Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Беспалая М. А книга 326 стр..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
20.04.2019
Размер:
2.46 Mб
Скачать

2. 5. Агракультурнае асветнiцтва

Нельга не прызнаць, што для вясковага люду самым неаб­ходным i карысным сярод iншых вiдаў асветнiцтва з’яўлялася сельскагаспадарчае. Кiруючыя iнстанцыі, разумеючы гэта, неаднаразова прымалi рашэннi аб разгортваннi шырокай прапаганды агранамiчных ведаў. У рэспублiцы была захавана дарэвалюцыйная структура агранамiчнай i ветэрынарнай службаў. У Наркамаце земляробства (НКЗ) быў створаны культасветаддзел, у канцы 1920 г. яго ўзначальваў Язэп Лё­сiк. Аддзел, “становячы сабою рассаднiк культуры i прасветы памiж шырокiх мас работнiцка-сялянскага насялення Белару­сi”, лiчыць патрэбным “дзеля пашырэння сельскагаспадарчых ведаў выдаваць адпаведныя брашуры, лiстоўкi, адозвы, пла­ка­ты, а ў першую чаргу намецiў выданне сельскагаспадарчага часопiса. Да справы перабудовы гаспадаркi ў Беларусi на новыя камунiстычныя асновы трэба падыходзiць вельмi асцярожна, прымаючы пад увагу асаблiвасцi краю” [35, 157, л. 30]. Аднак няздзейсненай аказалася iдэя выдання часопiса “Вясковая гаспадарка Беларусi”. Змаглi выдаць толькi насценны беларускi каляндар з сельгасматэрыяламi.

Культурна-асветнiцкi аддзел НКЗ планаваў прыняць меры па аднаўленнi сельскагаспадарчых бiблiятэк пры павятовых i валасных зямельных аддзелах, зборы матэрыялаў для арганiзацыі музеяў, каб на iх аснове чытаць лекцыi ў паветах. Вывучалася пытанне арганiзацыi сельскагаспадарчых курсаў. Iдэi культасветаддзела НКЗ прадублiраваў агранамiчны з’езд, якi адбыўся ў Мiнску 27–30 студзеня 1921 г. У рэзалюцыi з’езда ставiлiся задачы “выдання сельскагаспадарчых кнiжак, часопiсаў, брашур i распаўсюджвання iх праз клубы, хаты-чытальнi, стварэнне сельскагаспадарчага музея, запрашэнне ўсiх аграномаў для чытання лекцый” [35, 130, л. 13].

Аднак на аснове аналiзу многiх дакументаў, адзiн з якiх будзе працытаваны нiжэй, можна зрабiць вывад аб iснаваннi ўсё той жа дыспрапорцыi памiж задуманым i ажыццёўленым, цi, калi карыстацца фiласофскiмi катэгорыямi, памiж рэальнасцю i магчымасцю.

Звернемся да сведчання дакумента – справаздачы аднаго з аграномаў: «Насельнiцтва вельмi некультурнае, адчуўшы за сабою ўладу i сiлу, не ўмеючы карыстацца першай, часта абапiраецца на другую пры самых нязначных выпадках, напрыклад неправераныя чуткi, хлуслiвыя даносы... Не адчу­ваючы хуткiх вынiкаў ад аграномii, насельнiцтва крычыць “Далоў аграномаў!”. Што тычыцца лектарскай дзейнасцi, то яе можна выкарыстоўваць заўсёды: у час палявых работ магчымыя чытаннi, лекцыі; курсы – толькi па святочных i нядзельных днях; зiмой магчымыя доўгатэрмiновыя курсы... Важна, каб слухачы былi пастаяннымi i каб iх было не вельмi многа. На кожным агранамiчным участку можна адкрыць народную сельскагаспадарчую школу, завесцi школьную гаспадарку, як у сялян» [32, 67, 4, л. 5а, 6]. Вядучыя вучоныя рэспублiкi, напрыклад А.Смолiч, звярталi ўвагу на неабход­насць разумення псiхалогii сялянства, каб разбурыць “сцяну халоднага недаверу памiж аграномам i селянiнам” [32, 1731, л. 10].

Адной з формаў аграрнага асветнiцтва сталi сельскагас­па­дарчыя курсы, пачатак якiх быў пакладзены ў 1920 г. З гэтага часу кароткатэрмiновыя шырокапрофiльныя курсы працавалi ў Мiнску, Бабруйску, Слуцку, Барысаве, а з 1922/23 наву­чаль­нага года на курсах вялося навучанне па сельскагас­падар­чых галiнах. Дзеля лепшай падрыхтоўкi да пасяўной кампанii 1923 г. планавалася арганiзаваць курсы ў Заслаўi, Койданаве, на Случчыне i Iгуменшчыне, але на гэта не хапiла сродкаў. На вучобу накiроўвалiся сяляне, якiя ўмелi пiсаць, чытаць i ведалi чатыры арыфметычныя дзеяннi. Для дэмабi­лi­за­ваных чырвонаармейцаў таксама арганiзоўвалiся спецыяль­ныя курсы па сельскай гаспадарцы. Нiзавой формай аграрнай асветы павiнны былi стаць сельскагаспадарчыя гурткi, перад якiмi ставiлася задача вывучаць пытаннi павышэння ўраджай­насцi. Калi ў 1922–1923 гг. iх было толькi 4, то ў да­лей­шым iх колькасць рэзка ўзрасла.

Важная роля надавалася лекцыям на сельскагаспадарчыя тэмы, аб чым было прынята рашэнне яшчэ ў 1919 г. на з’ездзе КП(б) ЛiБ. У сакавiку 1922 г. гэтую задачу перад сваiмi нi­за­вымi арганiзацыямi паставiў Галоўпалiтасвет. У навуковых даследаваннях гаворыцца аб сотнях лекцый, праведзеных у 1922– 1923 гг. Аднак адразу паўстае пытанне: “А хто iх пра­во­дзiў i на аснове якiх матэрыялаў?” Звернемся да дакумента. 31 сакавiка 1922 г. пазашкольны савет Беларуцкага валвыкан­кама паведамляў: “23 сакавiка сабраны ўсе шкрабы воласцi, абавязаныя праводзiць чытанне лекцый i распрацоўваць iх план. Матэрыялаў для чытання няма. Тыя ж, якiя ёсць, тычацца толькi размеркавання зямлi, а не самой культуры раслiн. Газетнымi звесткамi могуць карыстацца не ўсе шкра­бы, бо няма газет. У адзінкавых выпадках былi прачытаны лекцыі з газет аб засухаўстойлiвых раслiнах i штучным затрымлiваннi вiльгацi” [17, 228, л. 29]. Цытуемы дакумент дастаткова пераканаўча сведчыць i аб узроўнi лекцый, i аб магчымасцях лектараў. Тым самым ён пацвярджае нашу думку аб неадпаведнасцi кабiнетных планаў рэальным маг­чы­масцям i сапраўднага становiшча справаздачам з месцаў.

Агiтацыйнымi кампанiямi i дутымi лiчбамi праведзеных лекцый падняць культуру земляробства было немагчыма, што сцвярджаў і А.Смолiч: “Шляхам лекцый мы вёскi не зрушым”. Садзейнiчаць гэтаму маглi толькi добра адукава­ныя людзi, а iх якраз i не хапала. Не хапала спецыялiстаў не толькi для вёскi, але i для ўзгаданых сельскагаспадарчых курсаў. Iх нязначная папулярнасць прызнавалася нават у та­га­часным друку. У 1923 г. ва ўсёй рэспублiцы працавалi 26 агра­номаў, якiя атрымлiвалi зарплату нiжэй канцылярыс­та. Такiмi ж былi выдаткi i на падтрымку сельскай гаспадаркi. Напрыклад, у 1921–1922 гг. на патрэбу раслiнаводства было расходавана 0,01% ад агульнай сумы па НКЗ, а ў 1922–1923 гг. – 0,77% [33, 9, л. 25 адв.].

Не спрыялi пашырэнню сельскагаспадарчых ведаў шматлi­кiя лiстоўкi, якiя распаўсюджвалiся ў межах розных сельска­гаспадарчых кампанiй: пашырэннi пасяўной плошчы пад лубiн i другiя тэхнiчныя культуры, ачысткi насення i iнш. Не надта змянiлася справа пасля стварэння серыi “Сялянская сельскагаспадарчая бiблiятэчка”, на аснове якой штогод невялiкiм тыражом выдаваліся 10–15 брашур.

