Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 6.5. Хімічная прамысловасць.

У хімічнай прамысловасц (мал. 6.14)вылучаюцца дзьве галоўныя групы галін: горнахімічная і нафтахімічная, акрамя іх развіваюцца лакафарбавая, шкловалакновая і бытавой хіміі галіны, фармацэўтычная, мікрабіялагічная прамысловасць. Хімічная прамысловасць Беларусі стваралася шмат гадоў, цяпер на яе долю прыходзіцца 12% агульнага аб’ёма прамысловай прадукцыі, 20% асноўных прамыслова-вытворчых сродкаў, 9,6% прамыслова-вытворчага персаналу. На 75 прадпрыемствах вырабляецца самая разнастайная прадукцыя. З 1965 г. Беларусь называюць “рэспублікай вялікай хіміі”.

Адна з асаблівасцей хімічнай прамысловасці заключаецца ў выкарыстанні самай разнастайнай сыравіны. У Беларусі для гэтых мэтаў выкарыстоўваецца мясцовая і прывазная сыравіна. Да мясцовай сыравіны адносяцца калійная соль, прадукты нафтаперапрацоўкі, торф, вытворчыя адыходы лесапілення і дрэваапрацоўкі. З-за межаў краіны завозяцца прыродны газ, апатытавы канцэнтрат, самародная сера, серны калчадан, каўстычная сода, каўчук, дзесяткі відаў іншай сыравіны, дапаможных матэрыялаў і рэагентаў.

Хімічная прамысловасць адносіцца да энергаёмістых галін. Найбольш энергаёмістымі з’яўляюцца вытворчасці шкловалакна, поліэфірных валокнаў, пластмас. Прадпрыемствы галіны спажываюць шмат электраэнергіі, што адбіваецца на энергабалансе краіны.

Для галіны характэрны высокі ўзровень канцэнтрацыі і камбінавання вытворчасці. Дзейнічаюць пераважна буйныя вытворчыя аб’яднанні з шырокім асартыментам гатовай прадукцыі, вялікай колькасцю працаўнікоў на кожным. Для іх характэрна складаная, шматузроўневая сістэма тэхналагічнага працэсу.

Факт да роздуму: удзельная вага хімічнай прамысловасці ў галіновай структуры прамысловасці складала ў 1960 г. – 1,8%, у 1980 г. – 10,5%, у 1990 г. –9%, у 1995 г. – 14,3%, у 2003 г. – 12,1%. У сучасны момант у галіновай структуры Беларусі прадпрыемствы хімічнай прамысловасці займаюць чацвёртае месца пасля машынабудавання, харчовай і паліўнай прамысловасці. Да рэвалюцыі ў краіне мелася толькі некалькі саматужных прадпрыемстваў па вытворчасці смалы, шкіпінару, воцатнай кіслаты, дзёгцю, мінеральнай фарбы. Да 1962 г. узровень яе росту не адпавядаў памерам сыравіннай базы і патрэбам у хімічнай прадукцыі.

Хімічная і нафтахімічная прамысловасцьспецыялізуецца на вырабе прадукцыі арганічнага сінтэзу (хімічныя валокны і ніткі, сінтэтычныя смолы, пластмасы і пластмасавыя вырабы, шыны, гумава-тэхнічныя вырабы) і асноўнай хіміі (мінеральныя ўгнаенні, кіслоты, лакі і фарбы), тавараў бытавой хіміі, лакаў і інш.

Вытворчасць сінтэтычных і штучных валокнаў розных відаў і прызначэння (лаўсану, нітрону, капронавых, віскозных, ацэтатных валокнаў і інш.) арганізавана ў вытворчых аб’яднаннях “Хімвалакно” ў Магілёве, Светлагорску, Гродне, наваполацкім аб’яднанні “Палімір”. Сярод аб’яднанняў існуе пэўная спецыялізацыя: у Магілёве на буйнейшым у Еўропе прадпрыемстве вырабляецца лаўсан, поліэфірныя ніткі і дыметылтэрафталат, у Наваполацку – нітрон, у Светлагорску – кордную тканіну, у Гродне – капралактам, у Полацку – шкловалакно.

Факт для роздуму:па выпуску хімічных валокнаў і нітак Беларусь займае другое месца (пасля Расіі) і выпускае каля 25% ад іх вытворчасці ў СНД. Структура вытворчасці гэтай прадукцыі прагрэсіўная і адпавядае аналагічным структурам у прамыслова развітых краінах. На долю сінтэтычных валокнаў і нітак у Беларусі прыходзіцца каля 80%, а ў 2010 г. іх удзельнгая вага складзе больш за 90% ад агульнай колькасці вырабляемых хімічных валокнаў і нітак у краіне, у той час як у цэлым па СНД гэтыя паказчыкі складаюць 53% і 77% адпаведна. Штогод вырабляецца больш за 200 тыс. т хімічных валокнаў і нітак.

Хімічныя валокны і ніткі выкарыстоўваюцца для вырабу тканін, трыкатажных вырабаў, дываноў, штучнага футра. Капронавы і віскозны корд спажываюцца шыннай прамысловасцю.

Беларусь спецыялізуецца на вытворчасці сінтэтычных смол і пластмас, але пакуль мясцовыя патрэбы забяспечваюцца толькі на 80-85%. Сінтэтычныя смолы (поліэтылен) вырабляюцца ў Наваполацку. Гэта важнейшая сыравіна для вытворчасці пластмасы і плёнкі. Разнастайныя пластмасы і вырабы з іх выпускаюцца ў Барысаве, Мінску, Гомелі. Рудзенску, Рэчыцы, Пінску. Вытворчасць сінтэтычных смол і пластмас у сярэднім складае каля 600 тыс. т штогод.

