Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

2.2.2. Унiфiкацыя формаў I метадаў

Сiстэматычная палiтыка-асветнiцкая работа ў Беларусi пачы­нае развiвацца пасля Х з’езда РКП(б), якi паставiў за­дачу сканцэнтраваць камунiстычную асвету ў руках ГПА i вызначыў яе галоўны кiрунак у сувязi з перажываемым момантам. Уся работа палiтасветустаноў падпарадкоўвалася прапагандзе нэпа, аб чым гаварылася на з’ездзе iх прадстаў­нi­коў у красавiку 1921 г. У маi пад грыфам “Вельмi тэрмiнова” ўсiм органам палiтасветы была разаслана iнструкцыя аб пачатку агiтацыйнай кампанii з 25 мая з умовай “ахапiць на­ват самыя глухiя вёскi”. Агiтатарам даваўся наказ: “Тлума­чыць сялянам сэнс замены развёрсткi харчпадаткам, паказ­ваць магчымасць свабоднага абмену, улiчваць i выкарыстоў­ваць усе мастацкiя сiлы паветаў: тэатральныя трупы, хары, аркестры, накiроўваць у вёску сацыяльную i эканамiчную лiтаратуру” [17, 218, л. 120].

Тлумачальнай рабоце па пытаннях новай эканамiчнай па­лiтыкi надавалася надзвычайнае значэнне, аднак, нягледзячы на iнструкцыі i цыркуляры, малаадукаваныя выканаўцы не маглi iмi эфектыўна карыстацца. Таму мясцовыя ўлады пра­яў­лялi сваю iнiцыятыву. Мiнскi павятовы палiтасвет, напры­клад, патрабаваў ад нiзавых устаноў штотыднёвых лiчбавых справаздач аб канцэртах, мiтынгах па пытаннях нэпа, аб палiтычнай сiтуацыi на вёсцы i адначасова “пагражаў пры­цяг­нуць да адказнасцi ў выпадку адсутнасцi справаздачы” [18, 148, л. 10, 30]. Узнiкла iдэя арганiзаваць на вёсцы выста­вы, прысвечаныя нэпу. На месцы рассылалiся камплекты плакатаў, якiя павiнны былi дапаўняцца канкрэтнымi лiчбамi, узятымi ў выканкамах, i некалькiмi дзесяткамi экспанатаў. Аднак спадзяваннi на iнiцыятыву нiзавых палiтасветустаноў не маглi спраўдзiцца нi ў якiм разе, таму што нiзы не разумелi сутнасцi нэпа, ды цыркуляры iшлi на вёску самыя супрацьлеглыя па змесце i дадавалi неразбярыхi.

Сацыяльна-псiхалагiчную сiтуацыю на месцы ўскладнялi iншыя агiтацыйныя кампанii, якiя аб’яўлялiся адна за адной. У пачатку 1921 г. праводзiлася агiтацыя за пажарную бяс­пе­ку, 25 студзеня пачынаўся тыднёвiк барацьбы з бандытыз­мам. З Мiнска ў паветы павiнна была выехаць група артыс­таў, таму на месцах “у парадку баявога загаду патрабавалася прывесцi памяшканнi ў належны выгляд” [15, 218, л. 1]. Агi­та­цыя супраць бандытызму звязвалася з барацьбой супраць дэзерцiрства. У лютым 1921 г. быў абвешчаны тыдзень дэзерцiра, i да яго была напiсана нават п’еса “Дэзерцір”. У маi 1921 г. пад грыфам “Сакрэтна” ўсiм валасным аддзелам народнай асветы, палiтасветам i культасветам накiроўвалася наступнае пiсьмо: “...Развiць шырокую агiтацыю з дапамогай партыйных i культурных сiл; растлумачваць сялянству ўстойлiвасць савецкай улады, звяртаючы ўвагу на мiр з Польшчаю, дагавор з Германiяй, шырока знаёмiць сялянства з новай эканамiчнай палiтыкай. Гэтыя формы асветнiцтва абавязкова суправаджаць спектаклямi, сцэнкамi, рознымi п’есамi агiтацыйнага характару... Выкананне – у парадку баявога загаду, адказнасць ускладаецца на валасныя аддзелы асветы i палiтасветы” [18, 151, л. 21].

Аднак не зусiм спрыяльнымi для агiтацыi i прапаганды з’яўлялiся эканамiчныя ўмовы. Пачалася пасяўная, сялянства спяшалася ў пару адсеяцца, пасяўныя праблемы хвалявалi таксама большасць работнiкаў валасных устаноў, сельскiх Саветаў i загадчыкаў хат-чытальняў. Безумоўна, у многiх месцах палiтыка-асветнiцкая дзейнасць фактычна адсутнiча­ла. Цэнтр спрабаваў паправiць справу суровымi загадамi. Вось пiсьмо Галоўпалiтасвета ад 18 мая 1921 г.: “Большая частка лiтаратуры аддаецца паветам для забеспячэння хат-чытальняў i клубаў. З мясцовых справаздач бачна, што лiтаратура ў павятовых палiтасветах залежваецца, а хаты-чытальнi i бiблiятэкi пустуюць з-за адсутнасцi лiтаратуры. ГПА прапануе тэрмiнова лiквiдаваць гэтыя недапушчальныя з’явы... Вiнаватыя ў затрымцы будуць прыцягвацца да адказнасцi персанальна” [17, 218, л. 20]. У сваю чаргу з мес­цаў паведамлялi аб немагчымасцi наладзiць эфектыўную работу, таму што “нават на базарах i кiрмашах мiтынгi не ўдаюцца, людзi занятыя тым, за чым прыехалi, – гандлем”. Напрыклад, 10 лiпеня ў Барысаве на базары быў арганiзаваны мiтынг, аднак, “нягледзячы на нядзелю i iгру аркестра духавой музыкi, людзi не сабралiся” [18, 148, л. 100].

Высокiя патрабаваннi да нiзавых палiтасветустаноў не падмацоўвалiся адпаведнымi адносiнамi кiраўнiцтва, таму што адпавядалi “апошняй ступенi важнасцi”. Аб гэтым, мiж iншым, сведчыць сумеснае пiсьмо ЦК КП(б)Б i ГПА ад 10 жнiўня 1921 г. у адрас павятовых камiтэтаў партыі: “Павято­выя палiтасветы маюць вельмi важнае значэнне ў барацьбе з дэзерцiрствам i бандытызмам i выкананнi харчпадатку. Тым не менш партыйцы часта накiроўваюцца на другую савецкую работу. Iнструктары палiтасветы, што прыязджаюць з Цэнт­ра, трапляючы ў павятовыя камiтэты, атрымлiваюць iншыя заданнi. Пры такой з’яве палiтасветы да гэтага часу не мо­гуць арганiзаваць i пачаць работу, выкон­ваць дырэктывы i заданнi. ЦБ КП(б)Б i ГПА прапануюць накiраваць у павя­то­выя палiтасветы не менш трох камунiс­таў, прызнаць палiт­асвет­работу ўдарнай, забяспечыць iнвен­та­ром, звярнуць ува­гу на валасныя палiтасветы, вярнуць у павятовыя палiтасветы адклiканых работнiкаў” [18, 148, л. 138]. Мясцовыя палiт­асвет­ра­ботнiкi скардзiлiся, што на­чаль­ства не звяртае ўвагi на палiтасвету, не аказвае нiякай дапа­могi, пасылае палiтасвет­нiка на збiранне харчпадатку [18, 179, л. 16].

