Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

6.4. Машынабудаванне.

Машынабудаванне і металаапрцоўказаймае цэнтральнае месца ў структуры гаспадаркі. Па колькасці працуючых (амаль 400 тыс. чалавек), па кошту прадукцыі, па асноўных вытворчых фондах машынабудаванне апярэджвае іншыя галіны прамысловасці. Фактарамі развіцця галіны выступаюць эканоміка-геаграфічнае становішча і высокакваліфікаваныя працоўныя рэсурсы. Большая частка металу – асноўнай сыравіны машынабудавання – завозіцца з-за межаў краіны (з Расіі і Украіны). Стан галіны ў значнай ступені вызначае экспартны патэнцыял Беларусі.

Машынабудаванне ўключае вялікую колькасць заводаў рознага профілю, вызначаецца шматгаліновай структурай, вузкай спецыялізацыяй прадпрыемстваў і шырокім развіццём сувязей па каапераванню. Машынабудаўнічыя заводы размяшчаюцца у многіх гарадскіх паселішчах і нават у сельскай мясцовасці. Яны налічваюць дзесяткі, а іншы раз і сотні пастаўшчыкоў сыравіны, камплектуючых дэталяў і вузлоў, напаўфабрыкатаў, якія адносяцца да розных галін гаспадаркі.

Фарміраванне структуры машынабудаванняпачалося ў 70-80 гг. Х1Х стагоддзя, калі былі заснаваны першыя чугуналіцейныя, механічныя і машынарамонтныя заводы. Першыя машыны і механізмы вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў не былі складанымі, яны забяспечвалі мясцовыя патрэбы ў розных механізмах, металавырабах, сельскагаспадарчым інвентары. Першыя прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі ўзніклі ў Мінску, Віцебску, Бабруйску, затым – у Лідзе, Магілёве, Пінску, Барані (Віцебская вобласць).

У савецкі час згодна з пяцігадовымі планамі ва ўсходняй частцы Беларусі ўзніклі новыя галіны: станкабудаванне, сельскагаспадарчае машынабудаванне, вытворчасць тарфяных машын, электрарухавікоў. радыёпрыёмнікаў. Існавалі паравоза- і аўтарамонтныя заводы. Паступова складваліся кадры машынабудаўнікоў. У заходняй частцы Беларусі развіццё машынабудавання амаль не назіралася.

Найбольшыя змены ў структуры машынабудавання адбыліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў 1944 г. пачалося аднаўленне галіны, стварэнне новых галін: аўтамабіле- і трактарабудавання. Асноўным фактарам развіцця галіны становіцца наяўнасць высокакваліфікаваных кадраў, якая ўмацоўвалася пашырэннем сеткі навукова-даследчых устаноў у галіне машынабудавання, праектных і канструктарскіх арганізацый.

Па тэмпах росту машынабудаванне заўсёды апярэджвала іншыя галіны гаспадаркі і ў цэлым прамысловасць. Але глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс 90-х гг. ХХ стагоддзя абумовіў рэзкае скарачэнне тэмпаў развіцця галіны. Прычынамі гэтага становішча з’явіліся скарачэнне паставак у Беларусь паліва, энергіі і сыравіны, падаткі і фінансава-крэдытныя абмежаванні. Прадпрыемствы, якія арыентаваліся на выпуск канчатковай прадукцыі, неслі большыя страты і зніжэнне канкурэнтаздольнасці. Негледзячы на падзенне вытворчасці многія машынабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі захавалі свае традыцыйныя рынкі збыту дзякуючы свайму манапольнаму становішчу і адносна высокай якасці прадукцыі. Пры гэтым скарацілася вытворчасць тэхнічна перадавых і прагрэсіўных, больш каштоўных відаў прадукцыі: станкоў з лічбавым кіраваннем, прамысловых робатаў, гібкіх модуляў і сістэм, электронна-вылічальных машын і інш. Сучаснае машынабудаванне Беларусі вызначаецца разнастайнай галіновай структурай (мал. 6.9), якая сфарміравалася ва ўмовах савецкага цэнтралізаванага планавання, таму многія прадпрыемствы былі разлічаны на забеспячэнне патрэб усяго СССР. У прадукцыі значную долю займалі ваенныя заказы.

Беларусь па-ранейшаму з’яўляецца манапалістам сярод краін СНД па выпуску шэрагу станкоў, аўтаматызаваных комплексаў па рэзцы загатовак, вялікагрузных аўтамабіляў. У машынабудаванні краіны асноўнае развіццё атрымліваюць навукаёмістыя галіны: прыборабудаванне, оптыка-механічная, электроніка, вылічальная тэхніка, сувязь.

