцкі ўжыў аналагічную метафарыстыку, апісваючы напады крыжакоў на польскія землі:

...Дзікае племя лютуе ў нашай краіне.

Кліча цябе, ўладара і патрона, на грозную сечу

Ў межах тваёй жа Айчыны на радасць драпежнаму Марсу,

Многія тысячы вояў вядзе супраць моцнага пана