Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

1.2. Праблемы зямельнай рэформы

Стабiлiзацыя фронту i доўгачаканае заканчэнне ваенных дзеянняў абудзiлi ў сялянства новыя надзеi на зямлю, спадзя­ваннi на тое, што ўлады ўрэшце прыступяць да выканання шырокавядомага дэкрэта аб зямлi.

Зямельная рэформа пачалася з выдання Тэзiсаў па аграр­ным пытаннi, прынятых ЦК КПЛiБ 24 мая 1920 г., i Інструк­цыi аб перадачы нацыяналiзаваных зямель былога непрацоў­на­га землекарыстання калектывам i аднаасобнiкам, зацвер­джа­най ЦК партыі 2 чэрвеня 1920 г. У снежнi 1920 г. ІІ Усе­бе­ларускi з’езд Саветаў прыняў Тэзiсы i рэзалюцыю па аграрным пытаннi, якiя аб’яўлялi аб пераходзе зямлi ў дзяр­жаў­ную ўласнасць, аб перадачы яе грамадзянам бясплатна ў бестэрмiновае карыстанне i аб забароне куплi i продажу зям­лi. Гэтае рашэнне моцна знiзiла давер вёскi да новай улады, таму што сяляне даўно выкупiлi свае надзелы. Як вядома, у лiстападзе 1905 г. былi адменены выкупныя плацяжы, i хле­ба­робы законна лiчылi зямлю сваёй уласнасцю. Савецкая дзяр­жава пазбавiла iх магчымасцi распараджацца сваiм ба­гац­цем, а разам з тым i адчування ўласнай годнасцi i ўпэўне­нас­цi, якiя набывае селянiн праз усведамленне сябе гаспа­даром на сваёй зямлi.

З’езд акрэслiў план работы зямельных органаў на зiму 1920/21 г.: улiчыць усе землi непрацоўнага i працоўнага ка­рыс­тан­ня i колькасць працоўнага земляробчага насельнiцтва. Трэба заўважыць, што за час Першай сусветнай i Грамадзян­скай войнаў i рэвалюцыi зямельныя адносiны аказалiся вель­мi заблытанымi. Адсутнiчалi зямельныя дакументы, часткова вывезеныя палякамi, таму вельмi востра адчувалася неабход­насць дакладнага ўлiку. Для выканання такiх маштабных планаў патрабавалiся спецыялiсты, а iх не хапала. У сувязi з гэтым А.Р.Чарвякоў звярнуўся ў НКЗ РСФСР з просьбай тэрмiнова накiраваць спецыялiстаў сельскай гаспадаркi – ура­джэн­цаў Беларусi – у распараджэнне рэспублiканскiх зямель­ных органаў, таму што Савецкая Беларусь “прыступiла да арганiзацыi сельскай гаспадаркi на новых, сацыялiстычных прынцыпах...” [35, 176, л. 4].

Свабодная зямля знаходзiлася ў былых памешчыцкiх маёнтках, i па распараджэннi Мiнскага аддзела земляробства (з 26 жнiўня 1920 г. наркамат) яшчэ ў 1919 г. пачаўся iх улiк. Спачатку яны былi перададзены рабочым камiтэтам маёнт­каў, а потым саўгасам, хаця згодна Дэкрэта аб зямлi “памешчыц­кiя маёнткi, а таксама землi ўдзельныя, манастырскiя, царкоўныя з iх жывым i мёртвым iнвентаром, сядзiбнымi пабудовамi i ўсiмi прыналежнасцямi пераходзяць у распараджэнне валасных зямельных камiтэтаў i павятовых Саветаў сялянскiх дэпутатаў” [371, с. 19].

На тэрыторыі Беларусi iснавалі больш за 500 былых маёнт­каў, якiя мелi каля 500 тыс. дзесяцiн зямлi. Найбольш куль­тур­ныя ператваралiся ў савецкiя гаспадаркi, будучыя “фабры­кi хлеба”, астатнiя перадавалiся ў часовае карыстанне калек­тывам i нават прыватным асобам. У будучым планавалася на 118 тыс. дзесяцiн стварыць 188 народных гаспадарак. Што тычыцца надзялення беззямельных i малазямельных сялян, то спачатку прадугледжвалася прырэзка iм зямлi за кошт замож­ных аднавяскоўцаў. Аднак у 1920 г. было вырашана перадаць “усе маёнткi, акрамя найбольш перспектыўных, у зямельны фонд i менавiта з яго надзяляць зямлёй беднату” [32, 3, л. 78].

Новы перадзел зямлi нечакана аказаўся справай складанай як з матэрыяльна-тэхнiчнага боку, так i з псiхалагiчнага. Для кожнага рэгiёну вызначалася асобная норма зямлi з улiкам яе наяўнасцi i колькасцi жадаючых яе атрымаць, спiсы такiх складалi сельсаветы. Аднак з самага пачатку было вiдаць, што зямлю цяжка, а iншы раз i немагчыма правiльна размер­каваць, таму што надышла вясна, трэба было сеяць, i сяляне захоплiвалi ўчасткi без усякай нормы i парадку. Тым больш, што з’явiўся i заклiк: “Засеяць усё, чаго б гэта нi каштавала”. Нiяк нельга было абмiнуць праблему кадраў. Надзяленне зямлёй пачалося без геафiзiчных планаў мясцовасцi сiламi 22 каморнiкаў, на якiх прыходзiўся адзiн тэадалiт. На канец года колькасць спецыялiстаў усяго толькi падвоiлася, не на многа павялiчылася i колькасць iнструментаў [32, 23, л. 119]. Ужо першыя крокi ў надзяленнi зямлёй паказалi немагчы­масць хуткага вырашэння зямельнай праблемы. Можна кан­ста­та­ваць, што ў 1921 г. фактычна земленадзялення не адбы­ло­ся, таму што зямля размяркоўвалася часова, без дакумен­таў. Многiя не паспелi яе засеяць. Калi ж з гэтых надзелаў пачалi патрабаваць падатак, хлебаробы сталi ад iх адмаў­ляцца.

ІІІ Усебеларускi з’езд Саветаў (снежань 1921 г.) на 1922 г. паставiў перад зямельнымi органамi задачу закончыць раз­мер­каванне амаль паўмiльёна дзесяцiн запаснога фонду i больш за 200 тыс. дзесяцiн саўгасаў i калгасаў. Аднак планы не былi рэалiзаваны зноў жа з-за адсутнасцi кадраў i слабасцi матэрыяльна-тэхнiчнай базы [32, 1235, л. 11, 12, 44; 26, 26, л. 168]. А дапамогi ад дзяржавы чакалi 57,2% ад усёй коль­кас­цi гаспадарак, якiя мелi ад 1/4 да 3/4 дзесяцiны на душу i адносiлiся да бядняцкiх [59, с. 25]. Не быў выкананы план надзялення зямлёй i адмежавання калектыўных гаспадарак i ў 1923 г. У пачатку работ выявiлася значная колькасць няўлiча­най зямлi, i спецыялiстаў стала патрабавацца яшчэ больш.

У 1924–1925 гг. праблема земленадзялення значна абва­стры­лася. Трэба было надзялiць i данадзялiць зямлёю пры­клад­на 260 тыс. гаспадарак, якiя не мелi нават мiнiмальнай нормы. Прычына была не толькi ў невыкананнi распраца­ва­ных планаў, але i ў настроi сялянства, якое напружана назiрала за зямельнай палiтыкай дзяржавы i чакала зямлi. Зямельны голад не толькi не знiк, а наадварот, набiраў сiлу па прычыне росту сельскага насельнiцтва i дзялення гаспадарак. Нельга не звярнуць увагу на некалькi лiчбаў, якiя на першы погляд адлюстроўваюць поспехi надзялення зямлёй у савецкi час, аднак калi больш уважлiва да iх аднесцiся, то iх значэнне аказваецца адваротным. Да 1917 г. сялянам належала каля 42% зямлi (па другiх даных – 47,5%), а ў 1925 г. – 67%, пры­чым у гэтую лiчбу ўключана зямля, якой яшчэ планавалася надзяляць сялянства [10, 362, л. 187].

