Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

Глава 2 культурнае жыццё вёскi

2.1. Сутнасць I асноўныя кiрункi дзяржаўнай

Культурна-асветнiцкай палiтыкi

Даследчыкi савецкай культурнай палiтыкi канцэнтравалi ўвагу вакол пытанняў партыйнага кiраўнiцтва культурай, iдэа­лагiчнай дзейнасцi партыi i дзяржавы на вёсцы, палiтыч­на­га асветнiцтва, вывучалi гiсторыю народнай асветы i лiквi­да­цыю непiсьменнасцi, ролю друку ў культурным уздыме вёскi. У апошняе дзесяцiгоддзе актыўна даследуюцца прабле­мы беларусiзацыi. Аднак па-за ўвагай навукоўцаў засталiся пытаннi аб узаемадзеяннi новай, пралетарскай культуры i традыцыйнай, сялянскай, уплыву культурнай рэвалюцыi на сельскiх жыхароў, iх стаўлення да новай культуры i асвет­нiцтва. На наш погляд, раскрыццё гэтых праблем дазволiць раскрыць асаблiвасцi працэсаў, якiя праявiлiся ў вёсцы Цэнтральнай i Усходняй Беларусi ў адносiнах да савецкай культурнай палiтыкi.

Яе тэарэтычныя асновы распрацаваны ў шматлiкiх арты­ку­лах У.I.Ленiна, А.В.Луначарскага, Н.К.Крупскай i iнш. У баль­шавiцкай лiтаратуры знайшла асэнсаванне iдэя аб iсна­ван­нi ў грамадстве дзвюх культур, буржуазнай i пралетар­скай. Адным з галоўных стала палажэнне аб неабходнасцi крытычных адносiн да буржуазнай культуры. Згодна высноў У.I.Ленiна, толькi дакладнае веданне культуры, створанай усiм развiццём чалавецтва, толькi перапрацоўка яе дазволяць будаваць пралетарскую культуру [320, с. 304]. У савецкай гiс­та­рычнай навуцы дадзеная думка не падлягала крытычнаму навуковаму аналiзу, яна прымалася за аксiёму, i ў шматлiкiх не толькi гiстарычных, але i фiласофскiх, сацыялагiчных пуб­лi­кацыях даводзiлася яе права на iснаванне. На падставе цы­тат з твораў У.І.Ленiна, Н.К.Крупскай даказвалася перавага пралетарскай культуры над буржуазнай.

Аналiз катэгорыi “пралетарская культура” выклiкае пытан­не аб месцы ў грамадстве народнай культуры. Аўтар мае на ўвазе этнаграфiчную культуру, якая стваралася ў вясковым ася­роддзi на працягу стагоддзяў i вусна перадавалася з пака­лен­ня ў пакаленне. Акрамя песеннай або музычнай спадчы­ны, гэтая культура сфармiравала i захоўвала цэласную сiстэ­му этычных, маральных нормаў i правiлаў, якiя па прычыне вядомых гiстарычных абставiн вызначалi менталiтэт беларус­кай вёскi, змест яе духоўнага жыцця. Нягледзячы на тое, што тэарэтычныя распрацоўкi лiдэраў бальшавiцкай партыi, якiя надавалi галоўную ўвагу iдэалагiчным пераўтварэнням у гра­мад­стве i абыходзiлi праблему суадносiн i суiснавання новай, пралетарскай культуры i народнай, яна была пастаўлена жыццём.

