Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

2.2. Палiтычнае асветнiцтва

2.2.1. Структура I кадры

Палiтычнай асвеце сярод дарослых дзяржава надавала вя­лi­кую ўвагу. Падрастаючае пакаленне iдэалагiчна можна бы­ло выхоўваць у школе, павярнуць жа велiзарную колькасць дарослых на шлях, вызначаны Камунiстычнай партыяй, было складаней. З пераходам да мiрнага жыцця стала ясна, што адных дырэктыў аб змесце асветнiцкай працы, заклiкаў да яе актывiзацыi ўжо недастаткова. Новая сiтуацыя патрабавала, з аднаго боку, стварэння сталай сеткi адпаведных устаноў, якiмi можна было кiраваць i якiя можна было кантраляваць, а з другога, мець пастаяннага праваднiка партыйнай палiтыкi ў вёсцы.

На тэрыторыi рэспублiкi ствараць сiстэму палiтасветы фактычна прыйшлося з чыстага ліста. У канцы лiстапада 1920 г. быў створаны Галоўпалiтасвет БССР. Яго задачы акрэ­слены ў рэзалюцыi IV з’езда КП(б)Б (25 лютага – 1 сака­вi­ка 1921 г.): “Палiтычная асвета бярэ на сябе галоўным чы­нам арганiзацыйныя задачы праводзiць навуковую i вытвор­чую прапаганду. Абслугоўванне ўсiх клубаў, арганiзацыя хат-чытальняў, Дамоў селянiна, беспартыйных, шырокiх кан­фе­рэнцый i г.д. павiнна быць тэрмiнова перададзена Галоўпа­лiт­асвету” [272, с. 82–83]. На працягу сакавiка 1921 г. замест павятовых пазашкольных аддзелаў Наркамата асветы ствара­лi­ся павятовыя палiтасветы. Аднак, як падкрэслiвалася ў ад­ным з цыркулярных пiсем, “палiтасвет ёсць састаўная частка аддзела народнай асветы; загадчык палiтасвета, як i ўвесь аддзел асветы, атрымоўвае дырэктывы ад мясцовага партый­нага камiтэта, якi непасрэдна кiруе ўсёй дзейнасцю палiтасвета. Спробы самастойнасцi i аддзялення з’яўляюцца глыбокiм непаразуменнем, прычына якога – у недастатковым разуменнi кроўнай роднасцi палiтыка-асветнiцкай работы сярод дарослых з усiмi вiдамi работы аддзела народнай асветы, што таксама выконваюць задачу выхавання дзяцей у камунiстычным кiрунку” [17, 218, л. 12]. У сваю чаргу Нар­камат асветы клапацiўся аб кадравым забеспячэннi новага органа. Аб гэтым сведчыць адзiн з цыркуляраў, у якiм, мiж iншым, гаварылася: “Там, дзе яшчэ да гэтага часу няма спецыяльных асоб для кiраўнiцтва палiтасветамi, павятовым аддзелам асветы неабходна звярнуцца з хадайнiцтвам у партыйны камiтэт аб выдзяленнi падрыхтаванага работнiка” [17, 218, л. 3].

На пачатак 1921 г. у асноўным была вызначана структура кiруючых органаў палiтасветработы. Прапагандысцкi аддзел кiраваў работай савецкiх i партыйных школ, клубамi, бiб­лiя­тэ­камi, пунктамi лiквiдацыi непiсьменнасцi, экскурсiйна-вы­ста­вачнай дзейнасцю. Агiтацыйны аддзел арганiзоўваў шмат­лiкiя агiтацыйныя кампанii, мастацкi – наладжваў агiтацыю сродкамi мастацтва. Агульныя ўказаннi аддзелы Галоўпалiт­асве­та атрымоўвалi ад партыйных органаў. Асноўная нагруз­ка прыпадала на нiзавую структуру – вясковыя хаты-чы­таль­нi i валасныя палiтасветы, якiя складалiся са старшынi валас­ной партыйнай або камсамольскай ячэйкi, прадстаўнiка ад­дзе­ла народнай асветы i старшынi культасветнага аб’яднання.

Пэўныя захады па ўмацаваннi палiтасветустаноў прымалi кiруючыя органы рэспублiкi. У пачатку 1921 г. СНК БССР прыняў пастанову, дзе прадпісвалася наступнае: “Наркамату асветы i выканкамам правесцi падрабязнае абследаванне ўсiх памяшканняў, раней занятых асветнымi ўстановамi, якiя ця­пер знаходзяцца ў распараджэннi ваенных i другiх ведам­стваў, дзеля ўстанаўлення, якiя з iх тэрмiнова могуць быць прыстасаваны i перададзены для патрэб НКА. Да 1 верасня неабходна перадаць не менш за 20% памяшканняў, занятых iншымi, не выключаючы i ваенных, а на працягу 1921 г. – усе астатнiя. Памяшканнi, занятыя палiтасветустановамi i вызва­ле­ныя для iх, не могуць быць занятыя нiкiм... без згоды Наркамата асветы” [36, 70, л. 21]. На справе нiхто не збiраўся лiчыцца з распараджэннем. Напрыклад, у лiстападзе 1921 г. чырвонаармейцы занялi хату-чытальню ў в. Каланiца Сём­ка­ва-Гарадоцкай воласцi, i ўсе спробы валаснога аддзела асветы вызвалiць яе аказалiся марнымi. Памяшканнi клубаў, тэатраў займалi пад ссыпныя пункты для харчпадатку [17, 226, л. 34]. Пастанова, аб якой гаварылася вышэй, была дапоўнена ра­шэн­нем ад 31 снежня 1921 г. Яно забараняла высяляць шко­лы i другiя асветныя ўстановы з памяшканняў у былых маёнт­ках, з устаноў НКА не дазвалялася браць арэндную пла­ту [24, 172, т. 2, л. 341]. У лiпенi 1922 г. памiж наркаматамi асветы i земляробства было падпiсана пагадненне аб зама­ца­ван­нi пабудоў у былых маёнтках за школамi i палiтасвет­уста­новамi.