Да 1924 г. размяркоўвалася ў асноўным зямля былых маёнт­каў, а з-за адсутнасцi неабходных кадраў працэс земле­на­дзялення развiваўся досыць марудна i спантанна. Хаця афiцыйна было прызнана, што фонд гэтых зямель выкары­ста­ны, аднак у некаторых месцах маёнткавыя землi не былi размеркаваны нават у 1925–1926 гг. [10, 2, л. 224]. Сесiя ЦВК БССР у 1923 г. пастанавiла пачаць спецыяльныя работы па адшуканнi запаснога фонду. Наркамат земляробства распра­ца­ваў план яго стварэння ў памеры 500 тыс. дзесяцiн з ляс­ных i дзяржаўных зямель i абрэзкi сялянскiх гаспадарак, пры­чым апошнiя павiнны былi скласцi, па адных даных, 150 тыс. дзесяцiн, па другiх – больш за 200 тыс. [33, 5, л. 35].

Па сваiм уздзеяннi на псiхалагiчны настрой вёскi рашэнне аб абрэзцы мела выключнае значэнне. Яно закранула больш-менш развiтыя гаспадаркi, таму што за iх кошт данадзялялася бядняцкая частка вёскi. Безумоўна, прыняцце падобнага рашэння дыктавалася прынцыпам класавага падыходу, якi абсалютна не адпавядаў эканамiчным iнтарэсам вёскi i самой дзяржавы i абвастрыў унутрывясковую сiтуацыю. Неабходна прызнаць, што ўвядзенне абрэзкi давала падставу лiчыць яе но­вай рэформай сялянскага землекарыстання, на якую савец­кая ўлада не мела нi маральнага, нi юрыдычнага права. У вёс­цы пачынаўся чарговы перадзел зямлi, якую сяляне лiчылi сваёй уласнасцю. Трэба дадаць, што многiя сяляне купiлi зямлю ў гады Першай сусветнай вайны i паслярэвалюцыйнай неразбярыхi i аддаваць яе суседзям не жадалi. Па гэтай прычыне абвастрэнне адносiн памiж рознымi сацыяльнымi групамi вёскi было абсалютна заканамерным. Улада пайшла яшчэ далей i рэкамендавала ў кожным раёне стварыць камiсii па абрэзцы напаўпрацоўных гаспадарак, што садзейнiчала паглыбленню канфлiкту, супрацьпастаўленню розных груп насельнiцтва. Новы Зямельны кодэкс БССР, якi ўводзiўся ў дзеянне з 1 красавiка 1925 г., дазваляў “абрэзку і праверку гаспадарак, што перавышалi норму, праводзiць i па другiх прычынах, а не толькi з мэтай земленадзялення” [407, с. 133].

Рабоце надаваўся тэрмiновы, “баявы характар”, завяршыць яе планавалася праз два гады. Адначасова з прыняццем Зямельнага кодэкса сесiя ЦВК БССР дала дазвол на правя­дзен­не абрэзкi напаўпрацоўных гаспадарак, тым самым справа набыла законны характар. Дзяржава адмовiлася ад размеркавання зямлi па едаках, таму што “чорны перадзел не будзе мець канца”. Замест гэтага прынцыпу ўстанаўлiваліся максiмальная i мiнiмальная нормы, разлiчаныя асобна для кожнага сельскагаспадарчага раёна [32, 1731, л. 13]. За норму абрэзкi ўзялi сярэднеарыфметычнае памiж працоўнай (максi­мальнай) i спажывецкай (мiнiмальнай) нормамi, i атрымалася, што абрэзцы падлягалi гаспадаркi, якiя мелi нямногiм больш за 10 дзесяцiн зямлi i сенажацi. Аднак зямельнага фонду ўсё роўна не хапала, каб забяспечыць усiх малазямельных, i тады было прынята рашэнне аб надзяленнi з разлiку ад сярэдняй нормы. Але i ў гэтым выпадку ненадзеленымi засталiся б больш за 115 тыс. гаспадарак [33, 5, л.35 адв.]. Трэба заўва­жыць, што згодна разлiкаў тагачасных эканамiстаў мiнiмаль­ная эканамiчна рэнтабельная гаспадарка павiнна мець ад 4,6 да 6,35 дзесяцiны зямлi. Ні ў якiм разе не павiнен быў падлягаць драбленню двор памерам ад 9,6 да 13,7 дзесяцiны [156, с. 38].

Неабходна адзначыць, што ў кiруючых колах рэспублiкi, асаблiва ў Наркамаце земляробства, якi ў гэты час узначаль­ваў Зм.Ф.Прышчэпаў, разумелi небяспечнасць сiтуацыi. Рада­выя выканаўцы заклiкалiся “пры вызначэннi межаў у натуры быць беражлiвымi да думкi i жаданняў гаспадаркi, якая падлягае абрэзцы, памятаць, што работа праводзiцца не ў мэтах сацыяльнай помсты, а па прычыне крайняй неабход­насцi знайсцi крынiцу для надзялення беззямельных i малазя­мельных. Пры малалетнiм складзе сям’i i калi трэба абрэзаць 2–3 дзесяцiны, то можна i не абразаць, дзейнiчаць уважлiва i асцярожна” [407, с. 135]. Можна дапусцiць, што непасрэднае дачыненне да зместу дакумента меў наркам земляробства, якi быў працiўнiкам неапраўданага цiску на сялянства.

З дзяржаўным рашэннем сялянства спрабавала змагацца пры дапамозе фiктыўных унутрысямейных раздзелаў, бо зямельная норма разлiчвалася на двор. У сваю чаргу ўлада прыпынiла сямейныя раздзелы, што, на наш погляд, аказа­лася не самым разумным. Штучна стваралася сiтуацыя, калi моцная гаспадарка аслаблялася абрэзкай, а слабая – не магла за кароткi час эфектыўна выкарыстаць атрыманы надзел, i ў вынiку адбывалася пагаршэнне стану вёскi ў цэлым.

Як i ў папярэднiя гады, калi адбывалася размеркаванне маёнткавых зямель, так i ў час правядзення новай рэформы, звязанай з абрэзкай напаўпрацоўных гаспадарак, галоўная роля адводзiлася землямерам. Аднак i пасля трох гадоў зя­мель­ных работ кадраў i спецiнструмента катастрафiчна не хапала, што заведама ставiла пад пагрозу выкананне плана. Спецыяльнай пастановай землямерам забаранялася право­дзiць работы ў прыватным парадку, нават у вольны час. Па­ру­шальнiкам пагражала прыцягненне да крымiнальнай адказ­насцi. Як i ў многiх iншых выпадках, загады не дзейнiчалi хаця б па той прычыне, што каморнiкам зарплаты не плацiлi, i, каб пражыць, яны самавольна адбiвалi межы, некаторыя за грошы здавалi сялянам сенажаць [48, 39, л. 164, 166].

Кiраўнiцтва рэспублiкi разумела складанасць зямельнай праблемы i на той момант займала больш-менш рэалiстыч­ную пазiцыю. Не выпадкова А.Р.Чарвякоў у выступленнi на І Усебеларускiм з’ездзе зямельных работнiкаў (1925) прызна­ваў: “Для рашэння гэтых задач мы вельмi абмежаваны ў сродках. Патрэбна квалiфiкаваная сiла, якая б магла кiраваць гэтай работай, але гэтай сiлы мы налiчваем дзесяць, можа быць, сто чалавек. Пытанне надзялення зямлёй у блiжэйшы час не можа быць вырашана па прычыне адсутнасцi зямель­нага фонду” [32, 1731 л. 118]. З прыведзеных слоў вiдаць, што перспектыва ўяўлялася не надта аптымiстычнай, аднак сiтуацыя характарызавалася праўдзiва.

Безумоўна, новая зямельная рэформа з яе прынцыпам абрэз­кi напаўпрацоўных гаспадарак аказалася самай балючай праблемай вёскi. У некаторых месцах, напрыклад у Вiцеб­скай акрузе, кiраўнiцтва, беручы пад увагу значную коль­касць хутароў, што ўскладняла абрэзку, вырашыла расфармi­раваць некаторыя неперспектыўныя саўгасы. Рэспублiканскiя органы выказалi адмоўную рэакцыю на гэтую iнiцыятыву. Тым не менш зямлю некалькiх саўгасаў перадалi сялянам. Напрыклад, толькi ў адным саўгасе “Пагаевiчы” Чашнiцкага раёна абрэзалi 800 дзесяцiн з 1300, якiя ляжалi дзiрваном, таму што гаспадарка не здолела апрацоўваць столькi зямлi [24, 536, л. 145]. А ў Гаранскiм сельсавеце Магiлёўскай акру­гi, наадварот, большасць зямлi атрымалi ад абрэзкi [24, 543, л. 298].

