Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 4.2. Натуральны і механічны рух насельніцтва. Міграцыі.

Колькасць насельніцтва ў любой краіне пастянна змяняецца пад уплывам яго натуральнага і механічнага руху. Асновай росту колькасці насельніцтва Беларусі з’яўляецца натуральны прырост*, які фарміруецца нараджальнасцю і смяротнасцю. Іх паказчыкамі выступаюць каэфіцыенты нараджальнасці* і смяротнасці*. Суадносіны паміж імі паказваюць велічыню натуральнага прыросту або памяншэння колькасці насельніцтва. Натуральны прырост на Беларусі хутка паніжаўся у 60 – 80 гг. ХХ стагоддзя ( ад 146,2 тыс. чалавек у 1960 г. да 50,0 тыс. чалавек у 1989 г.). Гэты паказчык значна знізіўся ў 90-я гг. У выніку такіх працэсаў у Беларусі істотна скарацілася ўзнаўленне насельніцтва* і пачалася дэпапуляцыя. У 1993 г. упершыню ў мірны час нарадзілася людзей менш (на 11 тыс. чалавек), чым памерла.

Магчымы расшыраны, просты і звужаны тыпы ўзнаўлення насельніцтва. За апошнія два дзесяцігоддзі працэс узнаўлення насельніцтва Беларусі змяніўся ад расшыранага да звужанага, асабліва ў сельскай мясцовасці. Актыўнай прычынай такога змянення з’яўляецца рэзкае скарачэнне нараджальнасці. Прычым цяпер узровень смяротнасці насельніцтва перавышае узровень нараджальнасці ў 1,6 разы. Зніжэнне нараджальнасці абумоўлена галоўным чынам сацыяльна-эканамічнымі фактарамі (зніжэннем жыццёвага ўзроўню, і, як вынік, памяншэннем памераў сям’і).

Факт для роздуму:для простай замены пакаленняў неабходна, каб на кожныя 100 сем’яў прыходзілася не менш чым 270 дзяцей.

Урбанізацыя* таксама ўплывае на сямейную структуру: колькасць дзяцей у гарадскіх сем’ях традыцыйна меншая, чым у сельскіх. Негатыўна на яе паўплывала і старэнне сельскага насельніцтва. Зніжэнне нараджальнасці абумовілі асаблівасці ўзроставай структуры насельніцтва, сацыяльна-эканамічная нестабільнасць развіцця краіны, змена сацыяльных арыентацый, якасць навакольнага асяроддзя, эканамічныя наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш. Разам са зніжэннем узроўню нараджальнасці назіраецца і зніжэнне сярэдняга ўзросту маці пры нараджэнні дзіцяці.

Смяротнасць у Беларусі да сярэдзіны ХХ стагоддзя зніжалася, хутка павялічваліся паказчыкі сярэдняй працягласці жыцця.* З другой паловы ХХ стагоддзя паказчыкі смяротнасці ва ўсіх узростах пачалі расці, паказчыкі сярэдняй працягласці жыцця – зніжацца, а з 1970 г. асабліва хутка стала расці смяротнасць сярод мужчын у працаздольным узросце. Асноўнымі прычынмі гэтых працэсаў з’яўляецца матэрыяльны ўзровень жыцця людзей, санітарна-гігіенічныя ўмовы і побыт, якасць харчавання і медыцынскіх паслуг, стан навакольнага асяроддзя, распаўсюджванне курэння, алкагалізму, наркаманіі і інш.

Натуральны прырост насельніцтва забяспечваюць гарады, а сельская мясцовасць і многія малыя гарадскія паселішчы апынуліся ў стане дэпапуляцыі. Натуральныя страты сельскага насельніцтва перш за ўсё пачалі назірацца на тэрыторыі Віцебскай вобласці, паступова працэс распаўсюдзіўся да паўднёвых межаў. Склаліся цэлыя арэалы* з самай трывожнай дэмаграфічнай сітуацыяй* ( мал. 4.1).

Факт для роздуму:за 1897 – 2003 гг. каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі зменшыўся ў 5 разоў, каэфіцыент смяротнасці зменшыўся ў 2 разы, каэфіцыент натуральнага прыросту стаў адмоўным.

