Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гicторыя Беларускай Лiтаратуры 11-19 стагоддзяу....doc
Скачиваний:
56
Добавлен:
08.08.2019
Размер:
3.9 Mб
Скачать

Мялецій Сматрыцкі

Творчасць Мялеція (свецкае імя Максім Герасімавіч) Сматрыцкага (1577—1633) займае адно з вядучых месц у літаратурным працэсе Беларусі канца XVI — першай паловы XVII ст.

Пісьменнік нарадзіўся ў першай палове 1577 г. у сям'і гарадскога пісара Герасіма Данілавіча Сматрыцкага ў невялікім мястэчку Смотрыч на Падоллі. Бацька Мялеція быў для свайго часу чалавекам вельмі адукаваным, ведаў некалькі змежных моваў, таму і звярнуў на сябе ўвагу князя Канстанціна Астрожскага, які прапанаваў яму месца рэктара ў Астрожскай школе. Пачатковую

адукацыю Мялецій атрымаў пад непасрэдным кіраўніцтвам бацькі, а таксама грэка Кірыла Лукарыса, які скончыў Падуанскі універсітэт, быў выдатным грамадскім і рэлігійным дзеячам, а з 1612 г. - Канстанцінопальскім патрыярхам.

Князь Астрожскі заўважыў выдатныя здольнасці Максіма Сматрыцкага да навукі і ў другой палове 90-х гадоў XVI ст. накіраваў яго разам з маладым праваслаўным арыстакратам Юрыем Пузынам на філасофскі факультэт у Віленскую езуіцкую акадэмію, якую ён і скончыў каля 1601 г. (па іншых меркаваннях, Сматрыцкі вучыўся там у 1601—1604 гг.). У 1601 г. па пратэкцыі князя Астрожскага Максім становіцца настаўнікам маладога беларускага магната Багдана Саламярэцкага, якога дагэтуль вучыў Л. Зізаній. Для паглыблення ведаў вучань з настаўнікам едуць за мяжу. Як сведчыць сам Сматрыцкі ў «Апалогіі», ён «правёў маладыя гады пры грабніцы Лютэра ў Лейпцыгскім і Вітэнбергскім універсітэтах», якія ў тыя часы былі запалонены рэфарматарскімі ідэямі Лютэра, Кальвіна, Цвінглі. Яны пабывалі таксама ў гарадах Нюрнбергу, Вроцлаве і Вюрцбургу. Такім чынам, Сматрыцкі быў рознабакова адукаваным чалавекам, які пазнаёміўся са здабыткамі еўрапейскай культуры, меў шырокі светапогляд і багаты навуковы багаж.

Вярнуўшыся на Радзіму каля 1607 г., Максім Сматрыцкі некаторы час правёў у маёнтку князя Саламярэцкага Баркулабаве, часта наведваў Мінск, дзе, як сведчаць яго сучаснікі, карыстаўся аўтарытэтам сярод простага люду, «які сыходзіўся да яго, як да аракула». Разважанні, парады, прамовы Сматрыцкага мелі такое ўздзеянне, што многія жыхары Мінска «пакінулі сваіх уніяцкіх святароў, утварылі праваслаўнае брацтва і пабудавалі праваслаўную царкву». У хуткім часе Мялецій накіроўваецца ў Віленскае праваслаўнае брацтва. Тут ён знаёміцца з выдатным дзеячам беларускай культуры, пісьменнікам-палемістам Лявонціем Карповічам, становіцца яго верным паплечнікам.

Першым друкаваным творам пісьменніка-палеміста, які дайшоў да нашага часу, быў «Антыграфі» (1608) — твор, накіраваны супраць кніг уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея «Ерасі» і «Гармонія» (1608), у якіх не толькі закраналіся пытанні рэлігійнай дагматыкі, але і падымаліся праблемы дзяржаўна-палітычнага характару.

Тэксту трактата папярэднічае эпіграма на герб князёў Астрожскіх, дзе аўтар раскрывае сімвалічны сэнс геральдычных знакаў, адлюстраваных на фамільным гербе магнатаў (зоры, промні), па-майстэрску выкарыстоўвае паэтычную тропіку стылю барока. Зыходзячы з тагачасных палітычных умоў, Сматрыцкі прысвяціў свой твор уніяту Янушу Астрожскаму. Гэта было выклікана тым, што звычайна творы, напісаныя супраць таго ці іншага лагера, скупляліся апазіцыяй і знішчаліся. Такім чынам, прысвячэнне мела на мэце не толькі ўслаўленне таго ці іншага князя — гэта, перш за ўсё, быў неабходны ў той час крок дзеля захавання кнігі.

