Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

2. 6. Iнфармацыйнае забеспячэнне дзяржаўнай палiтыкi

Не выклiкае сумнення, што палiтыка любой дзяржавы мае патрэбу ў грунтоўнай iнфармацыйнай падтрымцы, якая ў кож­ным храналагiчным прамежку мае свае адметныя рысы. З паскарэннем тэмпаў грамадскага развiцця пашыраецца i iнфармацыйная плынь, павялiчваецца колькасць людзей, занятых апрацоўкай i распаўсюджваннем iнфармацыi. Гэтая iнфармацыя заклiкана адлюстроўваць перш за ўсё галоўныя iдэi дзяржаўнай палiтыкi. Працэсы, якiя адбывалiся ў вёсцы 1920-х гг., таксама патрабавалi грунтоўнай iнфармацыйнай падтрымкi. У сувязi з пераходам да мiрнага жыцця немагчы­ма было карыстацца iдэалагiчнымi прыёмамi часоў Грама­дзян­скай вайны. Актыўна прапагандуемая новая эканамiчная i культурная палiтыка патрабавала ўсебаковага iнфармацый­нага забеспячэння, без якога не маглi працаваць нi асобныя агiтатары, нi палiтасветустановы. Кiруючыя колы дзяржавы разумелi, што без шырокага распаўсюджвання друкаванага слова немагчыма дастаткова эфектыўна ўздзейнiчаць на масы, праводзiць партыйную лiнiю. Па гэтай прычыне кiраў­нiцтва прымала актыўныя захады па выпуску разнастайнай палiтычнай лiтаратуры для сялянства. Лiтаратура павiнна была канцэнтравацца ў сельскiх бiблiятэках, а часцей за ўсё ў хатах-чытальнях. Звернем увагу на гэты факт, таму што ён iлюструе iмкненне дзяржавы надаць бiблiятэчнай рабоце перш за ўсё палiтычны характар.

Бясспрэчна, нi бiблiятэчная, нi кнiжная справа не магла развiвацца незалежна ад дзяржавы, яна павiнна была забяс­печваць iнфармацыйную падтрымку дзяржаўнай i партыйнай палiтыкi. Ужо на лiстападаўскай нарадзе палiтасветаў у 1920 г. звярталася ўвага на неабходнасць папаўнення бiб­лiя­тэчных каталогаў кнiгамi, якiя асвятляюць праграму партыi.

У 1920-я гг. у беларускай вёсцы самастойных бiблiятэк не iснавала. Яны ўваходзiлi ў структуру палiтыка-асветных устаноў, а дакладней, знаходзiлiся пры народных Дамах i хатах-чытальнях. Кiруючыя органы надавалi бiблiятэчнай рабоце важнае значэнне i спрабавалi кiраваць ёю звыклымi метадамi iнструкцый. Вось некалькi вытрымак з iнструкцыi аб фармiраваннi бiблiятэк пры хатах-чытальнях: “1. Пры камплектаваннi аддзела белетрыстыкi на першы план неаб­ход­на ставiць рускую i замежную класiку i сацыялiстычную белетрыстыку. 2. Найбольш дакладны падбор кнiжак неабходны пры складаннi навуковага аддзела, якi павiнен мець усе найбольш каштоўныя экзэмпляры не толькi па даступнасцi зместу, а i па сутнасцi пытання, каб у далейшым чытачу не прыйшлося перавучвацца цi берагчы разумовае багацце, якое не дае яму патрэбнага базiсу для працягу самаадукацыі. 3. Павiнна знайсцiся месца i для брашурачнай лiтаратуры, якая ва ўмовах перажываемага моманту будзе сувяззю глухой вёскi з жывым населеным пунктам, дзе на лекцыях, мiтынгах устанаўлiваецца пастаянная сувязь аўтараў са слухачамi. 4. Лубачнай лiтаратуры хата-чытальня мець не павiнна зусiм. Тых жа чытачоў, якiя патрабуюць яе, кiраўнiк павiнен задаволiць мастацкiмi творамi з больш яркай i маляўнiчай фабулай” [18, 134, л. 42]. Змест цытуемага дакумента выразна iлюструе кабiнетнае ўяўленне яго аўтараў аб стане справы.

У той жа час мясцовыя работнiкi паведамлялi аб “не­маг­чымасцi нават скласцi бiблiятэку з усёй лiтаратуры, бо кнiгi ўстарэлi”, цi звярталi ўвагу на цяжкi стан бiблiятэкi, якая “два гады не папаўнялася кнiгамi” [18, 410, л. 7]. У якасцi аўтарытэтнага сведчання выкарыстаем некалькi радкоў са справаздачы iнспектараў Наркамата рабоча-сялянскай iнспекцыi па вынiках праверкi некаторых хат-чытальняў: «Большасць раёнаў за 1925 г. i за новы бюджэтны год (з кастрычнiка 1925 г.) нiякай лiтаратуры не куплялi, акрамя газет i часопiсаў... Ва ўсiх хатах-чытальнях ёсць бiблiятэкi. Кнiгi да 1923 г. выдання, толькi ў асобных ёсць новыя, якiя падарылi шэфы. У Сутацкай бiблiятэцы ёсць кнiгi, недапушчальныя для чытання. Са 110 кнiг для дзяцей 65 вы­дадзена да 1917 г. Сярод iх творы Л.Талстога “Не забi”, “Дзе Бог, там i любоў”, “Хлопчык у Хрыста на ёлцы...”» [38, 1277, л. 15]. Iдэалагiчная пазiцыя аўтараў дакумента акрэслена досыць выразна, не выклiкае сумнення i яе адпаведнасць партыйнай лiнii. Вядома, у гэтай сiтуацыi нi аб якой класiфiкацыi кнiг у бiблiятэках пры хатах-чытальнях размова iсцi не магла. Тым больш, што, напрыклад, ва ўсiх палiтыка-асветных установах Мiншчыны налiчвалася 27 881 кнiга, з iх па сельскай гаспадарцы – 4452, антырэлiгiйнага кiрунку – 835, палiтычнага – 8145, белетрыстыкi – 6623, iншых – 7826, бiблiятэчак-перасовак 119 [14, 159, л. 77]. У некаторых месцах выспела iдэя стварэння бiблiятэк–чытальняў пры школах, дзе павiнны былi захоўвацца ўсе выпiсваемыя мясцовымi ўладамi газеты, палiтычная i сельскагаспадарчая лiтаратура.

Галоўным зместам работы палiтасветустаноў былі ўдзел у прапагандзе i тлумачэннi афiцыйнай палiтыкi. Без актыўнай агiтацыi народных Дамоў, хат-чытальняў i бiблiятэк на вёсцы не адбывалася нi адна палiтычная акцыя. Напрыклад, у iнструкцыi аб удзеле бiблiятэк у пасяўной кампанii 1921 г. iх супрацоўнiкаў заклiкалi ўзяць на сябе агiтацыйна-прапаган­дысцкую работу. Мелiся на ўвазе “мабiлiзацыя кнiг, якiя ёсць ва ўсiх бiблiятэках, выдача iх для работы актывiстам. З да­памогай агранома тэрмiнова арганiзаваць аддзелы сельскагаспадарчай i эканамiчнай лiтаратуры. У памяшканнi бiблiятэк стварыць перасоўную вiтрыну з лiтаратурай па пасяўной кампанii, дзе рэгулярна вывешваць дэкрэты савецкай улады, газетныя артыкулы, прысвечаныя кампанii” [50, 17, л. 109]. Цытуемы дакумент цiкавы ваенна-рэвалю­цый­ным тонам i зместам, верай, што бiблiятэкi змогуць забяспечыць поспех пасяўной.

