Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

3. 3. Адносiны сялянства да сацыяльна-эканамiчнай палiтыкi другой паловы 1920-х гг.

Як ужо папярэдне адзначалася, пасля 1923 г. пачынаюцца шматпланавыя рэформы ў сельскай гаспадарцы, што было абумоўлена некаторай стабiлiзацыяй эканамiчнага i ўнутры­палiтычнага жыцця краiны. Ад харчовага падатку ў рамках нэпа паступова перайшлi да грашовага, дапоўненага iншымi вiдамi спагнанняў з сялян. У зямельнай палiтыцы – ад канфiс­кацыi памешчыцкiх маёнткаў i перадачы значнай часткi iх земляў у савецкiя гаспадаркi, ад першых крокаў па надзя­леннi сялянства зямлёй да абвяшчэння новай зямельнай рэформы праз абрэзку напаўпрацоўных гаспадарак. Калi ў пер­шыя гады нэпа толькi пачыналiся размовы вакол каапе­рацыі, то з 1923 г. разгортваецца мэтанакiраваная прапаганда па стварэннi кааператыўных аб’яднанняў, ад спажывецкiх да вытворчых.

Сваю пазiцыю сялянства дэманстравала i ў адносiнах да iншых праяў дзяржаўнай палiтыкi, напрыклад класавага падыходу пры надзяленнi зямлёй, спагнаннi падаткаў, ства­рэннi грамадскiх аб’яднанняў у выглядзе камiтэтаў сялянскай узаемадапамогi i iнш. Настрой вёскi, яе стаўленне да савец­кай палiтыкi праяўлялiся ў розных формах: глухая незадаво­ленасць, iгнараванне перавыбараў сельскiх Саветаў, крытыч­ныя выступленнi на розных сходах, шматлiкiя скаргi i iнш.

Можна адзначыць, што сацыяльна-псiхалагiчная сiтуацыя ў вёсцы была складанай. Па вынiках праверкi паказальных раёнаў у кожнай акрузе Наркамат унутраных спраў канста­таваў: “Капыльскi раён: актыўны бандытызм, крымiнал, непрыязныя адносiны да савецкай улады. У Зембiнскiм раёне сяляне самавольна высякаюць лес. У Петрыкаўскiм раёне недастатковым аўтарытэтам карыстаюцца ляснiцтвы, калга­сы, саўгасы, камiтэты сялянскай узаемадапамогi, часткова сельскiя кааператывы. Ляснiцтвы – за няўмелы падыход, саўгасы i калгасы – за паўнейшую безгаспадарчасць i бяз­дзей­насць. У кааперацыi ўзносы плацяць самагонам” [28, 1129, л. 22, 23].

На наш погляд, самым хвалюючым для вяскоўцаў з’яўля­лася зямельнае пытанне, якое закранала ўсе без выключэння пласты сельскага насельнiцтва, безумоўна, часцей за ўсё з процiлеглых пазiцый. У сваiм выступленнi на IV сесii ЦВК БССР у 1925 г. старшыня ЦВК А.Р.Чарвякоў зазначаў: “Рэзка выявiлася iмкненне вёскi абаранiць сябе ад умяшання ў яе гаспадарку, бо нормы зямельнага права знаходзяцца ў супя­рэчнасцi з iнтарэсамi селянiна-аднаасобнiка” [22, 6, л. 160]. Негатыўныя моманты выразна выявiлiся ў непрадуманасцi i паспешлiвасцi палiтыкi землеўладкавання i знайшлi сваё адлюстраванне на старонках партыйных дакументаў, а потым i ў навуковых працах гiсторыкаў партыi. Аднак яны разгля­далi праблему толькi з пункту гледжання выпраўлення па­мы­лак у партыйнай лiнii i крытыкi поглядаў Зм.Ф.Прышчэпава, а не з пазiцый сялянства. Апошняе праяўляла незада­воленасць выхадам на пасёлкi, гаворачы: “Нашто я буду павялiчваць прыбытковасць сваёй гаспадаркi праз угнаенне зямлi, калi прыйдзе землямер, намерае пасёлкi i перамесцiць мяне з майго ўчастка на чужы, нязручны для мяне” [557, с. 263].

Земленадзяленне за кошт абрэзкi зямлi ў больш моцнай групы сялян законна выклiкала варожы настрой сярод iх у адносiнах як да дзяржавы, так i да малазямельных аднавяс­коўцаў. У асобных дакументах сустракаюцца тлумачэннi гэтага нерацыянальнага рашэння як спробы савецкай улады “натравiць бедных на багатых” [25, 179, л. 13а].

Незавершанасць земленадзялення i адсутнасць перспекты­вы ў гэтым працэсе абумовiлi незадаволенасць i недавер сялянства да другiх вiдаў работы. Зямельнае пытанне выклi­кала самыя разнастайныя чуткi, падачу шматлiкiх скаргаў i заяў. На некаторых раённых канферэнцыях беспартыйных прымалiся заклiкi да беззямельных i малазямельных “павесцi актыўную барацьбу з укрывальнiкамi зямлi, выяўляць напаў­працоўныя гаспадаркi” [8, 9, л. 2 адв.]. Так, дзякуючы дапамозе беднаты летам 1926 г. у Астрашыцка-Гарадоцкiм раёне былi выяўлены 2710 дзесяцiн ворыва, 799 кароў i 154 канi, укрытыя аднавяскоўцамi [550, с.145]. Перад жаданнем мець зямлю адыходзiлi ўбок сваяцкiя цi суседскiя пачуццi, наогул iгнаравалася магчымасць разумнага рашэння, адбы­валася неймавернае абвастрэнне адносiн.

Трэба прызнаць, што аптымальна задаволiць зямлёй усiх жадаючых было праблематычна. Прычыны розныя: значная перанаселенасць вёскi, хуткае драбленне гаспадарак, адсут­насць дастатковай колькасцi ўрадлiвай i свабоднай зямлі, неабходнага матэрыяльнага забеспячэння, кадраў i iнш. Значэнне мела i сялянская псiхалогiя: у адных рознымi праўдамi i няпраўдамi захаваць свае надзелы, у другiх давесцi iх да вызначанага мiнiмуму.

Паспешлiвасць i непрадуманасць многiх рашэнняў на месцах выклiкалi глыбокiя канфлiкты мiж суседзямi. Напры­клад, на Гомельшчыне, у вёсцы Рудня, частка сялян выйшла на пасёлак, атрымаўшы зямлю з дзяржаўнага фонду, а сена­кос – з абшчыны. Безумоўна, гэта выклiкала незадаволенасць астатнiх, у справу ўмяшалася мiлiцыя, бо “пачалiся лаянкi, пагрозы фiзiчнай расправы” [39, 215, л. 635]. Цi другi выпадак: на Мазыршчыне сяляне адзiным фронтам выступiлi супраць аднавяскоўца, якi купiў зямлю ў 1919 г. i ператварыў гэты ўчастак у ворыва. Вяскоўцы даказвалi, што яна патрэбна iм як выган, аднак дзяржава падтрымала ўласнiка. I пасля гэтага пачалася “вайна” памiж варагуючымi бакамi: адны бясконца травiлi пасевы, другiя падавалі ў суд i спаганялі страты [39, 567, л. 7].