Для большасцi насельнiцтва тагачаснай невялiкай Беларусi арганiзацыя палiтасветустаноў аказалася справай новай. Част­ка насельнiцтва, асаблiва моладзь, з энтузiязмам успры­няла партыйныя заклiкi: пачалося стварэнне хат-чытальняў па iнiцыятыве знiзу. У хуткiм часе ва ўсiх паветах рэспублiкi былi дзесяткi, нават сотнi хат-чытальняў, дзесяткi народных дамоў, валасных i перасоўных бiблiятэк [17, 218, л. 87]. З пункту гледжання сацыяльнай псiхалогii такая сiтуацыя аб’ектыўна была апраўдана. Разумеючы “вялiкi кансерватызм i адсталасць сялянства”, улада рабiла стаўку на вясковую моладзь, якая павiнна была “адыграць значную ролю ў справе замацавання савецкай улады i камунiстычных iдэй на вёсцы” [17, 218, л. 111]. Не трэба забываць, што рэвалюцыя i Грама­дзян­ская вайна ўзмацнiлi рэвалюцыйны энтузiязм моладзi, якая будавала ў сваiм уяўленнi карцiны “новага свету”. Ства­раю­чы хаты-чытальнi, яна лiчыла iх прадвеснiкамi новага жыц­ця i новай культуры i ўзнёсла заяўляла аб гэтым. Напры­клад, удзельнiкi Мiнскай павятовай канферэнцыi работнiкаў асветы ў рэзалюцыi напiсалi наступнае: “Мы, праваднiкi пралетарскай культуры на беларускай вёсцы, сваёй несупын­най працай творым i безупынна будзем тварыць з кожнай школы, хаты-чытальнi i народнага дома моцныя фарты саюза рабочых i сялян. Аб гэтыя бастыёны разаб’ецца хваля контр­рэвалюцыйнага наступу” [45, 49, л. 300].

Аб стварэннi хат-чытальняў прымалiся рашэннi на сходах моладзi. Вось прыклад аднаго з iх, прынятага ў Магiль­нян­скай воласцi: “Ва ўсiх вёсках арганiзаваць хаты-чытальнi, дзеля чаго запрасiць настаўнiка, каб ён увесь свой вольны час аддаваў рабоце па асветнiцтве мясцовага насельнiцтва шля­хам чытання газет i ўсемагчымых брашур”. У рашэннi сходу моладзi Сёмкава-Гарадоцкай воласцi чытаем: “Сход моладзi, каля 30-цi чалавек, 17 лiпеня 1921 г. заслухаў даклад аб хаце-чытальнi, якi коратка акрэслiў яе значэнне. Пастанавiлi: ад­чы­нiць хату-чытальню i прасiць палiтасвет даваць кнiгi i газеты” [17, 218, л. 21; 226, л. 33 адв.].

Нiчога дзiўнага ў такiх прымiтыўна-наiўных рашэннях ня­ма, яны адбiтак свайго часу, iлюстрацыя выканання нiзамi дырэктыў зверху. Тым больш, што i апошнiя не з’яўлялiся прыкладам логiкi. Звернемся да iнструкцыi аб стварэннi хаты-чытальнi, падпiсанай Н.К.Крупскай: “...Валасны аддзел асветы павiнен добра ўяўляць значэнне хаты-чытальнi. Арга­нi­затар iдзе перш за ўсё ў мясцовы партыйны орган i вы­канкам i там вядзе агiтацыю за хату-чытальню. У воласцi цi раёне ён зможа знайсцi каго-небудзь з сялян, хто мае ўплыў i ўмее гаварыць, i разам з iм iдзе цi едзе на вёску. Лепш за ўсё браць такога селянiна, якi сам ужо працаваў па арганiзацыі хаты-чытальнi ў сваёй вёсцы, дзе справа ўжо наладжана i г.д.” [18, 149, л. 22]. Большую неадпаведнасць рэчаiснасцi, чым у гэтай i падобнай ёй iнструкцыях, цяжка нават уявiць. Часта чытальняй аб’яўлялася хата камсамольца або другога мясцовага актывiста, якi адначасова з’яўляўся яе загадчыкам, атрымлiваў газеты цi якi-небудь агiтацыйны матэрыял i лiчыў сваю ролю выкананай. Таму не трэба здзiўляцца вялiкай коль­касцi палiтасветустаноў, якiя ў канцы 1920 – пачатку 1921 г. утварылiся на тэрыторыі Беларусi. У хуткiм часе боль­шасць з iх перастала iснаваць, напрыклад, на Барысаў­шчыне з 311 на пачатак 1922 г. засталіся 124 хаты-чытальнi [18, 470, л. 49].

У адзiн з самых цяжкiх момантаў у жыццi вёскi, час актыў­нага збору харчпадатку, сялянам было прапанавана ўзяць на сваё ўтрыманне ўстановы Наркамата асветы, ад школ да хат-чытальняў. Дзяржава не мела магчымасцi матэрыяльна забяс­печ­ваць вясковыя асветныя ўстановы. V з’езд КП(б)Б у ка­стрыч­нiку 1921 г. прыняў рашэнне аб пераводзе ўстаноў Нар­ка­мата асветы, у тым лiку i палiтасветных, на ўтрыманне ся­лян­ства [272, с. 106]. Аднак было ясна, што “сялянства не пойдзе насустрач дзяржаве” [18, 149, л. 4], а тым самым матэрыяльна не падтрымае вясковыя палiтасветустановы.

Тым не менш з 1 лютага 1922 г. яны пераводзiлiся на ўтры­ман­не за кошт вёскi, з дзяржаўнага забеспячэння здымалiся загадчыкi валасных палiтасветаў. Пры ўмове адсутнасцi сродкаў дапускалася закрыццё ўстаноў палiтасветы. Праўда, такi крок прызнаваўся “не зусiм пажаданым”, бо толькi ў iх сяляне могуць развiвацца i забяспечыць свае духоўныя запатрабаваннi” [18, 383, л. 6, 37]. У вынiку на месцах узнiкла поўная неразбярыха, нiхто не разумеў, што i як рабiць. Бабруйскi павятовы палiтасвет, напрыклад, выслаў цыркуляр у воласцi: “...абавяжыце сельскiя Саветы ўтрымлiваць хаты-чытальнi, дзеля чаго правядзiце агiтацыю. Загадчыкамi хат-чытальняў прызначце старшыняў сельскiх Саветаў, якiх абавяжыце працаваць без аплаты... Правядзiце калектыўную падпiску. І (самае галоўнае! – М.Б.) трымайцеся цыркуляраў” [18, 181, л. 27].

Яшчэ больш ускладнялi сiтуацыю распрацаваныя ў кабi­не­тах ГПА пастановы накшталт наступнай: “Прымаючы пад увагу цяжкi эканамiчыы стан, для выхаду з якога неабходны калектыўныя высiлкi ўсяго працоўнага насельнiцтва, пра­водзьце агiтацыйныя кампанii, каб азнаёмiць з гэтым рабочых i сялян. Ваша работа павiнна быць пастаўлена на ваенную на­гу – дакладная, гнуткая, энергiчная, а таму катэгарычна пра­па­нуецца: 1. Узмацнiць i падняць сваю дзейнасць, каб яна адчу­лася насельнiцтвам воласцi i павета. 2. Да 5-га чысла кож­нага месяца прысылайце падрабязныя даклады аб зробле­най рабоце. 3. Актывiзуйце культурна-асветнiцкую работу шляхам мiтынгаў, спектакляў. 4. У сувязi з нэпам выпiсвайце калектыўныя газеты i арганiзуйце iх галосную чытку” [18, 383, л. 9, 19].

