Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

2.3. Культурнае асветнiцтва

2.3.1. Тэатральнае аматарскае мастацтва

Аналiз шматлiкiх архiўных дакументаў дае аргументава­ную падставу для высновы аб адначасовым iснаваннi ў вёсцы на пачатку 1920-х гг. дзяржаўных палiтыка-асветных устаноў у выглядзе хат-чытальняў i аматарскiх культурна-асветнiцкiх гурткоў. Гэтая акалiчнасць дазваляе падзялiць культурныя працэсы, якiя адбывалiся ў вясковым асяроддзi, на палiтычнае i культурнае асветнiцтва. Трэба заўважыць, што культурна-асветнiцкiя гурткi ўзнiклi па iнiцыятыве знiзу яшчэ ў 1917 г. У ліку іх, напрыклад, гурток у Дукоры [19, 17, л. 18]. У 1919 г. такiя аб’яднаннi iснавалi ў многiх месцах, асаблiва на Ігуменшчыне, i пачалi працаваць больш-менш актыўна пасля адыходу палякаў [19, 132, л. 19, 19 адв.]. Адным з самых раннiх i дакументальна зафiксаваных быў культурна-асветнiцкi гурток “Вір”. Да яго арганiзацыі мела дачыненне вучнёўская моладзь з мястэчка Блонь (былы маёнтак вядомага народнiка А.Бонч-Асмалоўскага) на чале з настаўнiкам В.Ажгiрэем. 3 мая 1919 г. Iгуменскi аддзел народнай асветы зацвердзiў яго статут. Аднак праз год, у красавiку 1920 г., гурток, у складзе якога працавалі 25 чалавек, разагналi палякi, арыштавалi старшыню. Праз тры месяцы пасля адыходу палякаў гурток аднавiў сваю работу [19, 32, л. 36].

Мясцовая iнiцыятыва была заўважана, i ўжо ў лютым 1920 г. Гомельскi губернскi аддзел народнай асветы, якому падначальвалiся ўстановы асветы на неакупіраванай тэрыто­рыi Беларусi, звярнуў увагу на неабходнасць стварэння рабоча-сялянскiх культурна-асветнiцкiх гурткоў, “мабiлiзую­чы дзеля гэтага ўсе наяўныя сiлы воласцi”. Гурткi павiнны былi складацца з некалькiх секцый: мастацкай, музычнай, лiтаратурнай, харавой i драматычнай, у якiя “патрэбна запрашаць толькi сялян, каб у будучым яны сталi iнструк­тарамi ў працы на вёсцы” [18, 134, л. 17]. Мабыць, такiм чынам меркавалася падняць мастацкi ўзровень мас, выявiць iх творчыя сiлы i магчымасцi. Заклiкi, загады аб стварэннi культурна-асветніцкіх гурткоў паўтаралiся яшчэ не аднойчы, таму што “iх роля ў справе пазашкольнага будаўнiцтва вельмi значная” [19, 32, л. 35].

Як сведчаць дакументы, пастановы вышэйшых органаў былi актыўна падхоплены. У многiх валасцях, асаблiва на Барысаўшчыне, арганiзуюцца культурна-асветнiцкiя гурткi. Рэвалюцыйныя энтузiязм i эйфарыя захапiлi асаблiва мо­ладзь. Па прычыне юнацкага максiмалiзму яна верыла зага­дам i заклiкам. Чым iншым можна растлумачыць з’яўленне наступных радкоў, якiя запiсалi 26 чэрвеня 1920 г. у пра­таколе агульнага сходу настаўнiкi Дзмiтравiцкай воласцi Барысаўскага павета: “Тэрмiнова прыступiць да арганiзацыi культасветгуртка ў наступных населеных пунктах... i прасiць рэўкам выдзелiць для гэтай мэты памяшканні, аддзел асветы – аб забеспячэннi ўсялякай лiтаратурай, п’есамi i тэатральнай абстаноўкай, а таксама аб сродках на абсталяванне культ­асвет­гуртка i ўтрыманне служачага пры iм. Для работы запрасiць школьных работнiкаў i мясцовых грамадзян” [18, 26, л. 11]. Змест цытуемага дакумента дастаткова ясна адлю­строўвае энтузiязм удзельнiкаў сходу, адсутнасць у iх пачуц­ця рэальнасці, iнакш яны б не спадзявалiся на памяшканнi, лiтаратуру, сродкi i iнш.