Пасля таго як у жнiўнi пачынаўся збор харчовага падатку, нiзавыя палiтасветустановы атрымлівалі велiзарную коль­касць распараджэнняў. Сярод iх было i такое: “Дарагiя таварышы! У блiжэйшы час пачынаецца кампанiя па зборы збожжавага падатку. У сувязi з неўраджаем у Паволжы гэтае пытанне набывае яшчэ большае значэнне. Да сённяшняга часу вялася работа па падрыхтоўцы сялянскiх мас i тлумачэн­нi значэння пераходу да харчпадатку. Зараз харчовыя органы прыступаюць да збору ўраджаю, а сяляне яшчэ недастаткова ўразумелi значэнне харчпадатку i, можа быць, спачатку не адгукнуцца на заклiк рабоча-сялянскай улады, i работа па зборы падатку замарудзiцца, таму палiтасвет лiчыць неабход­ным: 1. У тэрмiнова ўдарным парадку ўзмацнiць агiтацый­ную работу на карысць харчовага падатку, дзеля чаго часцей арганiзоўваць сумесна з камсамольскай ячэйкай сходы сялян. <...> 3. У месцах, дзе знаходзяцца нарыхтоўчыя пункты i дзе чакаецца вялiкая колькасць людзей, неабходна адкрываць агiт­пасты, у задачу якiх уваходзiць: 1) расклейка газет, пла­ка­таў, лiстовак, заклiкаў; 2) распаўсюджанне лiтаратуры; 3) арга­нiзацыя гутарак, дакладаў, лекцый; 4) агiтацыя аб тэр­мi­новай здачы харчпадатку, звароце насеннай пазыкі; 5) пры­ём скаргаў”. (Звернем увагу: скаргi прымаў той, хто нiчога не вырашаў.) У другiм пiсьме рэкамендуецца адкрываць чыталь­нi непасрэдна на нарыхтоўчых пунктах, каб селянiн, чакаючы прыёму падатку, мог пачытаць газету, каб “быць у курсе ўсiх падзей”. Пiсьмо патэтычна папярэджвала: “Момант сур’ёзны! Кожная хвiлiна дарагая!” [18, 151, л. 28]. 15 снежня 1921 г. пачаўся першы двухтыднёвiк па зборы харчпадатку. Уста­но­вам палiтасветы загадвалася “арганiзаваць гутаркi сярод сялянства i тлумачыць, карыстаючыся газетнымi артыкуламi, неабходнасць здачы натуральнага падатку. Агiтацыю за здачу харчпадатку развiваць у вусных газетах. Праводзiць палiтсу­ды, напрыклад суд над селянiнам, якi не здаў у тэрмiн падатак, суд над харчiнспектарам, якi халатна адносiцца да збору падатку...” [17, 218, л. 217].

Прыведзеныя дакументы, на нашу думку, досыць яскравы прыклад разыходжання задуманага i сапраўднага, таму што з восенi 1921 г. сельскiя палiтасветустановы пераводзiлiся на ўтрыманне насельнiцтва. Аднак вёска аказалася не ў стане iх падтрымаць, i таму адбывалася хуткае скарачэнне колькасцi хат-чытальняў. Выконваць такiя iнструкцыі фактычна не было каму.

Палiтасветныя ўстановы павiнны былi весцi актыўную агiтацыйную работу сярод сялянства, адчыняць агiтпункты, арганiзоўваць выставы i г.д. Загадчыкi хат-чытальняў былi вымушаны раз’язджаць па воласцi для правядзення кампанiй, прысвечаных выбарам дэлегатаў на беспартыйныя канферэн­цыi, перавыбарам сельскiх i валасных Саветаў i г.д. Кампанii так надакучылi ўсiм, што ў вераснi 1921 г. на нарадзе кiраў­нiкоў павятовых палiтасветаў прысутныя гаварылi так: “Мы замучылiся ў лабiрынце гэтых кампанiй, дзве з якiх вельмi замiнаюць адна адной – дапамога галадаючым i харчпадатак. Кампанii сваё ўжо аджылi” [17, 218, л. 88]. Так меркавалі людзі, але ўлада зрабіла гэты вiд палiтыка-асветнiцкай работы надоўга галоўным.

Найбольш вiдовiшчнай i распаўсюджанай з’явай сталi масавыя мерапрыемствы, прысвечаныя новым савецкiм святам. Пачыналіся яны са святкавання ўгодкаў рэвалюцыі 1905–1907 гг. Вось як апiсвае такое мерапрыемства загадчык Лагойскай хаты-чытальнi: «5 студзеня (1923 г.) адбывалiся мiтынг i дэманстрацыя сумесна са школай-сямiгодкай на чале са старшынёй школьнага савета i двума настаўнiкамi. Напе­ра­дзе роты Усенавуча – мiлiцыянеры, партыйныя таварышы з вiнтоўкамi, i, нягледзячы на завею, пры першых словах Шкi­лён­ка, якi стаяў на трыбуне на базарнай плошчы, хор вучняў заспяваў “Вы жертвою пали”, а мiлiцыянеры адсалютавалi залпам i разышлiся стройнымi радамi. Вечарам адбыўся кан­цэрт самадзейнасцi, чатыры разы праспявалi “Інтэрнацыя­нал”, два разы “Песню братьям”, “Смело, товарищи, в ногу”, прачыталi брашуру “5 января 1905 года” i праслухалi даклад па гiсторыi беларускага руху. Вечар закончыўся спевамi “Марсельезы”» [18, 199, л. 19 адв.].

Наступнае свята – угодкi Чырвонай Армii. У час святка­ван­ня адбывалiся сходы сялян, дакладней, сялянскай моладзi, на якiх рэкамендавалася “склонять крестьян к подношению Красной Армии вещественных подарков” [14, 49, л. 53].

Зусiм незнаёмым, далёкiм сялянству аказаўся Дзень Па­рыж­скай камуны, наконт святкавання якога распрацоўвалiся спецыяльныя цыркуляры. Згодна з iмi тэатры павiнны былi ставiць п’есы “Дзень Парыжскай камуны” Львова, “Жаке­рыя” П.Мерымэ, “Дзень Марата” Глобы i iншыя, музычныя секцыi павiнны былi выконваць толькi наступныя творы: “Музычны марш” Л.Бетховена, “Эцюд № 12”, “Пахавальны марш” Ф.Шапэна, “Рэквіем” В.А.Моцарта, песнi “Смело, то­ва­рищи, в ногу”. Дэкламаваць можна было наступныя творы: “Песня про Сокола” М.Горкага, вершы Дз.Беднага і іншых пралетарскiх паэтаў [18, 149, л. 21а]. Безумоўна, цыркуляр адлюстроўвае шырокую фантазiю аўтара, бо ў тых умовах было невядома, хто, дзе i на чым мог бы выканаць названыя музычныя творы i паставiць п’есы.

