Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
СЭГ РБ - вытрымкі са школьнага падручніка - 2005.doc
Скачиваний:
46
Добавлен:
29.05.2017
Размер:
724.99 Кб
Скачать

§ 9.4. Гродзенская вобласць.

Гродзенская вобласць знаходзіцца на захадзе Беларусі і мяжуе з Польшай і Літвою. Гэта самая маленькая па плошчы (25,1 тыс. км2) вобласць краіны. У цэнтры знаходзіцца Нёманская нізіна, якая выцягнута ўздоўж Нёмана. На крайнім паўночным усходзе ляжыць частка Нарачана-Вілейскай нізіны, на паўднёвы захад ад яе – Ашмянскае ўзвышша з максімальнай кропкай 320 м над узроўнем мора (г. Мілідаўская). На поўначы вобласці вылучана Лідская раўніна. Уздоўж межаў вобласці знаходзяцца ўзвышшы: на паўночным захадзе – Гродзенскае, на паўднёвым захадзе – Ваўкавыскае, на паўднёвым усходзе – Навагрудскае (найвышэйшая кропка 323 м – г. Замкавая). З карысных выкапняў найбольш распаўсюджаны торф, мел, гліны, цэментная і вапнавая сыравіна, сілікатныя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. У Карэліцкім раёне геолагамі знойдзена радовішча ільменіт-магнетытавых руд. Клімат на тэрыторыі вобласці ўмерана кантынентальны з кароткай і цёплай зімой, доўгім і ўмерана цёплым летам. Па тэрыторыі працякаюць рака Нёман з прытокамі Вілія, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач. Азёр мала, найбольшыя з іх Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь. Глебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя. Лясамі занята 1/3 тэрыторыі вобласці. Найбольшая лясістасць у Свіслацкім раёне, найменш лясоў у Зэльвенскім і Бераставіцкім раёнах. На Гродзеншчыне знаходзяцца поўнасцю або часткова буйныя лясныя масівы-пушчы – Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская. Пад балотам 6,6% тэрыторыі, яны ў асноўным нізінныя і большай часткай асушаны. На тэрыторыю вобласці заходзіць частка Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”.

Па колькасці насельніцтва (1,1 млн чалавек) саступае ўсім абласцям Беларусі, затое па колькасці сельскага насельніцтва апярэджвае Віцебскую і Магілёўскую вобласці. Тут высокая сярэдняя шчыльнасць насельніцтва (46 чал/км2), але па тэрыторыі вагаецца ад 16 чал/км2ў Свіслацкім да 69 чал/км2ў Ваўкавыскім раёнах. Гарадское насельніцтва складае 65% агульнай колькасці. Жывуць у асноўным беларусы (62%), але многа палякаў (25%) і рускіх (10%). У вобласці 17 адміністрацыйных раёнаў, 32 гарадскіх паселішчы і амаль 4,4 тыс. сельскіх населеных пунктаў.

У геаграфічным падзеле працы вобласць вылучаецца вытворчасцю прадукцыі машынабудавання. хімічнай, дрэваапрацоўчай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. У Гродзенскай вобласці сканцэнтравана ўся вытворчасць краіны бульбаўборачных машын, капралактаму, сінтэтычнага аміяку, вырабляецца 95% ад агульнага аб’ёму вытворчасці ў краіне азотных угнаенняў, 40% лакафарбавых матэрыялаў, 95% трактарных сеялак, 73% радыёпрыёмных прылад, 61% шыферу, 46% цэменту – усяго каля 400 відаў прадукцыі. Асноўныя прамысловыя прадпрыемствы знаходзяцца ў шматгаліновых цэнтрах: гарадах Гродна, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Навагрудак, Смаргонь. Больш за 200 прадпрыемстваў вобласці выпускаюць каля 10% прадукцыі рэспублікі. Створана свабодная эканамічная зона “Гродна-Інвест”. Замежныя сувязі ажыццяўляюцца ў рамках еўрарэгіёна “Нёман”.

Сельскагаспадарчыя ўгоддзі (каля 1,3 млн. га) займаюць больш паловы тэрыторыі. Па эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці Гродзенская вобласць займае вядучае месца ў краіне. Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі на поўначы і паўночным усходзе – развітая малочна-мясная жывёлагадоўля і свінагадоўля з развітым ільнаводствам, на усходзе – малочна-мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля з развітым бульбаводствам і пасевамі ільну, на захадзе – высокаразвітая малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля з сеяннем цукровых буракоў і бульбаводствам. Вакол Гродна сфарміравалася прыгарадная спецыялізацыя, такая ж фарміруецца вакол Ліды. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры.