Аднак, як канстатавалася ў адной з рэцэнзiй, “памеры кнi­жак не адпавядаюць умовам вёскi, бо аб’ём iх 30, 48, 59 i нават 74 старонкi. Малаадукаванай вёсцы такая кнiжка не пад сiлу” [10, 575, л. 2а]. Нiчога дзiўнага ў тым, што такiя кнiжкі мала хто купляў i чытаў. Напрыклад, на Мазыршчыне са ста экзэмпляраў брашуры “Жыта i пшанiца” не было прададзена нi адной, а з 30 экзэмпляраў кнiжкi “Аб насеннi” прадалi 20 [38, 2178, л. 4 адв.].

Неабходна адзначыць, што да вайны справай распаўсю­джан­ня сельскагаспадарчых ведаў займалiся земствы, якiя рас­працавалi асноўныя кiрункi сельскагаспадарчага асветнiц­тва ў галiне аграномii: арганiзацыя вопытных палёў i стан­цый, пастаноўка калектыўных доследаў, паляпшэнне сельска­гас­падарчай адукацыi i г.д. У Мiнску з 1911 г. iснавалi земля­робчыя курсы, праз якiя прайшлi дзесяткi сялян. У 1914 г. былi нават арганiзаваны экскурсii сялян у Данiю i Швецыю. З 1911 г. пры Мар’iнагорскай сельскагаспадарчай школе пра­ца­ва­лi курсы для настаўнiкаў па земляробстве, садоўнiцтве, агароднiцтве i малочнай справе [187, с. 51]. З 1910 г. на Мiн­шчыне пачала аказвацца агранамiчная дапамога. Шырокае распаўсюджванне атрымалi ў Беларусi сельскагаспадарчыя таварыствы, пры якiх дзейнiчалi пракатныя пункты, пiтом­нiкi, паказальныя ўчасткi, музеi, бiблiятэкi, выставы. Тут чыталi лекцыi, праводзiлi гутаркi на сельскагаспадарчыя тэ­мы. Земствы выпускалi адпаведную лiтаратуру, праўда, невялiкiм тыражом [187, с. 53–55]. Хацелася б звярнуць увагу на тое, што асiгнаваннi на сельскую гаспадарку па бюджэце земстваў у 1913 г. былi большымi, чым асiгнаваннi па мясцо­вых бюджэтах 1923 г. Акрамя таго, да 1914 г. на агракультур­ныя мерапрыемствы па дзяржаўнай лiнii выдзялялiся значныя сродкi [34, 9, л. 26].

Аўтар прыводзiць гэтыя факты дзеля таго, каб паказаць, што ў Беларусi быў назапашаны значны вопыт пашырэння агранамiчных ведаў. Пасля Грамадзянскай вайны земская сiстэма аказалася разбуранай, кадраў не хапала, аднак са­вец­кая ўлада спадзявалася хутка распаўсюдзiць сельскагаспадар­чыя веды ўшыркi i ўглыб. Зноў жа, як і ў iншых вiдах асветнiцтва, рэчаiснасць засланялi кабiнетная творчасць, жаданне хутчэй атрымаць вынiк. Iнакш не з’яўлялiся б у тагачасным друку праекты стварэння ў кожнай вёсцы пры школах сельскагаспадарчых клубаў моладзi і агранамiчных участкаў. Аднак праекты i заставалiся праектамi. Для таго каб наладзiць фундаментальную асвету ў галiне земляроб­ства, не было нi сродкаў, нi кадраў.

Разам з тым яшчэ з даваенных часоў у Беларусi iснавалi моцныя, правiльна арганiзаваныя гаспадаркi. Iх было не надта многа, аднак на агульным фоне разбурэння i беднасцi вёскi яны аказвалiся дастаткова прыметнымi. Большасць такiх культурных гаспадарак знаходзiлiся на Вiцебшчыне. Да гэтай з’явы прычынiлiся шырокае распаўсюджванне хутароў i актыўная праца земстваў. Гаспадарамi-культурнiкамi (па­вод­ле тэрмiналогii таго часу) станавiлiся сяляне-самародкi, якiя мелi першапачатковую сельскагаспадарчую адукацыю або на сваiм жыццёвым вопыце спасцiглi яе асновы. Сярод iх былi тыя, хто вёў гаспадарку ўжо 30–40 гадоў, i ўчарашнiя чырвонаармейцы, што атрымалi зямлю, большай часткай няўдобiцу. Апантана працуючы, яны за некалькi гадоў змаглi дасягнуць выдатных поспехаў. Многiя з сялян-культурнiкаў займалiся селекцыяй, дамашнiмi промысламi, пчалярствам, мелi нядрэнныя сельскагаспадарчыя бiблiятэкi. Некаторыя дасягнулi настолькi прыметных поспехаў, што iх дзейнасцю зацiкавiлася агранамiчная секцыя Iнстытута беларускай культуры [1, 6, л. 53].

У якасці прыкладу нагадаем гаспадарку Язэпа Кандра­тавіча Мароза з Лепельшчыны. У 1888 г. сям’я Марозаў праз банк у растэрміноўку на 56 гадоў набыла фальварак Фатынь недалёка ад мястэчка Бачэйкава, былога ўладання графаў Ціханавецкіх.

Праз два дзесяцігоддзі шляхам руплівай паўсядзённай працы ўсёй сям’і, гэта каля 25 чалавек, былі дасягнуты вя­лі­кія поспехі. Толькі пад садам было 8 дзесяцін, вінаград­нік займаў 10 кв. сажняў, дэкаратыўныя саджанцы – 184 кв. саж­ні, агарод – больш 2 дзесяцін, ворнай зямлі было каля 30 дзе­ся­цін, сенажаці больш за 28 дзесяцін, у цэлым фальварак займаў плошчу 119 дзесяцін. Гаспадарка была шматпольнай, прычым калі вырошчвалася канюшына, дык некалькіх гатункаў, бульба таксама некалькіх відаў і г.д. Рабілася гэта дзеля таго, каб шляхам шматгадовых назіранняў адабраць лепшыя гатункі. Дзякуючы селекцыі Я.К.Мароз атрымаў яблык, які назваў “салодкая антонаўка”, вывеў гатунак белай куставой фасолі, высокаўраджайны і высокаякасны гатунак капусты “зімняя Мароза” і інш.

Яго працаю зацікавілася агранамічная секцыя Інстытута беларускай культуры. У маі 1925 г. яна запрасіла Язэпа Кандратавіча на сваё пасяджэнне, і ён 25 мая зрабіў даклад аб дасягненнях сваёй гаспадаркі. Усхваляваныя слухачы, сярод іх быў наркам земляробства Зм.Прышчэпаў, вучоны-экана­міст А.Смоліч, вучоны-аграном С.Скандрыкаў, прапанавалі залічыць Я.Мароза членам-карэспандэнтам Інстытута з пра­вам назвы яго гаспадаркі як маючай культурна-навуковае значэнне “Гаспадарка члена-карэспандэнта ІБК”, выдаць манаграфію Я.Мароза з малюнкамі, прызнаць яго героем працы з выдачай яму ордэна Працоўнага Сцяга. Узнікла ідэя арганізаваць сялянскую школу па садоўніцтве і пчалярстве пры фальварку, былі і другія ідэі [1, 6, л. 93].

Яшчэ адным звяном у пашырэннi сельскагаспадарчых ведаў на вёсцы стала дзейнасць студэнтаў. На практыку пры­язджалi студэнты з Масквы, актыўна працавалi навучэнцы Мар’iнагорскага i Чырвонабярэжскага саўгасаў-тэхнiкумаў. Студэнты Пятроўскай акадэмii праходзiлi практыку на агранамiчнай станцыі ў Банцараўшчыне. У 1922 г. яны ства­ры­лi сельскагаспадарчы музей, у якiм паказалi тыповыя ся­лян­скiя гаспадаркi з 7 навакольных вёсак, праводзiлi асвет­нiц­кую работу. З мясцовай моладзi быў створаны культурна-асветніцкі гурток iмя Якуба Коласа, сябры якога раз’язджалi па вёсках. Перад выступленнямi хору заўсёды чытаў лекцыю аграном [480, с. 3].