Ёсць падставы сцвярджаць, што ўзнiклая сiтуацыя турба­ва­ла партыйныя i савецкiя органы. Не выпадкова Бюро ЦК КП(Б) канстатавала, што “многiя работнiкi скажалi лозунг надзялення зямлёй з запаснога фонду на лозунг абрэзкi”. Аднак i ў гэтым выпадку адыграла сваю ролю iдэя аб правя­дзеннi класавай палiтыкi на вёсцы, аб саюзе з серадняком. Партыйнае кiраўнiцтва асцерагалася, што “абрэзка можа за­кра­нуць i серадняцкiя гаспадаркi”. Бюро ЦК прыняло рашэн­не: “Прызнаць абрэзку няправiльнай, яна адлюстроўвае бядняцкiя iлюзii i ўраўнiлаўку. Абрэзку праводзiць толькi там, дзе на гэтым кавалку можна стварыць новую гаспа­дар­ку” [22, 5, л. 293]. Другая частка пастановы, безумоўна, пра­вiль­ная. Аднак паўстае пытанне: цi дайшла пастанова да вёскi? Калi ўлічыць нязначную колькасць вясковых камунiс­таў i актывiстаў, складанасць унутрывясковых адносiн, то адказ можа быць адмоўным. Дарэчы, згодна даных, што прагучалі на Х з’ездзе КП(б)Б (сакавiк 1927 г.), абрэзка шматзямельных гаспадарак дала 141,5 тыс. дзесяцiн. На працягу года змаглi размеркаваць толькi 134 726 дзесяцiн [272, с. 383].

Падводзячы вынiк новай рэформы, спашлёмся на даныя Наркамата земляробства, згодна якiх на канец 1927 г. было выкарыстана трохi болей 1/3 часткi запаснога фонду, надзе­ле­на каля 12 тыс. бядняцкiх гаспадарак i данадзелена каля 55 тыс. двароў [33, 23, л. 213]. Такiм чынам, калi прыняць па­ме­ры гэтага фонду ў межах 650–700 тыс. дзесяцiн [33, 5, л. 35], то напярэдаднi калектывiзацыi працэс надзялення зямлёй аказаўся незавершаным. Гэтую выснову можна аргу­мен­та­ваць данымi з выступлення наркама земляробства Зм.Ф.Прышчэпава на І Усебеларускiм з’ездзе земработнiкаў зiмой 1925 г. Ён адзначыў, што “колькасць малазямельных гаспадарак дасягае 20–25%, яны не забяспечаны нават га­лод­най зямельнай нормай i не могуць весцi нават спажывецкую гаспадарку” [32, 1731, 12]. Спасылаючыся на паказчык коль­кас­цi сялянскiх гаспадарак у 688,6 тыс. [398, с. 101] i вызна­чыў­шы 20% ад гэтай лiчбы, можна заўважыць, што ў 1925 г. зямлю чакалi каля 150 тыс. беззямельных гаспадарак, атрымалi яе за два гады каля 70 тыс., гэта значыць, на палову менш (дадатак, табл. 1.3). Таму, на наш погляд, нельга гаварыць аб завершанасцi земленадзялення, i ёсць усе падста­вы далучыцца да высновы У.М.Мiхнюка аб недастатковым вывучэннi пытанняў, “колькi сялян было надзелена зямлёй, на колькi павялiчылася iх землекарыстанне ў вынiку правядзення аграрнай рэвалюцыi... аб складзе надзеленага зямлёй насельнiцтва...” [385, с. 180–182].

Неабходна ўлiчваць, што бесперапынна нарастаў працэс драблення сялянскiх гаспадарак. Па даных Зм.Ф.Прышчэ­па­ва, на 1925 г. узнiклі 117 тыс. новых гаспадарак [32, 1731, л. 13]. Значыць, колькасць зямлi на сям’ю мела тэндэнцыю да памяншэння, што выклікала неабходнасць данадзялення но­вых гаспадарак. Таму факт знiжэння сярэдняга памеру сялян­скай гаспадаркi ў канцы 1927 г. да ўзроўню 1917 г. [398, с. 101] з’яўляецца заканамерным i пацвярджаецца дакумен­таль­на.

Не меншыя цяжкасцi чакалi савецкую ўладу i пры зем­леўлад­каваннi, якое дзяржаўная зямельная палiтыка не магла iгнараваць. Вядомы беларускi эканамiст А.В.Бонч-Асмалоў­скi, спасылаючыся на здымкi нямецкiх ваенных атрадаў у Магiлёўскай губернi, адзначаў, што толькi 10–20% сялянскiх надзелаў маюць больш-менш прыгодныя межы. Большая частка раскiдана так далёка ад сялiб, так расцягнута, што пры якiм хочаш севазвароце весцi гаспадарку неспадручна. Дзяр­жава прызнавала, што “землеўладкаванне ёсць самая важная i тэрмiновая мера для пад’ёму сельскай гаспадаркi, што толькi пры iм сяляне маюць магчымасць перайсцi да лепшых формаў землекарыстання” [32, 1171, л. 6 адв.].

Аднак, нягледзячы на разнастайныя мерапрыемствы, ста­но­вiшча ў вёсцы не паляпшалася. Наадварот, зямельная рэформа не паспявала за працэсам драблення сялянскiх двароў i справядлiвым жаданнем сялян хутчэй вызначыцца з формай карыстання сваiм надзелам. З месцаў паведамлялi, што “ў некаторых сельскiх Саветах землеўладкаванне не праводзiлася наогул i нават не запланавана на 1926/27 г.” [24, 1341, л. 60]; у другiх яно “пачалося толькi з 1925 г.”, у трэцiх “многа спрэчных спраў i насельнiцтва не можа прыступiць да работы” [24, 521, л. 133]. Сустракалiся выпадкi, калi сяляне заключылi дагаворы на землеўладкаванне яшчэ ў 1923 г., “але i праз тры гады нiчога не зроблена” [24, 872, л. 247, 250]. У некаторых мясцовасцях вяскоўцы самi адмяралi сабе на­дзе­лы на выдзеленых пасёлках, таму што “каморнiка немагчыма дачакацца”. Нягледзячы на тое, што з самавольных надзелаў спаганяўся падатак, будавацца на iх не дазвалялася [39, 223, л. 3]. Дзяржава спадзявалася ўзяць гэты працэс пад кантроль. Спецыяльныя пастановы настойлiва напамiналi, што “земле­ўлад­каванне i далей будзе праводзiцца сiламi каморнiкаў па заяўках сялян i пасля папярэдняй аплаты” [8, 235, л. 21].

Ад пачатку зямельнай рэформы прайшоў ужо не адзін год, а праблема адсутнасцi дастатковай колькасцi кадраў застава­ла­ся. На Мiнскiм акруговым з’ездзе Саветаў у сакавiку 1927 г. канстатавалася, што план землеўладкавання па гэтай прычы­не выкананы толькi на 75%. Загадчык зямельнага аддзела звяртаў увагу на тое, што “для канчатковага землеўладкаван­ня спатрэбяцца яшчэ не менш за 10 гадоў i значная колькасць кадраў” [4, 318, л. 67].

Безумоўна, у Наркамаце земляробства добра разумелi, што гаспадарка, асаблiва маламоцная, не мела перспектывы раз­вiц­ця без правядзення шэрага мерапрыемстваў агратэхнiч­нага характару, у шматлiкiх цыркулярах Наркамат прызнаваў неабходнасць паскоранага землеўладкавання пры “максi­маль­най рацыяналiзацыі гэтых работ” [32, 1834, л. 81]. Аднак на практыцы працэс праходзiў бескантрольна. Цэлы шэраг гаспадарак, якiя атрымалi зямлю, аказалiся пакiнутымi на волю лёсу, i ў вынiку на новых землях “назiралася тое ж самае трохполле, перавозiлiся старыя будынкi, ставiлiся без усялякага плана” [32, 1834, л. 57].

Рашэнне пытання тармазiлася адсутнасцю неабходнай колькасцi спецыялiстаў і сродкаў. У адпаведнасцi з бюджэтам на 1924/25 г. Наркамату выдзялялася больш за 260 тыс. рублёў. З iх 150 тыс. павiнна было пайсцi на землеўладка­ванне бядняцкай і серадняцкай часткi вёскi i на павелiчэнне акладаў аграномам, 30 тыс. – на ветэрынарную службу [33, 5, л. 4 адв.]. Безумоўна, такiя сродкi не маглi дапамагчы ў вырашэннi праблем, у 1925 г. у рэспублiцы працавалi ўсяго 220 аграномаў, кожнаму з iх прыходзiлася абслугоўваць каля 260 населеных пунктаў у радыусе 18–20 вёрст [33, 5, л. 26]. Такiм чынам, факты паказваюць немагчымасць хуткага дасягнення прыметных зрухаў у развiццi сельскай гаспадаркi.

