Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

3. 5. Вёска і савецкая культура

Поспех сацыяльна-эканамiчных пераўтварэнняў у многiм залежаў ад хуткага ўкаранення новай культуры ў сялянскiм асяроддзi. Менавiта сродкамi мастацтва партыя разлiчвала хутчэй данесцi да мас iх сутнасць, выклiкаць масавую падтрымку ствараемых афiцыйнай прапагандай новых сацыялiстычных мiфаў. Успрыманне вёскай новай культуры, суадносiны сялянскай i новай савецкай культуры, на наш погляд, – надзвычай цiкавая i складаная праблема.

У 1920-я гг. актыўна працягваў развiвацца працэс радыкальнай перабудовы духоўнага жыцця грамадства, галоўным зместам якога сталi пашырэнне партыйнай iдэалогii i ўкараненне ў свядомасць народа новых уяўленняў. У гэтай праблемы ёсць некалькi важных аспектаў, i галоўны з iх наступны: цi гатова была вёска да ўспрымання новай iдэалогii i культуры i цi адчувала патрэбу ў iх? Нельга адмаўляць, што ўнутрывясковая сiтуацыя развiвалася ва ўмовах вострага канфлiкту, выклiканага сацыяльна-эканамiч­най i культурнай палiтыкай дзяржавы. Культурная сiтуацыя характарызавалася супрацьстаяннем народнай духоўнай традыцыi i новай савецкай культуры, якая ўкаранялася ў сялянскiм асяроддзi без улiку прынцыпу пераемнасцi, пры адмаўленнi спрадвечных духоўных каштоўнасцей.

Вышэй ужо было сказана аб матэрыяльнай беднасцi беларускай вёскi, нават адзенне i жыллё селянiна адлю­строўвалi яе. Умовы, якiя стварыла савецкая ўлада, аказалiся незразумелымi i нязвыклымi для селянiна. Гэта абумовiла ўзнiкненне пачуцця няўпэўненасцi, якое яшчэ больш абва­стралася ад разумення немагчымасцi дасягнення дабрабыту сваёй сям’i. Пазбаўлення ад такога ўнутранага дыскамфорту сялянства спадзявалася знайсцi ў вопыце i традыцыях папя­рэд­нiх пакаленняў. Адзiнай радасцю заставалiся рэлiгiйныя святы з усiм iх рытуалам i тыя казкi, паданнi, песнi, пры­маўкi, якiя засталiся ад прашчураў i фармiравалi сялянскую ментальнасць з устойлiвымi шматвяковымi вераваннямi i этычнымi нормамi.

Аднак рэвалюцыя прынесла зусiм новыя погляды на навакольны свет i аб’явiла аб магчымасцi яго перабудовы, у якой не прадугледжвалася месца для народнай культуры. Яна характарызавалася як дробнабуржуазная. Замест яе на вёсцы актыўна пачала насаджацца культура перамогшага пралета­рыяту, сацыялiстычная па змесце i нацыянальная па форме. Наколькi рэвалюцыйная тэрмiналогiя, заклiкi аказалiся незра­зумелымi селянiну, занятаму сваёй спрадвечнай працай, досыць выразна паказваюць наступныя, на наш погляд, цiкавыя факты. Яны тычацца настаўнiкаў, самай адукаванай на той час групы сельскiх жыхароў, якiя таксама не маглi разабрацца ў палiтычнай сiтуацыi i iдэалагiчных штампах. Некаторыя ўчынкi настаўнiкаў, напрыклад вывешванне лозунгаў накшталт: “Хай жыве наш правадыр Якуб Колас!”, – сталi аб’ектам крытыкi на Усебеларускай нарадзе агiтацый­на-прапагандысцкiх камiтэтаў у жнiўнi 1927 г. [23, 151, л. 6]. Аб iншых выпадках, як “аб элементарнай палiтычнай непiсьменнасцi”, паведамляў часопiс “Асьвета”. Настаўнiца адной вясковай школы ў дзень 10-годдзя Кастрычнiцкай рэвалюцыi вывесiла ў школе лозунг “Няхай жыве мiжнарод­ная сацыял-дэмакратыя!”. Пры з’яўленнi ў класе iнспектара другая настаўнiца загадала вучням устаць i заспяваць “Адвеку мы спалi, i нас разбудзiлi” [431, с. 16].