Святкаванню Першага мая надавалася вялiкая ўвага. У та­га­часным друку можна знайсцi не адно апiсанне гэтага свята. Мы ж нагадаем справаздачу загадчыка Крайскага валаснога палiтасвета. Не трэба забываць, што Крайская воласць з’яўля­лася прыгранiчнай, i таму масавым савецкiм мерапрыемствам надавалася вялiкае прапагандысцкае i агiтацыйнае значэнне. На наш погляд, справаздача мае характэрны пачатак: «Нягле­дзя­чы на тое, што распараджэнне аб святкаваннi 1 Мая атры­ма­на позна, усё ж такi гэтае свята праведзена паспяхова. 30 кра­савiка, у 5 гадзiн вечара, быў пастаўлены канцэрт-мiтынг, спецыяльна заклiканы падрыхта­ваць насельнiцтва да першамайскiх свят. Ён пачаўся з выканання “Інтэрнацыяна­ла”, першае слова было дадзена палiтруку, якi падрабязна растлумачыў значэнне свята. Пасля мiтынга пачаўся канцэрт з двух аддзяленняў. У першым быў пастаўлены вадэвiль “Лялькi” пад акампанемент раяля, што прайшло даволi пры­го­жа. Струнны аддзел складаўся са школь­ных работнiкаў i другiх аматараў. Было прайграна некаль­кi рэчаў з танцаў i пе­сень. Канцэрт-мiтынг быў закон­чаны “Марсельезай” у 10 га­дзiн вечара. Ранiцай 1 Мая на плошчы вакол трыбуны са­браўся народ з усiх вёсак. У 11 га­дзiн сюды прыйшлi ваенныя часцi разам з работнiкамi валаснога выканкама i работнiкамi асветы з чырвонымi сцягамi i спевамi рэвалюцыйных песень. Чырвонаармейцы i савецкiя служачыя былi прыведзены да прысягi, пасля чаго аматары сталi па чарзе высвятляць святкаванне 1 Мая ў нас, у СССР, i ў буржуазных краiнах. Потым адбылося шэсце па ўсiх вулiцах мястэчка з лятучымi мiтынгамi. Шэсце закон­чана спяваннем “Беларускай мар­селье­зы”. Пасля адбыўся канцэрт» [18, 406, л. 5, 6]. Падобным чынам першамайскiя святы адзначалiся i ў другiх месцах. Напрыклад, з Бягомля паведамлялi, што, “нягледзячы на дрэннае надвор’е, святка­ванне прайшло цудоўна i вельмi добра” [18, 174, л. 13].

Не вызначалася вялiкай арыгiнальнасцю i святкаванне ўгод­каў Кастрычнiцкай рэвалюцыі. Iнструкцыя, спушчаная зверху, рэкамендавала “ўпрыгожыць зелянiнай i, дзе магчы­ма, чырвонымi сцяжкамi афiцыйныя памяшканнi i далей дзейнiчаць па плану мясцовага камiтэта, ячэйкi КПБ i камсамола, арганiзуючы ўрачыстыя шэсцi i самадзейнасць” [14, 48, л. 15]. У якасцi прыкладу нагадаем справаздачу за­гад­чыка Хаценчыцкай хаты-чытальнi: “Хата-чытальня бедная, сродкаў нiякiх, нават сцяга няма. Я ўзяў простага палатна, чырвонай фарбы i зрабiў сцяг. Паперы не было, прыйшлося лозунгi пiсаць на газетах. 7-га, у 9 гадзiн, прыйшлi школьнiкi i насельнiцтва дзвюх вёсак, сабралася каля сотнi чалавек. У 11 гадзiн 45 хвiлiн пад маiм камандаваннем стройнымi радамi накiравалiся ў цэнтр, сустрэўшы на дарозе калоны валвы­канкама i саўгаса... З рэвалюцыйнымi песнямi ішлi паўз гранiцы, з грамадзянамi прыгранiчнай вёскi правялi мiтынг, спявалi рэвалюцыйныя песнi...” [17, 339, л. 68].

Мы ўсведамляем сваё некаторае злоўжыванне цытаваннем архiўных матэрыялаў, аднак, на нашу думку, дзякуючы такiм дакладным вытрымкам з тагачасных дакументаў ствараецца досыць выразная карцiна ўнутрывясковага культурнага жыцця. Гэты прыём дазваляе зрабiць выснову, што асноўную частку ўдзельнiкаў савецкiх мерапрыемстваў складала вяско­вая моладзь, ахопленая рэвалюцыйным энтузiязмам. Менавi­та такi ўзнёслы псiхалагiчны настрой моладзi, перш за ўсё камсамольцаў, садзейнiчаў на першым часе некаторай пры­ваб­насцi новых свят, нягледзячы на цяжкi эканамiчны стан вёскi i выклiканую гэтай акалiчнасцю псiхалагiчную напру­жанасць.

Такiм чынам, правядзенне шматлiкiх кампанiй у форме розных тыднёвiкаў i масавых вiдовiшчных святкаванняў рэвалюцыйных дат стала адной з самых прыметных рыс культурнай рэвалюцыі на вёсцы. Iх аналiз дазваляе зрабiць вывад, што разнастайныя кампанii i святы iнiцыiравалiся дзяржавай. Гэта сведчыць аб яе настойлiвым iмкненнi як мага хутчэй завяршыць культурную рэвалюцыю на вёсцы (мабыць, больш дакладна было б лiчыць яе iдэалагiчнай).

У пачатку 20-х гг. вялiкае значэнне ва ўзмацненнi iдэала­гiчнага ўздзеяння на масы стала надавацца антырэлiгiйнай прапагандзе. ХII з’езд РКП(б) прыняў рашэнне, якое было прадублiравана VII з’ездам КП(б)Б: “Прыступаючы да пастаноўкi сiстэмы антырэлiгiйнай прапаганды i агiтацыi як аднаго з дзейсных сродкаў пашырэння партыйнага ўплыву на шырокiя працоўныя масы... падкрэслiваем, што толькi праз арганiзацыю шырокай сеткi палiтасветустаноў, перш за ўсё хат-чытальняў, планамернае забеспячэнне вёскi кнiжкай i газетай, створыцца глеба для канчатковага i поўнага выкаранення рэлiгiйных забабонаў” [272, с. 150]. Такiм чынам, савецкая ўлада пачала наступ на важнейшую частку духоўнай культуры народа.

Рашэннi з’езда супалi з актывiзацыяй дзейнасцi сельскiх палiтасветустаноў i сталi яе прыметнай старонкай. На вясковых сходах прымалiся адпаведныя рэзалюцыi, як, напрыклад, у красавiку 1923 г. у Самахвалавiчах: “...удзель­нiкi сходу лiчаць сваiм абавязкам прыйсцi на дапамогу сельскай масе, якая iнстынктыўна змагаецца з рэлiгiяй. Дапамогу аказваць шляхам гутарак, чытання навуковай антырэлiгiйнай лiтаратуры. З мэтай адцягвання насельнiцтва ад царквы прадугледзець правядзенне ў царкоўныя святы спектакляў, лекцый, каб вызвалiць несумленную народную масу ад гiпнозу” [14, 49, л. 110]. У хуткiм часе з’явiлiся справаздачы аб пастаноўцы на Сёмуху спектакляў, сярод якiх найбольшай папулярнасцю карысталася п’еса “Бог-отец, Бог-сын i Ко”.

Як i ў астатнiх вiдах палiтыка-асветнiцкай работы, у ан­ты­рэлiгiйнай прапагандзе галоўная роля адводзiлася сель­ска­му настаўнiцтву, тым больш, што многiя з настаўнiкаў, асаб­лiва маладыя, лiчылi антыцаркоўныя дзеяннi досыць эфек­тыўнымi. Вось якую пастанову прынялi, напрыклад, на­стаў­нiкi Койданаўскай воласцi: “Настаўніку, якi прытрымлi­ваец­ца рэлiгiйных забабонаў, няма месца ў савецкай сацыя­лiстычнай школе... Усiм школьным работнiкам прыступiць да антырэлiгiйнай прапаганды на аснове навуковага падыхо­ду...” [14, 49, л. 123]. Аднак падобныя рэзалюцыі не маглi змя­нiць настрою вёскi. Даследчыкi яшчэ ў савецкi час раз­гля­далi як негатыўныя факты нядобразычлiвае стаўленне сель­ска­га насельнiцтва i многiх настаўнiкаў да школ, у якiх не было абразоў i дзе не выкладаўся Закон Божы [553, с. 77].