Па тэрыторыі вобласці прайшла першая ў Беларусі чыгунка з Вільні праз Парэчча і Гродна на Варшаву. Цяпер жа працягласць чыгункі на Гродзеншчыне складае 672 км. Чыгуначнымі вузламі сталі Гродна, Ліда, Ваўкавыск і Масты. Амаль усе аўтамабільныя дарогі агульнага карыстання ў вобласці маюць цвёрдае пакрыццё. Вялікія перспектывы мае рачны транспарт на Нёмане і асабліва на Аўгустоўскім канале.

Зусім нядаўна колькасць насельніцтва ў абласным горадзе Гродна была невялікай, ён дагэтуль захаваў рысы старажытнага губернскага цэнтра. Зараз тут жывуць каля 315 тыс. жыхароў. Гэта пяты па колькасці жыхароў горад краіны.

Факт да роздуму: гродзенскі стараста А. Тызенгауз у 1770 – 80 гг. заснаваў у Гродне і яго ваколіцах шэраг мануфактур. У гэты час у горадзе існавала урачэбная акадэмія, якая паклала пачатак развіццю медыцынскай навукі ў Беларусі. Пры акадэміі былі шпіталь і батанічны сад. У горадзе заснаваны прафесійныя школы: ветэрынарная, бухгалтэрыі і рахункаводства, землямерная, тэатральная і іншыя, кадэцкі корпус, бібліятэка, музей гісторыі прыроды. Выдаваліся газета, календары, дзейнічаў тэатр. У Гродне ў 1793 г. прайшоў сейм, на якім быў зацверджаны другі падзел Рэчы Паспалітай.

Размешчаны горад за 300 км на захад ад Мінска побач з дзяржаўнай мяжой на абоіх берагах Нёмана пры ўпадзенні ў яго ракі Гараднічанкі. Вядомы з канца 10 ст.

Сучаснае Гродна – адзін з вядучых прамысловых цэнтраў Беларусі з больш чым 60 прадпрыемствамі, якія выпускаюць мінеральныя ўгнаенні, капралактам,сінтэтычныя валокны, радыёпрыёмнікі, абутак, адзенне, прадукты харчавання. Галоўнай галіной з’яўляецца хімічная прамысловасць. Шырока вядомы акцыянерныя таварыствы “Гродна-Азот”, “Гродна-Хімвалакно”. Тут працуюць прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі “Белкард”, “Радыёхваля”, “Белтапаз”, заводы аўтамабільных агрэгатаў і гандлёвага машынабудавання. У лёгкай прамысловасці працуюць швейныя фірмы “Элод”, “Акцэнт”, абутковая фабрыка “Нёман”, тэкстыльныя прадпрыемствы “ГРОНІТЭКС” і “Гроднатэкстыль”, гарбарнае аб’яднанне. У Гродне ёсць шклозавод, будуецца гідраэлектрастанцыя.

Горад з’яўляецца буйным цэнтрам культуры і навукі. Тут працуюць 10 каледжаў, універсітэт імя Я.Купалы, медыцынскі і аграрны універсітэт, Вышэйшая духоўная каталіцкая семінарыя. У Гродне знаходзіцца адзіны ў краіне музей гісторыі рэлігіі, працуюць гістарычна-археалагічны музей, музей рамёстваў, дамы-музеі М. Багдановіча, Э. Ажэшкі, абласны драматычны тэатр і тэатр лялек, старэйшы на Беларусі заапарк. Візітнай культурнай карткай горада з’яўляецца Усебеларускі фестываль нацыянальных культур. Гродна – адзін з гарадоў Беларусі, дзе захавалася амаль цалкам старажытная планіроўка. Больш за 400 аб’ектаў гісторыі і архітэктуры розных стыляў 12-20 ст. знаходзяцца пад аховай дзяржавы, у тым ліку комплекс Старога замка 11 – 19 ст., Барысаглебская (Каложская) царква 12 ст. У Гродне доўгі час жылі пісьменнікі Э. Ажэшка, В. Быкаў, тут прайшло дзяцінства паэта М. Багдановіча.

Другі горад вобласці – Ліда(каля 100 тыс. жыхароў) вядомы з 1380 г. Размешчаны за 112 км на паўночны усход ад Гродна на рацэ Лідзея. У сучасным горадзе больш за 30 прамысловых прадпрыемстваў хімічнай (“Лакафарба”), машынабудавання (“Нёман”, “Лідаагрампраммаш”, “Лідсельмаш”, заводы ліцейна-механічны і электравырабаў, “Оптык”, харчовай (“Лідахарчканцэнтраты”) і лёгкай (абутковая фабрыка) прамысловасці. У горадзе тэхнічны і педагагічны каледжы, краязнаўчы музей, замак – помнік архітэктуры 14 ст.