Не менш вострай для вёскi з’яўлялася праблема, звязаная з лесам, якi патрэбен быў i для будоўлi, i на апал, а таксама даваў магчымасць многiм зарабiць якiя-нiякiя грошы. У гэтай жыццёва важнай сферы назiралiся праявы самых разнастай­ных злоўжыванняў. На акруговым з’ездзе Саветаў у сакавiку 1927 г. дэлегат ад Самахвалавiцкага раёна скардзiўся: “Лес адпускаецца не будаўнiчы, а грошы бяруць як за будаўнiчы. Лясы мясцовага значэння перададзены ў карыстанне насель­нiц­тва, а iх высякаюць былыя гаспадары” [4, 318, л. 47].

Неабходна засяродзiць увагу на факце расколу вёскi, якi адбываўся не толькi па эканамiчных прычынах, што з’яўля­лася б аб’ектыўна заканамерным, але больш за ўсё дзякуючы дзяржаўнай палiтыцы. Менавiта класавы падыход пры выра­шэн­нi любой эканамiчнай праблемы садзейнiчаў расколу сельскага грамадства. На нашу думку, у першыя гады нэпа, асаблiва ў 1921–1922 гг., вёска ў цэлым была не задаволена падатковай i зямельнай палiтыкай. Увядзенне шматлiкiх, узрастаючых з кожным годам, пачынаючы з 1923 г., iльгот беднаце прывяло да абвастрэння ўнутрывясковай сiтуацыі. Нельга не ўлiчваць, што ў кожнай вёсцы iснавалi свае падспудныя iнтарэсы, пэўныя адносiны памiж суседзямi, вяскоўцамi i сельсаветамi. Немалаважнае значэнне набывала i рознiца ў эканамiчным стане памiж асобнымi сельсаветамi, раёнамi i рэгiёнамi рэспублiкi. Па гэтых прычынах у беларус­кай вёсцы 1920-х гг. не магло iснаваць такой выразнай лiнii падзелу сялян на групы, як аб гэтым пiсалi навукоўцы папярэдняга перыяду, якiя разглядалi праблему толькi з класавай пазiцыі.

Аналiзуючы сiтуацыю, сучаснiкi вельмi трапна адзначалi яе асаблiвасцi i псiхалагiчныя нюансы, i ў гэтым яны аказа­лiся на галаву вышэй за наступныя пакаленнi навукоўцаў. Спашлёмся на адно з даследаванняў тых гадоў: “Памiж заможнымi i серадняцкiмi гаспадаркамi, з аднаго боку, i бяд­няц­кiмi, з другога, iснуе значны антаганiзм, якi праяўляецца ўсякi раз пры рашэннi тых цi iншых грамадскiх пытанняў. Антаганiзм гэты вылiваецца ва ўзаемныя нападкi адзiн на аднаго, прычым заможныя i найбольш моцныя сераднякi схiльныя лiчыць прычынай беднасцi выключна нядбайнасць i няўменне весцi гаспадарку (лежабокi, маўляў, гультаi, толькi за чужы кошт хочуць пажывiцца). Беднякi ж схiльныя лiчыць заможных сялян i сераднякоў кулакамi, хаця б гэтыя гаспа­дар­кi вялiся выключна на працоўных пачатках i не карыста­лiся чужой працай” [76, с. 177]. Дарэчы, наяўнасць у вёсцы гультаёў прызнавалася i партыйным кiраўнiц­твам рэспублiкi [22, 7, л. 799].

На наш погляд, для партыйнага i савецкага кiраўнiцтва галоўнай у адносiнах з сялянствам стала iдэя класавага рас­слаення вёскi. Асновай для яе шматварыянтнай распрацоўкi сталi высновы У.I.Ленiна. Звяртаем увагу на выказванне наконт неабходнасцi “...раздзяляць, размяжоўваць селянiна пра­цоўнага ад селянiна-ўласнiка, селянiна-работнiка ад селя­нi­на-гандляра, селянiна-працаўнiка ад селянiна-спекулянта. У гэ­тым размежаваннi ўся сутнасць сацыялiзму” [336, с. 271]. Улады розных узроўняў прыстасоўвалi гэтую думку да мяс­цовых умоў згодна сваiх разумовых здольнасцей. Асаблiва актыўна гэтая iдэя пачала распрацоўвацца пасля ХIV з’езда ВКП(б), аб чым сведчаць рашэннi пашыранага пленума ЦК КП(б)Б (студзень 1926 г.). У партыйных дакументах канста­та­валася: “Класавыя адносiны вельмi стракатыя, патрабуюць асобага падыходу да мясцовых умоў. Не дапускаць зблытван­ня серадняка з кулаком, асаблiва ў пытаннях абрэзкi зямлi, у льготах культурным гаспадаркам, у пытаннях выбарчых правоў” [22, 7, л. 799].

Менавiта тэорыя класавай дыферэнцыяцыі вёскi, а потым абвастрэння класавай барацьбы ў ёй сталi тым iдэалагiчным мiфам, на стварэнне якога былi кiнуты лепшыя партыйныя, савецкiя i культурныя сiлы. Гэта вяло прамым шляхам да калектывiзацыі i яе негатыўных праяў як у эканомiцы, так i ў палiтыцы. Першапачаткова носьбiтам самых перадавых i гуманных iдэй быў прызнаны пралетарыят, саюзнiкам яго ў вёсцы аб’яўлялася бяднейшае сялянства. Пачынаючы з сярэдзiны 20-х гг. уся палiтыка партыі была скiравана на яго падтрымку. Прычым падтрымка iшла па ўсiх лiнiях: зямель­най, падатковай, крэдытнай, адукацыйнай, палiтычнай i iнш. Таму не трэба здзiўляцца “вялiкай долi недаверу”, з якой вёска сустрэла чарговы лозунг партыi: “Тварам да вёскi!” [22, 7, л. 800].

Падстаў да такога настрою iснавала дастаткова, i адна з iх – рашэнне пленума ЦК РКП(б) у снежнi 1925 г. аб стварэннi груп беднаты. Мабыць, улiчваючы антыкамбедаўскi настрой сярод сялянства яшчэ з часоў Грамадзянскай вайны, падкрэ­слiвалася “немагчымасць звароту да камбедаў”. І ў той жа час канстатавалася: “Групы беднаты павiнны стаць надзейнай апорай пралетарскай палiтыкi ў яе барацьбе за аб’яднанне сераднякоў вакол пралетарыяту” [290, с. 413]. Нам падаец­ца, што рашэнне аб стварэннi груп беднаты з’явiлася не выпадкова, бо “камбедаўскiя настроi на вёсцы прысутнiчалi досыць яўна”, i партыя вырашыла выкарыстаць iх. Групы беднаты працавалi пры сельскiх Саветах, камiтэтах сялянскай узаемадапамогi, кааператывах, яны вызначалi памеры падат­ку, размяркоўвалi крэдыты i г.д. Як паведамлялася ў адной са справаздач Саюза сельскагаспадарчых рабочых, “назiраецца ўзаемадзеянне ў распрацоўцы прымет кулацкiх гаспадарак” [47, 113, л. 1].