Хацелася б звярнуць увагу на той факт, што вёска аказа­лася адзiн на адзiн з новым культурным уплывам. Нацыя­наль­ная iнтэлiгенцыя была нешматлiкай, працэс яе фармi­ра­вання адбываўся досыць складана па прычыне неадназначнай пазiцыi партыйна-дзяржаўнага кiраўнiцтва рэспублiкi. Сярод беларускай iнтэлiгенцыi таксама не iснавала адзiнага пады­ходу да палiтыкi савецкай улады i да шляхоў нацыянальнага адраджэння. Па гэтых прычынах яна не магла ўзначалiць культурныя працэсы на вёсцы, якая апынулася пад уплывам палiтыка-асветнiцкай работы адпаведных устаноў.

Прапагандыстам партыйнай iдэалогii, новай культуры стала моладзь, якая з энтузiязмам падтрымала прывабныя рэвалюцыйныя заклiкi. Спашлёмся на слушную, на наш погляд, заўвагу А.Хоцiнай наконт “маладнякоўцаў”: «Яны ўспрынялi рэвалюцыю як сваё кроўнае, марксiзм-ленiнiзм лiчылi вяршыняй дасканаласцi i, нават не засвоiўшы лепшых дасягненняў сусветнай культуры... шырока размахнулiся: “Мы ўзышлi на беларускiх палях, узараных плугамi Кастрычнiцкай рэвалюцыi, расцём мы ў час пераходу яе да камунiзму. Гэты час характарызуецца сваёй асаблiвай культурай – культурай камунiстычнага грамадства. Мы – маладняк гэтых новых усходаў – i разрастаемся на палях беларускага мастацтва, каб здзейснiць у ім ідэі матэрыялiзму, марксiзму i ленiнiзму”» [536, с. 14]. Таму не трэба здзiўляцца, што, напрыклад, свята Купалле вызначалася як “нацыя­налiстычны шабаш контррэвалюцыі”, а Каляды – як “свята буржуазна-кулацкай контррэвалюцыі” [417, с. 108].

Ва ўсе стагоддзi носьбiтамi асветы i культуры з’яўлялiся самыя адукаваныя i таленавiтыя людзi. Памяць пра iх дзей­насць захавалася да сённяшняга часу i складае адну з самых цiкавых старонак гiсторыi. Аднак рэвалюцыйны энтузiязм выклiкаў да жыцця адметных носьбiтаў культуры, не вельмi адукаваных i нават малапiсьменных, але поўнасцю адданых iдэям рэвалюцыi.

Трэба заўважыць, што сацыяльна-эканамiчная палiтыка партыі раскалола вёску на розныя групы. У той жа час куль­турная рэвалюцыя закранула кожную сям’ю, i падзел адбываўся ўжо на старэйшых i малодшых, бацькоў i дзяцей. Спрадвечны канфлiкт пакаленняў набываў палiтычнае адценне.

Праявай унутрывясковых канфлiктаў, першапрычынай якiх з’яўлялiся сацыяльна-эканамiчныя праблемы, стала дзей­насць селькораў. Рэвалюцыйныя рамантыкi спрабавалi змагацца з контррэвалюцыйнымi, на iх погляд, паводзiнамi асобных гаспадароў друкаваным словам або праз рукапiсныя насценныя газеты. Некаторыя з iх за iдэю заплацiлi жыццём, другiя аказалiся вымушанымi пакiнуць родныя мясцiны. Асобныя канфлiкты селькораў з вяскоўцамi набылi шырокi рэзананс i сталi прадметам абмеркавання ў вышэйшых пар­тыйных iнстанцыях i на судовых працэсах, якiя актыўна асвятлялiся ў друку.

У 1920-я гг. больш за ўсё размоў выклiкаў камсамол. Тут было ўсё новае i незразумелае. Значная колькасць камсамольцаў мела сярэднюю адукацыю, i гэта дазваляла iм займаць аўтарытэтнае месца сярод моладзi. Паказальна, што большасць камсамольцаў паходзiлi з заможных сем’яў. Па словах аднаго з сучаснiкаў, “камсамол стаў праваднiком но­вых ідэй у масу i гушчу сялянскiх сем’яў i па... характары сваёй работы ламае вельмi многае ў старым сялянскiм побы­це. Старшае пакаленне сялянства вельмi туга разбiраецца, да чаго iмкнецца новае пакаленне, аднак яны адчуваюць, што камсамолец ёсць нешта большае i вышэйшае, чым радавы селянiн, i яны пагэтаму не толькi мiрацца з тым, што iх дзецi – камсамольцы, але часта аб гэтым гавораць з гонарам” [76, с. 179]. Старшаму пакаленню прыйшлося мiрыцца з бурнай мiтынговай дзейнасцю моладзi, ператварэннем сваiх хат у чытальнi, з’яўленнем драматычных гурткоў i iншымi прая­вамi юначага максiмалiзму.

