Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

Глава 1 сацыяльна-эканамiчнае развiццё вёскi

1.1. Падатковая палiтыка ў вёсцы

Як галоўны кiрунак нэпа

Да праблемы сацыяльна-эканамiчнага развiцця вёскi ў 1920-я гг. навукоўцы звярталiся даволi часта. Аднак, як адзначалася вышэй, яна разглядалася праз прызму партый­ных пастаноў i масавага энтузiязму пры iх выкананнi. Аўтар прапануе свой падыход да вызначанай праблемы – аналiз яе з пункту гледжання жыхароў вёскi. Акрамя таго, з шырокага спектра пытанняў, звязаных з сацыяльна-эканамiчнай прабле­ма­ты­кай, у якасцi прыярытэтных кiрункаў мы выдзяляем падатковую i зямельную палiтыку дзяржавы. На думку аўта­ра, менавiта яны аказвалi рашаючае ўздзеянне на перспекты­вы эканамiчнага развiцця вёскi i сацыяльна-псiхалагiчны настрой сялянства.

Трэба адзначыць, што за шэсць гадоў амаль бесперапын­ных баявых дзеянняў сельская гаспадарка Беларусi была адкiнута далёка назад нават ад узроўню 1914 г. У тэлеграме А.Р.Чарвякова на iмя камiсара харчавання РСФСР паведам­лялася, што “пасяўная плошча скарацiлася больш чым на 50%... Многае з узятага палякамi, балахоўцамi ўлiку не паддаецца, узятае без улiку перавышае харчразвёрстку...” [30, 51, л. 38]. Надзвычай сур’ёзнае ўздзеянне на разбурэнне вёскi аказалi апошнiя месяцы савецка-польскай вайны, калi лiнiя фронту часта мянялася. Гэта выклiкала адмiнiстрацыйную неразбярыху, садзейнiчала масавым рэквiзiцыям, якiя право­дзiлi войскi пры адступленні.

Па прычыне частай акупацыi сялянства Цэнтральнай Бе­ла­ру­сi (маецца на ўвазе тэрыторыя ў межах другога абвяшчэн­ня) аказалася малазнаёмым з харчразвёрсткай, iншымi мера­прыем­ствамi савецкай улады. Летам i восенню 1920 г. вяскоўцам упершыню давялося сутыкнуцца з яе шматлiкiмi распараджэннямi, у значнасцi якiх цяжка было зарыентавац­ца. У адным з дакументаў гаварылася: “… пры тагачасным ста­новiшчы на месцах чынiлiся анархiя, шматуладдзе, вал­рэў­камы, райхарчкамы, ваенкамы – усе прад’яўлялi свае правы” [35, 183, л. 43 адв.].

Пасля стабiлiзацыi фронту восенню 1920 г. ужо нiшто не перашкаджала ажыццяўленню дзяржаўнай харчовай палiты­кi, цi, па-іншаму, харчразвёрсткi. Яе праводзiлi органы ваен­нага харчовага апарату i Камiсарыята харчавання, створанага ў лiстападзе 1920 г. на чале з Я.А.Адамайцiсам.

Па меры вызвалення Беларусi ад палякаў стваралiся павя­товыя харчовыя камiтэты. Кiраўнiцтва рэспублiкi заклiкала работнiкаў камiтэтаў паводзiць сябе так, каб “сяляне не глядзелi на iх як на бандытаў, што забiраюць апошнi кусок, а бачылi ў iх пасланцоў улады, якiя выконваюць найважней­шыя задачы. Селянiн павiнен адчуць цвёрдасць, непахiснасць савецкай улады, яе справядлiвасць i паслядоўнасць...”. Аген­там дазвалялася выкарыстоўваць любыя сродкi, каб “атры­маць ад селянiна ўсё, што неабходна. Пры спробе ўкрыцця харчпрадуктаў агент мае права бязлiтасна канфiскаваць зной­дзенае, а ў выпадку супрацiўлення арыштаваць гаспадароў. Асновай работы павiнны стаць законнасць i паслядоўнасць” [30, 20, л. 26]. Нам падаецца, што лепшай характарыстыкi развёрсткi – ад кадраў i метадаў выканання пастаўленых за­дач да раскрыцця сутнасцi савецкай палiтыкi, чым у цытуе­мым дакуменце, – не патрабуецца. Наркам Я.А.Адамайцiс ставiў пытанне яшчэ больш канкрэтна: “Мы не спынiмся нi перад чым, калi сяляне i кулакi адмовяцца здаваць лiшкi...” [30, 49, л. 29].

Наогул развёрстка выконвалася “пад моцным узброеным цiскам” [30, 51, л. 38], аднак вельмi марудна. І тады ЦК КП(б)Б i ЦВК прынялi дастаткова цiкавую пастанову: “Абавя­заць усё сялянства безадкладна выканаць усю раз­вёрстку” [30, 99, л. 25]. Узнiкае пытанне, на якой падставе i хто меў права прымусiць хлебароба аддаваць амаль увесь збожжавы запас? У гэтым рашэннi прысутнiчаюць толькi палiтычны разлiк i спроба дасягнуць мэты любымi, нават сiлавымi, метадамi. Адны з харчагентаў прызнавалi незадаво­ле­насць сялянства, другiя здзiўлялiся, чаму “вяскоўцы нiяк не могуць уявiць сабе, што ўсё ўзятае ад iх павiнна быць раўнамерна размеркавана памiж усiмi як вынiк работы ўсiх працоўных... Нельга ўпэўнена сказаць, якая б iншая мера, акрамя абавязковай пастаўкi, магла б прынесцi вынiк” [30, 49, л. 19 адв.]. Здаецца, прыведзеныя дакументы адлюстроў­ваюць галоўны прынцып у адносiнах савецкай улады да вёскi – прынцып цiску. У такiх умовах не магло быць месца эканамiчнаму заахвочванню сялянства.

Адным з метадаў выканання развёрсткi з’яўлялiся харч­кам­панii ў форме тыднёвiкаў, месячнiкаў i да т. п. Першы харчтыднёвiк адбыўся з 1-га па 8-е верасня 1920 г., заданнi якога некаторымi паветамi былi выкананы поўнасцю. У лiку такiх аказаўся i Мiнскi, у якiм “сумели исчерпать” 25 тыс. пудоў збожжа i 320 галоў жывёлы [30, 49. л. 20]. У студзенi 1921 г. быў аб’яўлены харчмесячнiк, падчас якога праду­гледжвалася выканаць усю развёрстку. Аднак давялося кан­ста­таваць, што, нягледзячы на выкарыстанне ўсiх сродкаў, 100% развёрсткi выканаць не змаглi. У большасцi сялян не было хлеба, некаторыя з iх вымушаны былi аддаваць апош­няе, нават насенне, аб чым сведчыла “частае паступленне на ссыпныя пункты адборнага збожжа” [5, 7, л. 48].

Мясцовыя ўлады ў сваiх дзеяннях аказалiся яшчэ больш рашучымi, чым Цэнтр. Напрыклад, Мазырскi раённы камiсар сваiм загадам аб’яўляў, што “любыя адмовы ад неадкладнага выканання развёрсткi будуць лiчыцца непадпарадкаваннем савецкай уладзе i бязлiтасна карацца. У выпадку адмовы цэ­лай вёскi адразу падлягае арышту старшыня сельскага Саве­та, канфi­скоў­ваец­ца ў падвоеным памеры развёрстка: прадук­ты, жывёла, сыравiна; хто адмаўляецца выконваць, арыштоў­ваць i аддаваць пад суд Ваенна-рэвалюцый­нага трыбунала на прадмет прымянення вышэйшай меры пакарання – расстрэ­лу” [30, 47, л. 31]. З прадстаўнiкоў павятовага камiтэта пар­тыi, выканкама i харчкама стваралiся “безапеляцыйныя трой­кi” для ўстанаўлення памеру выканання развёрсткi.

Не спрыяла паразуменню памiж вёскай i савецкай уладай рашэнне аб залiчэннi ў развёрстку ўзятага палякамi i балахоў­цамi, аднак “толькі ў выпадку наяўнасцi дакумента ад iх з усiмi подпiсамi i пячаткамi” [30, 47, л. 59; 30, 17, л. 192]. Праўда, распараджэнне датычылася толькi Мазыршчыны i Случчыны, аднак факт дастаткова паказальны. Заведама разу­меючы, што такiх дакументаў у сялян няма i быць не можа, улады зноў дэманстравалi непавагу да вёскi i падкрэслiвалi сваю галоўную задачу: у iмя не зразумелай для сялян вышэйшай мэты, не спыняючыся нi перад чым, узяць у iх ўсё магчымае.

Сялянства змагалася з развёрсткай сваiмi сродкамi: у мяшкi са збожжам падсыпалi пясок, смецце, падкладвалi каменне. З прычыны такіх фактаў была прынята пастанова, якая папярэджвала, што грамадзяне, заўважаныя ў падобных дзеяннях, будуць разглядацца як ворагi працоўнага люду, а прыёмшчыкi – як асобы, што iм садзейнiчаюць. І тыя, i другiя падлягалi суду Рэўтрыбунала i маглi прыгаворвацца да расстрэлу. Аднак i такiя жорсткiя загады не маглi выправiць настрой вёскi. У якасцi прыкладу прыводзiм вытрымку з тэлеграмы РВС 16-й армii: “Вёскі Русаковiчы, Сергiевiчы, Кабылiчы Цiтвянскай воласцi Iгуменскага павета настроены контррэвалюцыйна. 9 лютага выехала камiсiя для дэталёвага даследавання”. Дакументы сведчаць, што ў Кабылiчах было арыштавана 17 жанчын i 4 мужчыны [30, 71, л. 138 адв.]. З Ма­зыршчыны паведамлялi, што сяляне патрабуюць соль, якой харчкамы не мелi, таму выказвалася думка аб магчымым паўстаннi [30, 48, л. 12]. Неспакойна было ў многiх пагранiчных валасцях [5, 6, л. 10].

Тым не менш, пераадольваючы глухое супрацiўленне хлебаробаў, толькi па Мiнскiм павеце з 1 кастрычнiка 1920 г. па 1 красавiка 1921 г. сабралi 450 тыс. пудоў жыта, 200 тыс. пудоў бульбы, 500 пудоў масла, 220 тыс. яек, 200 пудоў птушкi, 1800 галоў буйной рагатай жывёлы, 7400 авечак, 4400 свiней [30, 49, л. 20]. Бралi не толькi харч, але i лапцi, кажухi, мяшкi. Нават iснавалі “мяшочная” i “лапцевая” павiннасцi [5, 7, л. 25]. У вынiку па развёрстцы было спагна­на каля 2 614 000 пудоў збожжа [280, с. 67]. Аднак у цэлым план развёрсткi Беларусь не выканала, у сувязi з чым на яе тэрыторыі, згодна дэкрэта СНК РСФСР, не дазваляўся свабодны абмен прадуктаў [50, 9, л. 28].

Падводзячы вынiк, зазначым, што за паўгода – з кастрыч­нiка 1920г., калi ў асноўным закончылiся баявыя дзеяннi, i да сакавiка 1921г., калi адбыўся Х з’езд РКП(б) i было заяўлена аб новай эканамiчнай палiтыцы, – беларуская вёска блiзка сутыкнулася з метадамi савецкай улады, даведалася пра яе галоўныя мэты i задачы. Час аказаўся выключна складаным. Новая ўлада прыдумала такое вялiкае мноства розных мерапрыемстваў, што сялянства не магло разабрацца i ўспрыняць большасць з iх. Спрадвечны вясковы ўклад быў растрывожаны непамернай харчразвёрсткай, адсутнасцю цяглавай сiлы, насення, парадку ў надзяленнi зямлёй i г.д. Не спрыялi нармальнаму жыццю вёскi дзейнасць асобных харчагентаў, стварэнне непатрэбных прамежкавых устаноў мiж дзяржавай i сялянствам, якiя нiчога не вырашалi, а толькi заклiкалi. Вялiкiм цяжарам на вёску лажылася ўтрыманне за свой кошт чырвонаармейскiх часцей. Дзяржава не мела сiлы, каб навесцi элементарны парадак у адносiнах з вёскай. Адно з галоўных праяўленняў ваеннага камунiзму, развёрстка, якраз i адбывалася ў рамках, вызначаных дзяржавай. Кожны, хто рабаваў вёску, прыкрываўся высокiмi дзяржаўнымi iнтарэсамi i дзяржаўнымi дакументамi.

