Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 6.9.Харчовая прамысловасць.

Да харчовай прамысловасціадносіцца група галін прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць пераважна харчовую прадукцыю, а таксама мыла і мыйныя сродкі, тытунёвыя і парфумерна-касметычныя сродкі. Наяўнасць у складзе галіны вытворчасцей непрыдатных да харчавання людзей звязана з выкарыстаннем сельскагаспадарчай сыравіны. У сувязі з вялікай разнастайнасцю прадукцыі харчовая прамысловасць складаецца з больш як 20 падгалін і вытворчасцей, кожная з якіх мае свае адметныяфактары размяшчэння. Але асноўны ўплыў на развіццё прамысловасці аказваюць сыравінны і спажывецкі фактары, прычым са з’яўленнем новых транспартных сродкаў (аўтарэфрыжыратары), паляпшэннем транспартных шляхоў, канцэнтрацыяй вытворчасці сельскагаспадарчай вытворчасці сыравінны фактар становіцца больш уплывовым. У гэтай сувязі перавагу ў эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці набываюць не буйныя, а сярэднія і малыя прадпрыемствы.

Найбольш буйныя прадпрыемствы характэрны для мясной і мясакансервавай, малочнакансервавай, кандытарскай і цукровай галін, невялікія – для крухмальных і масларобчых. У вялікіх гарадах размяшчаюцца хлеба-, мяса- і малкамбінаты, кандытарскія фабрыкі – тут знаходзіцца асноўны спажывец харчовай прадукцыі. Масларобчыя, цукровыя і кансервавыя заводы знаходзяцца ў месцах масавай вытворчасці сыравіны, якую яны перапрацоўваюць.

На долю харчовай прамысловасці Беларусі прыходзіцца 17% агульнага аб’ёма вытворчасці прамысловай прадукцыі, у галіне сканцэнтравана 7,7% асноўных сродкаў, і 11,9% работнікаў прамысловасці.

Мясная прамысловасцьналічвае каля 23 мясакамбінатаў, на размяшчэнне якіх амаль аднолькава ўплываюць сыравінны і спажывецкі фактары. Сучаснае іх размяшчэнне практычна поўнасцю збалансавана і таму рацыянальнае. Буйнейшыя мясакамбінаты знаходзяцца ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Гродне, Брэсце, Магілёве, Бабруйску. Яны арыентуюцца на спажыўца. Сыравінны фактар абумовіў размяшчэнне іх у Глыбокім, Ваўкавыску, Лідзе, Маладзечне, Мёрах, Слуцку.Мясакансервавая прамысловасцьразвіваецца ў Оршы, Брэсце, Баранавічах, Слуцку (мал. 6. 24). Штогод вырабляецца 370 тыс. т мяса, больш за 160 тыс. т каўбасных вырабаў, 50 тыс. т мясных паўфабрыкатаў.

Малочная прамысловасць- традыцыйная галіна, на яе долю прыходзіцца 1/5 аб’ёмаў вытворчасці харчовай прадукцыі. Уключае некалькі відаў прадпрыемстваў: гарадскія малочныя заводы, масла-, сыраробныя і малочна-кансервавыя заводы. Вытворчасць цэльнамалочнай прадукцыі ў масе сваёй арыентуецца на спажыўца ў буйных гарадах (Мінск, Гомель, Віцебск, Магілёў і інш.). Вытворчасць масла і сыра прадстаўлена ў большасці гарадскіх паселішчаў, але можна вылучыць Шчучын, Скідзель, Кобрын, Паставы, Талачын, Пружаны, Бярозу, Капыль, Драгічын, Камянец, Любчу, Валожын. Выраб сухога абястлушчанага малака наладжаны ў Калінкавічах, Івацэвічах, Слоніме, Добрушы, Акцябрскім, марожанага – ў Мінску, Брэсце, Гомелі і інш. цэнтрах, малочных кансерваў – у Глыбокім, Рагачове, Лепелі, сухіх малочных сумесей для дзяцей – у Ваўкавыску, плаўленых сыроў – у Оршы. Харчовая прамысловасць краіны штогод у сярэднім вырабляе больш за 950 тыс. т цэльнамалочнай прадукцыі, 45 тыс. т сыроў, 65 тыс. т малака.

Факт да роздуму: для малочнай прамысловасці характэрны нізкі ўзровень перапрацоўкі малака. Ён дасягае ўсяго 65%, у той час як у Германіі – 88, у Нідэрландах – 80, Італіі – 70%. У высокаразвітых краінах (ЗША, Францыя, Германія) да 90% малака праходзіць прамысловую перапрацоўку. У Беларусі даволі высокі працэнт перапрацоўкі цэльнага малака на масла – каля 60%, а ў ЗША – толькі 18%. Да 60% другаснай сыравіны (абястлушчанага малака, сыроваткі) вяртаецца на корм жывёле.