Работнiкi палiтасветустаноў i бiблiятэк павiнны былi зай­мац­ца тлумачэннем асноўных кiрункаў падатковай, аграрнай палiтыкi, агiтаваць за кааперацыю, пашырэнне засяваемай плошчы, культурную гаспадарку, перавыбары сельскiх Са­ветаў, калектывiзацыю i многае iншае.

Бiблiятэкi абслугоўвалi i культурна-асветнiцкiя мера­прыем­ствы сярод сялянства, якое больш за ўсё цiкавiлася аграрным асветніцтвам. Вёска хацела даведацца аб дасягнен­нях сельскагаспадарчай навукi, каб выкарыстаць iх i ў сваёй гаспадарцы i тым самым падняць яе прыбытковасць. У нека­то­рых з сялян (так званых культурнiкаў) былi сельскагаспа­дарчыя бiблiятэкi. Напрыклад, у селянiна Язэпа Мароза з фальварка Фатынь, што ў Лепельскiм павеце, была бiблiятэка амаль у 1000 экзэмпляраў, якой карысталiся ўсе, хто жадаў. Гаспадар выпiсваў спецыяльныя часопiсы “Сам сабе агра­ном”, “Пчалярская справа” i iнш. [309, с. 44]. П.Бенгарт з Полаччыны меў высокаарганiзаваную i прыбытковую гаспа­дарку, адно са сваiх памяшканняў ён аддаў пад бiблiятэку сельскагаспадарчай лiтаратуры таварыства “Культура”, сябрам якога з’яўляўся [310, с. 44].

Трэба сказаць, што iснавала нават серыя “Сялянская бiб­лiя­тэчка”, куды ўваходзiлi кнiжкi па самых разнастайных пы­таннях, напрыклад “Чыя вера правiльная i якi бог праўдзiвы”, “Аб насеннi”, “Жыта i пшанiца”, “Выбар каня”, “Аб пладазмене”, “Як шматполле ўратавала сялянства” i многiя iнш. Але ўзнiкла праблема з распаўсюджваннем кнiг на беларускай мове, таму што вяскоўцы чытаць па-беларуску не ўмелі, ды i кнiжкi друкавалiся вельмi няякасна, на што, паводле думкi спецыялiста, “уздзеянне аказваюць нявызнача­ныя формы беларускай мовы. Аўтары i перакладчыкi выказваюцца непiсьменна, карэктары нявопытныя, кнiжка праходзiць пяць карэктур. Памеры кнiжак не адпавядаюць умовам вёскi” [38, 2178, л. 4 адв.].

Вялiкiм попытам карысталiся зборнiкi п’ес для драма­тычных гурткоў. Асаблiвым дэфiцытам з’яўлялiся творы беларускiх аўтараў, таму што ў пачатку 1920-х гг. па iнiцыятыве знiзу пачынаецца актыўны рух сярод моладзi за вывучэнне гiсторыi i культуры свайго краю. У розных месцах узнiкаюць беларускiя культурна-асветнiцкiя гурткi, асноўным зместам дзейнасцi якiх сталi пастаноўкi беларускiх п’ес. Карысталiся творамi К.Каганца, Ф.Аляхновiча, Ул.Галубка. Але набыць гэтыя п’есы было амаль немагчыма, таму яны разыходзiлiся ў рукапiсным выглядзе. У адным з архiўных дакументаў засведчаны факт крадзяжу з кiёска “Саюздрук” у мястэчку Бачэйкава не чаго-небудзь, а трох беларускiх п’ес [43, 70, л. 47]. Дзяржвыдавецтва друкавала ў першую чаргу рэвалюцыйныя п’есы: Касоўскi “Вясёлы тэатр”, Брадзячы “П’еса для рабоча-сялянскага тэатра”, Гарэлаў “Беднякi i кулакi” i iнш.

Пакуль што вядома адзiная спроба наладзiць недзяржаўнае выданне. Было гэта ў канцы 1921 – пачатку 1922 г. на Ба­рысаўшчыне, дзе мясцовыя настаўнiкi арганiзавалі Беларус­кую навукова-культурную грамаду. Арганiзацыя складалася з чатырох секцый, у тым лiку выдавецкай, якая пачала актыўна шукаць маладыя таленты i сродкi на выданне кнiг. На агульным сходзе секцыi ў красавiку 1922 г. было вырашана прыцягнуць да лiтаратурнай працы ўсiх вядомых Грамадзе маладых беларускiх пiсьменнiкаў. З гэтай мэтай былi разасланы звароты наступнага зместу: «З павагай звяртаемся да Вас, каб Вы прынялi ўдзел у супрацоўнiцтве з намi ў выданнi часопiса-зборнiка “Наш край” дасыланнем сваiх твораў, апiсанняў, уражанняў аб тым, што дзеецца навокал, звычаяў, абрадаў, запiсаў народных песень, легендаў, пагамонак, дыялектаў» [18, 386, л. 13].

З пошукам сродкаў таксама былi вялiкiя праблемы. Выдавецкая секцыя звярталася за дапамогай у розныя ўста­новы. У красавiку 1922 г. звярнулiся ў выканкам, спрабуючы запэўнiць, што Грамада арганiзавалася “з мэтаю шырокае працы навуковага напрамку па абследаваннi Бацькаўшчыны i выкарыстаннi нацыянальнай культуры як сродку выхавання народных мас у камунiстычным духу на роднай мове” [21, 1, л. 39]. Дзеля гэтага Грамада планавала выданне артыкулаў на палiтычныя тэмы: “Як чытаць Карла Маркса на беларускай мове”, “Аб дапамозе Паволжу” i iнш.

На запытанне выканкама Грамада паведамiла, што «да друку падрыхтаваны: 1. Драматычныя творы (перадрук са старых выданняў i новыя). 2. Першы выпуск двухтыднёвiка. У стадыi падрыхтоўкi знаходзяцца: работа К.Лiбкнехта “Павукi i мухi” i “Зборнiк папулярных артыкулаў па сельскай гаспадарцы...”» [21, 5, л. 7, 8]. Аднак выканкам адмовiў у сродках, не дапамог нават з паперай у крэдыт дзеля першага выпуску зборнiка драматычных твораў. Тады кiраўнiцтва Грамады звярнулася ў Наркамат асветы i папрасiла крэдыт у 500 млн. руб. на выдавецкую дзейнасць. З просьбай аб грашовай дапамозе звярталiся i ў Наркамат земляробства, абяцаючы выдаваць артыкулы па розных галiнах сельскай гаспадаркi.