Безумоўна, можна было прымаць шмат розных пастаноў, развiваць бурную паштовую дзейнасць, аднак факт застаецца фактам: сялянства ўстаноў палiтасветы не падтрымала. Пры­чы­ну гэтага дастаткова выразна акрэслiў адзiн з настаўнiкаў Вялiка-Далецкай воласцi: “Сялянства ў масе сваёй стагод­дзя­мi выступала з пазiцыі непарушнасцi прыватнай уласнасцi, таму iснаванне палiтасветустаноў, што знаходзяцца на ўтры­маннi iнакш думаючай масы, асуджана на правал” [18, 181, л.53]. І на самай справе самаабкладанне не прыжылося, хаты-чытальнi пачалi актыўна лiквiдавацца, з сотняў iх засталiся адзiнкi. Сялянству аказалася не пад сiлу вытрымлiваць па­дат­ковы цяжар 1922 г. i аддаваць апошняе на ўтрыманне iдэала­гiч­ных устаноў савецкай улады. З велiзарнейшымi цяжкасця­мi змаглi заключыць, ды i то не ўсюды, калектыўныя па­гад­нен­нi на ўтрыманне школ, а толькi пачалiся размовы аб самаабкладаннi на карысць палiтасветустаноў, то вяскоўцы пачалi гаварыць: “Адкуль жа браць хлеб, гэта ж не пясок?” [18, 158, л. 7].

Правал iдэi быў прызнаны i на дзяржаўным узроўнi. Н.К.Крупская лiчыла, што хаты-чытальнi пачалi закрывацца па прычыне адсутнасцi матэрыяльнай падтрымкi з боку на­сель­нiцтва i што гэты працэс супаў з тым “грозным моман­там, калi ў сувязi з нэпам для вёскi ўзнiкла небяспека захлы­нуц­ца хваляй дробнабуржуазнай стыхii” [296, с. 55]. Па гэтай прычыне ХI з’езд партыi зняў пытанне аб аднаўленнi дзей­насцi хат-чытальняў на вёсцы. Згодна з яго рашэннямi з 1 кас­трычнiка 1922 г. у кожнай воласцi ў асобным памяшкан­нi павiнна была адчыняцца хата-чытальня, загадчыкам якой прызначаўся цi загадчык валаснога палiтасвета, цi сябра камсамольскай ячэйкi. З’езд рэкамендаваў вясковым палiт­асвет­установам праводзiць работу ў “арганiзацыйна-гаспа­дар­чым i культурна-асветным кiрунках замест адмiнiстра­цый­на-прымусовага i палiтыка-агiтацыйнага” [289, с. 499].

22 лiстапада 1922 г. ГПА Беларусi паведамляў, што ён бярэ на свой баланс 96 хат-чытальняў: па Мiнскiм павеце – 10, Ма­зырскiм – 13, Слуцкiм – 15, Бабруйскiм – 20, Барысаўскiм – 20, Iгуменскiм – 18 [18, 149, л. 101]. Пры гэтым падкрэслi­ва­ла­ся, што хаты-чытальні будуць знаходзiцца пад сумес­ным кантролем павятовых палiтасветаў i аддзелаў агiтацыi i прапаганды павятовых камiтэтаў партыi. Пры iх павiнны дзейнiчаць стацыянарныя i перасоўныя бiблiятэкi для абслу­гоўвання воласцi, арганiзоўвацца гурткi, бюро даведак.

На працягу 1923 г. працэс фармiравання дзяржаўных палiтасветустаноў на вёсцы амаль завяршыўся. Iх кiруючым органам заставаўся Галоўны палiтыка-асветны камiтэт БССР, якi ўваходзiў у сiстэму Наркамата асветы, але дзейнiчаў пад непасрэдным кiраўнiцтвам аддзела агiтацыі i прапаганды ЦК КП(б)Б. Галоўпалiтасвет канкрэтызаваў агульныя партыйныя палажэннi аб мэтах i задачах палiтыка-асветнiцкай работы адносна ўмоў вёскi, вызначаў метады правядзення iх у жыццё, займаўся кадравымi пытаннямi. З 1924 г. структура яго органаў уключала акруговыя i раённыя камiтэты палiт­асве­ты i нiзавыя ўстановы. Гэтая акалiчнасць дазволiла пар­тый­наму i савецкаму кiраўнiцтву больш настойлiва право­дзiць партыйную лiнiю сярод сялянства, каб прыцягнуць яго на бок савецкай улады. Аднак не ўлiчвалася складанасць гэ­тай задачы з пункту гледжання псiхалогii сялянства, таму што многавяковыя культурныя стэрэатыпы сялянства ў хут­кiм тэмпе пераадолець аказалася немагчыма. Трэба дадаць, што дзяржаўныя палiтасветустановы не змаглi таксама спра­вiц­ца з пастаўленай задачай і па iншых прычынах, якiя будуць разгледжаны нiжэй.

Пасля першага ўзбуйнення БССР у 1924 г. пачалася новая адмiнiстрацыйная рэформа, яна пацягнула за сабою змены ў структуры палiтыка-асветных устаноў. Адпаведна ёй у кож­ным раёне стваралiся народны дом цi паказальная хата-чытальня, акрамя гэтага, не менш яшчэ за 2 хаты-чытальнi. У тым выпадку, калi насельнiцтва раёна перавышала 35 тыс. чалавек, там адчынялася яшчэ адна, дадатковая хата-чы­таль­ня. Як i ў многiх iншых выпадках, лiчбавыя даныя не супа­даюць нi ў архiўных дакументах, нi навуковых даследаван­нях, аднак дынамiка росту сельскiх палiтпрасветустаноў пра­соч­ваецца. Можна дадаць, што ў 1925 г. спрабавалi падлi­чыць установы палiтасветы (на гэта адводзiўся тыдзень), ад­нак з месцаў нiхто не даслаў статыстычных справаздач [39, 155, л. 3, 8]. Тым не менш па архіўных дакументах можна прасачыць пэўную дынаміку, згодна адных даных у канцы 1924 – пачатку 1925 г. у рэспублiцы дзейнiчалі 249 хат-чытальняў i 67 народных дамоў [38, 1277, л. 34], па другiх апош­нiх было 79 i нават 87 [52, 19, л. 840], а на пачатак 1926 г., па звестках Галоўпалiтасвета, дзейнiчалi 273 хаты-чытальнi i 55 народных дамоў [350, с. 296]. У канцы 1927 г. у рэспублiцы iснавалі 307 хат-чытальняў i 57 народных дамоў [23, 136, л. 149].