Да сельскагаспадарчай асветы была прыстасавана iдэя агiт­цяг­нiкоў, якую шырока выкарыстоўвалi падчас Грамадзян­скай вайны. У 1922 г. Наркамат земляробства РСФСР арганi­за­­ваў агранамiчныя цягнiкi. У лiпенi адзiн з iх прыбыў з Масквы ў Барысаў. У яго склад уваходзiлi невялiкi сельска­гаспадарчы музей, кнiжная крама ў 500 выданняў па розных галiнах сельскай гаспадаркi. Асветнiцкую работу пры iм здзяй­­снялi вучоны-аграном i вучоны-ветэрынар. Яны чыталi лек­цыi, давалi парады па пытаннях вядзення гаспадаркi [311, с. 3].

Падобны вопыт быў выкарыстаны i ў Беларусi. Да IV Усе­беларускага з’езда Саветаў у канцы 1922 г. была адкрыта сельскагаспадарчая выстава з аддзеламi травасеяння, малоч­най гаспадаркi, насенняводства i пчалярства. Яе экспанаты склалi экспазiцыю перасоўнай коннай сельскагаспадарчай выставы, якая 11 студзеня 1923 г. у суправаджэннi чатырох аграномаў пачала свой асветнiцкi рэйд. Першы прыпынак быў зроблены ў вёсцы Крупiца, дзе была прачытана лекцыя i праведзены гутаркi па пытаннях садоўнiцтва i агароднiцтва, барацьбе з насякомымi, кааперацыi, аб сельскагаспадарчай выставе ў Маскве. На працягу студзеня–лютага выстава пабывала ў племсаўгасе “Iгнацiчы”, найбольш буйных сёлах Самахвалавiцкай, Магiльнянскай валасцей, у Станькаве i Кой­данаве. За гэты час аграномы прачыталi 58 лекцый, вы­ставу наведалi больш за 6,5 тыс. чал. [442, с. 2].

Пэўны ўплыў на жыццё вёскi аказала кампанiя падрых­тоўкi да I Усерасiйскай сельскагаспадарчай i кустарнай выставы 1923 г. Многiя разумелi несвоечасовасць выставы, немагчымасць праўдзiва адлюстраваць на ёй гаспадарчы стан рэспублiкi. Напрыклад, намеснiк наркама земляробства, член Белвысткама А.Хатэнка пiсаў: “Калi б у краiне iснавала мноства тавараў, калi б вытворчасць патрабавала збыту, калi б iснавала колiшняе аматарства ў сельскай гаспадарцы, тады знайшлiся б асобы, якiя былi б зацiкаўлены ў тым, каб паказаць сваю вытворчасць хаця б дзеля рэкламы, як гэта рабiлася ў ранейшых умовах. Выстаўкi тады з’яўлялiся самым танным i самым надзейным сродкам рэкламы, таму раней на iх ехалi з вялiкаю ахвотаю... Прапагандуемая выстава не рэкламная, а асветна-паказальная i справаздачная. На ёй трэба паказаць сапраўдны стан нашай гаспадаркi, не маскiруючы яго унiкумамi” [49, 6а, л. 2]. Заўважым, наколькi трапна быў паказаны характар плануемай выставы. Вядома, да гэтай вельмi слушнай думкi нiхто з вярхоў не збiраўся прыслухоўвацца. Ды i сам аўтар рабiў усё магчымае для таго, каб як мага лепш паказаць дасягненнi Беларусi.

Выстава арганiзоўвалася на спалучэннi двух прынцыпаў: з аднаго боку, трэба было паказаць матэрыяльныя рэсурсы рэспублiкi i дасягненнi сельскай гаспадаркi, з другога – культурны i бытавы стан сялянскага жыцця. Безумоўна, кiруючыя колы Беларусi не маглi не надаваць вялiкага палiтычнага i прапагандысцкага значэння ўдзелу ў выставе.

Адносiны сялянства да выставы былi ў большасцi адмоўнымi. Гэта зусiм не дзiўна, асаблiва калi прыняць пад увагу ўсе абставiны тагачаснага жыцця вёскi. Цяжка было селянiну зразумець, куды i навошта трэба было аддаваць лепшую частку сваёй маёмасцi. Таму экспанаты збiралiся вельмi марудна. Не дапамагалi агiтацыя ў прэсе, лiстоўкi пад загалоўкам “Што трэба ведаць беларусу пра Усерасiйскую сельскагаспадарчую выставу”, агiтацыйныя тыднёвiкi. Праў­да, мясцовым работнiкам чамусьцi падабалася спiсваць гэта на забiтасць насельнiцтва па той, мабыць, прычыне, што “сяляне да ўсялякiх аглядаў iх жывёлы i гаспадаркi адносiлiся недаверлiва, думаючы, што гэта ўсё робiцца на прадмет большага абкладання. Вяскоўцы скацiну заганялi ў лес, лепшыя экзэмпляры хавалі” [49, 12, л. 86]. Заўважым, што ў дакуменце досыць выразна адлюстраваны сялянскi страх перад павелiчэннем падатку.

З 15 па 22 чэрвеня па ўсёй рэспублiцы праводзiлiся пра­пагандысцкiя мерапрыемствы, прысвечаныя выставе. У афi­цыйных дакументах указвалася, што ўсе вёскi i гарады Беларусi, усе земляробы i рабочыя павiнны азнаёмiцца з яе задачамi. Усе партыйныя i грамадскiя арганiзацыi, усе праф­саюзы, усе работнiкi асветы, аграномы, ляснiчыя павiнны “кінуць свае сiлы ў вёску, каб заклiкаць сялян да шырокага ўдзелу ў выставе”. Але “папяровыя заклiкi” не далi жаданых вынiкаў, i агiтацыйныя мерапрыемствы былi працягнуты яш­чэ на тыдзень. У рэшце рэшт улады былi вымушаны аб’явiць аб падатковых iльготах для гаспадароў, якiя згадзiлiся прыняць удзел у выставе. Абяцалася памяншэнне падатку ад 5 да 75 пудоў у залежнасцi ад значнасцi экспаната [32, 1168, л. 54].

Ва ўсе паветы былi адпраўлены спецыяльныя ўпаўнава­жаныя. На месцах стваралiся выставачныя бюро, аднак яны не мелi сродкаў, таму работа па зборы экспанатаў пачалася на голым энтузiязме i вельмi пасiўна. Не трэба забываць, што гэтыя падзеi адбывалiся ў самыя гарачыя летнiя месяцы i пры крытычных настроях многiх выканаўцаў. Напрыклад, кiраў­нiцтва Мар’iнагорскага сельгастэхнiкума лiчыла, што “стан iх гаспадаркi паказвае не дасягненнi, а, наадварот, моцны заняпад. Толькi спынiлася разбурэнне старога, пачаўся пава­рот у бок некаторага ўмацавання новага, i таму момант для выставы абраны самы няўдалы” [49, 6а, л. 55].

Але некаторыя выстбюро прымалi досыць рашучыя паста­новы ў адрас, на iх думку, не зусiм актыўных выканаўцаў. Нават пагражалi прыцягваць да адказнасцi па арт. 107 i 108 Крымiнальнага кодэкса. Так было ў Iгуменскiм павеце, а ў Барысаве пагражалі нiкога не пасылаць у Маскву на экс­курсiю [50, 12, л. 119]. Складвалася ўражанне адсутнасцi на месцах зацiкаўленасцi ў выставе. Мабыць, людзi разумелi нейкую дваiстасць сiтуацыі, калi няма чаго паказваць, а трэба. Кiраўнiкi Белвысткама, якi быў створаны ў сакавiку 1923 г. на чале з камiсарам земляробства А.С.Славiнскiм, таксама не маглi канкрэтна вызначыцца, якiя ж дасягненнi трэба паказваць. То прапаноўвалася паказаць яшчэ толькi плануемыя гiдратэхнічныя пабудовы на адным з балот недалёка ад Мiнска, то даць звесткi аб колькасцi зямлi, якая знаходзiцца ў сялян. Але, звернем увагу, Цэнтральнае статыс­тыч­нае бюро адказала, што “ў iх такiх звестак няма”. Ка­мусьцi прыйшла думка зрабiць апiсанне эвалюцыi сельскай гаспадаркi пад уплывам агранамiчнай працы на працягу некалькiх гадоў. Агранамiчны аддзел НКЗ паведамiў, “што ў Беларусi няма аграномаў, якiя працавалi б тут дастат­кова доўга” [49, 7, л. 554, 67].

