Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
97
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
2.51 Mб
Скачать

§ 3. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у першай палове хіх ст.

Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі. ВынікіВенскага кангрэса 1815 г., наданне аўтаноміі і канстытуцыі Каралеўству (Царству) Польскаму выклікалі ў адукаваных колах Літвы і Беларусі спадзяванні на далучэнне беларуска-літоўскіх зямель да Царства Польскага. Гэтыя надзеі падмацавала стварэнне ў 1817 г. асобнага Літоўскага корпуса з ураджэнцаў беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх губерняў. Яго ўзначаліў галоўнакамандуючы польскім войскам, вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Штандарам Літоўскага корпуса была зацверджана “Пагоня” Вялікага княства Літоўскага, змешчаная на двухгаловым срэбным арле.

Але існаванне куртатага польскага нацыянальнага дзяржаўнага ўтварэнняне задавальняла жаданні найбольш радыкальнай і актыўнай часткі шляхты былой РэчыПаспалітай. Тайныя антырасійскія арганізацыі пачалі ўзнікаць адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Так, першае тайнае антырасійскае таварыства пад назвайВіленская асацыяцыябыло заснавана ў Вільні яшчэ ў1796 г. Яно мела на мэце барацьбу за адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Членытаварыства нават склалі “Акт паўстання”, але ў 1797 г. арганізацыя была выкрыта ўладамі.

Значны ўплыў на распаўсюджванне тайных арганізацый аказала адраджэнне ў 1815г. ў Каралеўстве Польскім дзейнасці легальнага масонства. У 1819 г. было заснавана тайнае таварыства “Нацыянальнае масонства”, якое паставіла сабе за мэту аднавіць незалежную Польшчу. Для канспіратыўнай дзейнасці выкарыстоўваліся легальныя масонскія ложы. Планавалася стварыць аддзяленні таварыства ў кожнай правінцыі былой Рэчы Паспалітай.У маі 1821 г. на аснове “Нацыянальнага масонства” была створана тайная арганізацыя пад назвай Патрыятычнае таварыства”. Для стварэння мясцовых аддзелаў Цэнтральны Камітэт арганізацыі накіраваў эмісараў у Літву, Кракаў, Падолле. Галоўная ўвага надавалася асобнаму Літоўскаму корпусу. У 1826 г. “Патрыятычнае таварыства” было выкрыта па справе дзекабрыстаў.

У канцы 1817 г.студэнты Віленскага універсітэта А. Міцкевіч, Я. Чачот, Ю. Яжоўскі і іншыя заснавалі тайнае патрыятычнае таварыствафіламатаў(прыхільнікаў ведаў), члены якога першапачаткова ставілі культурна-асветніцкія мэты. Пазней у праграме філаматаў з’явіліся больш радыкальныя ідэі – ліквідацыя прыгоннага права, увядзенне канстытуцыйнага кіравання, права народаў на незалежнасць. Вакол сябе філаматы ствараюць некалькі легальных і паўлегальных студэнцкіх гурткоў. Сярод іх – “Таварыства прамяністых” і “Саюз літаратараў”. У Свіслацкай гімназіі ў1819 г.узнікла “Таварыства аматараў навук,якое прапагандавала ідэі волі і роўнасці.Увогуле на працягу 1817–1823гг. у Каралеўстве Польскім і заходніх губернях Расіі існавала каля 50 тайных згуртаванняў студэнцкай моладзі.

У канцы 1820 г. у піярскім вучылішчы Полацка філаматы заснавалі тайную арганізацыю філарэтаў (аматараў дабрачыннасці). Галоўнай мэтай філарэтаў было аднаўленне Рэчы Паспалітай і адмена прыгоннага права. Члены таварыства займаліся вывучэннем беларуска-літоўскага краю, яго гісторыі, фальклору, побыту насельніцтва. Аднак уладам стала вядома аб існаванні тайных студэнцкіх арганізацый. Дзевяць філарэтаў і адзінаццаць філаматаў, у тым ліку А.Міцкевіч, Т.Зан, І.Дамейка,былі высланы ва ўнутраныя губерні Расіі. Ад працы ўВіленскім універсітэце быліадхілены выкладчыкі І.Лялевель, І.Даніловіч, М.Баброўскі. Рэктар універсітэта Ю. Твардоўскі і папячыцель Віленскай навучальнай акругі А. Чартарыйскі звольнены са сваіх пасад.

Улічваючы, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, у 1824 – 1825 гг. урад прымае меры па наглядзе за навучэнцамі. Чыноўнікі павінны былі даваць падпіску аб непрыналежнасці студэнтаў і настаўнікаў да тайных суполак. Указ Аляксандра І забараняў жыхарам Беларусі і Літвы адпраўляць дзяцей на вучобу ў Гейдэльбергскі, Іенскі, Гесенскі і Вюртэмбергскі універсітэты.

