Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 9.3. Гомельская вобласць.

Вобласць размешчана на паўднёвым усходзе Беларусі і мяжуе з Расіяй і Украінай. Па плошчы (40,4 тыс. км2) саступае Мінскай вобласці. Большая частка тэрыторыі размешчана ў межах Палескай нізіны. Паўднёва-ўсходняя і ўсходняя часткі ляжаць на Прыдняпроўскай нізіне. На правабярэжжы Прыпяці знаходзіцца Мазырская града. У міжрэччы Дняпра і Прыпяці знаходзяцца Хойніцка-Брагінскія вышыні. Каля вёскі Ніжнія Жары – самая паўднёвая кропка Беларусі. Гомельская вобласць вылучаецца разнастайнасцю карысных выкапняў. Тут ёсць нафта (больш за 60 радовішчаў) пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім раёнах, калійная і каменная соль, буры вугаль, гаручыя сланцы, а таксама торф, будаўнічы камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, гліны, каалін, мінеральныя (нават поліметалічныя) воды.

Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой і цёплым летам. Рэкі належаць да басейна Дняпра, які цячэ па тэрыторыі вобласці з поўначы на поўдзень на працягу амаль 400 км. З прытокаў Дняпра найбольшымі з’яўляюцца Прыпяць, Бярэзіна і Сож. У Прыпяць упадаюць Случ, Пціч, Сцвіга, Убарць і інш. Прытокі Сажа – Іпуць і Беседзь. Самае вялікае Чырвонае возера з’яўляецца трэцім па велічыні ў Беларусі. Глебы сельскагаспадарчых угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя, большасць мінеральных глеб складаюць глебы лёгкага механічнага складу. Балоты займаюць 4% тэрыторыі, яны пераважна нізінныя і большасцю асушаны. Лесам занята 49% тэрыторыі вобласці, але на захадзе і поўдні лясістасць значна большая. У вобласці створаны Нацыянальны парк “Прыпяцкі”.

Амаль 70% плошчы Гомельшчыны забруджана радыёнуклідамі з працяглым тэрмінам паўраспаду. Найбольш забруджана паўднёвая частка, дзе створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – адзіны ў свеце такога тыпу.

Факт да роздуму: радыяцыйны маніторынг атмасфернага паветра сведчыць, што цяпер у параўнанні з 1986 г. магутнасуь экспазіцыйнай дозы (МЭД) гама-выпраменьвання за кошт натуральнага распаду радыёнуклідаў зменшылася ў Брагіне і Мазыры ў 70 разоў; узроўні МЭД дасягнуць дааварыйнага ўзроўню ў Брагіне прыблізна ў 2065 г., а ў Чачэрску – ў 2024 г. Узроўні радыёактыўнага забруджвання тэрыторыі ёдам – 131 былі такімі вялікімі, што апраменьванне ім мільёнаў людзей названа спецыялістамі перыядам “ёдавага ўдару”.

У вобласці пражывае 1,5 млн чалавек, па яго колькасці яна саступае толькі Мінскай вобласці. Па колькасці сельскага насельніцтва Гомельшчына сярод абласцей займае трэцяе месца, па яго долі ў агульнай колькасці апярэджвае толькі Магілёўскую вобласць. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва – 37 чал/км2. На долю гарадскога насельніцтва прыходзіцца 70%. У межах Гомельскай вобласці налічваецца 21 адміністрацыйны раён, 35 гарадскіх паселішчаў і 2,6 тыс. сельскіх населеных пунктаў. На радыяцыйна-забруджаных у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыях жывуць больш за 1,1 млн. чалавек, або 75,9% насельніцтва вобласці. Асноўнае насельніцтва – беларусы (84,2%), жывуць рускія (11%), украінцы (3,3%) і інш.

Прадпрыемствы вобласці вырабляюць 20,5% рэспубліканскага аб’ёму прамысловай прадукцыі. Тут сканцэнтраваны амаль увесь аб’ём здабычы нафты, натуральнага газу, вытворчасці пракату, чорных металаў, збожжаўборачных камбайнаў, увесь аб’ём вытворчасці фосфарных угнаенняў, металакорду, кормаўборачных камбайнаў, паліраванага шкла, вырабляецца 93% ад агульнай вытворчасці ў краіне сталі, 94% школьных сшыткаў, 70% шпалераў, 58% кардону, 52% паперы, 54% маргарыну. У вобласці здабываецца 1,8 млн т і перапрацоўваецца амаль 8 млн т нафты, выплаўляецца 1,6 млн т сталі, вырабляецца амаль 0,3 млн т кухоннай солі. Працуе 341 прамысловае прадпрыемства, у асноўным у Гомелі, Мазыры. Жлобіне, Светлагорску і Рэчыцы. У раённых цэнтрах, гарадскіх пасёлках і нават у сельскай мясцовасці ёсць прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць мясцовыя рэсурсы (сельскагаспадарчую сыравіну, лес, будаўнічыя матэрыялы). Каля 1/3 прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў вобласці экспартуецца ў больш за 70 краін свету, у асноўным жа ў Расію і Германію. Дзейнічае свабодная эканамічная зона “Гомель-Ратон”. Эканамічныя сувязі з іншымі краінамі развіваюцца ў рамках еўрарэгіёна “Дняпро”.

Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць 35% тэрыторыі (1,4 млн. га). Найбольш асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі і Добрушскі раёны. Пераважаюць пасевы збожжавых і кармавых культур. Значна выраслі плошчы пасеваў рапсу і агародніны, а бульбы – зменшыліся. Вобласць у краіне вылучаецца як галоўны вытворца цыбулі, часнаку, зялёнага гарошку. Гомельская вобласць спецыялізуецца на мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі з развітай свінагадоўляй і бульбаводстве. Вакол Гомеля склалася прыгарадная зона спецыялізацыі сельскай гаспадаркі (малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, птушкагадоўля, развітое агародніцтва, асабліва цяплічнае, садоўніцтва), такая ж хутка развіваецца вакол Мазыра.

Адміністрацыйны цэнтр вобласці Гомель (каля 0,5 млн. жыхароў), другі па колькасці насельніцтва горад Беларусі. Знаходзіцца за 301 км на паўднёвы ўсход ад Мінска. У летапісу ўпершыню ўпамінаецца пад 1142 г. Стаіць на рацэ Сож пры ўпадзенні Іпуці. У горадзе працуюць больш за 100 прамысловых прадпрыемстваў. У структуры прамысловай прадукцыі перабольшае машынабудаванне і металаапрацоўка. Буйнейшымі прадпрыемствамі галіны з’яўляюцца “Гомсельмаш”, заводы падшыпнікавы, вымяральных прылад, пускавых рухавікоў, станочных вузлоў, станкабудаўнічы, спецыяльнага інструменту і тэхналагічнай аснасткі прадпрыемствы і таварыствы “Электраапаратура”, “Карал”, “Цэнтраліт”, “Гідрапрывад”, “Гомелькабель”, “Ратон”, радыёзавод, суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш. Хімічная прамысловасць прадстаўлена заводамі хімічным, хімічных і пластмасавых вырабаў. Перапрацоўку драўніны ажыццяўляюць аб’яднанне “Гомельдрэў”, мэблевая фабрыка “Прагрэс”. Шырока вядома прадукцыя фабрыкі мастацкіх вырабаў, таварыства “Гомельшпалеры”, шклозавода ў прыгарадзе Гомеля Касцюкоўцы, люстэркавай фабрыкі, абутковых (“Праца”, “Бацік”), швейных і трыкатажных (“8 сакавіка”, “Камінтэрн”, “Элві”, “Гамяльчанка”), кандытарскіх (“Спартак”) прадпрыемстваў. Дзейнічаюць рачны порт і аэрапорт.

У Гомелі 7 ВНУ: універсітэт імя Ф. Скарыны, універсітэты транспарту, тэхнічны імя П. Сухога, гандлёва-эканамічны спажывецкай кааперацыі, медыцынскі, філіял Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін, інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, 15 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. У Гомелі дзейнічаюць драматычны тэатр, тэатр лялек, цырк і філармонія – усяго больш за 80 устаноў культуры, праводзяцца міжнародныя фестывалі.

Другі па значэнні ў вобласці горад Мазыр(амаль 112 тыс. жыхароў), які знаходзіцца на рацэ Прыпяць за 133 км на паўднёвы усход ад Гомеля. Упершыню ўпамінаецца ў летапісу пад 1155 г. Сучасны Мазыр – буйны прамысловы цэнтр. Сваю прадукцыю выпускаюць заводы нафтаперапрацоўчы, “Мазырсельмаш”, “Беларускабель”, машынабудаўнічы, таварыствы “Мазырдрэў” і “Мазырсоль”, швейная “Надэкс”, трыкатажная “Славянка”, мастацкіх вырабаў фабрыкі. Дзейнічаюць рачны порт і аэрапорт. У Мазыры рыхтуюцца спецыялісты ў педагагічным універсітэце, політэхнічным тэхнікуме, медыцынскім і музычным вучылішчах. У 1990 г. адкрыўся драматычны тэатр імя І. Мележа. Горадам-спадарожнікам Мазыра з’яўляецца горадКалінкавічы(каля 40 тыс. жыхароў), вузел чыгунак на Гомель, Жлобін, Брэст, Оўруч (Украіна) і аўтамабільных дарог, вядомы сваімі прадпрыемствамі (заводамі бытавой хіміі і рамонтна-механічным, мэблевай фабрыкай і мясакамбінатам), Палескім аграрным каледжам і гісторыка- краязнаўчым музеем.