Слонім (звыш 50 тыс. жыхароў) размешчаны на рацэ Шчара пры ўпадзенні ў яе ракі Уса за 143 км на паўднёвы захад ад Гродна. Гэта старажытны прамысловы і культурны цэнтр. Цяпер тут працуе больш за 20 прадпрыемстваў, найбольш значныя з якіх “Слоніммэбля”, кардонна-папяровы завод “Альбярцін”, камвольна-прадзільная фабрыка. З устаноў невытворчай сферы можна зазначыць каледж, медыцынскае вучылішча, беларускі драматычны тэатр, краязнаўчы музей імя І. Стаброўскага (дзейнічае з 1929 г.). У межах горада пачынаецца Агінскі канал. Каля горада ў вёсцы Жыровічы знаходзіцца помнік архітэктуры і адначасова дзеючыя Жыровіцкі Свята-Успенскі мушчынскі манастыр і Мінская духоўная акадэмія. У манастыры захоўваецца адна з хрысціянскіх святынь Беларусі – Жыровіцкі абраз Маці Божай.

Ваўкавыск (каля 50 тыс. жыхароў) размешчаны за 86 км на паўднёвы захад ад Гродна на рацэ Рось пры ўпадзенні ў яе ракі Ваўкавыя на перакрыжаванні чыгункі. Гэта цэнтр машынабудавання (заводы дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, ліцейнага абасталявання) і харчовай прамысловасці (“Беллакт”, мясакамбінат). У горадзе ёсць педагагічны і аграрны каледжы, ваенна-гістарычны музей ім П. Баграціёна. Непадалёк знаходзіццаг.п. Краснасельскі– буйны цэнтр цэментнай прамысловасці.

Напрыканцы існавання СССР горад Смаргонь (звыш 35 тыс. жыхароў) вельмі хутка развіваўся і меў магчымасць стаць другім горадам вобласці. Знаходзіцца за 260 км на поўначы ад Гродна на рацэ Оксна і яе прытоку Гервятка. У горадзе працуюць заводы аптычнага станкабудавання, агрэгатны, малочных прадуктаў і камбікормавы, прадпрыемства “Смаргоньсілікатабетон”.

Старажытны горад Навагрудак(больш за 30 тыс. жыхароў) знаходзіцца за 162 км на ўсход ад Гродна. Паводле археалагічных звестак ужо ў канцы 10 ст. тут існавала паселішча. Шэраг гісторыкаў з 1252 г. лічаць Навагрудак сталіцай Вялікага княства Літоўскага. У горадзе працуюць больш 10 прамысловых прадпрыемстваў (заводы газавай апаратуры, металавырабаў, швейная фабрыка і інш.), гандлёва-эканамічны і аграрны каледжы, гісторыка-краязнаўчы музей і дом-музей А. Міцкевіча. На Замкавай гары захаваліся рэшткі замка – старажытнага цэнтра горада, дзе зараз праводзяцца фестывалі сярэднявечнай культуры.

Горад Масты (каля 18 тыс. жыхароў) месціцца на рацэ Нёман пры ўпадзенні ў яе ракі Зальвянкі і знаходзіцца за 60 км на паўднёвы ўсход ад Гродна. Вядомы як буйны цэнтр дрэваапрацоўчай прымсловасці, развітым машынабудаваннем (заводы “Аўтапровад”, сельскагаспадарчага і транспартнага машынабудавання) вызначаецца горадШчучын(16 тыс. жыхароў).

Сярод іншых гарадоў можна назваць Бярозаўку(12 тыс. жахароў) са шклозаводам “Нёман”,Скідзель(звыш 10 тыс. жыхароў) з цукровым заводам, Ашмяны(каля 15 тыс. жыхароў) з заводамі “Радыётэхніка”, “Будаўнік” , краязнаўчым музеем імя Ф. Багушэвіча і аграрна-эканамічным каледжам. У Карэліцкім раёне вядомыг.п. Мірз палацава-замкавым комплексам і пейзажным паркам.

Пытанні да самападрыхтоўкі: 1. Чым адметная прырода Гродзенскай вобласці? 2. Якая тэрытарыяльная структура прамысловасці вобласці? 3. Чаму сельская гаспадарка Гродзенскай вобласці самая развітая ў Беларусі? 4. Якія фактары паўплывалі на развіццёГродна і Слоніма ў якасці культурна-гістарычных цэнтраў?