Безумоўна, падобная сiтуацыя выклiкала шырокую паў­сюд­ную незадаволенасць сялянства, i савецкая ўлада выму­ша­на была шукаць выйсце з сацыяльнага i эканамiчнага кры­зiсу, у якiм апынулася краiна вясной 1921 г. Многа напiсана аб прыняццi на Х з’ездзе РКП(б) новай эканамiчнай палiтыкi, аб яе асноўных кiрунках i задачах. Як вядома, новая экана­мiч­ная палiтыка ўключала шырокi комплекс мерапрыем­стваў. У галiне сельскай гаспадаркi прадугледжвалася замена харчразвёрсткi харчовым падаткам, абвяшчалася свабода выбару формаў землекарыстання, дазваляліся здача зямлi ў арэнду, выкарыстанне наёмнай працы, продаж лiшкаў, якiя засталiся пасля здачы харчпадатку. Тэарэтычна нэп быў задуманы як сродак выхаду з эканамiчнага крызiсу, аднак на самай справе гэта было інакш.

Вядома, што галоўным стала замена харчразвёрсткi нату­ральным падаткам, якi раскладаўся не на ўсю вёску, а на кож­ную асобную гаспадарку. За аснову налiчэння харчпадатку бралiся дзве прыметы: колькасць ворнай зямлi i едакоў у сям’i i ўраджайнасць, якая ўстанаўлiвалася па ўзроўнi 1917 г. З улiкам ворнай зямлi i едакоў усе гаспадаркi дзялiлiся на 7 груп – ад 0,5 дзесяцiны на едака да 4 дзесяцiн i болей, па ўраджайнасцi – на 11 разрадаў. Пры разлiку падатку ўзнiкала канфлiктная сiтуацыя, якая свядома стваралася дзяржавай, таму што пры аднолькавай забяспечанасцi зямлёй сума па­датку залежала ад ураджайнасцi. Так, гаспадарка з колькасцю ворнай зямлi ад 1,1 дзесяцiны да 1,5 дзесяцiны пры ўраджаi 5-га разраду плацiла 2 пуды 30 фунтаў з дзесяцiны, а пры ўраджайнасцi па 11-м разрадзе – 6 пудоў 10 фунтаў. Уста­ноўленыя разрады азначалi, што “сярэдняя ўраджайнасць з дзесяцiны павiнна раўняцца 60 пудоў” [558, с. 111]. Безумоў­на, гэтая лiчба намнога перавышала рэальную ўраджайнасць. Яшчэ большыя разыходжаннi былi ў залежнасцi ад забяс­печанасцi зямлёй. Сяляне з колькасцю зямлi на едака да 0,5 дзесяцiны здавалi ад 30 фунтаў да 3 пудоў з дзесяцiны, а звыш 3 дзесяцiн на едака – ад 7 да 11 пудоў з дзесяцiны [502, с. 44].

Такая методыка налiчэння падатку дазваляе адзначыць, што, па-першае, падатак бралi з усiх, бедных i багатых; па-другое, падатак быў дыферэнцыраваны; па-трэцяе, памер падатку ў геаметрычнай прагрэсii залежаў ад эканамiчнага ўзроўню гаспадаркi. У вынiку атрымоўвалася, што падатко­вая палiтыка садзейнiчала не падцягванню бедных гаспада­рак да ўзроўню багатых, а наадварот, разарэнню багатых, пераходу iх у нiжэйшую групу. Тым самым дзяржава выбi­вала глебу з-пад ног у самой сябе.

Харчпадатак быў устаноўлены амаль удвая большы за харчразвёрстку, прыкладна ў 4 432 000 пудоў. Прычым сяляне павiнны былi здаваць 13–18 вiдаў харчавання: збожжа, бульбу, алейныя культуры, яйкi, масла, сена i інш. Пералiк вёўся на жытнёвыя адзiнкi. Такое павелiчэнне тычылася толькi Беларусi. Мабыць, улiчваўся кароткi тэрмiн развёрсткi на яе тэрыторыi [6, 7, л. 130 адв.; 18, 149, л. 24 адв.]. Аб’ём падаткаў быў устаноўлены вясною, нават яшчэ да заканчэння сяўбы. Не быў прыняты пад увагу недасеў каля 37% яравога клiна восенню 1920 г. Такое нерэальнае планаванне рабiлася ў Маскве i адтуль спускалася ва ўсе мясцовасцi. Прычым планавалiся не толькi памер падатку, а i тэрмiны яго збiран­ня. Устанаўлiвалася, што 20% збожжа трэба аддаць да 15 ве­рас­ня, 40% – да 1 лiстапада, астатнiя – да 15 снежня; сена адпаведна – да 1 снежня 1921 г., 1 студзеня 1922 г., 15 лютага 1922 г.; бульбу – 15 верасня, 1 кастрычнiка 1921 г. i 1 кра­савiка 1922 г. [30, 82, л. 17].

Мясцовым органам заставалася толькi наладзiць тлума­чаль­ную работу сярод сялянства. Яна пачалася адразу пасля Х з’езда, аднак нiзкi агульнаадукацыйны ўзровень савецкiх работнiкаў i вясковых камунiстаў не садзейнiчаў разуменню значэння нэпа [421, с.10]. Тое ж самае можна сказаць i пра большасць прадстаўнiкоў кiруючага апарату. Яны адчувалi недахоп ведаў, што выклiкала iх скаванасць i спадзяваннi на ўказаннi зверху. Улiчваючы гэта, ЦБ КП(б)Б на 15 мая 1921 г. прызначыў нараду партыйных агiтатараў i прапаган­дыс­таў, гаспадарчых кiруючых работнiкаў i сакратароў ячэек, на якой планавалася “зрабiць даклад i правесцi дыскусiю аб значэннi новай гаспадарчай палiтыкi i яе ўмовах” [272, с. 87]. Інструкцыi паступалi сiстэматычна. Былi распрацаваны i пры­сланы тэзiсы па нэпе. У параграфе 7 яго ўвядзенне тлума­чы­лася наступным чынам: “Замена развёрсткi з’яўляецца ве­лi­зар­най уступкай сялянству з боку савецкай улады, уступкай пралетарыяту вясковай гаспадарцы” [15, 218, л. 121].

Пасля агiтацыi на аснове такiх тэзiсаў, безумоўна, сяляне мелi рацыю з асцярогай аднесцiся да новай эканамiчнай палi­тыкi i абвешчанага падатку. Нiякай эканамiчнай зацiкаўле­нас­цi ў новым падатку вясковы люд не выказваў. Не выпад­кова на некаторых сялянскiх канферэнцыях аб’яўлялася, што “харчпадатак толькi часовая мера з мэтай агiтацыі за па­шырэнне пасеву”, не верылi, што “развёрсткi больш не бу­дзе”, вылучалi iдэю “аб стварэннi сялянскага саюза – абарон­цы сялянскiх iнтарэсаў” [17, 226, л.15, 22, 28]. Аднак любыя праявы незадаволенасці ўлады адносiлi да кулацкай прапа­ган­ды.

На збор падатку мабiлiзоўваліся 120 камунiстаў, каля 40 чле­наў павятовых выканкамаў i 6 адказных партработнiкаў – членаў ЦВК (па адным на кожны павет), для разбору скаргаў стваралася Бюро скаргаў. У распараджэнне харчовых органаў выдзялялiся падраздзяленнi чырвонаармейцаў, асаблiва ў Мазырскiм павеце [30, 51, л. 158; 30, 47, л. 300]. 10 лiпеня пачала работу нарада харчкамiсараў, загадчыкаў нарыхтоў­чых кантор, старшых харчовых iнспектараў, якая ставiла задачу азнаямлення з падатковымi iнструкцыямi i ўзгаднення дзеянняў. Па паветах былi арганiзаваны трохтыднёвыя курсы харчiнспектараў, на некаторых з iх, напрыклад у Слуцку, выказвалася заклапочанасць, каб “не атрымалася ў новай палiтыцы тое, што атрымалася ў развёрстцы” [30, 82, л. 12]. Здавалася, зроблена ўсё магчымае, аднак ужо першыя крокi ў падрыхтоўцы да збору падатку паказвалi паспешнасць аптымістычнага вываду. Нездарма з Масквы папярэджвалi аб неабходнасцi своечасовага стварэння выязных сесiй Рэў­трыбу­нала [30, 51, л.74, 84].

Рашэнне аб пераходзе да харчпадатку было прынята ў сакавiку 1921г., аднак толькi 1 чэрвеня ў паветы пайшла тэлеграма аб заканчэннi развёрсткi. У некаторых мясцовас­цях, напрыклад на Случчыне, яшчэ не выканалi развёрстку на масла, яйкi, воўну, як адразу пачалi збiраць такiя ж прадукты па харчпадатку, таму што “склалася катастрафiчнае стано­вiш­ча ў бальнiцах i прыютах” [30, 204, л. 1, 3].

Умовы, у якiх пачаўся пераход да новай эканамiчнай палiтыкi, у Беларусi аказалiся даволi складанымi. Старшыня ЦВК А.Р.Чарвякоў пiсаў у Маскву: “Рэсурсы Беларусi вычар­паны, запасы харчавання забяспечаць галодны паёк да 1 лi­пеня, тавараабмен зрываецца наплывам машэннiкаў i прад­стаўнiкоў розных арганiзацый з усiмi неабходнымi дакумен­та­мi” [30, 51, л. 59]. Яшчэ больш ускладняла iснуючую сiтуа­цыю катастрафiчнае становiшча воiнскiх часцей, якiя ква­таравалiся ў Беларусi. А.Р.Чарвякоў у тэлеграме ад 23 лiпеня 1921 г. на iмя У.І.Ленiна паведамляў: “Наркамат харчавання Беларусi, на якi ўскладзена цяжкая, невыканальная задача забеспячэння часцей Чырвонай Армii, папярэдзiў аб магчы­мым катастрафiчным стане, калi Цэнтр не акажа дапамогi... Адзiны выхад – нарыхтоўка [харчавання. – М.Б.) шляхам тавараабмену – выслаць мануфактуру, сельскагаспадарчыя прылады на рахунак армii. У гэтым выпадку Наркамат харчавання дае абавязак нарыхтаваць для армii ў жнiўнi 30–40 тыс. пудоў хлеба i трохi мяса. У апошнiя днi армii адпушчана харчавання на 3 днi, i трэба чакаць захопу воiнскi­мi падраздзяленнямi нарыхтоўчых кантор” [30, 51, л. 83]. Выправiць становiшча спрабавалi кампанiямi на карысць армii. Збiралi ўсё, што магло быць карысным: збожжа, сала, бялiзну, ручнiкi, палатно, грошы i iнш. [18, 187, л. 5].

30 лiпеня ЦВК БССР прыняў пастанову аб фарсiраваннi падрыхтоўчай работы да збору харчпадатку. Згодна гэтай пастанове валасныя i павятовыя выканкамы да 15 жнiўня павiнны былi забяспечыць складанне спiсаў падаткапла­цельшчыкаў, улiк аб’ектаў абкладання, вылiчэнне сумы падатку з тым, каб кожнаму плацельшчыку аб’явiць, што яму неабходна здаць. За ходам работы наладжваўся пiльны кантроль. Многiя з тых, хто кантраляваў збор падаткаў, былi людзьмi, вельмi далёкiмi ад сельскай гаспадаркi. Напрыклад, адзiн з самых актыўных дзеячаў кампанii, упаўнаважаны ЦВК Штэрн, лiчыў, што падатак можна будзе сабраць “без­болезненно”, таму што ўраджай трэба чакаць да 50 пудоў (!) з дзесяцiны [6, 6, л. 84]. Збор падаткаў яшчэ i не пачынаўся, а ў тэлеграме ад 22 лiпеня за подпiсам Я.А.Адамайцiса ў адрас нiзавых харчовых камiсiй паведамлялася аб арганiзацыі спе­цыяль­ных выязных харчовых сесiй Рэўтрыбунала. Выязная сесiя фармiравалася з трох асоб – прадстаўнiкоў Рэўтрыбу­на­ла, ЦВК i НКХ, кандыдатуры якiх зацвярджалiся ЦБ КП(б)Б, а ў поўным складзе – СНК. Потым выязная сесiя рэгiстрава­лася ў Наркамаце юстыцыi як судовы орган. На кожны павет ствараліся па 2 сесii, якiя мелi права суда i следства над неплацельшчыкамi падатку, няправiльнымi дзеяннямi валвыканкамаў, сельсаветаў, падатковай iнспектуры [30, 205, л. 1, 6, 67].

