Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

2.3.2. Нацыянальна-культурнае адраджэнне

На нашу думку, адна з самых цiкавых старонак культурнага жыцця вёскi – пачатак беларусiзацыі i дзейнасць беларускiх культурна-асветнiцкiх гурткоў. Неабходна звяр­нуць увагу на тое, што працэс нацыянальнага адраджэння ў 1920-я гг. навукоўцы звязваюць з афiцыйнымi пастановамi па гэтым пытаннi. Аднак па-за ўвагай засталiся праявы ранняй беларусiзацыi, якiя мелi месца ў вёсцы пачатку 1920-х гг. Кiраўнiком гэтага патрыятычнага руху, што ўзнiк па iнiцыя­тыве знiзу, выступiла вясковая iнтэлiгенцыя, пераважна настаўнiкi. Распаўсюджанне iдэi беларусiзацыi ў вясковым асяроддзi яскрава пацвярджае факт разумення неабходнасцi нацыянальнага адраджэння значнай часткай сялянства. Самы першы крок у кiрунку беларусiзацыі быў зроблены загад­чы­кам беларускага аддзела НКА П.В.Iльючонкам. Так, 2 лiпеня 1920 г. ён накiраваў Мiнскай губернскай тройцы, што выконвала функцыi ЦК КП(б)Б, запiску, у якой даказваў неабходнасць пераводу школ на беларускую мову [536, с.14].

Мабыць, гэтая iдэя выклiкала прыняцце 4 лютага 1921 г. пастановы ЦВК рэспублiкi аб планамерным i паступовым пераходзе на працягу 1921 г. усiх устаноў, дзе вучацца i выхоўваюцца дзецi беларусаў, на iх матчыну мову. Дакумент прадугледжваў падрыхтоўку лектараў, якiя б маглi працаваць на настаўнiцкiх курсах i ў школах другой ступенi. У маi пры НКА адчынiлiся шасцiмесячныя курсы лектараў па беларускай мове, гiсторыі i геаграфii Беларусi. Ад кожнага павета пасылаліся па 25 чалавек [18, 190, л. 1].

Да працэсу беларусiзацыі далучалася i Хата беларускага мастацтва (ХБМ) памяцi I.Буйнiцкага. 17 жнiўня 1921 г. яе ўправа даручыла павятовым аддзелам асветы арганiзаваць у сябе аддзелы ХБМ i звязацца з усiмi мясцовымi беларускiмi гурткамi, а таксама стварыць валасныя аддзелы ХБМ. Мэтай плануемай структуры павiнна была стаць падтрымка беларускай культуры. На аддзелы ХБМ ускладалiся абавязкi “запiсваць мелодыi беларускiх народных песень, казак, легендаў, замалёўваць узоры беларускiх народных паясоў, тканiн, ганчарных вырабаў, клапацiцца аб захаваннi помнiкаў старажытнасцi” [18, 190, л. 6). Праз некаторы час узнiкаюцъ павятовыя хаты беларускай культуры i мастацтва, а ў валасцях – беларускiя культурныя гурткi, якiя ставяць мэтай пашырэнне беларускасцi.

Трэба падкрэслiць, што на працэс беларусiзацыi звярнуў увагу i Галоўпалiтасвет рэспублiкi. У канцы 1921 г. ён прасiў нiзавыя ўстановы сваёй структуры паведамiць аб “дасягнен­нях у адраджэннi беларускай нацыянальнай культуры, адносiнах сялян да беларускага руху”, назваць “свядомых, актыўных беларускiх працаўнiкоў, якiх можна скарыстаць для арганiзацыi працы; якiя воласцi паветаў больш адклi­каюц­ца на адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры” [18, 170, л. 45]. Працэс беларусiзацыi пачаўся па-рознаму. З некаторых валасцей, напрыклад Астрашыцка-Гарадоцкай, паведамлялi, што “беларуская мова набыла ў школах пера­важ­нае значэнне. Адносiны вучняў i бацькоў – добразыч­лiвыя” [44, 49, л. 51], а на з’ездзе дэлегатаў мясцовых камiтэ­таў Мiншчыны большасць выказалася за выкладанне на беларускай мове [44, л. 51; 44,48, л. 59].

