Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 9. 2. Віцебская вобласць.

На поўначы Беларусі размешчана Віцебская вобласць, якая мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Па велічыні тэрыторыі (40,1 тыс. км2) яна саступае Мінскай і Гомельскай абласцям. Вобласць называюць краем блакітных азёр, яна ахоплівае сярэдняе цячэнне Заходняй Дзвіны і вярхоўі Дняпра, тут пачынаюцца рэкі Бярэзіна, Друць, Ловаць, знаходзіцца самае глыбокае возера ў Беларусі – Доўгае (53,7 м), геаграфічны цэнтр Еўропы (каля паўночнага берага возера Шо). Большую частку тэрыторыі займае Полацкая нізіна і толькі ўздоўж яе межаў ёсць грады і ўзвышшы. Найбольш значнымі лічацца: на захадзе Свенцянскія і Браслаўскія грады, на паўночным усходзе Гарадоцкае, на ўсходзе – Віцебскае і на паўднёвым усходзе Аршанскае ўзвышшы. З карысных выкапняў найбольш вядомы торф, гліны, даламіт, пясчана-жвіровы матэрыял. Ёсць крыніцы мінеральнай вады, з якіх найбольш каштоўная і самая старажытная па тэрміну выкарыстання знаходзіцца на поўдзень ад Ушачаў. Клімат умерана кантынентальны. Вобласць займае першае месца ў Беларусі па шчыльнасці рачной сеткі, па колькасці і агульнай плошчы азёр. Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў дзярнова-падзолістыя, дзярнова-забалочаныя, тарфяна-балотныя. Для іх характэрна мазаічнасць і завалуненасць. Лес займае 34% усёй тэрыторыі, найбольшая лясістасць у Полацкім і Расонскім раёнах. Пад балотамі знаходзіцца каля 6% тэрыторыі, але ўжо цяпер на палове іх плошчы праведзены асушальныя работы.

Дзякуючы адноснай аддаленасці ад паўднёвых межаў краіны вобласць практычна засталася адзінай вобласцю, тэрыторыя якой амаль не забруджана радыёнуклідамі. Толькі ў Талачынскім раёне на мяжы з Мінскай вобласцю ёсць невялікая пляма радыяцыйнага забруджвання.

У межах вобласці створаны Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, знаходзіцца большая частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Марэнны рэльеф, умерана халодная зіма з устойлівым снегавым покрывам, дастатковае увільгатненне, суглінкавыя, супескавыя або гліністыя глебы, высокая лясістасць, мноства азёр накладваюць свой адбітак на характар гаспадарчай дзейнасці. Сельскагаспадарчыя палявыя работы тут пачынаюцца пазней, а заканчваюцца раней за іншыя вобласці.

У Віцебскай вобласці пражывае 1,3 млн. чалавек, або 13,4% жыхароў нашай краіны. Па колькасці жыхароў вобласць апярэджвае толькі Гродзенскую і Магілёўскую вобласці, а па колькасці сельскага насельніцтва – толькі Магілёўскую. Шчыльнасць насельніцтва тут самая нізкая ў Беларусі (33 чал/км2). Больш шчыльна заселена ўзвышаная ўсходняя частка вобласці, а самая нізкая шчыльнасць насельніцтва на поўначы Полацкай нізіны.

На тэрыторыі вобласці размешчаны 19 гарадоў і 28 пасёлкаў гарадскога тыпу, 6,5 тыс. сельскіх населеных пунктаў. Гарадское насельніцтва складае 70% агульнай колькасці насельніцтва.

Факт да роздуму: На Віцебскую вобласць як самую дробнанаселеную прыпала амаль палова ўсіх страт колькасці сельскіх пасяленняў. На яе тэрыторыі напрыканцы 20 ст. знік кожны чацвёрты населены пункт, а ў Шаркаўшчынскім, Расонскім, Міёрскім, Глыбоцкім, Браслаўскім і Бешанковіцкім раёнах страты склалі 30 – 40%.

Прадпрыемствы вобласці вырабляюць 17% рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі. Яна спецыялізуецца на вытворчасці электраэнергіі, прадукцыі нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, машынабудавання, лёгкай і харчовай прамысловасці. Тут вырабляецца ўвесь беларускі аб’ём ільняных тканін, поліэтылена, прамысловых швейных машын, амаль увесь аб’ём вапнавай і даламітавай мукі, 52% прадуктаў нафтаперапрацоўкі, 44% электраэнергіі, 46% металарэзных станкоў, 61% дываноў, 41% абутку, 38% панчошных вырабаў і 75% алею. У Новалукомлі пабудавана буйнейшая ў Беларусі Лукомская ДРЭС, а ў г.п. Арэхаўск (Аршанскі раён) – Беларуская ДРЭС, першая буйная электрастанцыя краіны, пабудаваная па плану ГОЭЛРО*.

Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 40% тэрыторыі (1,6 млн. га). Пераважаюць пасяўныя плошчы пад збожжавымі і кармавымі культурамі. На паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе вялікія плошчы займае лён. Вырошчваецца таксама бульба. У Аршанскім раёне высокую долю сярод угоддзяў займаюць сады. На азёрах створаны азёрна-рыбныя гаспадаркі. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве.

Функцыянуе свабодная эканамічная зона “Віцебск”. Эканамічныя сувязі з іншымі краінамі развіваюцца ў рамках еўрарэгіёна “Азёрны край”.

Абласны горад Віцебск(больш за 350 тыс.жыхароў) – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, бо заснаваны ў 974 г. Размешчаны на рацэ Заходняя Дзвіна, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. Яго адлегласць ад сталіцы складае 300 км. Геаграфічнае становішча горада абумовіла здавён развіццё Віцебска ў якасці гандлёвага цэнтра. Віцебск – буйны прамысловы і культурны цэнтр Беларусі. Найбольшую удзельную вагу ў структуры прамысловай прадукцыі маюць машынабудаванне і лёгкая прамысловасць. Металаапрацоўчыя станкі выпускаюць прадпрыемствы “Візас” і “Вістан”. Электронная прамысловасць прадстаўлена тэлевізійным заводам “Віцязь”, прыборабудаўнічым заводам, прадпрыемствамі “Эвістар”, “Дысплей”, па вырабу радыёдэталей і электравымяральных прыбораў. На лёгкую прамысловасць працуюць прадпрыемствы “Вітэкс”, фабрыка мастацкіх вырабаў “Купава”, абутковыя фабрыкі “Марко”, “Чырвоны Кастрычнік, “Белвест”, “Белстэп”, панчошная фабрыка “Васіліна” і панчошна-трыкатажнае прадпрыемства “КІМ”, камбінаты мехавых і шаўковых тканін, швейныя прадпрыемствы “Бугалюкс” і “Сцяг індустрыялізацыі”, таварыства “Дываны Віцебска” і інш. Працуюць таксама прадпрыемствы хімічнай (“Вітпласт”), харчовай (“Малако”, “Віцебскі мясакамбінат”, “Маслаэкстракцыйны завод”, сумеснае прадпрыемства прадуктаў харчавання “Вікас”, кандытарскі камбінат “Віцьба”), дрэваапрацоўчай і будматэрыялаў (“Віцебскдрэў”, “Віцебскмэбля”, завод зборнага жалезабетону), галін прамысловасці.

Апрача прамысловых, транспартных і адміністрацыйна-гаспадарчых функцый Віцебск выконвае культурныя функцыі. Тут знаходзяцца адзін са старэйшых тэатраў Беларусі – Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа, і Беларускі тэатр “Лялька”. Ёсць абласны краязнаўчы музей, у склад якога уваходзяць мастацкі, літаратурны, гістарычны, прыватных калекцый музеі, музей-сядзіба І. Рэпіна ва ўрочышчы Здраўнёва. Створаны музеі гісторыі віцебскага трамвая, М.П. Шмырова, воінаў-інтэрнацыяналістаў, М. Шагала, прыватная галерэя. Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” лічыцца адным з лепшых фестываляў у свеце. Усяго ж у Віцебску праводзіцца больш за 30 фестываляў рознага ўзроўню

У горадзе працуюць 4 дзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы (універсітэт імя П.М. Машэрава, акадэмія ветэрынарнай медыцыны, медыцынскі і тэхналагічны універсітэты), 11 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, у тым ліку станкаінструментальны, політэхнічны, індустыяльна-тэхналагічны тэхнікумы, філіял Вышэйшага каледжа сувязі.

Другі па велічыні горад вобласці – Орша(125 тыс. жыхароў) знаходзіцца за 80 км ад Віцебска. Гэта старажытны горад (заснаваны ў 1067 г.), але развіццё атрымаў толькі ў канцы 19 ст. у сувязі з будаўніцтвам чыгункі. За кароткі час горад ператварыўся ў адзін з буйнейшых чыгуначных вузлоў краіны (шэсць напрамкаў). Тут перасякаюцца чыгункі Брэст-Масква, Санкт-Пецярбург-Адэса, Крычаў-Лепель, аўтамагістралі, побач праходзяць нафта- і газаправоды, лініі электраперадач (мал.9.8). Старэйшым прадпрыемствам горада з’яўляецца станкабудаўнічы завод “Чырвоны барацьбіт”. Вядома за межамі Беларусі прадукцыя аршанскіх прадпрыемстваў: льнокамбіната, “Радыяна”, інструментальнага і прылад актыўнага кантролю заводаў, АТ “Орша” і “Аграпраммаш”. З іншых прадпрыемстваў найбольш значныя фабрыкі трыкатажных спартыўных вырабаў, мастацкіх вырабаў, швейная, камбінат сілікатных вырабаў, мясакансервавы камбінат.