Як бачна, меры прымалiся надзвычайныя. Таму натураль­на, што такая тактыка сустрэла глухое супрацiўленне вёскi. Не дапамагалi нi мiтынгi, нi лiстоўкi, нi агiтацыя сродкамi мастацтва, дзяржава павiнна была прыслухацца да настрояў вёскi, аднак гэтага не адбылося. Наадварот, палiтыка прымусовага рабавання працягвалася. Архiўныя матэрыялы адлюстроўваюць вострае супрацьстаянне вёскi i ўлады i паказваюць, што нэп не стаў панацэяй ад усiх вясковых праблем. Здаецца, наадварот, ён паказаў вясковаму люду, што ў дзяржаўнай палiтыцы яго iнтарэсы пераважна толькi дэкларуюцца. Вёска цiкавiла дзяржаву ў асноўным як адзiна магчымы аб’ект выкачвання сродкаў на розныя патрэбы савецкай улады.

Падатковая кампанiя пачалася з вельмi цяжкай справы – складання спiсаў падаткаплацельшчыкаў асобна на кожны вiд падатку. Галоўны цяжар гэтай няпростай задачы ўскладаўся на настаўнiкаў, якiя пазбягалi яе як маглi. Са свайго боку сяляне аб’явiлi тайную вайну спробам паставiць пад кантроль iх гаспадарку: утойвалі колькасць ворыва, жывёлы, нават у масавым парадку пазбаўлялiся ад яе, паказвалi большую колькасць едакоў. За несвоечасовае i няправiльнае складанне спiсаў улады аддавалi пад суд Рэў­трыбу­нала старшынь сельскiх Саветаў, асобных грамадзян, таму што “такiя адносiны да справы перашкаджаюць харчо­вым органам цвёрда вытрымаць рэвалюцыйную лiнiю на правядзенне харчпадатку” [30, 204, л. 11, 12, 18]. З кожным днём павялiчвалася колькасць застрашальных загадаў. Галоў­ным сродкам пакарання абвяшчалi выязную сесiю Рэўтры­бунала.

Частыя нараканні сялян выклiкалi ўстаноўленыя зверху разрады ўраджайнасцi, якiя ў многiх месцах перавышалi фактычную ўраджайнасць па воласцi [30, 212, л. 15, 22]. У некаторых валасцях адбываліся розныя прыродныя здарэннi, напрыклад град цi вымачка пасеваў, аднак начальства такую бяду ўлiчваць не збiралася. Наадварот, любыя скаргi, просьбы аб змяншэннi падатку прымалiся ў штыкi. Напры­клад, барысаўскi харчкамiсар катэгарычна заявiў, што “такiя хадайнiцтвы нi ў якiм выпадку разглядацца не будуць, вiна­ва­тыя будуць прыцягнуты да адказнасцi як асобы, што пе­рашкаджаюць ходу падатковай кампанii” [30, 21, л. 13 адв.]. А скаргаў падавалася вялiкае мноства, толькi па адной воласцi Iгуменскага павета на няправiльнае абкладанне падаткам паступiла 465 скаргаў i 489 хадайнiцтваў аб панiжэннi ставак падатку з-за стыхiйных няшчасцяў [18, 174, л. 13].

Iснавалi i тэхнiчныя цяжкасцi. На месцах адсутнiчалi iнструкцыi па ўсiх вiдах падатку i па падрыхтоўцы спiсаў па кожнай гаспадарцы на 15 вiдаў харчавання. Таму вынiк гэтай працы аказаўся для ўлады несуцяшальным. 16 жнiўня 1921 г. са Слуцка паведамлялi, што “спiсы складзены толькi па 4-х валасцях па прычыне масавага ўкрыцця жывёлы i ворыва прыкладна на 35–40%” [30, 204, л. 34]. 20 жнiўня 1921 г. на Случчыне адбылiся першыя сесii Рэўтрыбунала. Разглядалiся справы, па якiх былi вынесены прыгаворы 34 сялянам ад 1 да 3 гадоў зняволення з канфiскацыяй жывёлы [30, 204, л. 32, 52, 70].

Не лепшая сiтуацыя склалася ў Ігуменскiм павеце. Напры­клад, у Амяльнянскай воласцi, якая аб’ядноўвала 180 населе­ных пунктаў, на 10 жнiўня нiчога не было зроблена, спiсы не складзены, “адсутнiчала ўсякае ўяўленне аб харчпадатку. У некаторых валасцях скрытае ворыва складала 30%, у другiх – нават 50%” [30, 213, л. 13, 23]. Старшыня Дукорскага сель­скага Савета адмовiўся падаць спiсы скрытага ворыва. Тое ж самае адбывалася i ў Перажырскай воласцi [53,1, л.1; 53, 2, л. 2]. У Барысаўскiм павеце нi па адной з 26 валасцей на 20 жнiўня канчатковыя спiсы не былi падрыхтаваны, у асобных валасцях яны былi зроблены неахайна, алоўкам, без роспiсу гаспадароў. “Гэта не спiсы, а хлам”, – ахарактарызаваў iх адзiн з правяраючых [30, 210, л. 26а].

Ва ўсiх паветах аб’яўлялiся розныя тэрмiны добраахвотнай заяўкi скрытага ворыва: 5 дзён, тыдзень, два тыднi... Аднак станоўчых вынiкаў ад гэтага практычна не было, i тады работу ў дадзеным кiрунку пачалi праверачныя камiсii i выязныя сесii. Самыя строгiя меры пакарання: канфiскацыя жывёлы, турма – устанаўлiвалiся за скрытае ворыва. Толькi па адной Якшыцкай воласцi Iгуменскага павета за гэта было асуджана 108 чалавек да розных вiдаў пакарання: канфiс­кацыі жывёлы, зямлi, турэмнага зняволення, налажэння штрафу [30, 213, л. 95]. Устанавіць агульную колькасць рэ­прэ­сіра­ваных складана. У фондзе Наркамата харчавання На­цыя­нальнага архіва РБ захоўваецца многа справаздач аб дзей­нас­цi Рэўтрыбунала. Аднак адсутнiчае адзiная методыка пад­лi­каў: у адных пры­водзяцца даныя за тыдзень, у другiх – за дэкаду, у трэцiх – за месяц i г.д. 2 лiстапада 1921 г. ЦВК БССР быў вымушаны прыняць спецыяльную пастанову, якой абавязваў Наркамат харчавання распрацаваць тэрмiновыя меры для выяўлення скрытай ворнай зямлi.

З 21 жнiўня прыступiлi да выканання галоўных вiдаў падатку. Аб метадах яго спагнання дастаткова ясна гаварыла тэлеграма Я.А.Адамайцiса, накiраваная ў гэты ж дзень у нiзавыя органы: “...Паставiць усё на баявую нагу, ужываць такiя сродкi нацiску на неплацельшчыкаў, укрывальнiкаў, старшынь сельскiх Саветаў i валвыканкамаў, як права судовага i адмiнiстрацыйнага ўздзеяння” [30, 215а, л. 18, 30]. Справа ў тым, што старшынi многiх валвыканкамаў i сельскiх Саветаў разглядалi сiтуацыю з пункту гледжання вясковага жыхара, таму не ажыццяўлялi кантроль за складаннем спiсаў, закрывалi вочы на ўтойванне ворыва i жывёлы, ды i свае надзелы памяншалi як маглi, пазбягалi ўдзелу ў зборы падат­ку. Па рэспублiцы шмат старшынь валвыканкамаў i сельсаве­таў папалi пад суд Рэўтрыбунала. 2 кастрычнiка 1921 г. пад прыгавор Рэўтрыбунала трапiлi старшыня i сакратар Махна­вiц­кага сельсавета Мазырскага павета, якiя паказалi толькi 219 дзесяцiн, а ў валвыканкаме былi даныя на 1000. Яны былi асуджаны на 1 год i 6 месяцаў умоўна, таму што “грамадзяне сельсавета амаль выканалi падатак, i яны (асуджаныя. – М.Б.) вельмi нiзкага ўзроўню развiцця”. А стар­шыня i сакратар Слабадскога сельсавета таго ж павета былi асуджаны за ўтойванне 85 галоў жывёлы, 8 свiней, 18 авечак на два і паўтара года адпаведна [30, 205, л. 62].

Некаторыя ўпаўнаважаныя дэманстравалі i дастаткова беспрэцэдэнтныя погляды на вёску i яе жыхароў. “Я iм (праверачным камiсiям. – М.Б.) катэгарычна ўказаў, – пiсаў адзiн з упаўнаважаных па Мазырскiм павеце, – знайсцi скрытае, аднак нi ў якiм выпадку не абараняць iнтарэсы плацельшчыкаў. Апошнiя заўсёды будуць у даўгу перад дзяржаваю” [30, 210, л. 34, 34 адв.].

Такое ўяўленне аб ролi i месцы сялянства ў жыццi грамадства iснавала ў кiруючых колах паўсюдна. Савецкая ўлада аказалася далёкай ад iнтарэсаў вёскi. Iнакш, чым можна апраўдаць сцвярджэннi аб вечным даўгу сялянства перад тымi, хто жыў i кармiўся з яго працы. Мабыць, у гэтай тонкай маральнай сферы, у прыкрай непавазе да працы вяскоўцаў хаваецца большасць праблем, з якiмi савецкая ўлада справiцца не змагла. У адносiнах з вёскай быў заха­ваны метад каманды, сiлавога цiску, аб чым сведчаць шматлiкiя дакументы. Вось тэлеграма ад 19 верасня 1921 г. ужо згаданага Штэрна ў адрас Мазырскага выканкама: “Апошнiя зводкi паказваюць прыметнае знiжэнне збору падатку. Бульбяны i насенны падатак зусiм не паступае, нягледзячы на неаднаразовыя ўказаннi сабраць да 1-га кастрычнiка 85% бульбы, 100% насеннай пазыкi, 15% сена. Канстатую поўную расхлябанасць работ у вашым раёне. Жартаваць у далейшым не намераны... Катэгарычна прадпiс­ваю страсянуць раён. Тэрмiнова прапанаваць сельскiм Саветам, чаго б гэта нi каштавала, пачаць вываз бульбы... Невыкананне тэрмiнаў пацягне бязлiтасную перадачу пад суд Рэўтрыбунала” [30, 214, л. 53].

Як нi старалiся ў Беларусi выканаць план, усё роўна не пазбеглi крытыкi на старонках “Праўды” за 7 верасня 1921 г. У адказ надзвычайны ўпаўнаважаны Усерасiйскага ЦВК па Беларусi апраўдваўся тым, што 150 вагонаў насення для Паволжа адправiлi да 1 верасня. Да гэтага тэрмiну паступiла каля 15% падатку, прычым нiякiх тавараў у абмен рэспублiка не атрымала. Работа па спагнаннi падатку, па словах асобаўпаўнаважанага, “працякала ў вельмi цяжкiх умовах дзеяння шматлiкiх банд, тэхнiчнай беднасцi, вялiкага разарэння краю” [30, 51, л. 155].

Нягледзячы на прынятыя меры, падатак у тэрмiн не выконваўся, i не толькi ў Беларусi, але i па ўсёй Расiйскай Федэрацыі. На снежань 1921г. сабрана было ўдвая менш, чым на той жа час па развёрстцы, паступленне падатку было ў чатыры разы меншым, чым планавалася. Думаецца, што гэтыя паказчыкi можна лiчыць яскравым адлюстраваннем незадаволенасцi сялянства падаткам. Не выпадкова ва ўсе мясцовыя органы была накiравана тэлеграма за подпiсам У.I.Ленiна i другiх кiраўнiкоў дзяржавы з катэгарычным загадам “закончыць збор хлеба ў снежнi 1921 г., арганiзаваць нацiск на вёску ў выглядзе харчовага двухтыднёвiка” [30,123, л. 141].

