Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

Тэма 9. Вобласці Беларусі.

У сучасны момант у Беларусі налічваецца сем буйных адміністрацыйна-

-тэрытарыяльных адзінак* - шэсць абласцей і прыроўнены да іх па статусу Мінск. Кожная з гэтых адзінак мае сваю кіраўнічую інфраструктуру і падзяляецца на меншыя адміністрацыйныя адзінкі – раёны. Колькасць і памеры абласцей не з’яўляюцца пастаяннымі, яны пад уплывам розных фактараў змяняюцца ў часе. Калісьці абласнымі цэнтрамі былі Бабруйск, Баранавічы, Вілейка, Мазыр, Маладазечна, Пінск і Полацк.

§ 9.1. Брэсцкая вобласць.

Брэсцкая вобласць знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі на мяжы з Польшчай і Украінай. Яе плошча складае 32,8 тыс. км2. Большая частка тэрыторыі знаходзіцца ў межах Палескай нізіны з яе аднастайным плоскім рэльефам. У напрамку на поўнач мясцовасць некалькі павышаецца. Тут размешчаны Прыбугская і Баранавіцкая раўніны, часткова Навагрудскае ўзвышша, а на паўночны ўсход заходзіць Капыльская града. Ад Прыбугскай раўніны да Пінскіх балот цягнецца вузкай паласой раўніна Загароддзе. На паўднёвым захадзе краіны найбольш працяглы вегетацыйны перыяд, больш працяглае і цёплае лета, таму тут вырошчваюцца нават цеплалюбівыя паўднёвыя культуры: грэцкі арэх, абрыкос, персік, вінаград.

Па тэрыторыі вобласці працякаюць рака Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Гарынь, Стыр, рэкі Паўднёвы Буг і Шчара. Найбольшыя азёры знаходзяцца ў цэнтральнай частцы (Выганашчанскае, Баброўскае, Чорнае, Спораўскае).

Шырока распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя супясчаныя і пясчаныя глебы Большую долю, чым у іншых абласцях, займаюць тарфяна-балотныя глебы. У Столінскім і Кобрынскім раёнах знаходзяцца ўрадлівыя дзярнова-карбанатныя глебы, якія даволі рэдка сустракаюцца ў Беларусі. У вобласці шмат тарфяных нізінных балот. З карысных выкапняў найбольш вядомы радовішчы будаўнічага каменю каля Мікашэвічаў, глін каля Століна, Брэста і Кобрына, бурштыну ля Кобрына, шмат радовішчаў торфу. У вобласці лясы займаюць 1,1 млн га (14% ад плошчы лясоў краіны), а лясістасць тут найменшая сярод абласцей Беларусі. Затое на паўночным захадзе пачынаецца Белавежская пушча – найбольшы масіў старажытнага еўрапейскага лесу ў натуральным стане. Іншыя буйныя лясныя масівы знаходзяцца на поўдні і ўсходзе вобласці.

Па агульнай колькасці жыхароў Брэсцкая вобласць займае трэцяе места пасля Мінскай і Гомельская абласцей, а па колькасці сельскага насельніцтва – другое, саступаючы толькі Мінскай вобласці. На долю вобласці прыпадае 19,5% сельскага насельніцтва Беларусі. Тэрыторыя заселена адносна раўнамерна, тут размешчана 29 гарадскіх паселішчаў і амаль 2,2 тыс. сельскіх населеных пунктаў.

Факт да роздуму: Напярэданні рэформы 1861 г. колькасць насельніцтва на тэрыторыі сучаснай вобласці складала каля 550 тыс. чалавек. Сярэдняя шчыльнацсь была каля 17 чал/км2. Доля гарадскога насельніцтва, якое пражывала ў 4 гарадах і 45 мястэчках, складала ўсяго 8%. У 1939 г. насельніцтва складала 1208,9 тыс. чалавек. У гарадах вобласці, якіх па польскай статыстыцы налічвалася 14, пражывала 172,4 тыс. чалавек, што складала 14,2% ад агульнай колькасці жыхароў вобласці. Сярэдняя шчыльнасць у той час дасягнула 37,4 чал/км2. На пачатак 2004 г. у вобласці пражывала ўжо 1462,9 тыс. чал., з іх гарадскіх складала 62,6%, сярэдняя шчыльнасць насельніцтва – 45 чал/км2.