З пераходам у 1924 г. да планавай палiтыка-асветнiцкай працы ў вёсцы, цэнтрам якой была вызначана хата-чытальня, адносiны сялянства да яе прыметна не змянiлiся. Хаты-чытальнi, нягледзячы на красамоўныя заклiкi i падрабязную рэгламентацыю працы, усё роўна заставалiся “тапталам мо­ладзi”, па трапным выразе аднаго з кiраўнiкоў. У справа­здачах хатнiкаў вельмi часта сустракаюцца нараканнi на тое, што “сяляне не хочуць iсцi ў чытальню... Яны забiтыя працай i стараюцца адпачыць. Сталаму чалавеку нельга зайсцi ў хату-чытальню, бо там заўсёды непарадкi, якiя падымае моладзь” [10, 78, л. 55 адв.]. Другiя загадчыкi сельскiх палiтасветустаноў больш шчырыя ў сваiх паведамленнях: “Сялянства беднае i само мала цiкавiцца культурнымi справамi... Вынiкаў культурнай працы на вёсцы пакуль што не вiдаць, аб гэтым больш гавораць, чым робяць. Прыйшлося шмат увагi звяртаць на стварэнне грамадскай думкi вакол хаты-чытальнi” [10, 104, л. 25]. З вялiкага мноства дакумен­таў толькi ў адным знайшоўся факт станоўчых адносiн да працы хаты-чытальнi. Сяляне (трэба думаць, моладзь) у вёсцы Суша Клiчаўскага раёна “арганiзавалi суботнiк i далi 160 руб. на паляпшэнне хаты-чытальнi” [23, 136, л.700].

Аналiзуючы шматлiкiя дакументы, можна прызнаць, што аўтарытэт хаты-чытальнi праз тэарэтычныя распрацоўкi, урадавыя пастановы, мясцовыя рэзалюцыi падымалi ўсе зацiкаўленыя ў гэтым iнстанцыi, ад старшынi Галоўпалiт­асвета да старшынi райпалiтасвета. Аднак зацiкавiць усiх жыхароў працай хаты-чытальнi аказалася больш складанай справай, чым прыняць чарговую рэзалюцыю. Калi ўявiць, што ў 1927 г. у сярэднiм адна хата-чытальня абслугоўвала 8–9 тыс. чалавек, а радыус дзеяння некаторых хат-чытальняў ахоплiваў да 40 вёсак, пасёлкаў i хутароў, то каэфiцыент яе карыснага дзеяння нiяк не мог быць высокiм. Спашлёмся на аналiз сiтуацыі, якая сфармiравалася вакол сельскiх палiт­асвет­устаноў, падрыхтаваны Рабоча-сялянскай iнспекцыяй. “Зацiкаўленасць насельнiцтва толькi пачынаецца, – гаворыц­ца ў адным з дакументаў. – Самi хаты-чытальнi не знаёмяць людзей са сваёй работай i не робяць справаздач. Пастаянным наведвальнiкам з’яўляецца моладзь, якая цiкавiцца толькi гульнямi. У некаторых месцах сераднякi зацiкаўлены ўздымам сваёй гаспадаркi i цiкавяцца сельскагаспадарчай лiтаратурай. Наведванне хаты-чытальнi грамадзянамi з другiх вёсак бывае ў тых выпадках, калi трэба пiсаць заяву. Наведвальнiкi дзеляцца на 3 групы: група ў 5–10 чалавек старэйшага ўзросту ў вольны час цiкавiцца мерапрыемствамi i гутарыць; грамадзяне прыходзяць у сельсавет i заходзяць у хату-чытальню даведацца аб навiнах; грамадзяне пасля служ­бы ў царкве звычайна збiраюцца каля хаты-чытальнi, i гэты момант выкарыстоўваецца для чыткi газет” [38, 1277, л. 16].