Адначасова з працэсам стварэння структуры вясковых уста­ноў палiтасветы пачынаецца пераход ад “мітынгоў­шчы­ны” папярэдніх гадоў да больш-менш планамернай i акрэс­ленай работы. Знешняй праявай гэтых змен можа служыць з’яўленне вялiкай колькасцi iнструкцый, пастаноў, распраца­ваных рознымi iнстанцыямi i прынятых на шматлiкiх канфе­рэн­цыях i з’ездах. Большасць рашэнняў ГПА не адпавядалі нi эканамiчным, нi кадравым магчымасцям сельскiх устаноў. Па гэтай прычыне ў дакументах ГПА ўзнiмаюцца адны i тыя ж праблемы на працягу ўсяго перыяду дзейнасцi з канца 1920 г. па канец 1927 г. Напрыклад, 5 лютага 1924 г. калегiя ГПА ў рэзалюцыi “Аб працы на вёсцы” ўзнiмае пытанне аб неаб­ходнасцi “пачаць кампанiю за абсталяванне хат-чытальняў”. Быў складзены падрабязны спiс з дакладнай расцэнкай неабходных рэчаў, дасягнута дамоўленасць з Наркаматам земляробства аб сумеснай iнвентарызацыі хат-чытальняў, прапанавана правесцi кампанiю па зборы мэблi для тых сельскiх устаноў, якiя не маюць шэфаў [42, 11, л. 302].

Прымаючы падобнае рашэнне, ГПА, вiдавочна, рэальна ўяўляў матэрыяльны стан палiтасветустаноў вёскi. Тым не менш задачы перад iмi ставiлiся вялiкiя. У маi 1924 г. у паветах адбывалiся канферэнцыi палiтасветработнiкаў. На некаторых з iх з дакладам аб задачах палiтасветы выступаў старшыня ГПА С.Лысаў. Ён гаварыў: “Хата-чытальня павiнна стаць царквою вёскi, а хатнiк – чырвоным папом. Яна з’яўляецца культурным цэнтрам, i не трэба чакаць, пакуль прышлюць тыя цi другiя заданнi. У вёсцы назiраецца вялiкае iмкненне да ведаў, моладзь сама iмкнецца да асветы, аднак яе гурткi павiнны быць пад наглядам хатнiка. Хата-чытальня павiнна быць даведачным бюро, якое можа растлумачыць усе набалелыя пытаннi” [29, 527, л. 14]. Звернем увагу на канкрэтнасць задач, якiя ставiлiся перад нiзавымi ўстановамi на майскiх канферэнцыях.

Аднак рашэннi ХIII з’езда РКП(б) па пытаннях работы на вёсцы i лозунг лiстападаўскага 1924 г. пленума ЦК КП(б)Б “Тварам да вёскi” прымусiлi партыйныя органы звярнуць увагу на змест работы сельскiх палiтасветустаноў. На думку кiраўнiцтва, “утвораныя раённыя палiтасветы яшчэ недастат­кова аформлены, жыцця не праяўляюць. Асветнiцкая работа на вёсцы не ўвязваецца з агульнапалiтычнымi задачамi, мае няясныя формы, работа ўсiх асветных структур вядзецца няўзгоднена” [23, 11, л. 62]. Гэта прычына абумовiла ўда­клад­нен­не кiрунку работы нiзавых палiтасветорганаў i iх падпарадкаванне агульным палiтычным i гаспадарчым зада­чам. Рабоце палiтасветустаноў надаваўся выразны iдэалагiч­ны кiрунак, канчатковым вынiкам якога павiнна стаць замацаванне ў свядомасцi сялянства савецкiх лозунгаў. Выкананне пастаўленай задачы не выходзiла з-пад кантролю партыйных органаў, таму што ўсе распараджэннi органам ГПА павiнны былi абавязкова ўзгадняцца з камiсiяй па рабоце на вёсцы пры акруговых камiтэтах КП(б)Б.

У пачатку 1925 г. адбылiся акруговыя нарады загадчыкаў народных дамоў i хат-чытальняў, на якiх удакладнялiся зада­чы вясковых органаў палiтасветы. Пасля стварэння акругоў i раёнаў гэта былi першыя нарады, якiя таксама падводзiлi i першыя вынiкi работы, таму што заслухоўвалiся справаздачы некаторых хатнiкаў. Асноўныя дакладчыкi настойлiва заклiкалi надаваць рабоце хаты-чытальнi “баявы характар”, якi павiнен праяўляцца ва ўмацаваннi саюза горада i вёскi, у падтрымцы бедняка i серадняка, у барацьбе з iдэалагiчным уплывам кулака, стварэннi шырокага сялянскага актыву, падтрымцы ўсiх інiцыятыў па паляпшэннi сельскай гаспа­дар­кi. Важная роля адводзiлася хатнiку, якi павiнен быў стаць памочнiкам партыйных i камсамольскiх арганiзацый. Нека­торыя кiраўнiкi заклiкалi “сачыць зоркiм вокам за адносiнамi савецкiх работнiкаў да сялянства i, калi ўзнiкне незадаволе­насць насельнiцтва, праяўляць iнiцыятыву ў справядлiвым вырашэннi пытанняў шляхам звароту да вышэйшай iнстан­цыі” [14, 197, л. 63].

На нашу думку, выступленнi асобных, не вельмi пiсьмен­ных, адказных работнiкаў дазваляюць досыць яскрава ўявiць сацыяльную атмасферу таго часу. У цытуемым дакуменце можна заўважыць некаторы недавер да сельсаветаў (тым больш, што ў канцы 1924 г. кампанiя па iх перавыбарах правалiлася), перабольшванне ролi хатнiка, супрацьпастаў­ленне дзвюх вясковых структур i прызнанне за партыйнымi органамi галоўнай ролi ў грамадстве. Адначасова можна заўважыць, што рэдкая сетка ўстаноў палiтасветы ў параў­наннi з колькасцю вёсак, а таксама нязначная колькасць сельскiх камунiстаў не маглi адразу аказаць прыметнага ўплыву на сацыяльна-псiхалагiчны настрой сялянства, да гэтага далучалiся i другiя абставiны, аб якiх будзе сказана нiжэй.

Пасля абмеркавання дакладаў i справаздач з месцаў студзеньскiя акруговыя нарады прымалi адпаведныя рашэннi. Напрыклад, у рэзалюцыi Мiнскай нарады гаварылася: “Хаты-чытальнi пачынаюць выходзiць з перыяду культурнiцтва i паступова наблiжаюцца да тыпу баявой арганiзацыi. У зi­мо­вы перыяд хаты-чытальнi павiнны пакончыць з чыстым культурнiцтвам i стаць цэнтрамi асветы i арганiзацыi сялян­скiх мас” [14, 197, л. 66]. Як бачна, культурная праца пе­ра­ста­вала быць актуальнай, перад сельскiмi ўстановамi ставiлiся другiя задачы, якiя патрабавалi адпаведнага iнфармацыйнага i кадравага забеспячэння.

Кiраўнiцтва акруговага i раённага ўзроўняў пачало звяр­таць увагу на невыразнасць i няяснасць формаў палiтасвет­работы ў папярэднi перыяд. Прызнавалася, што “папулярныя раней даклады i лекцыi абмяжоўваюцца толькi агульнымi разважаннямi, якiя для сялян не ўяўляюць цiкавасцi. Даклады не ўлiчваюць iнтарэсаў асобных груп насельнiцтва, чытаюцца масе, а асобныя групы не атрымоўваюць патрэбных для iх звестак” [14, 197, л. 28]. Таму адпаведным арганiзацыям даручалася распрацоўка праграм i праспектаў, папулярных лекцый па сельскай гаспадарцы, медыцыне, антырэлiгiйнай тэматыцы. У некаторых месцах прымалiся рашэннi дапускаць на лекцыi толькi працоўныя слаi насельнiцтва [20, 6, л. 6]. Дарэчы, на правядзенне лекцый нiякiх сродкаў не адпускалася. Можна было разлiчваць толькi на энтузiястаў, накшталт працаўнiкоў асветы з Сёмкава-Гарадоцкай воласцi, якiя пастанавiлi: “Прысутнiчаць на кожным сельскiм сходзе i па магчымасцi ставiць на парадак дня свае пытаннi па грамадскiх навуках, прыродазнаўстве, сельскай гаспадарцы, санiтарнай гiгiене i г.д. Такiх лекцый павiнна быць не менш за дзве ў месяц” [14, 158, л. 643].