Для вобласці характэрна, што раённымі цэнтрамі з’яўляюцца толькі гарады, раённых цэнтраў – пасёлкаў гарадскога тыпу – няма. Асноўныя жыхары вобласці – беларусы, многія з якіх размаўляюць на асобым дыялекце, шмат у чым ён нагадвае ўкраінскую мову. Прадпрыемствы вобласці вырабляюць каля 10% рэспубліканскага аб’ёма прамысловай прадукцыі. Вобласць з’яўляецца адзіным вытворцам асвятляльных электралямпачак, бытавых газавых і электрычных пліт, кампрэсараў для бытавых халадзільнікаў. Тут сканцэнтравана вытворчасць больш за 88% агульнарэспубліканскага аб’ёму кавальска-прэсавага абсталявання, 60% баваўняных тканін, каля 38% дываноў і панчошна-шкарпэтачных вырабаў, амаль 20% тканін, мяса і жывёльнага масла. У геаграфічным падзеле працы Брэсцкая вобласць вылучаецца таксама вытворчасцю ліцейнага абсталявання, абсталявання для тэкстыльнай і мясной прамысловасці, верхняга трыкатажу і мясных кансерваў, здабычай будаўнічага камню.

Факт да роздуму: У межах вобласці знаходзіцца 414 прамысловых прадпрыемстваў, якія размешчаны больш чым у 100 паселішчах. Асноўныя прамыслова-вытворчыя фонды, прамыслова-вытворчы персанал знаходзіцца ў гарадскіх паселішчах, прычым больш за 80% прамысловай прадукцыі даюць гарады Брэст, Баранавічы, Пінск, Кобрын, Бяроза і Лунінец. Вядучае месца ў структуры прамысловасці займаюць харчовая прамысловасць і машынабудаванне.

Вобласць спецыялізуецца ў асноўным на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і буракасеянні, толькі на паўночным усходзе – на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, бульбаводстве і льнаводстве, на крайнім усходзе на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве. Вакол Брэста склалася прыгарадная спецыялізацыя сельскай гаспадаркі, вакол Баранавіч і Пінска яна хутка развіваецца.

Найбольш асвоены ў сельскагаспадарчых адносінах заходнія і паўночныя раёны вобласці. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 44% агульнай плошчы. Амаль палову зямель складаюць асушаныя землі. Паўсюдна вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. У многіх раёнах ёсць пасевы цукровых буракоў, ільну сеюць менш. Шырока распаўсюджана бульба, для вырошчвання якой тут спрыяльныя кліматычныя і глебавыя ўмовы. З-за гэтага ўраджайнасць бульбы вышэй, чым у іншых абласцях. На поўнач ад Брэста знаходзіцца і дае прадукцыю самы буйны на Беларусі масіў пладовага саду. У Брэсцкім, Баранавіцкім, Драгічынскім, Камянецкім і Пінскім раёнах пабудаваны буйныя жывёлагадоўчыя комплексы па адкорму буйной рагатай жывёлы і свінагадоўчыя. Развіта птушкагадоўля, асабліва ў Баранавіцкім раёне, дзе ёсць некалькі птушкафабрык.

Абласны цэнтр Брэстмесціцца пры ўпадзенні Мухаўца ў Заходні Буг каля дзяржаўнай мяжы з Польшчай. Гэты прыгранічны горад – адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі (год заснавання 1019). У свеце вядомы па гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці ў часы другой сусветнай вайны – сімвале нязломнай стойкасці і мужнасці савецкіх воінаў.