Згодна з афiцыйна прапагандуемымi рашэннямi вясковая бедната аказалася самай прывiлеяванай праслойкай у вёсцы. Яе надзялялi зямлёй i праводзiлi землеўладкаванне, iснавала скiдка ў 30% на продаж будынкаў беднаце. З 1927 г. пачало дзейнiчаць правiла аб бязвыплатнай перадачы бядняцкiм вы­твор­чым кааператыўным аб’яднанням дзяржаўнай маёмасцi на вызначаную суму. 10 мая 1926 г. на падставе рашэння Эка­намiчнай нарады пры СНК БССР за кошт бюджэту ствараўся спецыяльны фонд дапамогi беднаце ў памеры 500 тыс. руб. [34, 23, л. 50]. Як аказалася, дзесятая яго частка засталася нявыкарыстанай, а размеркаваныя сродкi не прынеслi патрэб­нага эфекту. Дзеля таго, каб пазбавiцца негатыўных момантаў, у 1927 г. вырашылi накiроўваць сродкi ў некалькi раёнаў кожнай з акруг, з чым рашуча не згадзiўся наркам земляробства Зм.Ф.Прышчэпаў: “Лiчу такi прынцып ... немэтазгодным. Трэба распаўсюджваць крэдыты па ўсiх раёнах, але так, каб уладкаваць аднаго бедняка i не дзялiць па рублю на кожны нос” [33, 23, л. 15].

У сакавiку 1926 г. паводле рашэння саюзных органаў пры Белсельбанку ствараўся спецыяльны фонд крэдытавання бед­някоў, якi паступова перайшоў да крэдытавання вытворчых кааператываў.

На нашу думку, у падобных рашэннях было некалькi нерацыянальных момантаў. З пункту гледжання чалавечай маралi трэба прызнаць неабходнасць падтрымкi слабейшых, аднак нельга забываць, што яна адбывалася за кошт такiх жа бедных. Калi бедната (да 30% у 1926 г., 40% у 1927 г. усiх гаспадарак) атрымала падатковыя льготы, то ўвесь цяжар падатку быў ускладзены на астатнiх. Безумоўна, гэта не спрыяла ўздыму як асобных сялянскiх двароў, так i сельскай гаспадаркi ў цэлым i не магло не выклiкаць незадавальнення ў вясковым асяроддзi. У сваёй безагляднай палiтыцы падтрымкi беднаты дзяржава прымала самыя непрадуманыя рашэннi. Было, напрыклад, рашэнне аб аказаннi дапамогi беднаце за кошт сродкаў хлебанарыхтоўчых i кааператыўных арганiзацый у лiк будучага ўраджаю. Для тых, хто прымаў такое рашэнне, галоўнае заключалася ў тым, каб пазбегнуць авансавання i закабалення бяднейшай часткi вёскi заможнi­камi. Але калi больш уважлiва прааналiзаваць сiтуацыю, атрымоўвалася, што бедната трапляла ў дзяржаўную кабалу, а на заможных яшчэ больш узмацняўся падатковы цiск.

Нельга пакiнуць па-за ўвагай факт бескантрольнай выдачы дапамогi, што з пункту гледжання эканомiкi было нера­зумным. Дзяржаўныя органы, з аднаго боку, выдзялялi дапамогу беднаце, а з другога, канстатавалi: “Прызнаць, што сродкi, адпускаемыя дзяржавай, а таксама па лiніi кааперацыі i крэдыту ... даволi значныя. Аднак размеркаванне не гарантуе iх пападанне да беднаты i тое, што яны пойдуць на гаспадарку. У некаторых месцах зусiм адсутнiчае ўлiк” [34, 22, л. 428]. Трэба падкрэслiць, што падобная дапамога не магла стаць эфектыўным стымулам уздыму бядняцкiх гаспадарак, а сама бедната не магла стаць моцнай апорай савецкай улады. Яна, за выключэннем былых чырвонаармей­цаў, была настолькi прыгнечана цяжкiм эканамiчным стано­вiш­чам, што не асмельвалася прэтэндаваць на значны ўплыў у грамадскiх справах. Бедната не з’яўлялася аўтарытэтам i для аднавяскоўцаў, якiя зусiм справядлiва асцерагалiся: “Яго выберэш, а калi пракрадзецца, дык што з яго возьмеш. З го­лага, як са святога” [14, 164, л. 414].

Афiцыйная лiнiя на падтрымку бедняка найбольш выразна праявiлася ў падатковай палiтыцы i выклiкала своеасаблiвую, чыста практычную пазiцыю сялянства, якое лiчыла: “Летась аслабанiлi, дык i сёлета аслабаняць” [38, 92, л.2], – таму не спяшалася выконваць падатак. Падчас перавыбараў сельса­ветаў беднякi патрабавалi “павялiчыць падатак на кулакоў за кошт беднаты” [558, с. 321].

Самыя розныя пачуццi i настрой праяўлялiся пры ажыц­цяўленнi дзяржаўнай падатковай палiтыкi, якая не была стабiльнай i лагiчнай. Памяншэнне падатку на 1925/26 гг. выклiкала здзiўленне сярод сялянства, якое спрабавала знай­сцi прычыну гэтай неспадзяванасцi. У некаторых дакументах зафiксавана такое тлумачэнне: “Улада адчула слабасць i давай браць на вуду” [14, 164, л. 414]. Гэта адлюстроўвала сумненнi сялян наконт сiлы савецкай улады, аб якой у iх не паспела сфармiравацца ўяўленне як аб сваёй. У другiх мясцовасцях лiчылi, што памяншэнне падатку “адбылося пад цiскам сялянства, асаблiва ў пагранiчных раёнах” [14, 164, л. 239]. Выклiкала абурэнне прымусовая нарыхтоўка хлеба, многiя вёскi аказвалiся незадаволенымі абкладаннем жывёлы, асаблiва коней, падаткам на сенакос, разрадамi ўраджайнасцi. У адной з вёсак Астрашыцка-Гарадоцкага раёна настаўнiк на сходзе сялян выступiў супраць падатку, даводзячы, што “за падатак рамантуюць сiнагогi” [4, 389, л. 139]. Дзеля вырата­ван­ня ад павелiчэння падатку больш моцныя двары пазбаўлялiся ад жывёлы, што прыводзiла да аслаблення сельскай гаспадаркi ў цэлым.

Страшэнна хвалявала сялянства нелагiчнасць рашэнняў улады. Напрыклад, спачатку дазвалялася ствараць мясцовыя камiсii з сялян для вызначэння колькасцi падатку, а потым прапанаваныя ёю памеры павялiчвалiся ў некалькi разоў. Як паведамлялася ў пiсьме чырвонаармейца, “сяляне гавораць: навошта ж было ствараць мясцовыя камiсii i замазваць вочы сялянам, а проста ўзяў бы райвыканкам ды па сваiм мер­каваннi абклаў падаткам” [40, 146, л. 4]. Да праблемы падат­каў трэба аднесцi i шматлiкiя спагнаннi з сялян у выглядзе пазык, самаабкладання, страхавання. Пазiцыя беднаты, якая вызвалялася ад гэтых павiннасцей, зразумела, а больш моцная частка вёскi была настроена досыць рашуча. На сходзе ў вёсцы Гальцава Коханаўскага раёна заявiлi: “Калi вы, бедната, будзеце галасаваць за самаабкладанне, не дамо нi сена, нi хлеба” [550, с. 146].

