Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
24
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 7.2. Геаграфія ўстаноў адукацыі, культуры і аховы здароўя.

Агульны ўзровень адукацыі ў Беларусі дастаткова высокі, аб чым сведчаць навукова-тэхнічныя здабыткі. Нацыянальная сістэма адукацыі ўключае дашкольнае выхаванне, агульную сярэднюю адукацыю, пазашкольнае навучанне і выхаванне, прафесіянальна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю. У гэтую сістэму таксама ўключаюцца падрыхтоўка навуковых і навукова-педагагічных кадраў.

На Беларусі функцыянуюць разнастайныя дашкольныя ўстановы. Яны адрозніваюцца па відах – дзяржаўныя (бюджэтныя і ведамасныя), прыватныя, змешаныя; па тыпах (яслі, дзіцячы сад, яслі-сад, школа-сад, цэнтр развіцця); па профілях (агульнага прызначэння, з паглыбленай накіраванасцю, па догляду і нагляду, аздараўленчыя і інш.). У асноўным яны месцяцца ў гарадской мясцовасці, дзе гэтыя ўстановыы наведваюць 3/4 дзяцей. Найбольшы ахоп дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі ў Мінску, тут таксама больш дзяцей прыходзіцца ў разліку на адну ўстанову. Найменшы паказчык у Мінскай і Брэсцкай абласцях.

Факт да роздуму: у Беларусі налічваецца 4182 дашкольныя навучальныя ўстановы, у якіх выхоўваюцца больш за 360 тыс. дзяцей, або 79,7% іх агульнай колькасці, у тым ліку 28 дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці, 561 вучэбна-педагагічны комплекс “дзіцячы сад-школа”, 46 спецыяльных дашкольных устаноў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 62 інтэграваныя і 5 дыягнастычных груп для гэтай катэгорыі дзяцей, 402 пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, 49 санаторных дашкольных устаноў і 635 санаторных груп.

На Беларусі налічваецца 4,4 тыс. сярэдніх навучальных устаноў, у якіх навучаецца каля 1,4 млн. вучняў. Прадстаўлены ўстановы розных тыпаў (школы, вучэбна-педагагічныя комплексы, гімназіі, ліцэі), з якіх 12 – прыватныя. Пераважаюць па колькасці сярэднія школы. Сетка сярэдніх навучальных устаноў з’яўляецца найбольш шматлікай і разгалінаванай. Часта здараецца, што наяўнасць школы ў вёсцы забяспечвае яе далейшае існаванне. Найбольшая шчыльнасць гэтых устаноў у Мінску і Мінскай вобласці (26,9 на 1 тыс. км2), найменшая – у Гомельскай (17,4). Унікальнай установай з’яўляецца ліцэй Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Факт да роздуму: сярэднюю адукацыю забяспечваюць 4317 дзяржаўных дзённых агульнаадукацыйных школ, у тым ліку 447 пачатковых, 934 базавых, 2700 сярэдніх, 115 гімназій, 26 ліцэяў, 7 навучальна-педагагічных комплексаў, 88 школ-інтэрнатаў і школ для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; 12 недзяржаўных дзённых агульнаадукацыйных школ і 79 дзяржаўных вячэрніх (зменных) школ. У 2621 дзяржаўнай дзённай школе навучанне ажыццяўляецца на беларускай мове, у 1313 – на рускай, у 418 – на дзвюх і больш мовах, у 2 – на польскай, у 1 – на літоўскай. Захоўваецца тэндэнцыя змяншэння колькасці школ з беларускай мовай навучання.

Прафесійна-тэхнічная адукацыя забяспечваецца 242 навучальнымі ўстановамі, якія размешчаны як у гарадскіх, так і ў сельскіх паселішчах. З іх амаль 1/5 маюць статус вышэйшага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. Прафесійна-тэхнічныя вучылішчы вядуць падрыхтоўку па 350 рабочых спецыяльнасцях для ўсіх галін гаспадаркі.