Другi кiрунак першапачатковай беларусiзацыі – культур­нае асветнiцтва – аказаўся больш вiдовiшчным i цiкавым. Думкi аб нацыянальным адраджэннi ўзнiклi ў розных кутках рэспублiкi. Яны матэрыялiзавалiся ў дзейнасцi беларускiх культурна-асветнiцкiх гурткоў, дакладней, iх драматычных секцый. Заснавальнiкамi iх станавiлiся галоўным чынам настаўнiкi, дзе-нiдзе – студэнты. Адзiн з першых гурткоў, якi ўзняў праблему адраджэння, стварылi настаўнiкi мястэчка Крайск у красавiку 1920 г., але аб яго дзейнасцi – трохi нiжэй. Некаторыя настаўнiкi дзейнiчалi ў азначаным кiрунку самастойна. Напрыклад, у красавiку 1921 г. школьнiкi i моладзь вёскi Веснiца Барысаўскага павета паставiлi п’есу Ф.Аляхновiча “Калiсь”. Перад пачаткам спектакля настаўнiца сказала прамову аб карысцi асветнiцтва [18, 155, л. 36].

Узнiклi гурткi на Случчыне, Мiншчыне, Iгуменшчыне. Напрыклад, у культурна-асветнiцкае аб’яднанне вёскі Севiнка Слуцкага павета ўвайшлі 37 чалавек. Яны знайшлi памяшканне, нават з раялем, ладзiлi музычна-лiтаратурныя вечарыны, асаблiва падчас канiкул. Аднак дзейнасць гуртка не прыйшлася даспадобы мясцовым уладам, якiя адабралi памяшканне, што прывяло да спынення дзейнасцi гуртка. Актыўна дзейнiчалi гурткi “Рунь” на Ігуменшчыне i “Крынiца” на Случчыне. У тагачасным друку паведамлялася аб спектаклi “Чорт i баба”, якi паставiў Баслаўскi гурток, i асаблiва адзначалася “вельмi добрая iгра кабет”. Сябры Бабруйскай беларускай павятовай хаты беларускай культуры i мастацтва вандравалi летам па вёсках, “сеючы культурнае насенне” [508, с. 3].

Вядома, што драматычнае мастацтва патрабуе пэўнай падрыхтоўкi як выканаўцаў, так i гледачоў. І тыя форма i змест, якiя былi прапанаваны вяскоўцам, зрабiлi гэта мастацтва блiзкiм i зразумелым сялянству. Зацiкаўленасць аднавяскоўцаў аказалася такой, што гурткоўцы вымушаны былi праводзiць рэпетыцыi ноччу, каб захаваць неспадзява­насць, нечаканасць сустрэчы з героямi п’есы. Рэпертуар гурткоў у большасцi складаўся з беларускiх п’ес. Кожны гурток выбiраў п’есу па сваiх магчымасцях, асаблiва складана аказвалася падабраць выканаўцаў жаночых роляў. Не даводзiлася вельмi перабiраць i з памяшканнямi, спектаклi ладзiлi ў школе, у хаце-чытальнi, нават у сялянскiх свiрнах, на таку. Затое дэкарацыі i адзенне акцёраў былi самыя што нi на ёсць натуральныя, ды сюжэт п’есы як найлепш упiсваўся ў навакольнае асяроддзе. Змест п’есы, яе мова былi для гледачоў блiзкiмi i зразумелымi, а галоўнае, яны чулi, што гучыць са сцэны, а значыць, iснуе, захавалася сваё, роднае слова, з дапамогай якога так трапна перадаюцца i жарт, i прымаўка. Сам працэс падрыхтоўкi спектакля, апантанасць моладзi не маглi не захапляць i астатнiх вяскоўцаў, не маглi не ствараць уражання нейкай незвычайнай падзеi.

У сувязi з актывiзацыяй беларускага руху перад кiруючымi органамi паўстала пытанне адбору беларускiх п’ес для пастановак самадзейнымi калектывамi. У канцы 1922 г. спiс быў апублiкаваны, у яго ўвайшлі 42 п’есы дваццацi аўтараў, напрыклад “Паўлiнка”, “Раскіданае гняздо” Я.Купалы, “Модны шляхцюк” К.Каганца, “Антось Лата” Я.Коласа, “Цені”, “Калiсь”, “Чорт і баба” Ф.Аляхновiча, “Апошняе спатканне”, “Бязвiнная кроў”, “Ганка” Ул.Галубка i iнш. [18, 170, л. 446].