З разгортваннем палiтыкi беларусiзацыi нацыянальныя меншасцi атрымалi магчымасць карыстацца роднай мовай у школах, установах палiтасветы. У месцах кампактнага пра­жы­вання нацменшасцей адчынялiся нацыянальныя хаты-чы­таль­нi. У 1925/26 г. у рэспублiцы дзейнiчалі 8 польскiх, 5 яў­рэй­скiх, 1 латышская хата-чытальня, праз год адпаведна – 19, 10 i 4 [23, 136, л. 152]. Некаторыя з iх стваралiся шэфамi. Напрыклад, Маскоўскiм польскiм рабочым клубам была адчынена хата-чытальня ў ваколiцы Пушча на Лагойшчыне. Шэфы дапамагалi лiтаратурай, накiроўвалi студэнтаў падчас канiкул, каб наладзiць працу хаты-чытальні [123, 65, л. 3–6].

Досыць цiкавая з’ява – узнiкненне так званых нясеткавых, цi дагаворных, хат-чытальняў. Яны стваралiся часцей за ўсё па iнiцыятыве камсамольцаў цi шэфаў i адлюстроўвалi арыен­тацыю моладзi на падтрымку мерапрыемстваў савец­кай улады. Нагадаем вытрымкi з пiсьма аднаго са стварал­ьнiкаў такой хаты-чытальнi з вёскi Якубы Гомельскага раёна: “Уся вёска спала непрабудным сном. За сталом сядзелi тры пар­тыйцы, два камсамольцы, школьны работнiк i стары рабо­чы. Сядзелi i абмяркоўвалi, як арганiзаваць хату-чытальню. Хаця наша вёска i недалёка ад горада (усяго 2 вярсты), але за 6 гадоў, якiя прайшлi перад намi, на вёсцы не вiдаць яснага разумення перавароту ў нашай краiне, Савецкай улады, яе значэння, яе iмкнення правесцi ў жыццё iдэi У.I.Ленiна” [416, с. 4].

Дагаворныя хаты-чытальнi ўзнiкалi спантанна, але i хутка знiкалi, таму статыстыка гэтай з’явы не можа быць да­клад­най. Выкарыстаем некалькi лiчбаў у якасцi iлюстрацыі тэндэнцыi развiцця названага працэсу: на 1 студзеня 1925 г. iснавалі 359 дагаворных хат-чытальняў [22, 5, л. 46], на 1 кас­трыч­нiка – 346, з iх 123 шэфскiя [22, 19, л. 294]. Такiя ж абста­вiны характэрны i для ўзнiкнення дагаворных чырвоных куткоў, назва якiх гаворыць сама за сябе. Становiшча дага­вор­ных устаноў было катастрафiчным, таму што ў мясцовых iнiцыятараў сродкаў не хапала, шэфы часта забывалiся навед­ваць падшэфныя хаты-чытальнi, часта наогул адмаўлялiся даваць грошы [14, 216, л. 38].

Дырэктывамi адпаведных устаноў прадпiсвалася мець сцэ­ны ў кожным народным доме i куткi У.I.Ленiна ва ўсiх хатах-чытальнях. У сувязi са стварэннем у кожнай акрузе паказаль­ных раёнаў для мясцовых хат-чытальняў прадугледжвалася выпiска дадатковай перыёдыкi [23, 19, л. 83]. Аднак у цэлым матэрыяльны стан палiтасветустаноў заставаўся вельмi цяж­кiм. У 1924 г. толькi 45% хат-чытальняў знаходзiлiся ў спе­цыяльна адведзеных будынках. Па другiх даных – 23%, 12% – у адным памяшканнi з сельскiм Саветам, астатнiя ў сялянскiх хатах [38, 1277. л. 35]. У раённым бюджэце не прадугледжвалася спецыяльнага каштарысу на ўтрыманне хат-чытальняў, быў адзiн агульны на ўсе вiды палiтустаноў. Суадносiны памiж каштарысамi палiтасветы i народнай асве­ты ўстанаўлiвалiся як 1 да 5, аднак нi ў адной акрузе гэтыя суадносiны не вытрымлiвалiся [22, 19, л. 299]. Адпаведна бюджэту 1924/25 г. на народную асвету выдзялялася каля 2,5 млн. рублёў, з iх на працу ў вёсцы каля 25 тыс., аднак заўважым, што з гэтай сумы, па даных НК Рабоча-сялянскай інспекцыі, было выкарыстана чамусьцi толькi 10 тыс. руб. [38, 2178, л. 66].

Акругi таксама не выдзялялi сродкаў на хаты-чытальнi, што, безумоўна, не садзейнiчала развiццю iнiцыятывы хат­нi­каў. У 1924 г. на гаспадарчыя расходы прадугледжвалася толькi 5 руб., на гэтую суму нельга было забяспечыць рамонт, ацяпленне i iнш. Некаторыя раёны задавальнялi гаспадарчыя патрэбы хат-чытальняў па чарзе [38, 1277, л. 11]. У паказальным Шклоўскiм раёне палiтасвет спынiў работу, заняўшыся рамонтам i абсталяваннем трох хат-чытальняў [24, 541, л. 54]. Некаторыя загадчыкi непасрэдна выходзiлi на шэфаў i прасiлi заплацiць пэўную суму за рамонт, таму што “раённы палiтасвет сродкаў не мае” [20, 6, 4 адв.]. Чэрвеньскi РПА прапанаваў перадаць хатам-чытальням усе сады, ага­ро­ды, лугi, якiя знаходзяцца непадалёку, каб хатнікi змаглi пе­рай­сцi на самазабеспячэнне [19, 216, л. 82]. Загадчык Хутар­ской хаты-чытальнi гэтага раёна, каб знайсцi сродкi, планаваў зрабiць падпiсны лiст i распаўсюдзiць яго сярод грамадзян [14, 187, л. 21].

Вынiкi праверкi поўнасцю адпавядалi паведамленням з месцаў. Напрыклад, у справаздачы Мiнскага акруговага па­лiтасвета канстатавалася, што “зiмовы перыяд 1924/25 г. для многiх хат-чытальняў аказаўся вельмi цяжкiм. У некаторых раёнах яны засталiся без дроў i святла, з-за адсутнасцi сродкаў не маюць дастаткова мэблi. У большасцi сваёй хаты-чытальнi брудныя, няўтульныя, некаторыя па сваiм знешнiм выглядзе ўбогiя i не прыцягваюць наведвальнікаў” [14, 64, л. 141]. Надзвычай важнай i адначасова складанай аказалася праблема кадраў. Ад iх iнiцыятывы i квалiфiкацыі залежаў поспех партыйнай лiнii. Як вядома, на той час спецыялiстаў палiтасветработы не iснавала зусiм, ды i больш-менш аду­ка­ва­ных людзей не хапала. Прынцып “чыя хата прызнана чы­тальняй, той яе i ўзначальвае” не мог быць эфектыўным, таму што ўся дзейнасць такой установы заключалася ў атрыманнi газет.