Новая культурная тэорыя як адна з частак дзяржаўнай iдэа­ло­гii не пакiдала месца роздуму аб дабры i зле, злачынстве i непазбежнасцi пакарання, маральнай адказнасцi тых, хто ўзяў на сябе смеласць вучыць другiх шчасцю, роўнасцi, братэр­ству. Замест агульначалавечых нормаў маралi павiнна была ўмацоўвацца новая, пралетарская мараль. У iмя нейкай уяў­най мэты iгнаравалiся такiя абавязкi кожнага разумнага чала­ве­ка, як пачуццё павагi да бацькоў, асабiстай адказнасцi за справу, знiшчалася гiстарычная памяць народа. Савецкая ўла­да разлiчвала, што яна зможа абысцiся без народнай шматвя­ковай маралi, створанай на аснове хрысцiянскiх уяўленняў, без старой непралетарскай iнтэлiгенцыi, носьбiта буржуазнай культуры. Наркам асветы першага савецкага ўрада А.В.Луна­чар­­скi падкрэслiваў: “На шляху пралетарыяту ў яго барацьбе за правы чалавека стаялi або зусiм абыякавыя людзi, або скры­тыя контррэвалюцыянеры, недастаткова смелыя, каб пе­рай­сцi ў адкрытую барацьбу ... якiя ставяць сябе вышэй пар­тыі, якiя iмкнуцца да нейкай асобай, надкласавай куль­ту­ры, на iх думку, выключна вялiкай i цудоўнай... Толькi iдэа­ло­гiя пралетарыяту можа быць агульначалавечай...” [126, с. 2].

Вiдавочна, што пралетарыят аб’яўляўся адзiным класам, якi ўвасабляў духоўны i маральны прагрэс, быў нацэлены на будучыню. Менавiта тут знаходзiлася адна з галоўных псiхалагiчных памылак бальшавiкоў: разрыў з гiстарычным мiнулым, беспадстаўнае наданне неабмежаванага значэння тэарэтычным разважанням, а не жыццёваму вопыту, нават iх адкрытае супрацьпастаўленне. У сувязi з тым, што партыйная iдэалогiя разглядала чалавека як спрыяльны сацыяльны матэрыял для шлiфоўкi, важнай уяўлялася задача прывiвання новай, пралетарскай культуры на магутнае дрэва народнай культуры, каб абагацiць народ духоўнымi каштоўнасцямi новага зместу, выхаваць яго на аснове iдэалогii навуковага сацыялiзму, усталяваць нормы новай грамадскай маралi i паводзiн, пачуццi савецкага патрыятызму i iнтэрнацыяна­лiз­му. Аднак даўно даказана навукоўцамi i пацверджана жыц­цём, што кожная, нават самая элiтарная культура можа развiвацца толькi на аснове роднай мовы, багатай духоўнай спадчыны народа.

Пасля заканчэння грамадзянскай вайны У.I.Ленiн лiчыў неабходным сканцэнтраваць асноўную ўвагу на пытаннях па­лi­тычнай i культурнай асветы. Галоўным метадам абвяшча­лася культурная рэвалюцыя. У сваю чаргу яе важнейшым зместам павiнна была стаць лiквiдацыя непiсьменнасцi, таму што малаадукаваныя людзi не маглi эфектыўна ўспрымаць iдэi новай культуры. Яшчэ 29 кастрычнiка 1917 г. у сваёй першай дэкларацыі наркам асветы А.В.Луначарскi пiсаў: “Усялякая сапраўдная дэмакратычная ўлада ў галiне асветы ў краiне, дзе кiруюць непiсьменнасць i невуцтва, павiнна ста­вiць сваёй мэтай барацьбу супраць гэтай Цемры. Яна павiнна дабiцца ў кароткi тэрмiн усеагульнай пiсьменнасцi шляхам арганiзацыi сеткi школ, адпаведных патрабаванням сучаснай педагогiкi, i ўвядзення ўсеагульнага абавязковага i бясплат­нага навучання” [260, с. 5].

Безумоўна, з пазiцыі нашага часу зразумела, што наркам ставiў нерэальныя задачы, якія адлюстроўвалі рэвалюцыйны максiмалiзм i неразуменне сапраўднай сiтуацыi і маштабаў праблемы. Праз пэўны час А.В.Луначарскi ўдакладнiў сут­насць асветнiцтва, якое, на яго думку, павiнна грунтавацца “на дактрыне рабочага класа i камунiстычнай праграме i з’яўляцца палiтычным. Падставамi павiнны служыць непахiс­насць волi рабочага класа, яго цвёрдая ўпэўненасць у тым, што ён робiць абсалютнае дабро для ўсяго чалавецтва, мае на ўвазе агульначалавечыя iдэалы” [126, с. 9].

