Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лейко Н.А.,Федорина А.и. Каталогтзация документ....doc
Скачиваний:
30
Добавлен:
06.11.2018
Размер:
869.89 Кб
Скачать

1.2. Патрабаванні да інфармацыйна-пошукавых моў

Інфармацыйна-пошукавыя мовы (ІПМ) могуць быць рэалі­заваны ў наступных формах: машыначытальнай, карткавай, на мікраносьбітах, у форме кніжнага выдання. Агульныя патрабаванні да інфармацыйна-пошукавых моў наступныя:

– поўна і дакладна перадаваць змест, а пры неабходнасці форму і назначэнне дакумента;

– забяспечваць адназначнае тлумачэнне тэрмінаў індэкса­вання;

– магчымасць многааспектнага індэксавання;

– магчымасць унясення змяненняў (дапаўненняў) і выпраў­ленняў;

– зручнасць індэксавання, інфармацыйнага пошуку і вя­дзення ІПС;

– адлюстроўваць сучасную тэрмінасістэму.

Калі пры індэксаванні дакументаў сустракаюцца склада­ныя выпадкі, неабходна прымаць метадычныя рашэнні. Такія метадычныя рашэнні, а таксама рашэнні, якія маюць тыпавы характар, павінны быць зафіксаваны ў адпаведнасці з пра­віламі, прынятымі ў канкрэтнай ІПС, і адлюстраваны ў кар­татэцы метадычных рашэнняў або рабочых табліцах кла­сіфікацыі.

Сістэматызатары ў сваёй рабоце выкарыстоўваюць цэнт­ралізаванае індэксаванне. У стандарце 7.59-2003 “Индексиро­вание документов. Общие требования к систематизации и предметизации” яму даецца такое азначэнне: “Цэнтралізава­нае індэксаванне – гэта індэксаванне, якое праводзіцца ў метадычных цэнтрах або пад іх кіраўніцтвам для выкары­стання ў розных арганізацыях”.

1.3. Тэхналагічныя працэсы і агульныя правілы індэксавання

Агульныя правілы індэксавання ахопліваюць наступныя ўзаемазвязаныя працэсы:

– аналіз зместу дакумента як аб’екта індэксавання;

– выяўленне і адбор сэнсавых кампанентаў у змесце даку­мента;

– прыняцце рашэння аб складзе ПВД;

– афармленне адабраных сэнсавых кампанентаў як паняц­цяў у тэрмінах індэксавання адпаведнымі сродкамі дадзенай ІПМ;

– рэдагаванне тэрмінаў індэксавання ў ПВД.

Пры індэксаванні неабходна прытрымлівацца аднаго з га­лоўных яго правілаў – усе працэсы павінны быць узаема­звязаны.

Першапачаткова змест дакумента фармулюецца ў адволь­най славеснай форме. Увага звяртаецца на ўсе элементы, каб лепш уявіць змест, форму і назначэнне дакумента. У сувязі з гэтым вельмі важна непасрэднае азнаямленне з дакументам.

Самым адказным у індэксаванні з'яўляецца прыняцце ра­шэння аб ПВД і афармленне тэрмінаў індэксавання, якія пры­водзяцца ў адпаведнасці з правіламі ІПМ з неабходнай для дадзенай ІПС глыбінёй, дакладнасцю і многааспектнасцю.

Раздзел 2. Сістэматызацыя дакументаў

2.1. Класіфікацыйная іпм: тэарэтычныя асновы

Класіфікацыяй (ад лат. Classis – разрад, клас і facere – ра­біць, ствараць) называецца спецыфічны від інтэлектуальнай дзейнасці, у працэсе якой прадметы, з’явы, працэсы, паняцці размяркоўваюцца па класах адпаведна іх падабенству па пэўнай прымеце.

Аб’ектамі класіфікацыі з’яўляюцца прадметы ці з’явы рэчаіснасці, прыродныя і штучныя – створаныя чалавекам або пры яго ўдзеле, – на якія накіравана дзеянне чалавечага інтэлекту.

Прыроднымі аб’ектамі класіфікацыі могуць быць жывыя істоты, расліны, мінералы, хімічныя элементы, атмасферныя і кліматычныя з’явы, рух фізічных цел і інш. Штучнымі аб’ек­тамі класіфікацыі могуць быць чалавечыя веды, мова зносін, дзейнасць чалавека, сацыяльныя інстытуты, сам чалавек, прадметы быта, упрыгожванні і г.д.

Класіфікацыі падзяляюцца на два асноўныя тыпы: непа­срэдныя і апасродкаваныя.

Калі аб’екты ў выніку класіфікацыі становяцца элемен­тамі створанага класіфікацыйнага класа, такая класіфікацыя назы­ваецца непасрэднай.

Калі ў выніку класіфікацыі элементамі створанага класа становяцца не самі аб’екты класіфікацыі, а іх адлюстраванне, такая класіфікацыя называецца апасродкаванай. Прыкладам апасродкаванай класіфікацыі можа быць класіфікацыя нябес­ных цел, а элементамі – іх паняційнае адлюстраванне; віды бібліяграфічнага запісу з’яўляюцца элементамі, а дакументы – аб’ектамі апасродкаванай класіфікацыі.

У залежнасці ад мэты ствараюцца класіфікацыі: пазнаваль­ныя, дапаможныя і змешаныя.

Па структуры класіфікацыі могуць быць сістэмныя і про­стыя. Сістэмныя класіфікацыі складаюцца з некалькіх класі­фікацый. Аб’ектам класіфікацыі ў бібліятэчна-бібліяграфіч­най тэорыі з’яўляецца дакумент.

У залежнасці ад прынятай асновы дзялення распазнаюць тры асноўныя віды дакументных класіфікацый.

Фармальная класіфікацыя – гэта класіфікацыя, у выніку якой ствараюцца групы дакументаў, аб’яднаныя не зместам, а чыста фармальнымі прыметамі.

Прадметная класіфікацыя – класіфікацыя, у выніку якой ствараюцца групы дакументаў, аб’яднаныя прадметным сло­вам (або словазлучэннем), – асновай іх прадметнага зместу.

Сістэматычная класіфікацыя – класіфікацыя, у выніку якой ствараюцца групы дакументаў, аб’яднаныя адпаведна іх зместу класіфікацыйнай рубрыкай.