Сярод iншых формаў палiтыка-асветнiцкай работы перава­га аддавалася арганiзацыi разнастайных гурткоў, чырвоных куткоў пры школах, кааператывах, сельсаветах, саўгасах, камунах. Трэба адзначыць як станоўчы факт прыняцце некаторымi раённымi палiтасветамi рашэнняў “пазбягаць адкрыцця гурткоў зверху да таго часу, пакуль iх неабход­насць не зразумее насельнiцтва” [20, 6, л. 1]. Безумоўна, такая пазiцыя была правiльнай. З месцаў паведамлялi, што гурткi пры хатах-чытальнях “не разгарнулi работу. У некаторых праводзяцца гутаркi, але яны не зацiкавiлi людзей сталага ўзросту. Хатнiкi не ўмеюць арганiзаваць працу” [20, 216, л. 38]. Мала таго, асобныя раённыя кiраўнiкi не бачылi сэнсу ў стварэннi разнастайных гурткоў. Досыць цiкавы канфлiкт узнiк у Смалявiчах, дзе старшыня райвыканкама i сакратар райкама партыi “выступiлi з iранiчнай крытыкай быццам бы слабасцi i нягоднасцi работы народнага дома па стварэннi драматычнага, музычнага, харавога, лiтаратурнага i ваенна-спартыўнага гурткоў, чым падарвалi іх аўтарытэт”. Абодва кiраўнiкi ўзялiся за арганiзацыю музычна-драматычнай студыі, якая павiнна была замянiць гурткi [14, 164, л. 353].

Афiцыйная прапаганда з 1924 г. пачала насаджаць iдэю арганiзацыi пры хатах-чытальнях самых разнастайных кут­коў. Безумоўна, галоўная ўвага надавалася куткам У.I.Ленiна, якiя, на думку кiраўнiцтва, “не павiнны насiць характар святога месца i заключацца ў некалькiх лозунгах i партрэтах Ленiна, а адлюстроўваць тое, што ён зрабiў для сялянства, напрыклад вытрымкi з яго артыкулаў” [14, 197, 4 адв.]. Згод­на справаздач хат-чытальняў, пры iх iснавалi куткi санiтар­ныя, ваенныя, МОПРа, жанчыны, бязбожнiка, батракоў. Наконт апошнiх адзiн з кiраўнiкоў рэспублiканскай палiт­асве­ты заявiў: “Патрабуюць куток у хаце-чытальнi. Я не разу­мею, якi куток патрэбны для батракоў” [14, 187, л. 340]. Улiчваючы матэрыяльныя цяжкасцi, можна дапусцiць, што многiя з куткоў iснавалi толькi на паперы. У дакументах дру­гiх арганiзацый трапляюцца звесткi накшталт паведамлення з Полаччыны, што там планавалi “адкрыць узорную ленiнскую хату-чытальню, забяспечыць кожную лiтаратурай пра Ленi­на... аднак сродкаў мала, у некаторых хатах-чытальнях няма нават куткоў Ленiна” [29, 933, л. 40].

Настойлiва раiлася праводзiць галосныя чыткi як самую практычную форму палiтасветы на вёсцы. На Бабруйшчыне шырока прапагандаваўся лозунг: “Не селянiн у хату-чытальню, а хата-чытальня да селянiна”. Мабыць, такi метад быў у iншых месцах, таму што з Лагойска паведамлялi: “Летам праводзiцца работа толькi па святах: чытка сялянам газет на прызбе, маёўкi-гулянкi з моладдзю ў лесе, з камсамольцамi – iнсцэнiроўкi, песнi, вусная газета” [14, 164, л. 344]. Цытуемы дакумент досыць цiкавы ў сэнсе ўмення загадчыка хаты-чытальнi пабудаваць справаздачу з улiкам інтарэсаў і магчымасцей кожнай сацыяльнай групы. Хатнiк вёскi Матнiвiчы Чачэрскага раёна ў зiмовы час “практыкаваў групавую агiтацыю на вячорках i ў сялянскiх курылках” [23, 137, л. 27].

Аднак праверка Рабоча-сялянскай iнспекцыяй некаторых раёнаў паказала не рэгулярнае правядзенне галосных чытак, а дзе-нiдзе iх поўную адсутнасць [38, 1277, л. 15]. І гэта больш праўдзiвая карцiна, чым справаздачы хатнiкаў, хаця яны i з’яўляюцца цiкавай крынiцай пры вывучэннi пытання аб стане i дзейнасцi вясковых палiтасветустаноў. Аднак надаваць iм сур’ёзную ўвагу, на наш погляд, нельга па прычыне неадпаведнасцi рэальнаму стану спраў. У якасцi доказу нагадаем гiсторыю са справаздачай Каладзiшчанскай хаты-чытальнi за апошнi квартал 1926 г. Яна ўяўляе сабою тэкст з 20 пунктаў аб станоўчых вынiках працы. У той жа час адна з камiсiй зрабiла наступнае заключэнне: “Па прычыне наступлення халадоў у хаце-чытальнi немагчыма праводзiць нiякай работы. Неабходна: зашклiць рамы, адрамантаваць дымаход, набыць жалезныя печкi; печку паставiць за сцэнай, бо нельга весцi рэпетыцыi, арганiзаваць суботнiк па дровах. Няма сродкаў, лiтаратуры” [8, 311, 378]. Вiдавочна, падобная сiтуацыя iснавала ў большасцi сельскiх палiтасветустаноў.

Пасля ХІІІ з’езда РКП(б) з’явiлася некалькi артыкулаў Н.К.Крупскай аб вялiкiм значэннi тлумачальнай працы сярод сялянства з мэтай абуджэння ў яго цiкавасцi да хаты-чытальнi. Гэтая думка праведзена ў шматлiкiх пастановах, i з восенi 1924 г. пачалi актыўна стварацца даведачныя сталы. Хатнiкi абавязвалiся па просьбе сялян пiсаць заявы, даваць вус­ныя тлумачэнні па пытаннях зямельнай i падатковай па­лi­ты­кi, крымiнальных i сямейных справах i iнш. [23, 19, л. 296]. Аднак вышэйшыя iнстанцыi патрабавалi ад iх “тлумачыць усе заканадаўчыя пытаннi, узяўшы за аснову расшыфроўку больш балючых i хвалюючых сялян пытан­няў”. Галоўная задача заключалася ў тым, каб хатнiкi выкарыстоўвалi “ўсе выдаваемыя пастановы, дэкрэты для папулярызацыi камунiстычнай iдэалогii” [14, 159, л. 66].

Вясковыя палiтасветнiкi павiнны былi несцi значную адказнасць за эфектыўнасць тлумачальнай працы. У адным з дакументаў прама гаварылася, што “хатнiк будзе вiнаваты ў выпадку масавага спазнення з аспрэчваннем няправiльнага абкладання, з заявамi аб iльготах. Неабходна ўзяць на ўлiк усiх незадаволеных i ўсiх, хто мае права на iльготы” [14, 159, л. 67]. Вiдавочна, што на хатнiкаў па iнiцыятыве кiраўнiцтва Галоўпалiтасвета ўскладвалiся функцыi работнiкаў сельсаве­таў. Вынiкi работы не маглi быць станоўчымi, бо малаадука­ваны i зусiм недасведчаны ў юрыдычных адносiнах работнiк не мог напiсаць непiсьменнаму селянiну адпаведную заяву. Як правiла, ад напiсаных заяў не было карысцi пры далейшых пошуках справядлiвасцi.

