Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

Глава 3 успрыманне вёскай дзяржаўнай палiтыкi

3. 1. Рэакцыя сялянства на падатковую палiтыку дзяржавы першых гадоў нэпа

Без аналiзу адносiн сялянства да сацыяльна-эканамiчнай i культурнай палiтыкi дзяржавы немагчыма ўявiць усю складанасць i шматграннасць працэсаў, якiя адбывалiся ў вёсцы i ўплывалi на яе сацыяльна-псiхалагiчную атмасферу. На наш погляд, iгнараванне настрою сялянства ў значнай ступенi садзейнiчала неэфектыўнасцi многiх дзяржаўных мерапрыемстваў. Праўда, кiраўнiцтва краiны пры тэарэтыч­най распрацоўцы галоўных кiрункаў сваёй палiтыкi звяртала ўвагу на рэакцыю вёскi, да чаго заклiкалiся i мясцовыя ўлады. Не выпадкова ў 1927 г. на Першым з’ездзе хатнiкаў – непасрэдных выканаўцаў партыйных i ўрадавых дырэктыў – былi прыняты тэзiсы “Улiк настрою i запытанняў насельнiц­тва вёскi”. У iх адзначалася: “Праца па вывучэннi масы, яе настрою зусiм закiнута. Палiтасветы на вёсцы павiнны прадбачыць настрой насельнiцтва. Асаблiва павiнен быць улiк узнiкаючых незадавальненняў, неразумення таго цi iншага мерапрыемства савецкай улады” [23, 148, л. 9]. Аднак памiж афiцыйнымі пастановамi i iх ажыццяўленнем iснавала неадольная дыстанцыя, што, на наш погляд, дастаткова пераканаўча даказала ўся гiсторыя савецкага грамадства.

У працах гiсторыкаў партыi, даследчыкаў, якiя працуюць на памежжы гiсторыi i сацыяльнай псiхалогii, разглядалiся тэарэтычныя погляды У.I.Ленiна на псiхалагiчныя аспекты некаторых гiстарычных сiтуацый. Кiраўнiк партыi i ўрада разумеў немагчымасць правiльнай ацэнкi перспектыў рэва­лю­цыйнай дзейнасцi без усебаковага аналiзу iснуючай сiтуацыi. Гэта давала магчымасць найбольш эфектыўнага прыстасавання партыйных iдэй да паўсядзённых патрэб. Тэарэтычныя адкрыццi У.I.Ленiна склалi аснову многiх партыйных дакументаў, а для навукоўцаў сталi метадалагiч­най базай даследаванняў. Можна заўважыць, што на з’ездах КП(б)Б ад IV да ХI, якiя адбылiся ў разглядаемы перыяд, i на большасцi пленумаў ЦК КП(б)Б у той цi iншай ступенi закраналiся пытаннi сацыяльна-псiхалагiчнага настрою вёскi.

Пасля перамогi Кастрычнiцкай рэвалюцыi, заканчэння Грамадзянскай вайны ў аснову палiтыкi партыi ў адносiнах да вёскi была пакладзена iдэя перабудовы псiхалогii дробных уласнiкаў. Разглядаючы псiхалогiю мас з пункту гледжання рэвалюцыянера i ў iмя рэвалюцыi, У.I.Ленiн не мог не заўважаць незадаволенасцi большай часткi сялянства харч­развёрсткай, што праявiлася ў значным антысавецкiм настроі вёскi. Вынiкам рэальнай ацэнкi сiтуацыі стала новая эканамiчная палiтыка.

Нельга не зазначыць, што праблему адносiн вясковага насельнiцтва да савецкай аграрнай i культурнай палiтыкi не абмiналi даследчыкi ранейшых часоў. Аднак згодна з тагачаснай метадалогiяй усе сацыяльныя з’явы разглядалiся праз прызму класавага падыходу. У сялянах бачылi не людзей з нармальнымi чалавечымi пачуццямi ўласнай годнасцi, незадаволенасцi дыктатам i неразумнай з iх пункту гледжання палiтыкай, а беднякоў, сераднякоў i кулакоў. Такi сацыяльна-класавы падзел вёскi спрыяў пошукам галоўнага тормаза ў буксуючай дзяржаўнай палiтыцы. Тым не менш прыведзеныя ў даследаваннях савецкага часу факты, лiчбы i цытуемыя дакументы досыць яскрава адлюстроўваюць сацыяльна-псiхалагiчны настрой вёскi. З пазiцыі сучаснай на­ву­ковай думкi яго можна ахарактарызаваць як нездавальняль­ны, аднак савецкiя навукоўцы выкарыстоўвалi факталагiчны матэрыял толькi для iлюстрацыi класавага расколу i барацьбы на вёсцы.