Шырока прапагандавалася iдэя аб самадзейнасцi працоў­ных мас i ўсебаковага пашырэння нiзавой iнiцыятывы. Пла­на­ва­ліся адкрыццё элементарных школ для дарослых, народ­ных унiверсiтэтаў, спецыяльных сельскагаспадарчых i тэхнiч­ных школ i курсаў, стварэнне вандроўных унiверсiтэтаў i лектарскiх атрадаў для распаўсюджвання ведаў. У якасцi метадычнага дапаможнiка рэкамендавалася кароткая прагра­ма, так званая “Грамата грамадзянiна”, дзе давалася схема лекцый па асноўных пытаннях прыродазнаўства, гiсторыi i сацыялогii. Галоўная мэта праграмы – даць асновы камунiс­тыч­нага светапогляду. Паводле задумы аўтара, яна адпавяда­ла пастаўленай мэце, таму што прадугледжвала вывучэнне дастаткова шырокага спектра тэм, напрыклад “Паняцце аб зямным шары”, “Асновы астраномii”, “Паходжанне Зямлi”, “Гiсторыя Зямлi”, “Далейшае развiццё чалавецтва” i інш. [261, с. 13–14].

Заўважым, што, нават улiчваючы сённяшнiя магчымасцi, арганiзаваць у агульнадзяржаўным маштабе такiя лекцыi не­рэальна. Тым больш нерэальна было выканаць такую прагра­му ва ўмовах 1920-х гг. Затое яна добра iлюструе утапiчныя планы, якiя ўзнiкалi ад неразумення сапраўднага становiшча, непахiснай веры ў сiлу загадаў, распараджэнняў i iдэй. Ска­занае можна аднесцi i да прапановы У.І.Ленiна аб стварэннi некалькiх дзесяткаў помнiкаў буйнейшым грамадскiм дзея­чам мiнулага, а таксама ўсiм наватарам у галiне лiтаратуры, мастацтва i навукi. Планавалася шырока выкарыстоўваць манументальную прапаганду праз спецыяльныя барэльефы з надпiсамi, адпаведнымi задачам новай культуры, арганi­за­цыю масавых агульных свят, упрыгожванне гарадоў пла­ка­та­мi, створанымi буйнейшымi прадстаўнiкамi рускага мастац­тва, афармляць спецыяльныя вiтрыны з нагляднымi дапамож­нi­камi, якiя маюць тлумачальныя тэксты. На думку аўтараў праектаў, гэта “давала магчымасць шляхам нагляднасцi даць малападрыхтаваным масам асноўныя паняццi аб усiх галiнах ведаў” [261, с. 31].

Акрамя асветнiцкага кiрунку, iдэя актывiзацыi самадзей­насцi мас прадугледжвала арганiзацыю розных з’ездаў, якiя ў хуткiм часе сталi прыметным элементам новага жыцця. Ма­ла-памалу амаль кожны грамадзянiн аказаўся ўдзельнiкам самых розных мерапрыемстваў. Выключнае значэнне атры­ма­лi мiтынгi, лекцыі, вусная агiтацыя. Узнікла ўражанне, што толькi з прыходам савецкай улады вясковае насельнiцтва далучаецца да пэўнай культурнай справы. Але ж яшчэ да Першай сусветнай вайны ў Беларусi iснавалi 237 клубаў i 56 кiнаўстановак [391, с. 12], большасць з iх утрымлiвалiся за кошт земстваў. Пасля рэвалюцыi яны перайшлi ў падпарад­каванне пазашкольнага аддзела Наркамата асветы.

У вынiку бясконцых змен улады сiстэма культурна-асвет­нiцкай работы ў Беларусi аказалася не наладжанай, хаця на хвалi рэвалюцыйнага энтузiязму на свабоднай тэрыторыі ўзнiкалi клубы, хаты-чытальнi, народныя дамы, харавыя i (асаблiва часта) драматычныя самадзейныя гурткi. Падобныя ўстановы ў Цэнтральнай Расii дзейнiчалi ўжо даўно, аднак, па прызнаннi Н.К.Крупскай, “на арганiзацыю iх работы затра­ча­ны не адзiн мiльён, а вынiкаў не адчувалася” [17, 218, л. 41]. Адна з прычын такой з’явы была ў незацiкаўленасцi насель­нiц­тва, iгнараваннi iм працэсу ўтварэння новых устаноў. Таму здарылася так, што большасць хат-чытальняў iснавалі толькi на паперы.