Розныя арганiзацыi аказалiся ўцягнутымi ў гэты працэс. Лесанарыхтоўчыя органы, кааперацыя, ваенныя часцi разлiч­валiся з сялянамi аблiгацыямi, такая ж практыка разлiкаў iснавала i па найме. У адным з дакументаў канстатавалася: “З боку заможнай i кулацкай часткi вёскi аблiгацыi набывалiся на нязначныя сумы ў параўнаннi з iх маёмасцю (на 2 р. 50 к. – 5 р.) i толькi з той мэтай, каб стварыць уражанне, што i мы, маўляў, разам з вамi прымаем удзел у мерапрыемствах Савецкай дзяржавы, дапамагаем будаўнiц­тву. Здаралiся выпадкi варожых выступленняў i агiтацыі супраць набыцця аблiгацый з боку кулацкай часткi вёскi. Распускалiся чуткi, што гэта другi падатак, хутка будзе вайна, савецкай уладзе патрэбны грошы” [4, 250а, 87 адв.].

Справаздачы загадчыкаў хат-чытальняў даюць выразнае ўяўленне аб разнастайнасцi балючых праблем вёскi. Яе хвалявалi валакiта i бюракратызм у ляснiцтве, дарагоўля лесу, высокi пай у сельскагаспадарчых таварыствах і інш. Прыметную незадаволенасць сялянства выклiкалi рашэннi судовых органаў, накiраваныя супраць грабежнiкаў, якiм, на думку вяскоўцаў, “цяпер толькi i жыць. Савецкая ўлада не можа нiяк справiцца з гэтым злом, бо i сама сядзiць слаба” [14, 164, л. 359]. Праблема хулiганства суадносiлася з дзеян­нямi ўлады. Напрыклад, выступаючы на з’ездзе дэпутатаў Астрашыцка-Гарадоцкага раёна ў лютым 1927 г., адзiн з сялян сказаў: “Барацьба з хулiганствам вядзецца зусiм слаба. Пiшуць, ездзяць, судзяць, толькi паперу псуюць, а злачынец на другi дзень з’яўляецца” [5, 389, л. 125].

Такая тактыка не задавальняла вяскоўцаў. Яны не адчувалi сiлы савецкiх законаў у дзеяннi. Адсюль браў свой пачатак недавер да iншых мерапрыемстваў улады. З’яўлялася сумненне ў яе прадбачлiвасцi. Таму адзiн з выступоўцаў на раённым з’ездзе Саветаў заявiў: “За мяжу хлеб адпраўляюць, а што за яго атрымлiваюць, невядома. Трэба выручаць за хлеб каровы i машыны. СССР багацейшы за ўвесь свет, ёсць руда, але нiчога ж не робяць; старое нiшчаць, а новага не робяць” [4, 389, л.125]. На наш погляд, гэтае досыць смелае выступленне паказвае ўменне аналiзаваць i жаданне трымац­ца асноўных прынцыпаў, правераных жыццём i сфармуля­ваных у апошнiх словах сялянскага дэлегата. З пункту гледжання традыцыйных, устойлiвых поглядаў, безумоўна, савецкая ўлада рабiла вялiкую памылку, разбураючы старое i не будучы ў стане ствараць больш лепшае новае.

Кааператыўная палiтыка дзяржавы i яе праяўленне на месцах дастаткова моцна турбавалi сялянства i падрывалi веру ў яе здольнасць дапамагчы ва ўздыме гаспадаркi. Як сведчаць дакументы, сяляне выказвалi незадаволенасць высокiм працэнтам крэдытаў, павольным разглядам заяў у крэдытных сельскагаспадарчых кааператывах. Яны выказва­лiся досыць выразна: “Можна здохнуць, пакуль атрымаеш. Патрэбную суму не даюць, а калi ўлiчыць вялiкi пай, то прыходзiцца атрымоўваць вельмi мала” [14, 164, л. 359]. Практычныя вяскоўцы бачылi, што паявыя ўзносы ў каапе­ратывы – гэта выкiнутыя грошы. Атрымаць праз iх патрэб­ныя тавары было фактычна немагчыма. Хаця ў навуковай лiтаратуры ранейшага часу сустракаюцца разважаннi аб вызваленнi беднякоў i сераднякоў, дзякуючы дзяржаўнаму крэдытаванню, ад лiхвярскага крэдыту кулакоў, у сапраўд­насцi так не адбывалася.

Сiстэма крэдыту на вёсцы аказалася настолькi не прыста­саванай да яе ўмоў, што гэта прыводзiла да супрацьлеглых вынiкаў. Крэдытныя таварыствы, каб застрахавацца ад магчымых страт, патрабавалi вопiсу маёмасцi, якая павiнна была перавышаць пазыку. У сувязi з тым, што ў бядняцкiх гаспадарках такой маёмасцi не было, патрабавалася паручы­цельства больш заможнага селянiна. У вынiку бедняку даводзiлася плацiць i таварыству, i паручыцелю, прычым паявы ўзнос i працэнты ад пазыкі налiчвалiся адразу. Тагачасныя даследчыкi адзначалi дрэнную арганiзацыю крэдыту, якая быццам бы “наўмысна кiдае бедняка пад апеку кулака i заможнага селянiна”. Афiцыйна прызнавалася, што крэдыты выдавалiся на гаспадарчыя патрэбы, а на самай справе большасць сялян “выкарыстоўвала крэдыт для выплаты падатку” [76, с. 184]. Пазыка бядняцкiм гаспадаркам устанаўлiвалася ў памеры не больш за 200 руб. пры 4% гадавых [33, 23, л. 2]. Такiм чынам, крэдыт не садзейнiчаў уздыму сялянскай гаспадаркi. Нараканнi земляробаў выклi­калi таксама высокi працэнт i кароткатэрмiновасць яго – ад 3 да 6 месяцаў. Гэта ставiла сялян у крайне цяжкае становiшча, бо вядома, што зварот капiталу ў сельскай гаспадарцы адбываецца досыць павольна.

Акрамя грашовага, iснавала i натуральнае крэдытаванне. У 1924 г. Цэнтральны зямельны склад рэспублiкi адпусцiў у крэдыт насення i сельскагаспадарчых прылад на суму амаль 500 тыс. руб., у 1925 г. – больш чым на 1 млн. Для абсталявання малочных заводаў было выдадзена 10 камплек­таў неабходнага iнвентару [33, 23, л. 130]. Аднак, на наш погляд, разглядаць развiццё крэдытнай сiстэмы ў якасцi прыкладу станоўчых зрухаў няма падстаў (а тым больш лiчыць, як гэта прынята апошнiм часам, што вёска ўвачавiдкi багацела). Такiя вывады грунтуюцца на колькасцi купленых сельскагаспадарчых прылад i iншага без улiку першапа­чатковага матэрыяльна-тэхнiчнага стану вёскi. Нельга, напрыклад, уявiць, цi маглi б, купiўшы ў 1925 г. 70 плугоў i 98 барон на 5749 двароў [8, 362, л. 189], сяляне Бягомльшчы­ны адразу разбагацець. Гэты працэс вельмi доўгi i цяжкi, але ўлады не хацелi i не маглi чакаць, а гiстарычная навука пазнейшых гадоў знайшла доказы прагрэсiруючага развiцця вёскi.