ЦВК БССР быў вымушаны звярнуцца да работнiкаў куль­ту­ры, ураджэнцаў Беларусi, з заклiкам: “Ваша вызваленая Ра­дзi­ма кліча вас да сябе”. На першым часе кадры папаўнялiся з лiку былых чырвонаармейцаў, членаў батальённых цi пал­ка­вых культурна-асветных аб’яднанняў. Большасць з iх не ве­дала ўмоў Беларусi, асаблiвасцей яе вясковага ўкладу i народ­най культуры, аднак дакладна выконвала лiнiю партыi. Была спроба стварыць сiстэму падрыхтоўкi кадраў для палiтасвет­ных устаноў. У красавiку 1921 г. ЦК РКП(б) накiраваў цыр­ку­ляр у рэспублiканскiя партыйныя арганiзацыі, якi быў пра­дублi­раваны на месцах. Згодна з iм у Мiнску “ў сувязi з вы­ка­нан­нем важнейшых задач камунiстычнай асветы мас” з 20 жнiў­­ня 1921 г. адкрывалiся 6-месячныя курсы для палiт­асвет­работнiкаў. Яны павiнны былi рыхтаваць з рабочых i сялян работнiкаў па асобных вiдах палiтасветы: клубнай справе, бiб­лiятэчнай, музейна-экскурсiйнай, па лiквiдацыі непiсьмен­насцi. У нiзавыя арганiзацыi спускалася разнарадка [18, 148, л. 117]. Аднак трэба прызнаць, што дадзены даку­мент – яшчэ адна iлюстрацыя адарванасцi партыйных орга­наў ад рэаль­на­га жыцця. Не хапала сродкаў для таго, каб наладзiць работу курсаў, ды кандыдатуры слухачоў курсаў таксама падабраць было складана. Праўда, некаторыя даследчыкi [391, с. 22] пры­водзяць лiчбы некалькiх соцень i нават тысяч пад­рых­та­ва­ных палiтасветработнiкаў у Беларусi, што, на наш погляд, малаверагодна.

У пачатку 1920-х гг. асноўнай крынiцай кадравага папаў­нен­ня аказалася армiя. Многiя палiтасветработнiкi павятовага i валаснога ўзроўняў з’яўлялiся ўчарашнiмi чырвонаармей­ца­мi, i метады iх дзеянняў былi адпаведныя. Дастаткова выраз­ны дакумент – наступная заява з неразборлiвым подпiсам: “Як член РКП(б) 38-га стралковага палка, маючы прызванне да культасветработы, добраахвотна прыняў на сябе вядзенне спраў палiтасвета Крайскай воласцi” [18, 406, л. 3]. Адзiн з такiх работнiкаў, Я.Лукiн, паведамляў вышэйшаму началь­ству, што насельнiцтва супраць яго “довольно обострилось, и этим затруднялась газетная агитация”. Праз некаторы час ён жа паведамляў з другой воласцi: «За жнiвень 1922 года аса­бiс­та мною распаўсюджаны па вёсках на мiтынгах лiстоўкi “Што павiнен ведаць селянін аб адзiным натуральным па­дат­ку” i “Зварот да сялян наркама земляробства Якавенкi”. Лiстоўкi пра халеру таксама размеркаваны, а з удзельнікаў куль­тасветгуртка выдзелена сантройка, якая абавязана кан­тра­ляваць чысцiню на вёсцы... Выпiсваем газету “Бедната”, але на рукi не даём, бо сяляне рвуць яе на цыгаркi, а не ка­рыс­таюцца друкаваным словам» [18, 165, л.181].

Пытанне аб падборы кадраў, якія адпавядалі б вылучаным задачам, паўстала вельмi востра з 1924 г., калi сфармi­рава­ла­ся структура i вызначылася мэта сельскiх палiтасветустаноў. У плане работы ГПА на 1924/25 г. першым пунктам стаяла неабходнасць сур’ёзнага падбору кадраў палiтасветы на вёс­цы шляхам гутарак, знаёмства з анкетамi, перапiскi [19, 23, л. 125]. На падрыхтоўку кадраў звярталi ўвагу розныя iнстан­цыі. Не выпадкова нарада старшынь райвыканкамаў у лютым 1925 г. вырашыла ў 1925/26 навучальным годзе адчынiць пазашкольны тэхнiкум i пачаць перападрыхтоўку хатнікаў [26, 1766, л. 28]. Большасць загадчыкаў сельскiх палiтасвет­уста­ноў з’яўлялiся членамi партыi цi камсамола. Згодна да­ных партыйных органаў, члены КП(б)Б складалi сярод iх 13,7%, кандыдаты ў члены партыi – 18%, члены КСМ – 45,5%, беспартыйныя – толькi 22,8% [23, 19, л. 295]. Безумоў­на, лiчбы не могуць быць дакладнымi па прычыне значнай цякучасці кадраў. Кадравая сiтуацыя мянялася штодня, аднак прынцып падбору па партыйнай прыналежнасцi прасочваец­ца досыць выразна. Што тычыцца агульнаадукацыйнага ўзроў­ню, то, напрыклад, большасць загадчыкаў народных да­моў i хат-чытальняў Мiнскай акругi мелi толькi пачатковую адукацыю [14, 159, л. 74, 75].

Па гэтай прычыне пажаданага эфекту не прынеслi летнiя курсы перападрыхтоўкi хатнiкаў, арганiзаваныя ў 1925 г. у Вi­цебску, Магiлёве, Мiнску. Як сведчаць афiцыйныя да­ку­мен­ты, яны не далi належных вынiкаў. Дарэчы, з 60 слухачоў мiнскiх курсаў 54 мелi дамашнюю цi пачатковую адукацыю, лек­цыi iм чыталi выкладчыкi з вышэйшай i сярэдняй спе­цыяль­най адукацыяй. Мiнскiя курсанты выпусцiлi нумар насценгазеты, падрыхтавалi матэрыял для часопiса, аднак выпусцiць яго не змаглi. Пры закрыццi курсаў паставiлi спектакль [29, 529, л. 76, 77, 78]. Адзначалася, што да “мета­дыч­най працы хатнiкi абсалютна не падрыхтаваны, адсутнi­чае належная iнiцыятыва, многiя не ўмеюць арганiзаваць свой актыў i з’яўляюцца адзiночкамi” [38, 1277, л. 23]. Акра­мя гэтага, хатнiкi не займалiся i самаадукацыяй. Як паве­дам­ля­лася ў адным з дакументаў, “некаторыя нават не чытаюць газет, што адбiваецца на рабоце хат-чытальняў. Метадычную лiтаратуру не перапрацоўваюць i нават не разразаюць самай неабходнай” [14, 208, л. 148].

Дзеля паляпшэння работы хатнiкаў у многiх месцах прак­ты­каваўся абмен вопытам на больш-менш рэгулярна право­дзiмых канферэнцыях з папярэдне вызначанымi тэмамi. На iх абмяркоўвалiся пытаннi ўдзелу палiтасветработнiкаў у агульнадзяржаўных кампанiях, масавай рабоце, у працы настаўнiцкiх гурткоў, антырэлiгiйнай прапагандзе, выпуску насценных газет, iншых вiдах работы [14, 4, л. 125]. Аднак на адной з нарад засведчана, што “за 9 год Галоўпалiтасвет не выхаваў майстроў-хатнiкаў, бо гэта нялёгка” [8, 300, л. 71].

