Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
97
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§ 6. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве на мяжы XX – XXI стст.

Развіццё знешніх сувязей. Пасля ліквідацыі СССР пачалося прызнанне Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы. Былі падпісаны з сумежнымі дзяржавамі дагаворы аб граніцы і абвешчана аб тым, што ў Беларусі няма тэрытарыяльных прэтэнзій да іх.

26 лютага 1992 г. Рэспубліка Беларусь падпісала Хельсінкскі Заключны акт. З гэтага моманту яна не толькі стала раўнапраўным удзельнікам хельсінкскага працэсу, але і нясе разам з іншымі дзяржавамі адказнасць за захаванне міру і бяспекі ў Еўропе.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. вызначыла асноўныя прынцыпы знешняй палітыкі суверэннай дзяржавы. У артыкуле 18 запісана: “Рэспубліка Беларусь у сваёй дзяржаўнай палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права”.

Рэспубліка Беларусь далучылася да Дагавора аб скарачэнні войск у Еўропе. Яна зменшыла колькасць агульных узбраенняў. У 1992 г. Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі тактычную ядзерную зброю, нягледзячы на тое, што стратэгічныя і тактычныя ядзерныя ракеты ЗША і блока НАТО заставаліся нацэленымі на яе. Толькі ў чэрвені 1994 г. афіцыйныя колы ЗША інфармавалі аб перанацэленасці іх ракет. У 1996 г. ядзерная зброя была поўнасцю выведзена за межы краіны.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 1996 г. прапанаваў стварыць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прастору, свабодную ад ядзернай зброі. Рэспубліка Беларусь – нейтральная бяз’дзерная дзяржава ў цэнтры Еўропы.

У эканамічным супрацоўніцтве Рэспубліка Беларусь развівала сувязі з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, перш-наперш з Расіяй. 2 красавіка 1996 г. быў падпісаны Дагавор аб Супольнасці суверэнных дзяржаў – Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэты дагавор забяспечыў грамадзянам абедзвюх краін роўныя правы ў атрыманні адукацыі, ахове здароўя, працаўладкаванні, аплаце працы, заканадаўстве і іншых галінах.

Важным крокам у далейшым паглыбленні інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі стала падпісанне 2 красавіка 1997 г. у Маскве Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі. Яго неад’емнай часткай стаў Статут Саюза Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, іх бяспекі, абараназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і свету.

8 снежня 1999 г. у Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Беларуска-расійская інтэграцыя ўзнялася на якасна новую ступень. На долю Расіі прыходзіцца больш паловы агульнага аб’ёму знешняга гандлю Беларусі.

Рэспубліка Беларусь развівала гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва не толькі з краінамі СНД, але і з дзяржавамі далёкага замежжа. У яе знешняй палітыцы выразна вызначыліся ўсходні і заходні вектары. Важнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі з’яўляюцца еўрапейскія краіны, у іх ліку Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Нідэрланды, Літва, Латвія і інш. У 2002 г. аб’ём гандлю з імі склаў каля 5 млрд. дол. Рэспубліка Беларусь прыцягвала ў сваю эканоміку капіталы і вопыт замежных інвестараў і міжнародных валютна-фінансавых арганізацый, стварала сумесныя прадпрыемствы, дазваляла замежным фірмам займацца на сваёй тэрыторыі бізнесам і прадпрымальніцтвам.

Развівалася супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і замежных краін у галіне навукі, літаратуры і мастацтва. Гэта – сумесныя распрацоўкі беларускімі і замежнымі вучонымі навукова-даследчых тэм, пераклад і выданне за мяжой твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, гастролі майстроў беларускай сцэны і дэманстрацыя работ беларускіх мастакоў і скульптараў у іншых краінах і г. д.

Адным з напрамкаў міжнароднай дзейнасці Рэспублікі Беларусь з’яўлялася вырашэнне праблем, звязаных з ліквідацыяй вынікаў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У атмасферу была выкінута вялікая колькасць радыеактыўнага рэчыва, 70 % якога прыйшлося на тэрыторыю Беларусі. Забруджанай аказалася трэцяя частка плошчы рэспублікі, на якой пражывала больш за 2,2 млн. чалавек. У крытычным стане апынуліся 20 % лясоў, 73 рэспубліканскія і 162 мясцовыя заказнікі, 336 помнікаў прыроды. Сярод іх – Белавежская і Налібоцкая пушчы, Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі, Асвейскае возера і інш.