Найбольш шырокае распаўсюджанне iдэя беларусiзацыі знайшла на Барысаўшчыне. Ужо ў пачатку 1921 г. адсюль паведамлялi: “Беларусы павета сталi арганiзоўвацца, таму па­трэб­ныя беларускiя п’есы i ноты” [18, 148, л. 50]. Гэтая ака­лiчнасць мела пад сабой гiстарычныя каранi. Яшчэ ў 1905 г. вучні гарадскога вучылiшча заснавалі беларускi гурток, праца якога была хутка забаронена з прычыны здрады аднаго з сяброў. У пачатку 1914 г. у гэтым жа вучылiшчы, акрамя дзейнасцi адноўленага беларускага гуртка, распачынаецца праца па збiраннi народных твораў, знаёмстве з роднай мовай. Аднак Першая сусветная вайна прыпынiла гэтую работу. У паслярэвалюцыйныя гады аднаўляецца праца на нiве беларускага адраджэння i робiцца збор на карысць беларускага фонду, ставяцца беларускiя спектаклi. Праўда, гэтаму перашкаджае частая перамена лініі фронту, але пасля стабiлiзацыi палiтычнай сiтуацыi справа зноў ажывае [21, 1, л. 6].

На сходзе 29 чэрвеня 1921 г. слухачы павятовых двух­месячных педагагiчных курсаў, на якiх займалiся настаўнiкi з усiх валасцей, па iнiцыятыве М.Таразевiча з крайскага гуртка “Вянок” аб’явiлi аб стварэннi беларускага гуртка пры курсах. Яны ставiлi перад сабою мэту “пашырэння беларускай культуры шляхам пастаноўкi спектакляў, чытання лекцый, выступленняў хору i арганiзацыi лiтаратурных вечароў” [18, 197, л. 1]. Безумоўна, задума для свайго часу цiкавая, але, здаецца, гурткоўцы не ўлiчвалi часовасцi свайго знаходжання ў Барысаве i цяжкага эканамiчнага стану павета. Гурток прасiў дапамогi ў павятовага камiтэта палiтасветы, дэман­струючы сваё жаданне працаваць на платформе савецкай улады. Для пачатку патрэбныя былi беларускiя плакаты, падручнiкi па беларусазнаўстве i беларускай лiтаратуры, газеты, тэатральныя прылады. Аднак кiруючая арганiзацыя з-за адсутнасцi сродкаў нiчым дапамагчы не змагла.

Справа беларускага адраджэння атрымала моцны iмпульс пасля прыезду ў Барысаў А.Iванова-Казельскага. Ён меў дачыненне да тэатральнай творчасцi, якою займаўся паўтара дзесятка гадоў як акцёр, рэжысёр i аўтар адначасова. Таму i быў прызначаны iнструктарам-рэжысёрам рускай i беларус­кай труп i адначасова старшынёй беларускай секцыi (потым пададдзела) у аддзеле асветы. Ён абраў псеўданiм Сымон Музыка [18, 391, л. 2]. Шкада, але ў “Слоўнiку беларускiх псеўданiмаў” Я.Саламевiча яго iмя не згадваецца.

На другiм агульным сходзе беларускага гуртка пры настаўнiцкiх курсах Сымон Музыка (так ён падпiсваўся нават на афiцыйных дакументах) зрабiў даклад аб агульным стане беларускай культуры i прапанаваў стварыць пастаянна дзеючы гурток у Барысаве, прыцягнуўшы да працы ў iм мясцовых беларусаў. Ён выступаў некалькi разоў i вельмi пранiкнёна гаварыў аб “неабходнасці падцягнуцца, каб не было закiдаў, што беларусы нiчога не ўмелi, не ўмеюць i не зробяць у будучым”. Ён даводзiў прысутным аб паспешлiвых рашэннях, аб немагчымасцi дапамогi з боку дзяржаўных устаноў. Пад уплывам выступлення Сымона Музыкi сход прыняў рашэнне рэарганiзавацца ў “Беларускі культурна-асветнiцкi гурток у складзе драматычнай, харавой, лiтара­турнай i выдавецкай секцый” [18, 197, л. 7, 7 адв.].