У горадзе створаны музейны комплекс “Гісторыя і культура Аршаншчыны”, які аб’яднаў установы культуры музейнага тыпу: мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза К.С. Заслонава, музей гісторыі і культуры горада, этнаграфічны музей “Млын”, дом-музей драўлянай скульптуры разьбяра С.С. Шаўрова, музей У.С. Караткевіча. Каля Оршы у горадзе Барань(12 тыс. жыхароў) знаходзіцца буйная фірма “Лёс”, якая вядома сваімі радыётэхнічнымі і электроннымі распрацоўкамі. За 35 км на поўдзень ад Оршы знаходзіцца філіял музея Я. Купалы “Ляўкі” і г.п.Копысь– месца нараджэння першага Презідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі.

Адзін з найстаражытнейшых гарадоў усходніх славян – Полацк(каля 85 тыс. жыхароў) – узгадваецца ў летапісе пад 862 г. На працягу многіх стагоддзяў быў цэнтрам буйнейшага Полацкага княства, найбольш моцнага на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 9 – 13 ст. Знаходзіцца на рацэ Заходняя Дзвіна пры ўпадзенні у яе ракі Палата, на старажытным шляху “з варагаў у грэкі”, за 100 км на захад ад Віцебска. У сучасным Полацку працуюць 16 прадпрыемстваў розных галін прамысловасці, сярод якіх найбольш значныя “Полацк-Шкловалакно”, “Праммашрамонт”, “Тэхналіт-Полацк”, фабрыка мастацкіх вырабаў “Сафія”, паліграфічнае прадпрыемства “Спадчына” імя Ф. Скарыны, цеплаэлектрацэнтраль. Каля горада будуецца Полацкая гідраэлектрастанцыя. Створаны Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, які ўключае 9 пастаянна дзеючых музеяў і ахоўную зону старажытнага цэнтра горада. Найбольш вядомы музеі беларускага кнігадрукавання, традыцыйнага ткацтва Паазер’я і гісторыі архітэктуры Сафійскага Сабора. З 2003г. працуе філіял Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа. Полацк – радзіма Еўфрасінні Полацкай і Ф. Скарыны – вялікіх асветнікаў Беларусі, Сімяона Полацкага – дзеяча адуккацыі.

Малады горад Наваполацк(101 тыс. жыхароў) узнік у 1963 г. непадалёку ад Полацка ў сувязі з будаўніцтвам нафтаперапрацоўчага завода. Цяпер гэта буйны цэнтр паліўнай (АТ “Нафтан”), нафтахімічнай (АТ “Палімір”), электроннай (завод “Вымяральнік”), лёгкай (сумеснае прадпрыемства “Любава-італ-стыль”), мікрабіялагічнай (завод бялкова-вітамінных канцэнтратаў) і іншых галін прамысловасці. На базе політэхнічнага інстытута ў 1993 г. заснаваны Полацкі універсітэт. Асноўная праблема горада – экалагічная, звязаная са шкодным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе хімічных вытворчасцей.

У гарадах – раённых цэнтрах, размешчаных у заходняй частцы вобласці, працуюць пераважна прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. У горадзе Глыбокае(20 тыс. жыхароў) гэта малочнакансервавы і мясакамбінаты, кансервавы і камбікормавы заводы. УПаставах (25 тыс. жыхароў) – ільназавод, мясакамбінат, малаказавод, а таксама завод “Беліт”, які вырабляе дэталі для тэлевізараў і мікрахвалевыя печы, і сумеснае прадпрыемства “Імпульс”. УМіёрах(каля 10 тыс. жыхароў) – прадпрыемствы харчовай, камбікормавой прамысловасці, пачатковай апрацоўкі лёну. У цэнтры нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры” ў маляўнічай азёрна-лясной мясцовасці знаходзіццаБраслаў(10 тыс. жыхароў), які адміністрацыйныя і прамысловыя функцыі спалучае з рэкрэацыйнымі.

На поўдні вобласці важнае эканамічнае значэнне маюць Лепель (19 тыс. жыхароў),Чашнікі(каля 10 тыс.) іНовалукомль(15 тыс.). У Лепелі прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (экскаватарарамонтны завод), дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці. Адноўлена дзейнасць Лепельскай ГЭС. У Новалукомлі знаходзіцца буйнейшая ў Беларусі Лукомская ДРЭС, працуюць заводы керамзітавы, аб’ёмнага домабудавання, малочны, “Этон” і “Эласт” – па выпуску электратэхнічнай прадукцыі. У Чашніках – папяровая фабрыка, прадпрыемствы “Чашнікіспецвопратка” і па пачатковай апрацоўцы лёну.

На поўнач ад Віцебска на рацэ Гаражанка ляжыць горад Гарадок(каля 15 тыс. жыхароў), асноўным прадпрыемствам якога з’яўляецца ільнозавод, працуюць таксама прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасці.

Пытанні да самападрыхтоўкі:1. Ахарактарызуйце прыродныя ўмовы і рэсурсы Віцебскай вобласці. 2. Якія фактары абумовілі ўзнікненне самых старажытных і маладых гарадоў вобласці? 3. Якімі асаблівасцямі характэрызуецца размяшчэнне гаспадаркі вобласці?