У справаздачных дакументах розных iнстанцый – ад хат-чытальняў да раённых i акруговых партыйных камiтэтаў – прыводзяцца красамоўныя лiчбы аб колькасцi заяў па зямель­ным пытаннi, аб кааперацыi, грамадзянскiх справах, аб тыся­чах даведак па гэтых жа праблемах. У якасцi юрыдычных дапаможнiкаў карысталiся кодэксамi i спецыяльнай даведач­най кнiгай НКУС БССР, вялiся размовы аб выданнi спе­цыяль­нага даведнiка для работнiкаў хат-чытальняў [23, 5, л. 41; 14, 431, л. 73]. Аднак у 1927 г. Наркамат юстыцыі пра­ве­рыў работу некаторых устаноў i прыйшоў да высновы “аб iх малой карысцi” [55, 437, л. 17].

Адзiнае, што апраўдвала вядзенне тлумачальных сталоў, гэта iх практычнае значэнне для вяскоўца. Маючы на мэце атрыманне даведкi цi напiсанне заявы, ён наведваўся ў хату-чытальню. Гэты момант быў улiчаны, i кiраўнiцтва ў 1925 г. прапанавала арганiзаваць пры iх ашчадныя касы. Але сялян­ства не магло даверыць сваiх грошай такой неаўтарытэтнай з практычнага пункту гледжання ўстанове. Мясцовыя ўлады сцвярджалi, што погляд сялян на касы скептычны, яны ўжо маюць вопыт i гавораць: “Ты мне кажаш, цi ж у мяне не прапалi грошы?” [14, 187, л. 503].

Каб зрабiць iснаванне хаты-чытальнi яшчэ больш неаб­ходным для насельнiцтва, Галоўпалiтасвет пагаджаецца з праектам Наркамата пошты аб адкрыццi пры iх паштовых аддзяленняў. На хатнiка планавалася ўскласцi правядзенне простых паштовых аперацый i продаж марак, за што плацiць 5 руб. у месяц [23, 19, л. 87]. Аднак Наркамат асветы аказаўся больш прадбачлiвым i не пагадзiўся з праектам на падставе таго, што “хатнiкi не могуць нават спраўляцца са сваёй прамой задачай” [14, 158, л. 878].

Па-ранейшаму ўжывалася i такая форма масавай работы, як правядзенне кампанiй, змест якiх мяняўся адпаведна зме­нам прыярытэтаў дзяржаўнай i партыйнай палiтыкi. Згодна паведамленняў з месцаў, сялянства праяўляла зацiкаўленасць толькi ў тым выпадку, калi змест кампанii тычыўся вёскi i яе праблем. Менавiта па гэтай прычыне Усебеларуская нарада агiтацыйна-прапагандысцкiх камiтэтаў КП(б)Б у кастрычнiку 1926 г. прыняла рашэнне звесці да мiнiмуму ўсялякiя днi, кампанii, за выключэннем тых, якiя маюць адносiны да вёскi (дзень ураджаю, дзень лесу, перавыбары сельсаветаў) [23, 50, л. 377].

Вялiкая колькасць самых разнастайных кампанiй цяжкiм грузам клалася на хаты-чытальнi i актывiстаў. Яны праводзiлiся шаблонна. “Насельнiцтва ўжо менш цiкавiцца нашымi святамi, з вопыту мiнулых гадоў ведаючы, – канстатавалася ў адным з афiцыйных дакументаў, – што ў iх будзе ўрачысты сход, дэманстрацыя, спектакль. Яшчэ горшая справа з масавымi кампанiямi, таму што кожная з iх руйнуе працу хаты-чытальнi” [8, 311, 327]. Тым не менш кампанii аб’яўлялiся па розных прычынах, перш за ўсё iдэалагiчных, эканамiчных. Правядзенне афiцыйных кампанiй пачыналася 9 студзеня. Нiчога новага прыдумана не было: даклад цi чытанне бiяграфii У.І.Ленiна, спектакль, жалобнае шэсце. У некаторых месцах прымалi рэзалюцыi. Тыповай у гэтым плане з’яўляецца пастанова школьнай рады з Сёмкава Гарадка: “Мы, вучнi, даём слова, што нашым лозунгам павiнна быць вечная барацьба з ворагамi чалавецтва – буржуазiяй i багачамi” [14, 158, л. 466].

Наступная кампанiя прысвячалася чарговым угодкам з дня смерцi У.I.Ленiна i выяўлялася ў адкрыццi ленiнскiх куткоў, правядзеннi ленiнскiх вечароў i ленiнскiх тыдняў з дакладамi “Жыццё i дзейнасць Ленiна”, “Ленiн i сялянства”, актуальных i дэлегацкiх сходаў сялянак пад дэвiзам “Год работы без Ленiна”, цi “Два гады работы без Ленiна”, цi “Тры гады...”. Некаторае ажыўленне адбывалася, калi прыязджалi шэфы або паказвалi кiно.

Нiчога арыгiнальнага не было прыдумана i пры святкаван­нi Мiжнароднага жаночага дня, Мiжнароднага дня дапамогi барацьбiтам рэвалюцыi (МОПР), гадавiны Кастрычнiцкай рэвалюцыі. Адзiнае, што мянялася над уплывам змен у палiтычным i эканамiчным жыццi, дык гэта лозунгi і тэмы дакладаў. Напрыклад, да 8 Сакавiка вылучалiся заклікі: “Ся­лян­ка, вучы сваiх дзяцей iсцi па слядах Ленiна”, “Сялянка, змагайся са старымi забабонамi, вызваляйся ад цемры” i iнш. [44, 56, л.16]. А святкаванне 3-й гадавiны МОПРа ў 1926 г. суправаджалася гутаркамi на тэмы “Расправа Цьера з камунарамi”, “Цанкаў – паслядоўнiк крывавага Цьера” i расклейваннем плакатаў са зместам такога ж кiрунку. Святкаванне ўгодкаў дапаўнялася месячнiкамi МОПРа, падчас якiх сялян заклiкалi ахвяраваць грошы i рэчы ў фонд гэтай арганiзацыi. Дакументы сведчаць: у 1927 г. святкаванне ўгодкаў вызвалення ад белапалякаў адбывалася ў рамках тыдня абароны пад лозунгам “Абарона заваёў Кастрычнiка на парозе 10-годдзя Кастрычнiцкай рэвалюцыі”. Ад спектакляў i кiно iшлi адлiчэннi ў фонд “Наш адказ Чэмберлену”, праводзiўся збор i сярод сялян [14, 197, л. 161].

Да самага галоўнага дзяржаўнага свята – угодкаў Кас­трыч­нiцкай рэвалюцыі – пачыналi рыхтавацца загадзя, стваралi адпаведныя камiсii, распрацоўвалi падрабязныя планы, потым наладжвалi рэгулярную праверку. З вялiкiм уздымам рыхтавалiся адзначыць 10-годдзе рэвалюцыi, работа iшла па ўсiх кiрунках амаль увесь год: адбылiся Першы з’езд хат­нiкаў, пленумы i нарады розных арганiзацый. Нiзавыя ўста­но­вы выяўлялі ўдзельнiкаў кастрычнiцкiх падзей i Грама­дзянскай вайны, праводзілі вечарыны ўспамiнаў, гутаркі на тэму “Што дала Кастрычнiцкая рэвалюцыя сялянам”, афарм­лялі наглядную агiтацыю, якая павiнна была паказаць рост дасягненняў у сельскай гаспадарцы, адлюстраваць дасягненні школ, палiтасветустаноў, кааперацыі [4, 344, л. 88].