Пошук сродкаў iшоў i ў другiм кiрунку. На агульным сходзе ў сакавiку 1922 г. вырашылi сабраць грашовыя ахвяраванні па ўстановах, дзе працавалi сябры Грамады (па падпiсных лiстах, у рамках правядзення тыдня дапамогi беларускаму выдавецтву). І тады ж кiраўнiцтва Грамады папрасiла беларускi пададдзел звярнуцца з адозвай ва ўсе беларускiя культурна-навуковыя ўстановы павета аб дапамозе беларускаму выдавецтву з мэтай збору сродкаў на выданне некалькiх кнiжак з драматычнымi i лiтаратурнымi творамі [21, 4, л. 2].

Iдэя ўзнiкла не выпадкова. Як указвалася вышэй, на Барысаўшчыне ў гэты час дзейнiчалi каля 10 культурна-асветнiцкiх беларускiх гурткоў. Сярод iх быў аб’яўлены тыднёвiк дапамогi беларускаму выдавецтву, на працягу якога прапаноўвалася збiраць ахвяраваннi на выдавецтва, ставiць спектаклi на яго карысць. Напрыклад, на агульным сходзе гуртка “Вянок” было вырашана: “Дзеля пашырэння i развiцця беларускага выдавецтва кожнаму сябру ў пiльным парадку заняцца зборам розных казак, песень i iншага i апрацаваны матэрыял адпраўляць у Грамаду. Лiчачы мэты беларускага выдавецтва сур’ёзнымi, паслаць 2 мiльёны рублёў”. Раней гурток выслаў 1,5 млн. руб., аказаўшы Грамадзе значную дапамогу [18, 399, л. 22, 32]. Сябры самой Грамады таксама ставiлi спектаклi на карысць выдавецтва, аднак выканкам нават не лiквiдаваў 30-працэнтны падатак са спектакля, таму што “гэта iдзе ўразрэз з дэкрэтамi ўрада” [18, 400, л. 17].

З Гасцiлавiцкага гуртка прыйшла дапамога ў 2 млн. 200 руб. З другiх жа гурткоў паведамлялi, што сабраць нiчога не змаглi “па прычыне вялiкай беднасцi вёскi”. Шкрабы, знятыя з дзяржаўнага забеспячэння, адмаўлялiся ад дапамогi Грамадзе. Амаль нiякiх сродкаў не прынёс i кубкавы збор на карысць выдавецтва, праведзены з дазволу выканкама. Прафсаюзы таксама адмовiлi ў дапамозе з прычыны цяжкага матэрыяльнага становiшча [21, 5, л. 25, 28, 31].

Вынiк быў заканамерны: iдэя арганiзацыi недзяржаўнага выдавецтва аказалася нежыццёвай, таму што не ўлiчвала рэальных магчымасцей культурных сiл павета. У з’яўленнi такой iдэi, на наш погляд, галоўную ролю адыгралi рэвалюцыйная рамантыка, спроба выдаць жаданае за сапраўднае.

Яшчэ адзiн кiрунак, па якiм кнiга пранiкала на вёску, – гэта лiквiдацыя непiсьменнасцi. Лiкпункты мелi ў асноўным па адной праграме, рэдка па дзве, буквары чырвонаармейца, буквары “Наша нiва – наша сiла”, часопiс “Далоў непiсьменнасць!”, задачнiк Масленнiкава [38, 2178, л. 33]. Для батракоў выдаваўся спецыяльны лемантар, перакладзены з рускай на беларускую мову. У адозве секцыi беларускага мастацтва Iнбелкульта адзначалася: «З мастацкага боку iлюстрацыі да “Лемантара” нiжэй за ўсякую крытыку. Аўтар iх не ведае прапорцый чалавечых фiгур i не валодае тэхнiкай малюнка. Шмат якiя кампазiцыi робяць карыкатурнае ўражанне. З боку этнаграфiчнай сутнасцi малюнкi не маюць нiякай каштоўнасцi. Тыпы i твары батракоў узяты наогул з нейкага гумарыстычнага часопiса, дзе ўкраiнскiя хахлы з чумацкiмi вусамi перамяшаны з тыпамi Замаскварэчча. Вопратка таксама ўкраiнская i руская: украiнскiя свiтка i кажух, маскоўская касаваротка, шырокiя ўкраiнскiя штаны, маскоўскiя чунi, хахлацкiя шапкi» [47, 225, л. 265]. Мабыць, на такiм узроўнi былi i другiя беларускiя выданнi, таму няма нiчога дзiўнага ў тым, што яны не карысталiся попытам.

Звернемся да пытання аб фармiраваннi бiблiятэчнага фон­ду. Трэба адзначыць, што кiраўнiцтва рэспублiкi разумела вялiкую ролю бiблiятэк i кнiгi ў палiтычнай асвеце сялянства. Праўда, гаворка на гэтую тэму iшла пераважна ў форме лозунгаў i заклiкаў, накшталт наступнага: «Калi сяляне на вёсцы, калi ўсе вёскi нашай рабоча-сялянскай дзяржавы стыхiйна кiнуць клiч “Даеш нам газету i кнiгу!” i калi яны трапяць у самыя глухiя куткi i будуць чытацца, а не служыць курыцельнаю папераю, тады кожны селянiн у вёсцы, тады ўсе вёскi будуць удзельнiчаць у будаўнiцтве пралетарскай дзяржавы» [38, 2178, л. 33]. Цяжка ўявiць, каб сяляне чыталi кнiжкi, якiя, напрыклад, былi ў Крайскай валасной бiблiя­тэцы: “Почему воюют польские паны”, “В поход против голода”, “Английский империализм”, “Крестьянство и трудовая повинность”, “Крестьянин, держись за коммуну!”, “Барин, поп и кулак” i iншыя (усе 160 кнiг мелi ярка акрэслены прапагандысцкi характар). У Зембiнскай хаце-чытальнi сялянам прапаноўвалi брашуры “Новая экономи­ческая политика”, «Пуанкаре – “Война”», “Черемисы и чуваши”, “Женщины в Японии” i iнш. [15, 19, л. 5, 11].

Як бачна, працэс фармiравання фондаў сельскiх бiблiятэк быў падпарадкаваны перш за ўсё iдэалагiчным задачам. Галоўную ролю ў iм выконвалi партыйныя органы: Аддзел прапаганды i агiтацыі пры ЦК КП(б)Б i Галоўпалiтасвет пры Наркамаце асветы. За адпаведнасцю бiблiятэчных фондаў задачам савецкай улады сачылi пiльна. У адным з актаў рэвi­зii бiблiятэкi пры народным Доме ў Заслаўi падкрэслiвалася, што пры аглядзе фонду “выданняў сацыялiстаў-рэвалюцыя­нераў i iншых партый не аказалася, усе кнiгi палiтыка-асветнiцкага i навуковага характару” [17, 339, л. 14].

У 1925 г. палiтасветустановы перайшлi на свой бюджэт, якiм прадугледжвалася i набыццё лiтаратуры. На ўтрыманне народнага Дома ў год выдзялялася 575,5 руб., у тым лiку на набыццё кнiг – 75 руб., на хату-чытальню адпаведна – 431,5 i 60 руб. Усiм iснуючым у Беларусi сеткавым (дзяржаўным) палiтыка-асветным установам на пашырэнне бiблiятэчных фондаў выдзялялася 20 585 руб., што складала прыкладна 0,4% бюджэту Наркамата асветы. Па звестках ГПА, патрэба ў лiтаратуры задавальнялася толькi на 30% [38, 2178, л. 5 адв.].