Аўтамабілебудаваннеяк галіна з’явілася ў Беларусі толькі ў другой палове ХХ стагоддзя. Гэтаму спрыяла выгаднае эканоміка-геаграфічнае становішча ў адносінах да сыравінных баз (метал з Украіны) і раёнаў збыту аўтамабіляў, высокая забяспечанасць кваліфікаванымі працоўнымі рэсурсамі. Галіна спецыялізуецца на вытворчасці грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў.

Аўтамабілебудаванне характарызуецца высокай ступенню кааперавання і спецыялізацыі асобных прадпрыемстваў. Больш за 600 прадпрыемстваў краін СНД пастаўляюць у Беларусь камплектуючыя дэталі і вузлы. Прадпрыемствы-смежнікі ёсць і ў Беларусі: ў Жодзіна (буйнагабарытныя пакоўкі і ліццё), у Мінску (рысоры, падшыпнікі), Гродне (тармазная гідраапаратура, карданныя валы, амартызатары), Барысаве (старцёры, гідраўзмацняльнікі руля), Асіповічах (кабіны, ліццё), Шчучыне (аўтапровад).

Беларускае аб’яднанне вялікагрузных аўтамабіляў (БелаўтаМАЗ) – адно з вядучых у СНД і Еўропе. Выпускае аўтасамазвалы ад 8 да 280 т грузападымальнасці. Галоўным прадпрыемствам з’яўляецца Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), асноўная прадукцыя якога – магістральныя аўтапаязды вялікай грузападымальнасці для далёкіх міжгародніх перавозак і аўтобусы. У супрацоўніцтве з нямецкай фірмай “MAN” выпускаюцца машыны, якія адпавядаюць стандартам “Еўра-2” і “Еўра-3”. Аўтобусы “МАЗ” тыпу “Неаплан” карыстаюцца попытам за межамі краіны з-за сваёй высокай якасці.

Факт да роздуму: Мінскі аўтамабільны завод пачаў будавацца ў 1944 г., у 1947 г. выдаў першую прадукцыю (грузавікі грузападымальнасцю ў шэсць тон). З 1977 г. вядзецца выпуск аўтамабіляў высокай праходнасці, прызначаных для асваення радовішчаў нафты і прыроднага газу. У 90-х гг. на МАЗе пачалася вытворчасць гарадскіх і міжгародніх аўтобусаў тыпу “Неаплан”. Эмблемай аўтамабіляў МАЗ абраны беларускі зубр.

На заводзе колавых цягачоў у Мінску вырабляюцца высокапраходныя колавыя цягачы “Волат”.Яны выкарыстоўваюцца ў розных сферах народнай гаспадаркі многіх краін: ад узброеных сіл да нафтагазадабычы. Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ) выпускае з 1959 г. аўтамабілі асабліва высокай грузападымальнасці (да 280 т) і кантралюе 30% сусветнага рынку гэтай прадукцыі. Вядуцца праектна-вышукальныя работы па стварэнні аўтамабіляў грузападымальнасцю 350 і нават 500 т. Знаходзіцца БелАЗ ў г. Жодзіна Мінскай вобласці. Гэта яскравы прыклад неадпаведнасці профілю прадпрыемства канкрэтным прыродным і сацыяльна-эканамічным умовам. Для выпуску такіх аўтамабіляў патрэбна шмат металу, аўтамабілі ж такой магутнасці ў самой Беларусі патрабуюцца адзінкамі для кар’ераў каля Мікашэвічаў (Брэсцкая вобласць) і Рубы (Віцебская вобласць).

Яшчэ адзін аўтамабільны завод знаходзіцца ў Магілёве, такі профіль ён атрымаў з 1966 г. Вырабляе аўтаскрэперы,* аўтапаязды-рудавозы, аўтасамазвалы для шахт, аўтапагрузчыкі, аўтасмеццявозы. На заводзе “Нёман” у Лідзе наладжаны выпуск аўтобусаў расійскай распрацоўкі. У пасёлку Абчак каля Мінска наладжаны выпуск мікрааўтобусаў “Люблін-3”. Мінскі завод “Белкамунмаш” ажыццяўляе выпуск тралейбусаў, якія выкарыстоўваюцца не толькі ўнутры краіны, але і вывозяцца ў Расію і Латвію, і пачынае вытворчасць трамваяў сучасных узораў. Да легкавых аўтамабіляў у Смаргоні (Гродзенская вобласць) ладзяцца прычэпы. У Мінску працуе завод па выпуску матацыклаў лёгкага класу, мотакалясак і веласіпедаў.

