Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Vusnyya_vykazvanni.doc
Скачиваний:
246
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
629.76 Кб
Скачать

Ледзь першыя раннія промні зары Затлелі на стрэхах, на зелені свежай,

Мы…

М. Танк

Прыгожы наш родны край. Маляўнічыя ўзгоркі і дрымучыя лясы, сінявокія азёры і лагодныя рэкі, духмяныя лугі і бязмежныя палі вабяць сваім хараством і спакоем, клічуць на неабсяжныя прасторы, абяцаючы многа нечаканага і цікавага. І мы не можам утрымацца ад спакусы пайсці насустрач гэтай прасторы, таму ахвотна выпраўляемся ў вандроўку па роднай краіне, каб глыбей спазнаць нашу краіну, папоўніць свае веды і ўражанні. Ніхто, я думаю, спрачацца не будзе з Янкам Маўрам, які пісаў: “На Беларусі … ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры”. Радзіма пачынаецца з таго месца, дзе ты нарадзіўся, дзе кожны з нас з’явіўся на свет. Таму і пачатак падарожжа – тут, у Верхнядзвінску, дзе мудрая, бурліва-хуткая рака Заходняя Дзвіна прымае рудыя воды нешырокай, але віратлівай Дрысы.

Над міжрэччам высяцца святыні, што датуюцца далёкімі стагоддзямі, -- касцёл Раства святой Марыі, Свята--Мікалаеўская царква. Яны тыя нешматлікія архітэктурныя помнікі, якія на вачах аднаго пакалення перажылі сваю гібель і адраджэнне. З "Візіты Дрызенскага касцёла" мы ведаем, што ў мястэчку ў 1734 годзе ўжо быў драўляны касцёл. У 1777 годзе Дрыса была уведзена ў ранг павятовага горада, і таму спатрэбіліся новыя вялікія храмы.Было прынята рашэнне пра будаўніцтва мураванага касцёла і мураванай Нікольскай царквы. Рымска -- каталіцкі касцёл быў пабудаваны ў 1809 годзе паміж вуліцамі Дзвінскай, Маскоўскай і Новай Каменнай. А ў 1867 ён ужо капітальна рамантаваўся і ў некаторай ступені перабудоўваўся. Побач з касцёлам ў 1860 быў узведзены плябальны дом, а пры ім флігель, "посредине сени, при них возовня,конюшня и сарай под одной драничною крышей". Перад касцёлам знаходзіліся жалезныя вароты з жалезнымі весніцамі з двух бакоў на каменных слупах, з левага боку касцёл быў абкружаны касцёльнымі лаўкамі, з астатніх --драўлянай агароджай. На касцёльнай плошчы, на Зялёнай вуліцы, знаходзіўся 2- павярховы дом, пабудаваны ў 1879 годзе касцёльным настаяцелем.Верхні паверх гэтага дома тады быў драўляным. У1882 было вядома, што пры касцёле існавала вучылішча. Хутчэй за ўсё яно месцілася ў плябальным доме. Значная частка старых пабудоў захавалася. Гэта касцёльныя лаўкі-- магазіны па вуліцы Качкара, плябальныя дамы -- магазіны па вуліцы Савецкай, будынак насупраць бібліятэкі. Частка яго страчана, яна цягнулася ўздоўж вуліцы Качкара на ўвесь квартал і мела таксама 2 паверхі. У час пасля 1917 года касцёл быў закрыты, ператвораны пад склад. Гэта нанесла шкоду. Але касцёл узноўлены амаль без зменаў. Страчаны толькі адзін ярус вежы, праз гэта будынак стаў больш прыземісты. Але па-ранейшаму ён помнік неаготыкі і барока.

Верхнядзвінская Мікалаеўская царква -- помнік архітэктуры класіцызму. У 1819 г. пабудавана з цэглы. Храм мае 4- охчасткавую кампазіцыю: званіцу, трапезную, асноўны аб'ём і аспіду. У 1780 г. было вядома, што мястэчка мела драўляную Настоліцкую царкву. Пасля надання мястэчку Дрыса статусу павятовага горада ў 1777 г. было прынята рашэнне пабудаваць мураваную Нікольскую царкву, што і адбылося ў 1819 годзе. Царква ўражвае сваёй веліччу.

Бадай самае прыгожае і казачнае месца ў любы час года--парк,што на беразе Дзвіны. Жоўта-залацісты, чырвоны , увесь такі рознакаляровы, што , здаецца, трапляеш у казку, адпачываеш душой ,наталяючыся спакоем, цішынёй і дабрынёй. Ад зачараванай Дзвіны вее мудрасцю, яна нібы сведка стагоддзяў. Крыху далей жывы помнік прыроды – дэндрапарк. Тут маляўнічымі групамі і алеямі растуць сотні чужаземцаў – прадстаўнікоў флоры розных кантынентаў. Мірныя суседзі – старажытныя гінкго і цюльпанавае дрэва, амурскі аксаміт і канадскія елкі ды клёны. У дэндрапарку ўтульна. Тут каскад сажалак, перавітыя ліянамі альтанкі, сапраўдны церамок, з каменнай залай і выставачнай мансардай.