У хуткiм часе гурток стаў называцца “Беларуская на­ву­ко­ва-культурная грамада”. Яна была зарэгiстравана 10 сту­дзеня 1922 г., яе статут зацвердзiў наркам асветы У.М.Iгнатоўскi. Новая арганiзацыя ставiла вельмi шырокiя мэты: вывучэнне асаблiвасцей i старажытнасцей Бацькаўшчыны, арганiзацыю артыстычных выстаў на базе беларускiх драматычных, музычных i лiтаратурных твораў, адкрыццё беларускага музея, выстаў культуры краю, правядзенне курсаў, чытанне лекцый па краязнаўстве [18, 170, л. 42]. Разуменне Грамадою неабходнасцi захавання i развiцця народнай спадчыны, на наш погляд, не выклiкае сумнення, але праграма аднаўлення ўсiх “старых культурна-навуковых помнiкаў, якiя захавалiся ў народзе i ходзяць сярод яго ў легендах, казках, спевах,” адразу аказалася нерэальнай. Гэтак жа варта ацанiць i заклiкi да ўсiх культурнiкаў запiсваць “арыгінальныя дыялекты беларускай мовы, народныя мелодыi, легенды, казкi, вершы, паданнi, апавяданнi i збiраць мастацкiя, ткацкiя, ганчарныя вырабы” [1, 21, л. 9].

Пасля заканчэння летнiх курсаў настаўнiкi раз’ехалiся па сваiх школах, i ў васьмi валасцях павета былi арганiзаваны беларускiя культурна-асветнiцкiя гурткi, якiя працавалi незалежна ад валасных палiтасветаў. Галоўным вiдам iх дзейнасцi стала пастаноўка спектакляў. Як пiсалася ў справаздачы аднаго з гурткоў, “гэта давала магчымасць гледачам зразумець, што на простай мужыцкай мове можна не толькi чытаць альбо пiсаць, але нават адбiваць малюнкi жыцця з усёй прыгажосцю, пекнатой, а найбарджэй зразумеласцю” [18, 399, л.2, 4].

З мясцовых гурткоў самы цiкавы i дзеяздольны склаўся яшчэ ў красавiку 1920 г. у мястэчку Крайск. Дванаццаць настаўнiкаў мясцовай школы, прымаючы пад увагу “пэўную адсутнасць, бадай, якое асветнiцкае працы ў той час, калi сялянства вёскi, асаблiва моладзь, адчувае надзвычайна пякучую патрэбу ў асвеце i павышэннi агульнакультурнага ўзроўню” [18, 395, л. 5], ствараюць гурток з прыгожай назвай “Вянок”. За першы год iснавання сябры гуртка паставiлi шэсць спектакляў, галоўным чынам фальклорнага кшталту. Арганiзатарам i рэжысёрам быў В.Таразевiч, хор узначальваў І.Чачык, струнны аркестр – Я.Таразевiч, артыстам i лектарам па беларусазнаўстве быў Я.Трубач [21, 4, л. 4]. Гурток iснаваў, як сведчаць дакументы, да 1923 г., i яго дзейнасць, безумоўна, яркi i прыгожы прыклад таго, што многа можна было зрабiць невялiкiмi, але актыўнымi сiламi.

Статут вянкоўцаў, паўтараючы асноўныя палажэннi статута Грамады, ставiў сваёй задачай пашырэнне беларускай культуры i роднай мовы, прадугледжваў “адкрыццё бела­рускiх хат, кнiгарняў, пастаноўку спектакляў, выступленнi перад рознымi таварыствамi, каб баранiць беларускую справу i асвету, знаёмства насельнiцтва з гiсторыяй Бацькаўшчыны, роднай лiтаратурай, збiранне беларускiх народных твораў, запiс мелодый i беларускiх спеваў, этнаграфiчнага i гiста­рыч­нага матэрыялу”. Паказальным з’яўляецца наступнае патра­ба­ванне: “Сябрам гуртка размаўляць памiж сабою i ўсюды на беларускай мове” [18, 399, л. 14].

Неабходна заўважьщь, што мясцовыя ўлады да працы вян­коўцаў, мякка кажучы, адносiлiся абыякава. Справа даходзiла нават да рабавання тэатральнай маёмасцi гуртка. Затое вясковае насельнiцтва ставiлася да самадзейных артыстаў вельмi прыхiльна. Адчуваючы гэта, гурткоўцы ў сваю чаргу выказвалi падзяку гледачам, выязджаючы са спектаклямi ў навакольныя вёскi. Iх усюды чакалi i нават запрашалi. Сяляне вёскi Заброддзе, напрыклад, напiсалi заяву, каб у iх вёсцы паказалi п’есу “Збянтэжаны Саўка”, абяцаючы за свой кошт “падрыхтаваць усё патрэбнае для спектакля”. Гурткоўцы выканалi пажаданне сялян, перад паказам спектакля была прачытана лекцыя па гiсторыі Беларусi [18, 399, л. 19]. Трэба дадаць, што амаль кожны спектакль суправаджаўся цi лекцыяй па беларусазнаўстве, цi выступленнем хору. Спек­таклi былi ў асноўным платныя, на здабытыя сродкi куплялi тэатральныя прылады, а частку аддавалi ў розныя фонды: то Чырвонай Армii, то галадаючым Паволжа, то Грамадзе.