Факт да роздуму: У перыяд 1995-1999 гг. ў Беларусі ў сярэднім штогод выпускалася 13 тыс. грузавых аўтамабіляў, 547 аўтобусаў і 74 тралейбусы; у 2000 – 2003 г. адпаведна 16,5 тыс., 585 і 88. У 2003 г. за межы Беларусі вывезена 65,7% вытворчасці грузавых аўтамабіляў і 91,3% - веласіпедаў.

Трактарнае і сельскагаспадарчае машынабудаванненалічвае ў сваім складзе 20 прадпрыемстваў (мал. 6.11). Сярод іх асаблівае месца належыць Мінскаму трактарнаму заводу (МТЗ) і гомельскаму “Гомсельмашу”. МТЗ вырабляе каля 30 мадэляў малагабарытных і універсальных трактараў, якія вызначаюцца надзейнасцю, манеўровасцю, вялікім наборам навясных прыладаў. Яны не саступаюць замежным аналагам, а па набору ўздапаможных вузлоў і абсталявання, колькасці перадач пераўзыходзяць іх. У былым СССР МТЗ вырабляў 100 тыс. трактараў для патрэб вялікай краіны, але цяпер іх вытворчасць скарацілася да 25-26 тыс., але тым не менш гэта складае 6% сусветнай вытворчасці.

Факт для роздуму: МТЗ пачаў дзейнічаць у 1946 г.; з 1950 г. вырабляў гусенічныя сельскагаспадарчыя і тралёвачныя трактары; з 1953 г. – колавыя сельскагаспадарчыя трактары “Беларусь” на пнеўматычных шынах. У 1995 г. выпушчаны трохмільённы трактар. Асноўная прадукцыя: 34 базавыя мадэлі магутнасцю ад 20 к с. да 280 к.с. Завод распрацоўвае базавую мадэль трактара з рухавіком магутнасцю да 350 к.с., а таксама сямейства малагабарытных трактараў “Беларус-422” і “Беларус-622” з рухавіком магутнасцю 58 к.с. Мае 4 заводы-філіялы ў Віцебску, Мінску, Бабруйску, і Смаргоні.

Заводам “Гомсельмаш” выпускаюцца кормаўборачныя і буракаўборачныя камбайны. Тут жа ў апошнія гады распрацаваны і вырабляюцца збожжаўборачныя ротарныя камбайны “Палессе-ротар”. Бульбаўборачныя машыны, плугі, зерневыя сеялкі, збожжаўборачныя камбайны – прадукцыя завода “Лідсельмаш” у Лідзе. У Бабруйску размешчаны завод па вытворчасці раскідвальнікаў арганічных угнаенняў. Абсталяванне для жывёлагадоўчых і птушкагадоўчых фермаў вырабляюць у Мазыры і Брэсце.

Важнае месца ў машынабудаванні Беларусі належыць станкабудаванню. Пачатак яго развіццю звязваецца з Мінскім металаапрацоўчым заводам “Энергія”, на якім у 1927 г. былі выраблены першыя такарныя станкі. Ужо да пачатку другой сусветнай вайны ў краіне дзейнічалі пяць станкабудаўнічых заводаў у Мінску, Віцебску, Гомелі. Станкі беларускай вытворчасці канкурэнтназдольныя на сусветным рынку. Станкабудаўнічыя заводы размешчаны ў Мінску, Оршы, Віцебску, Маладзечне, Гомелі, Баранавічах, Пінску, яны вырабляюць разнастайныя металарэзныя станкі, аўтаматычныя лініі, робататэхніку, ліцейнае і кавальска-прэсавае абсталяванне, інструмент і тэхналагічную аснастку для станкоў. Гомельскія заводы “Цэнтраліт” і “Гідрапрывад” забяспечваюць станкабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі чыгунным ліццём і станочнымі вузламі, а інструментальныя заводы Мінска, Оршы і Кобрына – металарэзным інструментам.

На працягу апошніх 20-30 гадоў у Беларусі апераджальнае развіццё атрымалі высокатэхналагічныя галіны: прыборабудаванне, радыётэхнічная і электронная прамысловасць.Яны ў найбольшай ступені адпавядаюць сучасным сацыяльна-эканамічным умовам краіны, арыентуюцца на высокакваліфікаваныя кадры, нізкія расходы металу. Галоўным цэнтрам гэтых вытворчасцей з’яўляецца Мінск – тут знаходзяцца самыя буйныя навукова-вытворчыя аб’яднанні (НВА), якія працуюць у вобласці самых сучасных тэхналогій, у тым ліку касмічных і нанатэхналогій. Новымі цэнтрамі радыёэлектронікі з’яўляюцца Гомель, Віцебск, Брэст, Наваполацк, Маладзечна, Пружаны, Слуцк, Ліда, Паставы.

