Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
118
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§ 6. Культура Беларусі канцаXviii –першай паловы хіх ст.

Тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі. Перыяд з канца ХVІІІ па 10-я гг. ХІХ ст. адносіцца да эпохі Асветніцтва ў Беларусі. Ідэйнай асновай эпохі сталі працы філосафаў-асветнікаў, якія заклікалі да пераўтварэння грамадскага ладу на рацыянальных, гэта значыць разумных, пачатках. Яны лічылі, што прычына ўсіх пакут народа – невуцтва, таму дасягнуць “царства розуму” на Зямлі магчыма толькі шляхам развіцця навукі і шырокай асветы народных мас. Менавіта адсюль і ўтварылася сама назва эпохі.

У эпоху Асветніцтва ў Беларусі набыў распаўсюджанне своеасаблівы мастацкі стыль – класіцызм (ад лац. classіcus – узорны). Рацыяналізму асветніцкай філасофіі найбольш адпавядала антычная спадчына. Яна разглядалася ў рамках класіцызму як ідэальны ўзор. Творчая перапрацоўка набыткаў антычнага мастацтва прывяла да ўзнікнення непаўторных помнікаў літаратуры, выяўленчага мастацтва, архітэктуры.

Прыкладна з 10-х гг. ХІХ ст. у культуры Беларусі ўзнікаюць парасткі новага ідэйнага і мастацкага напрамку – рамантызму. У Заходняй Еўропе рамантызм узнік раней. Ён адлюстраваў расчараванне вынікамі французскай буржуазнай рэвалюцыі канца ХVІІІ ст. У процівагу асветніцкаму рацыяналізму светапогляд эпохі рамантызму прасякнуты сцвярджэннем перавагі духоўнага пачатку над розумам. Рамантызм не з’яўляўся акрэсленым мастацкім стылем, але ў некаторых сферах мастацкай культуры ён выступаў як альтэрнатыва класіцызму (у літаратуры, жывапісе). Расчараваныя ў рэчаіснасці рамантыкі звярнуліся да гістарычнага мінулага. Гэта выклікала шырокае распаўсюджанне ў выяўленчым мастацтве і літаратуры гістарычнага жанру. Рамантызм прыўнёс у мастацтва ідэі народнасці, каштоўнасці нацыянальных традыцый і побыту.

Адукацыя. З пункту гледжання асветнікаў стварыць ідэальнае грамадства можна перш за ўсё з дапамогай правільнага выхавання і адукацыі. Пад уплывам асветніцкіх ідэй адукацыя паступова пазбаўлялася царкоўнага ўплыву, пераходзіла ў падпарадкаванне да дзяржавы і набывала свецкі характар. Гэта абумовіла правядзенне ў апошняй трэці ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. шэрагу рэформ у галіне адукацыі Расійскай імперыі. Да гэтага часу ў Беларусі склалася даволі заблытаная сетка навучальных устаноў, пазбаўленых адзінага кіраўніцтва і не звязаных паміж сабой.

У 1802 г. было ўтворана Міністэрства народнай асветы. Еўрапейская частка Расіі дзялілася на 6 навучальных акруг, кожную з якіх узначальваў прызначаны царом папячыцель. Віцебская, Гродзенская, Мінская, Магілёўская губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, якую ўзначаліў магнат А. Чартарыйскі. Навуковым і адміністрацыйным цэнтрам акругі быў Віленскі універсітэт, створаны ў 1803 г. на базе рэарганізаванай Галоўнай Віленскай школы. Ва універсітэце меліся 4 факультэты: маральных і палітычных навук, фізіка-матэматычны, медыцынскі, літаратурны і вольных мастацтваў, працавалі такія вядомыя вучоныя, як І. Страйноўскі, Я. Снядэцкі, І. Даніловіч, М. Баброўскі, І. Лялевель і інш. Пры універсітэце дзейнічалі медыцынскі, ветэрынарны, агранамічны інстытуты, астранамічная абсерваторыя, першы ў Расіі заалагічны музей, тры клінікі, аптэка, бібліятэка, быў разбіты адзін з самых багатых у Еўропе батанічных садоў. З’яўляючыся цэнтрам Віленскай навучальнай акругі, універсітэт распрацоўваў праграмы і падручнікі для падначаленых школ. Адукацыя, атрыманая ў Віленскім універсітэце, не саступала адукацыі ў лепшых заходнееўрапейскіх інстытутах.