Разглядаючы сацыяльна-псiхалагiчны стан беларускай вёскi, нельга не звярнуць увагу на наступствы падзелу тэрыторыi Беларусi дзяржаўнай мяжой, што садзейнiчала ўзнiкненню “непажаданых настрояў у некаторых вёсках, якiя блiзка сутыкаюцца з польскiмi войскамi. Апошнiя вядуць антысавецкую прапаганду праз польскiх агентаў i кулакоў” [6, 6, л. 10]. На думку аўтараў паведамленняў, “жыхары адносяцца да савецкай улады з недаверам, дапускаюць магчымасць звароту палякаў i асцерагаюцца працаваць на карысць савецкай улады” [50, 12, л. 8]. На наш погляд, справа была не толькi ў антысавецкай агiтацыi. Прадстаўнiкi ўлады сваiмi дзеяннямi ўнеслi значны ўклад у яе дыскрэдытацыю. Вось вытрымка са справаздачы ўпаўнаважанага па барацьбе з бандытызмам у Магiльнянскай воласцi: “...Адносiны да савецкай улады не акрэслены, усе вельмi напалоханы часткова прыходам палякаў, часткова бандытызмам... На камунiстаў глядзяць вельмi блага, як на такiх, якiя ўсё забiраюць i нiчога не пакiдаюць гаспадару, i грошы нi за што не плацяць, а за нязначную ўпартасць садзяць у турму...” [18, 234, л. 15 адв.].

На сацыяльна-псiхалагiчны стан прыгранiчнай вёскi, безу­моўна, уплывалі масавыя пераходы мяжы i частыя выпадкi антыўрадавых дзеянняў. У справаздачы з той жа Магiль­нянскай воласцi канстатавалася: «Дэзерцiраў ёсць вельмi многа, але большасць уцяклi ў Польшчу i знаходзяцца неда­лё­ка ад мяжы пад кiраўнiцтвам графа Чапскага, “начальнiка Стаўбцоў”, як ён сам сябе называе. Згодна з расказамi i дакументамi, ён з’яўляецца самым апантаным працiўнiкам савецкай улады... Ён аб’яднаў многiх нашых дэзерцiраў, праз якiх спрабуе рабiць усялякае зло. Дэзерцiры па начах прыходзяць да сваякоў, распытваюць аб усiм i перадаюць свайму графу» [18, 234, л. 18].

У адносiнах з прыгранiчнымi вёскамi ўжываўся адпраца­ваны метад загаду, якi ствараў уражанне (асаблiва ў справа­здачах з месцаў) аб бурнай дзейнасцi розных упаўнаважаных i адлюстроўваў нежаданне сялянства выконваць iх распара­джэннi. Можна зразумець адмоўную рэакцыю хлебаробаў пры адсутнасцi гарантававага пераходу мяжы на ўказанне “поўнасцю сабраць свой ураджай, нават калi землi застаюцца на польскiм баку” [32, 17, л. 113], або нежаданне вяскоўцаў выбiраць непатрэбныя пасяўныя камiтэты, нягледзячы на “прыняцце адпаведных мер пераканання” [50, 12, л. 8, 14].

Трэба ўлiчыць, што ў некаторых вёсках жылi беларусы каталiцкага веравызнання, якiя лiчылi сябе палякамi i арыен­тавалiся на Польшчу. У вёсцы Корань на Лагойшчыне, згодна са справаздачай хатнiка, “заўважана iмкненне да Польшчы, таму тут праводзiлася актыўная работа па тлумачэннi палi­тычнага i эканамiчнага становiшча Польшчы. Спадзявацца на хуткi паварот усёй масы да Саветаў вельмi цяжка. Насельнiцтва фанатычна каталiцкае, i весцi антырэлiгiйную прапаганду прыходзiцца вельмi асцярожна” [14, 216, л. 47]. Загадчык Заслаўскага народнага Дома паведамляў: “Частка насельнiцтва падтрымлiвае савецкую ўладу, другая (шляхта) свайго настрою не паказвае, але здольная разносiць розныя небылiцы i, безумоўна, не зусiм па-савецку настроена” [14, 164, л. 232]. Любыя дзеяннi ўлады сумежных дзяржаў трак­тавалiся сялянствам адназначна: “Будзе вайна”. Напрыклад, арышты кiраўнiкоў Беларускай сялянска-рабочай грамады i выступленне К.Я.Варашылава з гэтай нагоды садзейнiчалi ўзнiкненню трывожнага настрою i прывялi да масавых закупак газы i солi. Даходзiла да таго, што “сяляне баялiся трымаць камунiстаў на кватэры” [4, 389, л. 139].

У адрозненне ад нездавальняльнага стаўлення значнай часткi сялянства да савецкай улады можна адзначыць у цэлым яго добрыя адносiны да Чырвонай Армii, хаця i тут трэба звяртаць увагу на два моманты. З аднаго боку, вяскоўцы лiчылi, што, прайшоўшы ваенную службу, “можна многаму навучыцца i паразумнець”. Сярод моладзi наогул iснавала думка: “Хто не схадзiў у армiю, той не чалавек” [14, 164, л. 360]. З другога боку, адносiны памiж канкрэтнай вёскай i канкрэтнай вайсковай адзiнкай не заўсёды з’яўлялiся такiмi ўзнёслымi. Сялян абурала, што “чырвонаармейцы самавольна пасвяць коней на сенакосе i нiхто не прымае мер, пагранiчныя атрады не выплачваюць у час грошы за працу на кардонах” i г.д. [6, 38, л.278]. Напружанасць памiж вёскай i ваеннымi праяўлялася ў тым, што сяляне не дапускалi абран­ня чырвонаармейцаў у склад разнастайных таварыстваў, аб’яднанняў [37, 38, 278 адв.].

Вялiкiя страты наносiлiся вёскам падчас ваенных вучэнняў. Ваенныя абяцалi выплачваць кампенсацыю згодна з ацэнкамi спецыяльнай камiсii. Але часцей за ўсё яны прапаноўвалi сялянам працаваць у полi толькi ў канкрэтны час. Вясною 1925 г. негатыўныя пачуццi ўскалыхнулi многiя вёскi Полаччыны. Па рашэннi вышэйшых саюзных i рэспуб­лiканскiх устаноў у раёне было запланавана пабудаваць артылерыйскi палiгон, дзеля чаго падлягалi высяленню некалькi вёсак. Гэтая складаная з розных пунктаў гледжання справа цягнулася шмат месяцаў i закончылася на карысць ваенных, аб чым мы яшчэ будзем гаварыць ніжэй.

Досыць складанае пытанне i аб адносiнах вёскi да мясцовых камунiстаў. Трэба сказаць, што ў вёсцы працавала iх не так i многа, хаця дакладную лiчбу вызначыць цяжка. Напрыклад, М.Е.Шкляр называе лiчбу 2436 сельскiх каму­нiстаў на люты 1924 г. i 5240 на студзень 1926 г. [558, с. 316], а ў дакументах ЦК КП(б)Б на люты 1925 г. падаецца лiчба больш за 2 тыс. сяброў i кандыдатаў партыi на вёсцы [22, 6, л. 51]. Мы мяркуем, што ўсе лiчбы адлюстроўваюць невялi­кую колькасць камунiстаў у параўнаннi з сельскiм насельнiцтвам, паводле перапiсу 1925 г. – 4135 тыс. чалавек. Акрамя гэтага, неабходна адзначыць нiзкi адукацыйны ўзровень сельскiх камунiстаў. Згодна даных М.К.Сакалова, у 1927 г. 90,8% членаў КП(б)Б мелi пачатковую адукацыю [456, с. 172]. Па гэтай прычыне iх уплыў на грамадскае жыццё вёскi i яе сацыяльна-псiхалагiчны стан не мог быць прыметным. Тагачасныя навукоўцы адзначалi: “Усе пытаннi, якiя цяпер хвалююць сялянства, менш за ўсё хвалявалi мясцовыя партыйныя арганiзацыi. Гэта самы слабы бок iх работы [76, с. 186]. ЦК КП(б)Б таксама звяртаў увагу на выпадкi “скажэння лiнii партыі на вёсцы вясковымi камунiстамi, што выяўляецца ў грубейшых палiтычных памылках у падыходзе да сялянства, у бюракратызме, у беззаконнi, ва ўкрываннi злачынстваў, у прамых злачын­ствах” [22, 6, л. 50]. Для паляпшэння работы ў вёску ў пачат­ку 1925 г. было накiравана 398 адказных работнiкаў [558, с. 313], перад якiмi ставiлася задача стварэння актыву вакол партячэек. Аднак, па сведчаннi сучаснiкаў, “прысланыя камунiсты неахвотна прымаюць удзел у рашэннi мясцовых спраў, лiчачы iх дробнымi i нявартымi ўвагi i выступаюць толькi па агульных пытаннях”[76, с.181].

