Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Vusnyya_vykazvanni.doc
Скачиваний:
246
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
629.76 Кб
Скачать

Вочы – суніцы, вочы – крыніцы, Стрэнеш, убачыш – Не надзівіцца…

С. Законнікаў

Жаночы вобраз у беларускай літаратуры мае вялікае значэнне. Стварэнне паўнавартаснага вобразу жанчыны звычайна звязваецца з тым перыядам развіцця літаратуры, які прынята вызначаць як перыяд станаўлення беларускага рамана. Вобраз жанчыны вабіць і паэтаў, і празаікаў. Назначэнне жаночых вобразаў класічнае: рэалістычнае алюстраванне жыцця, якое ніяк не магчыма, не складзецца, без «найпрыгажэйшых кветак»-жанчын.      Вялікую ролю надае жанчынам П. Панчанка ў сваім вершы «Белыя яблыні». Ён так захоплены вобразамі дзяўчатак, што, на думку паэта, менавіта з расцвіўшых белых яблынь нараджаюцца яны на нашай зямлі. П. Панчанка сцвярджае, што сусвет ачарсцвее «без ласкі вялікай жаночай», і таму жанчыны «планеты заселяць, любоўю засеюць далёкія сінія зоры».      П. Броўка ў невялікім па памеры і вядомым многім вершы «Пахне чабор...» таксама праспяваў гімн каханню і маладосці. Вобраз дзяўчыны «ў белай іскрыстай хусцінцы» кліча і вабіць паэта, як само юнацтва, бо па-маладому ярка выяўлена чаша пачуццяў: і ўспаміны аб беззваротным юнацтве, і першае каханне,і прыгажосць каханай дзяўчыны.      Жанчына — гэта заўсёды і маці. Апавяданне «Маці» Я. Брыля — з ліку самых выдатных твораў у беларускай літаратуры, які ўслаўляе ахвярнасць жанчыны-маці. Шмат гора зведала на сваім шляху гэта сціплая і мужная жанчына: парабкоўства, смерць мужа, вайну, трывогу за сыноў, якіх выгнала з хаты вайна. Трымаючы «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі» мазалямі да мазалёў, маці не просіць ні літасці, ні спагады, не думае пра сябе і пра непазбежнасць смерці. Яна моліцца за сыноў.      У аповесці «Голы звер» М. Зарэцкага мы бачым маладую дзяўчыну Лідачку, шчырую, добрую, якая на працягу твора расчароўваецца ў каханні. Лідачка пакахала эгаістычнага, подлага Віктара, для якога не існуе нічога святога ў жыцці. Ён абяцае ажаніцца з Лідачкай. Віктар прыводзіць яе ў прытон, дамагаецца свайго і выкідвае бедную дзяўчыну як непатрэбную анучу. Апісанні вострых душэўных перажыванняў гераіні -запамінальныя старонкі.      Жанчына, старая ці маладая, заўсёды застаецца жанчынай, мудрай і добрай. Напрыклад, праз вобразы школьных старожак бабкі Мар'і і бабкі Параскі з твора Якуба Коласа «На ростанях» раскрываецца дабрыня, спагадлівасць, чуласць сялянскай душы, неабыякавасць да чужога гора.      Вобраз Ганны ў творы I. Мележа «Палеская хроніка» можна лічыць адным з паўнавартасных жаночых вобразаў у нашай літаратуры. Прырода надзяліла Ганну не толькі знешняй прыгажосцю, але і духоўным хараством. Ганна слухае свае сэрца і не кіруецца карыслівасцю. Яна жыве па прынцыпу: «Ніколі не рабіце іншым таго, чаго б не хацелі вы, каб вам рабілі іншыя». Яна заўсёды адгукаецца на чужы боль, падтрымлівае ў цяжкую хвіліну. Ганна — працавітая дзяўчына. Мы бачым яе на сенажаці, у полі з сярпом у руках, за малатарняй, у ягадах, на копцы бульбы. Заслуга I. Мележа ў тым, што вясковая дзяўчына Ганна паўстае перад намі не як нейкі узор беларускай сялянкі, а як незабыўны, нібыта мужчынскі, жывы, рухомы характар.      Але ж самы яркі жаночы вобраз — вобраз Бандароўны з аднайменнай паэмы Янкі Купалы “Бандароўна”. Бандароўна была вельмі прыгожая знешне. Яе твар, косы, вочы аўтар апісвае, карыстаючыя прыгожымі параўнаннямі. Гэтым ён выказвае сімпатыю да сваей гераіні. Бандароўна — дачка свайго народа. Яна ўвасобіла лепшыя якасці, якія характэрны і нам, беларусам: непадкупнасць, гордасць, свабодалюбства, чалавечая годнасць.      Такім чынам, вобраз жанчыны ў беларускай літаратуры ёмісты і разнастайны. Кожны аўтар стварае пэўны ідэал жанчыны. Але ж агульным застаецца тое, што на гэты вобраз ускладзена вялікая і святая місія на зямлі, бо і сусвет ачарсцвее «без ласкі вялікай жаночай». Каб гэтага не здарылася, трэба зрабіць жанчыну шчаслівай. А шчасце для жанчыны — гэта быць заўсёды пачутай і патрэбнай блізкім людзям.