Паведамленнi з месцаў дадаюць больш канкрэтнага ў гэты аналiз. Вось радкi са справаздачы Каралiшчавiцкай хаты-чытальнi Мiнскага раёна: “Цяжка вывесцi п’янства, бо назi­раецца з’яўленне п’яных у чытальнi з пагрозамi i вульгар­нымi выразамi. У першыя днi работы хатнiка прыходзiла да 9 чалавек п’яных” [14, 164, л. 248]. З клуба пры вучэбнай ферме ў Лошыцы паведамлялi, што “наведвальнiкi паводзяць сябе нетактоўна, парушаюць цiшыню, пры пастаноўцы спектакляў кураць i размаўляюць” [48, 38, л.8]. Безумоўна, можна спаслацца на адсутнасць агульнай культуры ў сельскiх гледачоў, аднак жа ў царкве нiхто не паводзiў сябе такiм чынам. Новая культура, яе ўстановы, метады не здолелi заняць месца царквы, а яе работнiкi не сталi “чырвонымі папамi”.

Не карысталiся павагай сялянства i многiя з хатнiкаў. Праўда, у некаторых месцах яны так часта мянялiся, што насельнiцтва не паспявала пазнаёмiцца з чарговым загад­чыкам. Напрыклад, “хатнiк Струк па дарозе з Лепеля... валяўся ў п’яным выглядзе, быў падабраны i прывезены ў в. Красналучкi, i ўся вёска iм любавалася” [15, 359, л. 193]. У асобных дакументах прама ўказваецца, што “хата-чытальня працуе зусiм слаба па прычыне неаўтарытэтнасці i непадрыхтаванасцi хатнiка” [14, 208, л. 152]. Кiруючыя iнстанцыi на словах прызнавалi важнасць палiтасветработы, аднак на справе не аказвалi хатнiкам нiякай метадычнай дапамогi, i яны працавалi, як умелi i як хацелi. Нават пад­на­ча­леныя, адчуваючы гэта, ставiлiся да iх з пагардай. Спаш­лём­ся на скаргу аднаго з загадчыкаў хаты-чытальнi з Лагой­скага раёна ў райвыканкам на вартаўнiка, якi “нi разу за ме­сяц не падмёў памяшкання i пры людзях лаяўся” [9, 58, л. 29].

Нельга абысцi ўвагай i такiя своеасаблiвыя сродкі рэгуля­вання адносiн памiж хатнiкамi i навакольнымi жыхарамi, як скаргi i бескампрамiсная крытыка. Напрыклад, восенню 1925 г. 20 жыхароў вёскi М.Бесяды з Лагойшчыны напiсалi скаргу на загадчыка хаты-чытальнi Зоркiна. У заяве тлумачылася, што ён “не правёў нi аднае чыткi, нi аднае гутаркi з грамадзянамi, у хаце-чытальнi нiколi не бывае агню, нават дзверы заўсёды зачынены на кручок... І наогул наш хатнiк не толькi не змог прыцягнуць масы да чытальнi, але i адштурхнуў усiх...” [9, 98. л. 16]. Праз колькi часу, безумоў­на, ужо чарговы загадчык гэтай хаты рабiў справаздачу на пасяджэннi райпалiтасвета i станоўча характарызаваў сваю работу. Аднак судакладчык адзначаў: “Водгукi насельнiцтва аб хаце-чытальнi кепскiя, таму што там няма нiякай чысцiнi, а хатнiк не прытрымлiваўся тых указанняў, якiя яму давалiся” [14, 208, л. 156].

Не выклiкала пажаданай рэакцыi i палiтыка-асветнiцкая работа, якая праводзiлася сярод сялянства воiнскiмi, асаблiва пагранiчнымi, часцямi. Зноў, на наш погляд, выяўлялася неэфектыўнасць палiтыкi пераносу цяжару адносiн з сялянствам з эканамiчнай у iдэалагiчную плоскасць. Вёска не магла станоўча рэагаваць на палiтыка-асветнiцкiя iнiцыятывы ваенных, бо, заклiкаючы сялян да выканання розных абавязкаў на карысць дзяржавы i армii, яны рэгулярна забывалi плацiць iм за работу. Выступаючы на пасяджэннi Койданаўскага райвыканкама, камiсар пагранiчнага атрада канстатаваў: “Колькi нам нi прыходзiлася арганiзоўваць агульныя сходы, сяляне не заўсёды выслухоўваюць да канца даклады, а разыходзяцца без пары. Ёсць хаты-чытальнi, створаныя ваеннымi часцямi, але з грамадзян iх нiхто не наведвае, за выключэннем вельмi маленькага працэнту моладзi, старых жа зусiм не бачна” [49, 38, л. 8].