У прадмове да чытача, сцвярджаючы правату сваёй справы, Сматрыцкі афарыстычна адзначыў: «Добра ведаеш, што такая ёсць сіла І ўласцівасць праўды, што чым мацней яе хто імкнецца паглуміць, тым больш узнімае яе, калі хоча зацямніць, то яна свеціцца больш яркімі промнямі». М. Сматрыцкі абураўся, што «скрыптар» (Пацей) пісаў рэчы, поўныя яўнай хлусні, «іншых убіраў у сваё ўласнае адзенне», прыпісваў праваслаўнаму брацтву дэмаралізацыю, абвінавачваў у шматлікіх злачынствах. Сматрыцкі 3 веданнем справы абараняў праваслаўных пісьменнікаў, у прыватнасці Стафана Зізанія, указваў на неабгрунтаванасць доказаў уніяцкага мітрапаліта. Шырокае выкарыстанне антыпапскай літаратуры Захаду, бліскучае веданне айчынай і заходнееўрапейскай культуры, а таксама спалучэнне таленту аратара І пісьменніка дало магчымасць Мялецію ўжо першым друкаваным творам паказаць, што ў праваслаўных з'явіўся выдатны абаронца.

Адзначым, што першае дзесяцігоддзе XVII ст. было сапраўдным крыжовым паходам езуіцка-уніяцкага лагера супраць праваслаўя. Уніяцкія дзеячы дзесяткамі лістоў засыпалi віленскі магістрат, заклікаючы забараніць існаванне праваслаўнага брацтва, зняволіць яго правадыроў. Так, напрыклад, 12 студзеня 1609 г. Іпацій Пацей пісаў віленскім мяшчанам, каб «папоў бунтаўшчыкоў выгналі разам з пратапопам, зрабілі рэвізію царкоўных каштоўнасцяў, а Сянчылу, праваслаўнага архімандрыта, да Святой Тройцы не пускалі». Больш таго, уніяцкі мітрапаліт напісаў «Рэляцыю», у якой не толькі абвінавачваў праваслаўных у ерасі, але і называў дзяржаўнымі злачынцамі, здраднікамі інтарэсаў Радзімы, караля. Па ўсёй тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага сілаю адбіралі праваслаўныя манастыры і цэрквы з маёмасцямі, выганялі і праследавалі прапаведнікаў. У свой час праваслаўны львоўскі архіепіскап Гедэон Балабан пісаў князю Канстанціну Астрожскаму: «...супостаты... о то старают, яко бы наш народ руски и бедныи в нивощо обернути и зовсем выкоренити». Разам з тым 1608—1610 гг. былi часам асаблiвага патрыятычнага ўздыму, спароджанага барацьбой з асімілятарскай палітыкай правячых колаў Польскай Кароны і Вялікага княства Літоўскага.

Найбольш значны твор М. Сматрыцкага «Трэнас» («Плач») выйшаў у 1610 г. на польскай мове пад псеўданімам Тэафіл Арталог (Багалюб Праўдаслоў), бо ўсякаму, хто падпісаў бы сваё сапраўднае імя пад такім творам, пагражала небяспека апынуцца Ў турме, што, напрыклад, і здарылася з Лявонціем Карповічам, рэдактарам і карэктарам гэтага выдання, які па загадзе караля быў абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе. На дзевяць гадоў была закрыта брацкая друкарня ў Вільні, дзе друкаваўся «Трэнас», адабрана і спалена вялікая колькасць экземпляраў, а таму, хто асмеліўся б купляць ці распаўсюджваць твор, пагражаў штраф у 5000 «червоных злотых».