Намi адзначалася вышэй цякучасць кадраў. Адной з пры­чын гэтага з’яўлялася дрэннае матэрыяльнае забеспячэнне хатнiкаў, аклад якiх у сярэдзiне 1920-х гг. вагаўся ў межах 12–26 руб., хаця згодна ўрадавых пастаноў павiнен быў раўняцца зарплаце настаўнiка, 30–36 руб. у месяц. Цякучасць сярод загадчыкаў хат-чытальняў, напрыклад Магiлёўскай акру­гi, выражалася наступнымi данымi: з 40 работнiкаў толь­кi трое мелi стаж 4 гады, 13 чалавек – 2 гады, адзiн – 3 гады i 23 хатнiкi працавалi менш года [23, 5, л. 40]. Пытанне цяку­час­ці кадраў абмяркоўвалася на розных узроўнях. У лiку мер яе лiквiдацыi разглядалiся магчымасць павелiчэння зарплаты, адкрыццё спецыяльнай навучальнай установы, умацаванне iснуючых хат-чытальняў без пашырэння iх сеткi i iнш. [23, 19, л. 298].

Большасць хатнiкаў з’яўлялiся сакратарамi камсамольскiх ячэек i таму ператваралi сельскiя палiтасветустановы ў клубы моладзi. Старшыня ГПА, адзначаючы гэты факт, канстатаваў, што “работа iдзе па лiнii найменшага супрацiўлення, робяцца спектаклi i танцулькi” [23, 11, л. 62]. Сялян сталага ўзросту хата-чытальня не прываблiвала. Вырашыць iх праблемы гэтыя ўстановы не маглi па прычыне сваёй матэрыяльнай i кадравай слабасцi. Культурная рэвалюцыя на вёсцы пры­вабіла толькi моладзь, якая стала яе актыўным удзельнiкам i праваднiком.

На нашу думку, самага падрабязнага вывучэння патрабуе пытанне аб ролi сельскага настаўнiцтва ў жыццi вёскi, у тым лiку i ў культурным. Безумоўна, настаўнiкi з’яўлялiся галоўнымi выканаўцамi ўсiх партыйных i савецкiх дырэктыў. Каб уявiць ролю настаўнiцтва ў тагачасным жыццi, працы­туем справаздачу М.Лiпскага, настаўнiка Пухавiцкай сямi­год­кi: «10 дзён працаваў па сельскагаспадарчым падатку, у камiсii па праверцы пiсьменнасцi дапрызыўнiкаў, па пера­вы­ба­рах сельсаветаў, з’яўляюся членам i санiтарным апекуном Пухавiцкага сельсавета, старшынёй рэвiзiйнай камiсii камiтэ­та сялянскай узаемадапамогi, выступаў з дакладамi “Лясы мясцовага значэння” i “Карысць страхавання” на сходах грамадзян, 2 разы на тыдзень праводзiў заняткi ў вячэрняй школе, пiшу артыкулы ў насценную газету» [44, 127, л. 25]. Вiдавочна, што работа праводзiлася значная, прычым у вольны час i без матэрыяльнага заахвочвання [141]. Аднак партыйныя органы дзеля надання ўсёй рабоце палiтычнага зместу распарадзiлiся арганiзаваць курсы палiтпадрыхтоўкi для сельскай iнтэлiгенцыi. Па Мiнскай акрузе праз iх прайшло каля 70% настаўнiкаў, а вось урачы, аграномы палiтпадрыхтоўку праiгнаравалi [14, 197, л. 30].

Вышэй адзначалася, што адной з умоў поспеху культурнай рэвалюцыi з’яўлялася ўсямернае развiццё самадзейнасцi мас. Як адну з праяў такой палiтыкi можна расцэньваць стварэнне савета хаты-чытальнi, у якi ўваходзiлi загадчык, тры прад­стаў­нiкi ад сялянства i па адным прадстаўнiку ад ячэек. Савет быў справаздачны перад раённым палiтасветам. Аднак моцных саветаў iснавала мала, на думку кiраўнiцтва, усяго толькi каля 20% [23, 19, л. 296].

Метады кіравання нiзавымi палiтасветустановамi – яшчэ адна праблема. Шматлiкiя архiўныя дакументы сведчаць, што быў абраны стыль каманды, загадаў, пасылкi ўпаўнаважаных, якiя не аказвалi нi практычнай, нi маральнай падтрымкi, толькi праводзiлi “накачку”. Асаблiва вызначалася кiраўнiц­тва Барысаўскага павятовага палiтасвета, якое патрабавала рэгулярных справаздач з валасцей, таму што “інакш немагчы­ма арыентавацца, у якiм стане работа i ў якiм кiрунку рабiць агульныя кiруючыя ўказаннi. Невыкананне загаду пацягне за сабою суровыя меры пакарання, аж да арышту загадчыка вал­палiт­асвета i перадачу яго пад суд за бяздзейнасць на служ­бе” [18, 381, л. 21, 41].

Паўстае пытанне: чаму ўзнiкла такая схема адносiн у сiстэ­ме палiтасветы? На нашу думку, па-першае, яна з’яўлялася часткай структуры савецкага грамадства і пазбегнуць уздзеян­ня камандных сродкаў кiравання не магла; па-другое, як кiраўнiцтва, так i радавыя работнiкi палiтасветы аказалiся маладасведчанымi людзьмi ў сваёй галiне, а некаторыя – нават i малаадукаванымi, таму яны больш спадзявалiся на сiлу загаду i пагрозы, чым на свае веды i аўтарытэт. Па-трэцяе, увачавiдкi праяўляўся “астаткавы прынцып” пры размеркаваннi сродкаў, iнакш не з’яўлялiся б наступныя рэзалюцыi: “Служба ў хатах-чытальнях не патрабуе цяпла цi спецыяльнага адзення, расходаў на ацяпленне i асвятленне” [18, 383, л. 416].

Памiж кiруючымi i нiзавымi кадрамi палiтасветаў адбы­валася як бы нейкая гульня: адны аддавалi загады, другiя (асаблiва тыя, хто меў некаторы жыццёвы вопыт) пiсалi аптымiстычныя справаздачы. Вось, напрыклад, як выглядала справаздача Крайскага валпрасвета: “Работа вялася быццам бы нармальна, але справаздачы не высылалiся з-за адсутнасцi хоць трохi адукаванага загадчыка. У сакавiку быў пастаўлены спектакль з канцэртам на карысць Чырвонай Армii. На выпiску газет сродкаў не было... Школьныя работнiкi ў прыватным парадку куплялi газету i арганiзоўвалi галосныя чыткi. Чыталi вечарамi ў школе i ў заключэнне пад шумок праводзiлi мiтынгi, якiя не рэгiстравалiся, але прыкладна 12. Большая частка сялян цiкавiцца газетай, i пасля чытання свежай газеты лёгка правесцi мiтынг” [18, 406, л. 78]. На нашу думку, справаздача была разлiчана на кiраўнiцтва павятовага палiтасвета i выканана ў жанры лепшых бюракра­тычных узораў, што характарызуе дастаткова высокi адука­цый­ны ўзровень яе аўтара, а не сапраўдны стан палітыка-асветніцкай работы ў воласцi.