Тое ж можна сказаць аб рашэннi сходу ў мястэчку Эсьманы ад 25 мая 1920 г.: “Звярнуцца ў павет з просьбай аб прысылцы iнструкцый i статута. Кожны школьны работнiк на святах павiнен арганiзаваць чытаннi i гутаркi з насельнiц­твам. Прыступiць да абсталявання сцэны, прасiць аванс i матэрыялы для сцэны” [18, 12, л. 38]. Не менш цiкавым i характэрным было рашэнне сходу грамадзян мястэчка Красналукi: “Згодна загаду Барысаўскага павятовага АНА за № 60, у воласцi неабходна стварыць культасветгурток... Хадайнiчаць перад АНА аб рэквiзiцыi памяшкання i патраба­ваць сродкаў на яго прыстасаванне да мэт гуртка” [18, 12, л. 12]. Звернем увагу на форму выказвання: “згодна загаду”, “неабходна”, “патрабаваць”. У вынiку на пачатак 1921 г. на Барысаўшчыне налiчвалася 27 культасветгурткоў i 2 драма­тыч­ныя гурткi, прыблiзна такая ж сiтуацыя склалася на Мiншчыне, асаблiва ў Койданаўскай воласцi [18, 150, л. 67; 17, 229, л. 2, 23].

Рэвалюцыйны рамантызм праяўляўся ў тых высокiх мэтах, якiя ставiлi арганiзатары гурткоў. Напрыклад, Струпеньскi гурток з Барысаўшчыны меў на ўвазе “распаўсюджванне сярод насельнiцтва, асаблiва моладзi, навуковых ведаў, развiццё мастацкага i музычнага густу, наогул пад’ём духоў­нага ўзроўню... шляхам самаадукацыі, чытання навуковых кнiг, правядзення лекцый i гутарак...” [18, 159, л. 7; 413, л. 17а]. Другiя планавалi даваць па 2 спектаклi ў месяц, чытаць навуковыя лекцыi, раз у месяц выступаць з канцэртам i г.д. Аднак рэчаiснасць хутка расставiла ўсё па сваiх месцах, таму што праблемы пачыналiся адразу, i самая галоўная з iх – адсутнасць адпаведных кадраў, неабходных сродкаў. У спра­ве таго ж Струпеньскага гуртка захоўваюцца анкеты усiх 12 яго сяброў. Большасць з iх – настаўнiкi, некаторыя закончылi народнае вучылiшча, астатнія – двухмесячныя настаўнiцкiя курсы [18, 401, л. 1].

Сярод арганiзатараў культурна-асветнiцкiх гурткоў сустракалiся i чырвонаармейцы, якiм, мабыць, належыць аўтарства прыняцця рашэнняў накшталт наступнага: “Секцыi абавязаны штотыдзень падаваць праўленню справаздачу аб сваёй дзейнасцi. Праўленне павiнна збiрацца кожную нядзелю для абмеркавання бягучых спраў. Штомесячна ў першую нядзелю пасля 1 чысла збiраць агульны сход усiх сяброў для абмеркавання справаздачы праўлення за месяц” [18, 67, л. 56 адв.]. Вось так ужывалiся разам высокiя мэты, юнацкi рамантызм i самы прымiтыўны бюракратызм. Таму спадзявацца на эфектыўнасць працы падобных аб’яднанняў не было падстаў.