Пачынаецца «Трэнас» паводле тагачаснай традыцыі, эпіграмай на герб дому Вішнявецкіх, у якой, як і ў папярэднім прысвячэнні да «Антыграфі», таксама выкарыстоўваеца барочная метафарычная сімволіка. Твор складаюць дзве прадмовы і дзесяць раздзелаў, якія ўмоўна можна падзяліць на тры ідэйна-тэматычныя групы: два пачатковыя раздзелы найбольш ярка раскрываюць талент палеміста-мастака; трэці і чацвёрты раздзелы ўяўляюць сабою своеасаблівую энцыклапедыю выказванняў старажытных багасловаў і філосафаў пра кіруючую ролю Папы Рымскага. Шэсць апошніх вырашаюць у большасці сваёй праблемы рэлігійна-дагматычнага характару.

Менавіта першыя два раздзелы сведчаць пра пісьменніцкую сталасць Сматрыцкага, які дасканала авалодаў паэтыкай стылю барока. Апісваючы сучасны яму стан праваслаўнай царквы, Мялецій выкарыстоўваў народна-паэтычную, міфалагічную і біблейскую сімволіку: «Рукі мае ў аковах, ярмо на шыі, путы на нагах, ланцугі на клубах, меч з двух бакоў востры над галавою, вада пад нагамі глыбокая, нязгасны агонь па баках, адусюль стогны І енкі, адусюль страх і праследаванні».

Паэтыка стылю барока вымагала стракатага спалучэння нябеснага і зямнога, высокага і нізкага, дзівоснага і звычайнага. Нярэдка мінорнае гучанне рэзка пераходзіла ў мажорнае, адсюль суседства, суіснаванне элегічных пачаткаў з сатырай, іроніяй, гратэскам.

Сматрыцкі дае знішчальную характарыстыку пастырам, якія сваімі ўчынкамі не апраўдвалі прызванне настаўніка. Ён паказвае сапраўдны твар невукаў-святароў: «У жыцці вы карчмары і купцы, у звычаях лежабокі, у размове невукі, а ў абыходжанні лісы крывадушныя, а ў адзенні драпежныя ваўкі... Мудрасць ваша, уменне, размова бязглуздыя, марныя і распусныя і весялосць непрыстойная, у якой і вы самі гінеце, і тыя, хто вас пераймае і ідзе за вамі».

Пісьменнік-палеміст паказаў сябе добрым знаўцам гуманістычнай літаратуры Заходняй Еўропы. У «Трэнасе» шырока цы туюцца творы Пятраркі, Мантуана, Іахіма Флорскага, Бярнарда Клервоскага і многіх іншых. Усяго ў «Трэнасе» аўтар спасылаецца на сачыненні 143 аўтараў. М. Сматрыцкі паказваў, што «царкоўныя пасады ператвораны ў ганебную куплю і продаж, у іх шукаюць не выратавання душы, але раскошы і багацця, для гэтага яны (духоўныя асобы. — Аўт.) часта наведваюць касцёлы, адпраўляюць імшу, спяваюць псалмы. Цяпер за біскупствы, архідыяканствы, абацтвы вядзецца барацьба, і царкоўныя прыбыткі абарочваюцца на раскошу і марнасць». Нездарма больш як праз паўстагоддзе доктар філасофіі і тэалогіі Якуб Суша пісаў пра аўтара «Трэнаса»: «Ніколі ніхто з ерэтыкоў не рабіў на святы апостальскі сталец такіх злосных нападаў, якімі напоўнены «Плач». Тут, што ні слова — то язва, што ні думка — то атрута, тым больш пагібельная, што аўтар растварыў яе прыгажосцю стылю, як салодкаю прынадаю».

Напалоханыя езуіты і уніяты адразу ж выступілі ў друку супраць «Трэнаса». Першым, хто напісаў адказ М. Сматрыцкаму, быў Пётр Скарга. У кнізе «На Трэны і Лямант Тэафіла Арталога... перасцярога» (1610) ён налічваў 12 аблуд Арталога, называў яго «крывалогам», які «лепш, чым чорт, вывучаны». «Пачакай, — пісаў Скарга, — ты ўтойваеш сваё імя, будучы ваўком, прыкрываешся авечаю скураю, але мы скора даведаемся, хто ты і як тваё ІМЯ». Праз два гады выходзіць яшчэ адна кніга — «Парэгорыя» ІЛЛІ Марахоўскага. Але ні з'едлівыя творы супраць «Трэнаса», ні полымя ІНКВІЗІЦЫІ, НІ штрафы, ні турмы не змаглі вырваць з рук народа яго ідэйную зброю. Кніга хадзіла па руках, перапісвалася, перадавалася з пакалення ў пакаленне як самы дарагі дар, як духоўны запавет нашчадкам.