Двухтыднёвiк пачаўся 15 снежня 1921 г., аднак iстотных вынiкаў не прынёс, нягледзячы на ўсе стараннi зацiкаў­леных органаў. Аб’яўляўся ён i ў студзенi, i ў лютым 1922 г. Галоўным сродкам яго выканання зноў былi абраны сiлавыя метады. “З 15 снежня пачынаецца двухтыднёвiк па харч­падат­ку. Наркамат харчавання прымае меры, каб паставiць работу на баявую нагу. Усе 100% павiнны быць выкананы на працягу двух тыдняў, чаго б гэта нi каштавала. З аднаго боку, мабiлiзуюцца агiтацыйныя сiлы, з другога – нам трэба звярнуць увагу на прымусовы апарат Наркамата харчавання. Адзiн з важнейшых сродкаў уздзеяння на падаткаплацель­шчыкаў – выязныя сесii” [30, 20, л. 102].

Чым магла абярнуцца тактыка цiску на вёску, паказваюць паведамленнi з паветаў. У студзенi 1922 г. на пасяджэннi калегii Ігуменскага харчкама пры абмеркаваннi выканання заданняў двухтыднёвiка канстатаваўся той факт, што з-за маламоцнасцi многiх сялянскiх гаспадарак, якiя б меры да iх нi прымалiся, выканаць падатак будзе немагчыма. Даведаў­шыся аб такiм рашэннi, Я.А.Адамайцiс раiць прыняць больш рашучыя меры, у першую чаргу “падцягнуць iнспектарскiя кадры, тых, хто бяздзейнiчае i лянуецца, аддаваць пад суд, i, наогул, узмацнiць работу, iнакш да 15-га лютага збор палатку не закончыцца” [30, 450, л. 2,4]. Рашаючая роля адводзiлася выязным сесiям, колькасць спраў у якiх пастаянна расла. Сялянства ўпарта ўтойвала пасяўную плошчу, мясцовыя ўлады не падавалi дакладныя статыстычныя даныя, у вынiку падатак не выконваўся. Увесь дзяржаўны апарат i вёска супрацьстаялi адно аднаму, але сiла аказалася ў першага, i гэтая акалiчнасць у значнай ступенi вызначыла канчатковы вынiк.

Як вядома, у межах новай эканамiчнай палiтыкi праду­гледжвалася развiццё прыватнага гандлю. 14 мая 1921 г. быў выдадзены дэкрэт СНК Беларусi аб свабодным абмене. 2 лi­пе­ня Наркамат харчавання выдаў загад, якi дазваляў гандляваць толькi пры ўмове абавязковай здачы падаткаў на масла, яйкi, воўну, аб чым сяляне павiнны былi мець квiтан­цыю [30, 52, л. 4]. Па меры развiцця кампанii i яе нездаваль­няючага ходу ў якасцi адной з мер выкарыстоўвалася закрыццё рынкаў у Мiнскiм, Мазырскiм, Барысаўскiм паветах [30, 47, л. 344; 30, 205, л. 20; 30, 214, л. 33].

Не лепшым было становiшча з абменам сельскагаспа­дарчай прадукцыі на прамысловыя тавары. Калi прыбывала хоць якая-небудзь партыя мануфактуры, то яе размяркоўвалi сярод служачых i членаў прафсаюза. Напрыклад, у Мазыры 1000 аршын мануфактуры былi раздадзены служачым нарыхтоўчых кантор i канцылярый. Тое ж самае было i з партыяй абутку. Мясцовае кiраўнiцтва палiчыла, што “абутак не падыходзiць для сялянскага карыстання па прычыне невялiкага памеру i нязначнай колькасцi. Атрымае абутак нязначны працэнт, i гэта можа выклiкаць у сялян незада­вальненне” [30, 82, л. 19; 30, 87, л. 315, 333].

Як бачым, падатковая кампанiя 1921 г. аказалася надзвы­чай складанай справай для ўсiх удзельнiкаў. Неспадзявана для кiраўнiцтва краiны яна зацягнулася да вясны 1922 г. А цi быў поўнасцю сабраны харчпадатак? Станоўча адказаць на гэтае пытанне немагчыма. Для Беларусi падатак на ўсе вiды харчавання планаваўся ў памеры 4 431 539 пудоў жытнiх адзiнак, у тым лiку па збожжы – у 2 500 000 пудоў. За паўгода падатковай кампанii сабралi каля 3 млн. пудоў жытнiх адзiнак. У вынiку аказалася, што толькi па збожжы i алейных культурах падатак быў выкананы, а па бульбе, яйках, гароднiне, мясе заданне аказалася невыкананым i пераходзiла ў нядоiмку [46, 257, л. 36; 558, с. 110–113].

ЦВК БССР пастанавiў спынiць з 1 красавiка 1922 г. збор падатку на ўсе вiды харчавання, акрамя мяса, сена, сыравіны. Падставай для гэтага стаў дэкрэт УЦВК РСФСР ад 17 са­кавiка 1922 г. аб увядзеннi з 1 жнiўня 1922 г. адзiнага натуральнага падатку на сельскагаспадарчыя прадукты. Насельнiцтву тлумачылася рознiца памiж старым i новым падаткамi. Для сялянства яна заключалася не толькi ў тым, што ў 1921 г. ад кожнай гаспадаркi патрабавалася здаць ад 13 да 18 вiдаў харчавання. Новы падатак павiнен быў здавацца толькi шасцю вiдамi прадуктаў: збожжам, бульбай, мясам, маслам, алейнымi культурамi i сенам у пералiку на жытнёвыя адзінкі. Галоўнае адрозненне было ў памеры адзiнага падат­ку, якi ўлічваў магутнасць гаспадаркi ў цэлым: колькасць ворыва, жывёлы, уключаючы нават авечак. Прычым вызна­чаў­ся эквiвалент параўнання, напрыклад 8 авечак цi 4 свiннi прыраўноўвалiся да адной каровы i г.д. Адзiн з важных момантаў налiчэння падатку – гэта разрад ураджайнасцi, якi мог цяпер у адрозненне ад 1921 г. вызначацца для сельса­ветаў. Улiчвалiся азiмае, яравое, паравое поле, колькасць едакоў, ад атрымаўшых зямельны надзел да немаўлят, адзiн чырвонаармеец залiчваўся за двух едакоў. Адметнай рысай новага падатку стала прадастаўленне iльгот сем’ям чырвона­ар­мейцаў, iнвалiдам, беднаце, асобным гаспадарам за ўвядзенне ў севазварот тэхнiчных культур. Па рэспублiцы iльготы склалi прыкладна 767 302 жытнёвыя адзiнкi, таму ў канчатковым вынiку трэба было сабраць 4 039 123 жытнёвыя адзiнкi [32, 370, л. 3].

У пастанове УЦВК РСФСР адразу вызначалiся i меры пакарання неакуратных плацельшчыкаў, распрацаваныя вель­мi дэталёва. Хто не праяўляў асаблівай упартасцi, то падпа­даў пад арышт на 7 сутак або яму налiчвалася пеня ў памеры пятай часткi падатку. Такое ж пакаранне накладвалася за няякасную прадукцыю. Паказальна, што кiруючыя органы прадугледжвалi магчымасць ухiлення ад падатку цэлых вёсак. У гэтым выпадку ўводзiлiся на пастой воiнскiя часцi, а падбухторшчыкi асуджалiся да аднаго года зняволення з канфiскацыяй маёмасцi, другiя – да шасцi месяцаў або да выплаты падатку ў падвоеным памеры. Пры ўтойваннi аб’ек­таў абкладання або павелiчэнні колькасцi едакоў зачыншчыкi прыгаворвалiся да аднаго года з канфiскацыяй маёмасцi, астатнiя да шасцi месяцаў [30, 483, л. 10, 11].

Падрыхтоўка да збiрання новага падатку праходзiла па адпрацаванай схеме: спачатку ва ўсiх паветах адбылiся нарады старшынь валасных выканкамаў, валасных iнспекта­раў, распаўсюджвалiся лiстоўкi “Што павiнен ведаць селянiн аб адзiным натуральным падатку” i “Зварот да сялян наркама Якавенкі”. Затым складалiся спiсы на аб’екты абкладання, закончыць якiя трэба было да 30 мая. І зноў, як і ў 1921 г., улiк праходзiў не вельмi паспяхова, асаблiва цяжка iшла справа з перапiскай малочнай жывёлы. Заўважалiся рэзкiя адрозненнi спiсаў бягучага года ад папярэдніх. Па Ігуменскiм павеце, напрыклад, было скрыта каля 30% жывёлы, а дзяцей да пяцi гадоў прыбаўлена ўдвая [30, 450, л. 17]. Каб навесцi парадак, на вёску выязджалi адказныя работнiкi розных рангаў. Як адбывалася на месцах карэкцiроўка спiса, можна толькi здагадвацца. Сустракаюцца звесткi аб тым, што нека­то­рыя iнспектары самачынна арыштоўвалi неплацельшчыкаў [30, 450, л. 40].

Лiчым патрэбным зазначыць, што згодна дэкрэта СНК Беларусi з вясны 1922 г. вёска пачала плацiць грашовы першы агульнаграмадзянскi падатак. Яго збiралi фiнагенты i фiнiнспектары, якiя падпарадкоўвалiся Наркамату фiнансаў. Падатак выконваўся вельмi цяжка, таму што сяляне не мелi грошай, а каб iх знайсцi, трэба было прадаць апошнiя запасы хлеба, цана на якi вельмi знiзiлася. Вось што паведамляў з Эсьманскай воласцi Барысаўскага павета адзiн з палiтработ­нi­каў: “З-за таго, што валвыканкам не накiраваў адпаведнага работнiка для тлумачэння сялянству прычыны новага падат­ку... ён пачаўся хваравiта для насельнiцтва... Насельнiцтва стала прадаваць збожжа па вельмi нiзкiх цэнах... i тым самым дало магчымасць спекулянтам нажыць вялiкiя барышы... Насельнiцтва воласцi аказалася не задаволена адсутнасцю дзяржаўных нарыхтоўшчыкаў” [18, 165, л. 9]. Сведчанне сучаснiка пацвярджае адсутнасць у вёсцы падчас нэпа нармальных рынкавых адносiн, гэта з аднаго боку, з другога – паказвае, як актыўна абiралiся вяскоўцы i як хутка больш-менш заможная праслойка бяднела i апускалася ў нiжэйшыя слаi, дзякуючы прымусовым мерам пры выкананнi падатку.

З 2 лiстапада 1922 г. уводзiўся другi агульнаграмадзянскi падатак. Збор яго прайшоў лепш, таму што ён збiраўся пасля заканчэння жнiва. 12 лiстапада 1922 г. быў уведзены грашовы падворны падатак, якi аказаў на сялян “цяжкае ўражанне” [30, 487, л. 52]. У маi – чэрвенi 1922 г. натуральны працоўна-гужавы падатак замяняўся грашовым. У вынiку згодна тагачасным разлiкам сярэднестатыстычная сям’я з пяцi чала­век, маючая 5 дзесяцiн, 2 каровы, з 1 верасня 1922 г. павiнна была аддаць на выплату ўсiх вiдаў падаткаў, i грашовых, i натуральных, да паловы свайго даходу [37, 11, л. 30, 16, 16 адв.]. Грашовыя падаткi ў 1922 г. склалi 21% натуральнага. Безумоўна, такая падатковая палiтыка абцяжарвала стан любой гаспадаркi, абмяжоўвала яе развiццё, пазбаўляла перспектывы.

Па прычыне мокрага лета збор хлебнага падатку пачаўся толькi з 5 верасня. Не прайшло i месяца з пачатку кампанii, як у паветы была накiравана тэлеграма за подпiсам Я.А.Ада­майцiса: “Нягледзячы на вашы абяцаннi, да 20-га (верасня. – М.Б.) сабрана зусiм мала. Зацяжка харчкампанii ў вашым павеце можа прывесцi да правалу. Прапаную перайсцi ад слоў да справы, прымяняць самы жорсткi нажым арыштам, судом, адкiньце непатрэбныя iлюзii самацёку. Пачынайце дзейнiчаць сур’ёзна” [30, 534, л. 51].

