Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Лейко Н.А.,Федорина А.и. Каталогтзация документ....doc
Скачиваний:
30
Добавлен:
06.11.2018
Размер:
869.89 Кб
Скачать

Сістэматызацыя літаратуры па палітычных навуках

Значныя змяненні ў апошніх выданнях ББК унесены ў раздзел “66 Палітыка. Паліталогія”, у якім асноўныя дзяленні прадстаўлены наступным чынам:

66.0 Паліталогія

66.1 Гісторыя палітычнай думкі

66.2 Палітыка і сучасны палітычны стан у цэлым

66.3 Унутраны стан. Унутраная палітыка

66.4 Міжнародныя адносіны. Знешняя палітыка. Дыпламатыя

66.6 Палітычныя рухі і партыі

66.7 Грамадскія рухі і арганізацыі.

Рэтраспектыўная літаратура, якая адлюстроўвае палітычны стан у свеце і ў асобных краінах, адносіцца да адпаведных дзяленняў падраздзела “63.3 Гісторыя”.

У падраздзеле “66.0 Паліталогія” збіраецца літаратура аб палітыцы, тэорыі дзяржавы, палітычнай уладзе, палітычных адносінах, ідэалогіі і сумежных палітычных дысцыплінах (палітычнай геаграфіі, палітычнай статыстыцы і інш.).

Упершыню ўведзены падраздзел “66.1 Гісторыя палітыч­най думкі”, які мае дзяленні па тэрытарыяльных прыметах; паказвае пэўныя заканамарнасці і тэндэнцыі развіцця палі­тычных ведаў ва ўсіх краінах або некалькіх краінах розных частак свету. Тут разглядаюцца школы і кірункі палітычнай думкі Старажытнага Усходу, Антычнага свету, эпохі Сярэд­нявечча, перыяду Адраджэння, Рэфармацыі, Контррэфар­мацыі, а таксама новай і навейшай гісторыі, у тым ліку: кан­серватызм, лібералізм, сацыялізм, анархізм, сацыял-дэмакра­тыя, а таксама розныя формы гэтых кірункаў. Сярод іх: неа­кансерватызм, неалібералізм, утапічны сацыялізм, марксісцкі сацыялізм, бальшавізм, трацкізм, мааізм і інш.

Да гэтага падраздзела таксама адносіцца літаратура аб роз­ных тэорыях нацыяналізму і расізму; палітычных дактрынах панамерыканізму, панславізму і інш.

Пад індэксам 66.1(0) збіраецца літаратура аб палітычных поглядах вучоных, пісьменнікаў, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, якія не могуць быць аднесены да пэўных школ і кірункаў палітычнай думкі, адлюстроўвае гісторыю палітыч­най думкі ўсіх краін або некалькіх краін розных частак свету.

Гісторыя палітычнай думкі асобных краін або некалькіх краін адной часткі свету адносіцца да адпаведных падраздзя­ленняў 66(1)2 і 66.1(4/8).

У дзяленні “66.1(2) Гісторыя палітычнай думкі Расіі і СССР” і падраздзяленнях адлюстроўваюцца выданні па пы­таннях фарміравання і развіцця тэорыі “Масква – трэці Рым”; аб палітычных поглядах дзекабрыстаў (М.С.Лунін, Н.М.Му­раў­ёў, К.Ф.Рылееў); рускім асветніцтве (М.М.Сперанскі, П.Я.Чаадаеў і інш.).

Дакументы па гісторыі палітычнай думкі Расіі другой па­ловы XIX ст. – 1917 г., якія ўключаюць працы рэвалюцыяне­раў-дэмакратаў, народнікаў (П.П.Лаўрова, М.А.Бакуніна, П.А.Крапоткіна, Г.В.Пляханава, У.І.Леніна, П.Б.Струве і інш.), адлюстроўваюцца пад індэксам 66.1(2)5 і яго падраз­дзяленнях.