Звернем увагу на тое, што многiя з культурна-асветнiцкiх гурткоў стваралiся па iнiцыятыве мясцовага кiраўнiцтва i таму апынулiся ў арбiце дзяржаўнай палiтыкi. Ад iх патрабавалася весцi прапаганду партыйнай лiнii, толькi ўжо сродкамi мастацтва. З цягам часу, асаблiва пасля стварэння афiцыйнай структуры палiтасветустаноў, цiкавасць да гурткоў падае. Усе iх спробы прыцягнуць да сябе ўвагу натыкаюцца на адмоўную рэакцыю кiруючых iнстанцый. Напрыклад, Барысаўскi павятовы палiтасвет у 1921 г. указваў, што “дзяржаўнай установай з’яўляецца валасны палiтасвет, гэтым ён i адрознiваецца ад культасветгурткоў, якiя з’яўляюцца толькi прыватнай арганiзацыяй, што ўзнiкае толькi па iнiцыятыве некалькiх асоб, альбо з’яўляецца падсобнай арганiзацыяй валаснога палiтасвета ў правядзеннi работы” [18, 185, л. 2].

Такiм чынам, на пачатку 1921 г. пошукi аптымальнага варыянта ўздзеяння на вёску закончылiся не на карысць культурна-асветнiцкiх гурткоў. І хаця вясковая моладзь адгукнулася на заклiк зверху, эфектыўнасць плануемай дзейнасцi ў сферы партыйнай прапаганды сродкамi мастацтва не задаволiла кiруючыя органы. Стаўка была зроблена на масавыя палiтасветустановы ў форме хат-чытальняў. Час паказаў: найбольш жыццяздольнымi з усiх культасветгурткоў аказалiся драматычныя, якія працягвалi iснаваць яшчэ пэўны час. Iх дзейнасць была вiдовiшчнай, а таму прывабнай, зразумелай, даступнай сялянскай масе. Менавiта гэтая акалiчнасць дае падставу гаварыць аб адначасовым iснаваннi палiтыка- i культурна-асветнiцкай работы.

Станаўленне самадзейных драмгурткоў суправаджалася матэрыяльнымi праблемамi: не хапала прыстасаваных памяшканняў, грыму, дэкарацый, п’ес i многага iншага, адчуваўся недахоп выканаўцаў, асаблiва на жаночыя ролi. Не выпадкова Мiнскi аддзел народнай асветы прасiў уключыць у каштарыс пункт аб выдачы аматарскiм гурткам тэатральнай лiтаратуры, парыкоў, дэкарацый, касцюмаў, касметыкi. Кiраўнiцтва аддзела спадзявалася такiм чынам “паставiць драматычныя гурткi на належную вышыню як у мастацкiм сэнсе, так i сэнсе ўздзеяння на масы” [17, 337, л. 219].

Мясцовыя энтузiясты, са свайго боку, засыпалi павятовае кiраўнiцтва просьбамi, даходзiла нават да смешнага. Напрыклад, з Вяляцiцкай воласцi, што на Барысаўшчыне, прасiлi грамафон з пласцiнкамi, таму “што шырокiя сялянскiя масы не атрымоўваюць нiякiх забаў i мала цiкавяцца бiблiятэкай, а калi будзе грамафон, то можна будзе iх лёгка збiраць i агiтаваць” [18, 166, л. 6]. Абуранае начальства наклала наступную рэзалюцыю: “Прыслаць характарыстыку старшынi валаснога палiтасвета i пратаколы” [18, 175, л. 1]. З дру­гой воласцi скардзiлiся на дзяўчат-настаўнiц, якiя не з’явiлiся на рэпетыцыю, а некаторыя нават адмовiлiся ад сваiх роляў, i прасiлi накласцi на iх “самае строгае дысцы­плi­нарнае спагнанне” [18, 163, л. 58]. Некаторыя гурткi прасiлi прыслаць iм рэжысёра, грым, п’есы i iнш.

Аднак, нягледзячы на адсутнасць дэкарацый, грыму, цвi­коў, шпалераў, дошак, паперы i многага iншага, энтузiясты-аматары ставiлi спектаклi, праводзiлi лiтаратурныя вечарыны i чытаннi, пашыраючы межы асветнiцтва. Калi верыць справаздачам, у многiх месцах перад пачаткам спектакля арганiзоўвалася чытка газет. І толькi ў адной справаздачы гаварылася, што “спектакль прайшоў не вельмi ўдала, бо артысты аказалiся дрэнна падрыхтаванымi” [18, 182, л. 13].