Гурток крайскiх настаўнiкаў адыграў важную ролю ў справе надання беларускiм народным традыцыям афiцыйнага прызнання. Прыкладам можа быць святкаванне Купалля. Двойчы, у 1921 i 1922 гг., «вяскоўцы ладзiлi гэтае свята па дакладна распрацаванай праграме. На адкрытай сцэне ставiўся спектакль “На вёсцы” Ф.Аляхновiча, потым хор выконваў беларускiя песнi, а струнны аркестр iграў беларус­кiя мелодыi. Апоўначы пачыналiся карагоды i скокi праз вогнiшча...» [18, 399, л. 38]. Звернем увагу, што гэта адзiнае ўпамiнанне ў дакументах, якiмi карыстаўся аўтар, аб прызнанні народнага свята.

З пачаткам афiцыйнай беларусiзацыi дзейнасць гуртка злiваецца з палiтычным асветнiцтвам i губляе сваю адмет­насць. Аднак яго творчасць аказалася самай прыметнай з усiх беларускiх гурткоў. Поспех гэты цалкам можна аднесцi на рахунак сяброў гуртка, якiя з’яўлялiся найбольш адукаванымi людзьмi мясцовага асяроддзя, добра разумелi мэты сваёй дзейнасцi i многае паспелi здзейснiць.

Шкада, што такiх высноў нельга зрабiць наконт астатнiх беларускiх гурткоў, хаця i сярод iх сяброў сустракалiся апантаныя людзi. Так, 4 верасня 1921 г. былы барысаўскi курсант Я. Бабкоўскi, настаўнiк Гасцiлавiцкай школы на Лагойшчыне, арганiзаваў гурток пад назвай “Працаўнік”. Большасць яго сяброў складалi сялянская моладзь i вучнi мясцовых школ. Памяшканне гуртка мела назву “Беларуская хата”. Тут праводзiлiся лекцыi па гiсторыi i геаграфii Беларусi, два разы ў тыдзень непiсьменныя сябры гуртка вучылiся чытаць i пiсаць, тут знаходзiлася бiблiятэка. “Пра­цаў­нік” распачаў сваю дзейнасць 18 верасня 1921 г., паставiў­шы спектаклi “Мiхалка” i “Гутарка рабочага i селянiна аб харчовым падатку”. Мясцовыя ўлады спачатку даволi скептычна аднеслiся да гуртка, але пасля першага спектакля адбылiся некаторыя станоўчыя змены. Праўда, патрэбнай матэрыяльнай дапамогi гурток не атрымаў, бо выканкам лiчыў, што “зараз нэп, i ўсё трэба купляць за свае грошы” [18, 393, л. 3, 5, 16].

За восень 1921 г. гурткоўцы паставiлi 5 спектакляў, зiмою абмежавалiся арганiзацыяй лiтаратурных вечарын, высту­плен­нямi хору ў вёсках Лагойшчыны i лекцыямi па гiсторыi i геаграфii Беларусi. Кiраўнiк гуртка займаўся запiсам абрадавых i калядных песень. Вясною 1922 г. зноў пачалi ладзiць спектаклi, летам праца спынiлася. Восенню 1922 г. спектаклi паказвалi ў розных вёсках, таму што ў Гасцiлавiчах памяшкання не знайшлi. У 1923 г. праца гуртка стала патроху слабець, бо яго кiраўнiцтва “пачало працаваць у валасным выканкаме, i гурток паступова пераарыентаваўся на палiты­ка-асветнiцкi i антырэлiгiйны кiрункі” [18, 393, л. 17 адв.]. Безумоўна, гурток гасцiлавiцкай моладзi не змог дасягнуць узроўню вянкоўцаў, аднак самай станоўчай ацэнкі заслугоў­вае яго дзейнасць па пашырэннi беларускасцi i ў цэлым адукацыi i культуры.