Захавалася зводка работы Лагойскай хаты-чытальнi з 1 па 15 студзеня 1923 г. Згодна з ёй праца кiпела кожны дзень: 1-га – палiтычны агляд за 1922 г.; 2-га – лекцыя аб паходжан­нi жыцця на Зямлi; 3-га – лекцыя аб паходжаннi чалавека; 4-га – лекцыя аб рэвалюцыі 1905 г.; 5-га – свабодная вечары­на; 6-га – аб свяце КСМ, аб арганiзацыі драмгуртка; 7-га – свят­каванне гадавiны КСМ, даклад аб значэннi Каму­ніс­тычнага саюза моладзi, канцэрт i г.д. Загадчык прыводзiць вялiкiя лiчбы наведвальнiкаў – ад 20 да 100 чалавек [18, 193, л. 18], што павiнна засведчыць значную папулярнасць хаты-чытальнi. Аднак калi яна i была, то толькi сярод моладзi, таму што справаздача адлюстроўвае палiтыка-асветны харак­тар работы, якая прываблiвала ў асноўным моладзь i пера­тварала хату-чытальню ў камсамольскi цэнтр.

Пры аналiзе выступлення на шматлiкiх канферэнцыях, на­ра­дах ствараецца ілюзія бурнай дзейнасці. Напрыклад, на на­радзе прадстаўнiкоў павятовых палiтасветаў у снежнi 1921 г. па Мiнскiм павеце прыводзiлiся такiя лiчбы: “Арганізавана 249 мiтынгаў, 131 лекцыя, 37 беспартыйных канферэнцый, 13 спектакляў. Другiя паветы давалi значна меншыя лiчбы, а прадстаўнiк Мазыршчыны наогул заявiў, што хаты-чытальнi існуюць толькi на паперы”. Загадчык Бабруйскага палiтасве­та паведамляў аб слабай рабоце хат-чытальняў, таму што “іх загадчыкi не атрымоўваюць зарплаты, аднак апошнiм часам сталi прызначаць чырвонаармейцаў i работа пачала нала­джвац­ца”. Звярталася ўвага на “контррэвалюцыйныя настроi сярод школьных работнiкаў” [18, 149, л. 4, 5]. Гэтыя высту­п­лен­ні адлюстроўваюць розныя падыходы да справаздачы, прама супрацьлеглую ацэнку дзейнасцi хат-чытальняў i тым самым розную ступень падрыхтаванасцi i кемлiвасцi мясцо­вага кiраўнiцтва.

Галоўпалiтасветам у 1925 г. для загадчыка была распраца­ва­на даволi цiкавая iнструкцыя. Напрыклад, у §7 гаварылася: “Перад адкрыццём хаты-чытальнi ўсё павiнна быць падрых­та­вана: запалена святло, чыста вымыта i падмецена, перыя­дыч­ны друк раскладзены на сталах, плакаты i лiстоўкi разве­ша­ны па сценах”. У §8 загадчыкаў заклiкалi зрабiць хаты-чытальнi “як мага больш зручнымi i ўтульнымi для навед­валь­нiкаў. Пры наяўнасцi некалькiх наведвальнiкаў прысту­паць да чыткi газет i абмеркавання”. Мабыць, зверху ўяўляла­ся, што як толькi сяляне пачнуць чытаць, дык адразу стануць падтрымлiваць палiтыку савецкай улады. Па гэтай прычыне ў §12 гаварылася пра абавязак хатнiка “цесна злiцца з масай, блiжэй да яе падысцi, прыслухоўвацца да яе патрэб, куль­тур­на-бытавых патрабаванняў”. Самае галоўнае заключалася ў апошнiм параграфе: “Загадчык хаты-чытальнi сумесна з яе саветам адшуквае сродкi з мясцовага фонду для задаваль­нення патрэб хаты-чытальнi, рамонту, ацяплення, асвятлення, утрымання тэхнiчнага персаналу. Аб вынiках пажадана ра­бiць справаздачы на валасных выканкамах, копіі iх адсылаць у павятовы палiтасвет” [18, 151, л. 249].

У адносiнах да ўсёй сiстэмы палiтасветы на справе пе­ра­ва­жала думка аб яе другараднасцi, хаця на словах прызнавалася вялiкае значэнне. Доказам гэтага факта можа быць астаткавы прынцып матэрыяльнага забеспячэння, аб чым ужо гавары­лася раней. Дарэчы, раённае звяно палiтасветы таксама слаба ўяўляла сваё месца памiж прафсаюзам i камсамолам [14, 216, л. 39]. У самой структуры палiтасветы квiтнела “камчван­ства” ў адносiнах да нiжэйшых устаноў. У канцы 1926 г. старшыня ГПА С.А.Шамардзiна на пасяджэннi iнспектуры настойвала на “закручванні гаек”, на высвятленнi “фактыч­на­га становiшча”. Была распрацавана падрабязная схема пра­вер­кi ўстаноў палiтасветы, якая ўключала блокi пытаняў аб матэрыяльным стане, усiх кiрунках працы, адносiнах насель­нiц­тва, справаздачнасцi [14, 211, л. 94, 121]. Аднак трэба пры­знаць, што нiзавыя работнiкi не спяшалiся выконваць загады, аб чым сведчаць шматлiкiя грозныя распараджэннi ў iх адрас. Напрыклад: “...пры абследаваннi палiтасветпрацы высветлiлася, што некаторыя дырэктывы райпалiтасветка­ма­мi не выконваюцца... Таксама (што асаблiва характэрна) не выконваюцца тыя планы, якiя складаюцца самiмi ж РПА. Такiм асобым гонарам ад РПА да выканання дырэктыў заражаюцца i некаторыя хаты-чытальнi. Напрыклад, загадчы­кi Жодзiнскай, Грабенскай хат-чытальняў не прачыталi нiводнага лiста, якiя iм пасылаліся, нягледзячы на жыццёвую iх неабходнасць для працы” [14, 166, л. 152]. Падчас раённых канферэнцый хатнiкаў усе выступоўцы скардзiлiся на адсут­насць увагi i дапамогi з боку раённага начальства, на бессiс­тэм­ную і бязмэтавую перакiдку загадчыкаў вясковых палiт­асвет­устаноў з месца на месца, нават без iх згоды i ведама акруговага кiраўнiцтва [14, 444, л. 12].