Віленскаму універсітэту падпарадкоўваліся прыходскія вучылішчы (пачатковыя школы), павятовыя вучылішчы і гімназіі. У выніку рэформ павялічылася сетка школ, трывалае месца ў вучэбных планах занялі прыродазнаўчыя дысцыпліны. Станоўчымі вынікамі з’яўляліся адносная даступнасць пачатковых навучальных устаноў, адсутнасць абмежаванняў нацыянальнага, веравызнальнага і ўзроставага характару, забеспячэнне дзяўчынкам права наведваць школу. Аднак трэба адзначыць, што адукацыя па‑ранейшаму заставалася прывілеяй дзяцей шляхты, духавенства, заможных гараджан, а сялянскія дзеці амаль не мелі магчымасці наведваць школы. Такое становішча тлумачылася адсутнасцю ў пераважнай большасці насельніцтва сродкаў на адукацыю і нязначнай колькасцю навучальных устаноў.

Важную ролю ў сістэме школьнай адукацыі працягвалі адыгрываць каталіцкія навучальныя ўстановы, якія належалі розным каталіцкім ордэнам. Значная частка гэтых навучальных устаноў падпарадкоўвалася ордэну езуітаў. У 1818 – 1820 гг. дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія, якая мела правы вышэйшай навучальнай установы і была цэнтрам асобай езуіцкай навучальнай акругі. Каталіцкія навучальныя ўстановы імкнуліся выхаваць у навучэнцаў прапольскі настрой. Мовай навучання была польская. Прапольскай арыентацыі прытрымлівалася і кіраўніцтва Віленскага універсітэта. Усё гэта спрыяла паланізацыі пераважнай часткі адукаванага насельніцтва Беларусі.

Расійскі ўрад добра разумеў небяспечнасць такой сітуацыі ў галіне адукацыі, асабліва пасля паўстання 1830 – 1831 гг. У шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на пашырэнне рускага ўплыву ў краі, было закрыццё ў 1832 г. Віленскага універсітэта і часовая ліквідацыя Віленскай навучальнай акругі (да 1850 г.). У школах у абавязковым парадку ўводзілася навучанне на рускай мове. Аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай паскорыла закрыццё каталіцкіх манастыроў і іх навучальных устаноў.

Адбывалася зараджэнне прафесіяйнай адукацыі ў Беларусі. У 1840 г. пачала дзейнічаць Горы-Горацкая земляробчая школа. У 1848 г. на яе базе адкрыўся Горы-Горацкі земляробчы інстытут – першая ў Расіі і адна з першых у Еўропе вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Тэрмін навучання ў інстытуце працягваўся чатыры гады. Тут выкладаліся агульнаадукацыйныя і спецыяльныя сельскагаспадарчыя дысцыпліны. Пры інстытуце дзейнічаў завод па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня сельскагаспадарчых машын, сыраварня, вучэбны пчальнік, музеі, батанічны сад, бібліятэка. Студэнты і выкладчыкі займаліся навукова-даследчай дзейнасцю, удзельнічалі ў сельскагаспадарчых з’ездах і выставах. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863 – 1864 гг. інстытут быў пераведзены ў Пецярбург. Вышэйшая сельскагаспадарчая навучальная ўстанова аднавіла сваю дзейнасць у Горках толькі ў 1919 г. Зараз тут – Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.

Літаратура. Літаратура Беларусі першай паловы ХІХ ст. адлюстравала перапляценне ідэй Асветніцтва і рамантызму, хаця вызначальнымі былі рамантычныя прынцыпы. Менавіта рамантычны светапогляд з яго ўвагай да нацыянальнай культуры спрыяў развіццю фалькларыстыкі, выкарыстанню ў мастацкай творчасці народных песень, казак, паданняў, што і прывяло да ўзнікнення першых твораў на беларускай мове.

Варта адзначыць, што частка ўраджэнцаў Беларусі працавала на карысць польскай культуры. Найбольш вядомай постаццю сярод іх з’яўляецца Адам Міцкевіч. Свае творы ён пісаў на польскай мове, выкарыстоўваючы сюжэты беларускай гісторыі і фальклору. Як прадстаўнік рамантызму ў польскай літаратуры, Адам Міцкевіч паўплываў на творчую дзейнасць пачынальнікаў беларускай літаратуры.