Самай галоўнай i праўдзiвай крынiцай пры вывучэннi сацыяльна-псiхалагiчнага настрою вёскi з’яўляюцца шматлi­кiя архiўныя дакументы. Асаблiва неабходна выдзелiць фонды мясцовых органаў улады, дзе выяўлена мноства звестак па пытаннi, якое нас цiкавiць. Сур’ёзную крынiцу ўяўляюць справаздачы загадчыкаў народных Дамоў i хат-чытальняў. Як адзначалася раней, яны павінны былi запаў­няць спецыяльныя справаздачныя анкеты з вялiкiм мноствам падрабязных пытанняў, першым з якiх стаяла пытанне аб палiтычным настроі вёскі. Безумоўна, кожны хатнiк запаў­няў анкету паводле свайго разумення, аднак у цэлым уяўленне складваецца пераканаўчае.

Найсур’ёзнейшай праблемай, з якой ушчыльную сутыкну­лася вёска пасля заканчэння Грамадзянскай вайны, стала харчразвёрстка. Актыўнаму нацiску дзяржаўных органаў сялянства процiпаставiла ўхiленне ад яе выканання самымi рознымi сродкамi. Да гэтай тактыкi далучалася мясцовае кiраўнiцтва, “старшыні валвыканкамаў у сваёй большасцi не садзейнiчалi нармальнаму ходу развёрсткi, нават замiналi ёй” [30, 49, л. 11; 5, 7, л. 48]. Паведамлялася аб патрабаваннях солi ў абмен на хлеб, аднак солi не было, i людзi хвалявалiся. Адны начальнiкi бачылi ў гэтым толькi “псiхалогiю вяскоўцаў як дробных уласнiкаў”, другiя нават асцерагалiся паўстання [30, 48, л. 2; 30, 49, л. 10].

На Iгуменшчыне, у Перажырскай воласцi, адбыўся дастаткова паказальны выпадак. (Цi сустракалiся падобныя з’явы ў другiх месцах, высветлiць не ўдалося.) “Перажырская справа” пачала развiвацца ў студзенi 1921 г. па iнiцыятыве ўпаўнаважанага па гэтай воласцi А.Клейнберга. Ён напiсаў дакладную на iмя наркама харчавання, у якой паведамляў: “Калi агенты прыступалi да спагнання развёрсткi ў вёсках, дзе размяшчалiся кубанскiя часцi, то яны адкрыта выступалi i агiтавалi супраць выканання развёрсткi. На агульных сходах грамадзян кубанцы, пераапрануўшыся ў цывiльнае адзенне i выдаючы сябе за сялян, заяўлялi, што развёрстка ў iх вёсцы выканана быць не можа, лiшняга хлеба няма... У вёсцы Перажыр нават быў арыштаваны харчагент, а сабраныя 50 пудоў жыта па прапанове палiтрука былi раздадзены жыхарам сяла... Ваенкам палка заявiў, што ўсё робiцца з яго ведама i што ён i яго чырвонаармейцы нiякiм чынам не дапусцяць, каб адбiралi апошняе. Сялянам патрэбна пакiдаць хлеб па норме, iнакш яны будуць супрацьдзейнiчаць выка­нан­ню развёрсткi... Даведаўшыся, што развёрстка выконваец­ца якой-небудзь вёскай, конныя кубанцы едуць туды кантра­ляваць агентаў i ратаваць сялян. Вяскоўцы, якiя выканалi развёрстку, даведаўшыся пра гэткiя падзеi, патрабуюць звароту хлеба...” [30, 71, л. 47, 47 адв.].

Дзеяннi кубанцаў дастаткова паказальныя ў сэнсе незада­воленасцi харчразвёрсткай. Справа не толькi ў iх непасрэднай матэрыяльнай зацiкаўленасцi, а мабыць, яшчэ i ў тым, што казакi – учарашнiя хлебаробы – не маглi спакойна глядзець, як да апошняга рабуюць вёску. Не выпадкова яны раздавалi адабранае збожжа, арыштоўвалi харчагентаў.

Улады вымушаныя былi ў некаторай меры ўлiчваць усе­агуль­ную незадаволенасць вёскi i не маглi iсцi на далейшае абвастрэнне сiтуацыi. У гэтым сэнсе характэрна тэлеграма, накiраваная ў Мазырскi павет наркамам земляробства А.С.Сла­вiнскiм: «Слова “развёрстка” пужае сялян, будзьце асцярожныя з выказваннямi» [50, 13, л. 52].

Настрой вясковага люду вельмi добра адлюстраваны ў невялiчкiм пiсьме селянiна вёскi Рэчань Любанскай воласцi ў войска свайму сыну цi сваяку: “Жывецца нам цяпер вельмi дрэнна, кожны дзень ганяюць у падводы вазiць сена, жыта, авёс, ячмень... Вялiкую рэквiзiцыю нiяк нельга выканаць, таму што кожны дзень бяруць i цягнуць... Мы не ведаем, што з гэтага будзе. Як сонныя. Не ведаем, што рабiць” [30, 17, л. 261 адв.].