Якасны стан гаспадаркi таксама быў незайздросны. На вёсцы пераважалi слабыя сялянскiя гаспадаркi i трохполле як галоўны метад агратэхнiкi. Па прычыне недасканаласцi тага­час­най статыстыкi i частай змены эканамiчных характарыс­тык амаль немагчыма унiфiкаваць даныя маёмаснага стану сялянскай гаспадаркi. У сярэднiм яны прыкладна выглядалi наступным чынам: дробнапасяўная група з надзелам да 0,9 дзе­сяцiны на едака складала да 45% ад 688,6 тыс. гаспадарак [дадатак, табл. 1.5]. Справаздачы з месца паказваюць да 50% дробных гаспадарак [4, 276, л. 6]. Да гэтай характарыстыкi неабходна дадаць, што амаль 16% гаспадарак не мелi рабочай жывёлы, па другiх даных – да 40% [22, 7, л. 797], 15% не мелi плуга i сахi i інш. У некаторых мясцовасцях, напрыклад на Полаччыне, да 80% гаспадарак працягвалi ўжываць саху i смык [10, 302, л.188]. Многія гаспадаркі наогул не мелі зямлi.

Рэальнае становiшча большасцi сялянскiх гаспадарак было катастрафiчным, аб чым расказваюць многiя дакументы, ся­род iх запiсы, якiя праводзiлi студэнты Пятроўскай сельска­гас­падарчай акадэмii ў час летняй практыкi. З iх бачна, што амаль усе апытаныя скардзiлiся на недахоп грошай i хлеба цi на працягу ўсяго года, цi да часу, калi “боб цвiце”, i сцвяр­джа­лi, што “да вайны хлеба i грошай хапала” [49, 113, л. 2]. Адзiн з практыкантаў прама на афiцыйным бланку напiсаў: “Галеча i беднасць блукаюць па Бачэйкаўскай воласцi. Карова аддаец­ца амаль задарма, выпасу няма, скацiна пасецца ўдзень i ўначы за 3 вярсты ад вёскi. Сенажацi зусiм няма. З дзесяцiны бяруць усяго 30 пудоў” [49, 84, л. 5 адв.].

У пачатку 1924 г. органы Рабоча-сялянскай iнспекцыi правяралi работу 18 сельскiх Саветаў. У вынiковым дакумен­це канстатавалася: “Сельская гаспадарка даследаваных сель­скiх Саветаў знаходзiцца ў стане, якi нiчым не адрознiваецца ад даваеннага. Усюды трохполле, а ў некаторых населеных пунктах нават аднаполле па прычыне дробнасцi надзелаў. Вельмi нiзкая забяспечанасць коньмi” [4, 20, л. 82 адв.].

Якасная характарыстыка сельскай гаспадаркi асобных раё­наў Беларусi не была аднолькавай. Калi ў Мiнскай i Слуцкай акругах прыметным з’яўлялася палепшанае збожжавае земля­роб­ства, то на Мазыршчыне iснавалi гаспадаркi з залежнай сiстэмай, адсутнасцю ўстойлiвага севазвароту. Адначасова ў многiх месцах рэспублiкi развiвалiся як даваенныя, так i створаныя ў 1923–1924 гг. гаспадаркi са шматпольным сева­зва­ротам. Па даных НКЗ, такiх гаспадарак налiчвалася каля 2%, цi прыкладна 13 тыс. [33, 6, л. 5 адв.]. Аднак, як гавары­лася вышэй, дзяржаўная падатковая палiтыка вымушала пераходзiць ад iнтэнсiўнай сістэмы гаспадарання да менш iнтэнсiўнай. У гэтай сiтуацыі найбольш пацярпелi гаспадаркi з развiтой жывёлагадоўляй i вытворчасцю iльну.

Вядома, што аптымальным кiрункам развiцця сельскай гас­па­даркi Беларусi з’яўлялася жывёлагадоўля. Наданне ёй збож­жавага ўхiлу не магло быць выгадным нi па клiматыч­ных, нi па глебавых умовах i садзейнiчала захаванню яе спа­жы­вецкага характару. Старшыня СНК Я.А.Адамовiч афiцый­на засведчыў у адным з выступленняў у 1925 г., што “калi па пасяўной плошчы мы падыходзiм да ўзроўню 1913 г., то ўраджай­насць у параўнаннi з гэтым годам знiзiлася з 45 пу­доў да 30 пудоў з дзесяцiны” [32, 1731, л. 6, 9]. Толькi з 1924 г. заўважаецца некаторая цiкавасць сялян да мiнераль­ных угнаенняў, хаця да вайны праз земскiя склады вёска атрымоўвала iх значную колькасць.

У вынiку бядняцкiя i нават серадняцкiя гаспадаркi не маглi забяспечыць сябе хлебам. Да адзначаных абставiн далучалiся дзяржаўны падатковы цiск, нiзкiя цэны на збожжа i жывёлу. На пачатак 1925 г. недахоп збожжа па Беларусi складаў каля 2 млн. 700 тыс. пудоў. Кiраўнiцтва прызнавала цяжкi харчо­вы стан рэспублiкi i прасiла дапамогi ў Цэнтра. На Вiцебшчы­не крытычная сiтуацыя склалася ў чатырох раёнах, дзе 25–30% i нават больш гаспадарак не маюць хлеба. Улады распарадзiлiся паслаць у гэтыя раёны некалькi тысяч пудоў жыта i ячменю i “прадаваць згодна пасведчання сельскiх Саветаў i сялянскiх камiтэтаў узаемадапамогi” [22, 5, л. 225, 245; 24, 536, л.178, 202]. Не зусiм бясспрэчным з’яўляец­ца агульнапрызнаны факт аднаўлення ў 1925 г. даваеннага ўзроўню пасяўной плошчы. У перспектыўным плане работ па аднаўленнi i развiццi земляробства БССР на 1925–1929 гг., падрыхтаваным у Наркамаце земляробства ў 1924 г., ставiлася задача дасягнуць даваенных памераў пасяўной плошчы i забеспячэння жывёлай толькi ў 1927 г. На 1924 г. прызнавалася асвоеным каля 82% ад узроўню 1913 г. [33, 6, 7 адв., 11].

Значна абвастрылася праблема перанаселенасцi беларускай вёскi. Прырост сельскага насельнiцтва адбываўся вельмi хутка, слабая прамысловасць не магла заняць лiшнiя рабочыя рукi. Не было магчымасцi выкарыстоўваць замежных эмi­гран­таў, ды ўнутраных таксама. Наадварот, пэўная колькасць беспрацоўных з прамысловых цэнтраў Саюза вярнуліся на радзiму. Наяўнасць значнай колькасцi “лiшнiх” людзей спрыяла абвастрэнню сацыяльна-псiхалагiчнай сiтуацыi на вёсцы, да гэтага дачыніліся шырока распаўсюджанае бытавое хулiганства, самагонаварэнне i іншыя негатыўныя з’явы.

Дадатковыя праблемы для кiраўнiцтва рэспублiкi стварала прыгранiчнае становiшча паловы акругоў, таму што стан вёскi ў пагранпаласе заставаўся вельмi складаным. Не было нiякай магчымасцi лiквiдаваць iснуючыя абмежаваннi перамяшчэння ў пагранпаласе. Акрамя гэтага, да 1925 г. сяля­не выконвалi натуральныя павiннасцi на карысць пагранчас­цей i абслугоўвалi iх [22, 9, л. 221]. Немалаважнае значэнне набывала палiтыка польскага ўрада, якая вымушала савецкую ўладу прыглядацца да падатковай i зямельнай рэформаў у суседняй краiне.