Беларускiя культурна-асветнiцкiя гурткi дзейнiчалi ў вёсках Корань, Малыя Ухалоды, Кiшчына Слабада, Гарадзi­шча, Слабада, Забяшэвiчы. Сябрамi iх былi ў асноўным прадстаўнiкi сялянскай моладзi, арганiзатарамi i кiраўнiкамi – мясцовыя настаўнiкi, былыя барысаўскiя курсанты. На iх лёг увесь цяжар арганiзацыйнай i творчай працы, аб чым сведчыць лiст з Гайна-Слабадской воласцi на iмя Сымона Музыкi: «Сябра Сымоне! Мы ўжо пачалi збольшага сваю гуртковую працу. У суботу, 22 красавiка 1922 г., у Коранi адбылiся першыя гуртковыя спектаклi: “Чорт i баба” i “Мiхалка”. Пасля вучнi дэкламавалi вершы Я.Купалы i Я.Коласа. Кепска толькi з тым, што кругом i ва ўсiм недахваты, перш за ўсё няма культурных сiл, ледзь не аднаму мне даводзiцца збiраць i зносiць на плячах дошкi для сцэны, ды i пазычыць гэтых дошчак не так лёгка – нiхто не хоча даваць. Кепска, што ўся праца ляжыць на мне не як на старшынi арганiзацыi, а як на нейкiм дыктатары, бо няма з кiм раiцца – нiхто не папсуе i не наладзiць справы. Язэп Гладкi, 25 красавiка 1922 г.» [18, 398, л. 1].

Мясцовыя ўлады вельмi мала дапамагалi гурткоўцам. Напрыклад, моладзь вёскi Малыя Ухалоды прасiла валасны палiтасвет, каб ён перадаў беларускаму гуртку хату-чытальню, якая амаль не дзейнiчала. Аднак кiраўнiцтва нават не адказала на гэтую просьбу [18, 395, л. 5].

У некаторых месцах стварыць беларускiя гурткi не змаглi па прычыне адсутнасцi адпаведных умоў. У гэтым вьпадку iнiцыятыву бралi на сябе настаўнiкi, якiя далучалi вучняў да пашырэння беларускай асветы. Напрыклад, настаўнiк Iгнат Платон паведамляў: «Я ў Цiмкавiцкай школе ў святочныя днi часта разыгрываю з вучнямi з беларускiх сцэнiчных твораў i навучыў iх пець беларускiя песнi. У Бытчы прайшоўшымi святамi я з вучыцелямi ставiў “Па рэвiзii”, “Пашыліся ў дурнi”, “Чорт i баба”, “Антон Лата”. У Кiшчанскай Слабадзе перад Калядамi я паставiў толькi “Па рэвiзii”. Але і тамака ёсць гурток маладых хлопцаў, разумных i любячых беларускую мову, i яны святкамi ставiлi “Чорт i баба”, “Калiсь” i многа iншых твораў» [18, 413, л.5, 5 адв.].

Такім чынам, відавочна, што беларусiзацыя знiзу пасту­по­ва, але настойлiва рабiла крокi да абуджэння свядомасцi народа. На жаль, гэтыя крокi не толькi не падтрымлiвалiся ўладай, а часта выклiкалi крытыку. Працытуем на мове арыгiнала адзiн з афiцыйных дакументаў: “Период нашей жизни ознаменовался тем, что потребность населения в просвещении и саморазвитии, потребность, которая прежде всячески убивалась царским правительством, в этот период смогла широко развиться и приняла к настоящему моменту стихийный характер. Стали образовываться всевозможные культпросветучреждения (клубы, избы-читальни, народные дома, театры), возникли и возникают массовым образом драматические кружки, труппы... . Необходимо отметить, что эти драмкружки часто ставят пьесы, которые очень многим вредят зрителям, вредно влияя на их психологию и развивая нездоровые наклонности... . Так, пьеса ярко шовинисти­чес­кого (национально-патриотического) содержания развивает в зрителе национально-патриотические наклонности” [18, 383, л. 55]. Менавiта гэта i не падабалася кiруючым колам. Безумоўна, калi мець на ўвазе вядомы лозунг аб адсутнасцi радзiмы ў пралетарыя, то выказаныя ў дакуменце думкi справядлiвыя. Калi ж разглядаць чалавека як сацыяльную адзiнку, то пачуццё патрыятызму, любовi да радзiмы – галоўная рыса кожнай цывiлiзаванай асобы.