Пасля арышту i зняволення Лявонція Карповіча Сматрыцкі не выдаваў палемічных твораў амаль адзінаццаць гадоў. Праўда, каля 1615 г. ён напісаў з каталіцкіх пазіцый трактат «Пра зыходжанне Святога Духа» сілагізмамі на польскай мове. Аднак гэты твор выклікаў абурэнне з боку архімандрыта Карповіча, таму, як успамінаў Сматрыцкі ў «Апалогіі», ён вымушаны быў забыць гэты твор. У гэты ж час Сматрыцкі займаўся педагагічнай дзейнасцю ў мястэчку Вевіс недалёка ад Вільні, дзе выкладаў «сва бодныя» навукі. У 1617 г. ён быў пастрыжаны Лявонціем Карповічам у манахі.

Вынікам педагагічнай дзейнасці Сматрыцкага была надрукаваная ў 1618 (19) г. у Вевісе «Граматики славенския правилное Синтагма», якая абяссмерціла яго імя як выдатнага вучонага не толькі Ў славянскіх краінах, але і ва ўсёй Заходняй Еўропе. Трэба сказаць, што ў канцы XVI - першай палове XVII ст. на тэрыторыі Беларусі і Украіны былі шырока вядомы граматыкі, выдадзеныя львоўскімі братчыкамі ў 1591 г., граматыка старагрэчаскай мовы «Адельфотес» і «Граматика словенска» (1596) Л. Зізанія, на ЯКІЯ Ў пэўнай ступені абапіраўся Сматрыцкі пры стварэнні сваёй фундаментальнай працы. Аднак як вучоны еўрапейскага ўзроўню ён змог не толькі ўдасканаліць дасягнутае, але і значна развіць МНОГІЯ палажэнні, сістэматызаваць і больш дакладна акрэсліць граматычную тэрміналогію. Сматрыцкі ўпершыню ў гісторыі славянскай мовазнаўчай навукі даў поўны курс граматыкі, што «есть известное художество благо глаголати и писати учашее», у яе тагачасных асноўных частках - арфаграфіі, этымалогii, сінтаксісе і прасодыі.

Больш за два стагоддзі «Граматыка» Сматрыцкага была самым аўтарытэтным падручнікам па славянскім мовазнаўстве: яна двойчы (у 1648 і 1721) з некаторымі зменамі выходзіла ў Маскве. Менавіта гэтую працу Сматрыцкага разам з «Арыфметыкай» Магніцкага рускі вучоны М. В. Ламаносаў назваў «вратамі» сваёй вучонасці. Высока ацаніў «Граматыку» сучаснік М. Сматрыцкага харвацкі вучоны Юрый Крыжаніч (1617—1683), які пэўны час знаходзіўся ў Маскоўскай дзяржаве. У Галандыі Капіевіч выдаў вытрымкі з «Граматыкі» Сматрыцкага пад назвай «Руковедение в граматику во Славяно-Российскую» (1706). Значны ўплыў «Граматыкі» Сматрыцкага можна адзначыць у граматыках Г. Ф. Лудольфа(1696), Ф. Максімовіча (1723), В. Ададурава (1731). У XVIII — першай палове XIX ст. «Граматыка» Сматрыцкага была ўзорам для стварэння сербскай, харвацкай, румынскай І балгарскай граматык.

З'яўленне «Граматыкі» Сматрыцкага мела для свайго часу не толькі выключнае навуковае, але і грамадска-палітычнае значэнне. Езуіты, і ў першую чаргу Пётр Скарга, бачылі ў славянскай мове ВЫТОКІ невуцтва ўсходнеславянскіх народаў і ў будучым — поўную занядбанасць. Тым самым закрэслівалася культурная спадчына нашых народаў. Стварэннем навукова сістэматызаванай граматыкі М. Сматрыцкі нанёс рашучы ўдар па прапаведніках экспансіянісцкіх ідэй Ватыкана, звязаных з прыніжэннем ролі ўсходнеславянскіх народаў і іх моваў у культурным жыцці тагачаснай Еўропы.