Нельга пакiнуць па-за ўвагай умовы жыцця сельскага на­сель­нiцтва, якому пагражалi разнастайныя хваробы, выклi­ка­ныя ваенным лiхалеццем i беднасцю. Старшыня СНК БССР Я.А.Адамовiч у прамове на І Усебеларускiм з’ездзе зямель­ных работнiкаў у 1925 г. сведчыў наступнае: “... Мы жывём яшчэ вельмi бедна, наша вёска не мае электрычнасцi, а мно­гiя хаты асвятляюцца лучынай. Зараз пры нiзкiм культурным развiццi сялянства, пры вялiкай масе непiсьменных селянiн жыве так, што не можа паслаць сваё дзiця ў школу” [32, 1731, л. 6]. На думку Старшынi СНК, вёска ў цэлым бедная, на яе сацыяльную дыферэнцыяцыю ён увагi не звяртае.

Аднак у навуковай лiтаратуры рабіліся шматлiкiя спробы высветлiць сацыяльную дыферэнцыяцыю, цi так званы пра­цэс асераднячвання дакалгаснай вёскi. За аснову бяруцца самыя разнастайныя паказчыкi. У вынiку замацаваўся вывад, адпавядаючы тагачасным iдэалагiчным устаноўкам, аб кан­салi­дацыi i пашырэннi праслойкi сераднякоў за кошт скара­чэн­ня беднякоў i эксплуататарскай групы. Разнастайныя i шматлiкiя паказчыкi, якiмi карысталiся даследчыкi пры вывучэннi праблемы, прааналiзаваў У.М.Мiхнюк. У вынiку ён канстатуе, што навукоўцы пры высвятленні сацыяльнай дыферэнцыяцыi сялянства не выпрацавалi адзiныя падыходы да методыкi даследавання гэтага пытання [386, с. 105–106]. Мы згодныя i з яго заўвагай наконт высновы М.Е.Страль­цова, што “пры Савецкай уладзе зямля ўжо не з’яўлялася прадметам куплi-продажу, а таму згубiла значэнне адной з галоўных прымет пры ўстанаўленнi сацыяльнага тыпу сялянскiх двароў” [386, с. 106; 503, с. 109].

Гэтае заключэнне пацвярджаецца аналiзам стану сялянскай гаспадаркi, зробленым у 1923 г. наркамам харчавання Я.А.Адамайцiсам. На падставе даных Наркамата ён робiць вы­снову, што галоўную частку насельнiцтва вёскi, каля 90%, складаюць бедната i дробныя сераднякi, прычым першых каля 55%, другiх 35%, астатнiх можна аднесцi да кулакоў [58, с. 28]. Наркам карыстаецца рознымi параметрамi: аб’ядноў­вае сялянскiя гаспадаркi па колькасцi ворыва, сенажацi, жывёлы, што дазваляе яму выдзелiць 9 груп гаспадарак. Невялiкiя адступленнi ў розных характарыстыках не пера­шка­джаюць у пацвярджэннi вышэйпрыведзеных лiчбаў. Нар­кам прызнаў, што не iснуе метаду, якi дазволiў бы дакладна дыферэнцыраваць сялянства, тым больш, што ў розных мяс­цо­васцях, у залежнасцi ад агульнага забеспячэння сялян зямлёй i культуры земляробства, метады i прыметы, якiя вызначаюць сацыяльны характар сялянскай гаспадаркi, роз­ныя.

Цiкавыя назiраннi наконт размеркавання сялян па асноў­ных сацыяльных групах зрабiлi беларускiя вучоныя 1920-х гг. Яны прама ўказвалi, што гэты працэс “вытвараецца сельса­ве­там i з iм звязана атрыманне або, наадварот, пазбаўленне некаторых iльгот па лiнii сельгаскааперацыi i крэдыту. Рознi­ца ў атрыманнi гэтых iльгот вызначаецца не абсалютнай лiчбай сельскагаспадарчага падатку, а тым, да якой сацыяль­най групы аднесены селянiн. У вынiку атрымоўваецца, што гаспадарка, абкладзеная падаткам каля 25 рублёў, у адных раёнах належыць да сераднякоў, а ў другiх – да кулакоў” [422, с. 11]. Хутчэй за ўсё недасканаласцю сельсавецкай методыкi падлiкаў, уплывам унутрывясковых адносiн тлума­чыц­ца шырокая разнастайнасць колькасных даных сацыяль­нага складу вёскi. Важнае назiранне пакiнулi тагачасныя навукоўцы ў дачыненнi да якаснай характарыстыкi гаспада­рак, асаблiва так званых кулацкiх, якiя “па тэхнiцы вытвор­часцi нiчым не адрознiвалiся ад астатнiх” [422, с.12]. ЦК КП(б)Б канстатаваў, што “праслойка кулацтва прыметна ў Лёз­нен­скiм раёне Вiцебшчыны, у Слуцкай акрузе, у боль­шасцi астатнiх раёнаў яно раскiдана па адным” [22, 7, л. 797].

Вучоныя-аграрнiкi 1920-х гг., напрыклад А.В.Чаянаў, М.Пе­лехаў, А.В.Бонч-Асмалоўскi, лiчылi, што галоўную ролю ў росце матэрыяльнага дабрабыту сям’i выконвае не зямельная плошча. Памеры апрацаванага надзелу залежаць ад магчымасцей сям’i. Спашлёмся на аўтарытэт А.В.Чаянава, якi даказваў, што “ў сялянскай гаспадарцы пастаяннай вызначальнай велiчынёй з’яўляецца не капiтал (зямля), а наяўнасць рабочай сiлы. Адначасова з ростам сям’i растуць i параметры яе гаспадарчай дзейнасцi, i плошча зямлi, якую сям’я апрацоўвае. Нават часовыя ваганнi ў складзе сям’i адбiваюцца на аб’ёме яе гаспадарчай дзейнасцi” [545, с. 36].

Ва ўмовах Беларусi гэтая акалiчнасць набывала надзвычай важнае значэнне па прычыне значнага памяншэння дарослага мужчынскага насельнiцтва пасля вайны. Не выпадкова мно­гiя гаспадаркi, якiя не мелi дарослых мужчын, былi выму­ша­ны здаваць зямлю ў арэнду. Ускосным пацвярджэннем гэтага факта з’яўляюцца архiўныя даныя аб спагнаннi нядоiмак з сем’яў, якiя мелi дастатковую колькасць зямлi, а не маглi яе апрацоўваць, таму што не хапала рабочых рук. Яшчэ адным доказам прызнання важнасцi такой акалiчнасцi, як рабочая сiла, можна лiчыць рашэнне ўлады не праводзiць абрэзку гаспадарак, што мелi лiшак зямлi i хлопчыкаў-падлеткаў, але не мелi сталага гаспадара. У гэтым выпадку дзяржава бачыла перспектыву i мела рацыю. Аднак нельга абыходзiць i факт наяўнасцi ў беларускай вёсцы значнай колькасцi свабодных рабочых рук. Згодна статыстычных даных, якiя паўтараюцца ў архiўных матэрыялах, у працах многiх даследчыкаў, у калектыўных выданнях i падручнiках i якiя па гэтай прычыне можна лічыць адпаведнымi сапраўднаму стану, у беларускай вёсцы налiчвалася больш за 40% лiшнiх рабочых рук [33, 19, 35 адв.]. Такiм чынам, можна канстатаваць складанасць i неадназначнасць сацыяльных працэсаў, якiя праходзілі ў вёсцы.

Вядома, калi б у сельскай гаспадарцы адбывалася так, што на рост ураджайнасцi, а з ёю на дабрабыт сялян i ўсёй дзяр­жавы ўплываў якi-небудзь адзiн крытэрый, то перспектывы былi б цудоўныя. Аднак зямля патрабуе вельмi вялiкiх фiзiчных намаганняў i матэрыяльных затрат, не выпадкова ў 1921 г. сяляне не змаглi нават засеяць увесь яравы клiн з-за недахопу рабочых рук, насення, коней. У наступныя гады сiтуацыя мянялася вельмi павольна, што выклiкала падзенне даходнасцi сялянскiх гаспадарак у параўнаннi з даваеннымі гадамi, а значыць, i знiжэнне iх таварных магчымасцей i матэрыяльнага стану.