Абыякавае стаўленне кiруючых iнстанцый да беларускiх аб’яднанняў вяло да заняпаду iх дзейнасцi. Без матэрыяльнай i маральнай падтрымкi працаваць аказалася немагчыма. У пер­шай палове 1923 г. спынiла сваё iснаванне Беларуская навукова-культурная грамада, пацiху замiрала дзейнасць валасных беларускiх гурткоў. У дакументах наступных гадоў не сустракаецца нiякiх звестак аб iх. Аднак важна, што на самым пачатку мiрнага жыцця менавiта знiзу робiцца спроба беларускага адраджэння, абуджэння нацыянальнай самасвя­домасцi, iнтарэсу i павагi да сваiх мiнуўшчыны, мовы i культуры. Ля вытокаў гэтай патрыятычнай з’явы стаяла вясковае настаўнiцтва, якое тым самым выконвала сваю галоўнейшую i высакароднейшую задачу народнага асветнiц­тва. Распаўсюджванне гэтага працэсу на шырокiя колы павiнна было садзейнiчаць далейшаму развiццю нацыяналь­най культуры.

Першым афiцыйным прызнаннем самабытнасцi беларуска­га мастацтва i народнай культуры стала культурная праграма нашай дэлегацыi на 1-й Усерасiйскай сельскагаспадарчай i кустарнай выставе. Яна пачала працу ў жнiўнi 1923 г., аднак яе адкрыццю папярэднічала вялiкая падрыхтоўчая работа.

На выставе былi прадстаўлены праца Балотнай i Банцараў­скай станцый, раздзелы па паляводстве, агранамiчнай дапамозе i жывёлагадоўлi. Было ясна, што без экспанатаў па этнаграфii i народным побыце выстава проста можа не адбыцца, бо не будзе чаго паказваць. Белвысткам усклаў галоўную адказнасць за iх збор на Iнстытут беларускай культуры, якi прыцягнуў да гэтай працы вясковае настаўнiцтва. Але, нягледзячы на заклiкi i ўгаворы, значных вынiкаў не было. Напрыклад, з Сёмкава-Гарадоцкай воласцi паведамлялася, што “насельнiцтва ў лепшым выпадку паказ­вала рэчы для апiсання, не даючы iх у рукi, таму што не бачыла нiякiх гарантый з боку агiтатара”. Настаўнiкi абышлi ўсе вёскi, але ўсюды вынiкi аказалiся нездавальняльнымi. Некаторыя школьныя работнiкi з Iгуменскага i Барысаўскага паветаў закладвалi ўласныя рэчы, трацiлi грошы, каб набыць што-небудзь для выставы [45, 49, л. 262]. Толькi ў лiпенi, незадоўга да адкрыцця, Белвысткам выдзелiў на экспанаты па побыце i этнаграфii для Мазыра 20 тыс. руб., астатнiм паветам па 300 пудоў збожжа. Акрамя гэтага, былi выда­дзены пасведчаннi на вызваленне ўдзельнiкаў выставы ад падаткаў на 500 пудоў жыта [49, 7, л. 499 адв., 814].

Дзякуючы гэтым мерам i самаадданасцi настаўнiцтва ўдалося сабраць цiкавыя экспанаты: каля 70 беларускiх пая­соў, 40 вышывак, 10 музычных iнструментаў, мадэлi дзвюх тыповых сядзiб, каля 50 вырабаў з бяросты i лазы, шмат вiдаў лячэння з народнымi замовамi [49, 7, л. 500].