Тумашэвіч Т.А., Верхнядзвінская гімназія

Той шчаслівы, хто зведаў каханне

П. Панчанка

Тэма кахання- тэма складаная, тэма ў нейкім сэнсе філасофская. Яна цікавіла не адно пакаленне нашых беларускіх пісьменнікаў. І нас цікавіць, тамушто “пачынаецца ўсё з любві, нават самая простая ява… А інакш і жыць немагчыма ”.

Радкі верша Я. Янішчыц “Ты пакліч мяне. Пазаві” так дакладна і бясспрэчна тлумачаць нам сэнс жыцця, што мімаволі пачынаеш згаджацца.

Калі мы пачынаем гаварыць пра каханне, то абавязкова хочацца верыць, што побач з ім у адну нагу ідуць цеплыня, чысціня, чуласць, шчырасць чалавечых пачуццяў. Так, напрыклад, верш Н. Мацяш “Я Вас люблю”:

Святла, што падарылі, не растрачу,

І шчырых слоў ніколі не згублю.

… Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?..

Я не кахаю Вас. Я вас люблю.

Нехта можа адзначыць, што у вершы слова “люблю” носіць ідэйную каштоўнасць , а “люблю” – гэта ўжо нешта зусім іншае.Так, для выражэння інтымных пачуццяў беларусы карыстаюцца словам “кахаю”, а для грамадзянскіх, бацькоўскіх, сяброўскіх – слова “люблю”. Дык чаму ж тады люблю?

Мы бачым дзяўчыну шчырую, добрую. Яна настолькі ўдзячная старэйшаму сябру, што баіцца яго параніць, стаць прычынаю душэўных пакутаў і таму акрэслівае характар стасункаў: “Я не кахаю Вас, я Вас люблю”. Вызначаецца, што ў вершы “Я Вас люблю” Ён, відаць, не проста намнога старэйшы за лірычную гераіню, але глыбока паважаны ёю чалавек. Таму і не асмельваецца глянуць у вочы, а ўсяго толькі ловіць позірк. І ў звароце “Вы” і пашана, і захапленне, толькі не каханне. З яго боку…

І другі верш Н. Мацяш :

Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, --

Хай светлай будзе лёсу каляя!

Ад злой няўдачы, ад ліхой намовы

Хай беражэ цябе любоў мая.

Падобныя вершы па жанры – лірычныя маналогі. Лірычныя гераіні – шчырыя, пяшчотныя жанчыны. Але калі ў першым перад намі дзяўчо, то ў другім – сталая жанчына, якая “панянькавала за свой век нямала”. У першым - гераіня яшчэ чакае кахання, у другім мы адчуваем, што жанчына перажыла няшчаснае каханне. Праўда, гэтыя пакуты не азлобілі лірычную гераіню, яна ўдзячная каханаму за хвіліны шчасця і таму жадае ўжо па-мацярынску клапатліва:

Хай над табою ластаўкай крыляе,

Хай беражэ цябе любоў мая.

Каханне – гэта і абавазкова нейкія мары, надзеі, фантазіі, спадзяванні, інтымныя пачуцці, шчырыя прызнанні. Не толькі закаханай жанчыны, але і яго, закаханага юнака, хлопца, мужчыны. Так, напрыклад, пачуццё бязмернай павагі да жанчыны, выражэнне гуманнасці і высакароднасці чалавека, крыніца яго лепшых імкненняў адкрываецца нам у вершах М.Багдановіча. У яго творах гэта пачуццё сагрэта асаблівай цеплынёй, шчырасцю. Сапраўдным паэтычным шэдэўрам інтымнай лірыкі з'яўляецца раманс "Зорка Венера". Ён кранае глыбокай задушэўнасцю, душэўнай чысцінёй, праўдзівасцю выказаных пачуццяў. Лірычны герой твора (юнак) засмучаны тым, што павінен расстацца з любай дзяўчынай. Ён абяцае, што ў далёкім краі, куды едзе, усё сваё жыццё будзе помніць каханую. Пра яе будзе напамінаць і Венера, якой, безумоўна, вядома пра пакуты разлучаных сэрцаў:

Глянь іншы раз на яе, — у расстанні Там з ёй зліём мы пагляды свае... Каб хоць на міг уваскрэсла каханне, Глянь іншы раз на яе...

