Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 4.5. Рассяленне. Тыпы паселішчаў.

У працэсе засялення тэрыторыі ў яе межах паступова фарміруецца пэўная сістэма рассялення*, якая складаецца з сеткі населеных пунктаў, дзе канцэнтруецца насельніцтва, вытворчасць і спажыванне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Для кожнага населенага пункта характэрны своеасаблівае геаграфічнае становішча, колькасць жыхароў, гаспадарчыя функцыі і планіроўка. Паміж населенымі пунктамі існуюць шматлікія і разнастайныя сувязі (працоўныя, вытворчыя, гандлёвыя, культурныя). Сістэма рассялення Беларусі фарміравалася паступова на працягу доўгага часу. Першымі пастаяннымі паселішчамі былі сельскія паселішчы, насельніцтва якіх займалася земляробчай справай. Канцэнтрацыя ў пэўных мясцінах насельніцтва, не звязанага з сельскай гаспадаркай, прывяла да з’яўлення гарадскіх паселішчаў. Першыя гарады на Беларусі (Полацк – 9 ст. , Заслаўе, Тураў – 10 ст., Браслаў, Брэст, Віцебск, Друцк, Копысь, Лагойск, Лукомль, Мінск, Орша, Пінск – 11 ст.) узнікалі на скрыжаванні дарог, на беразе ракі ці возера, якія выкарыстоўваліся як транспартныя шляхі. Многія беларускія гарады развіваліся з умацаваных паселішчаў, феадальных замкаў, парубежных крэпасцей. Ядром горада звычайна быў дзядзінец*, найчасцей размешчаны на ўзвышаным месцы, абкружаны абарончымі збудаваннямі. Побач узнікалі вакольны горад, вакол якога утваралася 2-я лінія ўмацаванняў, і пасады. Непадалёк ад горада часта знаходзіўся курганны могільнік. Такая планіроўка была характэрна амаль для ўсіх старажытных гарадоў Беларусі, частка якіх цяпер перайшлі ў разрад вёсак, ці сталі невялікімі гарадскімі пасёлкамі. Час заснавання горада па традыцыі вымяраецца з моманту называння яго ў летапісу, хаця шмат іх ужо існавала раней. Развіваліся старажытныя гарады на аснове радыяльна-кальцавой* і радыяльна-веернай сістэмы планіроўкі.

У сістэме рассялення акрамя гарадоў традыцыйнымі гістарычнымі тыпамі пасяленняў з’яўляюцца сельскія пасяленні. Своеасаблівым тыпам былі мястэчкі – пераходная форма паміж горадам і сялом, цэнтры розных рамёстваў і гандлю. Многія мястэчкі вылучаліся кірмашамі. У савецкі час былі афіцыйна скасаваны, большасць з іх сталі гарадамі і гарадскімі пасёлкамі, некаторыя засталіся сельскімі населенымі пунктамі, але яны ў асноўным захавалі функцыі цэнтраў мясцовых сістэм рассялення і традыцыйную планіроўку.

Гарады займаюць вядучае месца ў сістэме рассялення Беларусі. Чым большы па колькасці насельніцтва і эканамічнаму патэнцыялу горад, тым больш ён уплывае на развіццё іншых пасяленняў (інакш: кіруе імі). Вядомы расійскі эканоміка-географ М.Баранскі называў гарады камандным саставам краіны, які арганізуе яе ва ўсіх адносінах: і ў гаспадарчых, і ў палітыка-арганізацыйных, і ў культурных.

На Беларусі ў пасляваенны час з’явіліся новыя, маладыя гарады, але іх нямнога. Яны выраслі на месцы невялікіх вёсак ці на вольных тэрыторыях у сувязі з будаўніцтвам буйных прамысловых прадпрыемстваў. Такімі гарадамі з’яўляюцца Белаазерск, Жодзіна, Новалукомль, Наваполацк, Салігорск і Светлагорск. У архітэктурным плане маладыя гарады вылучаюцца шматпавярховай забудовай, наяўнасцю агульнагарадскога цэнтра і мікрараёнаў, высокай ступенню добраўпарадкаванасці.

Гарадскія паселішчы падзяляюцца на гарады, пасёлкі гарадскога тыпу, рабочыя і курортныя пасёлкі. Яны адрозніваюцца колькасцю насельніцтва, эканоміка-геаграфічным становішчам, выконваемымі народнагаспадарчымі функцыямі. Менавіта па гэтых паказчыках найчасцей праводзіцца групоўка (класіфікацыя) гарадскіх паселішчаў.

У залежнасці ад колькасці ( у тыс. жыхароў у кожным) гарады падзяляюцца на малыя (да 20), сярэднія (20 – 100), вялікія (звыш 100), а сярод апошніх вылучаюцца буйныя (100 – 500), буйнейшыя (500 – 1000) і гарады-мільянеры (звыш 1000). Гарады адрозніваюцца таксама выконваемымі народнагаспадарчымі функцыямі. Вылучаны восем іх функцыянальных тыпаў:

  1. комплексна развітыя са шматгаліновай прамысловасцю, з важнымі адміністрацыйнымі, эканамічнымі, транспартнымі, культурнымі, адукацыйнымі і іншымі функцыямі;

  2. шматфункцыянальныя, якія саступаюць гарадам першай групы толькі па комплекснасці развіцця прамысловасці і ўзроўню невытворчай сферы;

  3. прамысловыя гарады, дзе прамысловасць з’яўляецца горадаўтваральным фактарам, а іншыя галіны народнай гаспадаркі маюць другасную ролю;

  4. транспартныя цэнтры;

  5. прамыслова-адміністрацыйныя сельскіх раёнаў;

  6. адміністрацыйна-гаспадарчыя цэнтры раёнаў;

  7. культурна-бытавога абслугоўвання сельскага насельніцтва;

  8. навуковыя цэнтры (мал. 4.7).

Факт для роздуму:на кожную 1000 км2 тэрыторыі Беларусі ў сярэднім прыпадае адно гарадское паселішча. Сярэдняя адлегласць паміж суседнімі гарадскімі паселішчамі складае 31 км. На 1.09. 2005 г. налічвалася 213 гарадскіх паселішчаў, у т.л. 112 гарадоў, з якіх 73 малых, 85 гарадскіх пасёлкаў, 13 рабочых пасёлкаў, адзін курортны пасёлак. Глядзіцее дадатак 4.

Гарадскія паселішчы раскіданы па тэрыторыі краіны раўнамерна, але ўсё ж вылучаюцца сярод іх групы і ланцужкі уздоўж транспартных калідораў* Брэст – Мінск – Орша і Брэст – Пінск – Гомель, Віцебск – Орша – Магілёў – Гомель, групы (Мазыр і Калінкавічы; Гомель, Добруш і Касцюкоўка; Орша, Барань, Балбасава, Копысь і Дуброўна; Салігорск і Старобін, Полацк і Наваполацк, Чашнікі і Новалукомль; Бяроза і Белаазёрск і інш.). Вакол Мінска фарміруецца гарадская агламерацыя*. Большасць гарадоў Беларусі размешчана на берагах рэк і азёр, многія знаходзяцца на перакрыжаванні рэк і чыгунак, паблізу ад радовішчаў карысных выкапняў або далёка ад прамысловых пунктаў, чыгунак і аўтамагістраляў.

Сельскае насельніцтва размешчана нераўнамерна, бо шчыльнасць яго залежыць ад прыродных і эканамічных фактараў. Яна ўзрастае ў месцах з лепшымі ўмовамі для сельскагаспадарчага асваення тэрыторыі. Там, дзе высокая лясістасць* і забалочанасць, высокая ступень забруджанасці радыёнуклідамі, шчыльнасць сельскага насельніцтва змяншаецца ( мал. 4.8).

Гістарычна на Беларусі ўзніклі розныя тыпы сельскіх паселішчаў; сёлы*, вёскі*, пасёлкі*, хутары*. За савецкі перыяд зніклі некаторыя традыцыйныя раней тыпы (засценкі, фальваркі, маёнткі), скарацілася колькасць хутароў і малых вёсак, многія малыя вёскі аб’ядналіся ў больш буйныя. У эканамічна моцных калектыўных гаспадарках, на меліяраваных тэрыторыях узніклі новыя паселішчы з дастаткова высокім узроўнем абслугоўвання і ўпарадкавання, якія можна лічыць сельскімі пасёлкамі з многімі рысамі гарадскіх паселішчаў (Сноў, Верцялішкі, Моўчадзь, Мышкавічы, Жамчужны, Лошніца і інш.). У прыгарадных зонах буйных гарадоў утварылася шмат сельскіх паселішчаў змешанага тыпу, дзе значная частка насельніцтва працуе па-за сельскай гаспадаркай (Калодзішчы, Бараўляны, Ждановічы, Ратамка і інш. каля Мінска, Лужэсна, Тулава каля Віцебска, Грандзічы каля Гродна, Мухавец каля Брэста, Урыцкая, Яроміна, Мічурынская, Чырвонае і інш каля Гомеля, Буйнічы, Вейна каля Магілёва). Сустракаюцца таксама несельскагаспадарчыя сельскія населеныя пункты каля прамысловых, транспартных, аздараўленчых і інш. прадпрыемстваў і ўстаноў.

Факт для роздуму:за апошнія трыццаць гадоў ХХ ст. колькасць сельскіх населеных пунктаў на Беларусі скарацілася амаль на 5 тыс., а іх сярэдняя люднасць* – на 24%. На Віцебскую вобласць як самую дробназаселеную, прыпала амаль палова ўсіх страт колькасці сельскіх пасяленняў, на другім месцы па стратах – Магілёўская вобласць, найбольш стабільная сітуацыя ў Брэсцкай вобласці, дзе колькасць вёсак за гэты час зменшылася ўсяго на 6,5 %. У бліжайшыя 10 – 15 гадоў, калі не будуць прыняты адпаведныя меры па паляпшэнні дэмаграфічнай сітуацыі, амаль 1/3 сучасных вёсак Беларусі натуральна вымруць.

Важнымі паказчыкамі характарыстыкі сельскага рассялення з’яўляецца велічыня населеных пунктаў па колькасці жыхароў і гушчыня сельскіх пасяленняў у разліку на 100 км2. Першы з іх на тэрыторыі Беларусі у напрамку з поўначы на поўдзень узрастае, а другі, наадварот, змяншаецца.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС больш за 2 млн. жыхароў Беларусі аказаліся на забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі. Значная іх частка была пераселена ў іншыя раёны краіны з-за чаго 30-кіламетровая зона вакол АЭС на паўднёвым усходзе стала на вельмі доўгія гады бязлюднай, а з карты Гомельскай і Магілёўскай абласцей знік шэраг населеных пунктаў, дзе ўзровень радыяцыі небяспечны для здароўя людзей. У забруджанай зоне з высокім узроўнем радыяцыі знаходзяцца раённыя цэнтры Брагін, Нароўля, Ветка, Чачэрск, Карма, каля 350 іншых населеных пунктаў. У выніку аварыі значна скарацілася агульная колькасць насельніцтва многіх найбольш працаздольных раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей, зменшылася яго шчыльнасць, люднасць населеных пунктаў, з-за гэтага адбываецца зрух насельніцтва ў паўночна-заходнім напрамку.

Пытанні для самападрыхтоўкі: 1. Як вы лічыце, чаму мястэчкі ў савецкі час былі скасаваны ў якасці тыпа населенага пункта, а замест іх былі ўтвораны іншыя тыпы? 2. Што можа быць агульным у эканоміка-геаграфічным становішчы буйных гарадоў? 3. У чым сутнасць змен у рассяленні, што адбываецца на Беларусі ў апошнія гады? 4. Які прагноз можна зрабіць наконт змянення рассялення наблізкую і далёкую перспектыву?

Асноўныя вывады па зместу тэмы.

  1. Па колькасці насельніцтва Беларусь з’яўляецца сярэдняй еўрапейскай дзяржавай.

  2. Толькі праз чвэрць стагоддзя пасля заканчэння другой сусветнай вайны колькасць насельніцтва Беларусі дасягнула даваеннага ўзроўню.

  3. Беларусаў у іншых краінах свету пражывае амаль палова іх колькасці ў межах Беларусі.

  4. Насельніцтва Беларусі пакуль вызначаецца пастарэннем.

  5. Доля асоб працаздольнага ўзросту ў краіне адносна высокая.

  6. У структуры насельніцтва доля жанчын вышэй.

  7. У 90-я гг . ХХ ст. характэрным працэсам для Беларусі стала дэпапуляцыя.

  8. За апошнія дваццаць гадоў тып узнаўлення насельніцтва змяніўся ад расшыранага да звужанага.

  9. Смяротнасць мужчынскага насельніцтва на рубяжы тысячагоддзяў павялічылася, а сярэдняя працягласць іх жыцця зменшылася.

  10. Унутраная міграцыя доўгі час была скіравана ў буйныя гарады, найбольш – у Мінск.

  11. З 1986-1992 гг. пачалі адбывацца істотныя змяненні ў прычынах, напрамках і памерах унутранай і знешняй міграцый.

  12. Беларусь – унітарная, шматнацыянальная дзяржава.

  13. Размеркаванне людзей розных нацыянальнасцей на тэрыторыі краіны пераважна носіць гістарычны характар.

  14. На Беларусі утварылася поліканфесіянальная структура грамадства.

  15. Насельніцтва Беларусі мае даволі высокі ўзровень адукаванасці.

  16. У гарадах краіны пражывае больш за 70% насельніцтва.

  17. Працоўныя рэсурсы краіны маюць параўнальна высокую якасць.

  18. Рысы гарадскога рассялення: дробнагарадскі характар, высокая канцэнтрацыя насельніцтва ў вялікіх і буйных гарадах.

  19. Асаблівасці размяшчэння гарадскога насельніцтва: розніца ва ўзроўні урбанізацыі ўсходніх і заходніх частак краіны, арыентацыя на транспартныя шляхі, перыферыйнасць большасці абласных цэнтраў, папарнае размяшчэнне некаторых гарадоў.

  20. Нарастанне велічыні дэмаграфічных страт у сельскай мясцовасці і скарачэнне колькасці сельскіх населеных пунктаў.