Вытворчасць шынсканцэнтравана ў Бабруйску на аб’яднанні ”Белшына”, дзе вырабляюцца шыны для легкавікоў, цяжкавагавых аўтамабіляў і трактараў.

Гумава-тэхнічныя вырабывыпускаюцца ў Барысаве, Бабруйску і Магілёве. Вытворчасцьгумавага абуткуналаджана ў Крычаве, Гомелі, Мазыры.

Вытворчасць мінеральных угнаенняўз’яўляецца спецыялізацыяй Беларусі. Галіна вырабляе калійныя, азотныя і фосфарныя ўгнаенні. У структуры агульнай вытворчасці больш за 85% прыходзіцца на калійныя. Іх вытворчасць з’яўляецца адной з буйнейшых крыніц валютных паступленняў у краіну.

У Салігорску пабудаваны чатыры калійныя камбінаты (будуецца пяты), якія працуюць на мясцовай сыравіне. Беларусь па аб’ёму вытворчасці калійных угнаенняў (4,2 млн. т) саступае толькі Канадзе. Шматгадовая здабыча каліных салей прывяла да істотнага пагаршэння экалагічнага стану наваколля. На поўнач ад Салігорска ўзняліся на сто метраў тэрыконы, у якіх застаюцца солі. Шламасховішчы* захоўваюць вялікую колькасць салёных раствораў. Паверхня над здабыўнымі палямі прасела і забалоцілася. Вада ў многіх калодзежах стала салёнай. Негледзячы на такое становішча эканамічны эфект ад выкарыстання калійных угнаенняў значна перабольшаюць страты ад забруджвання навакольнага асяроддзя. Тым не менш, аб’яднаннем “Беларуськалій” прымаюцца вялікія намаганні ў паляпшэнні экалагічнага стану.

Азотныя ўганенні выпускаюцца ў вытворчым аб’яднанні “Азот” у Гродне. Сыравінай для іх выпуска з’яўляюцца вадарод з прыроднага газу і азот з паветра. На Гомельскім хімічным камбінаце з хібінскага апатытавага канцэнтрата і уральскага сернага калчадану (Расія), самароднай серы (Украіна) вырабляюцца фосфарныя ўгнаенні; тут жа маецца цэх складаных угнаенняў. Перапрацоўка каменнай солівядзецца ў Мазыры на солевыварным заводзе, на якім вырабляецца кухонная і тэхнічная соль, тэхнічны хлор. Тэхнічную соль вырабляюць таксама ў Салігорску.

На Барысаўскім хімзаводзе наладжана вытворчасці харчовай соды. Беларусь мае патрэбы ў кальцыніраванай содзе, якую можна атрымліваць з адвалаў салігорскіх камбінатаў. Але процідзеянне мясцовых жыхароў не дазваляе прыступіць да будаўніцтва спецыялізаванага завода.

Хімічная прамысловасць Беларусі вырабляе шмат іншых відаў прадукцыі. Цэнтрамі лакафарбавай прамысловасці з’яўляюцца Ліда і Мінск, бытавой хіміі – Брэст, Баранавічы, Калінкавічы, вытворчасці горнага воску з торфу – Свіслач (пад Мінскам).

Факт да роздуму: лакафарбавая прамысловасць Беларусі дае каля 6% лакаў і фарбы ў СНД; вытворчасць гэтых матэрыялаў на душу насельніцтва амаль у два разы перабольшае сярэдні паказчык па СНД. На Лідскім вытворчым аб’яднанні “Лакафарба” вырабляецца каля паловы ўсёй лакафарбавай прадукцыі Беларусі, 1/3 усіх відаў прадукцыі па якасных паказчыках адпавядаюць замежным аналагам. Аб’яднанне вырабляе лакі, эмалі, водаэмульсійныя фарбы.

Хіміка-фармацэўтычная прамысловасцьпрадстаўлена невялікай колькасцю прадпрыемстваў. У Беларусі дзейнічаюць прадпрыемствы “Белмедпрэпараты” і “Дыялек” (Мінск), ”Экзон” (Драгічын), заводы медпрэпаратаў (Нясвіж, Смалявічы, Скідаль), якія выпрацоўваюць каля 400 найменняў лакавых сродкаў і медыцынскіх прэпаратаў.

Мікрабіялагічная прамысловасцьпрадстаўлена прадпрыемствамі ў Мінску, Бабруйску, Рэчыцы, Наваполацку, Пінску, Нясвіжы. Яны вырабляюць кармавыя бялковыя рэчывы з вуглявадароднай або драўніннай сыравіны, антыбіётыкі, вітаміны, кармавыя дадаткі.

Канцэнтрацыя буйной хімічнай прамысловасці на асобных прадпрыемствах абумовіла вострую экалагічную праблему. Шмат шкодных для здароўя людзей рэчываў выкідваецца ў атмасферу і вадаёмы, яны забруджваюць глебу. Мільёны тон таксічных адходаў накапіліся каля Гомеля і Салігорска. Небяспечная экалагічная сітуацыя склалася ў Наваполацку і Магілёве.

Неабходны тэрміновыя радыкальныя змены ў тэхналогіі на дзеючых прадпрыемствах, узмацненне магутнасцяў ачыстных збудаванняў, наладжванне поўнай ачысткі сцёкаў, ўлоўліванне і абясшкоджванне газаў.

Пытанні да самападрыхтоўкі. 1. Назавіце асноўныя фактары размяшчэння хімічнай прамысловасці. 2. Якая сучасная структура хімічнай прамысловасці Беларусі? 3. Назавіце галоўныя цэнтры хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці Беларусі.