Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дап. юр. дневное.doc
Скачиваний:
99
Добавлен:
08.11.2018
Размер:
810.5 Кб
Скачать

Навуковы стыль.

Навуковы стыль – сістэма моўных сродкаў, прызначаная для перадачы і захоўвання навуковых велаў. Гэта стыль спецыяльнай навуковай літаратуры, які падзяляецца на тры падстылі (або выступае ў трох разнавіднасцях-жанрах, трох стылях маўлення): уласна навуковы, навукова-вучэбны і навукова-папулярны. Навуковыя тэксты ўяўляюць сабой манаграфіі, артыкулы, даклады, тэзісы дакладаў і паведамленняў, справаздачы аб навукова-даследчай рабоце, дысертацыі. Зместам навуковых твораў з’яўляюцца ідэі і факты, зконы і катэгорыі, якія даследуюць вучоныя.

Рэалізуецца навуковы стыль пераважна ў пісьмовай форме, бо аўтар і той, каму адрасавана маўленне, могуць быць аддалены не толькі прасторай, але і часам. Аднак на канферэнцыях, у аўдыторыях вучоны выступае з вусным дакладам, паведамленнем, лекцыяй. Вусныя навуковыя выступленні ў значнай ступені адчуваюць уплыў з боку кніжна-пісьмовага маўлення, таму што большасць вусных тэкстаў чытаецца па загадзя падрыхтаванаму пісьмоваму. Такое маўленне часцей за ўсе характарызуецца манатоннасцю, слабай выразнасцю, адсутнасцю эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі. Яно кніжнае, поўнае, з лагічным выдзяленнем сэнсавых цэнтраў. У дыскусіях і гутарках навуковае маўленне больш эмацыянальнае, экспрэсіўнае і па разнастайнасці рытмамеладычнага малюнка набліжаецца да літаратурна-мастацкага маўлення.

Асноўная функцыя навуковага тэксту – данесці да чытача пэўную інфармацыю, а таксама аргументаваць вывады, даказаць навізну і каштоўнасць ідэі. Спецыфіка дадзенай функцыі вызначае сукупнасць камунікатыўных якасцей: лагічнасці, яснасці, дакладнасці навуковага маўлення. Гэтыя якасці характарызуюць не толькі навуковае маўленне, але і афіцыйна-дзелавое, а таксама публіцыстычнае і нават размоўнае маўленне. Але кожнаму маўленчаму стылю ўласцівы розная доля дадзеных якасцей, спалучэнне з іншымі камунікатыўнымі якасцямі, арыентацыя іх на розны прадмет маўлення. Лагічнасць забяспечвае несупярэчлівасць навуковай аргументацыі, якая адлюстроўвае развіцце думкі ад прыватнага да агульнага або ад агульнага да прыватнага, атрыманне ведаў, якія вынікаюць са зместу маўлення. Яснасць забяспечвае паслядоўнасць выкладу навуковых фактаў. Дакладнасць вызначае адназначнае разуменне навуковага тэксту.

Функцыю перадачы лагічна аргументаванай навуковай інфармацыі найбольш поўна рэалізуе ўласна навуковае маўленне. Таму ў тэкстах даследчага характару пашыраны спецыфічныя моўныя сродкі, якія забяспечваюць выкананне гэтай функцыі.Так, прычынна-выніковыя сувязі афармляюцца пры дапамозе пэўных тыпаў складаназалежных сказаў, пабочных слоў і словазлучэнняў. Аргументацыя, напрыклад, у матэматычных тэкстах мае такія спецыяльныя сродкі афармлення, як формулы, ураўненні, графікі. Для гуманітарных тэкстаў тыповымі з’яўляюцца тэкставыя ілюстрацыі, цытаванне, спасылкі на аўтарытэтных вучоных, табліцы.

З гэтай функцыі навуковага стылю вынікае другасная – актывізацыя лагічнага мыслення чытача (слухача), якая атрымлівае першаступеннае значэнне ў навукова- вучэбным маўленні. Навукова-папулярны тэкст мае на мэце зацікавіць неспецыяліста навуковай інфармацыяй, пашырыць веды сярод шырокіх слаеў насельніцтва. Таму ў дадзеных тэкстах шырока выкарыстоўваюцца вобразныя моўныя сродкі: параўнанні, супастаўленні, метафары. Перадача лагічна-аргументаванай інфармацыі ў навукова-вучэбных тэкстах падпарадкоўваецца метадычным задачам. Тут спалучаюцца моўныя сродкі ўласна навуковага і навукова-папулярнага падстыляў з перавагай аднаго ці другога ў залежнасці ад узросту, кантынгенту навучэнцаў. У вучэбных тэкстах асаблівую ролю набывае такая камунікатыўная якасць, як яснасць – паслядоўнасць выкладу інфармацыі. Гэта адпавядае аднаму з асноўных метадычных патрабаванняў: прынцыпу сістэмнасці навучання, засваенню паняццяў у іх лагічнай сувязі і пераемнасці.

Дакладнасць навуковага маўлення прадугледжвае адназначнасць разумення думкі, адсутнасць сэнсавых разыходжанняў паміж словам і абазначаным ім паняццем. Таму ва ўласна навуковых тэкстах вельмі рэдка выкарыстоўваюцца вобразныя, экспрэсіўныя сродкі, лексічныя адзінкі ўжываюцца пераважна ў прамым значэнні. Адназначнасці тэксту садзейнічае таксама тэрміналагічная лексіка. “Цвердыя патрабаванні дакладнасці, якія прад’яўляюцца да навуковага тэксту, робяць амаль немагчымым выкарыстанне ў ім вобразных сродкаў мовы – метафар, эпітэтаў, мастацкіх параўнанняў, прыказак і прымавак і да т. п. Аднак такія сродкі могуць іншы раз пранікаць у навуковыя творы, таму што навуковы стыль імкнецца не толькі да дакладнасці, але і да пераканаўчасці, доказнасці”. У папулярных і вучэбных тэкстах вобразныя сродкі неабходны для яснага і даступнага выкладу навуковай інфармацыі. Вобразныя сродкі з-за рэдкай ужывальнасці у навуковым маўленні з’яўляюцца моцным актывізуючым фактарам. Яны ўзбуджаюць вобразнае мысленне, што падштурхоўвае, заахвочвае чытача або слухача да інтэлектуальна-паняційнай працы. Па гэтай прычыне вобразныя моўныя сродкі ў большай ступені выкарыстоўваюцца менавіта ў навукова-папулярных і навукова-вучэбных тэкстах.

Сістэма моўных сродкаў навуковага стылю адлюстроўвае спецыфіку даследчай сферы дзейнасці.

На лексічным узроўні супрацьпастаўляюцца тэрміналагічныя і так званыя нейтральныя словы. Да першай групы лексікі адносяцца нейтральныя словы і выразы, якія выкарыстоўваюцца ў навуковым маўленні ў тым жа значэнні, якое замацавалася ў мове. Гэты пласт складае аснову лексічнага саставу навуковага стылю, аднак не з’яўляецца яго адметнай асаблівасцю. Сюды адносяцца словы – назвы рэчываў, колькасці, прасторы, часу, ацэнкі,з’яў прыроды і г. д.

Другую групу складаюць словы, якія не ўваходзяць у тэрміналагічную сістэму, аднак іх ужыванне характэрна менавіта для навуковых прац па розных галінах ведаў. Да другой групы неабходна аднесці словы, якія пашырылі семантыку і побач з агульнаўжывальным значэннем маюць яшчэ і тэрміналагічнае, з якім ужываюцца ў навуковым стылі. Таму не само выкарыстанне такіх слоў у тэксце, а іх спецыфічнае значэнне можа ўказаць на аднесенасць тэксту да навуковага стылю.