Вельмi многа размоў вялося вакол пытання аб паказе на выставе тыповай сялянскай сядзiбы. Па прапанове А.Смолiча была абрана гаспадарка Я.Сцефановiча з вёскi Крупiца Мiнскага павета, але ж гаспадар не згадзiўся з перспектывай разбурэння сваiх пабудоў i нават адмовiўся паехаць у Маскву са сваёй сям’ёй у якасцi “жывой карцiнкi” да макета сялян­скай хаты [49, 5, л. 27].

Перад выставай ставiлася яшчэ адна, можа, самая важная задача – прапаганда дасягненняў рабоча-сялянскай улады. Аб выставе шмат пiсалася ў прэсе, арганiзоўвалiся спецыяльныя экскурсii. Была спушчана спецыяльная разнарадка на коль­касць экскурсантаў. Ад Беларусi, напрыклад, планавалася паслаць 1500–2000 чалавек, пажадана, каб большасць iх была з сялян. Па валасцях адбывалiся з’езды старшынь сельскiх Саветаў, камiтэтаў сялянскай узаемадапамогi, школьных ра­ботнiкаў i членаў кааператываў па абмеркаваннi кандыдатур на паездку ў Маскву. Аднак жадаючых знайсцi было цяжка, таму што адарвацца селянiну жнiвеньскiм днём было не тое што немагчыма, гэта было неразумна. Але мясцовыя ўлады не вельмi засмучалiся такой акалiчнасцю, i іх прадстаўнікі ахвотна ехалi самi. Таму ў першай экскурсii сялян было каля 20%, у другой – каля 30%, i толькi ў трэцяй, якая адпраў­лялася ў канцы верасня, – ужо 75%. На экскурсii выдзялялiся грошы, але iх, безумоўна, не хапала. Таму рэкамендавалася “браць з сабой бялiзну i запас харчоў на 7–8 дзён”, “апранац­ца ў беларускае нацыянальнае адзенне” [49, 7, л. 816 адв.; 12, л. 214].

Па завяршэннi выставы падводзiлiся вынiкi i лепшым выдавалiся прэмii: плугi, косы, мануфактура, сепаратары, роз­ная дробязь. Наколькi можна зразумець з дакументаў, большасць удзельнiкаў беларускага павiльёна атрымалi прэмii, асаблiва вялiкi поспех чакаў удзельнiкаў раздзела жывёлагадоўлi, якiя былi ўзнагароджаны ўсе [50, 7, л. 669].

Безумоўна, у 1923 г. перад рэспублiкай, асаблiва перад вёскай, стаялi больш важныя задачы, чым удзел у выставе. Аналiз падрыхтоўчай работы дазваляе зрабiць некаторыя высновы. Па-першае, iдэя выставы не захапіла сялян, яна была навязана зверху, прычым у вельмi неспрыяльны момант i ў цяжкiх эканамiчных абставiнах. Па-другое, непасрэдныя вытворцы не былi зацiкаўлены ў выставе, таму што яшчэ не акрыялi пасля вайны. Не магло быць з iх боку нават жадання рэкламаваць сваю прадукцыю. Нам падаецца неразумнай трата вялiкiх сродкаў, якiя былi ўзяты з тых жа сялян у вы­глядзе розных падаткаў, на арганiзацыю своеасаблiвай калекцыi не самых лепшых дасягненняў.

У сувязi з рашэннямi партыйных органаў з 1924 г. самая значная роля сярод iншых кiрункаў палiтыка-асветнiцкай работы пачала надавацца аграрнаму асветнiцтву як аднаму з важнейшых сродкаў аднаўлення сельскай гаспадаркi. У рас­пра­цаванай схеме яго нiзавымi ячэйкамi станавiлiся сельска­гаспадарчыя гурткi пры хатах-чытальнях, другой ступенню – курсы па розных галiнах сельскай гаспадаркi з вывучэннем тэарэтычных i практычных пытанняў i апошнiм звяном – масавае свята Дзень ураджаю з выставамi сельскагаспадарчай прадукцыi [14, 197, л. 29]. Наркамат земляробства планаваў арганiзаваць у кожнай з 10 акруг не менш за пяць сель­скагаспадарчых курсаў i ў кожным раёне адзiн гурток або праводзiць экскурсii сялян на доследныя палi, арганізоўваць конкурсы, аграсуды i да т.п. У галiне ветэрынарыi праду­гле­джвалася наладзiць выезды спецыялiстаў на вёску не менш за 120 разоў на год, каб чытаць лекцыі, даклады на сялянскiх канферэнцыях i сходах, у сельсаветах i хатах-чытальнях. Існавалi планы стварэння перасоўных ветмузеяў, выстаў, кааператыўных ветпунктаў, выдання неабходнай лiтаратуры, лістовак, брашур, плакатаў, арганiзацыі кампанiй у форме дзён ветэрынарыi, тыдняў ветэрынарыі i г.д. [33, 5, л. 25 адв.].

Вiдавочна, падобныя рашэннi з’яўлялiся далёкiмi ад маг­чымасцей асветнiцкiх арганiзацый. Для iх рэалiзацыі кадраў палiтасветы i спецыялiстаў не хапала. У 1925 г. у Беларусi пра­цавалi 210 участковых i 10 акруговых аграномаў, каля 200 работнiкаў ветэрынарнай службы [33, 5, л. 28; 23, 135, л. 17]. У той жа час сярод вясковай моладзi пачынаецца масавае стварэнне сельскагаспадарчых гурткоў, якiмi кiравалi часцей за ўсё настаўнiкi, гаспадары-культурнiкi, што перайшлi на шматполле, i толькi дзе-нiдзе аграномы. Часцей за ўсё апош­нiя абмяжоўвалiся рэдкiмi наездамi ў вёску i чытаннем лекцый, пасля чаго прымалiся рэзалюцыi аб пераходзе слухачоў на новыя формы землекарыстання [44, 123, л. 38].

У некаторых мясцовасцях iдэю аграрнага асветнiцтва пры­ня­лi вельмi шчыра, асаблiва моладзь i настаўнiцтва. Напры­клад, нарада загадчыкаў народных Дамоў i хат-чытальняў Мiнскай акругi ў снежнi 1926 г. пастанавiла стварыць гурткi пры кожнай хаце-чытальнi i чырвоным кутку [8, 300, л. 73]. Аб энтузiязме сведчаць прымаемыя рашэннi. На сваiм агульным сходзе працаўнiкi асветы Койданаўскага раёна ў снежнi 1925 г. прынялi пастанову, дзе запiсалi: “Савецкая школа-ферма павiнна стаць маяком сельскагаспадарчай асве­ты. Не павiнна быць школы, якая б не iмкнулася да прынцы­пу аб’яднання навучання i вытворчай працы, таму неабходна пры школах утрымлiваць зямельныя ўчасткi; арганiзаваць сельскагаспадарчыя курсы; закласцi апорныя пункты для доследаў пад кiраўнiцтвам аграномаў” [44, 199, л. 185]. У Чэрвеньскiм раёне пайшлi далей i прапанавалi ўсiм школам прыняць тэрмiновыя меры па закладцы паказальных участкаў па шматполлi, якiя павiнны апрацоўвацца “выключна сiламi навучэнцаў i навучаючых” [44, 56, л. 61].