У зямельнай палiтыцы працягваў ужывацца класавы падыход пры рашэнні праблем. СНК БССР у спецыяльнай пастанове ў пачатку 1926 г. прапанаваў зямельным органам у першую чаргу ўлiчваць iнтарэсы маламоцных двароў: вы­дзелiць такую колькасць зямлi, якая б абумовiла стварэнне рэнтабельных гаспадарак; поўнасцю забяспечваць беднату ле­сам i будаўнiчымi матэрыяламi; выдаваць беднаце доўга­тэр­мi­новыя (да 8 гадоў) крэдыты на землеўладкаванне [550, с.132]. Аднак хацелася б звярнуць увагу на тое, што iдэала­гiч­ная ўстаноўка на падтрымку беднякоў на месцах выконва­лася не заўсёды. Вельмi складаным з’яўлялася ўнутрывяс­ковае жьщцё, i нi адзiн, нават самы найлепшы, дакумент не мог улiчыць яго разнастайнасць. Кожная сям’я мела свой, адметны ад суседзяў iнтарэс па любым пытаннi, якое хваля­вала вёску, даводзiлася ўлiчваць i надаваць важнае значэнне адносiнам з сельскiм Саветам i г.д.

Партыйныя i савецкiя дырэктывы не здолелi аслабiць са­цыяльную напружанасць вакол зямельнага пытання. Палiты­ка падтрымкi бедняка на справе яшчэ больш ускладняла сiтуацыю, аб чым сведчаць шматлiкiя скаргi прадстаўнiкоў усiх слаёў у розныя iнстанцыi. Бяднейшая частка спадзява­ла­ся на пераразмеркаванне сродкаў вытворчасцi на сваю ка­рысць, таму i з’яўлялiся пiсьмы, аналагiчныя допiсу ўраджэн­ца Дубровенскага раёна, курсанта адной з ваенных школ, у “Крестьянскую газету” са скаргай на несправядлiвы, на яго думку, падзел лесу мясцовага значэння: «Паўсотнi гектараў лесу яшчэ да рэвалюцыi заможнiкi купiлi ў памешчыка, а ў 1926 г., у час перадачы лесу ўсёй вёсцы, яго зноў-такi захапiлi. Райкам партыi, безумоўна, прыняў бок бяднейшай часткi вёскi i вырашыў перагледзець пытанне, каб “палажыць канец кулацкай дзейнасцi”» [39, 528, л. 5].

Прынцып класавага падыходу ў адносiнах да сялян быў найбольш выгадны для савецкай улады i шырока выкары­стоў­ваўся пры фармiраваннi яе сацыяльнай апоры. Гэта ўносiла дадатковыя складанасцi ў псiхалагiчны настрой вёскi. Апошняе асаблiва вiдавочна, калi прыняць да ўвагi рэзкую змену сацыяльнай палiтыкi: да рэвалюцыi ўсямерна пад­трымлi­валiся заможныя гаспадаркi, пасля – маламоцныя, бядняцкiя. Вядома, што бедната карысталася шматлiкiмi дзяржаўнымi iльготамi, кампенсацыя якiх адбывалася за кошт заможных гаспадарак. Гэтым падрывалася iх эканамiч­ная моц, што, у сваю чаргу, негатыўна адбiвалася i на экана­мiч­ным стане самой дзяржавы. Калi ўзяць лiчбы, якiя часцей за ўсё сустракаюцца ў архiўных матэрыялах i навуковай лiта­ра­туры, то сацыяльны партрэт вёскi сярэдзiны 1920-х гг. мог бы выглядаць наступным чынам: бядняцкiя гаспадаркi – ад 25,7% да 31%; серадняцкiя – ад 64,5% да 65,2%; кулацкiя – ад 4,5% да 9,1%, хаця аўтар схiляецца да высноў Я.А.Ада­май­цiса [дадатак, табл. 1.4].

Пры планаваннi далейшага развiцця сваiх гаспадарак боль­шасць сялян бачылi выйсце перш за ўсё ў выдзяленнi на хута­ры, у развядзеннi тэхнiчных культур i ўжыванні шматполь­ных севазваротаў. З усiх канцоў Беларусi паступалi шматлiкiя заявы аб жаданнi выселiцца на хутар цi водруб. Аднак савец­кая ўлада адразу пачала абмяжоўваць iмкненнi хлебаробаў. 27 лiпеня 1920 г. на пасяджэннi Мiнскага павятовага зямель­на­га аддзела прынята наступнае рашэнне: “Маючы на ўвазе ўпартае iмкненне сялян да пераходу на хутарнае цi водрубнае вядзенне гаспадаркi, лiчыць задавальненне такiх iмкненняў не супярэчным палажэнню аб сацыялiстычным землеўладка­ван­нi пры ўмове, што гэты перадзел павiнен адбывацца пад кiраўнiцтвам аддзела земляробства” [35, 21, л. 1, 2]. На дадзе­ную пастанову аддзел земляробства Мiнскага рэўкама за под­пi­сам У.М.Iгнатоўскага даў тлумачэнне: “Хутарская гаспа­дар­ка не дапушчальная. Водруб пажадана, аднак без абавяз­ко­вага ўраўнення...” [35, 21, л. 3]. Падобная сiтуацыя склала­ся i ў другiх месцах. З Бабруйшчыны ў жнiунi 1920 г. паве­дам­ля­лi: “Жыхары адной з вёсак, спаленай у час баявых дзеян­няў, прасiлi рассялiць iх на хутары. Аднак пасля тлу­ма­чэн­ня каморнiка, што савецкай уладай рэкамендуецца расся­лен­не на пасёлкi, яны пагадзiлiся на такую ўмову” [35, 183, л. 6 адв.]. У некаторых паветах права выхаду на пасёлкi так­са­ма абмяжоўвалася. У Мiнскiм павеце было прынята рашэн­не аб дазволе выхаду на пасёлкi не менш чым 20 сем’ям. А на Мазыршчыне наогул прыпынiлi 7 спраў аб высяленнi на па­сёл­кi па прычыне парушэння iнструкцыi [32, 213, л. 7].

Зямельны кодэкс БССР 1923 г. адмаўляў хутарскую i во­друб­ную гаспадаркi як сiстэму, дапускаючы ў патрэбных па­ме­рах i на прымальных умовах асобныя выпадкi. Найбольш перспектыўным вiдам землеўладкавання лiчылiся пасёлкi [32, 1731, л. 54], якiя павiнны былi стаць асновай для будучай ка­лек­тыўнай формы вядзення гаспадаркi. У 1924 г. органы кан­тро­лю iнфармавалi адпаведныя ўстановы аб “аслабленнi ў не­ка­торых раёнах барацьбы са шкоднай тэндэнцыяй рассялення на хутары” [228, с. 58]. Неабходна заўважыць, што “калi для захавання аднаасобных формаў землекарыстання патрабава­ла­ся пастанова большасцi гаспадарак населенага пункта, то для пераходу да калектыўных формаў такой пастановы не па­тра­бавалася” [175, с. 289]. Падобная палiтыка ў адносiнах да iндывiдуальнай сялянскай гаспадаркi ўлiчвала не эканамiчны iнтарэс i перспектыву, а найперш класавы прынцып, iдэю супрацьстаяння на вёсцы кулакоў i астатняга насельнiцтва. Iгнаравалася магчымасць земляробаў самiм выбраць апты­маль­ныя формы гаспадарання, вызначыць спецыялiзацыю сва­ёй гаспадаркi, наладзiць сувязь з рынкам i iнш. Вёска не атрымлiвала рэальнай дапамогi ў надзяленнi зямлёй, не да­ва­лi­ся крэдыты на закупку сельскагаспадарчых прылад, а ў арганiзацыi аграрнага асветнiцтва пераважалi парады, як i што рабiць. Таму нiчога дзiўнага не было ў тым, што сяляне захоплівалі зямлю адзiн у аднаго, у саўгасах, у ляснiцтве. Зямельныя камiсii, створаныя ў адпаведнасцi з Зямельным кодэксам для рашэння спрэчных пытанняў, на Бабруйшчыне, Мазыршчыне разглядалi амаль 50% спраў аб захопах зямлi, у iншых месцах такiх спраў было каля 15% [157, с. 40].

Для тых вяскоўцаў, якiх надзялiлi зямлёю на пасёлках, усе праблемы толькi пачыналiся, таму што ў першую чаргу атрымоўвалi надзелы малазямельныя цi маладыя сем’i, якiя аддзялялiся ад бацькоў. Патрэбны быў лес, каб пабудаваць цi паднавiць пабудовы, грошы, каб набыць жывёлу i неабходны iнвентар. І пачыналi людзi абiваць парогi ў сельскiх Саветах i зямельных камiсiях, аднак дзяржава лiчыла, што ўмацаванне гаспадаркi павiнна iсцi за яе ўласны кошт. Сялянства шукала выйсце ў самавольных парубках лесу, у спробах паменшыць падатак праз утойванне плошчы ворыва, сенажацi, паведамленне аб павелiчэн­ні колькасцi едакоў. Такiм чынам, працэс выбару фор­маў землекарыстання аказаўся вельмi складаным як з матэ­рыяльна-тэхнiчнага, так i з сацыяльна-псiхалагiчнага боку.