У першай палове ХІХ ст. з асяроддзя апалячанай беларускай шляхты з’яўляюцца паэты і празаікі, якія ствараюць беларускамоўныя творы. Так, паэт і фалькларыст Ян Чачот выдаў 6 фальклорных зборнікаў, дзе змясціў беларускія песні ў польскім перакладзе і арыгінале. На іх узор ён і сам пісаў вершы на беларускай мове, у якіх заклікаў гуманна адносіцца да прыгонных сялян. Ян Баршчэўскі амаль усё сваё жыццё прысвяціў збіранню народнай творчасці. Ён стварыў некалькі вершаў на беларускай мове і паэму “Рабункі мужыкоў”. У сваім галоўным творы “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, напісаным на польскай мове, аўтар літаратурна перапрацаваў фальклорны матэрыял. Сюжэты і вобразы беларускага фальклору шырока выкарыстоўваў Уладзіслаў Сыракомля. Большасць яго твораў напісана на польскай мове, аднак захаваліся і некаторыя беларускамоўныя вершы паэта. Менавіта Сыракомля падтрымаў імкненне Дуніна-Марцінкевіча пісаць па‑беларуску.

Паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў пераход ад польскай літаратурнай традыцыі да ўласна беларускай. Пры стварэнні беларускамоўных твораў перад аўтарам паўставала пытанне, для каго ён піша па‑беларуску. Ва ўмовах, калі шляхта грэбавала “мужыцкай” мовай, а асноўная маса насельніцтва была непісьменнай, ён мог разлічваць толькі на невялікую групу патрыятычна настроеных інтэлігентаў. Аднак паэт усё ж стаў на шлях выкарыстання беларускага слова як мастацкага сродку.

Выяўленчае мастацтва. У выяўленчым мастацтве Беларусі канца ХVІІІ – першай паловы ХІХ ст. наглядалася ўзаемадзеянне дзвюх плыняў – класіцызму і рамантызму. Класіцызм быў афіцыйным стылем, якога прытрымлівалася Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Аднак у выяўленчае мастацтва пранікаюць і элементы рамантызму.

Перапляценне рысаў класіцызму і рамантызму наглядаецца ў творчасці беларускага мастака Іосіфа Аляшкевіча. Мастак жыў у Пецярбургу, аднак часта прыязджаў у Беларусь, дзе стварыў шэраг партрэтаў. Некаторыя з іх выкананы ў стылі класіцызму (партрэт А. Чартарыйскага). Асобныя творы І. Аляшкевіча адлюстравалі рамантычныя павевы.

Валенцій Ваньковіч увайшоў у гісторыю беларускага жывапісу як прадстаўнік рамантызму. Майстэрня Ваньковіча ў Мінску была цэнтрам, вакол якога групаваліся лепшыя мастацкія сілы горада. Яе часта наведвалі мастакі Я. Дамель, М. Кулеша. Сярод знаёмых і сяброў В. Ваньковіча было шмат дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі, Літвы, Польшчы, у тым ліку і Адам Міцкевіч. Мастак стварыў шэраг іх партрэтаў у стылі рамантызму. Палатно В. Ваньковіча “Міцкевіч на скале Аюдаг” з’яўляецца тыповым прыкладам рамантычнага партрэта.

Мастак Ян Дамель пакінуў значны след амаль ва ўсіх жанрах выяўленчага мастацтва. Найбольш вядомы ён як майстар гістарычнага жанру. Ян Дамель добра ведаў айчынную і антычную гісторыю, валодаў некалькімі замежнымі мовамі. У сваіх палотнах ён імкнуўся адлюстраваць найбольш яркія, кульмінацыйныя моманты гістарычнага развіцця краю. Мастак стварыў такія карціны, як “Смерць князя Панятоўскага”, “Смерць Глінскага ў няволі”, “Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы”, “Адступленне французаў праз Вільню ў 1812 г.” і інш. Акрамя гістарычных палотнаў, Я. Дамель напісаў шэраг партрэтаў і пейзажаў.

Вікенцій Дмахоўскі вядомы як стваральнік рамантычных пейзажаў. Мастак у асноўным маляваў мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю А. Міцкевіча, сябрам якога ён быў (“Возера Свіцязь”, “Дом Міцкевіча ў Навагрудку”, “Заход сонца” і інш.). У пейзажах В. Дмахоўскага няма акадэмічнай умоўнасці і скаванасці, яны простыя і звычайныя, але разам з тым паэтычныя і хвалюючыя.