Вытрымка з прыватнай запiскi iнструктара палiтаддзела НКЗ Яромiна, якi быў накiраваны спачатку ў Слуцкi, а потым у Мазырскi паветы, – яшчэ адзiн выразны прыклад ілюстрацыі настрою вёскi. Ён вельмi актыўна стараўся праводзiць дзяржаўную лiнiю, амаль што ў кожнай вёсцы выступаў з дакладамi аб стане i задачах сельскай гаспадаркi. У афiцыйных паведамленнях пiша аб добразычлiвых адно­сiнах сялян, а ў прыватнай запiсцы ад 27 снежня 1920 г. канстатуе: “Псiхалогiя сялян у адносiнах да савецкай улады абыякавая, адчуваецца страшэнная нянавiсць да армейскiх харчовых брыгад, таксама сялянам не падабаецца пазiцыя адносна камун. Наогул матэрыяльны стан як сялян, так i саўгасаў незайздросны, асаблiва ўся развёрстка хлеба, падводы, пастой армii ў вёсках, пажары пасля палякаў. Уся гэтая карцiна надае змучаны выгляд сялянству” [32, 39, л. 46].

Выкананню развёрсткi перашкаджала i ўзброенае супра­цiў­ленне, асаблiва на Мазыршчыне i Бабруйшчыне, а мясцо­выя ўлады не мелi сiлы для таго, каб справiцца з iм. Вядома, у Беларусi не было з’яў, аналагiчных сялянскiм выступлен­ням на Тамбоўшчыне, аднак паўсюдная незадаволенасць вясковага люду харчразвёрсткай i метадамі яе выканання таксама садзейнiчала прыняццю рашэння аб яе адмене.

Савецкая ўлада праводзiла мерапрыемствы, якiя дэман­стра­валi перш за ўсё недавер да творчай iнiцыятывы селянi­на, яго зацiкаўленасцi ў справе, нявер’е ў талент прадбачання земляроба. Адной з такiх непатрэбных i незразумелых з’яў стала арганiзацыя пасяўных камiтэтаў дзеля дапамогi ў аднаўленнi i ўмацаваннi сялянскай гаспадаркi. Iдэя аказалася нежыццёвай ужо з самага пачатку. Iнакш быць не магло, таму што вёска выконвала развёрстку, утрымлiвала за свой кошт ваенныя часцi, а тут яшчэ трэба было ствараць новыя камiтэты. Дакументы паказваюць нежаданне мясцовых улад удзяляць увагу нiкому не патрэбнай справе. Атрымлiвалася так, што людзi, якiя нiколi не займалiся земляробствам, больш дбалi пра яго развiццё, чым спрадвечныя земляробы i, што горш за ўсё, бралiся iх вучьщь таму, як, калi i чым сеяць. Вяскоўцы баялiся, што iх сiлай будуць заганяць у камуну, што вернуцца камбеды цi пачнецца рэквiзiцыя насення. Не выпадкова ўлады рэкамендавалi кiдаць лепшыя агiтацыйныя сiлы ў вёску, арганiзоўваць беспартыйныя канферэнцыі, з’ез­ды, падрабязна тлумачыць задачу пасяўкамаў [50, 1, 14 адв.].

Цяжка ўявiць, як можна было пераадолець недавер вяско­вага люду да савецкай улады, асаблiва пасля распараджэння аб бранiраваннi насення i ўтварэннi з сялянскiх лiшкаў дзяржаўнага насеннага фонду. Па развёрстцы забiралi ўсё, што можна, i адначасова стваралi органы, якiм трэба было аддаваць нават насенне. Некалькi радкоў з тэлеграмы НКЗ Беларусi ад 5 красавiка 1921 г.: “...насенне павiнна быць сабрана ў калектыўных свiрнах, таму што так лепш захоў­ваць, сарцiраваць, а гаспадар можа схаваць, выкарыстаць на другiя патрэбы” [50, 1, л. 66]. Забранiраванага дзяржавай насення нi ў якiм выпадку нельга было прадаваць або пазычаць да заканчэння пасяўной. Забаранялася ўсялякая яго перавозка без дазволу пасяўкамаў у межах населенага пункта, а ў межах воласцi – без дазволу валаснога пасяўкама. У вы­нiку харчорганы змаглi забранiраваць 311 728 пудоў збожжа [558, с. 106].

На працягу лютага–сакавiка 1921 г. у Беларусi адбывалася стварэнне павятовых, валасных пасяўкамаў. Насельнiцтва сустракала гэты працэс крайне недаверлiва, некаторыя вёскi наогул адмаўлялiся выбiраць iх. Тыя ж, хто займаўся арганi­за­цыяй пасяўкамаў, лiчылi, што “тормазамi ў гэтай справе з’яўляюцца тайная арганiзацыя эсэраў i бандытызм” [51, 10, л. 66].