Аддаючы данiну працэсу беларусiзацыi, якi афiцыйна па­чы­наўся ў 1924 г., некаторыя святочныя кампанii прысвя­чалiся адпаведным юбiлеям. У снежнi 1925 г. досыць шырока адзначалася 400-годдзе беларускай культуры i друку пад лозунгам “Значэнне друку ў вызваленнi працоўных i пашы­рэн­нi беларускай культуры”. У святкаваннi былi задзейнiча­ны ўсе навучальныя ўстановы, дзе 30 снежня адбывалiся лiтаратурна-мастацкiя ранiшнiкi. Вечарам таго ж дня пра­хо­дзiлi ўрачыстыя пасяджэннi ва ўстановах i арганiзацыях з удзелам сялянства. Прысутныя слухалi даклады i глядзелi выступленнi ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасцi [8, 311, л. 52; 44, 4, л. 62]. 23 лiстапада 1926 г. адзначалася 20-годдзе лiтаратурнай дзейнасцi Якуба Коласа. Кожная навучальная ўстанова выбiрала адзiн дзень “для таго, каб адлюстраваць значэнне лiтаратурнай i педагагiчнай дзейнасцi песняра” [8, 301, л. 303]. У рэчышчы лозунга аб пашырэннi беларускай культуры святкавалi юбiлей У.М.Iгнатоўскага i 10-ю гадавiну смерцi М.А.Багдановiча.

Акрамя святочных, праводзiўся цэлы шэраг кампанiй палiтычнага i эканамiчнага характару: дзень кааперацыі, перавыбары сельскiх Саветаў, ячэек МОПРа, Мiжнародны дзень юнацтва, пераход на метрычную сiстэму, арганiзацыя ячэек таварыства “Далоў непiсьменнасць!”, збор сродкаў на патрэбы хат-чытальняў, двухтыднёвiкi друку, тлумачэннi новага заканадаўства па сямейных пытаннях i iнш. Некато­рыя кампанii, як, напрыклад, па добраахвотным уступленнi ў камiтэты сялянскай узаемадапамогi, поўнасцю правальвалiся [14, 216, л. 51]. У пачатку 1926 г. пачалася антыалкагольная кампанiя. Партыйныя органы адзначалi: «З выпускам “Рускай горкай” узрасло п’янства... Антыалкагольную прапаганду неабходна весцi праз хаты-чытальнi, палiтсуды, выставы, лекцыi... У хаце-чытальнi рабiць вечарынкi з цiкавымi гуль­нямi, не дапускаць спiртных напояў “на вечарах спайкi”» [23, 50, л. 31].

Важнейшае палiтычнае значэнне надавалася кампанiям па распаўсюджваннi дзяржаўных пазык. Як адзначалася вышэй, мэтавым прызначэннем выпускалiся пазыкi для вёскi розных вiдаў i кошту. Таму падрыхтоўка грамадскай думкi выкон­вала галоўную ролю ў размяшчэннi пазыкi сярод сялянства. Наколькi сур’ёзна дзяржава ставiлася да гэтага пытання, сведчыць факт стварэння спецыяльных камiсiй з прадстаўнi­коў райвыканкама, райкама партыі i iншых раённых iнстанцый. Перад камiсiямi ставiлася задача “арганiзацыі агiтработы ў раёне шляхам шырокай iнфармацыi сялян аб пазыцы, яе ўмовах, перавазе ўкладу сродкаў у пазыку” [8, 311, л. 5]. Па пытаннях папулярызацыi пазык праводзiлiся пленумы райвыканкамаў, сельсаветаў, сходы беднаты, настаўнiцкiя канферэнцыі i iнш. Практыкавалiся абход сялянскiх двароў, вывешванне спiсаў тых, хто набыў аблiгацыi, чырвоныя i чорныя дошкi, выклiк на спаборнiцтва праз насценныя газеты i да т.п. У дзень розыгрышу чарговага тыражу ў горад запрашалiся дэлегацыi сялян, каб “азнаёмiць iх з тэхнiкай i парадкам тыражу”. У некаторых месцах рабiлi тэатралiзаваныя вiдовiшчы, дзе закамуфляваныя пад сялян героi праз гукаўзмацняльнiкi аб’яўлялi нумары выйгрышаў [4, 121, л. 13].

Патрэбы дзяржавы раслi, i ў канцы 1927 г. была ўведзена пазыка “ўзмацнення сельскай гаспадаркi” пад лозунгам “Кожны гаспадар павiнен мець аблiгацыю.” Пазыцы надава­лася надзвычай важнае значэнне, i ў гэтай сувязi палiтасвет­установы заклiкалi як мага шырэй знаёмiць сялянства з мэтамi пазыкi i яе карысцю для селянiна. Безумоўна, хлебаробы добра ведалi, што карысна iх гаспадарцы, i не спяшалiся адгукацца на заклiкi аддаваць апошнiя сродкi. Менавiта гэтая акалiчнасць выклiкала неабходнасць шматлiкiх агiткампанiй.

Кожны вiд масавай работы меў на мэце пашырэнне дзяржаўнай палiтыкi сярод земляробаў. Аднак партыйныя органы ўвялi яшчэ дзень селянiна i дзень сялянкi, якiя праводзiлiся сiламi раённага актыву i больш моцнымi партячэйкамi. Мэтай гэтых дзён з’яўлялася “шырокае асвятленне пытанняў бягучай палiтыкi партыi i савецкай улады, мясцовага гаспадарчага жыцця i выяўленне запытаў i настрояў вёскi” [22, 6, л. 280]. Улiчваючы адзначаныя вышэй негатыўныя моманты ў разгортваннi палiтычнай асветы на вёсцы, трэба прызнаць, што ў хуткiм часе правядзенне дзён, прысвечаных пэўнай кампанii, таксама набыло самы прымiтыўны характар.

Бурная палiтыка-асветнiцкая дзейнасць не прыносiла прыметных вынiкаў. У загадзе ГПА адзначалася: “Амаль што па ўсiх акругах няма поўнай яснасцi i дастатковай адказнасцi за працу. ГПА не мае досыць правераных яскравых звестак ад устаноў на месцах, не наладжана сiстэматызаваных i акуратных справаздач”. Аднак галоўнае было ў тым, што палiтасветработа на вёсцы, на думку кiруючых устаноў, недастаткова напаўнялася палiтычным зместам, “слаба ўвязвалася з практычнымi задачамi партыi, савецкай улады” [14, 187, л. 380].

Цытуемыя вышэй дакументы, на наш погляд, досыць выразна сведчаць аб падыходах да асветнiцтва вёскi. Не маючы нi падрыхтаваных кадраў, нi дастатковых матэрыяль­ных сродкаў, нi метадычна абгрунтаванай лiнii асветнiцкай работы, савецкая ўлада пачала насаджаць на вёсцы новую культуру. Нельга не зазначыць, што шматлiкiя афiцыйныя дакументы ствараюць уяўленне аб паспяховасцi гэтага працэсу, бурнай дзейнасцi хат-чытальняў па правядзеннi лекцый, мiтынгаў, кампанiй, арганiзацыi куткоў, гурткоў, новых вечарынак i да т.п. Дапамагаюць стварыць такое ўражанне i справаздачы хатнiкаў, многiя з якiх навучылiся адпiсвацца.

Каб вызначыцца з пытаннем эфектыўнасцi палiтыка-асветнiцкай работы на вёсцы ў 1921–1927 гг., спашлёмся на яго абмеркаванне дэлегатамi Першага рэспублiканскага з’езда хатнiкаў, якi адбыўся ў сакавiку 1927 г. Падбор дэлегатаў праходзiў па разнарадцы зверху, згодна з пастановай Наркамата асветы, ад раёна – адзiн хатнiк i адзiн бiблiятэкар. На справе даводзiлася ўлiчваць наяўнасць нацыянальных меншасцей у пэўным раёне i некаторыя iншыя моманты. У вынiку ў рабоце з’езда прынялi ўдзел 303 дэ­легаты, з iх прадстаўнiкi Мiнска – 39, астатнiя 264 дэлегаты прадстаўлялi правiнцыю. Ад усёй колькасцi дэлегатаў хатнiкi складалi каля трэцi – 56 чалавек, 12 – загадчыкi народных дамоў. Прысутнiчалi бiблiятэкары, кiнамеханiкi, значная група прадстаўнiкоў школ сялянскай моладзi i кiраўнiцтва розных узроўняў [29, 1041, л. 1].