Рака Заходняя Дзвіна запрашае да падарожжа. Наступны прыпынак – Полацк. Сівая даўніна – галоўнае, на чым стаіць старажытны, 1148-гадовы горад. Над зліццём двух рэк, на замчышчы, белы, з дзвюма званіцамі, сілуэт сабора. Полацкая Сафія. 11 стагоддзе . Многае змянілася, за стагоддзі нарасло зямлі, храм нібы “асеў”. У склепах ягоных была адна з найлепшых нашых старажытных бібліятэк. Яе спалілі ў свой час езуіты, якія былі аднымі з самых адукаваных людзей сярэдневякоўя. Сведкі гісторыі – арганы—спяваюць славу гораду і яе жыхарам. Непадалёк ад Сафійкі – помнік 12 стагоддзя. Славуты Спас-Еўфрасіннеўскі сабор з прыгожымі старажытнымі фрэскамі. Калі сонейка зазірае ўнутр сабора. Гэтыя фрэскі загараюцца бляклай чырванню і ржавым золатам. Нібы праз залаціста-карычневую, празрыстатую ваду лясных рэк глядзяць на падарожнікаў нечалавеча вялікія задумлівыя вочы нашых продкаў. На беразе мудрай Дзвіны – стары калегіум, у мурах якога калісьці жыў і працаваў Сімяон Полацкі, заснавальнік рускага вершаскладання.

Пісах вначале по языку тому,

Іже свойственный бе моему дому…

У Полацку, куды раней за Сімяона, пачынаў сваё жыццё і першадрукар усходніх славян Францыск Скарына; яму тут пастаўлены цудоўны помнік.

Горад , што спалучыў мінуўшчыну і сучаснасць, -- Полацк, у якім стаіць адзіны ў свеце помнік, што ўвекавечыў літару Ў, чыста беларускую, нашу. Кідаюцца ў вочы навічку-падарожніку шырокія зялёныя вуліцы, новыя дамы, завод шкловалакна, іншыя шматлікія заводы, будынкі клубаў і кінатэатраў, дамоў культуры і спорту, розных навучальных устаноў. Горад расце і маладзее. Але запамінаецца ўсім гасцям і жыхарам дыханнем гісторыі-матухны.

Побач з Полацкам брат, куды маладзейшы за яго, -- горад Новаполацк. Плошчы, высокія будынкі, паркі, бібліятэкі, магутны нафтаперапрацоўчы завод. Уначы – гэта зыркае зарыва агнёў. Удзень -- многія і многія дзесяткі будынкаў. І … Дзвіна, якая блакітным ланцужком звязвае прыпынкі нашага падарожжа.

Мала чым саступае ва ўзросце Полацку горад Віцебск (974г.) – месца майстроў, горад-гісторыя, вечная крэпасць, вечны фарпост на шляху заваёўнікаў. Важны гандлёвы пункт на шляху “з вараг у грэкі”. Вялікі культурны цэнтр, у якім выключнае месца займае Беларускі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа. Віцебск знакаміты дывановымі вырабамі, якія не аднойчы адзначаліся дыпломамі ў Дамаску. Шмат разоў спалены, ушчэнт зруйнаваны ў апошнюю вайну горад устаў з попелу, як і ўся Беларусь-маці. Цяпер Віцебск – гэта цалкам новы горад. Старых будынкаў засталося мала: некалькі палацаў, ратуша17 стагоддзя, дзе месціцца гісторыка-краязнаўчы і мастацкі музей з багатай калекцыяй беларускага, рускага, заходняга і мясцовага, віцебскага жывапісу.

Промні ранішняга сонца клічуць на прасцягі нашай Беларусі. Колькі лясоў, велічных і задуменных! Колькі азёраў, блакітных вачэй Айчыны, якія ўзіраюцца ў Сусвет, нібы хочуць спазнаць яго глыбіні! Колькі палёў, што не маюць ні канца ні краю, быццам сам Сусвет. І ўсё гэта вабіць, цягне. І мы ідзём у след за гэтым поклічам, і тады ўспамінаюцца словы Андрэя Лабановіча, сказаныя Турсевічу: “У нас столькі прыгоства, столькі багацця форм і фарбаў, і край наш вялікі і разнастайны, а мы не бачым, не хочам гэтага бачыць”. Сапраўды, прыгажосць прынёманскіх сенажацей і дуброў, якімі захапляўся Андрэй Лабановіч, велічнасць Белавежскай пушчы, што натхняла Міколу Гусоўскага, непаўторная краса Мінска, пяшчотнасць векавечных віцебскіх сцежак зліваюцца ў сэрцы кожнага падарожніка ў адзіны вобраз Беларусі, Радзімы, з якой пачынаемся ўсе мы разам і кожны з нас паасобку.

Барэйка Людміла Васільеўна, Верхнядзвінская гімназія

Цябе , зямля, у адзенні новым

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]