У азначаны перыяд вясковыя драматычныя гурткi часта супрацоўнiчалi з чырвонаармейскiмi, асаблiва гэта тычылася прыгранiчных раёнаў. Разам было лягчэй збудаваць сцэну, знайсцi дэкарацыi, падабраць рэпертуар. У некаторых месцах супрацоўнiцтва прыводзiла да таго, што кiруючыя асобы нiяк не маглi падзялiць уладу. Напрыклад, начальнiк Койданаў­скага гарнiзона паведамляў загадчыку аддзела асветы аб маючых адбыцца 17–19 снежня 1921 г. спектаклях на карысць галадаючых, i па гэтай прычыне нiкому не дазваля­лася займаць народны дом. У адказ загадчык АНА даводзiў, што “ўсе клубы i народныя дамы воласцi знаходзяцца пад непасрэдным кiраўнiцтвам валаснога палiтасвета, а не начальнiка гарнiзона. Таму палкавая трупа павiнна прасiць дазволу на карыстанне памяшканнем, тым больш, што трупай выбiты шыбы, якiя да гэтага часу не ўстаўлены, i пакуль гэта не будзе зроблена, сцэна давацца не будзе” [17, 229, л. 19, 20].

Разам з чырвонаармейцамi адметнае месца ў драмгуртках займалi настаўнiкi. Напрыклад, у памежным мястэчку Крайск дзейнiчаў гурток пад кiраўнiцтвам валаснога палiтасвета, створаны школьнымi работнiкамi i байцамi батальёна, раскватараванага ў мястэчку. Сябры гуртка ладзiлi спектаклi, праводзiлi канцэрты, мiтынгi, прысвечаныя харчовай кампа­нii, барацьбе з бандытызмам. Перад спектаклем абавязкова адбываўся мiтынг, на якiм “падрабязна характарызавалiся ўстойлiвасць савецкай улады i зло бандытызму”. Пасля спектакляў мясцовы хор спяваў “Інтэрнацыянал”, “Адвеку мы спалi...” i iншыя песнi [18, 150, л. 7, 7 адв.].

Не абышлося без спробы валасных палiтасветаў паставiць пад кантроль дзейнасць культурна-асветнiцкiх гурткоў. Прад­стаў­нiкi апошнiх уваходзiлi ў склад палiтасветаў, iм прапа­ноў­валася выбiраць праўленне, прымаць статут i рэгiстравац­ца ў пазашкольным аддзеле валаснога палiтасвета. Аднак на справе аказвалася не так i важна, каму падпарадкоўваюцца гурткі. Палiтасветы не толькi не маглi аказаць ім матэрыяль­най дапамогi, але нават былi не ў стане спынiць перадачу тэатральных памяшканняў пад розныя гаспадарчыя службы.

Закранула аматарскiя гурткi i нэпаўская iдэя самаакуп­насцi. Напрыклад, аддзел асветы Мiнскага выканкама ў канцы 1921 г. раiў усiм валасным палiтасветам, як трэба арганiзоўваць збор сродкаў: “Па-першае, даваць платныя спектаклi, прычым толькi з дазволу павятовага цi валаснога палiтасвета або валасной ячэйкi i ставiць адзiн платны, адзiн бясплатны спектакль. Па-другое, для бясплатных спектакляў падбiраць п’есы агiтацыйнага, рэвалюцыйнага характару, для платных рознахарактарныя. Трацiна бiлетаў павiнна выдавац­ца чырвонаармейцам, 5% выручкi – адлiчвацца на карысць галадаючых. Аб выручаных сумах неабходна паведамляць павятоваму палiтасвету, расходаваць сродкi можна толькi з яго санкцыі” [17, 219, л. 138].