У забеспячэннi вёскi кнiгай прымалi ўдзел Палiтасвет ЦК ЛКСМБ i Аддзел ЦК КП(б)Б па рабоце сярод жанчын. Каб актывiзаваць паступленне лiтаратуры на вёску, была зробле­на спроба стварыць розныя фонды за кошт узносаў гарадскiх ячэек ЛКСМБ і шэфскiх камiсiй. Што тычыцца шэфаў, то на iх ускладвалiся вялiкiя спадзяванні ў культурнай дапамозе вёсцы. Яны абслугоўвалi i нават за свой кошт утрымлiвалi хаты-чытальнi, чырвоныя куткi, выпiсвалi газеты, пасылалi кнiгi. Мiнскiя шэфскiя камiсii Ляхаўскага i Кастрычнiцкага раёнаў выпiсвалi для вёскi некалькi дзесяткаў экзэмпляраў газет, адправiлi амаль 5 тыс. кнiг, забяспечылi падшэфныя хаты-чытальнi ленiнскiмi бiблiятэкамi [38, 2178, л. 78].

Дзеля таго, каб бiблiятэкi працавалi i выконвалi сваю асветнiцкую ролю, былi неабходны адукаваныя кадры, але iх якраз i не хапала. У рэдкiх выпадках у народных Дамах была пасада бiблiятэкара, i яе займаў адукаваны чалавек. Часцей за ўсё загадчыкам быў больш-менш пiсьменны партыец або камсамолец, якi мог расставiць кнiгi па раздзелах, выдаць iх, правесцi першапачатковы кантроль. Што ж тычыцца хат­нiкаў, то большасць з iх былi малаадукаванымi людзьмi, якiя не маглi i, можна сказаць, не надта хацелi зацiкавiць чытача.

Не трэба забываць: iснавалi аб’ектыўныя прычыны для такога стаўлення да работы. Лепш за ўсё пра iх сведчаць дакументы, напрыклад вытрымка з пiсьма загадчыцы Лагойскай бiблiятэкi, напiсанага ў 1921 г. (прыводзiцца на мове арыгiнала): “Служу заведующей второй год (со дня открытия). Жалования и обмундирования не получала. С просьбой о получении жалованья обращалась к высшим органам – получила отказ. Без жалованья служить при такой дороговизне невозможно. В библиотеке холодно, нет дров, а если привезут, то длинные, которых не могу пилить и колоть. В настоящее время поместили военную библиотеку 29-го полка в одном помещении с местной. Заведующий очень часто забирает ключ и уходит куда-то, почему и не могу работать. Книги на дом не даю, потому что имею приказ зав.наробраза не выдавать книги до особого распоряжения. Имеется приказ за № 2183, что все библиотеки с 15 августа 1921 г. должны перейти к обязательной классификации по Международной Брюссельской десятичной системе, а на это требуются канцелярские принадлежности, которых не получала и не имею...” [18, 193, л. 8]. На гэтае пiсьмо прыкладна праз паўгода Барысаўскi павятовы камiтэт палiтасветы адрэагаваў наступным чынам: “...бiблiятэка знаходзiцца ў самым сумным стане. З боку адмiнiстрацыi няма нiякай дапамогi, у бiблiятэцы няма стала, лаўкi, пiсьмовых прылад...” [18, 193, л. 9]. Аднак палiтасвет нiякай канкрэтнай дапамогi не аказаў, толькi канстатаваў факт.

Яшчэ адно яскравае сведчанне – вытрымка са справаздачы загадчыка Смалявiцкага народнага Дома ад 19 мая 1925 г.: “Становiшча бiблiятэкi самае хаатычнае, кнiгi разарваны i састарэлi. Было кнiг каля 2000, многiя раздадзены без запiсу, адсутнiчае дастатковая колькасць добрых кнiжак” [14, 164, л. 341].

Галоўпалiтасвет звяртаў увагу на нездавальняльны стан бiблiятэчнай справы. У адным з цыркуляраў ГПА за 1926 г. гаварылася: “Нашы бiблiятэкi папаўняюцца непатрэбнай лiтаратурай, праца з чытачамi пастаўлена дрэнна. Вялiкай перашкодай з’яўляюцца малаквалiфiкаванасць бiблiятэкараў, слабы абмен вопытам” [14, 187, л. 577]. Каб выправiць становiшча, прадугледжвалася згодна з выпрабаванай схемай стварэнне Цэнтральнай бiблiятэчнай камiсii пры ГПА i бiб­лiя­тэчных аб’яднанняў на месцах. Адначасова Галоўпалiт­асвет рэспублiкi катэгарычна папярэджваў загадчыкаў 148 хат-чытальняў, што “яны адказваюць за захаванне лiтаратуры i беражлiвыя адносiны да яе”. У супрацьлеглым выпадку ГПА пагражаў “прыцягненнем да судовай адказнасцi” [17, 339, л. 101]. З мэтай кантролю быў распрацаваны спецыяль­ны фармуляр, якi ўключаў больш за 50 пытанняў. Загадчыкi запаўнялi гэтыя формы як хто хацеў: адны прыводзiлi лiчбы ў некалькi дзесяткаў, нават соцень чытачоў, прычым у асноў­ным дарослага насельнiцтва, што, безумоўна, малаверагодна; другiя па прычыне сваёй малапiсьменнасцi запаўнялi фармуляры без усялякага разумення. Напрыклад, на пытанне пад нумарам 49: “Якая чытальня (галосная цi цiхая)?” – загадчык Беларуцкай бiблiятэкi напiсаў “сярэдняя” [17, 228, л. 43, 44].

Безумоўна, галоўная роля ў знаёмстве сялян з кнiгай належала настаўнiкам. У разнастайных партыйных даку­ментах iм ставiлi ў абавязак часцей чытаць сялянам газету, падрабязна тлумачыць сэнс прачытанага, старацца так зацiкавiць слухачоў, каб яны пачалi выпiсваць газету. Аднак вiдавочна, што настаўнiцтва гэтым не займалася па шматлiкiх прычынах: не хапала сiл i часу нават на сваю непасрэдную справу, не было асаблiвага жадання, ды i не было чаго чытаць.

Метадычныя функцыі выконвала Мiнская акруговая бiблiятэка iмя А.С.Пушкiна. Разам з раённымi аддзяленнямi ў 1924 г. яе бiблiятэчны фонд налiчваў 68 тыс. кнiг, 151 пера­соўную бiблiятэчку ў сярэднiм з 80 кнiг. Але, як адзначалася на нарадзе загадчыкаў народных Дамоў i раённых бiблiятэк, “яны складалiся са старых брашур”. З мэтай дапамогi хатнiкам было зроблена сем выездаў у раёны, ва ўсе хаты-чытальнi было адпраўлена чатыры цыркуляры з метадычнымi ўказаннямі па бiблiятэчнай рабоце, праведзена нарада з культ­асветработнiкамi акругi. Iм было выдадзена каля 20 да­ве­дак па розных пытаннях бiблiятэчнай работы [14, 187, л. 577].

