Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лейко Н.А.,Федорина А.и. Каталогтзация документ....doc
Скачиваний:
30
Добавлен:
06.11.2018
Размер:
869.89 Кб
Скачать

2.3. Бібліятэчна-бібліяграфічная класіфікацыя (ббк)

2.3.1. Стварэнне ббк і яе прынцыповыя асновы

Важнейшым інструментам, які забяспечвае раскрыццё інфармацыйных масіваў па змесце, лічацца класіфікацый­ныя сістэмы. Адной з найбольш шырока выкарыстоўваемых у нашай краіне з’яўляецца “Библиотечно-библиографическая классификация” (ББК).

ББК – універсальная, навуковая, дэталёва распрацаваная, іерархічная, камбінацыйная класіфікацыйная сістэма, адна з буйнейшых у свеце. Яна існуе і выкарыстоўваецца больш як 40 гадоў. ББК распрацавана ў 1936–68 гг., з’яўляецца На­цыянальнай класіфікацыйнай сістэмай Расіі. У 1981 г. за стварэнне ББК 12 супрацоўнікаў былі ўзнагароджаны ў галіне навукі.

Работа па стварэнні Бібліятэчна-бібліяграфічнай класіфіка­цыі вялася доўгія гады. Прынцыповыя асновы ББК былі вызначаны Л.Н.Трапоўскім у 1930 г. Кіраўніцтва работай па стварэнні класіфікацыйнай сістэмы ў 1936–1951 гг. ажыццяў­ляў Е.І.Шамурын. Перад стваральнікамі класіфікацыі былі абазначаны наступныя патрабаванні:

– адзінства класіфікацыйнай сістэмы для ўсіх бібліятэк краіны;

– навуковасць бібліятэчнай класіфікацыі.

Была пастаўлена задача ў першую чаргу распрацаваць класіфікацыйную сістэму для буйных навуковых бібліятэк. Галоўным рэдактарам па распрацоўцы дадзенай класіфі­кацыйнай сістэмы была прызначана В.П.Цясленка. Акрамя членаў рэдкалегіі і супрацоўнікаў бібліятэк для кансультацыі запрашалася вялікая колькасць вучоных і спецыялістаў Акадэміі навук, навучальных устаноў, дзеячаў навукі, куль­туры і мастацтва.

Работа вялася на працягу многіх гадоў. Завершана чатырма буйнейшымі бібліятэкамі і арганізацыямі: Дзяржаўнай бібліятэкай СССР імя У.І.Леніна, Публічнай бібліятэкай імя М.Я.Салтыкова-Шчадрына, бібліятэкай Расійскай акадэміі навук, Усесаюзнай кніжнай палатай. Узначальваў работу НДА Дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І.Леніна. Друкаваць табліцы пачалі з 1960 г.

У выніку ў 1960–1968 гг. былі выдадзены табліцы ББК для навуковых бібліятэк у 25 выпусках (30 кнігах), у 1970–1972 гг. – скарочанае выданне для навуковых бібліятэк у 5 выпусках (6 кнігах). У 1975 г. з’явіўся Алфавітна-прадметны паказаль­нік да скарочанага выдання для навуковых бібліятэк. Аналіз дадзеных варыянтаў табліц ББК дае падставу меркаваць аб яе прынцыповых асновах.

Галоўныя прынцыпы пабудовы табліцы – навуковасць і аб’ектыўнасць. Прынцып навуковасці пацвярджае размя­шчэнне аддзелаў:

Навукі аб нежывой прыродзе

Навукі аб жывой прыродзе

Навукі аб грамадстве

Навукі аб мысленні.

Прынцып аб’ектыўнасці выцякае з сувязі прадметаў, выяў­ляецца ў размяшчэнні матэрыялаў ад простага да больш скла­данага.

Філасофска-метадалагічнай асновай ББК з’яўляецца класі­фікацыя навук і з’яў рэчаіснасці, якая базіруецца на прын­цыпах аб’ектыўнасці і развіцця. Яна выражаецца ў пэўнай субардынацыі навук, згодна класіфікацыі відаў матэрыі і формаў яе руху, у пераходзе ад ніжэйшага да вышэйшага, ад простага да складанага. ББК уключае таксама прамежкавыя, пераходныя навукі. У табліцах добра адлюстраваны працэсы дыферэнцыяцыі і інтэграцыі навук.

У ББК прадстаўлена не толькі сістэма навук, але і сістэма аб’ектаў, вывучаемых навукамі, не толькі навуковыя паняцці, дысцыпліны, але і факты грамадскага жыцця, галін практыч­най дзейнасці мастацтва. Пры выкарыстанні табліц ёсць маг­чымасць адлюстраваць не толькі змест, але від і форму вы­дання.

Існуе звыш 30 перакладаў ББК на розныя мовы, у тым ліку армянскую, балгарскую, беларускую, в’етнамскую, кіргіз­скую, латышскую, малдаўскую, мангольскую, нямецкую, ук­раінскую, чэшскую і інш. ББК таксама перакладзена і вы­карыстоў­валася ў Балгарыі, В’етнаме, на Кубе, Манголіі, Чэхаславакіі, Германіі і іншых краінах. У прыватнасці, у Балгарыі табліцы ББК прымяняліся ў бібліятэках усіх тыпаў. Фонды і каталогі буйнейшых бібліятэк краіны – Нацыя­нальнай бібліятэкі імя Кірыла і Мяфодзія ў Сафіі, гарадской бібліятэкі горада Плоўдзіва і інш. – былі пераведзены на табліцы ББК. Ёй прысвечаны шэраг публікацый замежных аўтараў.

У 1998 г. адбылася навуковая канферэнцыя “ББК. Новые горизонты организации знаний”, прысвечаная 30-годдзю ББК, на якой вызначаны вартасці і недахопы ББК, перспек­тывы яе далейшага развіцця і выкарыстання. ББК – гэта нацыянальная класіфікацыйная сістэма Расіі. Выкарыстоў­ваецца ва ўсіх тыпах бібліятэк: навуковых, абласных, маса­вых, дзіцячых і школьных, бібліятэках ВНУ не толькі пры стварэнні традыцыйных ІПС, але і ў якасці ІПМ аўтаматы­заваных ІПС. Выкарыстанне ББК забяспечвае лінгвістычную сумяшчальнасць электрон­нага і традыцыйнага каталогаў. Аб гэтым сведчаць публікацыі буйнейшых спецыялістаў у галіне каталагізацыі, у тым ліку даследчыкаў ББК, сярод іх: Э.Р.Сукіасян, Н.Г.Гендзіна, Ю.Г.Селіванава, В.А.Лаўрэнава, Т.С.Голдзвінская, Р.Б.Лазуркіна і інш.

ББК адведзена пачэснае месца сярод буйнейшых класіфі­кацыйных сістэм свету, сістэм, якія развіваюцца і выкары­стоўваюцца. Яна займае 4-е месца пасля ДКД, УДК, “Клас­сификации Библиотеки Конгресса США”.