Як бачым, кiраўнiцтва лiчыла, што працэс самаакупнасцi павiнен быў праходзiць пад яго поўным кантролем. Камандная сiстэма ўжо на самым пачатку свайго станаўлення не магла дапусцiць самастойных дзеянняў нават аматарскiх арганiзацый, якiмi з’яўлялiся драматычныя гурткi. Iм раiлi, напрыклад, “разгарнуць узмоцненую агiтацыю сярод насельнiц­тва на карысць самаабкладання, нi ў якiм разе не дапускаць стыхiйнага закрыцця” [18, 174, л. 26]. Аднак даводзiцца канстатаваць, што аматарскiя гурткi распадалiся, таму што ад сваёй дзейнасцi нiякiх матэрыяльных сродкаў не атрымлiвалi. У той жа час без пастаяннай падтрымкi (хаця б маральнай) паступова згасаў i рэвалюцыйны энтузiязм моладзi.

Як паказаў аналiз дакументаў, праблемай з праблем для аматарскiх гурткоў аказаўся рэпертуар. П’есы ставiлiся без усякага разбору: ад “Мядзведзя” Чэхава, “Фемiнiсткi” Сакса­жынскай да “Моднага шляхцюка” К.Каганца i “Паўлiнкi” Я.Купалы. Безумоўна, кiруючыя iнстанцыi не маглi дапусцiць разнабою ў падборы рэпертуару. Каб забяспечыць выкананне генеральнай лiнii па прапагандзе дзяржаўнай палiтыкi срод­камi мастацтва, накiроўвалi нiзам шматлiкiя рэкамендацыі. Вось адна з iх ад 18 лiпеня 1922 г.: “Драматычныя гурткi часта ставяць п’есы, якiя вельмi шкодзяць гледачам, бо развiваюць нездаровыя схiльнасцi... П’есы рэлiгiйнага зместу развiваюць пакланенне перад рэлiгiяй, царом, духавенствам... Ёсць многа п’ес нягодных, якiя не могуць быць пастаўленымi на сцэне. Некаторыя п’есы развiваюць мяшчанскiя тэндэнцыі, перашкаджаючы разрыву са старымi забабонамi” [18, 383, л. 55].

Для кантролю за дзейнасцю артыстаў-аматараў у 1922 г. пачалi стварацца Цэнтральная i павятовыя рэпертуарна-кантрольныя камiсii, ствараліся i валасныя пры палiтасветах. Дзейнасць Цэнтральнай камiсii ў некаторай ступенi кантра­лявалася ГПУ Беларусi. Ва ўсякiм выпадку пратаколы камiсii адсылалiся на адрас ГПУ, а Цэнтральная камiсiя патрабавала пратаколы ад нiжэйшых iнстанцый. Яна рэкамендавала дапускаць да пастаноўкi “толькi пралетарскiя п’есы альбо п’есы буржуазнага характару, але моцныя ў мастацкiх адносiнах” [18, 391, л. 18].