Акрамя цэнтралiзаванага забеспячэння кнiгамi, ажыццяў­ляў­ся i рознiчны гандаль. У гэтай справе iнiцыятыва належа­ла Беларускаму дзяржаўнаму выдавецтву i Беларускаму прадстаўнiцтву агенцтва “Сувязь”. Праўда, апошняе распаў­сюджвала ў асноўным газеты. Белдзяржвыдавецтва на тэрыторыi рэспублiкi адчынiла 25 раённых i 11 акруговых аддзяленняў, спрабавала стварыць сетку агентаў з аграномаў, настаўнiкаў, урачоў. А з хатнiкамi планавалася заключыць iндывiдуальныя дагаворы аб распаўсюджваннi лiтаратуры на камiсiйных асновах. Хаця працэнт камiсiйных быў даволi высокi – 12%, але хатнiкi вельмi неахвотна згаджалiся падпiсваць пагадненнi. Наогул рэалiзацыя кнiг iндывi­дуаль­ным пакупнiкам iшла вельмi слаба, таму што, як пiсаў адзiн з агентаў, “насельнiцтва з сялян, якiя да ўсяго, дзе трэба пла­цiць грошы, ставяцца адмоўна” [38, 2178, л. 33; 44, 269, л. 1].

Безумоўна, такую пазiцыю вяскоўцаў можна зразумець. Яны адчувалi патрэбу перш за ўсё ў практычных рэчах: у адрыўных календарах, кнігах па сельскай гаспадарцы, п’есах i спеўнiках для самадзейнасцi, нават падавалi заяўкi на брашуру “Самадзейны радыёпрыёмнiк”, а iм прапаноўвалi зусiм iншае. Напрыклад, на складзе ў г. Рагачове захоўвалiся для вёскi кнiжкi серый “Хата-чытальня”, “Ленiнская бiблiя­тэчка”, “Сялянская бiблiятэчка”, а таксама Канстытуцыя БССР, падручнiк палiтграматы i iнш. Прычым трэба адзначыць, што лiтаратура трапляла на вёску не так проста. Спiс кнiг неабходна было спачатку ўдакладнiць з АПА райкама партыi, а толькi потым прадаваць iх [38, 1786, л. 14].

З 1925 г. галоўную ролю ў гандлi кнiгай, цi, як тады гаварылi, у прасоўваннi кнiгi ў сялянскую масу, пачало адыгрываць акцыянернае таварыства “Кнiга – вёсцы”. Беларускае аддзяленне, створанае сумесна Дзяржвыдавец­твам i Наркаматам сувязi, пачало дзейнiчаць з верасня 1925 г. У Мiнску знаходзiлiся цэнтральная кантора i база, якiя забяспечвалi лiтаратурай 5 гарадскiх кiёскаў i 278 агенцтваў па ўсёй рэспублiцы [43, 306, л. 36]. Кожны агент шукаў памочнiкаў сярод паштальёнаў, настаўнiкаў, аграномаў, камсамольцаў, хатнiкаў. У кiёсках агенцтваў прадавалiся неабходныя селянiну дробязi i кнiгi па рознай тэматыцы: Зайцаў “Важныя рашэннi партыі аб сялянскай гаспадарцы”, Нiкулiхiн “Палiтыка партыi ў вёсцы”, Здрок “Лес i сялянская гаспадарка”, Папоў “Перасяленнi на новыя землi” i шмат iншых. На складзе таварыства “Кніга – вёсцы” ў 1926 г. захоўвалася 47 назваў кнiг па палiтычных пытаннях, 54 па сельскай гаспадарцы, 64 партрэты кiраўнiкоў партыi i ўрада, пiянерскiя i камсамольскiя значкi. Шырока быў прадстаўлены раздзел мастацкай лiтаратуры: Арлоў “Бабскiя справы”, М.Някрасаў “Смерць селянiна”, I.Тургенеў “Муму”, “Пры­гон­ная” i iнш. Усяго 52 назвы. Былi на складзе i беларускiя кнiгi: падручнiкi Я.Лёсiка, А.Смолiча, У.Iгнатоўскага, М.Га­рэц­кага [43, 2, л. 49, 53].

Але, як сведчаць матэрыялы абследавання дзейнасцi таварыства, найбольш папулярнымi былi мастацкая i дзiцячая лiтаратура, кнiгi па садоўнiцтве, пчалярстве, спеўнiкi i календары, асаблiва на рускай мове. За 1927 г. iх было прададзена на 18 тыс. руб., а на беларускай мове ўдвая менш. Палiтычная i навукова-папулярная лiтаратура попытам не карысталася. Наогул за першы год дзейнасцi таварыства прадалi кнiг усяго на 26 700 руб., за другi – на 44 700 руб. Былi кiёскi, у якiх на працягу месяца нiхто не купiў нiводнай кнiжкi [43, 306, л. 37].

Цiкавыя звесткi ўтрымлiваюцца ў статыстычнай справа­зда­чы аб продажы кнiг у сёлах Беларусi. Усяго прапаноўвалася 42 найменнi кнiг, аднак некаторыя з iх не карысталiся попытам, напрыклад: Юзэфовiч “Яравая пшанiца”, Халецкi “Селькор Iваноў”, Хрушчоў “Самавучыцель шыцця абутку”, “Сялянскiя сельскагаспадарчыя пабудовы”. Праўда, апошняя кнiжка вельмi дарагая, 1 руб. 75 кап., а астатнiя танныя, па 10–12 кап. Але, мабыць, справа не толькi ў цане, таму што зусiм не разышлася брашурка цаною ў 6 кап. “Як арганi­за­ваць суд над самагоншчыкамi”. Многа кнiг, якiх было прада­дзена па 1–3 экз. Сярод тых, якiя больш-менш разышлiся, наступныя: Шэфер “Параскева Пятнiца”, “Пугачоў”, М.Шо­ла­хаў “Алёшкава сэрца”, Фердынандаў “Развядзенне курэй”, Д.Фурманаў “Чапаеў”. Карысталася попытам брашура Пасадава “Метрычныя меры”, але самымi папулярнымi былi творы Дз.Беднага [43, 300, л. 365, 376], калi меркаваць па колькасцi прададзеных экзэмпляраў.

На падставе гэтых даных напрошваецца выснова, што некаторых кнiжак сяляне купiць не маглi з-за iх цаны, другiх купляць не хацелi, таму што не задавальнялi не толькi змест, а мабыць, яшчэ i якасць. Зацiкаўленыя арганiзацыi актыўна абмяркоўвалi праблему выдання больш таннай папулярнай дзiцячай, сялянскай лiтаратуры з каляровымi вокладкамi, малюнкамi. Ставiлася пытанне аб перакладзе кнiг з рускай на беларускую мову, таму што з развiццём працэсу беларусi­зацыi попыт на беларускамоўную лiтаратуру павялiчваўся. На патрэбы вёскi павiнны былi працаваць некалькi выдавецтваў, таму што адно ўжо не спраўлялася.