Падчас праверкi стану вясковых палiтасветустаноў быў занатаваны ў афiцыйных дакументах вывад, што некаторыя кiраўнiкi глядзяць на культработнiка як на «выканаўцу іх волi i задання, а не як на роўнага сабе работніка ў агульнай справе. Прычым найбольш актыўная частка нагружаецца “да адказу” на шкоду сваёй асноўнай рабоце. Адносіны да неактыўнай часткi адмоўныя, нават момантамi пагардлiвыя, не наш, маўляў, элемент» [38, 2175, л. 39]. Асобныя кiраўнiкi лiчылi, што вылучэнне хатнiкаў на грамадскую працу “служыць доказам iх аўтарытэту ў вачах насельнiцтва” [14, 159, л. 65 адв.]. Перапiска памiж загадчыкамi вясковых палiт­асвет­устаноў i раённым начальствам адлюстроўвала толькi патрэбу ў статыстыцы, але як ажывiць работу, прыстасаваць да інтарэсаў вёскi, рэкамендацый не давалася. Фактычна загадчыкi хат-чытальняў працавалi самi па сабе.

Каб трымаць палiтыка-асветнiцкую работу на вёсцы пад кантролем, раёны практыкавалi выклiкi хатнiкаў з вуснымi дакладамi. Уводзiлася спецыяльная справаздачнасць. На ча­ты­рох вялiкiх старонках размяшчалiся самыя падрабязныя пытаннi па раздзелах “Агульныя звесткi”, “Масавая работа”, “Гурткі”, “Бiблiятэкi”, “Газеты”, “Куткi”, “Даведачная пра­ца”, “Кааператыўная прапаганда”, “Лiквiдацыя непiсьмен­насцi”, “Пажаданнi хатнiкам”. Для многiх вясковых работнi­каў стымулам для запаўнення справаздачных формаў з’яў­ляў­ся “страх перад начальствам” [15, 9, 72, 73]. Запаўняць iх трэба было ў двух экзэмплярах штомесячна, i, безумоўна, малапісьменныя хатнiкi рабiлi гэта як маглi. Аднак сустра­каюц­ца i досыць цiкавыя справаздачы, аб якiх будзе сказана нiжэй. Трэба заўважыць, што раздзелы справаздачнай веда­масцi адпавядаюць асноўным кiрункам асветнiцкай работы на вёсцы, канчатковае вызначэнне якiх прыпадае на 1924 г. Акрамя гэтага, кожная хата-чытальня павiнна была складаць каляндарныя планы, кантраляваць дзейнасць гурткоў, весцi ўлiк актыву, культурных сiл, справаздачныя кнiгi i дзённiк.

Пры абмеркаваннi працы вясковых палiтасветустаноў за­клю­чэнне рабiлася не на iх карысць. Як сведчаць архiўныя дакументы, яе прызнавалi нездавальняльнай у пераважнай большасцi выпадкаў. Падставай для такiх рашэнняў з’яўлялi­ся розныя ўмовы: адсутнасць планаў, невыкананне дырэктыў вышэйшых органаў, бяздзейнасць гурткоў, слабы кантакт з на­стаўнiцтвам. Абмяжуемся толькi дзвюма крынiцамi – пра­та­коламi пасяджэння Магiлёўскай саўпартшколы i iнспектар­скай нарады Мiнскага акруговага аддзела народнай асветы. У першым на падставе вынiкаў зiмовай практыкi курсантаў у 24 раёнах 10 акруг зазначалася: “Вельмi малая ўвага надаецца палiтасветустановам з боку партыйных i савецкiх устаноў. Па­лiтасветустановы ў загоне, шмат у прахадных пакоях, су­месна з сельсаветамi, у сялянскiх дрэнных хатах або ва ўлас­ным заняпалым будынку. Слабы падбор хатнiкаў, калi ёсць здольныя, дык яны перагружаны... Працай хат-чытальняў нiхто не цiкавiцца i не кiруе, працуюць як давядзецца. Адсут­насць улiку i планавасцi, таму не можа быць i пераемнасцi... Абсталяваны хаты дрэнна” [14, 187, л. 398]. Другi дакумент, на нашу думку, – дадатковая iлюстрацыя да першага. Ён напiсаны на аснове абследавання хат-чытальняў у Смалявiц­кiм i Лагойскiм раёнах i канстатуе: “Верхменьская хата-чы­тальня зусiм не ацяпляецца, Кораньская знаходзiцца ў былым ксяндзоўскiм доме, дом вялiкi, яшчэ моцны, але дах згнiў, цячэ, столь гнiе, комiны развалiлiся. 100 руб., якiх патрабаваў загадчык на рамонт даху, не было адпушчана, а цяпер i 500 руб. будзе мала. У адным памяшканнi i бэлькi абвалiлiся, наогул увесь дом пад пагрозай. Дах над чытальняй так цячэ, што дажджом змывае плакаты са сцен, а з плакатаў – фарбу. Комiну вышэй столi няма, дым сцелецца пад дахам, а iскры сыплюцца са столi...” [8, 300, л. 153]. Вывад з гэтых фактаў быў зроблены адпаведна прынятым у той час правiлам: загад­чыку хаты-чытальнi аб’явiлi вымову, а раённыя арганiзацыі абавязалi зрабiць рамонт.

Хацелася б засяродзiць увагу на тым, што мы спецыяльна не падбiралi адпаведныя негатыўныя факты, каб адлюстра­ваць дрэнны стан вясковых палiтасветустаноў i нiзкую эфек­тыў­насць iх працы. Такiх матэрыялаў архiўныя фонды захоў­ваюць вялiкае мноства. Большасць з iх напiсаны хаця i не вельмi адукаванымi, аднак адказнымi за справу людзьмi i не могуць не хваляваць сённяшняга чытача. Калi даследуюцца такiя дакументы, калi сустракаецца характарыстыка палiт­асвет­работы “нi к чорту не гадзiцца”, то ствараецца абгрун­та­ванае ўражанне яе нездавальняльнага стану. І не таму, што яна адставала ад тэмпаў гаспадарчага будаўнiцтва, патрэб сялянства i часта зменлiвай партыйнай лiнii, а перш за ўсё па прычыне яе неадпаведнасцi сацыяльна-псiхалагiчнаму на­строю вёскi.

Такiм чынам, працэс вызначэння структуры сельскiх палiт­асвет­устаноў у асноўным завяршыўся да 1923 г., у далейшым адбывалася яе ўдасканаленне. Аднак нi матэрыяльнае, нi кадравае забеспячэнне хат-чытальняў не адпавядала пастаў­ле­ным перад iмi задачам. Вясковыя ўстановы палiтасветы не атрымлiвалi неабходнай метадычнай, iнфармацыйнай i псiха­лагiчнай падтрымкi з боку кiруючых органаў.