Цукровая прамысловасцьпачала развівацца ў Х1Х ст., але яе станаўленнне адбылося толькі ў другой палове ХХ ст., калі былі пабудаваны прадпрыемствы па вырабу цукру ў Скідалі, Гарадзеі, Слуцку і Жабінцы. У апошнія гады прадпрыемствы амаль поўнасцю забяспечваюцца мясцовай сыравінай (цукровыя буракі), што дазваляе атрымліваць у сярэднім каля 620 тыс. т цукру-пяску ў год.

Плодаагароднінная прамысловасцьналічвае вялікую колькасць прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць розныя віды агародніны і садавіны, бульбу. Буйныя пладоваагароднінакансервавыя заводы працуюць у Слуцку, Кобрыне, Маларыце, Ганцавічах, Быхаве, Клецку,Мар’інай Горцы. Прадпрыемствы па перапрацоўцы агародніны, пладоў і ягад даволі часта размяшчаюцца ў маленькіх гарадах і вёсках: Гарынь (каля Століна), Краснае (каля Маладзечна), Солы (каля Смаргоні), Парычы, Шаркоўшчына, Тураў, Капцэвічы (каля Петрыкава) і інш.

Мукамольна-крупяная прамысловасцьразам з камбікармавой у апошнія часы вылучаецца ў самастойную ад харчовай прамысловасці галіну. Асноўныя прадпрыемствы галіны кааперуюцца з хлебапячэннем, макароннай і кандытарскай прамысловасцю. Буйныя камбінаты хлебапрадуктаў вядуць нарыхтоўку і перапрацоўку збожжа, вырабляюць муку, крупы, камбікорм (Мінск, Гомель, Пінск. Віцебск, Магілёў, Полацк, Калінкавічы, Рэчыца, Асіповічы, Орша, Баранавічы, Брэст, Клімавічы і інш.).

Рыбная прамысловасцьяшчэ не атрымала належнага развіцця. Яе сыравіннай базай з’яўляецца рыба прыродных і штучных прэснаводных вадаёмаў, а таксама ўвозімая марская. Рыбгасы займаюцца развядзеннем таварнай рыбы (карп, сярэбраны карась, белы амур, таўсталобік). Больш за ўсё рыбгасаў у Мінскай вобласці: “Нарач”, “Волма”, “Чырвоная Слабада”, “Любань”, у Брэсцкай вобласці: “Сялец”, “Навасёлкі”. Перапрацоўку прэснаводнай рыбы ажыццяўляюць рыбазаводы ў Полацку, Браславе, Віцебску, Лепелі, Нарачы, Пінску, а марской – у Мінску, Брэсце, Навагрудку. У сярэднім штогод вырабляецца звыш 35 млн. умоўных банак рыбных кансерваў.

У Беларусі пэўнае развіццё атрымалі кандытарская(Мінск, Гомель, Бабруйск, Нароўля, Івянец, Маладзечна і інш.),макаронная(Барысаў, Слуцк, Віцебск),алейна-тлушчавая(Мінск, Бабруйск, Віцебск, Гомель, Барысаў),харчовых канцэнтратаў(Ліда, Ашмяны),крухмала-патачная, саляная(Мазыр, Салігорск) прамысловасць.

Асноўнымі праблемамі развіцця і размяшчэння харчовай прамысловасці з’яўляецца недастатковасць магутнасцяў прадпрыемстваў для своечасовай перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны, наяўнасць вялікай колькасці зношанага і састарэлага абсталявання. Патрэбна пашырэнне вытворчасці экалагічна чыстай прадукцыі, асабліва ў зоне радыяцыйнага забруджвання. Пастаўлена задача дасягнення харчовай бяспекі краіны. У перспектыве прадугледжваецца павелічэнне вытворчасці высокаякаснай прадукцыі, якая б карысталася попытам за межамі краіны, паскарэнне пераходу да поўнай і безадходнай перапрацоўкі сыравіны, расфасоўкі яе ў экалагічна бяспечую ўпакоўку.

Пытанні для самападрыхтоўкі: 1. Чым можна патлумачыць значэнне харчовай прамысловасці? 2. Чаму вытворчасць масла і сыра арыентуецца на сыравінную базу, а цэльнамалочнай прадукцыі – на спажыўца? 3. Якія галіны харчовай прамысловасці, на ваш погляд, з’яўляюцца прыярытэтнымі ў Беларусі?