З’езд адкрыўся вечарам 14 сакавiка 1927 г. у памяшканнi Дзяржаўнага тэатра ў прысутнасцi ганаровых гасцей з Украi­ны i Масквы. Прывiтальную тэлеграму прыслала Н.К.Круп­ская, якая з-за хваробы не змагла прыехаць. Быў абраны ганаровы прэзiдыум у складзе кiраўнiкоў ВКП(б), КП(б)Б i ўрада рэспублiкi, а таксама арыштаваных польскiмi ўладамi кiраўнiкоў Беларускай сялянска-рабочай грамады. Прывi­таль­ныя вершы з’езду прачытаў Янка Купала. З’езд быў разлiчаны на чатыры днi. Планавалiся экскурсii ў Дзяржаўны музей, бiблiятэку, кабiнет палiтасветы. У час работы з’езда былi арганiзаваны выставы насценных газет, метадычнай i сялянскай лiтаратуры, куток радыё i паказальная хата-чытальня пры бiблiятэцы iмя А.С.Пушкiна. Дэлегатам была прапанавана разнастайная культурная праграма: спектакль “Змрок”, вечар самадзейнасцi рабочых клубаў Мiнска, канцэрт беларускай музыкi i песнi з удзелам тэатра пад кiраўнiцтвам У.Галубка, кiно “Лясная быль” [23, 147, л. 57а].

Парадак дня з’езда складаўся з двух асноўных пытанняў: 1. Задачы Камунiстычнай партыi на вёсцы. 2. Становiшча i задачы палiтасветработы на вёсцы. Прысутныя прымалi ўдзел у абмеркаваннi дакладаў, а таксама ў рабоце секцый: арганiзацыйнай, масавай, школьнай, самаадукацыi, бiблiятэч­най, агракааператыўнай [23, 148, л. 2, 3]. Асноўныя даклад­чы­кi (напрыклад, першы даклад працягваўся каля трох гадзiн) галоўнае месца ўдзялялi задачам палiтасветустаноў, звяртаючы ўвагу на тое, якой павiнна быць iх праца. У вя­лi­кiм дакладзе старшыня Галоўпалiтасвета С.А.Шамардзiна прыводзiла лiчбы колькасцi сеткавых хат-чытальняў – 366 i 362 – нясеткавыя, выказвала незадаволенасць нязначнай коль­касцю вясковых палiтасветустаноў, слабым фiнансаван­нем, частым перамяшчэннем i перагружанасцю хатнiкаў. У спрэчках па яе дакладзе запiсаліся выступiць 160 дэле­гатаў.

Дэлегатам расказвалi, якiм павiнен быць план работы, на­стой­лiва рэкамендавалася аб’ядноўваць вакол хаты-чытальнi шырокi сялянскi актыў i спецыялiстаў, арганiзоўваць працу мастацкiх гурткоў, развiваць самадзейнасць. Значная ўвага надавалася пытанню падрыхтоўкi i перападрыхтоўкi кадраў i канстатавалася: “Становішча па ўкамплектаваннi хатнiкаў такое, што прад’явiць iм сур’ёзных патрабаванняў мы не можам, таму што сiстэма выхаваўчых палiтасветустаноў не дае магчымасцi пашырыць самой падрыхтоўкi” [23, 148, л. 31]. Роля метадычнага органа адводзiлася народным дамам, кiраўнiцтва ўсёй палiтработай заставалася ў руках раённага палiтасвета. Раёны разбiвалiся на падраёны, цэнтра­мi якiх станавiлiся хата-чытальня i яе савет, а ролю апорнага пункта на вёсцы павiнны былi выконваць чырвоныя куткi.

Выступленнi ў спрэчках былi больш канкрэтнымi i крытычнымi. Прыклад падаў наркам асветы А.В.Балiцкi, якi сказаў наступнае: “Чым жыве сучасная вёска? У большасцi яшчэ чуткамi, часам вельмi фантастычнымi. Жыве ў цемры. Сканцэнтраваць волю працоўных мас на барацьбу з гэтай спадчынай – асноўная задача хаты-чытальнi... Цi могуць прывабiць хаты-чытальнi сялян сваёй добрай абстаноўкай, добрай бiблiятэкай, даць магчымасць адпачыць? Не...” [88, с. 2]. Выступленне наркама было дапоўнена канкрэтнымi фактамi стану сельскiх палiтасветустаноў. Выступаючыя адзначалi адсутнасць цiкавай i патрэбнай для вёскi лiтарату­ры, прыстасаваных памяшканняў, слабае кiраўнiцтва раён­ных палiтасветаў пры адначасовых “папераманіі” i бюракра­тыз­ме, выкарыстанне ўстарэлых формаў работы i iнш.

Усебеларускi з’езд хатнiкаў закончыўся на аптымістычнай ноце. Аднак справа змянiлася вельмi слаба. Такое заключэнне мы зрабiлi не толькi на падставе шматлiкiх адмоўных момантаў у рабоце хат-чытальняў, якiя не маглi знiкнуць у вынiку прыняцця розных рэзалюцый, але i па iншых фактах. У чэрвенi 1929 г. пры абмеркаваннi пытання аб становiшчы i далейшых задачах палiтасветработы ў БССР на Усебеларус­кай канферэнцыi хатнiкаў выступоўцы зноў гаварылi аб тых самых праблемах, якiя падымалiся на з’ездзе ў 1927 г. Аднак рэзалюцыя была прынята станоўчая: “У параўнаннi з работай папярэдняга года праца значна палепшылася, хаты-чытальнi больш выразна ўвасабляюць у сваёй рабоце пастановы Камунiстычнай партыі па перабудове вёскi, больш яскрава праводзяць класавы падыход...” [29, 1841, л. 2]. Такiя агульныя словы i стваралi ўражанне гармонii ў палiтасветнай рабоце на вёсцы i выдатных яе перспектывах, хаця рэчаiснасць дэманстравала зусiм супрацьлеглую карцiну. Дарэчы, наркам асветы А.В.Балiцкi ацэньваў вынiкi асветнiц­тва на вёсцы не вельмi аптымiстычна i лiчыў, што яно “не змагло за кароткi тэрмiн савецкай улады цалкам лiквiдаваць цяжкую спадчыну...” [89, с. 5].

У заключэнне адзначым, што распрацоўка тэарэтычных палажэнняў аб неабходнасцi новай культуры пачалася яшчэ да Кастрычнiцкай рэвалюцыі i працягвала ўдакладняцца адпаведна зменам у грамадска-палiтычнай сiтуацыi. Безумоў­на, кiруючая партыя не магла дапусцiць iснавання iншай iдэалогii, таму яна вызначыла асноўныя кiрункi i задачы работы сярод дарослага насельнiцтва. Выхаваннем падрас­таю­чага пакалення ў рэчышчы савецкай палiтыкi займалiся ўстановы Наркамата асветы, галоўная роля сярод дарослых адводзiлася ўстановам Галоўпалiтасвета. На вёсцы да iх адносiлiся народныя дамы i хаты-чытальнi, дзейнасць якiх кантралявалася партыйнымi органамi i цесна звязвалася з сацыяльна-эканамiчнымi задачамi. Для iх рашэння выкары­стоў­валiся такiя сродкi агiтацыi i прапаганды, як мiтынгi, лекцыi, сходы, гутаркi i iнш. Усе сродкi, формы i метады палiтасветработы мелi адну мэту – далучэнне сялянства да партыйнай i савецкай палiтыкі.