У другой палове 1920-х гг. пачалi практыкавацца папярэд­нiя заяўкi на кнiгi, якiя выконваліся на працягу 2–10 дзён, што дазваляла не трымаць у кiёсках дарагiх кнiг. Нiзавому звяну ўвесь час нагадвалася аб рэкламе i падборы кнiг, аб вывучэннi попыту насельнiцтва i рэгулярных справаздачах аб сваiх назiраннях у Цэнтр. Шырока практыкавалiся гандаль у базарныя днi, правядзенне розных кампанiй, напрыклад “каляндарных”. Мiнiстэрства фiнансаў нават вызвалiла таварыства як культурна-асветнiцкую, а не камерцыйную арганiзацыю ад падатку за гандаль спадарожнымi таварамi.

Нельга абысцi пытання распаўсюджвання газет, таму што яны, як i кнiгi, а мабыць яшчэ больш чым кнігі, выконвалi важныя палiтычныя i асветнiцкiя задачы. У рэспублiцы ў першай палове 1920-х гг. выходзiлi 9 газет: 2 на рускай, 3 на беларускай, 2 на польскай i 2 на яўрэйскай мовах. У тага­часных газетах друкавалася шмат карысных для вёскi матэрыялаў: аб навуковых метадах вядзення гаспадаркi, новых культурах, асноўных кiрунках савецкай палiтыкi, кааперацыi, мелiярацыі i iнш. Выдаваўся спецыяльны сельскагаспадарчы часопiс “Плуг”.

Аднак на больш чым 3,5 млн. жыхароў у 1924 г. вёска атрымлiвала ўсяго 18 500 экзэмпляраў газет, з iх па падпiсцы 1654 экзэмпляры [23, 11, л. 65]. Таму, на наш погляд, гаварыць аб дастатковым iнфармацыйным забеспячэннi дзяржаўнай палiтыкi на вёсцы няма сур’ёзных падстаў. Улiчваючы сiтуацыю, Бюро ЦК КП(б)Б у лютым 1925 г. звярнула ўвагу на неабходнасць “паставiць на належную вышыню распаўсюджванне газет i папулярызацыю кнiгi на вёсцы” [22, 6, л. 53]. ХІІІ з’езд РКП(б) абвясцiў лозунг “На 10 двароў – 1 газета”, але ў Беларусi ён быў выкананы толькi на адну трэць: на 34 гаспадаркi – 1 газета. Распаўсюджвалiся газеты праз сельскiх карэспандэнтаў. У пачатку 1925 г. гэтай справай займалiся да 80 чалавек. За работу яны атрымлiвалi адзiн экзэмпляр i 10% ад выручкi пры наяўнасцi 10 пад­пiсчыкаў. Шырока практыкавалася калектыўная выпiска газет. Напрыклад, у тым жа 1925 г. калектыўна выпiсваліся 5482 экзэмпляры, а iндывiдуальна – 1812 [38, 1786, л. 7].

Трэба адзначыць, што палiтасветустановы забяспечвалiся газетамi i часопiсамi цэнтралiзавана, праз вышэйшыя арганiзацыi. Напрыклад, для ўсiх хат-чытальняў i народных Дамоў з 1 лютага 1925 г. выпiсвалiся часопiсы “Деревенский театр” i “Деревенский самоучитель”. Мiнскi акруговы палiт­асвет спадзяваўся, што 151 часопiс будзе выкарыстаны для “арганiзацыi гурткоў самаадукацыi i наладжвання здаровага i карыснага адпачынку бядняцкiх i серадняцкiх мас”. Праз некаторы час ужо акруговая бiблiятэка паслала запыты аб якасцi часопiса “Деревенский театр” i неабходнасцi далейшай падпiскi на яго, адначасова паведамляючы, што выпiсала для хат-чытальняў часопiс “Изба-читальня”. Самым забяспеча­ным быў Койданаўскi народны Дом (мабыць, улiчвалася яго прыгранiчнае становiшча); iншыя раённыя палiтасветуста­но­вы атрымлiвалi выданні перыядычнага друку ў значна меншых памерах. Калi ў Койданаве ў наяўнасцi было 11 вiдаў газет i часопiсаў, то ў Лагойску 4. Яшчэ горшыя былi справы ў хатах-чытальнях: некаторыя з iх атрымлiвалi толькi 1 экзэм­­пляр, у асноўным газету “Бедната”, распаўсюджаны бы­лi таксама “Советская Белоруссия” i “Звязда”[14, 159, л. 74].

Досыць адметная рыса палiтыка-асветнiцкага жыцця вёскi – насценныя газеты, першыя з якiх з’явiлiся ў Беларусi летам 1921 г. Яны выпускалiся ў некаторых камунах, а таксама актывiстамi хат-чытальняў. Існавалi валасныя i нават вясковыя газеты [123, с. 118–120]. Актыўную ролю ў выпуску насценных газет выконвалi камсамольцы, аб чым сведчаць назвы газет: “Камсамольскi факел”, “Малады араты” i iнш. Справа настолькi захапляла, што на канферэн­цыi загадчыкаў хат-чытальняў у маi 1924 г. было вырашана “выпускаць насценную газету раз у 2 тыднi, а перад спектаклем вусную” [29, 927, л. 50 адв.]. Працэс развiваўся досыць актыўна: напрыклад, за апошнi квартал 1926 г. было выпушчана больш за тысячу насценных газет, у рэспублiцы працавалі 1755 селькораў [23, 137, л. 166]. Безумоўна, гэта была новая з’ява, невядомая, нават цiкавая. Яна прывяла да ўзнiкнення селькораўскага руху. Аднак нельга не ўлiчваць другога боку гэтай з’явы: насценныя газеты сваiмi выкры­вальнымi матэрыяламi яшчэ больш абвастралi сацыяльна-псiхалагiчную напружанасць у вёсцы, аб чым сведчаць працэсы селькораў сярэдзiны 20-х гг. i выпадкi забойства аўтараў допiсаў.

Здавалася, рабiлася ўсё магчымае i немагчымае дзеля таго, каб кнiга, а з ёю i асвета прыйшлi ў вёску. Аднак нi эканамiчныя, ні сацыяльна-псiхалагiчныя абставiны не спрыялi таму, каб бiблiятэка i кнiга занялi належнае месца ў культурным жыццi вёскi. Мабыць, галоўным было тое, што савецкая ўлада вырашыла выхаваць вёску ў новым, савецкiм кiрунку. Замест развiцця асветы ў рэчышчы агульначалаве­чых, гуманiстычных, хрысцiянскiх традыцый пачалi наса­джац­ца iдэi класавай барацьбы, вернасцi партыi, савецкай уладзе. Таму вёску захлiснула хваля нiзкаякаснай, прымiтыўнай лiтаратуры. Прычым адсутнiчалi нават самыя элементарныя ўмовы для яе прапаганды, нягледзячы на шматлiкiя рашэннi вышэйшых органаў.

