Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
16
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў

М.А.Бяспалая эканамічнае і сацыякультурнае развіццё беларускай вёскі ў гады нэпа (1921–1927)

Мінск 2009

УДК 94(476)

ББК 63.3(4Беи)

Б 99

Рэцэнзенты

А.М.Люты, доктар гістарычных навук, прафесар;

У.І.Навіцкі, доктар гістарычных навук, прафесар

Рэкамендавана да выдання навуковым саветам Бела­рускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў

Бяспалая, М.А.

Б 99 Эканамічнае і сацыякультурнае развіццё бела­рус­кай вёскі ў гады нэпа (1921–1927) / М.А.Бяспалая. – Мн.: Бел. дзярж. ун-т культуры і мастацтваў, 2009. – 325 с.

ISBN 978-985-6798-72-9.

На падставе шматлікіх архіўных дакументаў разглядаюцца праблемы эканамічнага і сацыяльна-культурнага жыцця бе­ла­рус­кай вёскі ў гады нэпа, кірункі дзяржаўнай палітыкі ў 1921–1927 гг. (падатковай, зямельнай, культурнай) і стаў­лен­не сялянства да іх. Раскрываецца сацыяльна-псіхалагічная сітуацыя ў бела­рус­­кай вёсцы вызначанага перыяду.

Разлічана на выкладчыкаў гісторыі, аспірантаў, студэнтаў.

ББК 63.3(4Беи)

I SBN 978-985-6798-72-9 © М.А.Бяспалая, 2009

Уводзіны

Сацыяльна-эканамічны і культурны стан вёскі, безумоўна, аказвае моцны ўплыў на развіццё ўсяго грамадства. Ва ўсе часы і ў розных народаў вёска – гэта складаны сацыяльны арганізм са сваімі праблемамі, многія з якіх існавалі на працягу стагоддзяў. Вёска – гэта і своеасаблівае духоўнае асяроддзе са шматвяковымі сямейна-бытавымі, культурнымі, этычнымі і эстэтычнымі традыцыямі. Спроба ігнараваць значэнне вёскі ў агульнадзяржаўных працэсах не садзейнічае прагрэсу грамадства. Яшчэ ў V ст. да н.э. грэчаскі вучоны Ксенафонт пісаў, што толькі тая краіна квітнее, у якой добра ідуць справы ў сельскай гаспадарцы.

Даследаванні па гісторыі вёскі, у тым ліку фундамен­тальная праца “Гісторыя сялянства Беларусі”, сведчаць аб шматлікіх спробах рэформаў сельскай гаспадаркі на працягу стагоддзяў. У гэтым плане перыяд 1921–1927 гг. дае рэдкую магчымасць даследавання суадносін і суіснавання старога і новага: у эканоміцы – традыцыйнай сялянскай гаспадаркі і дзяржаўнай новай эканамічнай палітыкі; у культуры – шмат­вя­ковай вясковай культуры і афіцыйнага палітычнага асвет­ніц­тва; у палітыцы – пэўнай варыятыўнасці ў падыходзе да рашэння праблем унутранай палітыкі і ўзрастання кіруючай ролі Камуністычнай партыі; у сацыяльным плане – спрадвеч­нага ўкладу жыцця і ўнутрывясковых адносін і новага падзе­лу вёскі па класавым прынцыпе. Адзначаныя ўзаемасувязі даволі выразна адлюстроўваюць працэсы, якія адбываліся ў вёсцы ў вызначаны перыяд.

Неабходна падкрэсліць, што гісторыя беларускай вёскі 1920-х гг. не засталася па-за ўвагай навукоўцаў. Распра­цоўва­ліся фонды былога партархіва пры ЦК КП(б)Б, уводзіліся ў навуковы абарот шматлікія дакументы, пераважна афіцый­ныя, аналіз якіх ствараў ура­жан­не іх выключнага значэння ў развіцці савецкага грамадства. Манаграфіі, дысертацыі, арты­ку­лы фарміравалі аднамернае гістарычнае ўяўленне без адва­рот­най сувязі. У іх народ – аб’ект уздзеяння дзяржаўнай па­літыкі – паўставаў як сялянская ці пралетарская маса, што амаль аднадушна ўхваляла палітыку партыі і ўрада.