Аднак лiнiю партыі неабходна было праводзiць. З’езды РКП(б) і iншых грамадскiх арганiзацый рэгулярна прымалi рашэннi аб актывiзацыi культурна-асветнiцкай работы на вёсцы, распрацоўвалi новыя формы работы. Цэнтрам яе лічы­ла­ся хата-чытальня, якая павiнна была быць i клубам, i ста­лом даведак, i апорным пунктам камсамольскай ячэйкi. Ва­кол хаты-чытальнi павiнны былi гуртавацца школы для дарослых, драматычныя гурткi i iншыя культурна-асветныя аб’яднаннi. Безумоўна, тэарэтычна тут было ўсё правiльна, але адсутнiчала асноўнае – выканаўцы. Дадзеная акалiчнасць iстотна знiжала запланаваную эфектыўнасць асветнiцкай работы на вёсцы. Праблема кадраў iснавала на ўсiх узроўнях, асаблiва нiзавым. У адным паведамленнi з Лагойскай воласцi гаварылася: “Калi мы зараз запытаем сябе, што перашкодзiла i перашкаджае да сённяшняга часу рэальна правесцi арганiзацыю камунiстычнага ладу, то мы зараз жа атрымаем адказ: няма людзей, i таму не справiлiся... Што б мы ні пачыналi рабiць, усюды адно i тое ж: няма людзей i баста” [18, 12, л. 26].

Тым не менш аддзелы Наркамата асветы розных узроўняў актыўна кіравалі дзейнасцю палітасветустаноў, разумеючы сваю задачу ў “рэвалюцыянізацыі і пралетарызацыі мас”. Гэты прынцып быў характэрны для ўсіх відаў палітыка-асветніцкай работы. Напрыклад, Гомельскі аддзел народнай асветы папярэджваў аб “неабходнасці звяртаць выключную ўвагу на падбор п’ес, вершаў і г.д. У супрацьлеглым выпадку кіраўнікі ўстаноў будуць прыцягвацца да самай вышэйшай меры пакарання” [45, 6, л. 11].

Нейкі час у 1920 г. Гомельскі губернскі аддзел кіраваў работай аддзелаў асветы неакупіраванай тэрыторыі Беларусі, і да нас дайшлі цікавыя дакументы гэтага перыяду. У студзе­ні 1920 г. з Гомеля ва ўсе паветы накіроўваецца цыркуляр наступнага зместу: “Прапануецца тэрмінова прыслаць даныя аб стане лекцыйнай справы – аб’ёме, характары і кірунку ра­бо­ты. У выпадку адсутнасці планамернай лекцыйнай работы прадпісваецца стварэнне лекцыйных бюро сумесна з партый­ны­мі камітэтамі. Лекцыі павінны весціся на палітычныя тэмы партыйнымі таварышамі. На тэмы навуковыя, сельскагаспа­дар­чыя, гігіены і санітарыі лектарамі са школьных работні­каў. Неабходна (у першую чаргу) абслугоўваць вёску, волас­ці” [45, 7, л. 6].

Як бачым, патрабаванні да лекцыйнай работы былі даволі высокія, але не аказаліся забытымі і іншыя віды культурнай асветы. Праз месяц у валасныя аддзелы быў пасланы новы загад: “Да сённяшняга часу музыканты і спевакі быццам бы не адчуваюць прысутнасці савецкай улады і яе задач і працягваюць карміць сялянскія масы старымі буржуазнымі, часта банальнымі, нават кафэшантаннымі матывамі. Аддзел народнай асветы прадпісвае… не дапускаць ні на адным спектаклі ці канцэрце матываў, процілеглых духу прале­тар­скай дыктатуры, падабраўшы для выканання рэчы, якія вы­ключна адпавядаюць духу пралетарскай рэвалюцыі” [45, 12, л. 3].