Шматлiкiя дакументы досыць пераканаўча сведчаць, як пачалi “дзейнiчаць сур’ёзна”. Галоўная роля адводзiлася харчсесiям, а памеры пакарання былi вызначаны дэкрэтам УЦВК. Толькi па Мiнскiм павеце за лiпень – жнiвень 1922 г. у адмiнiстрацыйным парадку было прыцягнута да адказнасцi 180 чалавек, а да суда – 128. У параўнаннi з iншымi паветамi на Мазыршчыне найбольш часта канфiскоўвалi жывёлу, да судовай адказнасцi былі прыцягнуты 123 вяскоўцы. На Случчыне, наадварот, часцей за ўсё накладвалiся штрафы, сяляне вымушаны былi плацiць нават золатам, але многа штрафаў плацiлi i збожжам. Насельнiцтва пастаянна страшы­лi рознымі загадамi, напрыклад накшталт таго, што “няспраўным плацельшчыкам лiтасцi не будзе. Каб забяс­печыць iск, з таргоў будзе прададзена ўсё, што мае хоць якую-небудзь каштоўнасць” [30, 493, 18 адв.; 30, 505, л. 22; 30, 507, л. 1, 2, 3, 4, 5; 30, 509, л. 24, 31, 32].

Калi пачалi збiраць харчовы падатак, то тут ужо нiхто не мог чакаць лiтасцi: нi ўдава, нi ўчарашнi чырвонаармеец, нi тыя, хто пацярпеў ад стыхii. Звестак аб колькасцi i вiдах рэпрэсiй у архiвах захавалася мноства, аднак знайсцi некалькi аднолькавых лiчбаў амаль немагчыма. Мабыць, гэта таму, што Цэнтр патрабаваў звесткi за кожныя 10 дзён, а пры малапісьменнасці выканаўцаў у справаздачах атрымоўваўся значны разнабой. У параўнаннi з 1921 г. можна заўважыць вялiкую колькасць рэпрэсiраваных сярод харчiнспектараў i мясцовых улад. Iх аддавалi пад суд, штрафавалi на карысць галадаючых Паволжа, выносiлi вымовы i г.д. [30, 481, л. 32]. Хлебаробаў заключалi ў дом прымусовых работ (допр), штра­фавалi, канфiскоўвалi i прадавалi iх маёмасць. У некаторых мястэчках, напрыклад Халопенiчах, размясцiлi ўзброены пост у 150 штыкоў. Праўда, у сiстэме пакарання сяляне змаглi знайсцi слабае месца. Справы разбiралiся восенню, i асуджа­ныя падпадалi пад амнiстыю да 5-годдзя Кастрычнiцкай рэвалюцыi. Аднак улада хутка зразумела гэтую хiтрасць i пачала выносіць прыгаворы без права на амнiстыю.

У кастрычнiку 1922 г. ва ўсе паветы была накiравана тэлеграма за подпiсам кiраўнiкоў рэспублiкi, у якой канста­таваўся слабы ход збору падатку, невыкананне якога асаблiва зацягнулася ў Барысаўскiм i Бабруйскiм паветах, становiшча ў Мазыры прызнавалася “злачыннай бяздзейнасцю”. Ад мяс­цовых улад патрабавалася закончыць збор падатку да 1 лiс­та­пада 1922 г. [30, 493, л.62]. У снежнi 1922 г. Наркамат харчавання дакладваў аб поўным выкананнi натуральнага сельскагаспадарчага падатку. Калi да яго дадаць іншыя падаткi, то атрымаецца прыкладна 5 млн. пудоў. Аднак падатковая кампанiя 1922 г. выявіла многiя адмоўныя рысы: грувасткасць, нязручнасць захавання, адсутнасць зацiкаўле­насцi сялянства ў развiццi таварна-грашовых адносiн. Тага­часныя беларускiя эканамiсты звярталi ўвагу на гэтую акалiчнасць i прапаноўвалi замянiць натуральны падатак грашовым. Ва ўсякiм выпадку, на думку навукоўцаў, ён не мог быць большы за папярэднi, iнакш у гаспадарках засталося б па 15 пудоў на едака, а гэта, згодна эканамiчных разлiкаў, ужо галодная норма [378, с. 55].

Своеасаблiвым пераходам да грашовых падаткаў наступ­ных гадоў стаў адзiны сельскагаспадарчы падатак, якi ўводзiўся ў 1923 г. замест натуральнага, працоўна-гужавога, агульнаграмадзянскага, падворнага грашовых падаткаў i ўсiх мясцовых: за прыпынак вазоў на гандлёвай плошчы, утрыманне пчол, карыстанне лесам i iнш. Часткова ён мог выплачвацца прадуктамi, часткова – грашыма, налiчваўся ад колькасцi ворыва, дарослых членаў сям’i, ураджайнасцi. VII з’езд КП(б)Б у сакавiку 1923 г. канстатаваў, што “ў блiжэйшы час падаткi на сельскую гаспадарку не могуць быць памен­шаны” [272, с. 138]. Здача падатку пачыналася з 1 кастрыч­нiка 1923 г., таму што з гэтай даты пачынаўся першы гаспадарчы год, на якi быў распрацаваны бюджэт. Падатак прадугледжвалася выконваць паэтапна: натурай да 1 сакавiка, а грашыма – да 1 кастрычнiка 1924 г. У адроз­нен­не ад папярэднiх гадоў улiк аб’ектаў абкладання быў пера­да­дзе­ны ў валасны выканкам. У вынiку кантрольныя лiчбы ўлi­ку былi перакрыты, а сама працэдура прайшла “бязбольна” [32, 370, л. 29, 30].

Працэс збору новага падатку мала чым адрознiваўся ад папярэднiх гадоў. Адной з галоўных яго асаблiвасцей стала ўстанаўленне для кожнага павета абавязковых суадносiн грашовай i натуральнай частак, якiя збiралiся адпаведна Наркаматам фiнансаў i Наркаматам харчавання. Самы вялiкi працэнт грашыма (75%) павiнен быў здаць Мiнскi павет, самы малы (30%) – Слуцкi, жытнiца рэспублiкi. І вось тут узнiкла супярэчнасць: нарыхтоўчыя органы спачатку прымалi ў разлiк 260 руб. за пуд жыта, у Койданаве (мабыць, тут улiчвалася прыгранiчнае становiшча) 230 руб. У гэты ж час на рынку можна было прадаць пуд збожжа за 250–260 рублёў, таму такi расклад падатку сяляне вытрымлiвалi. Аднак з канца кастрычнiка ў прыёмных пунктах разлiкi вялiся ў памеры 350 рублёў за пуд жыта, а прадаць яго селянiн мог толькi па старой цане. Безумоўна, земляробу гэта было вельмi нявыгадна. Каб выплацiць грашовую частку, ён губляў 100 рублёў на кожным пудзе падатку. У працэсе збору мяняўся i эквiвалент замены жыта аўсом цi ячменем, вядома, не на карысць хлебаробаў [24, 186, л. 72, 89].

Нельга не адзначыць больш-менш спакойнага ходу кампа­нii. Мабыць, бакi прыстасавалiся адзiн да аднаго, вяскоўцы змiрылiся са сваёю цяжкай доляй i бясконцымi абавязкамi на карысць дзяржавы рабочых i сялян, ды i гаспадарчае жыццё патроху наладжвалася. Як сведчаць дакументы, найбольш часта ўлады карысталiся арыштам сялян на 7 сутак за ўкрыц­цё аб’ектаў абкладання, за пратэрмiноўку здачы падатку. Заўважым, што больш суровыя меры пакарання мелi месца на Барысаўшчыне: канфiскацыя маёмасцi, турэмнае зняволенне да аднаго года; сустракалiся там i выпадкi асуджэння за антыпадатковую агiтацыю тэрмiнам да двух гадоў [30, 902, л. 3, 19; 30, 903, л. 8, 13; 30, 904, л. 16, 17, 19].

Перад пачаткам кампанii ЦВК i СНК БССР у жнiўнi 1923 г. пастанавiлi зняць з сялян усе нядоiмкi па натуральным падат­ку 1921 г. i часткова 1922 г. (масла i яйкi), даўгi па насенных пазыках за 1921 г. Аднак здача падатку адбывалася не так хутка, як планавалася. Гэтая акалiчнасць абмяркоўвалася на розных узроўнях, прымалiся адпаведныя рэзалюцыi. Некато­рыя з iх ацэньвалi сiтуацыю досыць рэалiстычна, другiя ад­да­ва­лi перавагу iдэалагiчнаму падыходу да праблемы. У сту­дзенi 1924 г. Мiнскi павятовы фiнаддзел накiраваў пiсьмо выканкаму, у якiм, з аднаго боку, паказваў аб’ектыўныя цяж­касцi: высокiя патрабаваннi да кандыцыi збожжавых, высокi гра­шо­вы эквiвалент замены пуда жыта (непараўнальна вышэй за рынкавую цану), што прымушала сялян чакаць лiквiдацыi такiх недарэчнасцей. З другога, работнiкi фiнанса­вых органаў бачылi прычыну запавольвання здачы падатку ў дзеяннях калег-канкурэнтаў – прадстаўнікоў органаў Нарка­ма­та харчавання. Апошнi распарадзiўся “не нацiскаць”, каб нарыхтоўчыя канторы маглi планамерна прымаць збожжа, i рабiў захады да больш актыўнага паступлення натуральнага падатку. На думку аўтараў пiсьма, “сялянства, якое прывык­ла, каб яго падштурхоўвалi, аслабiла выкананне падатку, i гэта стала асноўным фактарам яго слабага паступлення” [6, 36, л. 226, 226 а].

Пры аналiзе прычын такой з’явы ўвага абавязкова надава­лася сацыяльнаму стану неплацельшчыкаў. Адназначна адмоўную пазiцыю займалi ўлады ў адносiнах да заможных сялян, якiх рэкамендавалася “тэрмiнова аддаваць пад суд”. Не выклiкала цяжкасцей вызначэнне групы бяднейшых, якiя не хадайнiчалi аб вызваленнi ад падатку, аднак “уздзейнiчаць на іх праз суд або iншымi сродкамi не мела сэнсу”. Заставалася група серадняцкiх i бядняцкiх гаспадарак, якiя “заразiліся дурацкiм прыкладам першых, чагосьцi чакаюць, не разумеючы, што могуць паплацiцца маёмасцю ў падвое­ным памеры цi турэмным пакараннем да 6 месяцаў”. Прапаноўвалася не чапаць iх колькi дзён пасля суда над першай групай, таму што “аддача iх пад суд можа разбурыць iх гаспадарку” [6, 38, л.7, 8а].

Некаторыя сельсаветы стваралi камiсii па абследаванні гаспадарак неплацельшчыкаў, на аснове заключэння якiх вырашаўся лёс апошнiх: або аддаць пад суд, або вызвалiць ад падатку. У асобных мясцовасцях у якасцi ўплаты нядоiмкi забiралi курэй, палатно, свiней, лён, прадметы дамашняга ўжытку i інш. [6, 38, л. 7, 8, 9, 10, 16 адв.]. Толькi па Мiнскай акрузе 29 тыс. неплацельшчыкаў прыцягнуты да адмiнiстра­цый­най адказнасцi, 891 – да судовай. У сваю чаргу ад сялян паступiла 6701 скарга, з iх былi задаволены 4595 [34, 72, л. 11].

У вынiку з беларускага сялянства на 1 сакавiка 1924 г. (першы тэрмiн здачы) спагналi 11 232 514 пудоў збожжа [558, с. 272], а да 1 кастрычнiка (другi тэрмiн) яшчэ каля 8 млн. рублёў [20, 6, л. 66]. Разлiкi эканамiстаў аб аптымальных памерах падатку не былi ўлiчаны, наадварот, 5-мiльённы рубеж быў перакрыты больш чым удвая. Тым самым вёска расплацiлася за стабiлiзацыю рубля, атрымаўшы ў абмен “таварны голад” 1924 г. Адзiнае, што адрознiвала падатак 1923/24 г. ад папярэднiх, гэта спагнанне яго часткi грашыма, тым самым ён аказаўся пераходным да чыста грашовых вiдаў падатку. З гэтай прычыны ў сакавiку 1924 г. спынiў сваю дзейнасць Наркамат харчавання. Падатак 1923/24 г. працяг­ваў развiваць класавы прынцып падатковай палiтыкi, што адмоўна адбiвалася на перспектыўных сялянскiх гаспадарках. Калi ў 1921 г. падатак плацiлi ўсе, у 1922 г. бядняцкiя гаспадаркi плацiлi прыкладна пудоў пяць, то ў 1923 г. амаль 26 тыс. бядняцкiх гаспадарак у розным аб’ёме вызвалялiся ад падатку [24, 186, л. 1]. Аднак сума падатку раскладалася на заможныя i кулацкiя гаспадаркi. Пры разлiку атрымоўвалася, што з аднаго едака беднаты бралi 0,16 пуда, а з аднаго заможнага – 30,76 пуда, што ў 80 разоў больш, а валавы збор заможных быў толькi ў 25 разоў большы, чым у беднякоў [172, с. 32].