За апошняе дзесяцігоддзе пераасэнсаваны многія ста­ро­нкі беларускай гісторыі, у тым ліку і перыяд нэпа. Як і раней, новай эканамічнай палітыцы надаецца зна­чэн­не вырашаль­нага фактару ў развіцці савецкага грамадства 1920-х гг. Разам з тым узгадваюцца некаторыя негатыўныя моманты і ўзні­маюцца дыскусійныя пытанні. Нам падаецца, што дасягненні беларускай гістарыяграфіі і новыя метадалагічныя падыходы дазваляюць удакладніць ролю нэпа ў эканамічным жыцці рэспублікі і канкрэтна вёскі. З мэтай аб’ектыўнага ўяўлення аб месцы нэпа ў развіцці сельскай гаспадаркі патрэбна больш глыбока і дакладна карыстацца працамі вучоных-аграрнікаў 1920–30-х гг., уводзіць у навуковы абарот новыя дакумен­тальныя крыніцы.

Такая ж неабходнасць існуе і ў даследаванні зямельнай па­лі­тыкі дзяр­жавы. На наш погляд, не можа быць прыняты раней­шы пункт гледжання на аграрную праблему і афіцый­ныя спробы яе вырашэння як на адзіна магчымыя. Аўтар пагаджаецца з думкай, што «марксісцкая тэорыя ... упарта арыентавала практыку грамадскага развіцця на ўкараненне сацыялістычнай аднаўкладнасці. У аграрнай палітыцы гэта азначала ліквідацыю не толькі былой буйной таварнай вы­твор­часці, але і дробнай. Замена іх новым, грамадскім. Тым самым былі падведзены “навуковыя асновы пад негатыўную ролю прыватнаўлас­ніцкага гаспадарання” [493, с. 220]. Апош­нім часам з’явіліся цікавыя працы, аўтары якіх аналізуюць пра­блемы развіцця розных відаў кааперацыі. Некаторыя да­след­­чыкі звярнулі ўвагу на адносіны сялянства да планаў вытворчай кааперацыі і прыйшлі да высновы, якой падтрым­ліваецца і аўтар, што для сялянства га­лоўнай каштоўнасцю з’яўляўся зямельны надзел, дзе пажадана выкарыстоўваць “толькі тыя формы гаспадарання, што даказалі сваю перавагу ў рэальным жыцці” [533, с. 182–183]. Таму мы паставілі за­да­чу больш дэталёва прааналізаваць адносіны сялян да дзяр­жаў­най зямельнай палітыкі.

Глыбокага вывучэння патрабуе праблема ўкаранення эка­на­мічнай палітыкі ў вёсцы. Шматлікія архіўныя дакументы дазваляюць досыць пераканаўча адлюстраваць метады ціску, сілавога рашэння, прыніжэння чалавечай годнасці, якімі карысталіся афіцыйныя органы пры выкананні дзяржаўных планаў. Таму, на наш погляд, дзеянні савецкай улады адносна сялянства падчас калектывізацыі не з’яўляліся выпадковымі, яны працягвалі і ўдасканальвалі метады 1920-х гг. з іх ухілам на “насілле і выкарыстанне люмпенізіраванай масы” [493, с. 220]. Нам падаецца, што разгляд сацыяльна-эканамічнай па­лі­тыкі дзяржавы з пазіцыі вяскоўцаў узбагаціць гуманіс­тычны змест даследавання.

Культурнае развіццё вёскі гісторыкамі савецкага перыяду вывучалася па традыцыйнай схеме. У адпаведнасці з ёй падрабязна аналізаваліся партыйная палітыка ў галіне куль­туры і яе ўкараненне ў грамадстве. Сёння без змен засталіся і кірункі, па якіх разглядаецца культурнае жыццё гэтага пе­рыяду: ліквідацыя непісьменнасці, беларусізацыя, тэатраль­нае мастацтва і, у апошнюю чаргу, палітыка-асветніцкая ра­бо­та. Аднак за вялікай колькасцю лічбаў і цытаваных пар­тый­ных дакументаў амаль не заўважаецца складанасць унут­ры­вяс­ковай культурнай сітуацыі. Па-за ўвагай навукоўцаў засталася такая важная праблема, як успрыманне насельніц­твам афіцыйнай культуры. Асаблівае значэнне яна мела для беларускай вёскі. Як вядома, гістарычныя абставіны склаліся так, што вясковае асяроддзе заставалася адзіным творцам, носьбітам і захавальнікам традыцыйнай народнай культуры. Нельга не заўважыць і такую аб’ектыўную акалічнасць, якая характарызуе ўнутраны стан беларускай вёскі, як слабае пранікненне ў яе асяроддзе маладой нацыянальнай культуры. Не хапіла часу і сіл, каб яна змагла замацавацца ў вёсцы. Таму савецкая культура адчувала сябе тут досыць свабодна, што стала адной з умоў яе хуткага распаўсюджвання. Па гэтай прычыне працэсы пашырэння новай культуры, яе суадносіны з вясковай, успрыманне сялянствам павінны стаць важнымі кірункамі аналізу культурнага стану вёскі ў 1921–1927 гг.