У пачатку 20-х гг. XIX ст. у Беларусі атрымалі распаўсюджанне ідэі рускіх дваранскіх рэвалюцыянераў-дзекабрыстаў. Гэтаму паспрыяў перавод у Беларусь гвардзейскіх часцей пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў Пецярбургу ў 1820 г., дзе праходзілі службу будучыя дзекабрысты А.А. Бястужаў, М.С. Лунін, А.І. Адоеўскі, К.Ф. Рылееў і інш. Адзін з кіpaўнікоў “Паўночнага таварыства” М.М. Mypaўёў, знаходзячыся ў Мінску, напісаў у 1821 г. першы варыянт сваёй “Канстытуцыі”. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст І.І. Гарбачэўскі, сябра “Таварыства з’яднаных славян”,. Шмат афіцэраў-дзекабрыстаў служыла ў Бабруйскай крэпасці (сярод іх былі С.І. Мураўёў-Апостал і М.П. Бястужаў-Румін). З іх удзелам распрацоўваўся план арышту Аляксандра І у Бабруйску падчас агляду войск у 1823 г. Гэта павінна было даць штуршок дзяржаўнаму перавароту ў Расіі. Але план не ажыццявіўся.

Дзекабрысты падтрымлівалі сувязь з польскім “Патрыятычным таварыствам”. У 1824 – 1825 гг. паміж “Патрыятычным таварыствам” і “Паўднёвым таварыствам” дзекабрыстаў адбыліся перамовы аб будучыні Польшчы. Абавязковай умовай саюза с рускімі рэвалюцыянерамі “Патрыятычнае таварыства” лічыла прызнанне незалежнасці Польшчы і ўключэнне ў яе склад беларускіх, літоўскіх і часткі ўкраінскіх зямель. Кіраўнік “Паўднёвага таварыства” П.І. Песцель згаджаўся перадаць палякам заходнюю частку беларускіх зямель, аднак лідэры “Паўночнага таварыства” М.М. Mypaўёў і К.Ф. Рылееў былі супраць. Пытанне аб самастойным развіцці Беларусі не ўздымалася.

У Магілёве ў 1825 – 1826 гг. існавала ўправа Паўночнага таварыства, якую арганізавалі ад’ютанты галоўнакамандуючага 1-й арміі У.А. Мусін-Пушкін і П.П. Цітов па ініцыятыве М.М. Нарышкіна. У Гродзенскай губерні дзейнічалі дзве тайныя арганізацыі дзекабрыстаў – “Таварыства сяброў” (1822 – 1826 гг.) і “Таварыства ваенных сяброў” (1825 – 1826 гг.). Апошняя 24 снежня 1825 г. пад кіраўніцтвам К.Г. Ігельстрома і А.І. Вягеліна падняла паўстанне Літоўскага піянернага (сапёрнага) батальёна. У пачатку лютага 1826 г. спрабаваў падняць паўстанне ў Бабруйскай крэпасці С.П. Трусаў.

Дзекабрысцкі рух быў разгромлены. Следства і суд над дзекабрыстамі ажыццяўляліся таксама і на тэрыторыі Беларусі – у Магілёве і Беластоку. Бабруйская крэпасць стала “турмой на Бярэзіне” для 20 дзекабрыстаў (сярод іх – І.Р. Бурцоў, В.С. Нораў, С.П. Трусаў).

Разгром дзекабрыстаў у Расіі прывёў да росту апазіцыйнага руху ў Каралеўстве Польскім. Ідэі ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя, якія існавалі ў польскіх тайных таварыствах, знаходзілі водгук і сярод студэнцкай моладзі Віленскага універсітэта.

Паўстанне 1830  1831 гг. Набліжэнне паўстання ў Каралеўстве Польскім паскорылі рэвалюцыя ў Францыі, нацыянальна-вызваленчыя рухі ў Бельгіі і Італіі. У ноч на 29 лістапада 1830 г. пачалося паўстанне ў Варшаве. Галоўнымі прычынамі паўстання сталі незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай і парушэнне расійскім урадам польскай Канстытуцыі 1815 г. За кіраўніцтва паўстаннем разгарнулася барацьба паміж рэвалюцыйна-дэмакратычным (адноўленае “Патрыятычнае таварыства”) і арыстакратычным (узначальваў князь А. Чартарыйскі) лагерамі. Улада апынулася ў руках польскіх арыстакратаў. Абапіраючыся на армію Каралеўства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін, яны імкнуліся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Праблему нацыянальнага вызначэння беларускага народа не ўздымалі ні правыя, ні левыя – Беларусь разглядалася як частка незалежнай Польшчы.

Расійскі ўрад імкнуўся не дапусціць пашырэння паўстання на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны. Тут у снежні 1830 г. было ўведзена ваеннае становішча. На гэтых тэрыторыях павялічвалася колькасць войска. На маёнткі памешчыкаў, якія з’ехалі ў Каралеўства Польскае, быў накладзены арышт, звольнены многія з мясцовых чыноўнікаў. Тым не менш у пачатку красавіка 1831 г. паўстанне дасягнула Літвы і Паўночна-Заходняй Беларусі, ахапіўшы Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісненскі і Вілейскі паветы. У Літве і Беларусі паўстанне вызначалася стыхійнасцю, нягледзячы на тое, што ў студзені 1831 г. пры падтрымцы эмісараў з Варшавы і быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. Камітэт распрацаваў план паўстання, згодна з якім для падрыхтоўкі паўстання на месцах было вырашана стварыць тайныя павятовыя паўстанцкія камітэты. У лютым 1831 г. Цэнтральны камітэт сабраў у Вільні прадстаўнікоў павятовых камітэтаў. Пачаць паўстанне было вырашана з Віленскай губерні, дзе знаходзілася невялікая колькасць расійскіх войск.