Вясною i летам 1921 г. у рэспублiцы крайне абвастрылася сацыяльна-палiтычная сiтуацыя, праяўленнем якой сталi актыўныя антыўрадавыя выступленнi. З восенi 1920 г. па восень 1921 г. у 177 населеных пунктах адбылiся пагромы. Наркам харчавання Я.А.Адамайцiс паведамляў, што “вельмi ўзросшы бандытызм (афiцыйная тэрмiналогiя таго часу. – М.Б.) не дазваляе мясцовым органам весцi нарыхтоўку”. З Ма­зыршчыны паступалi звесткi аб лютаваннi бандытаў у чатырох валасцях, спынiць якое магчыма было “толькi тэрмiновым увядзеннем войскаў”. Такая ж карцiна назiралася i ў Якшыцкай, Пагарэльскай, Шацкай валасцях Iгуменскага павета [30, 205, л.23; 213, л.70 адв.]. Абставiны склалiся настолькi сур’ёзныя, што па прапанове ЦБ КП(б)Б 8 лiпеня 1921 г. стварыўся рэўваенсавет Мiнскага раёна, а праз колькi дзён на ўсiх баявых кiрунках стваралiся палiткамiсii, заклiканыя мабiлiзаваць насельнiцтва на барацьбу з бандытызмам. Па ўсёй рэспублiцы пачалася арганiзацыя мітынгаў, на якiх заклiкалi змагацца з бандытызмам.

На наш погляд, з’ява антыўрадавага пратэсту патрабуе дэталёвага вывучэння i новага падыходу. Патрэбны больш дасканалы за iснуючы аналiз складу i мэт антыўрадавых фармiраванняў, праблемы iх масавасцi. У якой ступенi яны сталi адказам на палiтыку савецкай улады у адносiнах да сялянства? Не выпадкова ж нападу падвяргалiся савецкiя ўстановы, кааператывы, нарыхтоўчыя канторы, мясцовыя актывiсты. Гэта з аднаго боку. З другога, не выпадкова падчас аб’яўленага тыдня добраахвотнай яўкi ў жнiўнi 1921 г. здалiся ўладам каля 6400 чалавек. Значыць, незадаволенасць савецкай уладай ахоплiвала значныя колы сялянства, была дастаткова масавай. Але цi ёсць падставы пры характарысты­цы гэтых з’яў ужываць тэрмiн “рэзiстэнцыя”, як прапаноўвае даследчык праблемы Н.Стужынская? У некаторай ступенi пастаўленыя пытаннi закранаюцца ў дысертацыi М.В.Гудава [186]. Аўтар прытрымлiваецца пазiцыi некаторых навукоўцаў аб немагчымасцi адназначнай квалiфiкацыi выступленняў пачатку 1920-х гг. як палiтычнага бандытызму цi, наадварот, змагання за незалежную, дэмакратычную Беларусь [304, с. 147; 505, с. 4]. Бясспрэчна адно: антысавецкiя выступленнi ўяўлялi сабой складаную сацыяльна-палiтычную з’яву, апiра­лiся на шырокую незадаволенасць сялянства дзяржаўнай палiтыкай i адначасова адлюстроўвалi гэтую незадаволе­насць.

Абвяшчэнне новай эканамiчнай палiтыкi, з нашага пункту гледжання, не стала для сялянства вызваленнем ад беззаконня развёрсткi. Як было паказана, для беларускай вёскi харчпадатак аказаўся вышэйшым за развёрстку i спаганяўся пры дапамозе тых жа метадаў. Архiўныя фонды адлюстроўваюць вострае супрацьстаянне вёскi i ўлады, якое аформiлася вакол спробы дзяржавы паставiць пад кантроль сялянскую гаспадарку. Вяскоўцы скрывалi колькасць ворыва, жывёлы (нават у масавым парадку пазбаўлялiся ад яе), запiсвалi большую колькасць едакоў. На з’ездах сельсаветаў патрабавалi, каб разрады ўраджайнасцi вызначалi не зверху, а на месцах. У перыяд арганiзацыйнай падрыхтоўкi да спагнання збожжавага падатку ў Слуцку быў выдадзены загад № 20: “Назіраецца наўмыснае ўкрыццё ворыва, жывё­лы, а таксама павелiчэнне колькасцi едакоў, таму загадваю аб’явiць грамадзянам праз сельсаветы, што з моманту атрымання загаду яны могуць на працягу 5 дзён унесцi папраўкi ў спiсы скрытага ворыва i жывёлы. У тых, хто не выкарыстае гэтага тэрмiну, будзе праведзена рэквiзiцыя на карысць беднаты i беззямельных, а самi яны будуць аддадзены пад суд Рэўтрыбунала. Сельскiя Саветы, якiя не праверылi спiсаў i прапусцiлi скрытыя даныя, нясуць такую ж адказнасць” [30, 204, л. 34].