Па ўсёй рэспублiцы былi разасланы спiсы п’ес, рэкамен­да­ва­ных да пастаноўкi. У першым раздзеле давалiся назвы 63 п’ес рэвалюцыйнага зместу, сярод iх – Амнуэля “Марат”, Глобы “Апошнi дзень Марата”, Бясалькi “Вежа камуны”, Яхантава “Вялiкi камунар”, Патапенкi “Краёчак заслоны” (спроба намаляваць карцiну здзяйснення камунiстычных iдэалаў). Другi раздзел насiў назву “П’есы гераiчнага харак­та­ру, цi вялiкага пад’ёму: д’Анунцыо “Слава”, Гётэ “Эгмант”, Гуркова “Е.Пугачоў”, Гюго “Марыя Цюдор”, усяго 43 п’есы. Трэцi раздзел называўся “П’есы бытавога характару” i дзяліўся на сацыяльна-бытавыя: Андрэева “Сава”, Горкага “На дне”, “Ворагі” i iншыя, усяго 29 п’ес, i на чыста бытавыя цi гiстарычна-бытавыя: Гогаля “Рэвiзор”, “Жанiцьба”, Гры­бае­дава “Гора ад розуму”, Астроўскага “Беднасць не загана” i iншыя, усяго 52 найменнi. Чацвёрты раздзел уключаў п’есы з ярка выяўленым сатырычным характарам: Маякоўскага “Містэрыя-буф”, Шоў “Цэзар i Клеапатра”, Мальера “Тар­цюф” i iншыя, усяго 26 п’ес. Пяты раздзел – гiстарычныя п’есы: А.В.Луначарскага “Кромвель”, М.А.Астроўскага “Ва­сiль Шуйскi”, А.С.Пушкiна “Барыс Гадуноў”. Шосты раздзел уключаў меладрамы, сёмы – п’есы вясёлага характару (вадэвiлi), восьмы – агiтацыйныя п’есы, прэмiраваныя на двух конкурсах: Кагана “За свабоду”, Радыёнава “Днi рэвалюцыi”, усяго 18 п’ес. Дзевяты раздзел быў адведзены дзiцячым п’есам, у іх ліку “Снежная каралева” i iнш. Аўтары рэкамендацый прадугледзелi рэпертуар для тэатраў з добрай сцэнай; для тэатраў, якiя не маюць тэхнiчных сродкаў, прапаноўвалi 19 п’ес. Складальнiкi прызнавалi, што вельмi ма­ла ў гэтым спiсе п’ес “чыста рэвалюцыйнага кiрунку i яш­чэ менш паказальных для сацыялiстычнага тэатра”. Як бачна, у спiсе вельмі мала беларускiх п’ес. Затое сярод забароненых да пастаноўкi разам з чэхаўскiмi “Хірургіяй” i “Прапановай” аказалася п’еса У.Галубка “Пацыенты” [18, 391, 23, 23 адв.].

Безумоўна, пагадзiцца з падобнай класiфiкацыяй многiх сусветна вядомых твораў нельга, аднак аналiзаваць яе не наша задача. Нас цiкавiць працэс устанаўлення кантролю над аматарскiмi аб’яднаннямi i надання iх рабоце палiтычнага кiрунку. Большасць самадзейных драматычных гурткоў па прычыне матэрыяльнай i прафесiянальнай слабасцi дзейнi­чалi спарадычна, карысталiся тым, што змаглi адшукаць самi, i ў хуткiм часе распадалiся, не вытрымаўшы выпрабаванняў. Таму стварэнне рэпертуарных камiсiй, спроба падрабязнай рэгламентацыi дзейнасцi сельскiх аматарскiх гурткоў аказалi­ся толькi чарговымi праявамi кабiнетнай, бюракратычнай твор­часцi. Нiякiя рэкамендацыі, самыя падрабязныя i ме­тадычна правiльныя, не маглi дапамагчы малапiсьменным вясковым юнакам i дзяўчатам падабраць п’есу, падрыхтаваць яе, данесцi да гледачоў, стварыўшы адпаведную творчую атмасферу. Пакуль моладзь гарэла энтузiязмам, навiзна спра­вы захапляла яе, аднак з ростам матэрыяльных цяжкасцей энтузiязм паступова згасаў. І ўсё ж такi прымiтыўна пастаў­леныя аматарскiмi гурткамi спектаклi аказалiся для вёскi новай i нават блiзкай справай у адрозненне ад надакучлiвых мiтынгаў i кампанiй.

Вiдавочныя перамены ў самадзейнай тэатральнай творчас­цi пачалi праяўляцца пасля 1923 г. Па-ранейшаму гурткоўцы не мелi магчымасцi карыстацца грымам, тэатральным рэквi­зiтам, адсутнiчаў рэпертуар. Мабыць, па апошняй прычыне спектаклi ўжо “не выклiкалi такога пачуцця ў гледачоў, якое яны павiнны выклiкаць” [14, 216, 38 адв.]. На даволi высокiм узроўнi, напрыклад, на акруговых з’ездах Саветаў прымалiся рашэннi “аб спыненнi росту драматычных гурткоў i пераносе ўвагi на сельскагаспадарчыя”, аб “ізаляцыі хаты-чытальнi ад тэатральнай публiкi” [24, 541, л.54, 242 адв.]. Тэатральная публiка – гэта, безумоўна, у асноўным моладзь, якая слаба ўяўляла мастацкую каштоўнасць п’есы. Галоўнае – магчымасць весела правесцi вечар. Таму ладзiлiся спектаклi не толькi ў хатах-чытальнях, але i ў школах i iншых памяшканнях. Перад нацiскам моладзi, аргументам: “Ты нам контррэвалюцыю тут не разводзь”, – пасавалi многiя. Вынiкi ад спектакляў амаль заўсёды атрымлiвалiся дрэнныя: бойка, паламаныя дзверы, выбiтыя шыбы [24, 300, л. 146].