Савецкая ўлада прапанавала новую форму землекары­стан­ня – калектыўную апрацоўку зямлi, хаця можна было ўлiчыць вопыт правядзення сталыпiнскай рэформы, а таксама жаданнi хлебаробаў. Iдэя тэарэтычна пачала распрацоўвацца з 1919 г. У лютым ЦВК зацвердзiў Палажэнне аб сацыялiстычным землеўладкаваннi i аб мерах пераходу да сацыялiстычнага зем­ля­робства. Асноўныя думкi Палажэння знайшлi адлю­стра­ван­не ў рашэннях VІІІ з’езда РКП(б). У iх падкрэслi­вала­ся неабходнасць “арганiзацыi саўгасаў, падтрымкi сельска­гас­падар­чых камун, калектыўных гаспадарак i таварыстваў па апрацоўцы зямлi” [289, с. 86]. Менавiта на шляху штучна­га насаджвання на вёсцы калектыўных формаў арганiзацыi працы бачылася яе сацыялiстычная перспектыва. Такая тэо­рыя магла ўзнiкнуць толькi ў асяроддзi, якое не ведала псiха­ло­гiю земляроба i не надавала ёй належнай увагi. Сярод кiраўнiкоў партыi i дзяржавы нiхто, акрамя У.I.Ленiна, не займаўся вывучэннем асаблiвасцей сацыяльнага развiцця вёс­кi. Таму i магчымы былi падобныя рашэннi, далёкiя ад рэаль­на­га жыцця. Вельмi трапна сказаў вядомы навуковец А.Ц.Кiр­санаў на агранамiчным з’ездзе: “Вялiкая справа – энту­зiязм, але яшчэ лепш, калi ён iдзе пасля арыфметыкi” [32, 1731, л. 34].

У гэты самы час такую прадуманую “арыфметыку” прапа­ноў­ваў вядомы тэарэтык i практык сельскагаспадарчай навукi А.В.Чаянаў. Ён прапагандаваў iдэю сялянскай кааперацыi, якая, па яго разлiках, уяўляла дасканала арганiзаваны ва­рыянт сялянскай гаспадаркi. Вучоны даказваў, што “камуна будзе заўсёды слабей каапераванай гаспадаркi. Па сваёй струк­туры яна вымушана аб’ядноўваць у буйных формах не толькi тыя галiны гаспадаркi, якiя ёй выгадны, але i тыя, у якiх дробная вытворчасць тэхнiчна заўсёды больш даскана­лая... Камуна... будзе прайграваць у параўнаннi з кааперава­нымi сямейнымi гаспадаркамi ва ўнутры гаспадарчым транс­пар­це, у стараннасцi назiрання i догляду за бiялагiчнымi пра­цэ­самi, не маючы ў той жа час нiякiх пераваг у другiх галi­нах... Пераход ад частковай кааперацыi да поўнай камунiза­цыi вытворчасцi з тэхнiчнага боку не можа лiчыцца з’явай прагрэсiўнай” [545, с. 42]. Як вядома, да аргументаваных вы­ва­даў вучонага не прыслухалiся, у краiне расквiтнела “агра­раман­тыка”, пачалi з’яўляцца i ў хуткiм часе распадацца камуны, арцелi, ТАЗы.

Справа з арганiзацыяй калектыўнай працы не ладзiлася i на тэрыторыi Беларусi. Iгнараванне псiхалогii селянiна i жадан­не даказаць магчымасць сумеснай работы гультая i недарэкi з працавiтым селянiнам ужо з самага пачатку былi асуджаны на няўдачу. У гэтай палiтыцы яскрава выявiлiся малакам­пе­тэнт­насць бальшавiцкiх лiдэраў у пытаннях сельскай гаспа­дар­кi i псiхалогii сялянства, iх прага падпарадкаваць законы эканамiчнага развiцця палiтыцы. Пастановы з’ездаў i другiя дакументы яскрава iлюструюць спробу iнтэграцыi прыватнай гаспадаркi з сацыялiзмам, прычым самымi паскоранымi ка­манд­нымi метадамi. Аднак у сувязi з тым, што праблемы землекарыстання адзначанага перыяду ў навуковай лiтарату­ры прааналiзаваны дастаткова падрабязна, не лiчым патрэб­ным паўтараць вядомае.

Малаэфектыўнасць зямельнай палiтыкi яскрава паказвалi дасягненнi сельскай гаспадаркi. Нават даследчыкi савецкага перыяду адзначалi знiжэнне з 1925 г. тэмпаў яе росту, што праяўлялася ў скарачэннi на пачатак 1928 г. у параўнаннi з 1925 г. апрацаванай плошчы на цэлых 25 тыс. га, знiжэннi ўраджай­насцi з 49 пудоў (7,5 ц) да 45 пудоў (7,2 ц), памян­шэн­нi колькасцi жывёлы [дадатак, табл. 1.2]. Сялянская гас­па­дарка заставалася спажывецкай, амаль палова збожжа (42,2%) iшла на асабiстае ўжыванне, 43,2% – на ўнутрыгас­па­дар­чае, таварная частка складала каля 8,6%, амаль на палову меней, чым да вайны [366, с.20]. Нам падаецца, што апошняя лiчба выразна адлюстроўвае ўзровень таварна-грашовых адно­сiн у беларускай вёсцы.

З лютага 1926 г. пачалося абследаванне матэрыяльна-тэх­нiч­нага стану сялянскiх гаспадарак па праграме, выкладзенай на 20 старонках [32, 2248, л. 3]. Вынiкам гэтай працы сталi цiкавыя звесткi аб сапраўднай сiтуацыi на вёсцы, якiя выраз­на характарызавалi ўзровень яе развiцця пасля так званага аднаўлення. У якасцi прыкладу выкарыстаем некаторыя звест­кi з абследавання Уздзенскага раёна ў першай палове 1927 г. Акты складалiся па аднолькавай схеме: колькасць двароў (у нашым выпадку 5510), колькасць ворыва на едака, працаўнiка i гаспадарку (на Уздзеншчыне каля 6,5 дзесяці­ны); форма землекарыстання (цераспалосiца i хутар, каля 20% гаспадарак перайшлi на пасёлкi), колькасць коней, буйной рагатай жывёлы. У нашым прыкладзе звернем увагу на тое, што больш чым з 4,5 тыс. коней толькi каля 30 па­лепшанай пароды, з 9,9 тыс. кароў толькi 45 швiцкай пароды. Не выпадкова i ўраджай заставаўся на даваенным узроўнi. У раёне чатыры кааператыўныя аб’яднаннi, з iх два машынныя, адно садаўнiчае i адно малочнае, чатыры саўгасы, якiя “нiчога паказальнага сабой не ўяўлялi” [4, 404, л. 2, 9 адв.]. Вынiкi абследавання іншых раёнаў, напрыклад Бягомльскага, Чашнiцкага, яшчэ больш засмучаюць [422, с.75– 79]. Нават у найбольш развiтой Мiнскай акрузе “23% ворыўнай зямлi зай­маў папар, i толькi на 1930 г. планавалася павялiчыць плош­чы пад караняплодамi i канюшынай” [4, 318, л. 6, 7 адв.].

Справаздачы з асобных месцаў досыць паказальныя ў сэн­се падтасоўкi фактаў, падачы iх у лепшым выглядзе, чым было на самай справе. Напрыклад, Астрашыцка-Гарадоцкi райвыканкам паведамляў аб павелiчэннi статку пародзiстай жывёлы на 75% (было 40, стала 70), пашырэннi на 1% плош­чы пасеваў кармавых траў i на 5% – караняплодаў (не ўда­клад­няючы першапачатковыя лiчбы) i г.д. Аднак на самай справе ў 1926 г. у раёне назiраўся вялiкi недарод у параўнаннi з 1925 г., “выклiканы позняю вясною, халодным, дажджлiвым летам” [4, 389, л. 12].