Адначасова з указаннямі і пагрозамі кіраўніцтва губерн­скім аддзелам давала мясцовым работнікам і свае парады на­конт арганізацыі працы. Школьным работнікам, напрыклад, рэкамендавалася падабраць найбольш таленавітых вучняў і развучваць з імі лепшыя рэвалюцыйныя п’есы і вершы, вы­ка­рыстоўваючы зборнік “Рэвалюцыя” і зборнікі пралетарскіх паэтаў. Для “падняцця мастацкага ўзроўню мас і выяўлення іх творчых сіл” прапаноўвалася “мабілізаваць усе наяўныя сілы і ствараць у воласці культурна-асветныя гурткі з некаль­кімі секцыямі: мастацкай, музейнай, літаратурнай, харавой, драматычнай, у якія запрашаць выключна сялян з мэтаю ў іх асобе мець у будучым інструктараў для працы на вёсцы” [45, 11, л. 7].

Многія з дакументаў мелі надзвычайны характар, супра­ваджаліся грыфамі “тэрмінова”, “цыркулярна” і да т.п. Адно з такіх распараджэнняў тычылася правядзення тыдня селяніна ў жніўні 1920 г. і папярэджвала аб неабходнасці “напружыць усе сілы для аказання дапамогі культурна-асветніцкай рабоце на вёсцы: адкрываць школы, вячэрнія курсы па ліквідацыі непісьменнасці, мабілізуючы пісьменных у парадку працоў­най павіннасці; узмацніць работу хат-чытальняў, а дзе іх няма – прыступіць да арганізацыі, забяспечыць іх газетамі, бібліятэчкамі і іншым; арганізаваць мітынгі-канцэрты, народныя спектаклі” [45, 7, л. 13].

На наш погляд, змест цытуемых дакументаў сведчыць аб адсутнасці пачуцця рэальнасці ці спробы хоць бы якога-небудзь аналізу тагачасных падзей. Рэвалюцыйны энтузіязм не даваў магчымасці па-сапраўднаму ацаніць сітуацыю. Гэ­тым тлумачыцца наступны цыркуляр, датаваны 24 красавіка 1920 г., аб неабходнасці барацьбы з палякамі, якія наступалі. Пад грыфам “тэрмінова” клубная секцыя Гомельскага аддзе­ла народнай адукацыі прапаноўвала ўсім павятовым секцыям прыняць наступныя меры: “1. Праводзіць у клубах, народных дамах і г.д. канцэрты, мітынгі, даклады аб перажываемым моманце. 2. Сур’ёзную ўвагу звярнуць на Дамы працоўнага селяніна, штодзённа праводзіць гутаркі і па магчымасці канцэрты. Дзе такіх Дамоў няма, тэрмінова прыступіць да іх арганізацыі” [45, 6, л. 7]. Безумоўна, было б вельмі добра, калі б такімі сродкамі можна было спыніць ваенныя дзеянні.

Звернемся яшчэ да аднаго дакумента аналагічнага характа­ру, які тычыўся манументальнай прапаганды. У канцы 1919 г. Гомельскі аддзел народнай асветы пастанавіў тэрмінова пры­ступіць “да забеспячэння ўсіх валасцей, сёл, вёсак, гарадоў і мястэчак манументальнымі дошкамі, адпаведнымі рэвалю­цый­нымі лозунгамі, дзеля чаго карыстацца старымі шыль­да­мі, фанерай, люстэркамі, мармурам” [45, 11, л. 12]. Дасылаў­ся спіс кандыдатур на ўвекавечанне па наступных кірунках: рэвалюцыйныя дзеячы ўсіх часоў і народаў, напрыклад Спар­так, Бабёф, К.Маркс, Ф.Энгельс, А.Бабель, Марат, Рабесп’ер, Гарыбальдзі; музыканты – Бетховен, Мусаргскі, Глінка, Ша­пэн; пісьменнікі – Л.Талстой, Ф.Дастаеўскі, М.Лермантаў, А.Пушкін, М.Някрасаў, Т.Шаўчэнка; навукоўцы – М.Ламано­саў, Ул.Салаўёў, Дз.Мендзялееў, І.Мечнікаў; мастакі і архі­тэк­тары – А.Рублёў, А.Кіпрэнскі, Растрэлі і інш. Аднак жыц­цё ўнесла свае карэктывы, і з месцаў, напрыклад з Барысава, паведамлялі: “Не маючы магчымасці падрыхтаваць што-не­будзь у гэтым кірунку ў сувязі з эвакуацыяй і стратай павя­товага цэнтра, аддзел асветы просіць аб вырабе для павета помнікаў: Бабёфа, Маркса, Энгельса, Марата, С.Разіна, Спар­та­ка, Песцеля, Л.Талстога, Някрасава, Салтыкова-Шчадрына, Кальцова, Мечнікава, Урубеля, Мусаргскага, Рымскага-Кор­са­кава, Камісаржэўскай, а таксама іх партрэтаў, з разліку на 10 валасцей павета” [45, 11, л. 14, 15]. Нават самая багатая фантазія не дапаможа ўявіць, што ведала беларуская вёска аб названых асобах. Відавочна, што падобная прапаганда, акра­мя выдаткаў, не магла мець ніякіх станоўчых вынікаў.