Галоўную ролю ў арганiзацыi сельскагаспадарчых гурткоў узяў на сябе камсамол, чарговы з’езд якога ў 1924 г. паста­навiў пры кожнай вясковай ячэйцы стварыць гурткi. Перад камсамольцамi ставiлiся задачы лiквiдацыi агранамiчнай непiсьменнасцi, набыцця элементарных ведаў па ўсiх галiнах сельскай гаспадаркi, лiквiдацыi палiтычнай i агульнай непiсьменнасцi. У гурткi прымалiся члены ячэек i лепшая беспартыйная моладзь, а iх сродкi фармiравалiся за кошт узносаў. Кiраванне гуртком ускладалася на агранома або хатнiка цi настаўнiка [23, 19, л. 140]. На наш погляд, апошняя акалiчнасць выразна прадэманстравала нежыццяздольнасць плануемых добраахвотных аб’яднанняў. Пацвердзiць гэты вывад могуць тагачасныя дакументы, напрыклад справаздача старшынi Астрашыцка-Гарадоцкага райпалiтасвета ад 21 кра­са­вiка 1926 г.: “Добра, што сельскагаспадарчыя гурткi рас­туць як грыбы, але дрэнна, што ў iх нездавальняюча пастаў­лена справа. Яны будуць жыццёвыя толькi тады, калi будуць кадры адпаведных кiраўнiкоў” [8, 202, л. 15]. З другiх месцаў паведамлялi: “Просiм-просiм агранома, а ён не прыязджае, таму зiмой чытаем кнiжкi, няма праграм, практыкi” [14, 208, л. 206].

Пытанню дзейнасцi сельскагаспадарчых гурткоў надава­лася значная ўвага з боку кiруючых арганiзацый, i не толькi партыйных. У кастрычнiку 1925 г. адбыўся пленум сельскагаспадарчай секцыi Iнбелкульта, на якiм абмяркоўва­лася пытанне працы гурткоў. Асноўны дакладчык вучоны-аграном М.Сцяпура звярнуў увагу на хуткi рост гурткоў, за якiмi не паспявала статыстыка, таму дакладную iх колькасць вызначыць немагчыма. Галоўнымi недахопамi работы гурткоў дакладчык лiчыў “адсутнасць належнага кiраўнiцтва, затэарэтызаванасць i сезоннасць дзейнасцi” [1, 11, л. 32]. Удзельнiкi пленума выказалi незадаволенасць распрацаванай Галоўпалiтасветам праграмай для сельскагаспадарчых гурт­коў, якая аказалася проста нежыццёвай. Чаму маглi навучыць аднаразовыя гутаркi на тэмы “Зямельны i Лясны кодэксы”, “Трохполле – пагiбель, выратаванне – шматполле”, “Аб правiльным доглядзе за дамашняй жывёлай”, “Перавага калектыўнай гаспадаркi над аднаасобнай” і інш. Яшчэ больш далёкiмi ад жыцця аказалiся плануемыя практычныя заняткi – назiраннi за паказальнымi кармленнямi жывёлы па нормах, ацяпленне гаспадарчых пабудоў i назiранне за вынiкамi гэтага i да т.п. [22, 7, л. 56].

Удзельнiкi пленума Iнбелкульта прызнавалi бяздзейнасць аматарскiх гурткоў i ў якасцi галоўнай прычыны вылучалi думку аб адсутнасцi пэўнага цэнтральнага органа, якi б узначалiў iх працу. Досыць паказальным з’яўлялася ўяўленне аб яго задачах: “...распрацоўка методыкi па вытворча-практычнай лiтаратуры; стварэнне iнстытута iнструктараў па арганiзацыi гурткоў; складанне каталога для гуртковых бiблiятэчак; арганiзацыя курсаў для кiраўнiкоў” [1, 11, л. 34]. Як бачым, рэальнае ўяўленне аб стане i магчымасцях тагачаснай вёскi адсутнiчала як у партыйнага кiраўнiцтва, так i ў навукоўцаў. Вера ў магутнасць i непахіснасць iдэi засланяла рэальную карцiну. З аднаго боку, выступоўцы звяртаюць увагу на тое, што большасцю гурткоў кiруе малаадукаваная камсамольская моладзь, з другога, прымаюц­ца нерэальныя рашэннi з адначасовым прызнаннем цяжкага матэрыяльнага стану гурткоў, якiя падтрымлiваюцца толькi за кошт добраахвотных узносаў.

Каб актывiзаваць працу гурткоў, адны выступоўцы прапаноўвалi перадаць кіраванне i забеспячэнне гурткоў ЦК КСМБ, другiя лiчылi неабходным актыўней выкарыстоў­ваць настаўнiкаў, нават арганiзаваць летнiя курсы па iх перапад­рых­тоўцы; для трэцiх iдэалам з’яўлялася самадзей­насць самiх сялян, як гэта адбывалася ў заходнiх краiнах. Пасля доўгага абмеркавання навукоўцы прынялi пастанову, на жаль, не адпаведную стану праблемы: склiкаць Усебела­рускi з’езд працаўнiкоў сельскагаспадарчых гурткоў, на якім пра­па­наваць аграномам выкарыстоўваць гурткi як сродак агра­пра­паганды [1, 11, л. 34 адв.].

Большасць спецыялiстаў сельскай гаспадаркi не ўспрымалi iдэалагiчнага падыходу да практычных праблем. З непакоем мясцовыя ўлады паведамлялi аб iгнараваннi iмi курсаў палiтасветы, прысвойвалi ярлыкi грамадска неактыўнага элемента лепшым аграномам, што па тых часах адпавядала дрэннай характарыстыцы [38, 2175, л. 39]. Можна дапусцiць, што, будучы рэалiстамi, назiраючы на практыцы разыхо­джан­не памiж словам i справай, нешматлiкi атрад аграномаў не жадаў удзельнiчаць у чарговым прапагандысцкiм мера­прыемстве. Ды i што маглi зрабiць “папяровыя” сельскагас­падарчыя гурткi ў справе пашырэння спецыяльных ведаў, калi не было нiякага парадку ў iншых вiдах афiцыйнай аграпрапаганды?

Што тычыцца арганiзацыi сельскагаспадарчых курсаў, то згодна з дакументамi яны iснавалi. У асобных раёнах право­дзiлiся месячныя курсы з вопытна-паказальным кармленнем жывёлы i тэарэтычнымi заняткамi, у другiх – 10-дзённыя або 20-дзённыя тэарэтычныя курсы з дэманстрацыяй iлюстра­цый­нага матэрыялу [24, 543, л. 258]. Толькi немагчыма вызначыць практычную карысць гэтых курсаў, калi яны iснавалi на самай справе.

Наступная ступень аграпрапаганды – святкаванне Дня ўраджаю з арганiзацыяй сельскагаспадарчых выстаў. Праз афiцыйныя дакументы праходзiць iдэя замены гэтым маса­вым мерапрыемствам аднаго з любiмых сялянствам рэлiгiй­ных свят – Пакровы. Iнiцыятыву ў арганiзацыi Дня ўраджаю ўзяў на сябе камсамол. ЦК ЛКСМБ распрацаваў парадак святкавання: “...падвядзенне вынiкаў сельскагаспадарчага года; выяўленне недахопаў вядзення сельскай гаспадаркi i праграма падрыхтоўкi да яго (абмеркаваць пытанне на агульных сходах); у хатах-чытальнях развесiць лозунгi, пла­ка­ты; асабiстыя гутаркi з сялянствам; падрыхтоўка выставы” [23, 19, л. 101].

14 кастрычнiка 1923 г. пачалося святкаванне Дня ўраджаю, а праз год яно стала масавым. Толькi па Мiнскай акрузе ў 1924 г. адбылося 7 раённых сельскагаспадарчых выстаў, i “хаця ў некаторых вёсках сялянства аднеслася да iх з не­да­ве­рам, у большасцi яны прайшлi з вялiкiм поспехам. У Сама­хвалавiцкiм раёне прысутным прадэманстравалi працу трактара. Паказальна, што на Мiншчыне асобным гаспадарам прэмii не прысуджалiся, а давалiся толькi калектывам i цэлым вёскам за шматполле, раннi пар, добрае ўтрыманне жывёлы. У другiх месцах матэрыяльныя прэмii давалi бяднейшым, заможным – дыпломы. У якасцi прэмiй выкарыстоўвалiся трыеры, збожжаачышчальныя машыны, наборы лугавых прылад, масларобчыя прылады i г.д. [4, 72, л. 162]. Аналагiч­на праходзiла святкаванне Дня ўраджаю ў другiх месцах, дзе-нiдзе ў iм прымалi ўдзел саўгасы, сярод экспанатаў траплялiся вырабы кааператыўных аб’яднанняў [4, 276, л. 7]. З цягам часу святкаванне Дня ўраджаю пачало ажыццяўляцца ўрадам праз органы Наркамата земляробства з наданнем яму палiтычнага значэння i характару шырокай народнай гульнi з “калектыўнымi народнымi скокамi i спевамi” [8, 311, л. 352]. Але, як сведчаць дакументы, святкаванне Дня ўраджаю адбывалася шаблонна: мiтынг з прывiтаннямi ад розных арганiзацый, даклад агранома i інш. [4, 276, л. 92 адв.].