Пасля 1923 г. падатковая палiтыка дзяржавы развiвалася ў кiрунку падаходнага падатку. Сялянства прызвычаiлася да савецкай падатковай сiстэмы, таму ў 1924–1927 гг. такога супрацьстаяння вёскi i ўлады, як у першыя гады нэпа, не назiралася. Аднак падатак заставаўся вельмi цяжкiм абавяз­кам. Аб важнасцi своечасовай здачы падатку сялянам тлумачылi ў лiстоўках, на мiтынгах i разнастайных канферэнцыях. На адной з iх у Астрашыцкiм Гарадку ў вераснi 1924 г. прысутных беспартыйных сялян пераконвалi весцi актыўную барацьбу з тымi, хто ўтойвае сапраўдны памер пасяўной плошчы, дэлегатам тлумачылi, што “своеча­со­вае выкананне падатку забяспечыць устойлiвасць савецкага рубля, хутчэйшы ўздым прамысловасцi i сельскай гаспадар­кi” [8, 5, л. 2]. Аб неабходнасцi замацавання грашовай рэформы за кошт павелiчэння падатку гаварылася i ў афiцыйных дакументах [22, 5, л. 66].

На наш погляд, пытанне аб значэннi сельскагаспадарчага падатку ў адраджэннi прамысловасцi, фiнансавай сiстэмы патрабуе спецыяльнага вывучэння. Без сумнення, роля як натуральнага, так i грашовага падатку велiзарная. Аднак зай­ма­лiся вывучэннем азначанай праблемы вельмi нямногiя, у лiку iх М.Е.Стральцоў [502; 503]. Згодна яго высноў, доля непадатковых паступленняў у рэспублiканскi i мясцовыя бюджэты ў 1923/24 гаспадарчым годзе складала 17,6%, у 1924/25 – 25,6% i ў 1925/26 гаспадарчым годзе 36,3% [503, с. 51]. Значыць, можна дапусцiць, што астатняя частка бюджэту фармiравалася з падатковых паступленняў, за кошт якiх адбывалася адраджэнне эканомiкi.

Да падатку 1924/25 г. пачалi рыхтавацца загадзя, спрабую­чы ўлiчыць iнтарэсы розных бакоў: дзяржавы, прамы­словасцi, фiнансаў. У сувязi з немагчымасцю гарантаваць забеспячэнне горада харчаваннем (у першыя гады нэпа такой гарантыяй з’яўляўся натуральны падатак) перад дзяржавай паўстала задача зацiкавiць сялян у продажы хлеба. Яна вырашалася за кошт вёскi. Як iнакш можна расцэньваць увядзенне сiстэмы абавязковых хлебанарыхтовак, акрамя грашовага падатку, каб забяспечыць горад хлебам i прамы­словасць сыравiнай, устанаўленне максiмальных цэн, “каб не было канкурэнцыi нарыхтоўшчыкаў”? Для Беларусi гэтыя лiмiтныя цэны вызначалiся вельмi нiзкiмi, што выклiкала незадаволенасць сялян i ў вынiку – сабатаж нарыхтоўчай акцыi. Прадугледжвалася закончыць яе да 31 студзеня 1925 г. [51, 5, л. 189], аднак сялянства рэспублiкi здолела выканаць толькi 52% ад плана хлебанарыхтовак [558, с. 275].

Звернем увагу i на такую акалiчнасць: увядзенне нiзкiх лiмiтных цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю непасрэдна суадносiлася з дзяржаўнай цэнавай палiтыкай на прамысло­выя тавары. І ў першым, i ў другiм выпадку цэны вызначалiся ўладай, што дазваляе карыстацца гэтымi фактамi ў якасцi адмоўнай iлюстрацыі да пытання аб ролi нэпа ў аднаўленнi эканомiкi. Дырэктыўнае ўстанаўленне цэн не толькi на прамысловыя тавары, якiя ў асноўным выпускала цэнзавая прамысловасць, але i на прадукцыю прыватных сялянскiх гаспадарак стала адным з галоўных элементаў дзяржаўнай палiтыкi, што мела мала агульнага з iдэяй нэпа.

Палiтычны разлiк прысутнiчаў у кожным эканамiчным ра­шэн­нi, часта насуперак здароваму сэнсу. У жнiўнi 1924 г. на пасяджэннi ЦК КП(б)Б падкрэслiвалася, што ўраджай 1924 г. мала лепшы за ўраджай 1923 г., таму i падатак 1924/25 г. не павiнен быць вышэй за папярэднi, аднак, “пры­маю­чы да ўвагi неабходнасць замацавання ажыццяўляемай грашовай рэфор­мы, для Беларусi, пры ўмове крайняй напружанасцi сiл, магчыма ўстанавiць 4-ты разрад ураджай­насцi” [22, 5, л. 59]. На справе саюзныя органы ўстанавiлi разрады ў сярэднiм на 1/4 вышэй запланаванага чацвёртага, i ў вынiку сялянства Беларусi павiнна было выплацiць 14 360 000 рублёў [24, 536, л. 265], што перавышала амаль напалову грашовы падатак 1924 г.

Безумоўна, ён аказаўся празмерна цяжкiм для хлебаробаў. Напрыклад, са Шклоўскага раёна, якi лiчыўся паказальным у Магiлёўскай акрузе, паведамлялi, што падатак для сялян непасiльны. Цэнтр палiчыў магчымым у паказальным раёне павялiчыць падатак з 3 руб. 10 кап. на чалавека, як па ўсёй акрузе, да 4 руб. 44 кап. Прычым усе сельсаветы абкладалiся аднолькава, незалежна ад эканамiчнага ўзроўню [22, 7, л. 323]. Гэта яшчэ адзiн яскравы прыклад адмiнiстрацыйнага падыходу да рашэння жыццёва важнага для селянiна пытання. Дзеяннi дзяржаўных органаў зусiм не адпавядалi патрабаванням хлебаробаў аб неабходнасцi пры абкладаннi ўлiчваць магутнасць кожнай гаспадаркi [24, 886. л. 291], цi, па-іншаму, ажыццяўляць дыферэнцыраваны падыход да аб’ектаў абкладання.

Таму, на нашу думку, заканамерным было слабае паступ­ленне падатку ў розных раёнах Беларусi. Не давалі вынiкаў частая адтэрмiноўка, агiтацыя праз органы аддзела агiтацыi i прапаганды ЦК КПБ, Галоўпалiтасвет. Ускладнялася сiтуа­цыя i тым, што зiмой 1925 г. не было снегу i марозу, i калi раней сялянства падтрымлiвала сваю гаспадарку заробкамi па нарыхтоўцы лесу, то цяпер яно аказалася пазбаўленым такой магчымасцi i страцiла больш за 1 млн. руб. Гэтыя абставiны, а таксама “вялiкi падатак у параўнаннi з папярэднiм годам, нiзкiя цэны на хлеб i жывёлу вельмi аслабiлi вёску” [20, 5, л. 219].

Тым не менш дзяржаўныя iнтарэсы патрабавалi своеча­сова­га i дакладнага выканання падатку. У дакуменце Саўнар­кама БССР за подпiсам Зм.Ф.Прышчэпава як намеснiка старшынi СНК раiлася акружным выканкамам i фiнаддзелам “прыняць найбольш рашучыя i рэальныя меры дзеля выпраўлення дэфектаў, у найбольш слабыя месцы кiнуць энергiчных работнiкаў”. У дакуменце выказана ўпэўненасць, што iнтарэсы дзяржавы будуць выконвацца толькi ў выпадку праяўлення “цвёрдай волi i вялiкай энергii” [4, 24, т. 2, л. 51]. Што канкрэтна разумеў наркам земляробства пад апошнiмi словамi на падставе працытаванага дакумента, вызначыць цяжка. Хутчэй за ўсё ў вярхах адчувалася глухая незадаво­ленасць вёскi i памерам падатку, i ўвядзеннем iльгот значнай частцы гаспадарак – бядняцкiх, чырвонаармейскiх i iнш. У такiх абставiнах выправiць сiтуацыю магла толькi рашу­часць фiнагентаў.

На несправядлiвае налiчэнне падатку паступала шмат скаргаў, бо некаторыя гаспадаркi вымушаны былi выплач­ваць да 24% ад прыбытку [76, с. 185]. Напрыклад, каля 60% гаспадарак Зембiнскага раёна скардзiлiся на няправiль­нае абкладанне [8, 429, л.221; шмат прашэнняў было пададзена на знiжэнне абкладання па прычыне стыхiйных бедстваў, з Мiнскай акругi, напрыклад, 500 [55, 72, л.11]. Высокая стаўка падатку вымушала некаторыя сем’i iсцi на раздзел гаспадар­кi. Гэты працэс па часе супадаў з падзеламi, выклiканымi абрэзкай зямлi i, безумоўна, яшчэ больш ускладняў унутра­нае жыццё вёскi.

Вышэй звярталася ўвага на больш-менш спакойнае спагнанне падатку, аднак хутчэй за ўсё гэта толькi вонкавае ўражанне. Штогадовае яго павелiчэнне пры марудных тэмпах аднаўлення сялянскай гаспадаркi не магло не выклiкаць незадаволенасцi вяскоўцаў, асаблiва заможных. Калi ў 1921–1923 гг. амаль не iснавала iльгот бядняцкiм гаспадаркам, то iх увядзенне ў 1924–1925 гг. абвастрыла сiтуацыю ў вёсцы яшчэ больш. Безумоўна, не было такога гвалтоўнага рабунку, як у першыя гады нэпа, не ўводзiлiся на пастой ваенныя часці, аднак шматлiкiя скаргi сведчаць аб адмоўным стаўленнi да падатку большасцi хлебаробаў.

Дзяржаўная падатковая палiтыка аказалася не зусiм дасканалай, магчыма, таму, што не быў выпрацаваны адзiны крытэрый характарыстыкi сацыяльна-эканамiчнага стану гаспадарак асобных рэгiёнаў. Паводле высноў тагачасных навукоўцаў, нельга было ўраўноўваць заможныя групы сялянства Самахвалавiцкага ці, напрыклад, Бягомльскага раёна. Сераднякi з першага мелi больш культурныя i багатыя гаспадаркi, чым кулакi з другога, аднак першыя карысталiся iльготамi, а другiя плацiлi ўсё спаўна [423, с. 11]. У рашэннi праблемы, да якой групы аднесцi канкрэтнага вяскоўца, важнейшая роля належала сельскiм Саветам. Яны вырашалi яго згодна мясцовым умовам i традыцыям, чым уносiлi свой уклад у стварэнне напружанасцi на вёсцы.

У 1924–1925 гг. заможныя гаспадары за ўхiленне ад падатку прыцягвалiся да суда, штрафавалiся, апiсвалася iх маёмасць. У кожным раёне рэпрэсiраваных гаспадарак налiч­ва­лiся дзесяткi, нават сотнi. Напрыклад, у Слуцкiм была апiсана маёмасць 352 гаспадарак, аштрафавана 340, судовыя справы былi ўзбуджаны супраць 26 гаспадароў. У Глускiм канфiскавалi жывёлу ў 56 гаспадарках, у Талачынскiм была прададзена маёмасць 15 заможных кулацкiх гаспадарак, па Вiцебскай акрузе было 4462 выпадкi прыняцця рэпрэсiўных мер [24, 536, л. 169 адв.].

Падобныя дзеяннi ў адносiнах да сялянства ў гiстарычнай навуцы савецкага часу атрымалi характарыстыку “эканамiч­нага абмежавання кулака”, або “працэсу выраўноўвання дакалгаснай вёскi”. Такая пазiцыя адпавядала тагачаснаму стану навукi. Новыя дасягненнi гiстарычнай навукi апошняга дзесяцiгоддзя дазваляюць нам разглядаць гэты працэс як разбурэнне вёскi i ў цэлым эканамiчнага фундаменту дзяржа­вы i пагадзiцца з думкай, што “эканамiчныя планы з’яўлялiся вытворнымi i залежнымi ад практыкi палiтычных дзеянняў партыйна-дзяржаўнай улады” [494, с. 58].

