Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Dap-k_pa_TL_Yatsukhna.doc
Скачиваний:
174
Добавлен:
09.03.2016
Размер:
1.49 Mб
Скачать

36. Час і прастора ў мастацкім творы

У літаратурных творах знаходзяць адлюстраванне часавыя і прас­то­ра­выя ўяўленні людзей, якія, заўважым, у большасці вы­пад­каў нясуць важ­ную ідэйна-сэнсавую нагрузку.

Вельмі вялікія магчымасці мастацкай літаратуры ў адлюстра­ван­ні жыц­ця абумоўлены такой якасцю і асаблівасцю яе твораў, як дыс­крэт­насць (перарывістасць) часу і прасторы ў іх. Дыскрэтнасць часу выяў­ля­­ец­ца ў тым, што пісь­мен­­нік можа ўзнаўляць не ўсю плынь часу, а толькі не­­ка­торыя, найбольш важныя яго адрэзкі. Дыскрэтнасць жа ўласна прас­то­ры «праяўляецца перш за ўсё ў тым, што яна звычайна не апіс­ваецца пад­рабязна, а толькі абазначаецца з дапамогай асобных дэ­талей, най­больш важных для аўтара. Астатняя ж (як правіла, боль­шая) частка «да­бу­доўваецца» ва ўяўленні чытача» 1.

Паколькі мастацкі свет твора заўсёды ў той альбо іншай сту­пе­ні ўмоў­ны, адпаведнай умоўнасцю валодаюць у ім таксама час і прас­тора. Ха­рактар гэтай умоўнасці надзвычай моцна залежыць ад ро­ду лі­та­ра­ту­ры. Так, умоўнасць часу і прасторы максімальная ў лі­ры­цы. Іншы раз прас­тора наогул можа адсутнічаць у лірычных тво­рах (вершы ме­ды­та­тыў­нага і філасофскага харак­тару). У дра­ме ча­са­ва-прасторавая ўмоў­насць крыху меншая, аднак пры гэ­тым творы да­дзенага роду літаратуры вы­карыстоўваюць час і прас­тору ў аб­ме­жа­ваным і, як правіла, замк­нё­ным выглядзе. Акрамя та­го, рэальны час і час мастацкі ў драме павінны су­­падаць. Як за­зна­чае А. Есін, «на фоне драмы відавочны намнога больш шырокія маг­чымасці эпіч­нага роду, дзе фрагментарнасць часу і прас­торы, пе­ра­ходы з ад­на­го часу ў іншы, прасторавыя перамяшчэнні ажыц­­цяў­ля­юцца лёг­ка і свабодна, дзякуючы фігуры апавядальніка — пас­­рэд­­ніка паміж ад­люстроўваемым жыццём і чытачом. Апавя­дальнік мо­­жа «сціс­каць» і, наадварот, «расцягваць» час, а то і спыняць яго (у апі­сан­нях, раз­вагах)» 2.

Паводле асаблівасцей мастацкай умоўнасці час і прастору ў лі­та­ра­ту­ры (ва ўсіх яе родах) можна падзяліць на абстрактныя і канк­рэтныя раз­навіднасці (дадзенае размежаванне асабліва важным з’яў­ляецца для прас­торы). Абстрактнымі будуць імянавацца такія час і прастора, якія ўспры­маюцца як усеагульныя (дзеянне можа ад­бы­вацца «заўсёды», у лю­­бы час, любую эпоху і «ўсюды», у любым мес­цы, краіне і г. д.). Канк­рэт­ныя ж час і прастора «прывязваюць» дзе­янне да пэўнага часу і да тых альбо іншых тапаграфічных рэалій.

Літаратура аперыруе вобразамі часу біяграфічнага (дзяцін­ства, юнац­тва, сталасць, старасць), гістарычнага (змена эпох і па­ка­лен­няў, знач­ныя падзеі ў жыцці грамадства), касмічнага (уяўленні аб веч­насці і ўся­ленскай гісторыі), каляндарнага (змена пор года, свя­таў і будняў), су­тач­нага (дзень і ноч, раніца і вечар; каляндарны і су­тачны час іншы раз мо­гуць набываць статус цыклічнага), а так­са­ма ўяўленнямі аб руху і не­ру­хомасці, аб суаднесенасці мінулага, ця­перашняга і будучага. Можна так­сама весці гаворку аб сім­ва­ліч­ным часе (напрыклад, раніца як пачатак уся­го, а таксама як пэўнае аб­наўленне). Прычым гэта аперыраванне да­во­лі свабоднае ў сэнсе пе­раходу з аднаго часу (альбо яго разнавіднасці) у ін­шы. Важнае зна­чэнне для аналізу мае завершанасць альбо, наадварот, не­­за­вер­ша­насць мастацкага часу. Часта пісьменнікі адлюстроўваюць у сва­­іх творах замкнёны час, які мае і абсалютны пачатак, і — што, да­рэ­чы, важней — абсалютны канец, які ўяўляе сабой, як правіла, і за­вяр­шэн­не сюжэта, і развязку канфлікту, а ў лірыцы — вычар­па­насць пера­жы­ван­­ня альбо разваг. У сувязі з асаблівасцямі ар­га­ні­за­цыі мастацкага ма­тэ­ры­ялу ў творы, ступенню яго «падзейнасці» ву­чо­нымі вылучаюцца так­са­ма такія тыпы часу, як беспадзейны альбо апі­сальны (пры ім рэальны час не «рухаецца», ён роўны нулю), па­дзей­ны (сюжэтны альбо фа­буль­ны), хранікальна-бытавы (яго фун­к­цыя заключаецца ў адлюстраванні пэў­нага і сталага ўкладу жыцця, уз­наўленні не дынамікі, а статыкі).

Калі ж браць прастору (у літара­ту­ра­знаўстве існуе нават спе­цы­яль­ны тэрмін топас (ад ст.-грэч. topos — месца) для абазначэння мастацкай прас­торы, увасобленай у сіс­тэме выяўленчых сродкаў твора), то гэта воб­разы прасторы замк­нё­най і адкрытай, зямной і касмічнай, рэальна бач­най і ўяўляемай, бліз­кай і аддаленай. Пры гэтым «літаратурныя творы ва­лодаюць маг­чымасцю збліжаць, як бы зліваць у адно цэлае прасторы са­мага роз­нага кшталту» 1.

Часавыя і прасторавыя ўяўленні, што знаходзяць адлюст­ра­ван­не ў тво­рах мастацкай літаратуры, складаюць пэўнае адзінства, якое ўслед за М. Бах­­ціным прынята называць хранатопам (ад ст.-грэч. сhronos — час і topos — месца, прастора). М. Бахцін вылучыў хра­на­то­пы ідылічныя, міс­тэ­рыяльныя, карнавальныя, а таксама хра­на­то­пы дарогі (шляху), парога (сфе­ра крызісаў, рэзкіх і нечаканых змен), зам­ка, гасцінай, салона, пра­він­цыйнага гарадка з яго непаспеш­ным і ад­настайным укладам жыцця. Вя­дома, гэта не ўсе ўстойлівыя ча­сава-прасторавыя спалучэнні-сімвалы, якія знайшлі выяўленне ў тво­рах сусветнай літаратуры.

Хранатопы, як правіла, надаюць твору філасафічны характар, бо скі­роў­ваюць на ўспрыманне таго, што адлюстроўваецца, у кан­тэк­сце цэ­лас­най быційнай карціны свету. «Хранатоп у значнай сту­пе­ні прадвызначае воб­лік літаратурных твораў» 2.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]