Сімвалам кахання ў рамансе выступае Венера. Краса вячэрняга неба, яна настолькі моцна ўплывае на ўнутраны стан чалавека, што можа нават з'яднаць позіркі і пачуцці закаханых людзей, якія знаходзяцца ў расстанні. Высакароднае пачуццё закаханага, боль ад расстання з любімым чалавекам, прызнанне ў нязменнай адданасці яму па-мастацку дасканала выказаны ў "Трыялеце", кананічная форма якога патрабавала ад паэта вобразнасці параўнання, далікатнасці, такту:

Мне доўгае расстанне з Вамі Чарней ад Вашых чорных кос. Чаму ж нядобры час прынёс Мне доўгае расстанне з Вамі?

У цыкле вершаў "Мадонны", прысвечаным Ганне Какуевай, М. Багдановіч увасобіў сваё разуменне вобраза мадонны — ідэала высокай красы, жаноцкасці, хараства, дабрыні і чалавечнасці. Паэт знаходзіць рысы мадонны ў вобліку вясковай васьмігадовай дзяўчынкі ("У вёсцы") і гераіні вершаванага апавядання "Вераніка". Паэтычным эпілогам да "Веранікі" з'яўляецца верш "Ізноў пабачыў я сялібы...", лірычны герой якога вяртаецца ў тыя мясціны, дзе прайшлі яго маладыя гады, дзе пазнаў ён першае каханне. "Там сцены мохам параслі", у садзе ўсё зарасло травою. І толькі адзіны надпіс "Вераніка", выразаны калісьці на ліпе, напамінаў аб былым шчасці:

Чым болі сходзіць дзён, начэй, Тым імя мілае вышэй.

Імя Вераніка (асабліва пасля ўвасаблення верша ў музыцы I. Лучанком і ў вакале "Песнярамі") стала ў беларускай літаратуры сімвалам чысціні і высокасці кахання. У нізцы вершаў "Каханне і смерць" пераважаюць сумныя, трагічныя ноты пра няшчаснае, згубленае каханне. Яны навеяны хутчэй за ўсё асабістай драмай сям'і Багдановічаў (спачатку смерцю маці, а затым другой бацькавай жонкі, жыццём заплаціўшай за нараджэнне сына). Радасць кахання і пакуты ў вершах гэтага цыкла пастаўлены побач. Аднак каханне — высакароднейшае і наймацнейшае пачуццё — здольна перамагчы нават жах смерці. Вершы М. Багдановіча пра каханне сцвярджаюць ідэю бессмяротнасці, вечнасці гэтага высокага чалавечага пачуцця, яго вялікую жыццёвую і стваральную сілу. Яны спрыяюць раскрыццю лепшых якасцей чалавека, праяўленню гуманнасці, высакароднасці, садзейнічаюць выхаванню пачуцця павагі да жанчыны, яе хараства, прывабнасці, душэўнай чысціні.

Многа ў беларускай літаратуры і твораў празаічных на тэму кахання.

Так, раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” – адзін з самых буйных твораў беларускай літаратуры - таксама прысвечаны тэме кахання. Каханню Алеся Загорскага і Міхаліны Раўбіч.

Першая сустрэча хлопчыка і дзяўчынкі адбылася ў хаце Алеся ў час яго пострыгу. Ужо тады ў сэрца Алеся запала маленькая, прыгожая дзяўчынка з востранькім языком, з худзенькімі, як пруцікі, ручкамі. Увесь той вечар яны былі разам: танчылі, гулялі, размаўлялі. Тое лета было для іх летам шчасця. Яны шмат былі разам, ездзілі адно да аднаго ў госці. Але іх каханне з-за непаразумення ледзь-ледзь не загінула. Справа ў тым, што па маёнтку папаўзлі пра Алеся плёткі. Майка гэтым плёткам паверыла і забараніла Алесю прыходзіць да яе. Хіба ж, калі сапраўды кахаеш, можна верыць хлусні? Безумоўна, не. А вось дзяўчына паверыла, і гэта вера плёткам ледзь не стала самай вялікай памылкай у яе жыцці.