Навукоўцы папярэднiх гадоў удзялiлi дастатковую ўвагу пытанню адносiн памiж горадам i вёскай. Адзначалася, што iснавалi часовыя супярэчнасцi, выклiканыя неэквiвалентнымi цэнамi на тавары прамысловасцi i прадукцыю сельскай гаспадаркi. Праблема “нажнiц цэн” iснавала ўвесь нэпаўскi перыяд, станавiлася то больш, то менш вострай. Восенню 1923 г. цэны на прамысловыя тавары былi максiмальныя, вясною 1926 г. – не намнога ніжэйшыя. “Таварны голад” 1925 г., на думку даследчыкаў гэтай праблемы, “ствараў пагрозу аслаблення эканамiчнай змычкi горада i вёскi” [550, с. 148]. Справядлiвая незадаволенасць вёскi разглядалася толькi з пункту гледжання партыйных органаў на гэтую з’яву i хуткага пераадолення яе негатыўных праяў. Напрыклад, М.Е.Шкляр падкрэслiваў: “У тых абставiнах, якiя склалiся ў вёсцы ў 1924 г., калi стары маральны капiтал, набыты ў сялянскiх масах у перыяд Кастрычнiка i адмены харчразвёр­сткi, стаў змяншацца, Камунiстычная партыя ўзмацнiла барацьбу за далейшае ўмацаванне саюза рабочага класа i сялянства” [558, с. 286]. Заўважым, што аўтарытэтны гiс­то­рык партыі недвухсэнсоўна гаворыць аб складанасцi сiтуацыi ў вёсцы ў канцы 1924 г., якая, дарэчы, выразна праявiлася падчас перавыбараў сельсаветаў, аб чым будзе сказана нiжэй.

Аднак, лiчым, адносiны вёскi i горада патрабуюць больш дакладнага вывучэння i аналiзу, таму што антырабочы настрой у вёсцы праяўляўся досыць выразна i шматгранна. У некаторых дакументах ёсць сведчаннi такога характару: “Часам чуваць словы незадаволенасцi ў адрас горада, маўляў, горад у лепшых умовах, рабочыя лепш жывуць...” [14, 164, л. 359 адв.]. У iншых: “Рабочыя атрымлiваюць добрую пен­сiю i забяспечаны лепш, чым сяляне” [4, 389, л. 125]. Вяскоўцы разглядалi горад як асяродак дабрабыту, якi ўтва­рыўся таму, што яго жыхары не плацяць падаткаў i атрымлi­ваюць вялiкую пенсiю. Адкрыта вылучалiся патрабаваннi: “Браць больш падаткаў з пяра ды з таго, хто пiша, са шчыблетаў, а не з лапцей” [4, 276, л. 85]. Хутка пераадолець антырабочы настрой не дапамагло i шэфства горада над вёс­кай, якое ставiла галоўнай задачай арганiзацыйна-гаспа­дарчую i iдэалагiчную дапамогу апошняй.

Нягледзячы на мноства самых разнастайных лiчбаў у працах гiсторыкаў папярэдняга часу, якiя павiнны характа­рызаваць вялiкiя поспехi шэфскай работы i станоўчую ацэнку яе вынiкаў, нам падаецца, што з улiкам агульнай сацыяльна-псiхалагiчнай сiтуацыі ў вёсцы i матэрыяльнай слабасцi горада няма падстаў прызнаваць значныя дасягненнi шэфскай работы. У дакументах кантралюючых арганiзацый адзначаец­ца, што “выезды шэфаў носяць кампанейскi характар, у iх удзельнiчаюць няздатныя асобы, палова сродкаў трацiцца на выезды. Сяляне толькi ведаюць, што прыехалi шэфы, спынiлiся ў кагосьцi, паелi i ад’ехалi. Нiчога не зроблена для аказання гаспадарчай дапамогi вёсцы, мала зроблена для выяўлення актыву на месцы, аказання арганiзацыйнай дапа­могі” [23, 78, л. 165]. Крытычна ставiлiся да сваёй дзейнасцi i самi шэфы. Напрыклад, у справаздачы Барысаўскай акругi гаварылася: “Чаго ж ездзiць у вёскi рабiць даклады, сялянам гэта надакучыла. Трэба пра школу паклапацiцца, купiць бiб­лiятэку” [23, 78, л. 17]. Выезды шэфаў характарызавалiся “параднасцю, мiтынгоўшчынай, бессiстэмнасцю, бясплана­васцю, спробай падмены вясковых устаноў, пошукамi сама­гон­ных апаратаў, выездамi-пагулянкамi” [23, 78, л. 20].

Па прычыне адзначаных хiбаў спарадычная дзейнасць шэфаў у вёсцы не магла прывесцi да вiдавочных вынiкаў i паступова ператварылася ў чарговую агульнадзяржаўную прапагандысцкую кампанiю, якая мала кранала асноўную частку сельскiх жыхароў.

Невялiкай пашанай у вяскоўцаў карысталiся камiтэты сялянскай узаемадапамогi, якiя ў Беларусi пачалi ўзнiкаць у снежнi 1921 г. i перад якiмi ставiлася задача барацьбы супраць эканамiчнага закабалення беднаты больш заможнай часткай вёскi. Ажыццяўленне гэтай iдэi зноў-такi выявiла супрацьлегласць памiж тэарэтычнымi распрацоўкамi кабiнет­ных творцаў i паўсядзённымi турботамi сялянства. Ды i стваралiся селькамы на аснове мясцовай эканамiчнай падтрымкi, а больш дакладна, за кошт прымусовых узносаў заможных двароў i такой жа працы на карысць бедных, сем’яў чырвонаармейцаў, iнвалiдаў. Трэба думаць, што ў аснову iх дзейнасцi быў пакладзены зразумелы з пункту гледжання маралi прынцып падтрымкi слабейшага, аднак заўважым, што рабілася гэта шляхам непасрэднага дзяржаў­нага ўмяшання ў лёс iншых людзей, iх дабрабыт, матэрыяль­ныя магчымасцi i планы далейшага развiцця. Палiтыка падтрымкi камiтэтаў сялянскай узаемадапамогi працягвала лiнiю на аслабленне, нават разарэнне багатых гаспадарак, выраўноўванне вёскi. На нашу думку, не выпадкова нi ў адным архiўным дакуменце нельга знайсцi станоўчага водгуку пра iх дзейнасць.