У 1620 г. Іерусалімскі патрыярх Феафан, праязджаючы праз Рэч Паспалітую, аднавіў вышэйшую праваслаўную іерархію. Праваслаўным мітрапалітам быў абраны Іоў Барэцкі, а ў знак павагі да таленту і грамадскай дзейнасці Сматрыцкага яму быў нададзены тытул архіепіскапа Полацкага, епіскапа Віцебскага і Мсціслаўскага. У гэтым жа годзе Мялецій сказаў памінальнае слова пры пахаванні заўчасна памерлага архімандрыта, таленавітага пісьменніка і вядомага грамадскага дзеяча Лявонція Карповіча, якое неўзабаве выйшла з друку пад тытулам «Казанье на честный погреб... господина отца Леонтия Карповича». Ва ўступнай частцы М. Сматрыцкі вызначыў і даў характарыстыку пяці відам быцця чалавека: «живот и смерть прирожения», «живот ласки, а смерть греха», «живот смыслов, а смерть цноты», «живот житейский, а смерть изступления», «живот славы, а смерть геены». Далей прамоўца звяртаецца непасрэдна да асобы Карповіча. Пералічваючы ўсе яго якасці як праваслаўнага дзеяча, абаронцы веры, пісьменнік асоба падкрэсліў непахіснасць і сапраўдную адданасць Карповіча справе барацьбы з уніятамі. М. Сматрыцкі запэўніваў народ, што і пасля смерці Карповіча яго справа будзе жыць, і ніхто не зможа зламаць веры - ні «пожирца душ людских», ні «лукавый пекелник». Неўзабаве Сматрыцкі становіцца архімандрытам віленскага Святадухаўскага праваслаўнага манастыра.

Аднак правячыя колы Рэчы Паспалітай не маглі змірыцца ні з фактамi існавання праваслаўных брацтваў, ні тым больш з аднаўленнем патрыярхам Феафанам вышэйшай праваслаўнай іерархіі. У лістах каралю уніяты і езуіты Феафана называлi турэцкім шп!ёнам, а пасвечаных iм архіепіскапаў, епіскапаў i самога праваслаўнага мітрапаліта Іова Барэцкага — здраднікамi Радзiмы. У лютым 1621 г. уніяцкі мiтрапалiт Іосіф Руцкi выпрасiў у караля універсал, у якiм патрабавалася схапіць праваслаўных уладык як самазванцаў i бунтаўшчыкоў; больш таго, 12 сакавіка 1621 г. Руцкі выклікаў на свой суд Сматрыцкага. У такiх умовах неабходна было даць публiчны адказ каралю i езуiцка-унiяцкаму лагеру. I такiм адказам з'явіўся надрукаваны двойчы (у красавiку i чэрвенi 1621) у вiленскiм Святадухаўскiм манастыры твор Сматрыцкага «Верыфiкацыя невінаватасцi». Ён паклаў пачатак літаратурнай палеміцы 20-х гадоў XVI ст., у якую ўключыліся таленавiтыя пiсьменнiкi-палемiсты i царкоўныя дзеячы таго часу — Іосіф Вельямін Руцкі, Касьян Саковіч, Андрэй Мужылоўскii iнш.

Асноўным матывам, які прымусіў Сматрыцкага ўзяцца за пяро, было імкненне аўтара апраўдаць праваслаўных жыхароў Вяліка-га княства Літоўскага, якія бязвінна пакутавалі і якіх без права апеляцыі і абароны каралі: «адных пасадзілі ў ратушу, іншых кінулі ў страшную цёмную падземную вязніцу пад ратушу... у рамеснікаў паадбіралі ключы ад іх майстэрняў і сховішчаў, а хто не хацеў іх аддаваць, тых катавалі, расцягваючы на коле, і 3 цэхавых брацтваў выключалi як здраднікаў».