Бясспрэчна, у жыцці будзе шмат іншых праблем, але Алесь і Майка кахаюць адно аднаго, а гэта — самае вялікае шчасце. Каханне дапаможа ім перанесці ўсё цяжкасці жыцця, бо маладыя людзі знайшлі ў сабе сілы перамагчы ўсялякія спакусы лёсу і застацца разам, каб яшчэ раз даказаць усяму свету: ёсць яно на зямлі, каханне! Ёсць!

А у рамане І. Мележа «Людзі на балоце» ствараны цэлы шэраг вобразаў, якія надоўга застаюцца ў памяці. Яны ўражваюць чытача сваёй праўдзівасцю і непаўторнасцю. Адны з іх з'яўляюцца для нас прыкладам сапраўднага кахання, другія — вучаць беражлівым адносінам да зямлі і да таго, што створана рукамі чалавека.

Вельмі цікава І. Мележ апавядае нам пра узаемаадносіны Куранёўскай прыгажуні – Ганны Чарнушкі і працавітага хлопца - Васіля Дзятліка. Яны кахаюць адзін аднаго, але абставіны складваюцца так, што Васіль і Ганна ніколі не будуць разам. Яшчэ з дзяцінства Васіль і Ганна вабяць час разам: разам пасвяць жывёлу, разам бегаюць на выган, разам гуляюць. Тады яны яшчэ не ведалі, што іх дзіцячае сяброўства перарасце ў моцнае пачуццё – каханне.

Васіль і Ганна зусім розныя. І, здаецца, як яны могуць кахаць адзін аднаго? Але гэтае захапляючае пачуццё ідзе побач з імі праз усё жыццё.

У рамане Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» з незвычайнай мастацкай сілай засведчана, як двое сышліся спачатку толькі з-за спагады адно да аднаго, сышліся, каб выжыць у гэтым бязлітасным свеце, але змаглі дажыць да кахання. У апісанні нараджэння кахання мастак-псіхолаг па-майстэрску карыстаецца дэталлю, запаволенымі бытавымі замалёўкамі, быццам вучыць і нас бачыць узвышанае ў зямным, паэзію - у прозе.

Чыстыя, святыя і ўзнёслыя былі пачуцці Лабановіча да сваёй каханай, вочы якой гаварылі яму ўсё пра стан яе душы. Вочы яе смяяліся, а ў іх малады настаўнік чытаў сапраўдную драму душы тонкай, далікатнай, якая пакутуе ад нечага такога, пра што і расказаць нельга.      Вобраз Ядвісі напоўнены глыбокім філасофскім сэнсам. Чытач, уражаны сілай пачуцця не можа змірыцца з воляй аўтара, які разлучыў «дзве палавіны», бо каханне ўзаемнае, чыстае і адначасова нязбытнае - трагедыя. Шчасце ж было так блізка, так магчыма, двое так гарманічна падыходзілі адно аднаму - чаму ж не збылося?

Чаму яна так раптоўна паехала?

 Вобразам Ядвісі, трагедыяй светлага і прыгожага кахання пісьменнік нагадвае нам пра адзін з вечных законаў жыцця: за грахі бацькоў расплачваюцца іх дзеці. Адмоўны вопыт, урокі жорсткасці, бесчалавечнасці, набытыя ў сям'і, могуць не лепшым чынам паўплываць на душу, псіхіку чалавека і скалечыць усё яго далейшае жыццё. Забываюцца людзі пра тое, што зло, спрычыненае імі, абавязкова да іх жа і вернецца, толькі патрапіць у самае балючае і дарагое для іх. Вопыт Ядвісі, набыты ёю ва ўласнай сям'і, скалечыў яе лёс. Бацька без пары звёў у магілу маці дзяўчыны , на яе вачах жорстка здзекаваўся з мачыхі, а на людзях быў прыгожым, абаяльным, з вытанчанымі манерамі. I ніхто, акрамя Ядвісі і бабкі Мар'і, якой даверыла сваю горкую тайну мачыха Ядвісі, нават і не здагадваўся, якая драма разыгрываецца ў сям'і пана падлоўчага.

Такім чынам, жыццёвыя гісторыі, засведчаныя таленавітымі творамі, пераконваюць нас, што каханне ёсць самая дасканалая прыгажосць, якая ратуе свет.

Тумашэвіч Таццяна Аляксандраўна, Верхнядзвінская гімназія

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]