На выставе планавалiся ў асобным выставачным тэатры пастаноўка п’ес, паказ гульняў i iншых нумароў культурнай праграмы, каб блiжэй пазнаёмiцца з мастацтвам i побытам розных народаў. Вызначэнне культурнай праграмы беларус­кай дэлегацыi iшло даволi складана. Аднаму з кiраўнiкоў рэспублiкi падалося неабходным паслаць у Маскву сляпога лiрнiка, але праз некаторы час перадумалi, i ў Слуцк пайшла такая тэлеграма: “Прымiце ў тэрмiновым парадку ўсе захады да пошуку ў павеце лiрнiка i дамоўцеся з iм аб умовах яго паездкi на адзiн месяц у Маскву. Пажадана, каб лiрнiк быў не сляпец-жабрак, а стары селянiн i каб, акрамя святарных песнапенняў, мог паказаць у сваiх песнях карцiны з мiнулага Беларусi” [49, 12, л. 124, 393]. На Случчыне, у вёсцы Мусiчы, знайшлi лiрнiка К.Караленку, у рэпертуары якога было больш за 20 песень, сярод iх “Беларуская марсельеза”, “Захацела бабуленька разам узбагацецi”, “Маці Боска” i iнш. У Барысаў i Iгумен былi адпраўлены тэлеграмы падобнага зместу, але размова ўжо iшла пра дудароў, якiя павiнны былi выконваць народныя танцы i песнi, абавязкова быць апрану­тымi ў беларускае адзенне. З вёскi Нэтаўка Iгуменскага павета ў Маскву паехаў В.Р.Знак, а з Барысаўскага – Хатчанка. За выступленнi народным музыкам абяцалi па пуду жыта i 75 кап. золатам у дзень [49, 7, л. 279; 12, л. 254]. Самабытнае мастацтва лiрнiка i дудароў павiнна было з’яўляцца своеасаблiвай iлюстрацыяй да экспазiцыі этнаграфii i побыту.

Па загаду старшынi СНК Беларусi А.Р.Чарвякова доўга шукалi тэатр марыянетак – батлейку. У рэшце рэшт дзеючая батлейка была знойдзена, i камiсiя Белвысткама зрабiла яе агляд. Батлейка была паказана ў раздзеле побыту як прыклад “выміраючага беларускага народнага тэатра”. Культуру i мастацтва Беларусi паказвала трупа з 23 артыстаў Дзяржаў­нага тэатра, а таксама хор пад кiраўнiцтвам У.Тэраўскага, аркестр у складзе музыкаў i балет з 12 артыстаў. Праграма ўключала музычныя драмы “Машэка”, “На Купалле”, п’есу “Пiнская шляхта”, вечар беларускай народнай песнi.

19 жнiўня 1923 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы. Тагачасная прэса i шматлiкiя наведвальнiкi адзначалi афармленне беларускага павiльёна, дзе вельмi ўдала быў паказаны менавiта побыт беларускага народа. На самай справе хвалiцца дасягненнямi ў эканомiцы падстаў не было, таму аўтары экспазiцыi зрабiлi (можа, чыста iнтуiтыўна) правiльны нацiск на своеасаблiвасцi прыродных умоў, этнаграфii i культуры Беларусi. У адной з газетных вытрымак вельмi трапна адзначалася, што нiякiя гаспадарчыя дасягнен­нi савецкай улады не прыцягвалi гэткай увагi публiкi i замежных гасцей, як беларускi хор, што заўсёды выступаў у нацыянальным адзеннi, як тэатр i балет.

Трэба заўважыць, выступленне прадстаўнiкоў беларускага мастацтва i культуры на выставе стала яскравым доказам самабытнасцi беларускага этнасу, яго мовы i культуры, свое­асаб­лiвым абгрунтаваннем права беларусаў на самастойнае iснаванне i развiццё.

Улiчваючы наяўнасць шматлiкiх работ па праблемах бела­русiзацыi, мы абмежавалiся толькi разгледжанымі аспектамі.

На падставе вышэйпрыведзеных дакументаў можна кан­статаваць факт iснавання на пачатку 1920-х гг. палiтычнага i культурнага асветнiцтва. Апошняе зарадзiлася ў вясковым асяроддзi i адпавядала яго настроям i iнтарэсам. Носьбiтам культурнага асветнiцтва з’яўлялiся ў першую чаргу вясковае настаўнiцтва i моладзь.

Дзейнасць беларускiх культурна-асветнiцкiх аб’яднанняў сведчыць аб шырокiм распаўсюджаннi iдэi беларусiзацыi ў вясковым асяроддзi i аб яго зацiкаўленым успрыманнi гэтай iдэi. Таму неабходна падкрэслiць факт аб’яднання ў адзiны паток намаганняў вясковай iнтэлiгенцыі i iмкненняў перада­вых колаў сялянства да нацыянальнага адраджэння i паглыблення нацыянальнай самасвядомасцi. Аднак нiзавая iнiцыятыва была абмежавана пасля афiцыйна абвешчанай беларусiзацыi, якая разгарнулася пад кiраўнiцтвам партыi i савецкiх органаў.