У горадзе пражывае каля 300 тыс. чалавек, па колькасці насельніцтва ён знаходзіцца на 6 месце ў краіне. Сучасны Брэст – буйны транспартны вузел, прамысловы і культурны цэнтр. Пяць радыусаў чыгунак, аўтамагістралі, рачны порт і аэрапорт выконваюць транспартныя функцыі горада, які з’яўляецца своеасаблівымі заходнімі варотамі ў сувязях Беларусі, Расіі і іншых краін СНД з еўрапейскімі краінамі. Праз пагранічныя пераходы Брэста ажыццяўляюцца шматлікія турысцкія і прыватныя паездкі з Беларусі ў Германію, Францыю, Польшчу, іншыя краіны і наадварот. Гэта ў пэўнай ступені адбіваецца на жыцці горада.

Прамысловы профіль горада вызначаюць прадпрыемствы машынабудавання. Працуюць электралямпавы, электрамеханічны і машынабудаўнічы заводы, “Брэстгазаапарат” і “Колератрон”, заводы металавырабаў. сельскагаспадарчага машынабудавання, тэхналагічнай аснасткі. Хімічную прамысловасць прадстаўляе навукова-вытворчае аб’яднанне “Брэстбытхім”. Прадукты лёгкай прамысловасці выпукаюць вытворчыя аб’яднані “Дываны Брэста”, “Брэсцкі панчошны камбінат”. прамыслова-гандлёвая фірма “Элма”, швейная і абутковая фабрыкі, фабрыка сувеніраў. Працуюць малочны і мясакамбінаты. Для пашырэння экспарту тавараў створана свабодная эканамічная зона “Брэст”.

У Брэсце ёсць універсітэт імя А. Пушкіна і тэхнічны універсітэт, політэхнічны і чыгуначнага транспарту тэхнікумы, медыцынскі, гандлёвы і сувязі каледжы. Дзейнічаюць тэатр драмы і музыкі, абласны тэатр лялек, мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” з музеем абароны крэпасці-героя, абласны краязнаўчы музей з філіяламі (археалагічны музей “Бярэсце”, музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”. мастацкі музей, музей гісторыі горада”). Брэст – радзіма першага Героя Беларусі лётчыка У.М. Карвата, які загінуў падчас вучэбнага палёту, але сваім жыццём выратаваў жыцці многіх людзей.

На паўночным усходзе вобласці, за 206 км ад Брэста знаходзіцца другі па велічыні горад Баранавічы(амаль 170 тыс. жыхароў). Размешчаны ў міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі, на Баранавіцкай раўніне. Пачатак гораду дала невялікая 3-га класа чыгуначная станцыя Баранавічы, якая была здадзена ў эксплуатацыю ў лістападзе 1871 г. Цяпер гэта буйны чыгуначны вузел (шэсць напрамкаў), прамысловы і культурны цэнтр Беларусі. У горадзе працуюць заводы аўтаагрэгатны, аўтаматычных ліній, станкапрылад, станкабудаўнічы, гандлёвага машынабудавання, адзіны ў Беларусі баваўняны камбінат у складзе вытворчага баваўнянага аб’яднання, трыкатажная і абутковая фабрыкі, мясакансервавы і харчовых прадуктаў камбінаты, дрэваапрацоўчае аб’яднанне, завод бытавой хіміі і шэраг прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў. У Баранавічах створаны універсітэт, тры філіялы ВНУ, каледжы лёгкай прамысловасці, тэхналагічны, вучылішчы музычнае, медыцынскае, вышэйшае прафесійна-тэхнічнае лёгкай прамысловасці, эканоміка-юрыдычны тэхнікум. З устаноў культуры дзейнічаюць гарадскі краязнаўчы музей і музей гісторыі Баранавіцкага адзялення Беларускай чыгункі.