Святкаванне Дня ўраджаю паступова ператваралася ў малацiкавае мерапрыемства. Газета “Савецкая Беларусь” у нумары за 23 кастрычнiка 1928 г. паведамляла аб вынiках рэйду па раённых цэнтрах Мiншчыны 14 кастрычнiка, у дзень свята: “Выставы ў большасцi былi пабудаваны ў гразi, пад адкрытым небам або ў цёмных хлявах... Пашпарты для экспанатаў рыхтавалiся ў дзень выстаўкi ў пажарным парад­ку... У Койданаве толькi паспелi раскласцi экспанаты пад адкрытым небам каля касцёла, аж раптам загад з райвыкан­кама – перайсцi ў народны дом... Старшыня Плешчанiцкага РВК не наведаў выставу, старшыня Заслаўскага РВК паказаў­ся на выставе i праз 10 хвiлiн пакiнуў яе, а загадчыца народ­нага дома адмаўлялася даць памяшканне для ўрачыстага сходу... У Прылепскiм сельсавеце на выставу з’явiлiся толькi два сябры сельсавета... Камсамольцы Плешчанiц i Прылеп адмовiлiся прымаць удзел у выставе... Саўгасы i кааператывы Заслаўскага раёна зусiм не ўдзельнiчалi ў выставе...” Пад уражаннем усяго гэтага некаторыя спецыялiсты Наркамата земляробства прыйшлi да высновы аб “непатрэбнасцi гэтых выстаў наогул або правядзеннi iх раз у тры гады. Пры такой неарганiзаванасцi выставы не апраўдваюць сябе нi гаспадар­ча, нi палiтычна, толькi дыскрэдытуюць у вачах сялянства работу аграномаў i савецкай улады” [248, с. 3].

Акрамя сельскiх палiтасветустаноў, аграпрапагандай па­вiн­ны былi займацца Дамы селянiна, якiя стваралiся ў акру­го­вых цэнтрах i ў некаторых раёнах ужо ў 1921 г. Ім надавалася значэнне перш за ўсё iдэалагiчных, а потым культурных устаноў. У Цэнтральным Доме селянiна (ЦДС) у Мiнску iснавалi юрыдычны i агранамiчны аддзелы, бiблiятэка-чы­таль­ня, музей, праводзiлiся кансультацыi па сельскагас­падарчых пытаннях, лекцыi i гутаркi па грамадазнаўстве, кааперацыi, медыцыне, падатковай палiтыцы, чыткi газет i часопiсаў. Напрыклад, у вераснi 1925 г. планавалiся лекцыi на тэмы “Восеньская ўборка яравых i азiмых палёў”, “Уборка гароднiны”, “Чырвоная армiя i яе значэнне”, “Падатковая палiтыка’ i iнш. [38, 2178, л. 57]. Тры разы ў тыдзень паказ­валi кiно. Падтрымлiвалася пiсьмовая сувязь з сялянамi розных акруг.

Усе ўстановы гэтага тыпу мелi фiнансавыя праблемы, таму эфектыўнасць iх дзейнасцi не магла быць высокай. Каб падтрымаць Цэнтральны Дом селянiна як арганiзацыю, што выконвае работу дзяржаўнай важнасцi ў справе паляпшэння матэрыяльна-гаспадарчага стану сялянства i распаўсюджван­ня сярод яго палiтычных i агранамiчных ведаў, Наркамат фiнансаў вызвалiў ЦДС ад гербавага i канцылярскага збору [16, 138, л. 53].

Акруговыя выканкамы не ўдзялялi дастатковай увагi Да­мам селянiна (ДС), вынiкам чаго стала iх “панiжаная жыццяздольнасць пры страце дзяржаўнага значэння” [32, 1652, л. 3, 3 адв.]. Афiцыйныя дакументы паведамлялi аб “цяж­кiм, ненармальным стане” Талачынскага ДС, ператва­рэн­нi Полацкага ДС у “простую начлежку без адзiнай куль­тур­най установы”, перамяшчэннi Цэнтральнага ДС з месца на месца i г.д. [32, 3611, л. 129; 25, 184, л. 70]. Вось якое ўражанне пакiнуў Аршанскi Дом селянiна пасля наведвання яго загадчыкам ЦДС: “Калi я трапiў у Аршанскi ДС, то здалося, што трапiў у харчэўню. Памяшканне не адпавядае працы ДС. Культурная праца не вядзецца, хаця ёсць загадчык i бiблiятэкар. Трэба яго зачынiць, бо ён прыносiць больш шкоды, чым карысцi. Вiцебскi ДС трохi лепшы, але i там культурнай працы мала” [14, 187, л. 344].

Пытаннi аграпрапаганды, асноўныя кiрункi якой пастаянна ўдакладнялiся, заставалiся пад кантролем партыйных i савецкiх органаў. На Усебеларускай нарадзе агiтацыйна-прапагандысцкiх аддзелаў КП(б)Б у кастрычнiку 1926 г. звярталася ўвага на неабходнасць прапаганды 5-гадовага плана развiцця сельскай гаспадаркi БССР. Прадугледжвалiся стварэнне бюро па аграпрапагандзе, абавязанага наладзiць улiк і вывучэнне вопыту работы сельскагаспадарчых гурткоў, правядзенне нарад гаспадароў-культурнiкаў, экскурсiй у вопытна-паказальныя гаспадаркi, падрыхтоўку выстаў, арганiзацыю выступленняў у друку [23, 50, л. 378].

Як нам падаецца, створаная сiстэма аграпрапаганды не справiлася з пастаўленай задачай пашырэння сельскагаспа­дар­чых ведаў сярод шырокiх мас сялянства. Справаздачныя даныя, сярод якiх немагчыма знайсцi хаця б некалькi аднолькавых лiчбаў i якiя паказваюць сотнi гурткоў, тысячы паказальных участкаў, дзесяткi курсаў i да т.п. [25, 135, л. 17], не адлюстроўваюць сапраўднага стану справы. За лiч­ба­мi хаваюцца невырашальныя праблемы: адсутнасць спе­цыяль­ных кадраў, дрэннае матэрыяльнае забеспячэнне i, безумоўна, кампанейскi падыход да выканання рашэння ў партыйных органаў. У адказ на пастанову ХIII з’езда РКП(б) пачалi рапартаваць аб масавым энтузiязме сялянства ў стварэннi гурткоў. Як было прынята, спачатку паведамлялася аб станоўчых момантах: зацiкаўленасцi сялянства, удзеле ў пасяўной кампанii. Потым пераходзiлi да абмеркавання недахопаў: адсутнасць спецыяльнай лiтаратуры (не толькi кадраў), слабы абмен вопытам, сябры гурткоў i слухачы курсаў не павялiчваюць эфектыўнасць сваiх гаспадарак, не праводзяць практычных заняткаў i г.д. [24, 1341, л. 25]. Як бачна, недахопамi перакрывалiся нязначныя станоўчыя вынiкi. Не выпадкова яшчэ ў 1928 г. прымалiся рэзалюцыі аб пашырэннi сеткi гурткоў, пераарыентацыі iх працы ў кiрунку прапаганды калектыўных формаў гаспадарання.