Нягледзячы на вялікія намаганні, зробленыя кіраўніцтвам краіны па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама на дапамогу ўрадавых арганізацый і грамадскасці замежных краін, праблема Чарнобыля па сённяшні дзень застаецца вострай. Патрабуюцца яшчэ немалыя сродкі і пэўны час. Наогул, пераадолець вынікі такой буйной тэхнагеннай катастрофы, як чарнобыльская, Беларусі магчыма толькі з дапамогай міжнароднага супольніцтва.

Удзел спартсменаў Беларусі ў Алімпійскіх гульнях. Спартсмены Беларусі ўпершыню ўдзельнічалі на XV Алімпійскіх гульнях у Хельсінкі (Фінляндыя) у 1952 г. У складзе зборнай каманды СССР тады былі 4 беларускія лёгкаатлеты і 2 фехтавальшчыкі. Першы алімпійскі сярэбраны медаль сярод беларускіх спартсменаў заваяваў М. Крываносаў (кіданне молата) на XVI Алімпійскіх гульнях у 1956 г. у Мельбурне (Аўстралія).

На XXVI Алімпійскіх гульнях у 1996 г. у Атланце (ЗША) Рэспубліка Беларусь упершыню была прадстаўлена самастойнай нацыянальнай камандай. У яе складзе было 162 спартсмены. Залатыя медалі заваявала К. Хадатовіч (акадэмічнае веславанне, байдарка-адзіночка). Беларускія спартсмены на гэтых гульнях атрымалі яшчэ 6 сярэбраных і 8 бронзавых медалёў.

На XXVIII Алімпійскіх гульнях у Афінах (Грэцыя) у 2004 г. у камандзе Беларусі налічвалася 147 спартсменаў па 23 відах спорту. Заваявана 15 медалёў: 2 залатыя (Ю. Несцярэнка – бег на 100 м і І. Макараў – дзюдо), 6 сярэбраных і 7 бронзавых. У неафіцыйным камандным заліку Беларусь заняла 26‑е месца сярод 202 краін-удзельніц, а па колькасці медалёў – 18‑е месца.

У зімовых Алімпійскіх гульнях беларускія спартсмены ўдзельнічаюць з 1964 г. Першым з беларускіх спартсменаў, які атрымаў бронзавы медаль на XV зімовых Алімпійскіх гульнях у 1988 г. у Калгары (Канада), быў канькабежац І. Жалязоўскі на дыстанцыі 100 м. На XVII зімовых Алімпійскіх гульнях у 1994 г. у Лілехамеры (Нарвегія) Беларусь упершыню выступала асобнай нацыянальнай камандай. На XIX зімовых Алімпійскіх гульнях у 2002 г. у Солт-Лейк-Сіці (ЗША) каманда Беларусі ў складзе 62 спартсменаў у неафіцыйным камандным заліку заняла 19-е месца, а хакейная зборная каманда – 4-е месца.

На ХХ зімовых Алімпійскіх гульнях у 2006 г. у Турыне (Італія) Рэспубліку Беларусь прадстаўлялі 28 спартсменаў. Заваяваны толькі адзін сярэбраны медаль у спаборніцтвах па фрыстайлу.

На ХХI зімовых Алімпійскіх гульнях у 2010 г. у Ванкуверы (Канада) у чатырох відах спорту Рэспубліку Беларсь прадстаўляла 47 спартсменаў. Аляксей Грышын, які перамог у лыжнай акрабатыцы (фрыстайле), прынёс камандзе Рэспублікі Беларусь першы ў гісторыі залаты медаль на зімовых Алімпійскіх гульнях. Яшчэ два медалі ў нашу “капілку” прыбавілі біятланісты: Сяргей Новікаў атрымаў сярэбраны медаль у індывідуальнай гонцы на 20 км., а Дар’я Домрачава была трэцяй у жаночай індывідуальнай гонцы на 15 км. Каманда Рэспублікі Беларусь упершыню ў гісторыі зімніх Алімпіяд выйграла 3 медалі – раней яна ніколі не заваёўвала больш двух. Рэспубліка Беларусь стала адзінай краінай былога СССР, акрамя Расійскай Федэрацыі, якая выйграла ў Ванкуверы хаця б адзін залаты медаль.