У 1920-я гг. у культурным жыцці беларускай вёскі адна­ча­сова існавалі тры плыні: афіцыйна-палітычная, нацыянальна-дэма­кра­тычная і традыцыйна-народная. I калі другая была цесна звязана з трэцяй і вынікала з яе, то прыхільнікі першай, прызнаючы другую, спрабавалі накіраваць яе ў рэчышча пралетарскай па змесце і нацыянальнай па форме. Што тычыцца народнай культуры, то духоўныя традыцыі сялян­ства, якія мелі шматвяковыя карані, самабытныя маральныя, этычныя правілы і нормы, – усё, што надае непаўторнасць і адметнасць кожнаму народу, разглядалася як другароднае ў ідэалагічным плане. Некаторыя праявы традыцыйнай культу­ры атрымалі проста знішчальныя характарыстыкі, асабліва ад камсамольскай моладзі. Напрыклад, свята Купалле вызнача­ла­ся як “нацыяналістычны шабаш контррэвалюцыі”, а Каля­ды – як “свята буржуазна-кулацкай контррэвалюцыі” [417, с. 108].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі новая культура пачала ўкараняцца ў вясковым асяроддзі ў форме культурнай рэва­лю­цыі. Галоўнай яе задачай стала пашырэнне ў масах пар­тый­най ідэалогіі. Пры актыўнай падтрымцы дзяржавы апош­няя пачала цясніць спрадвечную народную культуру. Месца вяліка­дзяржаўнай ідэалагічнай трыяды царызму – права­слаўе, народнасць і самадзяржаўе – занялі новыя савецкія міфы: аб ліквідацыі эксплуатацыі чалавека чалавекам, аб дзяржаве рабочых і сялян, аб выключнай ролі Камуністычнай партыі і інш. У новай прапагандысцкай сістэме і ідэалагічнай праграме нівеліраваліся агульначалавечыя і традыцыйныя маральныя каштоўнасці, якія ствараліся стагоддзямі і на аснове якіх развіваецца нацыянальная культура. Нельга не заўважыць, што палітычнае асветніцтва ўвачавідкі парывала з асветніцкімі традыцыямі славянства, якія грунтаваліся на хрысціянскай філасофіі і маралі і надавалі галоўную каштоў­насць чалавеку незалежна ад яго месца ў грамадстве. У асно­ву дзейнасці палітасветных устаноў быў пакладзены класавы прынцып. Усе падзеі грамадскага жыцця разглядаліся праз прызму класавых інтарэсаў пралетарыяту, у імя дасягнення якіх можна было ахвяраваць народнымі традыцыямі, хрыс­ціян­скімі запаведзямі і нормамі маралі.

Адной з галоўных і першапачатковых задач савецкай ула­ды ў галіне культуры стала распаўсюджванне новай культу­ры як мага шырэй, каб хутчэй далучыць да яе насельніцтва і ператварыць яго ў культурнае ў тым маштабе, у якім была за­ці­каўлена дзяржава. Аднак пачынаць давялося пры адсутнас­ці развітога культурнага асяроддзя, сацыякультурнай сферы, ва ўмовах малапісьменнасці і непісьменнасці і, самае галоў­нае, пры адсутнасці кадраў, здольных выканаць сацыяльны заказ дзяржавы. Бясспрэчна, гэтыя акалічнасці адмоўна адбі­ліся на змесце і рэалізацыі культурных задач, самай важнай з якіх была ліквідацыя агульнай і палітычнай непісьменнасці, і поспехі ў рашэнні апошняй можна лічыць галоўным дасяг­нен­нем савецкай улады ў галіне культуры. Аднак трэба пры­знаць, вясковае насельніцтва ў сваёй большасці не было далучана да здабыткаў сусветнай культуры, да агульначала­вечых каштоўнасцей. Поўны кантроль партыі і дзяржавы над культурай, непамерная яе ідэалагізацыя не садзейнічалі рас­паўсюджанню нацыянальнай культуры і свядомасці сярод сялянства.