Хутка развіваецца Жлобін(звыш 70 тыс. жыхароў), які размешчаны за 83 км на паўночны захад ад Гомеля на рацэ Дняпро. Вузел чыгуначных і аўтамабільных дарог. Прамысловы комплекс горада вызначаюць металургічны завод, таварыста “БелФА”, фабрыкі швейныя, мастацкай інкрустацыі. У горадзе існуе адзіны ў Беларусі металургічны тэхнікум. У 1989 г. заснаваны гісторыка-краязнаўчы музей. Ёсць заапарк.

Новы горад Светлагорск (больш за 70 тыс. жыхароў) узнік каля былога гарадскога пасёлка Шацілкі ў сувязі з будаўніцтвам Васілевіцкай ДРЭС (цяпер Светлагорская ЦЭЦ). Знаходзіцца на рацэ Бярэзіна. Вельмі кампактны і сучасны горад у сасновым бары. Створаны сем мікрараёнаў. Працуюць таварыствы “Светлагорскі завод жалезабетонных вырабаў і канструкцый” і “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат”, домабудаўнічы камбінат, аб’яднанне “Хімвалакно”, фабрыка мастацкай інкрустацыі. У горадзе ёсць філіял Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва, музей гісторыі горада і карцінная галерэя імя Г. Пранішнікава. Для Светлагорска як цэнтра хімічнай прамысловасці актуальна экалагічная праблема, звязаная з забруджваннем ракі Бярэзіна і паветра прамысловымі выкідамі.

Горад Рэчыца (каля 70 тыс. жыхароў) стаіць на правым беразе Дняпра пры ўпадзенні ў яго ракі Ведрыч за 50 км на захад ад Гомеля. Аўтамабільныя дарогі, чыгуначная станцыя і рачны порт забяспечваюць сувязі з іншымі гарадамі краіны. У канцы 12 ст. тут існаваў умацаваны пункт, а дзядзінец 13 ст. знаходзіўся на месцы гарадзішча ранняга жалезнага веку і эпохі Кіеўскай Русі. Рэчыца – горад развітай прамысловасці. Тут размешчаны метызны, гідролізны, малочны і газаперапрацоўчы заводы, АТ “Рэчыцадрэў”, “Рэчыцкі тэкстыль”. На поўнач ад Рэчыцы ў вёсцыАзяршчына знаходзіцца суднабудаўніча-суднарамонтны завод. У горадзе сельскагаспадарчы тэхнікум і педагагічны каледж, краязнаўчы музей, філіял Гомельскага абласнога архіва.

Рагачоў (каля 35 тыс. жыхароў) знаходзіцца за 121 км на поўнач ад Гомеля ля сутокаў Дняпра і Друці. Гэта адзін са старажытных гарадоў Беларусі, які ўпершыню ўпамінаецца пад 1142 г. Працуюць малочнакансервавы камбінат, завод “Дыяпраектар”, прадпрыемствы прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Створаны музей народнай славы.

Астатнія гарады саступаюць вышэй названым гарадам і па колькасці насельніцтва і па гаспадарчым значэнні. Усе яны арыентуюцца на перапрацоўку мясцовай сыравіны і сарыентаваны на забеспячэнне патрэб сваіх жыхароў і навакольнага насельніцтва. Але многія з іх маюць свае адметнасці. Горад Добруш(каля 20 тыс. жыхароў) вядомы папяровай фабрыкай і фарфора-фаянсавым заводам. УЖыткавічах(каля 17 тыс. жыхароў) – маторабудаўнічы завод, уХойніках(каля 15 тыс. жыхароў) – фабрыка мастацкіх вырабаў і філіял гомельскага завода “Гідрапрывад”, уПетрыкаве (звыш за 10 тыс. жыхароў) – суднабудаўніча-суднарамонтны завод, уЕльску(10 тыс. жыхароў) – мэблевая фабрыка, уНароўлі(звыш 8 тыс. жыхароў) – кандытарская фабрыка “Чырвоны мазыранін”, уВетцы(каля 8 тыс.жыхароў) – бавоўнапрадзільная фабрыка і музей народнай творчасці, уТураве(больш за 3 тыс. жыхароў) – краязнаўчы музей і гістарычныя помнікі.

Пытанні да самападрыхтоўкі: 1. Якія карысныя выкапні здабываюцца на тэрыторыі вобласці? 2. Чым вызначаецца прамысловасць вобласці ў тэрытарыяльным падзеле працы? 3. Якія фактары абумовілі размяшчэнне ў Жлобіне пераробчага металургічнага завода, а ў Светлагорску – аб’яднання “Хімвалакно”?