Што тычыцца сялянства, то яго адносiны да падатку ў большасцi выпадкаў па многiх прычынах былi негатыўныя. Калi разглядаць пытанне з пункту гледжання псiхалогii, то трэба прызнаць: кожнаму чалавеку цяжка аддаць частку свайго дабра, нават у iмя самай высокай мэты. А сялянам, змучаным доўгай вайной, голадам, разрухай, харчразвёрст­кай, на самай справе не было чым плацiць новы падатак. Некаторыя iнспектары паведамлялi, што сяляне ставяцца да падатку вельмi дрэнна, як i да развёрсткi, а валвыканкамы – пасiўна. З Грэбеньскай воласцi Iгуменскага павета нейкi начальнiк паведамляў: “Сёння арыштаваў трох на 5 сутак з выкананнем службовых абавязкаў. Заўтра прышлю грамадзя­нi­на з вёскi Студзёнка, якi агiтуе супраць падатку, яго трэба iзаляваць на ўвесь тэрмiн”. З Якшыцкай воласцi паступiлi весткi аб тым, што выканкам “зусiм не ў курсе харчработы, некаторыя яго дзеяннi iдуць уразрэз з iнтарэсамi харчра­боты”. На з’ездзе сельскiх Саветаў Плешчанiцкай воласцi звярталася ўвага на тое, што “пасля здачы падатку ў сялян не будзе сродкаў плацiць за памол збожжа, за соль. Дэлегаты патрабавалi, каб кааперацыя прадавала тавары за грошы, а не за прадукты” [30, 214, л.3 адв., 8, 13, 26].

Яшчэ адно адценне ў карцiну адносiн сялян да харчпадатку дадае апiсанне сходу ў вёсцы Гарадок Сёмкава-Гарадоцкай воласцi ад 28 лiпеня 1921 г.: “На сход сабралася 30 мужчын, 5 жанчын i 8 падлеткаў. Тут жа адбывалася перапiска падатку, на што сяляне глядзелi некалькi варожа. Па размеры падатку iнтарэсу не праяўлялi, таму што ведалi аб гэтым з мiтынгаў. Аб бандытызме i тавараабмене чулi некалькi разоў i iнтарэсу таксама не праяўлялi” [17, 226, л. 4]. Мабыць, улiчваючы падобную сiтуацыю, адзiн з валасных iнструк­тараў пiсаў, што “трэба прымаць самыя энергiчныя меры, бо сяляне на агiтацыю звяртаюць мала ўвагi” [30, 210, л. 140]. Паказальна, што яшчэ перад пачаткам харчкампанii, не маючы дастаткова фактаў для таго, каб рабiць вывады, кiраўнiцтва рэспублiкi сумесна з упаўнаважаным УЦВК па Беларусi Аркусам папярэджвала: “...заможнае сялянства праяўляе супрацiўленне i сабатаж, ухiленне ад выканання падатку пад рознымi прычынамi” [5, 7, л. 151]. Нельга не заўважыць, што тэлеграма як бы давала ўстаноўку на пэўныя адносiны да будучых магчымых неплацельшчыкаў, вызна­чаючы iх сацыяльны статус – заможныя. Адчуваецца ўплыў вядомай партыйнай тэорыi аб класавым падыходзе пры аналiзе любых падзей.

Прыметна нервавалi вёску бясконцыя змены ў разгар кампанii тэрмiнаў здачы, замена аднаго вiду харчавання другiм, павелiчэнне нормы здачы бульбы i iншыя спантанныя распараджэннi ўлады. З месцаў паведамлялi аб тым, што “гэта выклiкала ў сялян недавер да новай эканамiчнай палiтыкi, i барацьба з такiмi настроямi часта бывала няўдалай” [30, 204, л. 67]. Негатыўны псiхалагiчны настрой вясковага люду немагчыма было лiквiдаваць нават самым шырокiм ужываннем разнастайнай агiтацыі на мiтынгах, сходах, праз лiстоўкi, лозунгi i г.д. Дзеяннi дзяржаўных органаў гаварылi самi за сябе.

Адным з важнейшых сродкаў уздзеяння на падатка­плацельшчыкаў сталi выязныя сесii Рэўтрыбунала. “Просiм, каб справы разбiралiся хутка i рэвалюцыйна, – абвяшчалася ў тэлеграме асобаўпаўнаважанага Штэрна, – каб судовыя працэ­сы адбывалiся на месцах публiчна, у прысутнасцi насельнiц­тва, каб аказаць найбольшы эфект на жыхароў дадзенага раёна” [30, 205, л. 102]. Некаторыя кiраўнiкi надавалi выязным сесiям не толькi застрашлiвае, але i маральнае значэнне. Намеснiк наркама харчавання Фрыд, напрыклад, лiчыў, што “харчовыя сесii мала ўздзейнiчаюць на псiхiку мас, носяць сухi судовы характар. Прымаючы да ўвагі ўказаннi Цэнтра аб маральным уплыве на псiхалогiю грама­дзян, выязным сесiям прапаноўваецца пасяджэннi рабiць на месцы, адкрытыя, агiтацыйныя пастановы публiкаваць шырока. Насельнiцтва павiнна ведаць, што ў выпадку далейшага невыканання падатку будуць прыняты больш рэпрэсiўныя меры, аж да ўводу войскаў на пастой” [30, 205, л. 82].