З суцэльнай лiнii штогадовага нарастання падатку выпадае 1925/26 бюджэтны год, калi падатак аказаўся паменшаным на 43% у параўнаннi з папярэднiм годам i для Беларусi склаў 8 518 500 руб. [24, 872, л. 271]. Ільготы незаможным, культурна-паказальным гаспадаркам, кааператывам, калекты­вам захоўвалiся i ахоплiвалi да 30% гаспадарак [502, с. 51]. Затое падаткам абкладалiся не толькi даходы ад асноўных крыніц, але i ад другарадных, ад неземляробчых заняткаў i промыслаў. І, самае галоўнае, уся сума падатку раскладалася на астатнiх сялян, якiя не падпадалі пад iльготы. У сiле заставалiся i хлебанарыхтоўкi, якiя прадугледжвалi закупку 8,3 млн. пудоў збожжа [558, с. 276].

Дзеля таго каб выканаць план, рознымi iнстанцыямi пры­ма­лiся падрабязныя пастановы. У iх прапаноўвалася “тэрмiнова прыступiць да спагнання падатку”, выяўляць самых злосных i ўпартых неплацельшчыкаў, у адносiнах да якiх “адразу прымаць законныя меры рэпрэсiй”, выбарчым парадкам праводзiць “вопiс i продаж маёмасцi неплацельш­чыкаў”, падрыхтаваць “абвiнаваўчыя матэрыялы на работнi­каў сельсаветаў, якiя халатна адносяцца да выканання службовых абавязкаў” [24, 872, л. 25].

Афiцыйныя крынiцы сведчаць, што сялянства з задаваль­нен­нем успрыняло змяншэнне падатку. Безумоўна, некато­рыя спадзяваннi на больш рэальную пазiцыю дзяржавы ў падатковай палiтыцы маглi быць. Тым не менш весткi з месцаў адлюстроўваюць маруднасць выканання падатку. Напрыклад, з Мазырскай акругi дакладалi: “У 1925 г. падатак выкананы амаль без выкарыстання рэпрэсiй. Калi ў 1924/25 г. было 1013 вопiсаў маёмасцi, 165 продажу, 119 чалавек аддадзены пад суд, то ў 1925/26 г. вопiсаў – 576, продажу – 6, пад суд – 6 сялян” [22, 14, л. 81]. З Астрашыцкага Гарадка паведамлялi, што “кампанiя праходзiць вельмi туга, давялося прадаць маёмасць шасцi гаспадароў”. У Чэрвеньскiм раёне паступленне падатку адбывалася настолькi дрэнна, што “ў кожны сельсавет накiравалi ўпаўнаважанага” [4, 276, л.38]. Па Вiцебскай акрузе кампанiя таксама праходзiла слаба, i кiраўнiцтва палiчыла неабходным аддаць пад суд старшынь сельскiх Саветаў, якiя “абыякава аднеслiся да кампанii” [24, 886, л. 63]. Вельмi дрэнна iшлi справы ў Расонскiм, Ульскiм i Полацкiм раёнах, дзе на люты 1926 г. аказалася выканана толькi чвэрць задання. У Багушэўскiм раёне Аршанскай акругi ўзнiкла пагроза зрыву падатку. Мясцовае кiраўнiцтва адну з прычын гэтага бачыла ў “кволым скарыстаннi прадугледжаных законам мер прымусовага ўздзеяння”. У са­мых неактыўных вёсках былi праведзены паказальныя суды, пасля якiх нядоiмкi былi лiквiдаваны [24, 678, л. 11, 12]. Улады настойвалi на рашучых мерах супраць злосных неплацельшчыкаў, якiх “патрабавалася аддаваць пад суд, аб’ездзе ўсiх сельсаветаў i выкарыстаннi мер супраць непла­цель­шчыкаў” [24, 543, л. 354]. У кожнай акрузе некалькi раёнаў аказалiся адстаючымі, i супраць мясцовага сялянства прымалiся законныя меры, якiя не абыходзiлi i старшынь сельскiх Саветаў [24, 872, л. 39; 894, л. 30].

Затрымка з выкананнем падатку i харчнарыхтовак прывяла да харчовага крызiсу. У лютым 1925 г. ЦК КП(б)Б даручыў сакратарыяту ЦК звярнуцца ў Маскву з просьбай аб неабход­насцi тэрмiновай дапамогi збожжам [22, 5, л. 225]. Дарэчы, з гэтага года пачынаецца завоз хлеба ў рэспублiку: у 1925/26 бюджэтным годзе – 9,5 млн. пудоў, у наступным – 19,9 млн. пудоў [366, с. 14].

Падатковая праблема для вяскоўцаў заставалася важней­шай i ў наступныя гады. Па прызнаннi аднаго з членаў ЦВК БССР, кожны год абмяркоўвалася магчымасць памян­шэн­ня падатку, якi “на самай справе з’яўляецца самым вялi­кiм пытаннем сялянства” [4, 193, л. 222]. На 1926/27 бюджэт­ны год планавалася спагнаць з вёскi 8 831 700 руб., што на 1% менш, чым у папярэднi. Прадугледжвалася магчымасць значна большых, аж да 66,23% супраць 41,5% у 1925/26 г., адлiчэнняў у мясцовы бюджэт. Падатак 1926/27 г., па сут­насцi, з’яўляўся падаходным, таму што ён раскладаўся на ўсе галiны гаспадаркi (нават другарадныя) i пабочныя заробкi – пчалярства, лесанарыхтоўкi, кустарныя промыслы i інш. [24, 872, л. 270, 271].

Такi падыход да налiчэння падатку прайшоў папярэдняе абмеркаванне. Спецыялiсты сельскай гаспадаркi аргумента­ва­на пярэчылi абкладанню падаткам па колькасцi засеянага, дробнай жывёлы, заробку ад лесанарыхтовак. Яны звярталi ўвагу дзяржаўных органаў на тое, што колькасць пасеваў будзе супярэчыць дзейнасцi зямельных органаў, якiя заклi­каюць сялянства пашыраць засеяныя плошчы i пераходзiць да шматполля [24, 872, л. 83; 4, 886, л. 275].

Больш дэталёва, чым у папярэднiя гады, была распраца­вана сiстэма iльгот. Ад выплаты падатку вызвалялiся гаспа­даркi, у якiх даход раўняўся 30 руб. на едака, а калi сям’я складалася з двух чалавек, то 50 руб. на гаспадарку. Поўнасцю вызвалялiся 51 перасяленец, частковая скiдка вызначалася пацярпелым ад стыхii i за сяўбу культурных траў на насенне, на 50% атрымоўвалi скiдку сем’i ваеннаслу­жачых i навучэнцаў. У вынiку атрымалася, што на 1 снежня 1926 г. зусiм не плацiлi падатак 183 763 гаспадаркi, часткова – 42 859 гаспадарак, што складала каля 30% ад усёй iх колькасцi [33, 23, л. 76, 213]. У найбольш слабых у эканамiч­ных адносiнах Полацкай i Барысаўскай акругах ад падатку былі вызвалены 43% гаспадарак [550, с. 142]. Каб аблегчыць сялянству здачу падатку, СНК БССР вылучыў iдэю яго ка­лектыўнай здачы, бо стварыць сетку пунктаў прыёму ў сель­скiх Саветах аказалася нерэальным. Аднак сялянства не да­вярала гэтай форме здачы, а “работнiкi сельсаветаў не хацелi браць на сябе такi цяжар i адказнасць” [4, 24, т. 2, л. 67].

Сiстэма iльгот не прыводзiла да адпаведнага памяншэння агульнарэспублiканскага падатку. Наадварот, уся сума расклада­лася на астатнiя гаспадаркi. Заможная частка вёскi выплачвала амаль палову ўсёй сумы – 49,5%, кулацкая – 13%. У сярэднiм падатак на заможныя i кулацкiя гаспадаркi ў параўнаннi з папярэднiм годам павялiчваўся на 32% [550, с. 142]. Безумоўна, цяжар падатку аказаўся для многiх непасільным, але такую палiтыку праводзiла дзяржава, i змагацца з ёю не было сэнсу.

Вельмi паказальнай у гэтым плане з’яўляецца пазiцыя наркама земляробства Зм.Ф.Прышчэпава, якога навукоўцы савецкага часу прымалi за абаронцу кулакоў i хутароў, а сучасныя даследчыкi абвясцiлi чалавекам, якi бачыў правiль­ны кiрунак развiцця сялянскай гаспадаркi ў пашырэннi хутарской сiстэмы. Мы пагаджаемся з тым пунктам гледжан­ня, што Зм.Ф.Прышчэпаў быў чалавекам свайго часу, а адзiнае, што адрознiвала яго ад некаторых іншых кiраўнiкоў, – неўспрыманне метадаў дыктату ў адносiнах да сялянства [531, с. 14]. Цытуемы нiжэй дакумент яскрава пацвярджае iмкненне наркама да эканамiчных мер уздзеяння на хлеба­робаў. У прадмове да даведнiка аб iльготах, якiя даюцца бядняцкiм i незаможным сялянскiм гаспадаркам, ён пiсаў: “...На аснове разгорнутага нэпа ў вёсцы (арэнда зямлi, наём рабочай сiлы, прыватны гандаль) даць магчымасць развiвац­ца гаспадарцы кулака. Кулак плацiць вялiкi падатак, а грошы гэтыя савецкая ўлада можа выкарыстаць для крэдытавання i ўзмацнення гаспадарак беднякоў i сераднякоў. Мы даём магчымасць наладжваць i паляпшаць гаспадарку кулаку, але сочым, каб ён не ўзяў палiтычнае кiраванне на вёсцы” [33, 23, л.136 адв.].

У вынiку некаторых абставiн, напрыклад выкрыцця ўтое­ных аб’ектаў абкладання, у асобных раёнах падатак аказаўся нават вышэйшым за папярэднi. Таму яго спагнанне адбы­валася з ужываннем досыць вядомых сялянству метадаў: вопiсаў маёмасцi, накладання разнастайных штрафаў i г.д. Астрашыцка-Гарадоцкi выканкам, напрыклад, распрацаваў цэлую сiстэму ўзаемазамены грашовых i натуральных штрафаў: 16 руб. нядоiмкi можна было лiквiдаваць, здаўшы жарабя i авечку; 8 руб. – парася i авечку; 7 руб. – здаўшы саламарэзку, 75 руб. – калі аддаў лепшую карову i дзве авечкi, у апошнiм выпадку ў залiк нядоiмкi iшла прымусовая праца на працягу 12 дзён; 48 руб. замянялi два самавары, дзве шафы i насценны гадзiннiк i г.д. Толькi на пасяджэннi выканкама 20 студзеня 1927 г. былi накладзены разнастайныя штрафы на 88 сялян [4, 389, л. 20].

Незадаволенасць сялянства падаткам адлюстроўваецца ў значнай колькасцi скаргаў. Змест iх самы разнастайны: ад скаргаў на няправiльны падлiк аб’ектаў абкладання да просьбаў паменшыць падатак за асушэнне i распрацоўку балот [39, 142, л. 5; 143, л.3, 4, 5]. Многiя ўстрымлiвалiся ад выплаты падатку па самых розных прычынах. Напрыклад, сяляне Вялiка-Раеўскага сельсавета Капыльскага раёна скардзiлiся на пагранiчны атрад, якi не плацiць iм грошы каля двух гадоў. Аднак, нягледзячы на гэта, мясцовыя ўлады вырашылi спагнаць падатак поўнасцю, прыцягваючы вiнава­тых да адказнасцi. У Бягомльскiм раёне прыдумалi праве­рыць усiх нядоiмшчыкаў падворным абходам i перапiсаць маёмасць, затрымаць аплату ў лясгасах i г.д. [24, 1341, л. 30, 47 адв., 48].

Вынiкi падатковай кампанii 1926/27 г. не адлюстраваны нi ў архiўных дакументах, нi ў навуковых работах, вiдаць, план быў выкананы. Безумоўна, з вялiкiмi цяжкасцямi праходзiў працэс хлебанарыхтовак, асаблiва, калi ўлiчыць дрэнны ўраджай 1926 г. Планавалася нарыхтаваць каля 7 млн. пудоў [366, с. 23], а атрымалася толькi 527 тыс. пудоў [281, с. 23].