На самай справе планы ў галiне новай культуры аказалiся нерэальнымi, што і паказала яе развiццё падчас Грамадзян­скай вайны. Да такой высновы прыйшлi кiраўнiкi дзяржавы i Наркамата асветы. Яны бачылi прычыну ў “наяўнасцi некаль­кiх незалежных адна ад адной арганiзацый, якiя вялi культур­на-асветнiцкую работу ад выпадку да выпадку i давалi раз­на­стайную па змесце інфармацыю. Па гэтай прычыне i ў вынiку недахопу адпаведных кадраў увага была накiравана не на тыя групы насельнiцтва, i не выконвалася задача прапаганды асноўных iдэй РКП(б)” [126, с. 8].

Праблема лiквiдацыi адзначаных недахопаў разглядалася на І Усерасiйскай нарадзе палiтасветаў у лiстападзе 1920 г., якая стала важным этапам у станаўленнi i развiццi сiстэмы палiтасветы. Аб наданнi ёй вялiкага значэння сведчыць удзел у яе рабоце У.І.Ленiна, А.В.Луначарскага, Н.К.Крупскай i iнш. З яркай, узнёслай прамовай выступiў наркам асветы РСФСР, якi непасрэдна звязаў неабходнасць перабудовы куль­турнай работы з заканчэннем Грамадзянскай вайны. Асноў­ным вынiкам нарады стала стварэнне Галоўнага палi­ты­ка-асветнага камiтэта, больш вядомага пад назвай Галоўпа­лiт­асвета. У аснову яго дзейнасцi былi пакладзены прынцыпы аб’яднання ўсiх арганiзацый, якiя вялi асветнiцкую работу сярод дарослых. Гэтай рабоце надаваўся рэзка акрэслены палiтычны змест [126, с. 9], аб чым сведчыць ужо i назва створанай арганiзацыi. Дарэчы, з гэтага часу i да 1946 г. работа сярод дарослых называлася палiтыка-асветнiцкай, а ўстановы, якiя яе ажыццяўлялi, палiтыка-асветнымi, што выразна адлюстроўвае iх асноўны змест i задачы.

Адной з галоўных мэт гэтай работы абвяшчалася дася­гненне вышэйшага вiду класавай самасвядомасцi пры дапа­мо­зе агiтацыi, у тым лiку i сродкамi мастацтва: “...песня, эмблема, плакаты, роспiс, архiтэктура – усё, што ўздзейнiчае на душу, павiнна служыць справе агiтацыi”. Тэарэтыкi куль­турнай палiтыкi лiчылi, што “ўсякае вiдовiшча, якое б’е на эфект, можа ўздзейнiчаць на чалавека толькi пэўны час, таму ўсе вiды мастацтва павiнны быць прасякнуты палiтыкай, i ў той жа момант да палiтыкi ўсё зводзiцца не павiнна” [126, с. 7]. Аднак як на практыцы знайсцi такую “залатую сярэ­дзiну”, яны не тлумачылi.