Нельга не заўважыць, што такая падатковая палiтыка i метады яе правядзення абвастрылi непрыязныя адносiны памiж рознымi сацыяльнымi групамi. Дзеяннi выканаўчых органаў нiяк не ўпiсвалiся ў рамкi лозунгаў падтрымкi бедняка, саюза з серадняком. Самi па сабе гэтыя лозунгi парушалi сацыяльна-псiхалагiчную атмасферу вёскi, якая фармiравалася дзесяцiгоддзямi i, вядома, была далёка не iдэальнай, а падатковая палiтыка наогул усё заблытала. Ясна адчуваўся яе галоўны змест: любой цаной сабраць заплана­ва­нае, не спыняючыся перад аслабленнем моцных i спусташэн­нем слабых гаспадарак. Iнтарэсы селянiна, яго сям’i нiкiм не бралiся ў разлiк. Нездарма ў многiх афiцыйных дакументах сялянства выступала ў ролi сытага, прыжымiстага, абмежава­нага чалавека, якi не хоча зразумець iнтарэсаў дзяржавы i пралетарскай рэвалюцыі. Кiруючыя органы не надта памы­лялiся ў вызначэннi настрою вяскоўцаў. У завуалiраванай форме антыпадатковыя погляды сялянства прызнавалi i навукоўцы савецкага перыяду. Сярод мноства дакументаў i навуковых прац нам удалося знайсцi толькi 3–4 апiсаннi добраахвотнай здачы падатку [558, с. 112; 30, 212, л. 53; 30, 214, л. 66].

Дрэннае паступленне падатку тлумачылi па-рознаму. Агенты называлi многа прычын: ад той, што ўсё забралi палякi, да ўплыву эсэраўскай агiтацыi. На думку аднаго з харчработнiкаў, асяродак апошняй знаходзiўся ў Мар’iнагор­скiм сельскагаспадарчым тэхнiкуме. З падачы ўпаўнаважа­нага быў нават знойдзены i арыштаваны адзiн з эсэраў, малады хлопец з вёскi Арэшкавiчы Пухавiцкай воласцi. У яго абарону мясцовья жыхары напiсалi пiсьмо наступнага зместу: “М.I.Траццяковiч – вучань Мар’iнагорскага сельскагаспадар­чага вучылiшча, за час знаходжання ў адпачынку некалькi разоў абiраўся старшынёй агульнага сходу i праводзiў яго ў поўным парадку. Нiякай агiтацыi супраць улады не праводзiў i намi заўважаны не быў, i цяпер не прызнаём яго зламыснiкам супраць улады, а што тычыцца падатку, то iм было толькi сказана, што газеты пiшуць пра 15%, а з сялян патрабуюць чамусьцi 50%” [53, 14, л. 10]. Вядома, 1921 г. – гэта яшчэ не 1937 г., аднак метады ачарнення людзей дзеля апраўдання сваёй няўдачы такiя ж самыя.

Як бачым, падатковая кампанiя 1921 г. аказалася надзвы­чай складанай справай для ўсiх удзельнiкаў. Разумелi гэта i некаторыя з адказных асоб, якiя выконвалi план, а думкi мелi iншыя. Адзiн з найцiкавейшых дакументаў, што раскрывае псiхалагiчны настрой вёскi i радавых выканаўцаў i мiжволi паказвае сутнасць савецкай сiстэмы, – пiсьмо, напiсанае за­гад­чыкам iнспектарскага пададдзела Барысаўскага павятова­га камiсарыята харчавання 31 кастрычнiка 1921 г., у 12 гадзiн ночы, свайму мiнскаму начальнiку: «Калi ў цябе ёсць час i ты хочаш пазнаёмiцца з сапраўдным станам работы па харчпадатку ў Барысаўскiм павеце, то прачытай да канца. Ты разумееш, што ў афiцыйнай зводцы пра многiя рэчы пiсаць нi ў якiм разе нельга.

Аб настроi сялян. Афiцыйна мы ўсё пiшам, што настрой большасцi сялян добры, аднак фактычна гэта хлусня: настрой сялян кепскi, ды i лепшага настрою быць не можа. Селянiн, як кожны чалавек, незадаволены, калi ў яго што-небудзь бяруць, але калi ў яго бяруць хлеб, да таго ж яшчэ вялiкi падатак, то, само сабой, ён не можа заставацца задаволеным. Да гэтага дадай яшчэ: замест 0,5 пуда насення – пуд, яму гавораць, што павiнен плацiць 9 фунтаў мяса, а прымаюць па 22 з паловаю толькi жывой вагi. Але самае галоўнае, што выклiкала моцнае незадавальненне, гэта тое, што з каровы, з якой ён заплацiў падатак маслам, з яго яшчэ патрабуюць мяса, з авечкi, з якой ён ужо адзiн раз аддаў воўну, патрабуюць мяса i жывую авечку з воўнаю. Яны здзiўляюцца. Што мне iм адказваць? Адказвай ты.