Падатак на 1927/28 г. павялiчваўся i склаў 9 060 000 млн. руб. i 2 500 000 пудоў па хлебанарыхтоўках [401, с. 14; 281, с. 27]. Адначасова ўзрастала i колькасць iльгот, якiя распаўсю­джвалiся на маламоцныя гаспадаркi. Павялiчваўся неабкла­дае­мы мiнiмум: з 30 руб. на адну гаспадарку, як у 1926 г., да 50 руб. Да 10-годдзя Кастрычнiцкай рэвалюцыi дадаткова вызвалялiся ад падатку яшчэ 10% двароў, звыш 25% вызваленых па закону аб сельскагаспадарчым падатку. З беднаты здымалiся нядоiмкi за папярэднiя гады, а таксама па займах. У вынiку льготамi рознага аб’ёму ў 1927/28 г. карысталiся амаль 40% ад агульнай колькасцi гаспадарак [550, с.143].

Для больш-менш эканамiчна ўстойлiвых гаспадарак падатак узрастаў у 2–3 разы. Як паказваюць даследчыкi, сялянам забараняўся вываз збожжа на рынак, у тых, хто не выконваў гэтага патрабавання, збожжа канфiскоўвалася [299, с. 76; 461, с. 3]. Тым самым улада фактычна пачала карыстац­ца метадамi харчразвёрсткi. Апынуўшыся перад такой перспектывай, частка серадняцiх гаспадарак стала лiквiда­ваць жывёлу [535, с. 4–5]. У той жа час пленумы некаторых сельсаветаў лiчылi падатак 1927/28 г. больш правiльным за леташнi [10, 104, л. 22]. Бедната прымала актыўны ўдзел у правядзеннi ўлiку аб’ектаў абкладання, выяўляла скрытыя дзесяцiны, незаяўленую жывёлу. “Адмоўныя ў маральна-псiхалагiчных адносiнах вынiкi, – канстатуе У.А.Палуян, – мела практыка аддаваць 25% канфiскаванай у кулакоў маё­масцi беднаце, што ўзмацняла нездаровыя iмкненнi ў часткi сялян пажывiцца за кошт iншых i выклiкала зацiкаўленасць iх у такiх мерах” [398, с. 102]. Такiм чынам, дзяржаўная падатковая палiтыка працягвала паглыбляць раскол вёскi, павялiчваць сацыяльную напружанасць, разбураць перспек­тыў­ныя гаспадаркi.

Акрамя ўплаты сельскагаспадарчага падатку, вёска выкон­вала i іншыя павiннасцi. У жнiўнi 1924 г. уводзiлася абавязковае самаабкладанне сялян, праз тры гады яно было ўдасканалена ў бок “прапарцыянальнага размеркавання цяжару самаабкладання сярод сялянства на аснове ўлiку iх гаспадарчай самастойнасцi” [24, 1184, л. 37, 38]. Пытаннi самаабкладання вырашалiся на агульных сходах вяскоўцаў, якiя вызначалi яго суму i мэтавае прызначэнне. Гэтыя сродкi поўнасцю паступалі ў мясцовы бюджэт i павiнны былi iсцi на гаспадарчыя, культурна-асветнiцкiя i іншыя патрэбы вёскi. Такiм чынам, за кошт усё тых жа заможных гаспадарак савецкая ўлада планавала “разгарнуць работы па добраўпа­рад­каваннi дарог, будаўнiцтве мастоў, клубаў, хат-чытальняў, школ i г.д.” [550, с. 144]. Класавая лiнiя пры самаабкладаннi была вытрымана ў тых жа прапорцыях, што i пры спагнаннi падатку. Аднак кiраўнiцтва, напрыклад Мiнскай акругi, лiчыла, што “iснуючая прагрэсiя не здольна падарваць эканамiчную базу верхнiх слаёў вёскi”. Можна толькi канстатаваць, што сельгаспадатак i самаабкладанне не затрымлiваюць тэмпы далейшага гаспадарчага росту верхнiх слаёў вёскi. Самаабкладанне як адзiн з метадаў уцягнення ў культурна-гаспадарчае будаўнiцтва зберажэнняў вёскi, безумоўна, сябе апраўдвала [4, 250, л. 87]. Толькi па сталiч­най акрузе сума самаабкладання дасягала больш за 23% ад падатку [4, 250, л. 87 адв.].

Нельга пакiнуць па-за ўвагай факт самаабкладання вёскi на карысць некаторых арганiзацый, напрыклад камiтэтаў сялянскай узаемадапамогi. За кошт здачы ад 3 да 10 фунтаў збожжа з дзесяцiны, а таксама заворвання грамадскiх участ­каў у iх фонд паступалi збожжа i грошы, якiя камiтэты выдавалi бяднейшым. Напрыклад, з 1 кастрычнiка 1924 г. па 1 чэрвеня 1925 г. было раздадзена 174 тыс. пудоў збожжа i 18 800 руб. [558, с. 281]. Вiдавочна, што на ўзроўнi вёскi адбывалася прымiтыўнае пераразмеркаванне сродкаў, праўда, не ў значных памерах. Аднак у кожным канкрэтным выпадку гэта нервавала сялянства.

Патрэбна спынiцца i на фактах распаўсюджвання разнастайных пазык сярод сялянства. Спасылаючыся на сусветную буржуазiю, якая “не выдзелiла крэдыту”, урад знайшоў унутраныя магчымасцi, аб’явiўшы аб увядзеннi так званай “меднай пазыкi”, 6-працэнтнай залатой, выйгрышнай i iнш. У пачатку 1924 г. была выпушчана “сялянская пазыка, аблiгацыi якой прымалiся пад уплату падатку” [6, 38, л. 48]. Акрамя гэтага, сярод сялянства распаўсюджвалiся 5-працэнт­ная выйгрышная пазыка, 12-працэнтная выйгрышная пазыка 1925 г. Сялян прымушалi купляць па 2 аблiгацыi 6-пра­цэнтнай залатой пазыкi, праводзiлiся кампанii цукровай пазыкi. Каб актывiзаваць iх распаўсюджванне сярод вясковага люду, падключалiся ўстановы Галоўпалiтасвета, шэфскiя таварыствы, праходзiлi пленумы райвыканкамаў, сельсаветаў, сходы беднаты, канферэнцыi настаўнiкаў i iнш. Рэалiзацыя пазыкi ажыццяўлялася праз сельсаветы, лесана­рыхтоў­чыя арганiзацыi, паштальёнаў, настаўнiкаў, спецыяль­на створаныя тройкi i iнш. У сувязi з тым, што пазыка аб’яўлялася справай добраахвотнай, заможныя сяляне вельмi слаба i на малую суму куплялi аблiгацыi, на думку кiраўнiцтва, толькi для таго, “каб стварыць уражанне, што i яны прымаюць удзел у мерапрыемствах Савецкай дзяржавы” [4, 250 а, л. 87 адв.].

Уводзiлася абавязковае дзяржаўнае страхаванне, па якiм вызначалiся вельмi высокi першы ўзнос i кароткi тэрмiн пагашэння. Затое атрымаць страхоўку можна было, толькi “пераадолеўшы вялiкiя перашкоды” [8, 311, л. 5]. У некато­рых мясцовасцях страхоўку збiралi адпрацаванымi метадамi, карыстаючыся вопiсам маёмасцi, масавымi наездамi на вёску страхагентаў, каб “побудить к усилению сдачи страховки” [10, 71, л. 36].

Тым не менш выплата абавязковай дзяржаўнай страхоўкi ў некаторых мясцовасцях поўнасцю спынiлася [24, 1341, л. 30]. Страхаванне таксама прадугледжвала сiстэму iльгот для бяд­няцкiх гаспадарак, якая ў 1925/26 г. ахапiла больш за 56 тыс. гаспадарак, а ў 1926/27 г. – больш за 135 тыс. [30, 23, л. 182].

Мы не закранаем пытання аб такой праяве нэпа, як арэнда зямлi. Па-першае, яно падрабязна прааналiзавана А.М.Саро­кi­ным [460, с. 128–137], па-другое, аўтар пагаджаецца з высновай, што арэнда ў сялянскай гаспадарцы ў 1920-я гг. не атрымала шырокага распаўсюджання [398, с. 55].

Гэтак жа можна ахарактарызаваць i працэс далучэння сялянскай гаспадаркi да рынкавых адносiн, таму што дзяржаўная эканамiчная палiтыка абмяжоўвала iх таварныя магчымасцi. У адной з аналiтычных тагачасных прац канста­тавалася, што “збожжавая рыначная прадукцыя сялянскай гаспадаркi праяўляе тэндэнцыю да скарачэння, прыстасоў­ваю­чыся да патрэб унутранага рынку... Сялянская гаспадарка iмкнецца не да грашовага, а да матэрыяльна-натуральнага назапашвання” [467, с. 17, 67]. Гiсторыкi савецкага часу таксама прызнавалi знiжэнне яе таварных магчымасцей, адны – амаль напалову ад даваеннага ўзроўню [566, с. 155], другiя – у тры разы [460, с. 6].

Не з’яўляецца важным паказчыкам пранiкнення на вёску новых эканамiчных адносiн i факт выкарыстання ў некаторых гаспадарках наёмнай рабочай сiлы. Заўважым, што праблема лiшнiх рабочых рук на вёсцы ўзнiкла ў другой палове ХIХ ст. i не была вырашана царскiм урадам. Пасля рэвалюцыi яна яшчэ больш абвастрылася. Згодна афiцыйных даных, у 1925 г. у летнi час не знаходзiлi выкарыстання 30% рабочых рук, гэта больш за мiльён чалавек [33, 6, л. 10]. Той факт, што па найме працавалі толькi 81,1 тыс. ад гэтай колькасцi [399, с. 94], яшчэ больш пацвярджае няздольнасць сельскай гаспадаркi заняць свабодную рабочую сiлу.

Дзяржаўная палітыка не магла спрыяць хуткаму ўздыму сялянскай гаспадаркi, стымуляваць яе развiццё. Наадварот, на дзяржаўным узроўнi падтрымлiвалiся дробныя, слабыя гаспадаркi, якiя, нягледзячы на разнастайныя iльготы, не здолелi дасягнуць неабходнага эканамiчнага ўзроўню. Адначасова адбываўся супрацьлеглы працэс – аслабленне больш-менш заможнай часткi сялянства. У вынiку вёска не багацела, а прыметна бяднела. Усе спробы спынiць гэты працэс, прымаючы пад увагу галоўным чынам iдэалагiчныя варункi, не маглi прывесцi да станоўчых вынiкаў. Такую палiтыку нельга лiчыць разумнай i перспектыўнай, таму што яна не дапамагала ўмацаванню гаспадарак, якiя мелi пэўны прагрэс у сваiм развiццi i маглi стаць эканамiчным фундаментам адраджэння вёскi. У вынiку атрымоўвалася, што дзяржава разбурала сваю эканамiчную базу, асноўную крынiцу даходаў фiнансавання будучых праектаў.

У сувязi са сказаным паўстае пытанне аб значэннi нэпа для беларускай вёскi. Як бачна, на практыцы новая эканамiчная палiтыка праводзiлася ў форме падатковых кампанiй, аснову якiх склаў прынцып павелiчэння памераў падатку [дадатак, табл. 1.1]. Такая падатковая палiтыка, з аднаго боку, абмяжоўвала магчымасцi хуткага эканамiчнага адраджэння вёскi, а з другога – падрывала веру вясковага люду ў справядлiвасць савецкай улады.

На наш погляд, галоўную ролю ў развiццi сельскай гаспадаркi адыграла спрадвечная прага селянiна да зямлi i да свабоднай, без каманды i прымусу працы на ёй. Аб гэтым жа пiсаў i вядомы эканамiст А.В.Чаянаў: “Задачай сялянскай працоўнай гаспадаркi з’яўляецца здабыванне сродкаў iснавання для працуючай сям’i шляхам найбольш поўнага i найбольш удасканаленага выкарыстання сродкаў вытворчасцi i працоўнай сiлы, якiя маюцца ў яе распараджэннi, чым i тлумачацца яе выключная выжывальнасць i супрацiўленне эканамiчным нягодам” [545, с. 36]. Трэба пагадзiцца з думкай вучонага i прызнаць, што менавiта такiм iмкненнем сялянства перш за ўсё абумоўлена адраджэнне сельскай гаспадаркi.