Не лепшыя адносiны былi памiж сялянствам i жыхарамi раённых цэнтраў, памiж вёскай i шэфамi. Што менавiта накладвала свой адбiтак на праявы негатыўных паводзiн з аднаго i другога бакоў, з упэўненасцю сказаць цяжка. Безумоўна, пэўны ўплыў аказвалi i адсутнасць агульнай культуры, i выразны антаганiзм памiж горадам i вёскай. На гэтую акалiчнасць звяртаў увагу сакратар ЦК КП(б)Б А.Крынiцкi ў сваiм дакладзе на пленуме ЦК у снежнi 1924 г.: “...Горад, галоўным чынам па нацыянальнай прымеце, вельмi адарваны, нават супрацьпастаўлены вёсцы...” [22, 5, л. 57]. Гэтыя моманты, з аднаго боку, праяўлялiся ў “нежаданнi моладзi прыгарадных вёсак удзельнiчаць у рабоце супольных самадзейных гурткоў, з другога – у ганарлiвых паводзiнах шэфаў на вёсцы, якiя нiколi не паведамляюць аб сваiх выездах” [14, 216, л. 39]. Адзiн з эпiзодаў такой фанабэрыi трапiў на старонкi афiцыйнага дакумента: «Бываюць моманты, калi шэфы не дапамагаюць, а “абследуюць”, потым пiшуць у газетах, нiчога практычна не вырашаючы на месцы. Напрыклад, у Прылепскай ячэйцы (Астрашыцка-Гарадоцкi раён) былi шэфы, камсамольцы, нават адказныя асобы. Быў сход, ячэйка слабенькая, дакладчык, вясковы хлопец, вельмi коратка абгаварыў пытанне. Гэта дало нагоду шэфам напiсаць фельетон у газету” [44, 187, л.503].

Праблема адносiн сельскай грамады да ўстаноў палiтасве­ты хвалявала адпаведныя кiруючыя iнстанцыі, аднак выраша­лася яна шляхам прыняцця чарговых указанняў: “палеп­шыць”, актывiзаваць”, “удзялiць увагу” i г.д. У рэзалюцыі адной з нарад так i запiсана: “Слаба пастаўлены ўлiк масавых настрояў сялянства па важнейшых мерапрыемствах партыi i савецкай улады” [23, 109, л. 15].

У 1926 г. Галоўпалiтасвет рэспублiкi ўшчыльную зацiка­вiўся нiзкай аддачай ад работы на вёсцы. Старшыня ГПА С.Шамардзiна выдала загад, у якiм канстатавалася, што “насельнiцтва ўжо менш цiкавiцца нашымi святамi, яшчэ горшыя справы з мясцовымi кампанiямi...” [14, 187, л. 572]. Каб пераадолець гэтыя негатыўныя моманты, на Усебеларус­кай нарадзе агiтацыйна-прапагандысцкiх камiтэтаў у кастрычнiку 1927 г. прапаноўвалася: “У агiтацыйнай рабоце сярод сялян неабходна аб’ядноўваць агульнапалiтычныя моманты з канкрэтнымi мясцовымi пытаннямi, каб сходы сялян мелi, акрамя палiтычных мэт, i характар рабочых нарад, якiя прымаюць пад кiраўнiцтвам партыі рашэннi практычнага зместу” [23, 50, л. 377].

Пры азнаямленнi з афiцыйнымi дакументамi ствараецца ўражанне бурнай i эфектыўнай дзейнасцi сельскiх палiтасвет­устаноў, аднак iх работнiкi так не лiчылi. Свае хваляваннi наконт дрэннага стану хат-чытальняў, бiблiятэк яны выказвалi ў пiсьмовых справаздачах, заявах. Селькоры пiсалi крытычныя заметкi. На І Усебеларускiм з’ездзе хатнiкаў адзiн з дэлегатаў прама сказаў: “Моладзь павiнна гуртавацца вакол хаты, але хатнiк нiчога не можа ёй даць, каб зацiкавiць, адной гармонi мала...” [29, 1840, л. 138].