А тут яшчэ гэты падатак на дамашнюю птушку i абавязкова з ворыўнай плошчы... Мы хочам гэтым падштурхнуць сялян да развядзення дамашняй птушкi, хаця я асабiста думаю, што лепшым стымулам было б даць сялянiну птушку, а не забiраць у яго. Але, як бы там нi было, сяляне не хочуць гэтага ведаць i з iронiяй пытаюцца: “А што, мая зямля яшчэ яйцы нясе?” А цяпер будуць пытацца: “А што, мая зямля птушку родзiць?” І калi-нiкалi бывае нават смешна... Калi ты хоць трохi знаёмы з настроем сённяшняй вёскi, то ты ведаеш, што сяляне цяпер толькi i мiтынгуюць аб тым, як бы гэта з iх знялi зусiм той або iншы падатак цi хаця б трохi паменшылi, а калi станеш гаварыць пра тое, што трэба здаваць падатак, то з усiх бакоў пачуеш: ведаем, ведаем, ужо чулi. Хопiць!

Усё ж такi разам з партыйцамi вядзём палiтычную работу, але можаш сабе ўявiць, як можа ўздзейнiчаць на сялян сходка цi мiтынг, калi аб’яўляюць загад выканкама, што калi не выканаюць падатак у тэрмiн, то прыедзе Рэўтрыбунал i будзе судзiць, арыштоўваць i канфiскоўваць...» [30, 205, 94, 95].

Не намнога лепш аднеслася вёска да падатку 1922 г., а дзяржаўныя органы таксама не змянiлi сваёй тактыкi. Сяляне скрывалi маёмасць, затое ў некаторых сельсаветах аб’екты абкладання перапiсвалiся без гаспадароў, са слоў суседзяў, а канчатковыя спiсы не зачытвалiся [32, 493, л.18 адв.]. Каб дабiцца знiжэння падатку, многiя вяскоўцы спрабавалi звярнуць увагу ўлады на прыродныя з’явы, якiя прывялi да страты ўраджаю (моцны град, вымачка пасеваў i г.д.). Аднак усе спробы дабiцца дапамогi ад дзяржавы натыкалiся на моцныя бюракратычныя перашкоды. Спачатку трэба было пiсаць заяву на iмя валаснога iнспектара, якi накiроўваў яе вышэй, а павятовы камiсарыят са сваiм заключэннем накiроўваў яе ў Наркамат харчавання.

Яшчэ больш негуманна паставiлiся ўлады да вёсак, у якiх перабралi ў 1920 г. развёрстку на мяса. Пытанне аб залiчэннi лiшкаў у падатак сяляне падымалi перад кiруючымi органамi ў 1921 г., да заяў дадавалi квiтанцыi чырвонаармейскiх часцей. Такiх выпадкаў было нямала ва ўсiх паветах. Напрыклад, у сялян вёскi Лысуха са Случчыны звыш развёрсткi ўзялi 85 галоў жывёлы. Спачатку Наркамат харчавання вырашыў залiчыць гэтую жывёлу ў парадку тавараабмену i выплацiць вызначаным прадуктам. Аднак тавару не было, а вёсак шмат, i ўсiм бы не хапiла. Потым вырашылi залiчыць лiшкi ў харчпадатак, але зноў перадумалi. У рэшце рэшт сялянам было адмоўлена на падставе па­ра­гра­фа № 9 Дэкрэта аб вызваленнi ад падатку на мяса, якi кан­статаваў, што вызваленне можа быць, калi перабор у 1920 г. быў па ўсёй губернi (нават не па павеце. – М.Б.), а не па асобных вёсках [32, 123, л.167, 219, л.17].

У сувязi з гэтым паўстае пытанне эфектыўнасцi ўздзеяння новай эканамiчнай палiтыкi на ўздым сельскай гаспадаркi. Вышэйпрыведзеныя факты, на наш погляд, гавораць аб тым, што яе развiццё адбывалася дзякуючы цяжкай штодзённай працы сялянства. Якiм чынам магла стымуляваць падатковая палiтыка савецкай улады ўздым вёскi, аб чым сцвярджаецца апошнiм часам, калi падатак 1921 г. быў вышэйшы за развёрстку 1920 г., а падатак 1922 г. перавышаў папярэднi, нам не зразумела. Такая палiтыка дастаткова яскрава дэманстравала вясковаму люду, што яго iнтарэсы на практыцы ўлада не ўлiчвае, што вёска цiкавiць яе толькi як аб’ект выкачвання сродкаў на розныя мэты пралетарскай дзяржавы.