Пашырэнню спецыяльных ведаў заклiканы былi садзей­нiчаць сельскагаспадарчыя школы дарослых сялян (ШДС) з 5-месячным курсам навучання. 6 жнiўня 1924 г. было рас­пра­ца­вана адпаведнае палажэнне, згодна з якiм у школу прыма­лiся юнакi i дзяўчаты старэй за 18 гадоў, што ўмелi чытаць i пiсаць. Як заўсёды, перавага аддавалася чырвонаармейцам, перадавым беднякам i сераднякам, накiраваным партыйнымi, прафсаюзнымi i зямельнымi ўстановамi. Курс навучання павiнен быў даваць “асноўныя сельскагаспадарчыя веды з канцэнтрацыяй увагi на адной галiне сельскай гаспадаркi... неабходную для новага гаспадара грамадска-палiтычную асвету, пазнаёмiць з прагрэсiўнымi формамi сельскагаспадар­чай i агракультурнай тэхнiкi” [14, 177, л. 5]. Заняткi ў ШДС праводзiлiся з 1 лiстапада па 1 красавiка, практыка прадугле­джвалася ў выглядзе экскурсiй на даследчыя станцыi, у паказальныя саўгасы. Аднак самае галоўнае заключалася ў тым, што выпускнiкам не выдавалi нiякiх пасведчанняў. Атрымлiвалася, што сродкi проста выкiдалiся на вецер, бо iснаванне такiх школ патрабавала наяўнасцi многiх умоў: штатных працаўнiкоў, узгаднення з мясцовым аграномам, забеспячэння памяшканнем, iснавання паблiзу добрай савец­кай гаспадаркi i г.д. Згодна з тагачаснымi звесткамi, мясцо­выя ўлады не ўсюды падтрымлiвалi школы, наадварот, “адбiралi памяшканнi, здымалi з працы загадчыкаў, зачынялi школы” [14, 177, л. 3, 107].

З 17 лiстапада 1924 г. пачала працаваць першая школа дарослых сялян у Лошыцы. Праз месяц пачалi прыбываць першыя слухачы, але, даведаўшыся, што стыпендыя толькi 10 руб., многiя вярталiся дадому. Школа знаходзiлася на вучнёўскай ферме “Лошыца” ад сельскагаспадарчага iнсты­ту­та, карысталася iнтэрнатам, сталовай, класамi, бiблiятэкай у 240 кнiг, “чароўным лiхтаром” з дыяпазiтывамi, плакатамi, калекцыяй угнаенняў. На першы погляд умовы неблагiя, ад­нак работнiкi скардзiлiся на адсутнасць падручнiкаў, мiкра­ско­паў i iнш. За першы год навучэнцы зрабiлi 6 экскур­сiй, правялi 12 гутарак i дакладаў у клубе, паставiлi 4 спек­так­лi, арганiзавалi вусную газету, вывучылi 5 песень, выпус­цi­лi 2 ну­мары насценнай газеты [14, 177, л. 67, 69, 76, 84 адв.]. Шкада толькi, што аб добрых вынiках у сельскагас­падарчых ведах у справаздачы размова не iшла.

Дзеля поўнага ўяўлення пра магчымасцi школ дарослых сялян выкарыстаем прыклад Жодзiнскай школы, якая пачала пра­цу ў снежнi 1925 г., маючы наступнае абсталяванне: 2 лям­­пы, 3 адзiнкi шкла да iх, 2 бiдоны для газы, адно вядро, 2 мяшкi, 32 кнiжкi, сярод iх “Як жывуць сяляне ў Даніі”, “Данiя пад Масквой” i да т.п. Праграма заняткаў была распрацавана вядомым аграномам М.Лайковым i складалася з 7 вялiкiх тэм: чытання i практыкавання ў лiчэннi, знаёмства з родным краем, сельскагаспадарчай культурай, якая дзялiлася яшчэ на 22 канкрэтныя спецыяльныя тэмы, таксама знаёмства з рэвалюцыйным рухам i інш. За два месяцы заняткаў школа зрасходавала дзесятак каробак запалак, дзве банкi чарнiла, два блакноты [14, 177, л. 22, 24]. Праграмы другiх школ таксама складалiся пры ўдзеле агранома i мелi на мэце павышэнне культурнага ўзроўню сялянскай гаспадаркi, бо iнакш расцанiць, напрыклад вывучэнне тэм “Апрацоўка глебы сахой i касуляй i iх адмоўныя бакі”, “Пераход да плуга i яго перавага над сахой” [10, 575, л. 20], немагчыма.

Не выклiкае сумнення, што з-за адсутнасцi праўдзiвай i зразумелай iнфармацыi аб мэтах ШДС сярод вяскоўцаў пашыралiся чуткi аб падрыхтоўцы ў iх агранамiчных кадраў. Па гэтай прычыне Наркамат земляробства, якi курыраваў школы, звяртаў увагу акруговых аддзелаў земляробства на iмкненне мясцовых улад “перарабiць пяцiмесячныя сялянскiя школы, змянiўшы iх сутнасць як школ, што ставяць мэтай пашырэнне сельскагаспадарчых ведаў сярод сялянскiх мас, ператвараючы iх у школы па падрыхтоўцы нейкiх недаробленых спяцоў...” [14, 177, л. 107].

Аналагiчная задача надавалася школам сялянскай моладзi (ШСМ), якiя пачалi стварацца ў той жа час, восенню 1924 г. Кiраўнiцтва рэспублiкi палiчыла неабходным падтрымаць iмкненне сялянства да новых метадаў гаспадарання, сельскагаспадарчых ведаў. Улiчвалiся таксама наяўнасць прыметнага беспрацоўя на вёсцы, немагчымасць працаўлад­ка­ван­ня ў горадзе. Аддавалася належнае iдэалагiчнаму штам­пу аб росце палiтычнай свядомасцi сялянства, звярталася ўвага на незадаволенасць вяскоўцаў станам сельскiх сямi­го­дак. Адзначаныя прычыны, на думку адпаведных iнстанцый, з’яўлялiся досыць пераканаўчай падставай для арганiзацыi ШСМ [23, 56, л. 499].

Iдэя стварэння школ сялянскай моладзi абмяркоўвалася на розных узроўнях на працягу некалькiх месяцаў. У жнiўнi 1924 г. камiсiя Наркамата асветы прапанавала свой праект: навучанне на працягу трох гадоў зiмой i летам; прымацца павінна моладзь 15–18 гадоў; тры выкладчыкi – аграном, прыродазнавец і грамадазнавец; кабiнеты – паляводства з глебазнаўствам, садоўнiцтва, грамадазнаўства; бiблiятэка. Пла­навалася выдзяляць школам ад 25 да 100 i болей дзесяцiн зямлi, мець ад 3 да 5 коней i 6–8 кароў, двух работнiкаў для абслугоўвання гаспадаркi [23, 19, л. 11].

У сувязi з тым, што ў школы прымалася моладзь, ЦК камсамола прапанаваў распрацаваць план паступовай рэарга­нiзацыi ўсiх вясковых школ-сямiгодак у ШСМ, далучэння да iх па адным саўгасе з усiмi пабудовамi, жывым i нежывым iнвентаром, падбору агранамiчных кадраў [23, 19, л. 20].

У першы год у Беларусi было арганiзавана 10 школ, дзве з іх былi ўтвораны з сельскагаспадарчых тэхнiкумаў. Адразу выявiлiся дрэнны матэрыяльны стан, недахоп спецыялістаў i iнш. Таму вывад зацiкаўленых iнстанцый аказаўся несуця­шаль­ным: “ШСМ стваралiся з вялiкай падсобнай гаспадар­кай, што накладвала вялiкую нагрузку на вучня. Бюджэт школы будаваўся на гэтай гаспадарцы. Навучэнцы набiралiся з усёй акругi, што рабiла яе вельмi дарагой, не давала магчымасцi падтрымлiваць сувязь з бацькавай гаспадаркай. І наогул ШСМ сябе не апраўдалi, камсамол нам iх навязаў” [23, 19, л. 502].

У наступныя гады колькасць ШСМ узрасла толькi да 17, што тлумачылася iх дарагоўляй. За выключэннем дзвюх, астатнiя займалi свае будынкi, амаль усе мелi майстэрнi, але дрэнна абсталяваныя. Большасць з 476 навучэнцаў належалi да маламаёмных пластоў вёскi i з’яўлялiся камсамольцамi. Безумоўна, iдэя стварэння такiх школ для сялянскай моладзi аказалася досыць прывабнай (аб чым сведчыць конкурс тры чалавекi на месца), бо гэта давала магчымасць атрымаць адукацыю за сямiгодку i пэўныя спецыяльныя веды. Вучэбны план адводзiў на сельскагаспадарчыя навукi 5 гадзiн, на грамадазнаўства – 6, матэматыку – 4, беларускую мову – 4, рускую – 4, хiмiю – 2, фiзiку – 2, бiялогiю – 2, пытаннi каапе­ра­цыi – 2 [8, 300, л. 39]. Таму, закончыўшы ШСМ, можна было паступiць у сельскагаспадарчы тэхнiкум.