У канцы сакавіка 1831 г. пачалося паўстанне ў Літве і Заходняй Беларусі. Віленскі цэнтральны камітэт не здолеў кантраляваць ход гэтага паўстання. У кожным павеце быў створаны свой павятовы ўрад, які ўзначальвалі мясцовыя памешчыкі. Урад кожнага павета пры дапамозе каталіцкага духавенства прыводзіў насельніцтва да прысягі, аб’яўляў рэкруцкі набор у войска, выдаваў розныя звароты да насельніцтва. З-за вузкіх палітычных мэтаў паўстанне не атрымала значнай падтрымкі насельніцтва. Большасць удзельнікаў паўстання складалі шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі, каталіцкае і ўніяцкае духавенства. Сялян і мяшчан мабілізоўваліся ў паўстанцкія атрады пад прымусам, таму што ваяваць без вырашэння сваіх сацыяльных праблем яны не былі зацікаўлены. Увогуле ў Беларусі і Літве ў паўстанні прымалі ўдзел каля 10 тыс. чалавек.

У красавіку паўстанне ахапіла ўсю Віленскую губерню, але сувязь паміж паветамі была перарвана. У Беларусі і Літве было арганізавана каля трыццаці партызанскіх атрадаў, якія налічвалі 12 тыс. чалавек. Найбольш буйнымі былі атрады пад кіраўніцтвам С. Радзішэўскага ў Вілейскім павеце (3,3 тыс. чалавек), В. Брахоцкага ў Дзісненскім павеце (3 тыс. чалавек), К. Пшаздзецкага ў Ашмяскім павеце (2,5 тыс. чалавек), Ю. Кашыца і М. Мяржэўскага ў Навагрудскім (1 тыс. чалавек). Віленскі Цэнтральны камітэт вырашыў пачаць падрыхтоўку да захопу Вільні і стварыць аб’яднанае войска. Бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г. стала кульмінацыяй паўстання. Аб’яднаныя паўстанцкія сілы краю разам з прысланым на дапамогу польскім корпусам (12 тыс. чалавек) не змаглі дасягнуць перамогі над расійскім войскам.

На пачатку жніўня1831 г. у Беларусі і Літве паўстанне было падаўлена, баі ў Польшчы працягваліся да кастрычніка 1831 г.. Указам ад 6 мая 1831 г. былі выдзелены тры разрады “злачынцаў”: да першага адносілі кіраўнікоў, да другога – тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, да трэцяга – усіх іншых. Сялянам, якія вярталіся да свайго памешчыка, давалася дараванне. Маёнткі абвінавачаных падлягалі секвестру і пераходзілі ў дзяржаўны фонд. Сваіх маёнткаў пазбавіліся буйныя магнаты – Агінскія, Плятэры, Радзівілы, Сапегі, Чартарыйскія і інш. Ад секвестру пазбаўляліся тыя, хто сам з’явіўся на працягу месяца пасля публікацыі ўказа і пакаяўся або даказаў, што яго прымусілі далучыцца да паўстання. Увогуле да следства за ўдзел у паўстанні ў беларуска-літоўскіх губернях было прыцягнута 2 878 чалавек.

Але і пасля падзей 1830 – 1831 гг. рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі і Літве не спыніўся. У 1835 – 1838 гг. польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі паспрабаваў аб’яднаць апазіцыйныя сілы Беларусі, Літвы і Украіны ў адну арганізацыю “Садружнасць польскага народа”. Да яе пачалі далучацца ўсе тайныя таварыствы, якія існавалі на гэтых землях. Найбольш радыкальнай у Беларусі і Літве тайнай суполкай было Дэмакратычнае таварыства, створанае Ф. Савічам у 1836 г. пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. Статут арганізацыі – “Прынцыпы дэмакратызму”, напісаны Ф. Савічам, абвяшчаў ідэю сацыяльнай справядлівасці, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць, патрабаваў вызвалення сялян з зямлёй ад прыгону. У 1838 г. нелегальныя арганізацыі былі выкрыты, Ш. Канарскі і Ф. Савіч арыштаваны. Па прыгавору суда Ш. Канарскага расстралялі, а Ф. Савіча выслалі ў салдаты на Каўказ.

У 1846 – 1849 гг. у шэрагу гарадоў Беларусі і Літвы дзейнічалі суполкі тайнай арганізацыі разначыннай рэвалюцыйна-дэмакратычнай моладзі “Саюз свабодных братоў”. Сваімі задачамі “Саюз” ставіў звяржэнне самадзяржаўя, ажыццяўленне дэмакратычных пераўтварэнняў у Расіі і Польшчы, стварэнне незалежнай Польскай дэмакратычнай рэспублікі.

Соседние файлы в папке Istorya_Belorussi_EVMKD_GBel_integr