На нарадзе палiтасветработнiкаў у маi 1924 г. старшыня ГПА звярнуў увагу прысутных на рэпертуар вясковых гурткоў, якi “нікуды не варты, бо яны ставяць любую п’есу, якую тэхнiчна могуць паставiць” [14, 197, л. 536]. Справа­зда­чы з месцаў адлюстроўваюць небагаты рэпертуар аматарскiх гурткоў, не больш за 10–12 п’ес, ад “Чорт i баба” Ф.Алях­новiча i “Белая варона” В.Чырыкава да “Забойства селькара” невядомага аўтара, “Авадзень” Э.Войнiч i інш. [14, 187, л. 47, 49, 55]. Па гэтай прычыне кiраўнiцтва прыняло рашэнне аб распрацоўцы спiса рэкамендаваных п’ес, а таксама напiсаннi новых п’ес, адпаведных задачам дня. Было вырашана арганiзаваць конкурс на лепшую п’есу для сялянскага тэатра i стварыць спецыяльную камiсiю, у якую ўвайшлi Янка Купала i Уладзiмiр Дубоўка [23, 19, л. 336]. Трэба заўважыць, што адсутнасць належнага рэпертуару выклiкала актыўную драматургiчную творчасць сярод вясковага настаўнiцтва, студэнцтва, селькараў. Тэатральная секцыя Iнбелькульта наладзiла двухмесячны семiнар, аднак з вёскi прыехалi толькi некалькi слухачоў. Не была надрукавана плануемая да выдання кнiжка “Сялянскi тэатр” з парадамi i методыкай падрыхтоўкі тэатральных пастановак, малюнкамi [23, 137, л. 260].

Інстанцыі, прызначаныя кантраляваць самадзейнае тэатральнае мастацтва, класiфiкавалi гурткi вясковай моладзi адпаведна з абраным рэпертуарам. Адны з iх, на думку кiраўнiцтва, складалiся з “вясковай iнтэлiгенцыі мяшчанскага характару, тон у iх задавалi ўсялякiя папоўскiя сынкi i дочкi, якiя сталi настаўнiкамi. Некаторыя з iх бачылi тэатр, мелi некаторую сцэнiчна-аматарскую практыку i задавальнялi сябе i сялянскую масу старымi п’есамi, благiмi, а iншы раз пахабнымi па сваiм змесце...” [18, 383, л. 54]. Гурткi другога тыпу складалiся з мясцовых культурнiкаў, пераважна моладзi. Яны “аддаюцца гэтай справе з захапленнем, працуюць без сродкаў, без ведаў тэатральнай тэхнiкi, толькi карыстаючыся дапамогаю i парадамi тых цi іншых культурнiкаў, якiя толькi бачылi тэатральныя спектаклi”. Аўтар гэтых радкоў Я.Дыла лiчыў, што вясковыя гурткi – “самавiты праўдзiва самадзейны беларускi народны тэатр, вынiк вялiкага рэвалюцыйнага часу” [2, 111, л. 4]. Менавiта яны аказалiся не задаволенымi неглыбокiмi, зайгранымi беларускiмi п’есамi, у якiх не было адказу на пытаннi сучаснага жыцця. Таму яны прымалi ўдзел у розных кампанiях, урачыстасцях, формамi iх дзейнасцi станавiлiся такiя вiды, як агiтацыйная п’еса, паказальны агiтсуд, жывая газета i iнш. [2, 111, л. 5].