У 1922 г., акрамя агульнага сельскагаспадарчага падатку, сяляне выконвалi i некалькi грашовых. Ад мясцовых улад у Цэнтр паступалi трывожныя пiсьмы накшталт наступнага з Бабруйскага павета: “Некаторыя гаспадаркi пры аплаце ўсяго падатку асуджаюць свае сем’i на галоднае iснаванне цi пазбаўляюцца сваёй апошняй скацiны i да таго разбураюць сваю гаспадарку, што наўрад цi змогуць яе адрадзiць”. З Ма­зыршчыны пiсалi: “...Сялянства нiжэй сярэдняга i бедната не толькi не маюць сала, жыта, але ў некаторых сёлах знойдзецца чалавек 30–40 зусiм без хлеба. Напрыклад, Капаткевiцкая, Скрыгалаўская, Камаровiцкая воласцi, у якiх 40–50% насельнiцтва сядзiць па 2–3 месяцы без хлеба, капаюць дробную, няспелую бульбу”. З Барысава скардзiлiся, што “кармоў зiмою не хапала, скармiлi дахi. Выганы i сенажацi пазабiралi ляснiцтвы i саўгасы” [30, 219, л. 111; 483, л. 37]. На гэтыя просьбы аб лiтасцi ўлады не звярталi ўвагi. Вёска, нават самая бедная, заставалася тым аб’ектам, з якога можна было штосьцi ўзяць.

Як i раней, сяляне нiдзе не маглi дабiцца праўды. Усе спробы дамагчыся знiжэння разраду ўраджайнасцi з-за граду цi вымачкi, памяншэння падатку з-за вялiкай беднасцi або пажару заканчвалiся безвынiкова. Адмаўлялi ўчарашнiм чырвонаармейцам, удовам, беднаце, прычым якую-небудзь логiку ў гэтым працэсе знайсцi немагчыма. Спрабавалi сяляне заяўляць згодна з дзяржаўным палажэннем аб ільготах, што iх гаспадаркi пераходзяць на новыя формы землека­рыстання (хутары i пасёлкi, ужываюць шматполле, высяваюць тэхнiчныя культуры), аднак атрымлiвалi толькi адмоўныя рашэннi [30, 912а, л. 5, 6, 15].

Як бачым, рэакцыя беларускага сялянства на асноўную праяву нэпа – падатковую палiтыку – аказалася негатыўнай. Амаль адзiным фронтам выступiла вёска супраць намераў дзяржавы вырашыць эканамiчныя праблемы за яе кошт. Незадаволенасць у сялян выклікалі спагнанне падатку, разыходжанне памiж абяцаннямi i iх ажыццяўленнем на практыцы. Сведчаннем незадаволенасцi новымi падаткамi з’яўляецца вялiкая колькасць скаргаў, атрыманых Бюро скаргаў пры Наркамаце харчавання. Калi ў кампанiю 1921 г. было пададзена 12 156 скаргаў, то ў 1922 г. – 26 578 [30, 487, л. 63, 73 адв.; 499, л.26]. Як бачна, колькасць вырасла больш чым удвая. Неабходна дадаць, што ў абароне сваёй маёмасцi сялянства карысталася такiмi сродкамi, як укрыццё жывёлы i ворыва. Гэты вiд сацыяльнага супрацiўлення атрымаў значнае распаўсюджанне. Згодна даных М.Е.Стральцова, амаль 200 тыс. дзесяцiн беларускiя сяляне змаглi ўтаiць [502, с. 49].

У рашэннi зямельнага пытання змянiць сiтуацыю сялян­ства не магло i таму спрабавала паступова прыстасавацца да дзяржаўнай палiтыкi, хаця ў кожным канкрэтным выпадку зрабiць гэта было складана. Абвешчаны лозунг “аб апоры на бедняка i саюзе з серадняком” на практыцы не дзейнiчаў, таму што пры дасягненнi асноўнай мэты – аднаўлення пасяўной плошчы, павелiчэння ўраджайнасцi як галоўнай крынiцы падатку – iнтарэсы канкрэтнай гаспадаркi ў разлiк не бралiся. Таму, на наш погляд, абсалютна заканамерным з’яўляецца ўзнiкненне негатыўнага настрою сярод сялянства. Яно шукала i ў некаторых выпадках нават знаходзiла эфек­тыўныя сродкi абароны сваёй прыватнай маёмасцi i асабiстых iнтарэсаў. Такiмi метадамi можна лiчыць адмаўленне ад уплаты грошай за землеўладкаванне, ад выдзялення рабочай сiлы i жывёлы ў дапамогу каморнiкам, пагрозы фiзiчнай расправы, падзелы гаспадарак, захопы зямлi i iнш. Аднак перавага аказалася на баку дзяржавы. Тым не менш, дзякую­чы спрадвечнаму iнстынкту хлебароба i велiзарнейшаму напружанню ўсiх сiл, беларуская вёска падымалася з разрухi i голаду, цягнучы за сабой усё грамадства, i падышла да мяжы, за якой пачыналіся рэформы ў сельскай гаспадарцы.