Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лейко Н.А.,Федорина А.и. Каталогтзация документ....doc
Скачиваний:
30
Добавлен:
06.11.2018
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Метады сістэматызацыі дакументаў

Пры выбары класіфікацыйнага рашэння неабходна ўліч­ваць не толькі асноўныя прынцыпы, але і метады сістэматы­зацыі дакументаў. Гэта мнагакратнае (паўторнае) адлюстра­ванне дакумента, аналітычная сістэматызацыя.

Для рознабаковага раскрыцця ў сістэматычным каталогу (СК) зместу кнігі рэкамендуецца метад мнагакратнага (паў­торнага) адлюстравання дакумента. Паўторна адлюстроў­ваюцца кнігі, у якіх разглядаюцца некалькі пытанняў. Ас­ноўны індэкс паказвае, якому прадмету ў кнізе ўдзяляецца найбольш увагі. Калі няма падстаў аддаць перавагу таму ці іншаму, тады асноўны індэкс дакумента прызначаецца пра­дмету, які адлюстраваны першым у класіфікацыйным радзе, а дадатковы індэкс прызначаецца другому прадмету.

Метад мнагакратнага (паўторнага) адлюстравання ў адпа­веднасці з метадычнымі ўказаннямі класіфікацыйных сістэм выкарыстоўваецца ў наступных выпадках:

– пры сістэматызацыі дакументаў, у якіх разглядаюцца некалькі пытанняў або прадметаў. Напрыклад, “Даведнік па матэматыцы і фізіцы” атрымае поўны індэкс 22.1я2+22.3я2 і будзе адлюстраваны ў сістэматычным каталогу ў абодвух галінах ведаў. Кніга “Беларусь – Польшча: з гісторыі адносін (1940 г.)” атрымае індэкс 63.3(4Беі)62+63.3(4Пол) 62;

– пры сістэматызацыі дакументаў, якія ўяўляюць асаблі­вую навуковую цэннасць і актуальнасць. У першую чаргу гэта тычыцца афіцыйных дакументаў, навуковых выданняў, некаторых мнагатомных выданняў. Напрыклад, Закон “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь” атрымае поўны індэкс 78.3(4Беі)+67.407(4Беі)-3;

– у прыватнай методыцы сістэматызацыі дакументаў, калі за класіфікацыйным дзяленнем змешчаны метадычныя ўка­занні, у якіх звяртаецца ўвага на магчымасць паўторнага ад­люстравання ў адпаведных аддзелах. У прыватнасці, у ад­дзеле “9 Літаратура ўніверсальнага зместу” раздзел “91.9 Га­ліновыя біблія­графічныя дапаможнікі (паказальнікі, спісы, агляды)” знаходзіцца метадычнае ўказанне аб тым, што “галі­новыя бібліяграфічныя дапаможнікі збіраюцца ў адпаведных падраздзяленнях 91.9 і паўторна адлюстроўваюцца ў адпавед­ных падраздзяленнях класіфікацыі”. Таму бібліяграфічны па­казальнік па гісторыі Беларусі атрымае поўны індэкс 91.9: 63+63.3(4Беі)я1.

Метад паўторнага адлюстравання поўна раскрывае змест кніг, павялічвае пошукавыя функцыі каталога.

Пры сістэматызацыі дакументаў іншы раз узнікае неабход­насць не толькі ў раскрыцці зместу дакумента, але і ў адлю­страванні яго састаўной часткі. У такім выпадку выкарыстоў­ваецца метад аналітычнай сістэматызацыі. Сутнасць дадзе­нага метаду заключаецца ў тым, што ў СК або картатэках адлюстроўваецца частка дакумента (артыкул з кнігі, матэрыя­лаў навуковых канферэн­цый, навуковых зборнікаў і г.д.). Мэ­тазгоднасць метаду аналітычнай сістэма­тызацыі вы­значаецца саставам фонду, сістэмай каталогаў і картатэк, запытамі карыстальнікаў інфармацыі. Найбольш шырока гэ­ты метад выкарыстоўваецца ў медыцынскіх, навуковых, дзіцячых і школьных бібліятэках. Пры выкарыстанні метаду аналітыч­най сістэматызацыі асноўным з’яўляецца індэкс, які адлюст­роўвае змест дакумента ў цэлым (кнігі, зборніка і г.д.), а дадатковым будзе аналітычны індэкс, які адлюстроўвае змест састаўной часткі дакумента (артыкула, главы і г.д.).