Іван Хруцкі ўвайшоў у гісторыю мастацтва як заснавальнік рэалістычнага нацюрморта. І.Ф. Хруцкі нарадзіўся ў сям’і уніяцкага святара ў мястэчку Ула Лепельскага павету Віцебскай губерні, адукацыю атрымаў у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Творы мастака прасякнуты паэтычным адчуваннем побыту, вызначаюцца дакладнасцю ў перадачы натуры.

У 1839 г. за нацюрморт “Кветкі і садавіна” ён атрымаў званне акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Акрамя нацюрмортаў і пейзажаў І. Хруцкі напісаў шмат партрэтаў, у тым ліку “Сямейны партрэт”, “Партрэт хлопчыка ў саламяным брылі”.

Архітэктура. З эпохай Асветніцтва звязана ўсталяванне стылю класіцызму ў архітэктуры, адмаўленню ад празмернай складанасці і заблытанасці архітэктурных форм, характэрных для стыляў барока і ракако. У архітэктурных кампазіцыях пачалі выкарыстоўвацца выразныя геаметрычныя формы, набывалі распаўсюджанне антычная ордэрная сістэма і простыя дэкаратыўныя ўпрыгожванні. Класічны ордэрны порцік1 станавіўся характэрнай часткай палацаў, сядзіб некаторых культавых пабудоў.

Станаўленне класіцызму найперш было звязана з інтэнсіўным развіццём горадабудаўніцтва. У беларускіх гарадах пачалі з’яўляцца новыя тыпы жылых і грамадскіх будынкаў (канцылярыі, бальніцы, гімназіі), якія вылучаліся на фоне сярэдневяковай забудовы сваімі правільнымі абрысамі. Упершыню горадабудаўніцтва пачало разглядацца як адзіная прасторавая сістэма, спланаваная на рацыянальных пачатках. Горадабудаўніцтва станавілася дзяржаўнай справай. У першай палове ХІХ ст. былі распрацаваны планы забудовы звыш 40 беларускіх гарадоў.

Яскравае адлюстраванне класіцызм знайшоў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Дыяпазон палацава-сядзібнага будаўніцтва быў вельмі шырокі – ад невялікіх сядзіб дробнай шляхты да манументальных пабудоў буйных магнатаў. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца Гомельскі, Жыліцкі (Кіраўскі раён), Сноўскі (Нясвіжскі раён) палацы. Будаўніцтва палаца ў Гомелі пачалося ў 1785 г., калі яго ўладальнікам стаў вядомы рускі палкаводзец граф П. Румянцаў. Палац быў выкананы ў стылі класіцызму з выкарыстаннем такіх яго характэрных элементаў, як порцік і каланада. Велічная класічная пабудова сімвалізавала высокі сацыяльны статус яе ўладальніка. У 1834 г. гомельскі маёнтак набыў фельдмаршал граф І. Паскевіч, які ажыццявіў рэканструкцыю палаца з элементамі рамантызму. У выніку палац захаваў свае класічныя рысы, аднак некаторыя элементы дэкору набылі рысы рэнесанснай ці гатычнай архітэктуры. У гэты ж час быў створаны пейзажны парк, аздоблены гротамі, мосцікамі, керамічнымі вазамі, штучнымі вадаёмамі і іншымі ўпрыгажэннямі. Найбольш значная з культавых пабудоў эпохі класіцызму ў Беларусі – Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, які быў пабудаваны ў 1809 – 1819 гг. па праекце англійскага архітэктара Дж. Кларка. Сабор быў створаны ў той час, калі ідэі класіцызму атрымалі перавагу над традыцыямі будаўніцтва праваслаўных храмаў, што існавалі на працягу стагоддзяў. Характэрныя прыёмы кампазіцыі – шасцікалонныя порцікі дарычнага ордэра, трохвугольныя франтоны. Велічнае ўяўленне стварае прарэзаны 12 вокнамі барабан, які завяршаецца паўсферычным купалам.

Класіцызм панаваў у архітэктуры Беларусі да сярэдзіны ХІХ ст. Альтэрнатывай класіцызму выступаў рамантызм, які праявіўся пераважна ў пейзажна-паркавым мастацтве.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr