Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 4.4. Працоўныя рэсурсы і іх ацэнка.

У развіцці гаспадаркі краіны, стварэнні матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей важную ролю адыгрываюць людзі ў працаздольным узросце. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь межамі працаздольнага ўзросту лічацца для жанчын узрост ад 16 да 54 гадоў, для мужчын – ад 16 да 59 гадоў. Але ёсць асобы, якія па характару сваёй працы маюць права на датэрміновае прыпыненне сваёй працоўнай дзейнасці у працаздольным узросце (ваеннаслужачыя, балерыны, металургі, шахцёры і інш.). Акрамя іх ёсць людзі, якія не могуць працаваць па стане здароўя. Таму колькасць працоўных рэсурсаў бывае заўсёды меншай за колькасць асоб у працаздольным узросце. Іх колькасны склад вызначаецца агульнай колькасцю насельніцтва, яго натуральным і механічным рухам, полаўзроставай структурай. Сучасная Беларусь мае значныя па колькасці і параўнальна высокія па якасці працоўныя рэсурсы, асноўную частку якіх (95,7%) складае працаздольнае насельніцтва ў працаздольным узросце (5,9 млн. чалавек, або 59,6% усяго насельніцтва краіны).

Факт для роздуму: за 1991 – 2003 гг. колькасць працаздольнага насельніцтва ў працаздольным узросце павялічылася на 374 тыс. чалавек, у асноўным за кошт замяшчэння пакаленняў. Па прагнозах спецыялістаў яна будзе павялічвацца да 2007 г. і яго доля ў агульнай колькасці насельніцтва краіны дасягне 66,2%. У далейшым (да 2015 г.) колькасць працаздольнага насельніцтва скароціцца, таму што ў працаздольны ўзрост пачнуць уваходзіць асобы, што нарадзіліся ў перыяд рэзкага зніжэння нараджальнасці ў першай палове 90-х гг., а выходзіць – пакаленне пасляваенных гадоў.

Акрамя колькасці важнае значэнне мае якасны склад працоўных рэсурсаў, гэта значыць суадносіны розных узроставых катэгорый сярод працоўных рэсурсаў, прафесійны склад, узровень адукацыі і кваліфікацыі. У сучасных умовах сацыльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў большай ступені павінна абапірацца на навукова-тэхнічны патэнцыял, наяўнасць кваліфікаваных кадраў.

Факт для роздуму: у 2003 г. сярэдні ўзрост занятых ва ўзросце да 30 гадоў – 22,8%, пасля 50 гадоў – 22,5%; сярод занятых 43,9% мелі вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, 33,1% -- агульную сярэднюю і 5,4% -- базавую, 17,6% - прафесійна-тэхнічную адукацыю.

Рынак працы на Беларусі пакуль што фарміруецца. Яго фарміраванне абумоўлена структурнымі змяненнямі ў гаспадарцы, попытам і прапановамі відаў працоўнай дзейнасці ў розных частках краіны. У агульных рысах можна вызначыць наступнае: пры сучасным навукова-тэхнічным узбраенні маецца попыт на працоўныя рэсурсы ў сельскай гаспадарцы, існуе недахоп кадраў ў сацыяльнай сферы раёнаў, што месцяцца ў пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС зоне. У краіне не хапае высокакваліфікаваных кадраў па рабочых спецыяльнасцях, у той час як прапанова юрыстаў і эканамістаў значна перабольшае попыт. Але ў любым выпадку перавагі ў працаўладкаванні маюць асобы з больш якаснай адукацыяй і практычным вопытам работы па спецыяльнасці. У шэрагу раёнаў праводзяцца конкурсы на замяшчэнне пасадаў кіраўнікоў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі.

У сучасных умовах не ўсе жыхары Беларусі могуць знайсці працу ў адпаведнасці са спецыяльнасцю, сваімі здольнасцямі і інтарэсамі. Беспрацоўе -- рэальнасць для часткі жыхароў, але ў параўнанні з іншымі краінамі яна мае невялікія памеры з-за высокага скрытага беспрацоўя*. Створана дзяржаўная служба занятасці беспрацоўных, якая вядзе ўлік свабодных рабочых месцаў, рэгістрацыю беспрацоўных, працаўладкаванне і перападрыхтоўку кадраў, ажыццяўляе выплату дапамогі па часоваму беспрацоўю.

Факт для роздуму:з агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва ў працаздольным узросце ў 2003 г. у народнай гаспадарцы былі заняты 73,8%, 3,1% (136,1 тыс. чалавек) афіцыйна лічыліся беспрацоўнымі, 1,7 млн. чалавек (228,3 %) складала эканамічна неактыўнае насельніцтва*.

Узровень беспрацоўя* па абласцях і раёнах Беларусі значна хістаецца. У 2003 г. найбольшы паказчык быў у Віцебскай (4,0%), Гомельскай (3,5%) і Магілёўскай(3,6%) абласцях, а найменшы (1,6%) у Мінску. У гэты ж перыяд самы высокі ўзровень беспрацоўя мелі у Брэсцкай вобласці – Ганцавіцкі раён , у Віцебскай –Пастаўскі і г. Новалукомль , у Гомельскай – Светлагорскі , у Гродзенскай – Смаргонскі , у Магілёўскай – Хоцімскі.

Факт для роздуму:на думку многіх эканамістаў, узровень беспрацоўя у 2 –3% для краін рынкавай эканомікі лічыцца звычайнай з’явай. Пэўная канцэнтрацыя на рынку працы павінна служыць дадатковым стымулам для набыцця ведаў, павышэння кваліфікацыі, майстэрства і прафесійнага ўзроўню, авалодання новымі спецыяльнасцямі.

Пытанні для самападрыхтоўкі: 1.Чым, акрамя высокай долі працаздольнага насельніцтва ў працаздольным узросце, можна растлумачыць параўнальна высокую якасць працоўных рэсурсаў? 2. Як вы лічыце, скрытае беспрацоўе спрыяе эканамічнаму развіццю, ці не? Чаму? 3. Якія патрабавванні да працоўных рэсурсаў з’яўляюцца галоўнымі?