Камiтэты атрымалi права назiраць за выкананнем на месцах савецкага заканадаўства i ўзбуджаць судовыя iскi супраць парушальнiкаў. Адразу ўзнiкае асацыяцыя са знакамітымi камбедамi, аднаўлення якiх сялянства баялася, як стыхiйнай навалы. Не разумеючы значэння селькамаў, многiя мясцовыя работнiкi адносiлiся да iх стварэння абыякава i нават варожа. Напрыклад, па гэтай прычыне адбылiся датэрмiновыя перавыбары выканкама ў Iгумене. Вёска таксама ставiлася да iх адмоўна i слушна лiчыла, што “селькамы патрэбныя толькi гультаям, а самаабкладанне ў iх фонд – новы вiд падатку” [481, с. 51]. На І Усебеларускiм з’ездзе камiтэтаў сялянскай узаемадапамогi, якi адбыўся ў сакавiку 1924 г., канстатавалася iх дрэнная работа на ўсёй тэрыторыi рэспублiкi [28, 424, л. 23 адв.]. Такiм чынам, няўдачай закончылася спроба дзяржавы актывiзаваць вяско­вую iнiцыятыву з мэтай падтрымкi бяднейшых гаспадарак: вынiк аказаўся супрацьлеглым чаканаму.

Вышэйшай iнстанцыяй пры вырашэннi ўсiх праблем для сялянства з’яўляліся сельскiя Саветы, якiя ўвасаблялi ў iх вачах савецкую ўладу. На сельсавеце “замыкалася” боль­шасць праблем, ад падзелу аднавяскоўцаў на сацыяльныя групы да размеркавання падаткаў. Як вядома, Камунiстычная партыя надавала сельскiм Саветам важнае значэнне, але пакiдала за сабой права кiравання iмi. Па яе iнiцыятыве пры сельсаветах стваралiся камiсii, у веданнi якiх павiнна было знаходзiцца ўсё вясковае жыццё. З 1925 г. пачынаюць фармi­равацца сельскагаспадарчая, фiнансава-падатковая, мясцовай гаспадаркi і добраўпарадкавання, гандлёва-кааператыўная камiсii [24, 1341, л. 50]. Аднак, на думку аўтара, гэтая iдэя, як i многiя iншыя, аказалася нежыццёвай. Яна ўяўляла сабой усё тыя ж “нажнiцы” памiж тэарэтычнымi распрацоўкамi i рэаль­нымi магчымасцямi. Тагачасная вёска не мела спецыялiстаў, каб стварыць патрэбныя камiсii. А калi яны ўзнiкалi, дык толькi на паперы. Шматлiкiя архiўныя матэрыялы пацвяр­джаюць непрацаздольнасць такiх камiсiй.

Важнай праблемай, безумоўна, з’яўлялiся кадры. Справа не толькi ў нiзкiм агульнаадукацыйным узроўнi, але i ў прывабнасцi сельсавецкай пасады для многiх вяскоўцаў. Нам падаецца, што знаходжанне на ёй давала магчымасць амаль поўнага кантролю над вёскай. Спашлёмся на акт праверкi ад 18 мая 1927 г. Бароўскага сельсавета Заслаўскага раёна, якi знаходзiўся ў сямi вярстах ад Мiнска: «Аўтарытэтам сельса­вет i яго прэзiдыум сярод устаноў i арганiзацый раённага i сельскага значэння, а таксама сярод бяднейшага сялянства не карыстаюцца. Увесь аўтарытэт складаецца са старшынi сельсавета, якога найбольш падтрымлiвае заможная частка насельнiцтва. Калектыўнай працы ў сельсавеце няма, бо старшыня i разумець калектыўнай працы не хоча. Бяднейшае сялянства кажа: “Калi будзеш актыўным i захочаш дапа­магаць у працы сельсавета, то будзеш пазбаўлены права голасу...” Старшыня не прызнае i не хоча выконваць дырэк­тыў партыi i Савецкай улады» [4, 404, л. 26]. Трэба думаць, што не намнога лепшая сiтуацыя iснавала ў iншых раёнах Беларусi. Не выпадкова сяляне выказвалi незадаволенасць адсутнасцю з боку сельсаветаў увагi да савецкай законнасцi, жадання арганiзаваць работу так, каб кожны мог атрымаць дакладны адказ, бо “законы ляжаць на палiцах не разрэзаныя, а хулiганства квiтнее” [25, 543, л. 298]. Па сведчаннi пракурорскiх органаў, “кiруючы склад сельсаветаў зусiм не вывучае iснуючых законаў, не ведае Палажэння аб сель­савеце” [55, 437, л. 23].

Трэба думаць, што становiшча i пазiцыя сельсаветаў як самых масавых органаў савецкай улады ў многiм вызначалi стан сельскай гаспадаркi. Спашлёмся на паведамленне з таго ж Бароўскага сельсавета: “Развiццё сельскай гаспадаркi iдзе кепска. Агранамiчнай дапамогi сельсавет не атрымлiвае, i аграном у сельсавеце нiколi не бывае. Ветэрынарнай дапа­мо­гi таксама не бывае. Няма нiякiх кааператыўных аб’яднанняў. Выкананне сельскагаспадарчага падатку i страхоўкi слабае, на 77,4%. Неплацельшчыкi ў большасцi – заможныя сяляне. Праца камiтэтаў сялянскай узаемадапамогi вельмi дрэнная, дапамогi бедным, iнвалiдам не аказваецца” [4, 404, л. 26]. Яшчэ адзiн прыклад, таксама з прыгараднага сельсавета, Прылепскага: “Сельсавет не ведае аб становiшчы мелiяра­цый­ных таварыстваў, камуна ўвесь час знаходзiцца ў вельмi дрэнным стане, i, нягледзячы на гэта, сельсавет нiколi не пацiкавiўся яе становiшчам, сельгаставарыства мае млын, якi працуе дзень i ноч, а прыбытку няма” [8, 346, л. 28, 29].

Усё сказанае вышэй, на думку аўтара, дазваляе прызнаць, што большасць сельскiх Саветаў не зусiм адпавядала ўскла­дзеным на iх задачам. Каб падняць ролю вясковых Саветаў, актывiзаваць iх дзейнасць, ператварыць у апору сваёй палiты­кi, дзяржава надавала вялiкае значэнне перавыбарам сельса­ве­таў. Аб гэтым сведчаць усебаковая падрыхтоўка да перавы­барных кампанiй i далейшы скрупулёзны аналiз вынiкаў з вызначэннем канкрэтных мер па пераадоленнi негатыўных з’яў. Вiдавочна, што падчас выбараў адбывалася фармiра­ванне дзвюх супрацьлеглых сiл: з аднаго боку, улада i яе прыхiльнiкi, з другога – больш-менш эканамiчна незалежная частка вёскi. Першыя дзейнiчалi па адпрацаванай методыцы: арганiзоўвалi мiтынгi, сходы, праводзiлi агiтацыю праз установы палiтасветы, другiя iмкнулiся захаваць дэпутацкiя месцы за сабою разнастайнымi сродкамi. Звернемся да дакументаў, напрыклад паведамлення са Слуцкай акругi: “Ку­лацтва ўсямерна праводзiла вярбоўкi беднаты i серадняц­тва шляхам склiкання сямейных нарад, на якiх рабiлiся папойкi, збiралiся розныя матэрыялы, якiя кампраметавалi кандыдатаў камунiстычных ячэек, адпускалiся на час пера­выбараў бясплатна самагонныя апараты для беднаты i серад­някоў, i на выбарчыя сходы прыводзiлi ўсё сваё сямейства, якое мела права выбiраць” [5, 2, л. 92].