Сярэдняя спецыяльная адукацыя ажыццяўляецца ў тэхнікумах, вучылішчах і каледжах. Такіх устаноў у Беларусі налічваецца 204, з якіх 13 – недзяржаўных. Гэта сельскагаспадарчыя, прамысловыя, эканамічныя, транспартныя, медыцынскімя, педагагічныя навучальныя ўстановы.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы амаль поўнасцю забяспечваюць патрэбы Беларусі ў спецыялістах з вышэйшай адукацыяй. Налічваецца 44 ўстановы дзяржаўнай формы ўласнасці і 15 – недзяржаўнай. Шматпрофільны характар маюць перш за ўсё дзяржаўныя універсітэты: Беларускі дзяржаўны універсітэт (БДУ) у Мінску, універсітэты класічнага тыпу ў Гомелі, Магілёве, Віцебску, Гродне, Брэсце, Баранавічах і Наваполацку. Яны вядуць падрыхтоўку спецыялістаў у розных галінах прыродазнаўчага, гуманітарнага і тэхнічнага накірунку. Больш вызначана кола спецыяльнасцей і накірункаў падрыхтоўкі кадраў самой назвай дзяржаўных універсітэтаў: Беларускага эканамічнага, аграрна-тэхнічнага, педагагічнага, лінгвістычнага, інфарматыкі і радыёэлектронікі, тэхналагічнага, культуры і мастацтва, нацыянальнага тэхнічнага (усе яны ў Мінску), Беларускага універсітэта транспарту ў Гомелі, аграрнага універсітэта ў Гродне, Міжнароднага універсітэта радыёэкалогіі імя А. Сахарава ў Мінску, гандлёва-эканамічнага універсітэта спажывецкай кааперацыі ў Гомелі. Працуюць педагагічны універсітэт у Мазыры, медыцынскія універсітэты ў Мінску, Гродне, Віцебску і Гомелі, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Акрамя Мінска інжынерныя кадры рыхтуюцца ў тэхнічных універсітэтах у Гомелі, Брэсце і Магілёве, тэхналагічным – у Магілёве (мал. 7.5).

Старэйшай вышэйшай навучальнай установай сельскагаспадарчага профілю з’яўляецца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках, аграномы і заатэхнікі рыхтуюцца ў аграрным універсітэце ў Гродне, ветерынараў і заатэхнікаў – у Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны.

У галіне культуры і мастацтва вышэйшую адукацыю можна атрымаць у Акадэміі мастацтваў і Акадэміі музыкі, таксама размешчаных у Мінску. Тут жа знаходзіцца і Акадэмія фізічнага выхавання і спорту. Свае вышэйшыя навучальныя ўстановы маюць у Мінску Міністэрствы абароны і унутраных спраў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, а Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Мінску і Гомелі. Плануецца стварэнне універсітэта ў Пінску і авіяцыйнай вышэйшай навучальнай установы ў Мінску.

Пасля набыцця незалежнасці ў Беларусі пачалі хутка стварацца недзяржаўныя вышэйшыя навучальныя ўстановы, але з цягам часу частка іх спыніла сваю дзейнасць. Пераважна гэтыя ўстановы рыхтуюць спецыялістаў у галіне эканомікі, права, кіравання, прадпрымальніцкай дзейнасці. Сярод іх інстытуты прадпрыймальніцтва і парламентарызму, гуманітарна-эканамічны, сучасных ведаў, правазнаўства і інш. у Мінску, Расійска-Беларусі ўніверсітэт у Магілёве.

Факт да роздуму: у недзяржаўных вышэйшых навучальных установах Беларусі займаюцца каля 60 тыс. студэнтаў, або 17% ад усіх студэнтаў. У ЗША ў прыватных установах вучыцца23% ад агульнай колькасці студэнтаў, а японскія прыватныя універсітэты забяспечвалі падрыхтоўку 3/4 ад агульнай колькасці студэнтаў. На 10 тыс. насельніцтва Беларусі прыпадаее 343 студэнты.

Установы культуры – гэта клубы, палацы і дамы культуры, цэнтры народнай творчасці, рамёстваў, бібліятэкі, музеі, паркі, помнікі гісторыка-культурнай спадчыны і інш. Яны прызначаны для духоўнага развіцця грамадства. У Беларусі налічваецца 4,2 тыс. устаноў клубнага тыпу, 86,2% якіх знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Найбольшая шчыльнасць іх у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, а найменшая – у Віцебскай. Чым меншыя па люднасці населеныя пункты, тым менш яны забяспечаны клубнымі ўстановамі: 85% сельскіх населеных пунктаў іх не маюць.