Да трэцяй групы належаць словы і спалучэнні, якія, акрамя навуковага маўлення, нідзе не ўжываюцца. Гэта вузкаспецыяльная і агульнанавуковая тэрміналогія. У гэтай групе вылучаюцца інтэрнацыянальныя тэрміны. Некаторыя запазычанні папоўнілі навуковае маўленне дублетамі.

Неабходна адзначыць, што сінанімія тэрмінаў у навуковым маўленні – з’ява непажаданая, бо сведчыць аб тым, што працэс станаўлення тэрміна яшчэ не закончыўся, не ўстаяўся. З цягам часу ва ўжытку застанецца адзін з тэрмінаў-сінонімаў.

Антанімія, наадварот, шырока выкарыстоўваецца ў навуковым маўденні. Гэта звязана з паняццем сістэмнасці: з’явы існуюць, таму што супрацьпастаўляюцца; з’ява не мае сабе супрацьпастаўлення, значыць, няма і самой з’явы.

Адной з асаблівасцей навуковага стылю з’яўляецца шматкратны паўтор “агульнанавуковых” слоў. Напрыклад, у тэкстах па тэарытычнай механіцы, фізіцы, матэматыцы найбольш ужывальнымі з’яўляюцца дзеясловы быць, мець, атрымаць, патрабуецца, вызначаць.

Фразеалогія навуковага стылю значна абмежавана ў сваіх рэсурсах і экспрэсіўных магчымасцях. Рэдка выкарыстоўваюцца у навуковым маўленні ідыёмы, прыказкі, прымаўкі, крылатыя словы і афарызмы. Шырокае распаўсюджанне тут атрымалі ўстойлівыя спалучэнні тэрміналагічнага характару.

Марфалагічныя асаблівасці навуковага стылю таксама падпаралкаваны выкананню ім функцыі перадачы ведаў, вызначаюцца ўнутранымі законамі прадмета маўлення – навукі. Так, яшчэ Ф. І. Буслаеў, апісваючы часы дзесловаў, адзначаў: “Формы цяперашняга часу, заразпрынятыя ў геаграфіі: ідзе, цячэ, упадае, - з’яўляюцца больш адцягненымі паняццямі, бо яны азначаюць тое, што існуе пастаянна і нязменна, г. зн. цячэ заўсёды, упадае пастаянна…” Такім чынам, Ф. І. Буслаеў указваў на значную ступень абстрактнасці, якая характэрна для цяперашняга пазачасавага. Выкарыстанне гэтых дзеяслоўных форм з’яўляецца марфалагічнай асаблівасцю навуковага стылю.

Колькасць асабовых форм дзеяслова ва ўласна навуковым і навукова-вучэбным тэкстах звужана. Тут зусім не выкарыстоўваюцца формы 2-й асобы адзіночнага і множнага ліку (гэта датычыцца і адпаведных займеннікаў). Рэдка ўжываецца форма 1-й асобы адзіночнага ліку, значна часцей – форма 1-й асобы множнага ліку, прычым з разнастайных значэнняў гэтай формы выкарыстоўваюцца два: “мы аўтарскае” і “мы сукупнасці”. Апошняе азначае, што мы ўключае і гаворачага і аўдыторыю, г. зн. мы = “я + слухачы (чытачы)”. Гэта форма можа быць заменена формай адзіночнага ліку, аднак сустракаецца яна рэдка, звычайна ў навуковай палеміцы.

Найбольшай ужывальнасцю ў навуковым стылі вызначаюцца назоўнікі. Гэта тлумачыцца іх намінатыўнай накіраванасцю: галоўнае – абазначыць, апісаць з’яву. У навуковых тэкстах шырока выкарыстоўваюцца адцягненыя назоўнікі для абазначэння абстрактных паняццяў.

Катэгорыя ліку назоўнікаў у навуковым маўленні мае свае асаблівасці, звязаныя з неабходнасцю абазначаць множнасць праз адзін прадмет. У той жа час існуе шмат адцягненых, а таксама рэчыўных назоўнікаў, якія звычайна маюць толькі формы адзіночнага ліку, а ў навуковым стылі выкарыстоўваюцца ў формах множнага ліку.