У маляўнічай палесскай мясцовасці ў сутоках рэк Піны і Прыпяці за 180 км на ўсход ад Брэста размешчаны горад Пінск, які ўпершыню згадваецца пад 1097 г. Сучасны Пінск – развіты прамысловы цэнтр з прадпрыемствамі дрэваапрацоўчай, лёгкай, электроннай, харчовай, станкабудаўнічай і металаапрацоўчай прамысловасці. Вядучымі прадпрыемствамі горада з’яўляюцца аб’яднанне “Пінскдрэў”, завод штучных скур, камбінат верхняга трыкатажу “Палессе”, завод “Камертон”, малочны і мясакамбінаты, сумеснае прадпрыемства “Дынама Програм Пінск”, суднабудаўніча-суднарамонтны завод, фабрыка мастацкіх вырабаў ”Крыніца Палесся” і інш. Горад здавён лічыўся цэнтрам сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Цяпер тут працуюць педагагічны, індустрыяльна-педагагічны, аграрна-тэхнічны і медыцынскі каледжы, каледж мясной і малочнай прамысловасці, вышэйшы банкаўскі каледж, прафесійна-тэхнічны каледж лёгкай прамысловасці, вучылішча мастацтваў. Створаны два філіялы мінскіх ВНУ, на базе якіх мяркуецца адкрыццё універсітэта.

Хутка развіваецца горад Кобрын (звыш 50 тыс. жыхароў), заснаваны на рацэ Мухавец у 11 – 12 ст. за 46 км ад Брэста. Цераз горад праходзяць аўтамабільныя дарогі на Мінск, Брэст, Пінск, Палеская чыгунка, Дняпроўска-Бугскі канал. Сярод прадпрыемстваў найбольш вядомы інструментальны завод “Сітама”, рамонтны завод, прадзільна-ткацкая і швейная фабрыкі, ільнозавод, кансервавы завод, камбінат будаўнічых матэрыялаў, мэблевая фабрыка. З 1946 г. дзейнічае ваенна-гістарычны музей.

Лунінец(каля 25 тыс. жыхароў), таксама як і Баранавічы, вырас у сувязі з будаўніцтвам чыгункі, але паселішча вядома з 1449 г. Размешчаны за 240 км на ўсход ад Брэста на перасячэнні чыгуначных і аўтамагістральных дарог. Галоўнымі пардпрыемствамі з’яўляюцца заводы рамонтна-механічны, “Палессеэлектрамаш”, “Спецжалезабетон”, малочны. Аб гісторыі, прыродзе і гаспадарцы раёна і горада сведчаць экспазіцыі краязнаўчага музея.

Амаль у цэнтры вобласці на адлегласці 102 км ад Брэста пры ўпадзенні рэчкі Крэчат у Ясельду ляжыць горад Бяроза, у якім жывуць каля 30 тыс. жыхароў. Горад вядомы з 1477 г., але найбольшае развіццё атрымаў толькі ў другой палове 20 ст. Асноўныя прадпрыемствы: камбінаты мясакансервавы і сыраробны, будматэрыялаў. Непадалёк ад райцэнтра знаходзіцца малады горадБелаазёрск(13 тыс. жыхароў), які вырас у сувязі з будаўніцтвам Бярозаўскай ДРЭС. Тут узнікла і сумесная беларуска-іспанская абутковая фабрыка “Белкельме”. УІвацэвічах,ГанцавічахіКосавезнаходзяцца прадпрыемствы дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці, уДрагічыне– біяхімічныя заводы “Экзон” і “Экзон-глюкоза”, уІванаве – адзіны ў Беларусі соладавы завод. Да ліку старажытных гарадоў адносяцца размешчаныя на крайнім паўднёвым усходзеСтолініДавыд-Гарадок, а на паўночным захадзе –Пружаны.

Пытанні да самападрыхтоўкі: 1. Якія ландшафты найбольш характэрны для Брэсцкай вобласці? 2. Якія асаблівасці прыроды і гаспадаркі праяўляюцца на тэрыторыі вобласці? 3. Ахарактарызуйце рассяленне ў Брэсцкай вобласці. 4. Якую прадукцыю пастаўляе Брэсцкая вобласць у іншыя вобласці Беларусі?