Летам 1926 г. Наркамат асветы прыняў рашэнне аб адкрыццi вячэрнiх школ сялянскай моладзi, тэрмiн навучання ў якiх прадугледжваўся два гады па 24 тыднi ў год, каб у вынiку даць адукацыю за курс пачатковай школы. Мэтай гэтай структуры з’яўлялася падрыхтоўка больш культурнага, палiтычна выхаванага селянiна. Прынцып падбору навучэн­цаў быў такi ж, як i пры дзённай форме навучання, галоўныя кiрункi навучання таксама такiя [23, 20, л. 84]. Перашкоды, з якiмi сустрэлiся вячэрнiя школы, не адрознiвалiся навiзною: усё той жа недахоп падручнiкаў, педагагiчных i спецыяльных кадраў, цяжкi матэрыяльны стан [14, 208, л. 64, 114].

Згодна з устаноўкай ХII з’езда РКП(б), з 1923 г. пачалася агiткампанiя па каапераваннi сялян. Перад вясковымi палiт­асветустановамi ставiлася задача “прыцягваць усю сялянскую масу да актыўнага ўдзелу ў кааператыўным будаўнiцтве, развiваючы любую iнiцыятыву сялян па калектыўным (каапе­ратыўным) ажыццяўленнi той цi iншай справы (закупка iнвентару, угнаенняў, асушэнне балота i г.д.)” [14, 159, л. 67 адв.]. Органы Галоўпалiтасвета распрацавалi план распаў­сюджан­ня кааператыўных ведаў. Нiзавым установам прапа­ноў­валася арганiзоўваць гутаркi на кааператыўную тэматыку. У сваю чаргу спажывецкая кааперацыя павiнна была садзей­нiчаць арганiзацыi новых хат-чытальняў i аказваць матэ­рыяль­ную i культурную дапамогу iснуючым [17, 339, л. 96]. Мясцовае кiраўнiцтва абмяркоўвала праблему матэрыяльнай дапамогi культасветустановам з боку кааператываў, аднак спадзяваннi аказалiся нерэальнымi па прычыне вялiкай слабасцi кааперацыі.

На першай нарадзе загадчыкаў хат-чытальняў Мiнскай акругi ў студзенi 1925 г. пытанне кааператыўнай прапаганды абмяркоўвалася вельмi падрабязна. У вынiку былi выпраца­ваны самыя дакладныя рэкамендацыі: “...кааператыўную прапаганду пачынаць з самага важнага для сялян пытання, беручы за аснову мясцовыя факты; хатнiку трэба падштур­хоўваць кааператыўных работнiкаў; тлумачыць сялянам выпадкi дрэннай працы мясцовага кааператыва (калi яны ёсць); паказваць станоўчыя факты: тавар у кааператыве таннейшы i лепшы, прыбытак iдзе не прыватнай асобе, а на хату-чытальню, школу, газету; паказваць усе станоўчыя пры­клады ў працы калектыўных гаспадарак i г.д.” [14, 159, л. 67].

У справе кааператыўнай прапаганды хатнiкам раiлi выкарыстоўваць адпрацаваныя метады: ставiць iнсцэнiроўкi, спектаклi, праводзiць вечарыны, гутаркi, у час якiх “параў­ноў­ваць работу кааперацыi раней i цяпер, пазбягаючы лозунгаў i незразумелых слоў, арганiзоўваць куткi каапера­цыi” [23, 137, л. 72]. У адказ на прынятыя пастановы з месца сталi паступаць справаздачы аб правядзеннi гутарак i лекцый, адкрыццi дзесяткаў куткоў, арганiзацыі гурткоў i г.д. Адначасова мясцовыя ўлады прымушалi кааператывы аказ­ваць матэрыяльную дапамогу вясковым палiтасветустановам: выпiсваць газеты, часопiсы, купляць бiблiятэкi, браць шэфства над пiянерскiмi арганiзацыямi, хатамi-чытальнямi. Дайшло да таго, што пры кааператывах сталi стварацца культкамiсii [4, 344, л. 157; 357, с. 148]. У вынiку эканамiчная нарада пры СНК БССР была вымушана прыняць наступную пастанову: “Лiчыць недапушчальным умяшанне адказных асоб сельсаветаў i райвыканкамаў у гаспадарча-аперацыйную дзейнасць кааператываў i накладанне на iх прымусовых абавязкаў” [10, 587, л.68].

Больш пiльная ўвага кааператыўнай прапагандзе стала надавацца пасля ХV з’езда ВКП(б). У цыркуляры ГПА падкрэслiвалася, што калгасы ў сувязi з тым значэннем, якое iм надаюць партыя i ўрад, павiнны стаць адной з асноўных баз палiтыка-асветнiцкай работы на вёсцы. Вясковыя ўстано­вы павiнны былi тэрмiнова заняцца поўнай лiквiдацыяй не­пiсь­меннасцi калгаснiкаў, аказваць дапамогу чырвоным кут­кам у калгасах, выпiсваючы на iх адрас газеты, часопiсы, арга­нiзуючы ячэйкi, у насценных газетах паведамляць аб по­спехах калгаса, ажыццяўляць культурнае абслугоўванне i г.д.

У такiм рэчышчы вялася ўся далейшая работа па ўка­ра­нен­нi на вёсцы агракультурных ведаў. Пры абмеркаваннi любога пытання галоўная ўвага надавалася калгаснаму будаўнiцтву. З’явiлася многа iнструкцый, у iх лiку “Інструкцыя па правя­дзеннi абгаворвання пытання аб павышэннi ўраджайнасцi”, у якой быў раздзел “Ураджайнасць iндывiдуальных гаспадарак i выгаднасць калектыўных” [8, 471, л. 47].

Аднак, як паказваюць дакументы, ход кааператыўнай прапаганды таксама адлюстроўваў неадпаведнасць памiж заклiкамi, пастановамi партыйных органаў i вынiкам работы на месцах. Мiнская акруговая нарада работнiкаў асветы ў пачатку 1928 г. адзначала, што палiтасветустановы не пры­ступiлi да выканання рашэння ХV з’езда партыi ў галiне кааперацыi. Была прынята чарговая рэзалюцыя аб улiку каапе­раванага насельнiцтва з характарыстыкай яго сацыяль­най праслойкi, дапамозе беднаце ў справе кааперацыі, вы­крыц­цi спроб кулацтва стварыць iлжэкааператывы, аб арганiзацыi справаздач мясцовых кааператываў i iншых пытаннях [41, 587, л. 68].

Падводзячы вынiк, адзначым, што ў 1921–1923 гг. былi зроблены толькi першыя крокi ў кiрунку агракультурнага асветнiцтва. Прычым перавага аддавалася масавым мера­прыем­ствам: выставам, агiтцягнiкам i iншым, якiя характа­ры­завалiся кароткатэрмiновасцю, значнай колькасцю выканаў­цаў i адсутнасцю патрабаванняў да агульнаадукацыйнага ўзроўню ўдзельнiкаў. Арганiзаваць планамерную сiстэму аграрнага асветнiцтва дзяржава не змагла па прычыне адсутнасцi матэрыяльных сродкаў i неабходных кадраў.

Бясспрэчна, сельскагаспадарчае асветнiцтва заслужана карысталася павагай сялянства, таму што гэта было ім блiзка, гэта было iх жыццём. Многiя разумелi неабходнасць пашы­рэння сельскагаспадарчых i агульных ведаў для таго, каб весцi сваю гаспадарку больш культурна i прыбыткова. Толькi з 1924 г. савецкая ўлада прыступiла да стварэння сiстэмы агракультурнай асветы. Яна складалася з сельскагаспадарчых гурткоў, курсаў, масавага свята Дзень ураджаю з выставамi сельскагаспадарчых дасягненняў. Важнейшая роля ў пашы­рэн­нi агранамiчных, заатэхнiчных ведаў сярод вяскоўцаў адводзiлася школам дарослых сялян i школам сялянскай моладзi. Аднак дзяржава не змагла аказаць iм належнай дапамогi з прычыны матэрыяльнай i кадравай слабасцi, надання галоўнага значэння кааператыўнай прапагандзе.