Першыя бібліятэкі на Беларусі з’явіліся пры цэрквах у Х1 стагоддзі. Самай старажытнай лічыцца бібліятэка Сафійскага сабору ў Полацку. У ХУ – ХУ1 стагоддзях узніклі прыватныя бібліятэкі, якія падчас войнаў нішчыліся або вывозіліся ў іншыя краіны. Вядома знаходжанне вялікай колькасці кніг, дакументаў і летапісаў, вывезеных з кнігасховішчаў Беларусі, у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Вільнюсе, Варшаве, Кракаве і іншых гарадах.

Публічныя бібліятэкі Беларусі камплектуюць кніжныя фонды па ўсіх галінах ведаў. Налічваецца 4,7 тыс. бібліятэк, у якіх захоўваецца амаль 75 млн. кніг. Больш за ўсё шчыльнасць бібліятэк у Гродзенскай вобласці, а менш - у Гомельскай і Віцебскай. Гонарам Беларусі з’яўляецца Нацыянальная бібліятэка, у фондах якой знаходзіцца 8 млн. кніг, часопісаў, рэдкіх выданняў. Для павелічэння якасці абслугоўвання чытачоў і захавання фондаў на праспекце Незалежнасці пабудаваны 23-павярховы “крышталь” гэтай бібліятэкі.

Значнымі фондамі вылучаюцца Прэзідэнцкая, Акадэмічная, Фундаментальная Беларускага дзяржаўнага універсітэта бібліятэкі ў Мінску, бібліятэкі абласных цэнтраў.

У Беларусі налічваецца 136 музеяў, у асноўным краязнаўчых, з іх каля 40% прыходзіцца на Віцебскую і Магілёўскую вобласць; 28 тэатраў, з іх 12 – у Мінску.

У складзе сферы паслуг вялікая роля належыць дзяржаўнай сістэме устаноў аховы здароўя. Установы рэспубліканскага ўзроўню (НДІ, клінікі і інш.) аказваюць высокатэхналагічныя віды медыцынскіх паслуг і сканцэнтраваны ў Мінску і яго наваколлі, Віцебску, Гродне, Гомелі. Спецыялізаваныя дыспансеры, бальніцы, дыягнастычныя цэнтры прымеркаваны да абласных цэнтраў і буйных гарадоў. Але самыя распаўсюджаныя ўстановы знаходзяцца ў раённых цэнтрах, малых гарадскіх паселішчах і ў сельскай мясцовасці. Яны прадстаўлены бальніцамі, дыспансерамі, сельскімі амбулаторыямі, станцыямі хуткай дапамогі, прафілактычнымі і дыягнастычнымі цэнтрамі і інш. Забяспечанасць насельніцтва паслугамі аховы здароўя ў Беларусі вышэй, чым у некаторых развітых краінах. Самы высокі ўзровень забяспечанасці медыцынскімі паслугамі ў Мінску, трохі меншы ён у Мінскай вобласці.

У прафілактыцы захворванняў важнае месца належыць санаторна-курортным установам, аб’ектам фізкультуры, спорту і адпачынку. У Беларусі налічваецца 70 санаторыяў і пансіянатаў, у тым ліку 26 дзіцячых, 88 санаторыяў-прафілакторыяў, 10 дамоў адпачынку і пансіянатаў, 155 баз адпачынку, 24 тыс. спартыўных збудаванняў.

Шырока вядомы курорт “Нарач”, спартыўныя комплексы “Алімпійскі”, “Стайкі”, “Раўбічы”, гарналыжныя комплексы “Лагойск” і “Сілічы”, крыты футбольны манеж у Мінску.

Пытанні да самападрыхтоўкі: 1. Чаму ў высокаразвітых краінах доля невытворчай сферы вялікая? 2. Ці можна Беларусь аднесці па гэтым паказчыку да развітых краін? 3. У якой ступені геаграфія невытворчай сферы залежыць ад геаграфіі насельніцтва? 4. У якіх выпадках развіццё і размяшчэнне сферы паслуг залежыць ад прыродных умоў?