Матэрыялы па гісторыі палітычнай думкі Расіі і СССР, якая пачынаецца з кастрычніка 1917 г., адносяцца да індэкса 66.1(2)6. Сярод іх працы М.І.Бухарына, Л.Б.Каменева, Л.Д.Троцкага, І.В.Сталіна і інш. Тут збіраецца таксама літаратура аб палітычнай думцы прадстаўнікоў рускай эмі­грацыі, дэсідэнтаў.

У дзяленні “66.1(4Беі) Гісторыя палітычнай думкі Бела­русі” групуюцца дакументы аб развіцці палітычнай думкі Бе­ларусі XVI – сярэдзіны XIX ст. (Л.Сапега, М.Радзівіл, М.Агінскі, Т.Касцюшка, К.Астрожскі і інш.). Дакументы па­літычнай думкі Беларусі другой паловы XIX ст. – 1917 г., якія ўключаюць матэрыялы рэвалюцыйных дэмакратаў К.Калі­ноўскага, М.Судзілоўскага, В.Урублеўскага і інш., адлю­строўваюцца пад індэксам “66.1(4Беі)5 Гісторыя палітычнай думкі Беларусі другой паловы XIX ст. – 1917 г.”

Выданні аб гісторыі палітычнай думкі Беларусі з 1918 г. (А.І.Луцэвіч, Б.А.Тарашкевіч, С.Прытыцкі, П.М.Машэраў і інш.) адносяцца да дзялення “66.1 (4Беі)6 Гісторыя палітыч­най думкі Беларусі з кастрычніка 1917 г.”

Падраздзел “66.2 Палітыка і сучасны палітычны стан у цэ­лым” хаця структурна і знаходзіцца на адной ступені дзялен­ня з падраздзеламі 66.3, 66.4, але па змесце з’яўляецца аба­гульняючым у адносінах да іх і прызначаны для адлюстра­вання літаратуры аб сучасным палітычным стане дзяржаў у цэлым, дзе адначасова разглядаюцца пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі, а таксама літаратура аб праблемах нацыя­нальнай бяспекі ў цэлым. Дзяленні 66.3, 66.4 прызначаны для сістэматызацыі літаратуры па асобных кірунках палітыкі:

66.3 Унутраны стан. Унутраная палітыка

66.4 Міжнародныя адносіны. Знешняя палітыка. Дыпламатыя.

Дакументы, у якіх разглядаецца адначасова ўнутраная, зне­шняя і нацыянальная палітыка і палітычны стан у свеце або ў якой-небудзь краіне, збіраюцца ў адпаведных дзяленнях падраздзела 66.2:

66.2(0) Палітыка і сучасны палітычны стан у свеце

66.2(0)'6 Палітыка і сучасны палітычны стан развітых краін

66.2(0)'7 Палітыка і сучасны палітычны стан краін, якія раз­-

віваюцца

66.2(0)'8 Палітыка і сучасны палітычны стан сацыялістыч­-

ных краін.

Палітыка і сучасны палітычны стан асобных краін прад­стаўлены з выкарыстаннем ТТД:

66.2 (4Беі) Палітыка і сучасны палітычны стан Беларусі

66.2 (2 Рос) Палітыка і сучасны палітычны стан Расіі

66.2 (7 Куб) Палітыка і сучасны палітычны стан Кубы

66.2 (7 Ісп) Палітыка і сучасны палітычны стан Іспаніі

66.2 (8Аўс) Палітыка і сучасны палітычны стан Аўстраліі.

Асабліва змяніўся як па змесце, так і па структуры падраз­дзел “66.6 Палітычныя рухі і партыі”. Уведзена дзяленне “66.69 Палітычныя рухі і партыі асобных краін і рэгіёнаў”, у якім адлюстравана літаратура аб розных партыях і рухах.

Аналагічна ў табліцах пабудаваны дзяленні “66.72 Праф­саюзны рух. Прафсаюзы” і “66.75 Рух і арганізацыя моладзі”. Літаратура аб прафсаюзным руху і арганізацыях моладзі ў асобных замежных краінах падраздзяляецца па табліцы тэрытарыяльных тыпавых дзяленняў.