Безумоўна, пры вывучэнні праблем культурнага стану вёскі нельга ігнараваць цесную сувязь культуры з грамадскім жыццём, абыходзіць умовы яе сацыяльнага функцыянавання. Узаемадзеянне і ўзаемапранікненне сацыяльнай і культурнай сфер складаюць адну з важных характарыстык стану духоў­нага жыцця грамадства, у нашым выпадку вясковага. Аснову афіцыйнай палітыкі фарміравалі ідэі сацыяльнай роўнасці і справядлівасці, прызнання працоўных самым дастойным кла­сам, негатыўных адносін да буржуазіі і інтэлігенцыі і інш. Яны сталі зместам новай культуры, на аснове якой вялася афіцыйная прапаганда нейкага ідэальнага свету, своеасаблі­вай сацыяльнай утопіі, скіраванай у будучыню. Людзі прыву­ча­ліся да перажыванняў за сусветную рэвалюцыю, за лёс яе змагароў, іх прымушалі да матэрыяльнай падтрымкі шматлі­кіх грамадскіх арганізацый. Такая прапаганда падмяняла спрад­вечныя пачуцці міласэрнасці, суперажывання блізкім людзям, адвучвала ад павагі да бацькоў, сямейных і народ­ных традыцый.

Успрыманне сялянствам дзяржаўнай сацыяльна-эканаміч­най і культурнай палітыкі надзвычай складаная праблема, якая ўсё часцей становіцца аб’ектам навуковага даследаван­ня. Неабходна адысці ад стэрэатыпных уяўленняў, што “змены гістарычных умоў выклікаюць (амаль аўтаматычна) і змены ў сацыяльнай псіхалогіі пэўнай супольнасці” [533, с. 181], і прытрымлівацца мудрасці антычных часоў: “In historia non datur saltus” (гісторыя не ведае скачкоў), таму што гісторыю сёння ствараюць пакаленні, якія сфарміраваліся ўчо­ра, і новай можа быць форма, а змест вызначаецца ўяўлен­нямі гэтых пакаленняў.

Сацыяльна-эканамічнае і культурнае жыццё вёскі беларус­кія гісторыкі даследавалі дастаткова шырока. Аднак галоў­ным аб’ектам з’яўлялася роля Камуністычнай партыі і яе палітыка ў працэсах эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця. Падрабязны гістарыяграфічны агляд навуковых прац па гісторыі беларускага сялянства зрабіў У.М.Міхнюк.

Аднак мы лічым неабходным выказаць свой пункт гле­джан­ня наконт навуковых прац савецкага перыяду, прысвеча­ных беларускай вёсцы 20-х гг. ХХ ст. На наш погляд, шматлікія манаграфіі, дысертацыі і артыкулы аб’ядноўвае адлюстраванне ролі Камуністычнай партыі, камсамола, прафсаюзаў у развіцці асобных старонак вясковага жыцця. Нельга не заўважыць, што пераважная большасць з іх напі­сана на аснове вялікай колькасці дакументальных матэрыя­лаў, выканана на высокім прафесійным узроўні і адпавядала метадалагічным і навуковым патрабаванням свайго часу. Разам з тым навуковыя працы папярэдніх гадоў фарміравалі ўяўленне і ўпэўненасць у галоўнай ролі партыі і яе рашэнняў у развіцці вёскі.

Да фундаментальных работ адзначанага кірунку належаць работы Л.І.Валаховіча, К.К.Гер­ма­на, М.П.Касцюка, Ю.С.Куз­няцова, С.Р.Лагуна, Н.І.Лебедзева, У.І.Мартавіцкага, У.І.На­віц­кага, Я.К.Новіка, А.М.Сарокіна, М.Я.Шкляра і інш. У та­кім жа ключы выконваліся даследаванні па культурнай палі­ты­цы. Сведчаннем гэтага можна лічыць манаграфіі і арты­ку­лы Р.Ц.Гарбуновай, А.В.Маскоўкінай, І.В.Ка­менскай, В.В.Са­ро­кінай, В.В.Сафонавай, П.П.Сілівончыка і інш.