Мялецій Сматрыцкі быў глыбока перакананы, што ён сам і іншыя праваслаўныя святары абавязаны падпарадкоўвацца менавіта Канстанцінопальскаму патрыярху, а таксама мітрапаліту «всея Руси», якім у той час быў Іоў Барэцкі. Пісьменнік, спасылаючыся на сведчанні М. Стрыйкоўскага і Гваньіні, даказваў, што Русь ніколі не была пад духоўнай уладаю Рымскага Папы, і цяпер яна не бачыць ніякіх падстаў для таго, каб змяняць старыя звычаі, адмаўляцца ад прывілеяў, нададзеных вялікімі княЗЯМІ І каралямі. Усякая ўлада, сцвярджаў Мялецій Сматрыцкі, якая навязана сілаю, не можа быць прызнана і ўзаконена як тая, што пярэчыць свабоднаму духу чалавека, а таму ні «першаму адступніку» Міхаілу Рагозу, ні наступным уніяцкім іерархам праваслаўныя не жадаюць падпарадкоўвацца. «Сапраўды, няма пад сонцам такога іншага народа, — нагадваў палеміст, — якім нашы супастаты хочуць зрабіць наш рускі народ, каб у веры быў рабом. Яны хочуць, каб у нас было самым рабскім тое, што Ў прыстойнага чалавека павінна быць самым свабодным».

Адной з асноўных праблем палемічнай публіцыстыкі таго часу была праблема суадносін духоўнай і свецкай улады. Мялецій Сматрыцкі адзначаў, што большасць уніяцкіх святароў з'яўляюцца не толькі духоўнымі настаўнікамі, але таксама займаюць сенатарскія крэслы, дзякуючы чаму яны атрымліваюць самыя розныя бенефіцыі. Больш таго, многія праваслаўныя магнаты, якія пераходзілі ва уніяцтва, адымалі ў праваслаўных цэрквы і манастыры, забіралі падараваныя раней маёнткі і землі, чым прыводзілі да заняпаду і само праваслаўе ў дзяржаве. Уніяцкія «манахі, духавенства... як кпіўцы, сарамоцяць і лаюць просты люд з'едлівымі словамi ў дамах, у ратушы, з амвонаў, на рынках і на вуліцах, абыходзяць нас, як дзікага звера, і пазбягаюць размоў з намі».

Цяжкі стан праваслаўных беларусаў і ўкраінцаў узмацняўся і здзеклівым стаўленнем да іх святыняў. Уніяты закідвалі каменнямі будынкі манастыроў, абстрэльвалі іх з лукаў, падпальвалі. Усе гэтыя беззаконні падтрымлівалі гарадскія ўлады, якія не прымалі ад праваслаўных пратэстацый, не давалі патрэбных выпісаў 3 трыбунальных кніг, забаранялі судовым выканаўцам займацца справамі праваслаўных. Лісты астатніх перахопліваліся ў дарозе, замяняліся падложнымі пасланнямі і дакументамі. Невыносныя пакуты праваслаўных дапаўняліся тым, што уніяты даносілі на бацькоў, братоў, сясцёр беларусаў і ўкраінцаў, якія жылі ў пагранічных раёнах, абвінавачвалі іх у шпіянажы. I ўсё гэта зыходзіць ад тых, хто, на думку Сматрыцкага, «ні птушкі, ні звяры - гэта людзі ні грэчаскай, ні рымскай рэлігіі... яны між намі і рымлянамі — штосьці нячыстае, не шчырае, а фальшывае, штосьці выдуманае, ні тое ні сёе». Наследуючы традыцыі «Трэнаса», аўтар на некалькіх старонках працягвае «плач», аднак у «Верыфікацыі» плача ўжо не Маці-Царква, а ўвесь спакутаваны народ. «Плачучы, плачам, і слёзы нашы на шчаках гаротных нашых, бо вось гора наша, але няма таго, хто б нас суцешыў. Браты нашы пагардзілі намі ды разбратаваліся з намі, а ярмо беззаконняў сваіх скінуць хочуць і ўскласці на шыі нашы. Плачам, і няма нікога, хто б выцер слёзы з вачэй нашых. Множацца стогны нашы, а сэрца наша ў жалобе, бо распаліліся адступнікі нашы, як агонь паглынальны і пажыральны, выцягнулі здрадлівыя лукі свае, і паставілі нас, як мішэнь насупраць стралы... маткі пра сыноў, жонкі пра мужоў, дзеткі пра бацькоў пытаюцца і хочуць дазнацца, дзе яны знаходзяцца і што з імі сталася... Плач, галас, нараканне, ляманты сардэчныя нябёсы працінаюць, цяжкія стогны аблокі ў хмары ператвараюць, слёзы крывавыя, што 3 вачэй выцякаюць, як дождж, твары і грудзі абмываюць. I паўсюдна — па дамах, па вуліцах і на рынку - адзін і той жа нехрысціянскі вокліч: «Здраднікі, здраднікі... шпіёны!»

Мялецій Сматрыцкі падкрэслівае, што беларусы і ўкраінцы засталіся без чыёй-небудзь дапамогі і падтрымкі. Аднак не толькі смутак, але і гнеў апаноўвае палеміста, калі ён распавядае пра прыцясненне свабоды веравызнання такімі спосабамі, якія прыніжаюць чалавека, грамадзяніна рэспублікі. Пісьменнік шырока прыцягвае надзённыя сведчанні гэтага прыцяснення. Так, ён паведамляе, што праваслаўных жанчын уніяты не дапускалі ў храмы наогул, а мужчынам, для таго каб трапіць на набажэнства хоць бы ў «Вялікі дзень», трэба было аддаваць у заклад сваіх маці, жонак, дзяцей.

Унія, падкрэслівае Мялецій, нясе з сабою змену веры. У выніку складваецца трагічная сітуацыя, калі прадстаўнікі аднаго народа становяцца рознымі па веравызнанні, што стварае грунт для недаверу і варожасці паміж адзінакроўнымі братамі. Праз некаторы час гэта пачынае ўплываць і на этнічнае самаўсведамленне людзей: акаталічаны русін ператвараецца ў ліцвіна-католіка, забываючыся на сваё «рускае» паходжанне. Вось чаму пісьменнік-палеміст так горача даказваў: «Калі існуе сапраўдная Русь, якой яна ёсць і павінна быць (бо не выраджаецца ж адразу 3 крыві той, хто змяняецца ў веры!), то калі хто з рускага народа становіцца рымскай веры, не стане ён адразу ж іспанцам або італьянцам па паходжанні, - ён русін шляхетны, па-старому! Сапраўды, не вера робіць русіна русінам, паляка палякам, ліцвіна ліцвінам, але нараджэнне і кроў руская, польская і літоўская...» У кантэксце апісаных Мялеціем прыцясненняў праваслаўных асаблівым сэнсам напаўняюцца яго словы пра тое, што «руская кроў - надзвычай высакародная, у наш час ёй даручаны неацэнныя кляйноты, пячаць і булава Рэчы Паспалітай Літоўскай».

Асноўнае значэнне ў «Верыфікацыі» надавалася не абмеркаванню асноўных багаслоўскіх дагматаў - пра чысцец або пра зыходжанне Святога Духа. У цэнтры ўвагі пісьменніка — сацыяльна-палітычныя, маральна-прававыя аспекты. Пасля з'яўлення «Верыфікацыі» творы пісьменнікаў-палемістаў набываюць усё больш свецкі характар, і адпаведна на першы план вылучаюцца новыя жанры. Замест «лямантаў», «палінодый» (хаця і яны не страчваюць свайго значэння, успомнім «Палінодыю» Захарыi Капысценскага) усё часцей у літаратурны ўжытак уводзяцца «выкрыванні», «экзамены», «абароны», «абгрунтавання», «супрацьяддзе», «выпрабаванне» і да т. п. Ананімнасць твораў хоць і захоўваецца па традыцыі, але яна ўжо не адыгрывае ніякай істотнай ролі. Апаненты ўжо ведалі, хто стаяў за тым ці іншым анонімам, а з сярэдзіны 20-X гадоў ужо рэдкі твор з'яўляўся без подпісу аўтара.

На першае выданне «Верыфікацыі» уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі адказаў «Двайною віною». Несумненна, у гэты перыяд самай актуальнай задачай для уніятаў было выкрыванне патрыярха Феафана, а таксама новапасвечаных уладык і мітрааліта. Універсалы караля, розныя «позвы» уніятаў, абвінавачванні ў турэцкім шпіянажы праваслаўных не атрымалі адпаведнага рэзанансу. Вось чаму Іосіф Руцкі звярнуўся да прававых аспектаў надрукавання «Верыфікацыі». У «Двайной віне» ён абвінавачваў праваслаўнага палеміста ў тым, што, нягледзячы на забарону перадрукоўваць лісты, загады, пасланні караля і вышэйшых саноўнікаў, Мялецій Сматрыцкі не толькі іх абнародаваў, але і зрабіў прадметам усеагульнага абмеркавання, сродкам абароны і адначасова нападу.

Характэрна тое, што менавіта Іосіф Руцкі, які атрымаў выдатную адукацыю ў заходнееўрапейскіх універсітэтах і калегіях, адным 3 першых у айчынным пісьменстве звярнуўся да «аналізу» стылю «Верыфікацыі» — пазней рэдкі палемічны трактат абыходзіўся без так званага выкрыцця стылю. Уніяцкі мітрапаліт саркастычна асэнсоўвае спецыфіку стылю «верыфікатара» (г. зн. аўтара «Верыфікацыі»). Прыводзячы адпаведныя спасылкі, пісьменнік выяўляе недарэчны, на яго думку, набор лексічных сродкаў, якімі Сматрыцкі характарызуе уніятаў: «люд безыменны; гермафрадыты; ані птушка, ані звер; агонь паглынальны і пажыральны; львы, змеі, гадзіны, пачвары; паклёпніцкія вусны; кузня, што вядзе да пагібелі» і г. д. Іосіф Руцкі бачыў прамую сувязь «Верыфікацыі» з творамі Лаўрэнція і Стафана Зізаніяў, Васіля Суражскага, Герасіма Сматрыцкага, Хрыстафора Філалета, Клірыка Астрожскага.

Пакуль друкаваўся уніяцкі адказ, з'явілася другое выданне «Верыфікацыі...», таму Іосіф Руцкі дапісаў «Прыдатак», а уніяты Скумін-Тышкевіч, Храптовіч, Трызна, Мялешка 7 верасня таго ж года надрукавалі «Ліст да манахаў манастыра царквы Святога Духа». Калі Іосіф Руцкі імкнуўся знайсці сувязь паміж уніятаміі простым народам, указваючы на тое, што уніяты захапляліся славянскімі кнігамі і выкарыстоўвалі «рускую мову» ў казаннях і ў асабістых стасунках, то аўтары «Ліста» лічылі знявагаю, каб іх узгадвалі побач з «хлопамі». «Бо што за адзіная наша кроў шляхецкая з плебеямі? - пісалі уніяты. — Што за адзінакроўнасць з хлопствам?»

На «Двайную віну» ад імя манахаў брацтва манастыра Святога Духа Мялецій Сматрыцкі ў канцы 1621 г. адказаў «Абаронай верыфікацыі». Кампазіцыйна яна нагадвала вядомыя палемічныя творы 20-х гадоў XVII ст. За прадмовай да чытача ішлі адказы на кожны з раздзелаў «Двайной віны». У гэтым творы Мялецій не толькі апраўдваў публікацыю розных дзяржаўных грамат, дакументаў, лістоў, але і лічыў гэта адзіным магчымым спосабам апраўдання. Выданне дакументаў, піша аўтар, было выкарыстана толькі для абароны невінаватасці. У гэтым творы выявілася яшчэ адна характэрная асаблівасць палемікі Мялеція: зварот да мастацкіх здабыткаў вуснапаэтычнай творчасці — прыказак, прымавак, вобразных параўнанняў («ты да ваўка з маліт-ваю, а ён табе — пра барана», «Бог высока, кароль далёка», «корчыцца, як шкура на агні», «колькі хітруноў, столькі мудрацоў») Цяжка назваць хоць бы адзін твор Сматрыцкага, дзе б ні выка рыстоўваліся сатыра, іронія, гумар, так званая барочная «алхімія» слова з мэтай выкрыцця свайго апанента і яго асмяяння.

У «Абароне верыфікацыі» Мялецій Сматрыцкі пакінуў таксама некаторыя звесткі пра сваю біяграфію. У адказ Іосіфу Руцкаму, які назваў пісьменніка «сынам папоўскім», Мялецій пісаў пра тое, што нарадзіцца ў сям'і чалавека, які быў закліканы да служэння Богу, - гэта не сорам, а гонар. «Ведала Герасіма Данілавіча Падолле, — адзначаў пісьменнік, — якое нарадзіла яго і выхавала, а на працягу службы трох камянецкіх старастаў ён быў камянецкім гарадскім пісарам... Гэты вялікі ў свой час у рускім народзе чалавек... пакінуў пасля сябе манумент, годны вечнай памяці».