Важнымi прычынамi з’яўлялiся адсутнасць квалiфiкаваных кадраў, уменняў i жаданняў развiваць бiблiятэчную справу. Не спрыяла пашырэнню кнiгi сацыяльна-эканамiчнае стано­вiш­ча вёскi, таму што якраз у гэты час вырашалiся жыццёва важныя для сялянства пытаннi, адказу на якiя не маглi даць нi палiтасветустановы, нi кнiгi, нi тыя, хто iх распаўсюджваў. Патрэбен быў час, каб сiстэма палiтычнага асветнiцтва, у якой адна з галоўных роляў адводзiлася бiблiятэкам, пачала дзейнiчаць.

З сярэдзiны 1920-х гг. Савецкая дзяржава стала карыстацца больш эфектыўнымi сродкамi масавай iнфармацыi – радыё i кiно. Дзякуючы зрокавай i слыхавой даступнасцi, яны маглi досыць актыўна ўздзейнiчаць на малапiсьменнае сялянства. Безумоўна, дзейнасць новых сродкаў iнфармацыi адразу ж аказалася пад кантролем партыйных i савецкiх органаў i падпарадкоўвалася перш за ўсё выкананню iдэалагiчных задач. Аб гэтым сведчыць, мiж iншым, абмеркаванне пытання кiнематаграфiчнай справы на пасяджэннях Бюро ЦК КП(б)Б i Галоўпалiтасвета. Важнасць кiна- i радыёсправы, неабходнасць iх цеснай сувязi з усёй сiстэмай палiтасвет­работы падкрэслiвалiся на Першым з’ездзе хатнiкаў. У яго рэзалюцыi гаварылася: “...Вакол карцiны павiнна разгорт­вацца актыўная тлумачальная работа. Папярэдняя гутарка павiнна праводзiцца праз галоснае чытанне надпiсаў, тлумачэнне iх, заўвагi па сэнсе фiльма. Пасля кiно гутарка павiнна адбывацца на аснове матэрыялаў карцiны i сувязi са з’явамi мясцовага жыцця...” [22, 136, л. 243].

На аснове архiўных звестак можна зазначыць, што раз­вiццё кiнасправы ў вёсцы пачалося з 1925 г. пасля набыцця па адной кiнаперасоўкі на акругу. У гэтым жа годзе пачала дзейнiчаць арганiзацыя “Кiно – вёсцы”. Першапачаткова па вёсках дэманстравалiся выпадковыя стужкi, якiя былi ў наяўнасцi, ад “Савецкiя лекi” да “Збору ананасаў”. Аднак з развiццём кiнасправы на вёсцы з’явiлiся новыя карцiны: “Барацьба з засухай”, “Жонка старшынi рэўкама”, “Дарога да шчасця”, “Усiм на радасць” (аб кааперацыі), “Вораг народа” (аб шкоднасцi самагону) i iнш.

З 1926 г. пачынаецца актыўная iдэалагiчная прапаганда з выкарыстаннем 25 кiнаперасовак. У наступныя гады iх коль­касць хутка ўзрастала. З вясковых камунiстаў i камсамольцаў на адпаведных курсах рыхтавалiся кадры кiнамеханiкаў. Гэты факт адлюстроўвае вялiкае значэнне, якое ўлада надавала агiтацыi i прапагандзе сродкамi кiно. Каб трымаць пад кан­тролем працэс, якi толькi набiраў сiлу, вясковыя кiнамеханiкi абавязвалiся даваць справаздачы па кожным сеансе. Яны дапаўнялiся заключэннем мясцовага настаўнiка або палiтасветработнiка.

У 1927 г. у рэспублiцы дэманстравалася больш за 100 кiна­стужак, сярод iх «Браняносец “Пацёмкiн”», “Як Пятунька ездзiў да Ільіча”, “Хто каго”, “Агнi Кiтая” i iнш. Нельга не пагаджацца з тым, што для сялян кожны сеанс атаясамлiваўся з цудам, якога яны не толькi нiколi не бачылi, але аб якiм i не чулi. Паглядзець кiно сыходзiлiся цэлымi вёскамi. Напры­клад, у лiстападзе 1926 г. больш за 300 чалавек у адной з вёсак Шацкага раёна пад адкрытым небам сабралiся на прагляд карцiны “Сiгнал”. Кiнамеханiк паведамляў: “Сеанс прайшоў добра. Усе былi зацiкаўлены, бо першы раз бачылi кiно”. Настаўнiк дадаваў: “Карцiна прайшла цудоўна. Зацi­каў­ленасць сялян неймаверная...” [14, 208, л. 58]. Мiж тым у некаторых справаздачах можна знайсцi нараканнi на карцiну “Павук i муха”, якую кiнамеханiк ахарактарызаваў так: “Нецiкавая карцiна. Сеанс прайшоў кепска”. Аб гэтай стужцы загадчык народнага Дома з мястэчка Шацк напiсаў: “Карцiна нiкуды не вартая. За што плацiць грошы?” Настаўнiк звяртаў увагу “на неабходнасць для вёскi больш рэвалюцыйных i сельскагаспадарчых карцiн” [14, 208, л. 54, 55].

Неабходна адзначыць, што i ў кiнасправе карысталiся класавым прынцыпам. Напрыклад, у Смалявiцкiм раёне вызвалялiся ад платы вучнi, батракi i бедната пры прад’яў­леннi iмi даведак Камiтэта сялянскай узаемадапамогi. На карашках бiлетаў адзначалiся нумары членскiх бiлетаў батракоў i пасведчанняў беднаты [14, 208, л. 209].

Безумоўна, кiно мела вялiкае значэнне ва ўздзеяннi на псiхiку сялянства, ствараючы iлюзiю цуда, iснавання побач, недалёка ад роднай вёскi, другога жыцця, больш культурнага, багатага i лёгкага. Фармiравалiся ўстойлiвыя ўяўленнi аб тым, што справа iдзе цяжка i не так, як хацелася б, толькi ў блiзкiм наваколлi. А ўсюды быццам бы вiруе больш цiкавае жыццё, якiм кiруюць адукаваныя, таленавiтыя, рашучыя асобы. На наш погляд, праблема ўплыву кiно на псiхала­гiчную атмасферу вёскi патрабуе больш дэталёвага даследа­ван­ня ў рамках псiхагiсторыі.

Аднак неабходна прызнаць некаторую абмежаванасць магчымасцей кiнасправы першых гадоў яе развiцця. Яна была абумоўлена матэрыяльнай слабасцю дзяржавы, якая не магла задаволiць патрэбы вёскi ў кiнаперасоўках, кiнастуж­ках, кадрах кiнамеханiкаў. Нават у 1927 г. iснавалi раёны (напрыклад, Бягомльскi), у якiх не дзейнiчала кiнаперасоўка, у другiх (напрыклад, у Лепельскiм) не хапала кiнамеханiкаў [24, 1341, л. 25]. Згодна са справаздачамi за 1926 г. 25 кiна­перасовак правялi больш тысячы сеансаў, якiя наведалi амаль 272 тыс. чалавек [23, 50, л. 228], што складала нязнач­ную частку сельскага насельнiцтва. На сярэдзiну 1927 г. кiно паглядзелi каля мiльёна вяскоўцаў [23, 20, л. 38].