Беларуская дыяспара. Слова “дыяспара” паходзіць ад грэчаскага “dіaspora”, што азначае рассяленне, пражыванне значнай часткі этнасу па-за межамі этнічнай тэрыторыі. Ва ўсе часы па розных прычынах насельніцтва беларускіх зямель перасялялася ў іншыя краіны. Першая хваля масавай эміграцыі з Беларусі адбылася на мяжы ХІХ і ХХ стст. Развіццё капіталізму, расслаенне і абеззямельванне сялянства, аграрная перанаселенасць, збядненне дробных вытворцаў абумовілі масавы выезд сялян за межы Беларусі. Першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, нямецкая, а затым польская акупацыя Беларусі ў 1918 – 1920 гг. абумовілі новую хвалю эміграцыі. У міжваенны перыяд асабліва значнай была эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі як вынік цяжкага сацыяльна-эканамічнага становішча працоўных, нацыянальнага і рэлігійнага націску ў складзе Польшчы. Шмат жыхароў Беларусі апынулася па-за межамі рэспублікі ў гады Другой сусветнай вайны. Каля 1,5 млн. чалавек былі эвакуіраваны на ўсход СССР, далёка не ўсе яны вярнуліся ў рэспубліку. Амаль 380 тыс. жыхароў Беларусі былі прымусова вывезены на працу ў Германію. Многія тысячы беларусаў аказаліся за мяжой ў ліку савецкіх ваеннапалонных. Пакінулі Радзіму і члены многіх беларускіх палітычных арганізацый, устаноў і ваенных фарміраванняў, якія былі створаны фашыстамі на акупіраванай тэрыторыі. У пасляваенныя гады сотні тысяч грамадзян Беларусі апынуліся за мяжой Бацькаўшчыны пасля далучэння Беласточчыны да Польшчы (1945) і падчас узаемнай рэпатрыяцыі палякаў з Беларусі ў Польшчу і беларусаў з Польшчы ў Беларусь, у выніку прымусовых высяленняў, асабліва з Заходняй Беларусі ў іншыя рэгіёны СССР.

Характэрнай асаблівасцю пасляваеннай беларускай эміграцыі было тое, што яна заявіла аб сабе як аб самастойнай этнічнай супольнасці ў замежжы, стварыўшы свае нацыянальныя асяродкі, рэлігійныя, культурныя арганізацыі, навуковыя цэнтры, сродкі інфармацыі. У пасляваенны перыяд значна павялічыўся адток насельніцтва Беларусі ў іншыя рэгіёны Саюза. Гэта арганізаваная вярбоўка працоўных рэсурсаў на новабудоўлі, асваенне цалінных зямель у Казахстане і прыродных рэсурсаў Сібіры і Поўначы, планавае размеркаванне выпускнікоў навучальных устаноў, добраахвотныя індывідуальныя перасяленні.

Найбольшая колькасць беларусаў пражывае ў Расіі (1 млн. 200 тыс.), на Украіне – 460 тыс. беларусаў, у Латвіі – 120 тыс., у Літве – 63 тыс., у Польшчы – каля 300 тыс. беларусаў. У ЗША, па сцвярджэнні даследчыкаў, у розныя часы асела 600 – 650 тыс. беларусаў. Прыкладна 70 тыс. беларусаў пражывае ў Канадзе. Ёсць згуртаванні беларусаў і ў краінах Заходняй Еўропы – Англіі, Францыі, Італіі, Даніі, Бельгіі і інш. Беларускія згуртаванні існуюць таксама ў Аўстраліі і краінах Лацінскай Амерыкі – Аргенціне, Бразіліі, Парагваі, Уругваі і інш. Усяго за межамі Рэспублікі Беларусь пражывае прыкладна 3 – 3,5 млн. беларусаў.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr