Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гicторыя Беларускай Лiтаратуры 11-19 стагоддзяу....doc
Скачиваний:
56
Добавлен:
08.08.2019
Размер:
3.9 Mб
Скачать

3 Едкім сарказмам апісваецца развязка бітвы - уцёкі маскоўцаў:

Варвар, спыніся: цябе ж баяўся ўвесь свет,

А цяпер ты ўцякаеш і ганебна падстаўляеш плечы ўдарам.

Хто цябе прыручыў? Хто змусіў цябе пакінуць твае табары? Хто загадаў табе даверыць жыццё нагам?

Гэта аздоблены бацькоўскімі кляйнотамі і найлепшы ў зброі Радзівіл, князь ліцвінаў і бацька войскаў.

Праз усю паэму праходзіць матыў захаплення вайсковым майстэрствам князя і яго адвагаю. У яго вобразе паэт выяўляе свае патрыятычныя пачуцці, свой гонар за вайсковую моц дзяржавы.

Зямныя цноты і адыход да вечнасці апяваюцца ў некалькіх кароткіх вершаваных эпітафіях, прысвечаных К. Радзівілу, дзе адбываецца матыў бязлітаснай смерці, якая няўмольна сцінае парасткі жыцця.

Да першай часткі кнігі дададзены збор розных эпітафіяў, які мае свой загаловак «Дзесяць розных помнікаў» і з'яўляецца нібы асобнаю кнігаю.

Найбольш цікавы з твораў гэтай часткі — нэнія (галашэнне, жалобная песня) на магілу Соф'і Алелькавай, княгіні Слуцкай. Пачынаецца яна воклічам, у якім гучыць нараканне на бязлітасны лёс і няўхільнасць смерці:

О якія пэўныя наканаванні заўсёды няпэўнага лёсу! О які жалобны, нікому невядомы шлях смерці!

Вобраз немінучай смерці паглыбляецца і ўдакладняецца ў наступных 6 вершаваных радках, які пачынаецца адмоўнымі «ні», «не»:

Hi на род і продкаў, ні на вялікія справы дзядоў,

Hi на славу роду, ні на таленты розуму яна не зважае.

Не дзівяць яе ні багацці, ні горы золата,

Не глядзіць яна на тырыйскія барвы шатаў.

Hi цвет юнацтва, нi прыгожыя часы яе не затрымаюць, Не схіліць нават хараство, як у Багіні.

Наступны кампазіцыйны элемент твора - апісанне заслугаў і цнотаў памерлай, якая атрымлівае такую ўзнёслую характарыстыку:

Адзіная зорка, што засталася са Слуцкага сузор'я, Найвялікшая слава між ліцвінскіх жанок, Гераіня, не меншыя за свайго мужа, Якая звышняя сіла нечакана забрала цябе?

Свежасць і глыбіня пачуццяў уласцівыя таксама іншым эпітафіям гэтай часткі: на смерць малалетніх прадстаўнікоў роду Радзівілаў, а таксама вершаванаму над магілаю Андрэя Волана, дзе праслаўляецца яго навуковы геній і еўрапейская вядомасць.

Уся вершаваная творчасць Саламона Рысінскага дазваляе гаварыць пра яго як самабытнага і аднаго з самых таленавітых паэтаў свайго часу, які паяднаў прыроджаны дар з грунтоўнай літа-ратурнай адукацыяй і вялікай працавітасцю.

Заслужаную славу прынёс Рысінскаму выданы ім у 1618 г. у Любчы зборнік прымавак пад назваю «Васемнаццаць сотняў... прымавак». Як бачна з лістоў пісьменніка, датаваных 1585 г., І выказванняў у прадмове да выдання 1618 г., праца па збіранні І ўпарадкаванні такога аб'ёмнага матэрыялу была звязана з вяЛІКІМІ цяжкасцямі і доўжылася больш за 30 гадоў. У прадмове збіральнік імкнецца раскрыць сутнасць прымаўкі як акумуляванай у слове агульнай думкі пэўнага народа. Гэтае афарыстычнае слова, на ягоную думку, ёсць «ядро і сок мовы». Аўтар, будучы беларусам (ліцвінам — па тагачаснай тэрміналогіі), абараняе і хваліць польскую мову, не забываючыся, аднак, узгадаць і пра багацце «русінскай», а таксама пра славянскую моўную еднасць.

Тэндэнцыя да выкарыстання польскай мовы была ўласцівай не толькі Рысінскаму, але і большасці тагачасных пратэстанцкіх дзеячаў Беларусі. Як высветліў беларускі гісторык В. Пануцэвіч, яна вынікала з істотных рысаў самога рэфармацыйнага руху з яго імкненнем да дэмакратызацыі і да выкарыстання народных моваў. Моваю пратэстантаў у Рэчы Паспалітай сталася польская мова, паколькі яна супрацьстаяла, з аднаго боку, мове каталіцкага касцёла — лаціне, а з другога боку, мове праваслаўнай царквы — царкоўна-славянскай, якая часам атаясамлялася з «русінскай» — беларускай. Пратэстантызм пранік у Польшчу з Прусіі пасля яе прыяднання да Кароны і адтуль ужо ў польскай мове прыйшоў у ВКЛ, успрымаючыся тут як модны дэмакратычны павеў. Калі пры Жыгімонце Старым пачаўся пераслед пратэстантаў у Польшчы, шмат іх збегла ў Беларусь пад пратэктарат Радзівілаў, якія падтрымлівалі Рэфармацыю, імкнучыся такім чынам быць правадырамі дэмакратычных шляхецкіх масаў — галоўнай сацыяльнай базы пратэстантызму.

Таму цалкам зразумела, што С. Рысінскі, які добра ведаў беларускую мову, аднак згодна з духам часу і сімпатыямі сваіх высокіх патронаў, як слушна заўважае Я. Парэцкі, «чуў народную мудрасць на беларускай, запісваў яе на польскай і тлумачыў на лацінскай мове». Несумненна, што ў зборнік увайшлі і аўтэнтычныя польскія прымаўкі, якія пісьменнік мог пачуць, працуючы на тэрыторыі Малой Польшчы ў Сэцыміне і Вайнарове, але вялікую і бадай самую цікавую частку любчанскага выдання склалі беларускія прымаўкі. У грунтоўным даследаванні Я. Парэцкага, які параўнаў збор Рысінскага з працамі беларускіх парэміёграфаў XIX—XX стст. М. Федароўскага і Ф. Янкоўскага, выяўлена 500 прымавак, якія дагэтуль захаваліся ў Беларусі. Апрача таго, Парэцкі адзначыў вялікую колькасць паралеляў з няпоўнай семантычнай адпаведнасцю.

Вінцэсь Каратынскі, які першы зрабіў спробу класіфікацыі прымавак, сабраных Рысінскім, падзяліў іх на тры групы: прымаўкі народныя; маральныя фразы, штучна зробленыя на ўзор прымавак ці перакладзеныя з чужых моваў; і выразы паэтычныя. Як вынікае з гэтай папярэдняй сістэматызацыі, парэміёграф усё ж такі дадаў да свайго збору некаторыя літаратурныя ці паралітаратурныя сентэнцыі, і хоць спарадычна, але дапускаў стылёвую апрацоўку некаторых выслоўяў. Аднак галоўны яго прынцып — гэта арыентацыя на жывую гутарковую стыхію, пра што ён піша Ў сваёй прадмове: «Гэтыя ж нашыя прымаўкі былі сабра ныя не праз чытанне кніг, а падчас доўгага сумоўя з людзьмі і ўдумлівага назірання».

Такі падыход значна павышае каштоўнасць выдання С. Рысінскага ў параўнанні з яго паслядоўнікамі, напрыклад з выхаванцам Віленскай езуіцкай акадэміі, знакамітым польскім лексікографам XVII ст. 1. Кнапскім, які імкнуўся «ўдасканаліць» і «ўшляхотніць» простанародныя выказванні, падвяргаючы іх літаратурнай апрацоўцы, часам даволі значнай, а таксама выкідаючы тыя прымаўкі, якія маглі б непрыемна ўразіць вытанчаны слых. Збор Кнапскага, куды ўвайшло і шмат прымавак, запазычаных у Рысінскага, хоць і большы па аб'ёме, але мае значна меншую навуковую вартасць.

Пра папулярнасць кнігі Рысінскага сведчыць тое, што за кароткі час яна вытрымала некалькі перавыданняў (1620, 1621, 1629). Выпадак для таго часу - вызначальны. Але і сёння яна ўяўляе вялікую цікавасць для даследаванняў у галіне беларускай народнай творчасці.

Саламон Рысінскі дасягнуў вышыняў і ў тагачаснай філалагічнай навуцы. Апрача цікавых літаратуразнаўчых разважанняў і нататак у галіне рыторыкі і паэтыкі, змешчаных у Альтдорфскіх лістах, ён пакінуў пасля сябе і грунтоўныя распрацоўкі ў галіне практычнай філалогіі. Гэтыя працы падрабязна прааналізаваныя ў артыкуле М. Цытоўскай' і манаграфіі Я. Парэцкага. Тут можна заўважыць, што ў каментаванні твораў антычных аўтараў Плаўта, Сенекі, Авідзія і Аўзонія, а таксама ў тэксталагічных даследаваннях іх творчасці Рысінскі выйшаў на ўзровень знакамітых заходнееўрапейскіх гуманістаў Эразма Ратэрдамскага, Юста Ліпсія, Юлія Скалігера. Часам палемізуючы з імі, ён дае больш правільнае тлумачэнне асобных «цёмных» месцаў з твораў антычных аўтараў, а ў шэрагу выпадкаў устанаўлівае слушнае чытанне сапсаваных альбо адсутных словаў і сказаў, якое пазней было пацверджана філалагічнай навукай. Даследаванні Рысінскага па тэксталогіі і каментаванні, напісаныя з добрым літаратурным густам і досціпам, аформленыя часам у выглядзе перапіскі, маюць таксама і мастацкую каштоўнасць.

Такім чынам, Саламон Рысінскі, народжаны і ўзгадаваны ў Беларусі, атрымаўшы тут добрую адукацыю і прадоўжыўшы яе ва універсітэтах Заходняй Еўропы, сягнуў да вышыняў тагачаснай еўрапейскай культуры. Ён арганічна ўвайшоў у тагачасны культурны кантэкст і стаў адным з самых выдатных прадстаўнікоў еўрапейскага Адраджэння.

Асабіста знаёмы з многімі выдатнымі гуманістамі і рэфарматарамі, набліжаны да апекуноў пратэстантызму ў ВКЛ — князёў Радзівілаў, як адзін з найбольш актыўных дзеячаў радзівілаўскага літаратурнага кола і нястомны працаўнік Рэфармацыі, Рысінскі ў сваім светапоглядзе адлюстраваў супярэчлівую і велічную сутнасць позняга Рэнесансу і ранняга барока. Спалучаючы ў сабе талент выхавацеля і настаўніка, выдатнага класічнага філолага і таленавітага пісьменніка, збіральніка народнай мудрасці і філосафа, ва ўсіх гэтых галінах ён дасягнуў выдатных поспехаў.

У літаратурнай і навуковай творчасці Рысінскага яскрава выяўляюцца ўсе кампаненты рэнесансавага светаадчування: замілаванасць навукаю і літаратураю, піетэт да антычнай культуры, цікавасць да чалавечай асобы, да сутнасці чалавека, разуменне свету як гарманічнага і дасканалага адзінства.

У сваіх творах пісьменнік арыентуецца на ўзоры антычнай літаратуры і патрабаванні паэтыкі і рыторыкі. Ён цудоўна быў дасведчаны ў складанай гаме антычных сюжэтаў і жанраў, у метрыка-прасадычных формах, у рэаліях. Аднак рэцэпцыя антычнасці ў Рысінскага ніколі не зніжаецца да ўзроўню сляпога пераймання. Хутчэй ён выступае як сутворца і спаборнік грэчаскіх і рымскіх аўтараў, імкнучыся пераўзыйсці іх. Уражвае неверагоднае багацце паэтычнай мовы гуманіста, яе суладнасць і пльшнасць.

У творчасці Саламона Рысінскага, асабліва ранняга перыяду, бясспрэчна, пераважаюць стылёвыя асаблівасці, характэрныя для рэнесансавага прыгожага пісьменства, некаторыя творы, як, напрыклад, пра лівонскія подзвігі Крыштофа Радзівіла, нясуць на сабе адбітак рэнесансавага рэалізму. Але іншыя маюць ужо адзнакі надыходзячага барочнага светаўспрымання — кантрастнасці, стракатасці, арыентацыі на знешні эффект, — асабліва пахвальная паэзія 3 любчанскага зборніка «Эпітомэ».

Багатая, самабытная, глыбока патрыятычная па сваёй сутнасцi літаратурная спадчына пісьменніка-гуманіста, які першы з гонарам назваў сябе леўкарусам, г. зн. беларусам, — важкі культурны здабытак беларускага народа.