НВА “Інтэграл” (Мінск) выпускае самую разнастайную электронную прадукцыю, але найбольш вядомы мікрапрацэсары, па вытворчасці якіх аб’яднанне займае 10% сусветнага рынку гэтай прадукцыі. Каляровыя тэлевізары НВА “Гарызонт” (Мінск) і “Віцязь” (Віцебск) адпавядаюць самым сучасным сусветным узорам. Высокай якасці прадукцыю выпускаюць аб’яднанні і прадпрыемствы “Планар”, “Калібр”, “БелВАР”, “Агат” (Мінск), “Маналіт” (Віцебск), “Электрамодуль” (Маладзечна), “Рытм” (Рэчыца), “Камертон” (Пінск), “Вымяральнік” (Наваполацк), фірма “Лёс” (Барань) і інш.

У Гродне выпускаюцца аўтамагнітолы, у Мінску, Паставах, Пінску і Гомелі –прылады для тэлевізараў і кампьютэраў, наладжана вытворчасць электроннай медыцынскай тэхнікі ў Новалукомлі і Рагачове, аптычнай тэхнікі ў Мінску, тэлефонных станцый у Барані. Прадпрыемствы электратэхнічнай прамысловасці выпускаюць электрарухавікі (Магілёў, Лунінец, Новалукомль), электралямпачкі (Брэст), кабель (Гомель, Мазыр), электраабсталяванне для аўтамабільнай прамысловасці (Барысаў), электрабытавыя прыборы (Мінск, Гродна, Ліда). У Мінску вырабляюцца халадзільнікі вядомай маркі “Атлант”.

Факт да роздуму: беларускія халадзільнікі”Атлант” маюць 7 элементаў камфортнасці, тады як аналагі японскай фірмы “Ташыба” і італьянскай “Ічніс” маюць па 5 элементаў, а французскі “Лібхэр” і нямецкі “Баўкнехт” – па 4. У мінскіх халадзільнікаў ніжэй удзельная матэрыялаёмістасць, расход электраэнергіі таксама значна меншы, чым у вырабаў вышэй памянёных замежных фірм. У сярэднім за перыяд 1999-2003 гг. штогод выраблялася 850 тыс. халадзільнікаў і маразільнікаў, іх выраб пастаянна расце.

Машынабудаванне Беларусі складаюць таксама такія галіны як суднабудаванне (Віцебск, Бабруйск, Гомель, Пінск, Рэчыца, Нароўля, Петрыкаў), машынабудаванне для торфаздабыўнай прамысловасці (Гомель), будаўнічае і камунальнае машынабудаванне (Магілёў, Ваўкавыск), машынабудаванне для харчовай, лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання (Баранавічы, Орша, Брэст, Мінск, Гродна), экскаватарабудаванне (Коханава), шарыкападшыпнікавая прамысловасць (Мінск, Гомель).

У кожным раённым цэнтры і ў большасці малых гарадскіх паселішчаў маецца металаапрацоўка, прадпрыемствы якой рамантуюць разнастайную тэхніку і выпускаюць тавары народнага спажывання.

Асноўнымі напрамкамі развіццямашынабудавання Беларусі з’яўляюцца далейшае павышэнне якасці прадукцыі, тэхнічнае пераабсталяванне прадпрыемстваў. Пасля развалу СССР галоўнымі напрамкамі развіцця з’яўляюцца ўдасканаленне галіновай структуры і пераарыентацыя вытворчасці на ўкараненне гібкіх аўтаматызаваных сістэм. Прыярытэтнай галіной з’яўляецца станкабудаванне. Важкімі ўмовамі далейшага развіцця машынабудавання выступаюць павышэнне тэхналагічнага ўзроўню і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, пашырэнне экспарту машын і механізмаў, прыток замежных інвестыцый і новых тэхналогій.

Тэрытарыяльная арганізацыя машынабудаванняскладвалася на планавай аснове. Буйныя універсальныя прадпрыемствы з высокай інтэграцыйнай здольнасцю размяшчаюцца ў буйных гарадах (Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель). Асабліва шмат прадпрыемстваў машынабудавання ў сталіцы краіны – буйнейшым прамысловым і культурным цэнтры. На долю Мінска прыходзіцца палова ўсёй прадукцыі машынабудавання Беларусі. У кожнай вобласці машынабудаўнічыя заводы сканцэнтраваны пераважна ў абласным цэнтры і другім па колькасці насельніцтва горадзе.

Пытанні да самападрыхтоўкі: 1. Чаму машынабудаванне з’яўляецца асноўнай галіной народнай гаспадаркі Беларусі? 2. Якія галіны машынабудавання ў найбольшай ступені адпавядаюць сацыяльна-эканамічным умовам краіны? 3. Чаму галоўнымі цэнтрамі машынабудавання з’яўляюцца буйныя гарады?