Усё сказанае вышэй дазваляе пацвердзiць вывад аб пасiўных адносiнах большай часткi вясковага насельнiцтва да дзяржаўнай палiтыкi ў галіне культуры. Вобразна можна ўявiць падзел тагачаснага вясковага грамадства на дзве часткi, склад якiх пастаянна мяняўся i якiя не разумелi адна адну. Актыўнаму наступу культурнай рэвалюцыi, якая не ўлiчвала маральны i культурны народны вопыт, сялянства супрацьпаставiла сiлу традыцый, этычных i маральных нор­маў i правiл, адпрацаваных стагоддзямi. Аднак адмоўная рэакцыя сялянства амаль на ўсе кiрункi дзяржаўнай палiтыкi не спынiла пранiкнення яе ў вёску. Галоўнымi сродкамi гэтага працэсу былi абраны дыктат i сiлавое вырашэнне кожнай, нават самай нязначнай, задачы. Адначасова савецкая ўлада фармiравала ў вёсцы сваю апору, выкарыстоўваючы для гэтага беднату i рэвалюцыйна настроеную моладзь, якiя склалi сацыяльны фундамент для далейшых пераўтварэнняў.

* *

*

Сацыяльна-псiхалагiчная атмасфера ў беларускай вёсцы 1920-х гг. фармiравалася ва ўмовах адсутнасцi цэласнага падыходу да асобы сельскага працаўнiка. Непаслядоўнасць афiцыйнай палiтыкi, яе неадпаведнасць ментальнасцi i спа­дзя­ванням беларускага селянiна пазбаўлялi яго пачуцця ўпэў­не­насцi, надзеi на перспектыву, абмяжоўвалi яго iнiцыятыву i звужалi яго жыццёвую стратэгiю да iдэi простага выжывання ў канкрэтных умовах. Адзначаныя абставiны стваралi павы­шаную псiхалагiчную напружанасць у вёсцы.

Вялiкi ўплыў на сацыяльна-псiхалагiчную атмасферу вёскi аказала рэзкая змена сацыяльнай палiтыкi. Калi ў часы ста­лыпiнскай аграрнай рэформы галоўнай апорай i аб’ектам дзяржаўнай падтрымкi з’яўлялiся моцныя хутарскiя гаспа­даркi, то пасля рэвалюцыi арыентацыя змянiлася на процiле­глую. Неабходна прызнаць, што iдэi чорнага перадзелу i ўраўнiлаўкi яшчэ да рэвалюцыi былi шырока распаўсюджаны сярод сялянства. Па гэтай прычыне ў многiх мясцовасцях адмоўна ставiлiся да жадання аднавяскоўцаў выйсцi на хутар, сведчаннем чаго можа быць факт павелiчэння ў 1913 г. больш чым у 2 разы [557, л. 130] падпалаў маёмасцi хутаран у параўнаннi з 1907 г. Пасля рэвалюцыi набыла афiцыйны характар палiтыка абмежавання кулакоў i падтрымкi бедня­коў за кошт першых. Яна грунтавалася на адсутнасцi на дзяржаўным узроўнi ўяўлення аб недатыкальнасцi прыватнай уласнасцi. Наадварот, падтрымлiвалася i ўкаранялася праз падатковую, зямельную палiтыку, шматлiкiя грамадскiя арга­нi­зацыi iдэя неабходнасцi абмежавання магчымасцей развiц­ця перспектыўных гаспадарак, пераразмеркавання сродкаў на карысць слабых. Гэтым дзяржава фармiравала сваю сацыяль­ную апору на вёсцы.

Рэвалюцыя прынесла новыя погляды на навакольны свет i аб’явiла аб планах яго перабудовы. Рэвалюцыйны энтузiязм ахапiў многiх, асаблiва моладзь, якая падтрымала культур­ную палiтыку ўлады i стала яе актыўным носьбiтам. Для большасцi вяскоўцаў не зусiм зразумелымi аказалiся формы i метады прапагандуемай культуры, яе iдэалагiчныя штампы. Працэс укаранення новых духоўных каштоўнасцей закрануў амаль кожную сям’ю. Спрадвечны канфлiкт пакаленняў набываў палiтычную афарбоўку i садзейнiчаў яшчэ большаму паглыбленню сацыяльна-псiхалагiчнай напружанасцi на вёсцы.