На лiстападаўскай нарадзе былi распрацаваны прыкладная схема палiтасветустаноў i асноўныя кiрункi асветнiцкай рабо­ты: вытворчая прапаганда, арганiзацыя ўсеагульнага навучан­ня, развiццё бiблiятэчнай справы. Галоўным дакументам стала рэзалюцыя па дакладзе Н.К.Крупскай “Аб чарговым плане работы ГПА”, якi закрануў усе бакi палiтыка-асветнiц­кай работы, ад яе зместу i метадаў да кадравых пытанняў. На думку аўтараў, Галоўпалiтасвет павiнен кантраляваць, накi­роў­ваць, аб’ядноўваць культурна-асветніцкую дзейнасць па ўсёй краiне, а работа ГПА ў сваю чаргу ставiлася пад кантроль партыйных органаў. Важнейшым кiрункам работы бiблiятэк, музеяў, школ павiнна была стаць “прапаганда асноў­ных iдэй праграмы РКП(б) як праграмы, што найбольш правiльна ацэньвае перажываемы гiстарычны момант i ўказ­вае шлях далейшага развiцця i прапаганды асноўных кірун­каў эканамiчнага будаўнiцтва” [126, с. 5]. Прадугледжвалася магчымасць узнiкнення часовых палiтычных i эканамiчных задач, увасабленне якiх у жыццё павiнна было суправа­джацца “ўдарнымі i агiтацыйна-прапагандысцкiмi кампанiя­мi” з боку палiтасветустаноў.

Закранала нарада i кадравае пытанне, якое вырашалася так­сама дастаткова проста – шляхам далучэння да асветнiц­кай дзейнасцi не толькi работнiкаў пазашкольных аддзелаў Наркамата асветы, але актыўных i арганiзаваных прадстаў­нiкоў масы.

Такiм чынам, на канец 1920 г. бальшавiцкая праграма куль­турнай рэвалюцыi была ўдасканалена i прыстасавана да мiрных умоў, заставалася толькi ўкаранiць яе ў жыццё. У нашым выпадку сацыяльнай базай эксперыменту станавiлася сялянства, хаця, паводле слушнай заўвагi даследчыкаў гэтага пытання, “нiхто з расiйскiх сацыял-дэмакратаў, акрамя У.I.Ле­нiна, не займаўся сур’ёзным аналiзам асаблiвасцей яго мыслення, звычаяў i маралi дзеля таго, каб выкарыстаць гэ­тыя веды ў асветнiцтве вёскi” [540, с. 87]. Неабходна заўва­жыць, што сярод дзяржаўна-партыйнага кiраўнiцтва Беларусi праявiлiся дзве тэндэнцыi ў падыходзе да культурнага будаў­нiцтва: арыентацыя на нацыянальныя каштоўнасцi i традыцыi i далучэнне працоўных да новай, пралетарскай культуры. Працэс нацыянальна-культурнага адраджэння прадугледжваў пашырэнне ўжывання беларускай мовы, лiквiдацыю непiсь­мен­насцi, развiццё нацыянальнай лiтаратуры, тэатра, мастац­тва. Аднак, з’яўляючыся часткаю РКП(б), Кампартыя Белару­сi павiнна была падтрымлiваць афiцыйную iдэалагiчную лi­нiю. З-за непiсьменнасцi беларускай вёскi менавiта яна апынулася пад актыўным уздзеяннем партыйнай iдэалогii i новай, пралетарскай культуры, якую актыўна прапаган­да­валi палiтыка-асветныя ўстановы. Праблема ўкаранення новай культуры ў вясковае асяроддзе аказалася дастаткова складанай. Па-першае, вёска была малапiсьменнай, таму ўспрымаць партыйную прапаганду ў пажаданым аб’ёме не магла; па-другое, у Беларусi асноўная частка насельнiцтва пражывала на вёсцы, таму не хапала нi сродкаў, нi кадраў, i, па-трэцяе, на вёсцы вельмi моцна трымаліся традыцыйная народная культура, паданнi, вераваннi, i хутка пераадолець iх аказалася немагчымым. Яшчэ адна важная прычына абмя­жоў­вала пранiкненне новай культуры: гэта шырокая незада­во­ленасць сялянства дзяржаўнай эканамiчнай палiтыкай. Не­га­тыўныя адносiны да эканамiчных эксперыментаў пераносi­лi­ся i на афiцыйную iдэалагiчную работу. Ва ўмовах незада­во­ле­насцi вёскi выйсце бачылася ў пашырэннi агiтацыі за лiнiю партыі.