Механічны рух насельніцтва, або міграцыя выкліканы перамяшчэннем людзей у прасторы. Увогуле ХХ стагоддзе вызначана для Беларусі высокім узроўнем міграцыі. Унутраная міграцыя галоўным чынам выклікана індустрыялізацыяй і, як следства, урбанізацыяй краіны і праяўлялася ў масавым перамяшчэнні людзей з сельскай мясцовасці ў гарадскія паселішчы на працу, вучобу і інш. Асабліва высокай прыцягальнай сілай для ўнутраных мігрантаў вылучаўся Мінск, што дазволіла навукоўцам назваць гэты працэс “мінскім феноменам”.

Факт для роздуму:за пасляваенныя гады ў выніку міграцыі Мінск атрымаў каля 1 млн. жыхароў.

У той жа час ідзе працэс перасялення людзей з малых гарадоў у буйныя, канцэнтрацыя насельніцва ў значных і большых сельскіх паселішчах. Працягваецца выезд людзей з забруджаных радыёнуклідамі тэрыторый у паўночныя, заходнія і цэнтральныя раёны краіны і ў той жа час назіраецца вяртанне людзей з месцаў адсялення на месцы свайго ранейшага пражывання.

У 90-х гг. палітычная і сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне рэзка змянілася: распалася былая адзіная краіна СССР, значна знізіліся аб’емы прамысловай прадукцыі і паслуг, з’явілася масавае беспрацоўе, выраслі рознічныя цэны і г.д. Дадзеныя абставіны змянілі велічыню і характар знешніх міграцый. Эміграцыя насельніцтва была выклікана вывадам значнай колькасці вайскоўцаў у Расію, выездам насельніцтва на пастаяннае або часовае жыхарства ў іншыя краіны. Калі раней эміграцыя ахоплівала ў асноўным рэспублікі СССР і часткова іншыя краіны ( Ізраіль, Польшча), то ў згаданы перыяд яна ахоплівала галоўным чынам Расію, Украіну, Германію, ЗША, Ізраіль, Канаду і іншыя краіны, нават Аўстралію і Новую Зеландыю. У эканамічна развітыя краіны звычайна выязджалі маладыя і высокакваліфікаваныя кадры. Дадзены працэс характэрны для многіх менш развітых краін свету. У цэлым з замежнымі краінамі сальда міграцыі для Беларусі адмоўнае.

Іміграцыя садзейнічае агульнаму росту колькасці насельніцтва ў краіне. Найбольшая колькасць імігрантаў прыйшлася на пачатак 90-х гг. Асноўны паток іх быў скіраваны з краін СНД і Балтыі. Галоўнымі прычынамі іміграцыі былі жаданне вярнуцца на радзіму да сваіх родзічаў і неабходнасць пакінуць зоны этнічных канфліктаў. У апошнія гады іміграцыя ў Беларусь набыла новыя віды: вымушаная, нелегальная, працоўная. Шмат імігрантаў прыбываюць у Беларусь нелегальна з рэгіёнаў, дзе актыўна дзейнічае міжнародная наркамафія (Паўднёва-Усходняя Азія, Блізкі і Сярэдні Усход, Афрыка з мэтай далейшага пераезду ў еўрапейскія краіны або наладжвання каналаў збыту наркотыкаў. Значная колькасць імігрантаў заняты ў бізнесе, гандлі, гарадскім харчаванні, радзей – у прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

Факт для роздуму: за 1991 – 2003 гг. сумарнае станоўчае сальда міграцыі з краінамі СНД і Балтыі склала 130,6 тыс. чалавек. За гэты ж час дазвол на выезд на пастаяннае месца жыхарства ў заходнія краіны атрымалі 111,9 тыс. чалавек. Кожныя два з трох імігрантаў – у працаздольным узросце , з высокім узроўнем адукацыі, каля паловы з іх – беларусы па нацыянальнасці. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца 100-300 тыс. нелегальных імігрантаў з краін СНД, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Блізкага і Сярэдняга Усходу, Афрыкі.

Пытанні для самападрыхтоўкі:1. У чым прычыны дэпапуляцыі насельніцтва Беларусі? 2. Колькі дзяцей прыходзіцца ў разліку на адну сямью у вашым акружэнні? 3. Як уплываюць на смяротнасць мужчын працаздольнага ўзросту санітарна-гігіенічныя ўмовы і побыт, стан навакольнага асяроддзя? 4. Якія змяненні адбыліся ў прычынах, напрамках і памерах міграцыі ў 1992—2003 гг. і чаму ў гэты перыяд назіралася станоўчае сальда міграцыі з краінамі СНД і Балтыі?