На падставе аналізу навуковай літаратуры савецкага пе­рыя­ду нам падаецца мажлівым вывад аб магчымасці вылу­чэн­ня ў асобную групу навуковых даследаванняў 50–60 гг. ХХ ст., хаця гэта ў асноўным артыкулы. Безумоўна, яны так­сама выкананы з пазіцый марксісцка-ленінскай метадалогіі, аднак асобныя бакі вясковага жыцця разглядаюцца без вы­раз­най партыйнай накіраванасці. Гэта артыкулы С.Ф.Драбязкі, А.І.Сідарэнкі, С.Г.Скапцова, М.Е.Стральцова, В.І.Шаўрука і інш. Акрамя сказанага вышэй, іх вызначаюць цікавая тэма­тыка і багаты факталагічны матэрыял.

У апошняе дзесяцігоддзе пачалі з’яўляцца навуковыя пра­цы, у асноўным артыкулы, у якіх аналізуецца развіццё бела­рускай вёскі без уліку марксісцка-ленінскай метадалогіі, а з выкарыстаннем прынцыпаў гістарызму і аб’ектыўнасці. Ад­ным з даследчыкаў, С.М.Ходзіным, упершыню ў беларускай гістарычнай навуцы была зроблена спроба сацыяльна-псіхалагічнага аналізу настрою вёскі ў адносінах да палітыкі калектывізацыі. З’явіліся цікавыя артыкулы Я.І.Мікулы, М.М.Пархімовіча, А.І.Хоцінай і іншых, у якіх крытычна пе­раасэн­соўваюцца асобныя пытанні дзяржаўнай палітыкі ў вёс­цы. Апошнім часам з’явілася яшчэ шмат работ, прысве­чаных 1920-м гг., але ў асноўным гэта газетныя артыкулы, што аналізуюць праблемы беларусізацыі.

Аўтарам выкарыстаны значная колькасць новых архіўных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага архіва РБ, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці і іншых, артыкулы ў тагачасным друку, а таксама шматлікія навуко­выя даследаванні. Нам падаецца, што сучасныя дасягненні грамадскіх навук і новыя метадалагічныя падыходы ствара­юць мажлівасць пераасэнсавання сацыя­культурнага развіцця вясковага грамадства. У плане навуковага даследавання з новых метадалагічных пазіцый перыяд 1921–1927 гг. дае ба­гатыя магчымасці. Не выкарыстаны да нашага часу шматлікі дакументальны матэрыял з’яўляецца важнейшай базай для навуковага аналізу сацыяльна-эканамічных і культурных працэсаў у беларускай вёсцы.

Аўтар зыходзіць з канцэпцыі, што асноўныя кірункі дзяр­жаўнай сацыяльна-эканамічнай і культурнай палітыкі распра­цоўваліся без дакладнага ўліку галоўных эканамічных патрэб і асаблівасцей унутранага жыцця вёскі і таму аказаліся нясумя­шчальнымі з эканамічнымі запатрабаваннямі і псіха­ла­гічным настроем яе жыхароў. Архіўныя крыніцы сведчаць, што ў новых сацыяльных умовах сяляне з іх жыццёвымі стэрэатыпамі, сфарміраванымі на аснове шматвяковага ўкла­ду, супраціўляліся навязаным зверху пераменам. Схільнасць сельскіх жыхароў да звыклых правіл і нормаў, боязь навізны вялі да стрыманага ўспрымання большасцю з іх савецкай эканамічнай і культурнай палітыкі.

Каб даказаць вызначаную канцэпцыю, неабходна пе­раасэн­саваць устаялыя навуковыя погляды і падыходы да працэсаў, якія развіваліся ў вёсцы 1920-х гг. Таму аўтар спыняе ўвагу на праяўленні новай эканамічнай палітыкі ў вёсцы, асаблівасцях зямельнай рэформы, асноўных кірунках культурнай рэвалюцыі, фарміраванні новай культуры і ўкараненні ідэалагічных міфаў, інфармацыйным забеспячэнні афіцыйнай палітыкі. Акрамя таго, мы палічылі неабходным звярнуць увагу на такія пытанні, як становішча вёскі напя­рэдадні нэпа, культурнае асветніцтва і яго перарастанне ў палітыка-асветніцкую дзейнасць, формы і метады палітасвет­работы. Такім чынам, наша канцэпцыя і яе доказ ствараюць своеасаблівы трохкутнік вывучаемых праблем: эканамічных, сацыяльных, культурных. Іх узаемадзеянне і ўзаемапранік­ненне вызначаюць працэсы, якія адбываліся ў вясковым асяроддзі, яны і сталі прадметам нашага вывучэння.