Трэба адзначыць, што складанасць перадвыбарнай сiтуа­цыi знайшла адбiтак у партыйных дакументах, якiя адлю­строў­ваюць недавер сялянства да выбараў: “Усё роўна выберуць, каго хочуць” [22, 5, л. 201]. Больш дакладная карцiна складваецца пры знаёмстве з дакументамi мясцовых органаў. Праўда, усе негатыўныя факты тлумачацца толькi праз дзеяннi галоўнага класавага ворага – кулацтва. З аднаго боку, канстатавалася, што многiя сяляне не прынялi ўдзелу ў перадвыбарнай кампанii, гаворачы: “А чаго я пайду? Гэтыя сходы толькi здароўе псуюць”, – з другога, што кулакi рых­тавалiся выступіць на перавыбарах арганiзавана i правесцi сваiх у склад сельсаветаў, але бедната дала iм адпор, кажучы: “Цяпер мы ведаем, хто наш вораг, вось дзе нашы крывапiйцы, а мы часта папракалi ўладу” [8, 92, л. 2].

Нельга не заўважыць таго, што вынiкi галасавання адлю­строўвалi сацыяльна-псiхалагiчны настрой вёскi, успрыманне ёю дзяржаўнай эканамiчнай палiтыкi. Галоўнае заключалася не ў класавым падзеле вёскi, а ў псiхалогii сялян: нельга пакiдаць па-за ўвагай iх незадаволенасць нядбайнасцю, без­гас­падарчасцю, некампетэнтнасцю мясцовага кiраўнiцтва, чыста тэарэтычнымi заклiкамi i нiчым не падмацаванымi абяцаннямi i нерэальнымi праектамi. Менавiта гэтыя акалiч­насцi прывялi да “галасавання нагамi”, асаблiва ў час перавы­бараў сельсаветаў восенню 1924 г. Заўважым, што гэта адбы­лося пасля рашэнняў ХIII з’езда партыi аб паляпшэннi працы на вёсцы i лiстападаўскага пленума ЦК КП(б)Б з яго заклiкам: “Тварам да вёскi!”.

Зразумела, для ўлады вынiкi перавыбараў сельскiх Саветаў восенню 1924 г. аказалiся неспадзяванымi i несуцяшальнымi. Па даных Наркамата ўнутраных спраў, восенню 1924 г. у працэдуры выбараў прынялi ўдзел: у Слуцкай акрузе – ад 13,8% да 21,7% насельнiцтва, у Полацкай – ад 8% да 100%, у Вiцебскай – ад 7,2% да 46,1%, у Калiнiнскай – ад 14,7% да 78,7%, па рэспублiцы ў сярэднiм удзельнiчалi ад 30% да 35% сельскiх жыхароў [28, 429, л. 1, 8, 9]. Толькi ў адным Сiтнян­скiм сельсавеце Полацкай акругi на выбарчы ўчастак з’явiлi­ся ўсе жыхары, бо сярод iх распусцiлi чуткi, што “за няяўку – штраф 3 рублi, таму збор быў поўны” [26, 1590, л. 113]. У да­дзеным выпадку спрацаваў досыць арыгiнальны метад агiтацыі, у другiх месцах так зрабiць не здагадалiся.

Трэба думаць, вынiкi выбараў не задаволiлi кiруючыя iн­стан­цыi, хаця, згодна з аналiзам, праведзеным на студзень­скiм (1925) пленуме ЦК КП(б)Б, “працэнт камунiстаў, абраных у сельсаветы, узрос, выразна праявiўся значны ўплыў дэмабiлiзаваных чырвонаармейцаў, якiя склалi 51,2% усiх сяброў сельсаветаў” [22, 5, л. 201]. Пленум вырашыў, спасылаючыся на “незадаволенасць асноўнай масы беднякоў i сераднякоў вынiкамi”, вясною 1925 г. правесцi перавыбары больш чым у 55% сельсаветаў [558, с. 320]. На гэты раз былi ўлiчаны некаторыя памылкi папярэдняй кампанii, праведзена больш дэталёвая арганiзацыйная i iдэалагiчная работа, i вынiк атрымаўся трохi лепшы: у выбарах прынялi ўдзел каля 42,5% выбаршчыкаў [365, с. 40].

У перавыбарнай кампанii 1925/26 г. удзельнiчалi каля 43,3%, у 1926/27 г. – 44,4%, колькасць абраных камунiстаў i камсамольцаў склала 21,4% [22, 20, ч. ІІ, л. 603]. Аднак, на думку аўтара, гэта не дае падстаў лiчыць, што “Кампартыя Беларусi заваёўвала сярод працоўных сялян усё большы давер” [558, с. 321]. Пасля аналiзу вынiкаў выбарчых кам­панiй за некалькi гадоў, праведзенага Шацкiм валвыканкамам у студзенi 1927 г., было запiсана: “Калi ў мiнулыя гады насельнiцтва глядзела, каб выбраць добрага старшыню сельсавета, дык у гэтым годзе яно на гэта не глядзела, а толькi старалася абраць працаздольных, актыўных, гаспадар­лівых сяброў сельсаветаў, каб мець у вёсцы гаспадара” [4, 332, л. 55]. І яшчэ адна, досыць цiкавая заўвага ў тым жа дакуменце: “Без спрэчак, арганiзавана выбiралi ў Савет рэкамендуемых ячэйкамi Кампартыі, камсамола i беднатой сяброў сельсавета” [4, 332, л. 55]. Як бачна, дзяржаўная сiстэма перамагла, сялянства прыняло навязаныя яму правiлы i падтрымала рэкамендаваныя зверху кандыдатуры.

У сувязi з вышэйсказаным неабходна заўважыць, што спроба далучэння сялянства да грамадскага жыцця не выклiкала масавага энтузiязму. Прычына, на наш погляд, у тым, што прапагандысцкiя кампанii i рэальная дзяржаўная палiтыка не адпавядалi патрэбам, настроям большасцi вяскоўцаў. За гады савецкай улады вёска не заўважыла станоўчых зрухаў у адносiнах да яе праблем. Наадварот, яна аказалася фактычна падманутай у сваiх эканамiчных i сацыяльных спадзяваннях i ў адказ прадэманстравала адмоўнае стаўленне да афiцыйнай лiнii. Працэс адаптацыi вёскi да сацыяльна-эканамiчнай палiтыкi дзяржавы аказаўся незавершаным.

Безумоўна, нельга не прызнаць, што ў той жа час у вясковым асяроддзi фармiравалася праслойка, якая актыўна падтрымлiвала палiтыку савецкай улады, верыла ў яе абяцаннi i ў лепшую будучыню. У першую чаргу гэта былi бяднейшыя сяляне, былыя чырвонаармейцы, моладзь. Мена­вiта на гэтую частку вясковага насельнiцтва апiралася ўлада i, па трапным выразе аднаго з даследчыкаў, бязмерна “песцiла” яе [460, с. 138].