У цэлым па рэспублiцы ўраджай 1926 г. аказаўся нiжэй­шым за папярэднi год. Некаторыя крынiцы, напрыклад “Са­вец­кая Беларусь” за 3 кастрычнiка 1926 г., называюць лiчбу знiжэння ўраджайнасцi на 7%. У матэрыялах да справаздачы ЦК КПБ Х з’езду партыi канстатавалася, што дэфiцыт та­вар­на­га хлеба складаў 10,8 млн. пудоў [366, с. 23]. На рынках Бе­ла­русi было нарыхтавана толькi 527 тыс. пудоў хлеба су­праць 2,5 млн. у 1925/26 г., хаця Дзяржплан рэспублiкi праду­гле­джваў нарыхтаваць 7 млн. пудоў [366, с. 23]. Па просьбе кiраўнiцтва Беларусi саюзны Наркамат гандлю за апошнiя месяцы 1926 г. паставiў у рэспублiку больш за 1,3 млн. пудоў пшанiцы i жыта [558, с. 276]. У паведамленнях з месцаў, на­прык­лад з самай багатай Слуцкай акругi, якую называлi нават “Беларускай Украiнай”, канстатавалася “знiжэнне ўраджай­насцi па большасцi культур, акрамя бульбы, у параўнаннi не толькi з даваеннымi гадамi, але i з 1923 годам” [5, 2, л. 4].

Кiраўнiцтва Полацкай акругi адзначала, што “па-раней­ша­му больш чвэрцi гаспадарак не мелi рабочай скацiны, амаль палова карыстаецца яшчэ драўлянымi сохамi, землеўладка­ван­не не завершана, сiстэма землекарыстання крайне заблы­та­на” [32, 2042, л. 16, 21]. Акрамя гэтага, паведамлялася аб “не­дасеве азiмых, недахопе насення, кармоў, невысокiх ура­джаях у 30–40 пудоў з дзесяцiны” [24, 521, л. 293]. Згодна са справаздачай Мазырскай акругi СНК БССР, сельская гаспа­дар­ка “застаецца з прымiтыўнымi сiстэмамi земляробства i мае вельмi малыя ўраджайнасць i малатаварнасць. Першае месца займае двухполка, другое – пералог, потым трохполка” [25, 476, л. 20].

Некаторыя раёны, напрыклад Лёзненскi на Вiцебшчыне, Самахвалавiцкi на Мiншчыне, змаглi захаваць досыць высокi ў параўнаннi з суседзямi ўзровень гаспадарання, якi, трэба пад­крэслiць, мае яшчэ даваенныя каранi, у гэтых мясцовас­цях развiвалася пародная жывёлагадоўля, што патрабавала значных сродкаў, сiл i ўмення. З другога боку, гэта давала падставу ўладам лiчыць адзначаныя раёны заможнымi.

Такiм чынам, трэба прызнаць, што зямельная палiтыка са­вец­кай улады аказалася малаэфектыунай, даволi складана i па­вольна развiваўся працэс земленадзялення i землеўладка­ван­ня. Замест звыклых i пажаданых для сялянства формаў зем­ле­карыстання ў выглядзе хутара, водруба насаджалiся пасёлкi, якiя павiнны былi, на думку кiраўнiцтва, стаць базай пераходу да калектыўнага вядзення гаспадаркi. Адначасова замест першапачатковай каапера­цыi актыўна прапагандава­лiся i насаджалiся калектыўныя формы гаспадарання ў вы­глядзе таварыстваў па сумеснай апрацоўцы зямлi, калгасаў, саўгасаў i камун.

У той жа час кiраўнiцтва рэспублiкi i спецыялiсты зусiм слушна заўважалi, што вёска знаходзiцца перад пачаткам “працяглага працэсу глыбiнных змен у галiне зямельна-гас­па­дар­чых адносiн” [33, 6, л. 7 адв.]. У перспектыўным пяцiгадо­вым плане работ па адраджэннi земляробства, распрацаваным у 1924 г., звярталася ўвага на мерапрыемствы па яго iнтэн­сi­фi­кацыi, якая бачылася не ў фарсiраваннi вытворчай каапе­ра­цыi, а ў “паскораным абароце сялянскага капiталу, павышэн­нi прадукцыйнасцi працы i рацыянальнай арганiзацыi гаспа­дар­кi” [33, 6, л. 8, 9].

* * *

Вышэйсказанае дазваляе прыйсцi да высновы аб склада­насцi сацыяльна-эканамiчных задач, якiя вырашала савецкая ўлада ў 1921–1927 гг. Неабходна прызнаць, што большасць праблем яна атрымала ў спадчыну, да iх трэба аднесцi, перш за ўсё, зямельную з такiмi яе праявамi, як беззямелле i малазямелле, нiзкая агратэхнiчная культура i беднасць боль­шас­цi гаспадарак, вялiкая перанаселенасць вёскi i iнш. Гэта яшчэ больш праявiлася ва ўмовах бесперапынных баявых дзеянняў, якiя прывялi да пагаршэння матэрыяльна-тэхнiчна­га i фiзiчнага стану вёскi i ўсёй краiны.

Савецкая ўлада планавала выйсце з экстрэмальнай эка­на­мiч­най сiтуацыі праз увядзенне новай эканамiчнай палiтыкi, для сялян яна выражалася ў падатковых кампанiях, якiя штогод удасканальвалiся, аднак не сталi стымулам прагрэсу ў сельскай гаспадарцы. Галоўнай мэтай падатковай палi­ты­кi заставалася спагнанне па магчымасцi большых сродкаў з вёскi для матэрыяльнага забеспячэння дзяржаўных планаў у галiне фiнансаў i эканомiкi, дэклараваная свабода гандлю прак­тычна нiяк не праяўлялася. Не атрымалi шырокага рас­паў­сюджвання такiя кiрункi нэпа, як арэнда зямлi i наём ра­бочай сiлы.

Трыяда зямельнай праблемы – земленадзяленне, земле­ўлад­ка­ванне i землекарыстанне – таксама не магла быць вы­ра­шана за кароткi перыяд 1921–1927 гг. Прычыны гэтага ка­ра­нiлiся ў слабай матэрыяльнай i кадравай базе, заблытанасцi i складанасцi зямельнага пытання ў межах кожнай вёскi i на­ват двара. Таму, на наш погляд, няма дастаткова аргумента­ва­ных падстаў лiчыць аграрную рэформу завершанай. На Х з’ездзе КП(б)Б (сакавiк 1927 г.) планавалася закончыць зем­леўладкаванне на працягу 7–8 гадоў [272, с. 382]. ХI з’езд (лiстапад 1927 г.) канстатаваў нiзкую агракультуру гаспада­ран­ня, недастатковасць забеспячэння бяднейшай часткi вёскi сельгасiнвентаром, разыходжанне цэн на сельскагаспадарчыя i прамысловыя вырабы [272, с. 485].

Сённяшнi стан гiстарычнай навукi не дазваляе пагадзiцца з устойлiвымi поглядамi на аднаўленчы працэс толькi як на поспех партыйнай лiнii ў ажыццяўленнi новай эканамiчнай палiтыкi. У iм самым зацiкаўленым бокам з’яўлялася сялян­ства, якому была навязана пасiўная роля выканаўцы кiрую­чых дырэктыў. Нацыяналiзацыя зямлi, падзел земляробаў па класавым прынцыпе i адпаведны падыход да ўсiх праблем вёскi пазбавiлi савецкую ўладу магчымасцi выкарыстаць эка­на­мiчныя законы ва ўздыме сельскай гаспадаркi. Каманда­ван­не вёскай, наданне прыярытэту палiтычным i адмiнiстра­цый­ным сродкам рашэння праблем кінулі сельскую гаспадар­ку ў бесперапынны крызiс. Усе дзяржаўныя рэформы 1921–1927 гг. адбывалiся за кошт сродкаў, спагнаных з сялянства, аднак самастойнасцi ў вырашэннi сваiх праблем i эканамiч­най падтрымкi дзяржавы яны не атрымалi. Замест iх шырока ўжывалiся метады загаду, прымусу, вокрыкi i каманды, якiя не давалi бачных вынiкаў, а толькi нервавалi вёску. Не атрым­лiваючы хуткiх станоўчых дасягненняў ад шматлiкiх спроб палiтычнага рашэння праблем сельскай гаспадаркi, савецкая ўлада перайшла да кардынальнай перабудовы ўсiх бакоў вясковага жьщця. Дзяржаўны эксперымент завяршыўся адабрэннем ХV з’ездам ВКП(б) у снежнi 1927 г. лiнii на вытворчую кааперацыю дробнасялянскай гаспадаркi.