Па гэтай прычыне самадзейныя тэатральныя гурткi можна было актыўна выкарыстоўваць у масавай палiтыка-асвет­нiцкай рабоце. Праблема бачылася ў тым, каб распрацаваць формы iдэйнага i практычнага кiравання iмi, аб’яднаць iх працу з агульнай сiстэмай палiтасветработы, адначасова пакiнуць за драмгурткамi справу культурнага асветнiцтва на вёсцы. Партыйнае кiраўнiцтва лiчыла, што гурткi павiнны садзейнiчаць “выяўленню народнай творчасцi. Кожны верш, казка, анекдот, п’еса, якiя нагадваюць мясцовым сялянам iх жыццё, павiнны выклiкаць пiльную ўвагу драматычнага гуртка. Вечары самадзейнасцi – вось лепшая форма метадыч­нага пераходу ад драматычных гурткоў з iх казёншчынай i халтурай да гурткоў сапраўднай народнай творчасцi” [14, 159, л. 68].

У рэчышчы падобных iдэй значная ўвага надавалася арганiзацыі палiтычных гульняў. З’явiлася шмат метадычных рэкамендацый па арганiзацыi вечарын з самымi падрабязнымi i вельмi далёкiмi ад сапраўднага жыцця парадамi, напрыклад, як па-новаму перарабiць старыя народныя гульнi i жарты. У аснову перабудовы быў пакладзены iдэалагiчны прынцып супрацiўлення старога ладу новаму, перавагi апошняга. З гэ­та­га пункту гледжання рэкамендавалiся такiя гульнi, як “Цягнуць вяроўку”, “Фанты”, “Знаёмыя асобы” i iнш. З улi­кам тагачаснай палiтыкi прапаноўваліся новыя гульнi: “Пера­соўны даведачны стол”, “Галоўныя пытаннi”, “Спартлато” i “Прафлато”, “Палiтфанты” i нават “Палітдурачок” і “Праф­дурачок” [14, 208, л.195].

Да масавай палiтыка-выхаваўчай работы спрабавалi прыцягнуць нават вясковых музыкаў. Перад iмi ставiлася задача “выкінуць з рэпертуару старыя, нудныя, нiкому не патрэбныя песнi, яднацца ў аркестры, прасоўваць на вёску новыя, рэвалюцыйныя песнi, музыку. Яны павiнны стаць актывiстамi барацьбы за новы быт” [9, 166, л. 50]. Мiнскi акруговы палiтасвет рэкамендаваў раёнам правесцi нарады вясковых музыкаў: гарманiстаў, скрыпачоў i цымбалiстаў. Да гэтай справы далучалiся ўсе раённыя ўстановы: выканкамы, партыйныя i камсамольскiя камiтэты (адны – арганiзацыйна, другiя – матэрыяльна). План правядзення нарады акруговы палiтасвет распрацаваў даволi падрабязна. Аднак раёны паведамлялi, што “хаты-чытальнi не маюць належнага ўлiку ўсiх вясковых музыкантаў” [14, 208, л. 209]. У асобных раёнах адбылiся нарады, яны “выявiлi значную частку му­зыкантаў, якiя не жадаюць без аплаты iсцi ў хату-чытальню, па гэтай прычыне часткова адсутнiчае карысна-масавая праца, звязаная з музыкай” [14, 217, л. 27].

Як бачым, за некалькi гадоў падыход адпаведных iнстан­цый да самадзейнага драматычнага мастацтва змянiўся – ад заклiкаў, тэрмiновага стварэння драмгурткоў да адмаўлення станоўчых момантаў у iх дзейнасцi. Месца дзеi, незвычайнай i цiкавай сялянству, занялi афiцыйныя мерапрыемствы з абавязковымi нумарамi мастацкай самадзейнасцi, якiя, на думку кiраўнiцтва, “адхiлялi моладзь ад п’янства, хулiганства i iншых шкодных з’яў, прывучалi жыць больш культурна” [4, 250а, л. 173].