Са склонавых форм назоўнікаў у навуковым маўленні пераважаюць формы роднага склону, за імі па ступені распаўсюджанасці ідуць формы назоўнага і вінавальнага. Перавага роднага склону – гэта асаблівасць, якая вынікае з шырокай ужывальнасці ў навуковых тэкстах субстантыўных сплучэнняў.

Пашырэнне ў навуковым маўленні прыметнікаў звязана з іх выкарыстаннем у састаўных тэрмінах.

У ролі прыназоўнікаў часта выкарыстоўваюцца поўназнамянальныя словы.

Шырокае ўжыванне ў навуковым маўленні атрымалі іншамоўныя корані, прыстаўкі, суфіксы.

Імкненне да аб’ектыўных праяўляецца ў шырокім выкарыстанні пасіўных канструкцый, у якіх канкрэтная асоба гаворачага не абазначаецца граматычнай формай дзейніка, а называецца даданым членам сказа ў форме творнага склону або наогул апускаецца.

Інфармацыйная насычанасць навуковага тэксту абумоўлівае выкарыстанне ўскладненых і складаных сінтаксічных канструкцый.

Простыя сказы ўскладняюцца аднароднымі членамі, пабочнымі і ўстаўнымі словамі і словазлучэннямі. Часта ў навуковым маўленні можна сустрэць так званае расшчапленне выказніка, калі дзеяслоў з канкрэтным лексічным значэннем замяняецца назоўнікам таго ж кораня і дзеясловам з аслабленай семантыкай.

У навуковым стылі даволі шматлікія і разнастайныя па саставу сродкі сувязі сказаў, абзацаў, розных па велічыні адрэзкаў тэксту. Для сувязі сказаў і абзацаў выкарыстоўваюцца: лексічны паўтор, указальныя і асабовыя займеннікі 3-й асобы, а таксама пабочныя словы, прыслоўі, простыя і састаўныя злучнікі. Для сувязі частак тэксту ўжываюцца спецыяльныя сінтаксічныя канструкцыі.

Выкарыстанне пералічаных моўных сродкаў у навуковым маўленні нераўназначнае ў залежнасці ад жанравых разнавіднасцей. Найбольш поўна гэтыя сродкі рэалізуюцца ва ўласна навуковых тэкстах. У навукова-папулярных тэкстах, разлічаных на шырокае кола чытачоў, якія цікавяцца дасягненнямі навукі, культуры, тэхнікі, значна ў меншай ступені ўжываюцца вузкаспецыяльныя тэрміны, прытым яны абавязкова тлумачацца ў самім тэксце або ў спасылках. Акрамя разнастайных вобразных сродкаў тут могуць ужывацца гутарковыя сродкі, словы абмежаванага ўжывання, што дае магчымасць перадаць навуковую інфармацыю жыва, цікава і даступна.

Такім чынам, навуковы стыль адлюстроўвае спецыфіку даследчай дзейнасці, якой характэрна не толькі функцыя паведамлення, але і функцыя пазнання, таму у працэсе пабудовы маўлення адбываецца дапрацоўка і ўпарадкаванне самой думкі. Стылеўтвараючыя рысы вар’іруюцца ў залежнасці ад жанравых разнавіднасцей (уласна навуковы, навукова-вучэбны, навукова-папулярны), а таксама ад прыналежнасці тэкстаў да розных навук. Так, фармалізацыя выкладу, характэрная для фізіка-матэматычных даследаванняў, недапушчальная ў гістарычных і літаратуразнаўчых творах. У палемічных артыкулах, а таксама палемічных раздзелах манаграфій могуць выкарыстоўвацца элементы вобразнасці і размоўна-эмацыянальнай лексікі, а таксама экспрэсіўнага сінтаксісу, аднак яны займаюць другаснае, падпарадкавальнае становішча ў адносінах да лагічнай інфармацыі і садзейнічаюць лепшаму яе ўспрыманню.