Непараўнальна большыя магчымасцi для iдэалагiчнай апрацоўкi насельнiцтва давала радыё, iнфармацыя якога аказвалася аператыўнай i ўсёпранiкальнай. Не выпадкова кiраўнiцтва Кампартыі Беларусi звяртала ўвагу на пашырэнне радыё i кiно на вёсцы, аб чым сведчыць пастанова ЦК КП(б)Б ад 11 лiстапада 1927 г. [272, с. 457]. Аднак матэрыяльныя магчымасцi рэспублiкi не дазвалялi наладзiць шырокага радыёвяшчання. Распаўсюджванне радыё, як i кiно, пачалося больш-менш прыметна з 1926 г., калi трэць вясковых палiтасветустаноў набыла гучнагаварыцелi i дэтэктарныя прыёмнiкi. ЦК КП(б)Б канстатаваў, што “радыё ў асноўным устанаўлiваецца за кошт грамадскасцi” [23, 137, л. 166]. Каб устанавiць радыё, трэба было 300 руб., райвыканкамы не маглi выдзелiць такой сумы, а сярод насельнiцтва сабраць яе аказалася досыць складана. У некаторых вёсках Магiлёўшчы­ны на агульных сходах сяляне прымалi рашэнне аб самаабкладаннi на карысць радыё [23, 136, л.678].

Падводзячы вынiкi, неабходна зазначыць: iнфармацыйнае забеспячэнне дзяржаўнай палiтыкi на вёсцы не зусім адпавя­дала пастаўленым перад iм задачам. Сiстэма iнфармацыi перш за ўсё пакутавала ад недахопу сродкаў i кадраў, тым больш што аб’ектам дзейнасцi з’яўлялася малаадукаванае вясковае насельнiцтва. Нягледзячы на з’яўленне розных арганiзацый, якiя займалiся прасоўваннем на вёску кнiг, кiно i радыё, на распрацоўку афiцыйных дакументаў, што надавалi важнае значэнне актывiзацыi iнфармацыйнай дзейнасцi, яе зблiжэнню з палiтыка-асветнiцкай работай, вёска, па словах наркама асветы А.Балiцкага, “у большасцi жыве яшчэ чут­камi, часам вельмi фантастычнымi, жыве ў цемры” [88, с. 2].

Падзяляючы погляд наркама, мы лiчым, што ў сялянскiм асяроддзi 1920-х гг. чуткi з’яўлялiся адной з галоўных крынiц задавальнення патрэбы ў iнфармацыі, спробай растлумачыць незразумелую сiтуацыю, атрымаць адказы на хвалюючыя пытаннi, тым больш, што падстаў для ўзнiкнення чутак у тагачасным жыццi iснавала шмат, ад сацыяльна-эканамiчных да iнфармацыйных.

Нязначныя iнфармацыйныя магчымасцi i непiсьменнасць насельнiцтва, характэрныя для 1920-х гг., сталi самай спрыяльнай глебай для ўзнiкнення чутак. Дзяржаўныя дакументы на месцах тлумачылi хто як мог i хацеў i, самае галоўнае, праводзiлi ў жыццё такiмi ж сродкамi. Малаадука­ва­нае мясцовае кiраўнiцтва не заўсёды аказвалася на вышынi дзяржаўных задач, тое ж можна сказаць i аб сельскiх партыйцах. Непiсьмснная вёска не магла задаволiць сваёй патрэбы ў iнфармацыі праз перыядычны друк, выданнi якога ў нязначнай колькасцi распаўсюджвалiся праз афiцый­ныя палiтыка-асветныя ўстановы. Трапляючы ў хаты-чытальнi цi сельсаветы, вельмi рэдка газета iшла ў масы. Шматлiкiя лiстоўкi, плакаты толькi заклiкалi сялянства да выканання чарговага задання партыi i ўрада. Разнастайныя мiтынгi, даклады i кампанii дэманстравалi адсутнасць канкрэтнай iнфармацыi. Лiтаратуру ў выглядзс брашур, кнiг сялянства купляла мала, бо знешне яны былi малапрываб­нымi i змест iх заставаўся незразумелым. Радыё i кiно толькi пачыналi сваё пранiкненне ў вёску.

У 1921–1927 гг. былi вызначаны i прайшлi выпрабаваннi на практыцы як структура, так формы i метады палiтыка-асветнiцкай работы. Распрацоўкай яе важнейшых кiрункаў i задач на працягу многiх гадоў займалiся самыя вядомыя дзеячы Камунiстычнай партыi. У якасцi галоўнай мэты палiтасветработы была вызначана неабходнасць далучэння шырокiх колаў дарослага насельнiцтва да партыйнай iдэалогii, выхавання яго ў рэчышчы савецкага патрыятызму. Дзеля дасягнення названай мэты стваралася i пастаянна ўдасканальвалася сiстэма палiтыка-асветных устаноў як у горадзе, так i ў вёсцы, падбiралiся адпаведныя кадры, формы i метады работы. У межах культурнай рэвалюцыi насаджалiся новыя iдэi i маральныя прынцыпы, прывiвалiся новыя этыка i эстэтыка, прычым гэта рабiлi людзi, зусiм неадпаведныя iдэалу асветнiка. У водаварот новай культуры была ўцягнута значная частка сялянства, асаблiва моладзi, што садзейнiчала расколу вёскi не толькi па эканамiчнай, але па iдэалагiчнай i ўзроставай прыметах. Лiнii расколу не заўсёды супадалi, а ў многiх выпадках праходзiлi праз асобныя сем’i, ускладняючы яшчэ больш унутрывясковую сiтуацыю. Шумныя прапаган­дысц­кiя кампанii, агiтацыйная мiтынгоўшчына не апраўдвалi ўскладзеных на iх спадзяванняў, бо праводзiлiся няўмела, назойлiва, iгнаруючы эканамiчныя магчымасцi i сацыяльна-псiхалагiчныя асаблiвасцi сялянства.

Арыентацыя дзяржавы на палiтычнае асветнiцтва рэзка змянiла духоўную атмасферу вёскi, яе характэрнай рысай стала суiснаванне этнiчнай культуры сялянства i новай савец­кай культуры. Народная культура замкнулася ў сваiм развіцці i нязменных формах, новая культура набыла значэнне дзяржаўнай i адпаведную падтрымку.

Немалаважнае значэнне для вёскi набываў працэс фармiра­ван­ня нацыянальнай культуры i цесна звязаны з iм працэс па­шырэння нацыянальнай самасвядомасцi. Важнейшае зна­чэн­не ў гэтым сэнсе набывала дзейнасць вясковай iнтэлiген­цыi.

На лiквiдацыю аграрнай непiсьменнасцi вяскоўцаў было скiравана афiцыйнае агракультурнае асветнiцтва. Аднак, не маючы магчымасцi скарыстаць папярэднi вопыт, адчуваючы абмежаванасць у сродках i спецыяльных кадрах, савецкая ўлада не змагла ў 1920-я гг. наладзiць эфектыўную сiстэму сельскагаспадарчай асветы.

Па тых жа прычынах iнфармацыйнае забеспячэнне ўсiх кiрункаў дзяржаўнай культурнай палiтыкi не адпавядала па­стаўленым задачам.